Яўген Бяласін
Гэты артыкул асабліва прыемна чытаць на фоне папярэдняга. Рэдакцыя.
Час існуе таксама і для таго, каб прааналізаваць, ці правільна яго выкарыстоўваў, ці на тых людзей яго аддаваў, ці прайшоў міма нейкіх кантактаў, якія ня сьлед было мінаць. Сустрэў нядаўна акурат такі сьлед, сьлед таго, што як мадэль было б правільным з боку дэмакратычнай Эўропы на пачатку 1990-х. Прынамсі, не было б чорнай дзіры, якая ўтварылася тут, у Беларусі, бо дэмакратычныя сілы склаліся без унутраных рэсурсаў, як домік з даміно.
У Нямеччыне існуе каля 1000 грамадзянскіх ініцыятываў, якія дэкляруюць кантакты зь беларусамі. Зь іх больш за палову перайшлі ў пасыўны, чыста фармальны стан. Людзі пастарэлі, паўміралі, альбо проста цікавасьць згасла, а найчасьцей і тое, і другое разам. Але ж і працягваюць існаваць сотні!
Дык вось, у адной зь іх, “Дамы́ замест Чарнобылю” называецца, няйначай умерана багаты рамесьнік-цясьляр Людвіг Брюгман з-пад Эрфурту – гл. фота ўверсе – (усходнік аднак, зноў-такі зь бяднейшых) браў да сябе ў навучаньне маладых беларусаў, на шэсьць месяцаў. За свой кошт. У сваю майстэрню. І, здаецца, даваў нешта на разгон бізнэсу. Што пры нашым раней дваццацікротным, а цяпер пятнаццацікротным парозе ў матэрыяльных вымярэнньнях невялікая для Нямеччыны сума. У іх сто эўра, як у нас тысяча. У іх гэта пяць-дзесяць адсоткаў штомесячнага даходу, у нас можа быць і палова.
Цяпер выйшла ў Беларусі што? Тыя, хто дзесяцігодзьдзямі змагаўся на барыкадах за дэмакратыю, якая карэлюецца як-ніяк з багацьцем, – яны калі не спадобіліся скрасьці з грантаў, дык у гаротным матэрыяльным стане, і няважна, кіраўнікі гэта альбо шэрагоўцы дэмсуполак гэтых [тут ёсьць адзін нюанс: у найбольшым проігрышы за дзесяцігоддзі змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі апынуліся шчырыя сумленныя беларусы, прычым, ня толькі таму, што шчырыя ды сумленныя, а і таму, што беларусы… – Рэд.].
Больш хітрыя з чалавекаў дык проста, сьведама ня лезучы “пад кулі”, набраліся матэрыі, як жаба мулу, і цяпер перастравоўваюць мул свой гэты па норах. Пераводзяць нахапанае на хваробы бруха, сэрца і духу.
Хітрыя і подлыя далучыліся да такой сама з моманту перакуленьня ўлады і спалучылі ўдары па “опах” ды па невялікай колькасьці бізнэсоўцаў, якія давалі гэтым першым нейкія грошы невялічкія, з “хруканьнем ля карыта” іхняй ужо цалкам дзяржавы, іхніх палёў, лясоў і рэк.
Просты цясьляр Брюгман даў мадэль, якая не зьяўляецца грантавай (у сэнсе чыста ўтрымальнай). Гэтая мадэль дазваляе выжываць і ствараць гарызантальныя структуры. Тэхнічныя дэталі можна абмяркоўваць, але калі б была ўключаная адразу яна, а не механізм грантаў, які зручны тым, што дае магчымасьць поўнага кантролю над рэцыпіентам і яго кіраванасьці надалей, але не дае шансу на выжываньне дэмакратыі ў такой сістэмнасьці, якая разьвілася ў Беларусі, – пагадзіцеся, прабіць чорную дзіру прыхільнікам фюрэра было б амаль немагчыма.
На Захадзе ёсьць тэрмін такі для краін Трэцяга сьвету, напоўнены чыста эканамічным зьместам: sustainable development. Устойлівае разьвіцьцё. Дык вось і дэмакратычны сэгмент у посттаталітарнай Беларусі трэба (было) падтрымаць у гэтым духу.
