nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Адкладзена чарговая акцыя па зьнішчэньні нашай дзяржавы. Чаму ж мы ня скачам ад радасьці? (Д пр-п 109)

снежань 5, 2008 | Каментары (1)

��ка � ��двед.JPG

Запланаванае на 1 сьнежня паседжаньне Вышэйшай дзяржрады г.зв. “Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі” было адменена. Візіт у Маскву Лукашэнкі не адбыўся. Мы вырашылі ўдакладніць, што адбылося (інфармацыя была ўзята з шэрагу сайтаў, якія пададзены ніжэй), і выказаць сваё меркаваньне. 

Рэдакцыя.

 

1.

Паводле  grani.ru/Politics/Russia/m.144728.html

“Як перадала расейскае выданьне “Камерсант”, інфармацыю пра перанос паседжаньня на няпэўны тэрмін пацьвердзілі ў адміністрацыі расейскага прэзідэнта, у расейскім МЗСе, а таксама ў апараце дзяржсакратара “Саюзнай дзяржавы” Паўла Барадзіна. Па словах прэсавага сакратара апошняга [як бачыце, у Барадзіна нават прэсавы сакратар ужо ёсьць; якая важная персона гэты Пал Палыч… – Рэд.], “адзін з бакоў запрапанаваў для разгляду шэраг істотных пытаньняў, якія патрабуюць дадатковага ўзгадненьня і перанясеньня даты дзяржрады”. Крыніца выданьня ў Крамлі лаканіча заявіла: “Нічога ня будзе. Ні дзяржрады, ні візіту”.

Падпісаньне расейска-беларускага пагадненьня аб аб’яднаньні сістэм СПА двух бакоў, якое прызначалася на панядзелак, таксама адкладзена. “Гэта беспрэцэдэнтна. Такога яшчэ не было”, – паскардзіўся адзін з удзельнікаў падрыхтоўкі адмененага паседжаньня.

Меркавалася, што ў парадак працы паседжаньня дзяржрады будуць улучаны такія прынцыповыя пытаньні, як прыняцьце канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы і пераход дзьвюх краін на адзіны плацёжны сродак [напэўна, маюцца на ўвазе расейскія драўляныя. – Рэд.]. Неназва́ная крыніца ў Крамлі падкрэсьліла, што Масква гатовая правесьці паседжаньне ў любы час [яшчэ б, такія прыемныя справы для любога імпераста чакаліся. – Рэд.], “але пры ўмове, што на ім будуць прынятыя канкрэтныя рашэньні”, паколькі “дзяржрада дзеля дзяржрады нікому не патрэбная”.  

Паседжаньне дзяржрады Расеі й Беларусі зрываецца ўжо другі раз за апошні час. Яно павінна было адбыцца 3 лістапада, але пасьля сустрэчы прэзідэнтаў Расеі ды Беларусі 25 кастрычніка прэсавая служба Крамля паведаміла пра перанос мерапрыемства на пачатак сьнежня. Прычына гэтага рашэньня тады не называлася.

“Камерсант” адзначае, што перанос мог быць абумоўлены зацягваньнем пытаньня аб прызнаньні Менскам Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі. Па інфармацыі газеты, рашэньне аб выдзяленьні Беларусі двухмільярднага крэдыта прымалася ў тым ліку пад абяцаньне Лукашэнкі прызнаць дзьве каўказскія рэспублікі. Аднак пасьля перадачы паловы сумы прызнаньня не наступіла.

Масква аднаасобна прызнала незалежнасьць дзьвюх самаабвешчаных рэспублік пасьля заканчэньня жнівеньскай вайны ў Грузіі. Акрамя Расеі, дзяржаўную самастойнасьць сёньня не прызнае ніводная дзяржава сьвету. Нікарагуа і Самалі, якія першапачаткова выступілі ў падтрымку аддзяленьня рэспублік ад Грузіі, пазьней дэ-факта адмовіліся ад сваіх заяваў. Лукашэнка ад прызнаньня Абхазіі й Паўднёвай Асеціі й раней неаднаразова ўхіляўся”.

