Сёньня ў Белаазёрску памерла паэтка і перакладчыца Ніна Мацяш. Аўтарка каля дзясятка паэтычных кніг, перакладчыца “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры і твораў шмат каго зь іншых францускіх, бэльгійскіх, нямецкіх, польскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў, старшыня Берасьцейскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ён было 65 гадоў. Ніхто зь сябраў нашай рэдакцыі асабіста ня ведаў сп-ню Ніну, але гледзячы па тым, якія цёплыя словы гавораць пра яе нашы славутыя пісьменьнікі (гл. ніжэй; узята з www.svaboda.org), яна несумніўна вартая і нашага ўшанаваньня.
Рэдакцыя.
Уладзімір Арлоў.
“Пасьля дзяцінства я рэдка плакаў, але пачуўшы, што сьмерць забрала Ніну Мацяш, ня здолеў стрымаць сьлёз.
Мы былі знаёмыя і сябравалі вельмі даўно. Часам у нашых супольных замежных паездках даводзілася насіць Ніну на руках, бо не паўсюль можна было трапіць на яе інвалідным вазку. У гэтым вазку, кожны дзень змагаючыся са сваёй невылечнай хваробаю, Ніна была асуджаная правесьці большую частку жыцьця. Але яна ня толькі не зламалася, ня толькі зьдзейсьнілася, як цудоўная паэтка і перакладчыца – Ніна Мацяш зрабілася адным з бясспрэчных маральных аўтарытэтаў краіны.
Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Да Геніюш мы езьдзілі па духоўную падтрымку ў сямідзесятыя гады, да Ніны шмат хто прыяжджаў у наш час. У яе ня раз бываў і адзін зь нядаўніх кіраўнікоў Маладога Фронту Сяржук Бахун, зь якім мы ў гэтую восень зноў наведалі гасьцінную Нініну кватэру ў Белаазёрску і атрымалі там абяцаньне, што наступны раз будзем частавацца нейкай неверагодна смачнай гарбузовай кашай.
Я ведаю, што на мінулым тыдні да Ніны проста, каб яе ўбачыць, прыяжджаў незнаёмы берасьцейскі студэнт-гісторык. Я асабіста ведаю пару дзясяткаў людзей, якія сталі беларусамі, дзякуючы Ніне.
Ніна адной зь першых дацягнулася сваёй слабенькай рукой да тэлефону, каб пазваніць мне ў рэанімацыю пасьля маёй апэрацыі на сэрцы. Ёй ужо не дазвонісься, але яе голас працягвае гучаць у нашым беларускім космасе”.
Міхась Скобла.
“Я проста агаломшаны і не магу паверыць, што гэта сталася. Літаральна пазаўчора мы з Васілём Жуковічам і Алесем Камоцкім былі на Берасьцейшчыне, выступалі ў Бярозе і Белаазёрску. І ў Белаазёрскім электрамэханічным каледжы да нас далучылася Ніна Мацяш.
Была паўнюткая заля – землякі вельмі любяць, любілі ўжо, Ніну Мацяш. Яна натхнёна чытала пераклады з Рансара, зь Віславы Шымборскай, зь Ліны Кастэнка, з гумарам, дасьціпна адказвала на шматлікія пытаньні навучэнцаў каледжу.
Потым мы дапамаглі ёй даехаць да хаты. Там кожнаму з нас яна нешта падарыла. Даведаўшыся, што ў мяне няма кнігі Сэнт-Экзюперы ў яе перакладзе, яна надпісала мне гэты томік. Аўтограф заканчваецца гэткімі словамі: “Хай не расьсейваецца сьвятло нашага сумоўя!”
У маёй душы сьвятло Ніны Мацяш будзе жыць вечна, як будзе памятацца заўсёды яе геніяльны радок: “Але твая сьляза ў маю сьлязу глядзела”. Будуць жыць у душы яе вершы, яе пераклады. Ніна Мацяш увогуле – самы сьветлы чалавек, якога я ведаў у гэтым жыцьці”.
Паэт Анатоль Вярцінскі.
Сябраваў зь Нінай Мацяш ад самых першых яе крокаў у літаратуры і многія яе вершы ведае лепей за свае. Страта любімай паэткі і сяброўкі для яго адгукнулася асаблівым болем.
“Ніна Мацяш, Ніна Восіпаўна, Нінок ці, як яна сама называла — птушка, а для мяне — зорка Мацяшанатаў… Яе вершы — гэта напружаныя духоўныя намаганьні, гэта імкненьне пераадолець самоту, боль, неспакой. Неспакой за лёс сваіх блізкіх, лёс сваёй краіны. Яе вершы адначасова — гэта апяваньне. Апяваньне сябрыны, красы чалавека і хараства роднай прыроды. Яе вершы — гэта прызнаньне ў любові. У яе ёсьць цэлая кніжка вершаў-прысьвячэньняў, якая так і называецца “Я вас люблю”.
Мне ўспамінаецца яе верш, які вельмі часта прыходзіць мне ў голаў у самыя, часам нечаканыя, моманты. Асабліва тады, калі бывае сумна, бывае цяжка. Ён так і называецца — “Сябрыне”.
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсьць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.
Скруха — зашмаргай… Перарві.
Ёсьць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві –
Паратуе радня па духу.
Вось такой была яна, такой была яе паэзія“.