Грантавая мадэль імгненна забалоціла дэмакратычны сэгмент і перакуліла гэтае загнілае балота. Да кіраваньня паперлі і кіраваць сталі тыя, хто атрымаў грант. Патапталіся па маральных аўтарытэтах, прынізілі іх. Адначасова ўзвышаныя апынуліся паводле крытэраў суб’ектыўных і ненатуральных “каліфы на час”. І – замест сьветлага сэгменту, заплаткі здаровай скуры дзеля таго, каб зарасло спаленае татальным камунізмам цела народу, атрымалі яшчэ адну гнілую пляму гангрэны [мы ў рэдакцыі лічым, што прычыны і наступствы ў названай зьяве зьвязаны трохі ня так: мы лічым, што такія паводзіны заходнікаў-грантадаўцаў – гэта ня іх памылка, а іх наўмысныя дзеяньні – той вынік, да якога яны ішлі; паглядзіце ўважлівей, створаная небеларуская, недэмакратычная афіцыйная апазіцыя ўжо даўно вельмі добра ўпісана ва ўсю сістэму іншых сігналаў-чыньнікаў (ідэалагічных, эканамічных, палітычных), якія ідуць з “Захаду”. – Рэд.].
Ну, ды гэта тэма, вартая асобнага разгляду. А я вярнуся да простых і падставова здаровых людзей.
Просты цясьляр Брюгман, спадарове, а не глямурныя заходнія палітыкі… Іхняе “дасягненьне” – глядзі абзацам вышэй. Менавіта таму я і прапанаваў надаць Людвігу Брюгману годнасьць Сябра Беларускага Народу.
На здымках унізе: Немцы з суполкі “Heim-statt Charnobyl” пабудавалі для перасяленцаў з радыёактыўнай зоны і супольна зь імі больш за паўсотні дамоў. Вось такіх, як ля Занарачы. На грошы спонсараў і беларускай дзяржавы пастаўлена 2 ветраэлектрастанцыі, самыя першыя ў Беларусі. Пабудаваная вытворчасьць па вырабу трысьняговых матаў для сьцен дамоў. Маты экспартуюць за мяжу.
Ад рэдакцыі:
Абапіраючыся на рэкамендацыі шаноўнага сп-ра Яўгена Бяласіна, з задавальненьнем уносім пана Людвіга Брюгмана – рамесьніка-цесьляра з-пад Эрфурту – у сьпіс сяброў беларускага народу (гл. https://nashaziamlia.org/2006/10/14/343/).
Сапраўды гранты нанеслі больш шкоды, чым карысці для беларускага народа. Гэтая палітыка прывяла сёння да таго, што Еўропа ужо ўхваляе дыктатара. За столькі гадоў існавання АГП не перайшла на беларускую мову, на старонкі “незалежнай прэсы” не дапускаюцца такія аналітыкі, якія працуюць на гэтым сайце. Пакажыце мне нейкае СМІ, якое б так расказала пра аферыстаў-карпаратыўнікаў, якія праз МВФ распранаюць і разуваюць цэлыя краіны. Гэтая міжнародная мафія ужо ўзяла ў абработку шклоўскага венцаноснага дурня з яго калгасным (лічыце з пячорным) апаратам улады. Нацыя проста знішчаецца з твару зямлі, а грантасосы занятыя толькі тым, як здабыць гэтыя гранты, пры гэтым толькі кажучы пра адраджэнне. Гэта нішто іншае, як здрада беларускаму народу, як продаж яго за капейкі. Людзі не кепска уладкаваліся ў жыцці, фактычна нічога не робяць для перамогі і толькі языком ганяюць вецер. Хто з такімі будзе размаўляць сур’ёзна? Для любога аферыста гэтага находка, клад. Можна, без асаблівых затрат здабыць цэлую краіну, знішчыць на сваім шляху цэлую культуру, яшчэ адну мову. Здраднікі пры крымінальнай уладзе і здраднікі-грантасосы з поспехам працуюць ў гэтым накірунку. І на якой аснове яны прадстаўляюць беларускі народ, хто ім даў такое права? Яны могуць прадстаўляць толькі нейкую групу людзей (калі ў нейкай групе, называемай арганізацыяй, існуе фактычна 10 чалавек, то яны і прадстаўляюць 10 чалавек, а не народ). Лягчэй за ўсё атрымаць гранты ці крэдыты і гандляваць краінай. А што потым? Чаму ж ніхто не паказвае, што застаецца ў краіне, калі гэтую краіну раздзелі і разулі? Чаму ж такая крутая “Наша ніва” маўчыць пра гэта? Ці не хапае духу? Ці не выгадна? А можа потым не стане грантаў? Пра “Народную волю” я проста маўчу. А чаму не чуваць голасу нацыянальных патрыётаў на радыё “Свабода”? Ці гэтая радыёстанцыя ужо не з’яўляецца голасам беларускага народа? Хутчэй за ўсё яна з’яўляецца рупарам міжнародных карпарацый, якія аблізваюцца, гледзячы на Беларусь. Толькі адзінкі журналістаў, па асабістай ініцыятыве, працуюць, не шкадуючы сваіх сілаў і часу, на карысць беларускай справы. Усе бачаць, што беларускі народ (у тым ліку і кожны індывідульна) рухаюцца ў бездань, з якой не выбрацца потым (у лепшым выпадку будзе вельмі цяжка выбрацца) і не бачна дзеянняў. Усе назіраюць і разважаюць, а самі ж ідуць на дно. Людзі, мы стаім на караблі, які тоне! Калі не ў стане нечага зрабіць, дык завіце на дапамогу (адкрывайце беларуска-моўныя сайты і пішыце аб тым, што бачыце)…
Няма ў беларускай мове “р” мяккага.
Я задаволіў бы пурыстаў, напісаўшы “Бругман”, але мяне НЕ задавальняе накідваньне штучных абмежаваньняў. Што, у беларуса моўны апарат ня можа вымавіць пасьля “р” адразу “ю”? Абсурд нейкі. І калі вяртацца ў Эўропу, дык там ня кажуць а ні “кляса” (у ангельскай мове [kla:s], у нямецкай [klase]), а ні “Бругман”, калі ў арыгінале “Brügmann”.
Можаце лічыць маё напісаньне пастаноўкай пытаньня.
У беларуса сапраўды моўны апарат ня можа вымавіць пасьля “р” адразу “ю”. Таму і ўзнікаюць у трасянцы такія словы як “уРЭмя”, “саўРАмёны”, “саРАўнаваніе”…
Не зусім мне зразумела, што вы маеце на ўвазе калі гаворыце пра “вяртанне ў Эўропу”, але якая лагічная сувязь паміж “р” і гэтым “вяртаннем”???
Загадкай для мяне і як гэта з майго каментара вы залічылі мяне ў прыхільнікі класічнага правапісу.
Зноў жа, якое дачыненне мае кляс/клас да “р”???
(Да таго ж гэты прыклад няўдалы, бо слова “клас” ні англійскае, ні нямецкае. Яно лацінскае. А па-лацінску прынята чытаць менавіта які “ля”.)
Цікава па якіх крытэрах вы мяне аднеслі да пурыстаў??? Калі пісаць па правілах гэта пурызм, то гэта для мяне адкрыццё. Тым больш што зацвярдзелае “р” адносіцца да адной з асноўных асаблівасцей беларускай мовы і пра гэта напісана ў любым падручніку, гэта ведае кожны школьнік, гэта аднолькава адзначана як у савецкім так і ў класічным правапісе, які вы невядома нашто сюды прыплялі.
Вы, відаць, калі ў школе рабілі памылку, на заўвагу выкладчыка адказвалі – “мяне НЕ задавальняе накідваньне штучных абмежаваньняў”, хай гэта будзе новым правілам. Арыгінальна. Можа вы і па-нямецку па сваіх правілах пішаце, і гаворыце немцам, што да вас яны проста сябе абмяжоўвалі?
“там ня кажуць… “Бругман”, калі ў арыгінале “Brügmann””. У Расіі не гавораць Дастаеўскі. Дык што можа трэба нам пісаць Достоевскій? Што нам цяжка вымавіць гэтыя “о”, “в”,”й”? Можна ж навучыцца і французскім, ці польскім насавым гукам, цмокаючым гукам некаторых афрыканскіх плямёнаў ды ці мала яшчэ чаму? Толькі нашто?
“Можаце лічыць маё напісаньне пастаноўкай пытаньня.” Смеху варта.
Лепей перачытайце курс логікі. Думаю вам будзе з гэтага карысць.