 

Паводле    http://www.polit.ru/news/2008/12/01/unity.html

“Напярэдадні планаванага паседжаньня і ў Расеі, і ў Беларусі намякалі, што яно стане “пераломным у гісторыі Саюзнай дзяржавы”. Аднак у канцы мінулага тыдня Лукашэнка выказаў незадавальненьне, што з-за адсутнасьці канстытуцыйнага акта не вырашаюцца многія пытаньні разьвіцьця Саюзнай дзяржавы. Зь яго словаў, той праект, які прапануе расейскі бок, “нашмат слабей за дамову аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, якая дзейнічае цяпер”.

У адказ на словы Лукашэнкі ў Маскве заявілі [невядома хто. – Рэд.], што гэта “чарговая хлусьня, з дапамогай якой ня ў першы раз спрабуюць падмяніць рэальны перамоўны працэс. Расея ня раз пацьвярджала сваё жаданьне паглыбіць інтэграцыю [па-простаму, зьдзейсьніць анэксію, выкарыстаўшы Лу-ку. – Рэд.], але беларускі бок насустрач ня йшоў”. 

Яшчэ год таму ў апараце Барадзіна было падрыхтавана тры варыянты канстытуцыйнага акту. У адпаведнасьці з двума праектамі, кіраўнік Саюзнай дзяржавы завецца прэзідэнтам, а ў трэцім – галавой найвышэйшай дзяржрады. Пры гэтым у першым варыянце акта гаворыцца, што пасаду прэзідэнта саюзу займае прэзідэнт РФ, пры якім віцэ-прэзідэнтам знаходзіцца беларускі лідар. У другім прапануецца, каб адзінага прэзідэнта абралі расейскі й беларускі народы на аснове ўсеагульнага прамога галасаваньня, а пасады віцэ-прэзідэнтаў займуць кіраўнікі РФ і РБ у адпаведнасьці з пасадамі. У трэцім прапануецца, каб цэнтральным органам улады стала вышэйшая дзяржрада, у якую ўвойдуць кіраўнікі дзяржаў, урадаў і парламентаў РФ і РБ”.

    

Паводле     http://www.svaboda.org/content/Article/1354925.html

“Сарвалася заплянаванае на сёньня пасяджэньне вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі. Сытуацыю пракамэнтавалі ў мэдыях абедзьвюх краін ананімныя крыніцы ў кіраўніцтве, кожная зь якіх абвінаваціла другі бок у хлусьні.

Крыніца ў найбліжэйшым Лукашэнкавым атачэньні адзначыла, што афіцыйны Менск “занепакоены “хістаньнем” расейскага боку ў пытаньні разьвіцьця саюзнай краіны”. Маўляў, беларускі бок прапанаваў пашырыць рутынны парадак дня праектамі рашэньняў у палітычнай, эканамічнай і вайсковай сфэрах. Але Крэмль адмовіўся абмяркоўваць гэта на пасяджэньні дзяржсавету і прапанаваў разгляд у закрытым фармаце. Беларускі бок быў гатовы й на гэта. Аднак у апошні момант Крэмль адмовіўся і пагадзіўся толькі на рутыну.

Паводле расейскіх мэдыяў, раздражненьне Лукашэнкі было выклікана праектам Канстытуцыйнага акту, у якім кіраўніку Беларусі адводзіцца пасада віцэ-прэзыдэнта. Дэпутат Дзярждумы Расеі, палітоляг Сяргей Маркаў вінаваціць абодва бакі: “Крыху большым каменем спатыкненьня выступае Аляксандар Лукашэнка. З другога боку, праблема ў тым, што мы ТАК І НЕ ЗНАЙШЛІ ДЛЯ ЯГО МЕСЦА”.


Паводле  http://www.svaboda.org/content/Transcript/1355070.html

У перадачы “Экспэртыза Свабоды” прымаюць удзел карэспандэнт Віталь Цыганкоў, палітоляг зь Менску Віталь Сіліцкі, з Масквы — дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Кірыл Коктыш.

Цыганкоў: “Што стала галоўнай прычынай зрыву сустрэчы, што прывяло да гэтай скандальнай сытуацыі?”

Коктыш: “Як мне здаецца, беларускі бок не назваў сваімі імёнамі тыя праблемы, якія варта вырашыць. Гэта пытаньне ўмоваў, на якіх можна атрымаць далейшую частку расейскага крэдыту. Беларускі бок у падрыхтоўцы сустрэчы зноў імкнуўся палітызаваць гэтыя пытаньні, ператварыць у гандаль прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Канстытуцыйны Акт і магчымае ўвядзеньне адзінай валюты. Карацей, увесь “джэнтэльмэнскі набор“, які звычайна і прапаноўваецца Менскам. Гэтым разам гэта не спрацавала…”

Цыганкоў: “Абодва бакі звыкла абвінавачваюць адзін аднаго ў нежаданьні ісьці на рэальныя крокі. Каму зараз больш патрэбная інтэграцыйная ідэя — калі яна яшчэ камусьці патрэбная?”

Коктыш: “Пытаньне ў тым, што разумець пад інтэграцыяй. Дагэтуль разуменьне гэтага працэсу з абодвух бакоў было вельмі розным. Беларусь разумее пад інтэграцыяй нейкае палітычнае адзінства, найперш на ўзроўні рыторыкі, а Расея — агульную эканамічную супольнасьць. Гэта розныя бачаньні, і іх вельмі цяжка сумясьціць”.

Цыганкоў: “Дзе тыя галоўныя пункты сутыкненьня, якія прывялі да скандальнай сытуацыі?”

Сіліцкі: “Галоўным пунктам стала тое, што ад Лукашэнкі запатрабавалі вызначыцца. Тут размова ня толькі пра адзіную валюту, але і пра ўвесь комплекс таго, што гарантавала б поўнае падпарадкаваньне Беларусі, у тым ліку і Канстытуцыйны Акт. Але Менск зацягваў прыняцьцё ключавых рашэньняў, бо ніколі і ня думаў вызначацца па іх”.

Цыганкоў: “Словы пра пахаваньне саюзнай дзяржавы гучаць даўно — кожная сутычка кіраўнікоў Расеі і Беларусі давала для гэтага падставы. Але ці ёсьць сёньня больш, чым раней, падставаў казаць пра тое, што гэты праект перажывае ня лепшыя часы?”

Коктыш: “Гульня ідзе за тое, які бок першым пачне дэмантаваць саюзныя дамоўленасьці. Варта адзначыць, што ўсе палітычныя праекты прапаноўваў заўжды Менск — ён імкнуўся імі гандляваць у абмен на атрыманьне рэсурсаў. Расея ж прапаноўвала пераважна эканамічную інтэграцыю. Але браць на сябе адказнасьць дэнансаваць саюзную дамоўленасьць ніхто ня важыцца”.

Цыганкоў: “Чаму цяперашняя сытуацыя зь вялацякучай інтэграцыяй ня можа працягвацца і далей?”

Сіліцкі: “Пагаджуся са спадаром Коктышам, што палітычныя праекты вылучаў беларускі бок, але нагадаю, што прапанова аб уваходзе Беларусі ў склад Расеі прагучала ў 2002 годзе з вуснаў Пуціна. Безумоўна, што гэты фантом, які прыдумалі Лукашэнка і Ельцын, Расеі замінаў, але існаваў, бо разглядаўся ў Крамлі як нейкая стадыя на шляху падпарадкаваньня і паглынаньня Беларусі.

Гэтае вар’яцтва “саюзнай дзяржавы” трэба разабраць і замяніць яго нармальнымі цывілізаванымі адносінамі. Нічога страшнага ня здарыцца пасьля скасаваньня саюзнай дзяржавы. Адносіны Беларусі і Расеі вельмі грунтоўна інстытуцыяналізаваныя, падпісана шмат дамоваў ва ўсіх галінах жыцьця. Таму, калі зносіцца канструкцыя “саюзнай дзяржавы”, — ніякай рэвалюцыі не адбываецца, ёсьць рамкі для цывілізаванага існаваньня па ўсіх кірунках”.

 

2.

Ад рэдакцыі:

Што сказаць пра ўсё гэта?

Калі казаць рацыянальна, холадна, дык галоўнае, на што зноў варта зьвярнуць увагу, што ніхто (ні ў Расеі, ні ў цяперскай уладзе РБ, ні ў АДС) ня лічыцца з аб’ектыўнымі інтарэсамі беларускага народу. А, між тым, уласная дзяржава – гэта наша найвялікшая каштоўнасьць. Безь яе нам – беларусам – у сёньняшнім сьвеце, дый, відаць, у бліжэйшыя стагоддзі ў сьвеце будучым проста ня выжыць.

Аднак ніхто пра наш лёс нават ня ўзгадвае… Зьвярніце ўвагу на гэта, беларусы, і запомніце…

Больш за тое, мы ня схільныя ігнараваць тую пастку, якая ўжо падрыхтаваная крэмлядзямі. Вось яе дадатковыя элементы (у дадатак да тых, якія існуюць), якія выпнуліся з-пад зачыненых дзьвярэй з-за скандалу: адзіная валюта (натуральна, расейскі рубель), эканамічная інтэграцыя, адзіная тэрыторыя абароны, канстытуцыйны акт, агульнае абраньне адзінага прэзідэнта ці стварэньне адзінага кіраўнічага органу. У дадатак да фактычна адзінай інфармацыйна-прапагандысцкай прасторы і фатычна адзінай рускай мовы, адзінай рускай праваслаўнай царквы, адзінай мытнай прасторы і г.д., якія сёньня ўжо існуюць, гэта азначала б усё – поўную і канчатковую анэксію, канец беларускай дзяржаўнасьці на дадзеным вітку гісторыі. 

Дык вось, многія кажуць: Лу-ка выкруціцца, яму ніякая палітычная інтэграцыя з Расеяй не патрэбная, бо ён дакладна ведае, што страціць уладу, а затым і жыцьцё…

Але вось у чым справа. Пастка ж падрыхтаваная. А раптам з Лукой што-небудзь здарыцца? Напрыклад, інсульт, як у Сталіна ці Карпенкі. Сардэчны прыступ, як у  Патаркацышвілі. Атруціцца газам, як Жванія, ці гарбатай, як Літвіненка. Зьнікне, як Захаранка ці Ганчар… Дый ці мала чаго? Акрамя таго, мы ж ня ведаем, пра што Лу-ка з Пуціным ды Мядзьведзевым дамовіліся на самой справе. А, можа, яны, каб не раздражняць міжнародную супольнасьць, зьдзяйсьняюць паглынаньне па вельмі паступовай сьхеме па пранцыпе: крок назад, паўтара наперад?

Паглядзіце, шлях па анэксіі Беларусі Расеяй за 14 гадоў “інтэграцыі” пройдзены гіганцкі. Фактычна пройдзена палова!

У сувязі з імкненьнем да аб’ектыўнага бачаньня рэчаіснасьці, мы, у адрозьненьне ад розных палітолагаў, па-першае, не сьпяшаемся сьпісваць з рахунку і забывацца пра анэксію Беларусі Расеяй па тэхналогіі “Саюзная дзяржава”. А, па-другое, нас, як, напэўна, і ўсіх нармальных беларусаў-літвінаў, раздражняе рэгулярнае цёганьне за нервы. Сітуацыя выглядае так, нібы мы, як мышы, сядзім у стозе саломы, а да яго перыядычна падбіраецца зьлёгку дэбілаваты вясковы хлопчык-піраман і чыркае запалкамі, каб падпаліць. І толькі нейкая недарэчнасьць – то вецер, то дождж, то вільготнасьць запалак – кожны раз перашкаджае яму падпаліць наш “стог”. Але спрыяньне ня можа быць бясконцым. Урэшце пастка можа зачыніцца, салома можа запаліцца…    

У сувязі з усім пералічаным, мы яшчэ раз нагадваем усім цяперцам, што спробы гуляцца ў зьнішчэньне беларускай дзяржавы ёсьць найвялікшым злачынствам супраць беларускага народу! Гэта у сваю чаргу азначае, што калі да ўлады ў Беларусі прыйдуць сапраўдныя беларускія дэмакраты, усе непасрэдна вінаватыя ў дадзеным злачынстве будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Фіксуем гэта, як чарговы прынцып нашай дактрыны (Д пр-п 109).

Панове-цяперцы, як мага хутчэй (і назаўсёды) спыняйце гэтыя гульні. Шчыра вам раім…

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Дзякуй за інфармацыю, але як можна каментаваць гульню ідыётаў з агнём?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы