Алена К., жыхарка Гародні
Упершыню сярод шматлікіх публікацыяў сустрэла заўвагу пра тое, што цішыня неабходная для нармальнага функцыянавання чалавека ў грамадстве. І, сапраўды, даўно адзначаю, што высокі ўзровень шуму пагаршае маё самаадчуванне, выклікае раздражненне і стомленасць. Але для мяне было адкрыццём, што шум можа быць карысны нячыстай на руку ўладзе ў якасці “ачмуральнага” фактара для грамадства наогул і што ўлады могуць калі не ствараць зашумліванне адмыслова, дык, прынамсі, не запабягаць шматлікім шумавым забруджанням, якія ўзнікаюць стыхійна.
А, між тым, у нашым жыцці знойдзецца вельмі шмат штучных шумавых чыннікаў, якіх магло б і ня быць. Неапраўданы шум пераследуе нас днём і ўначы. Днём шум становіцца амаль звыклым, фонавым фактарам. Але ўвечары, пасля працы, калі стомленасць падвышае чуллівасць чалавека, шум моцна перашкаджае. І становіцца зусім невыносным, калі замінае засынанню і сну.
Прыкладна апоўначы ў спальным раёне, дзе я жыву, бывае, пачыюнаць раз’язджаць трактары-падмятальшчыкі: водбліскі фараў, непрыемны гучны шоргат, бразгат матора і воблакі пылу ў форткі. Ці можна спаць у такіх умовах?
Часта бывае, што сярод ночы ў раён жылых шматпавярховікаў заязджаюць аўта, якія аж трасуцца ад нізкіх гукавых хваляў папсы: умба – умба – умба. У такт пачынаюць трэсціся і шыбы вокнаў.
А калі, нарэшце, усё збольшага супакоіцца, пачынае быць чутнае манатоннае гудзенне вентылятараў (ці трансфарматараў, ці халадзільных установак) на нейкіх прадпрыемствах, што знаходзяцца адносна непадалёк. Калі хто мае праблемы са сном, пагодзіцца, што заснуць пад такі шум вельмі цяжка.
Калі ноччу ўсё ж такі здолелі паспаць, дык пад раніцу за гадзіну-дзьве да таго, як вы павіны ўставаць, амаль абавязкова вас што-небудзь разбудзіць. І вы пачнеце новы дзень у неадпачылым і раздражнёным стане.
Зранку пад вокнамі па 10-20 хвілін разаграваюцца маторы легкавікоў і мікрааўтобусаў. Тут яшчэ дадаецца выхлапны дым, які забіваецца ў форткі і атручвае паветра ў пакоях. Прачнешся, бяжыш закрываць фортку, але ўжо позна – увесь пакой напоўнены дымам. Бывае, што легкавік перад самым акном стартуе з ровам матора і візгатам шынаў. Ляжыш, дыхаеш гэтай атрутай, дыхаюць твае дзеці. І хочацца плакаць ад нямогласці: няўжо хутка трэба будзе спаць у адгазніках? Застаецца толькі праклінаць нахабнага кіроўцу : “А каб ты ўсё жыццё сам дыхаў такім паветрам!”
Проста невыносна бывае, калі ўлетку, пад час адпачынку, зранку, калі так хочацца і ёсць магчымасць паспаць даўжэй, пачынаецца кашэнне мота-косамі. Прычым, пакуль пакосяць усе навакольныя газоны, змарнуецца раніцаў 5-6, а потым трава трошкі адрастае і ўсё пачынаецца па-новаму. Няўжо так трэба столькі разоў абразаць гэтую няшчасную траву пад вокнамі ўлетку ў спальных мікрараёнах?
Яшчэ адзін гвалтоўны шумавы чыннік – пятарды. Адзіны час, калі іх выкарыстаньне апраўдана – гэта навагодняя ноч. Калі ж у звычайны дзень падлеткі кідаюць іх амаль што пад ногі – дык адчуваеш сапраўдны стрэс, моцна пужаюцца дзеці. Хоць падавай у суд за маральныя страты. А калі ўвечары чуеш цэлыя “чэргі” петардавых выбухаў, нявольна ўзнікае асацыяцыя з вайной або нейкай стралянінай. Усё гэта выклікае трывогу, неспакой у людзей. Дарэчы, мяркую, што ўзнікненню такіх асацыяцый моцна спрыяе “асартымент” фільмаў, серыялаў і перадач, якія транслюе тэлебачанне. Апошнім часам экраны запаланілі ваенныя фільмы, дэтэктывы, пагоні, жахі, дзе кожны дзень назіраеш забойствы, гвалт, рабаўнікоў, пачвараў. Дык пасля такой “апрацоўкі” нават звычайны выбух шыны на дарозе ўспрымаецца стрэлам. Ня дзіўна, што ўвесь час актуальным застаецца лозунг “…Абы не было вайны”. Але гэта асобная тэма.
Што да шуму, дык ён мае істотны ўплыў на самаадчуванне чалавека, асабліва на таго, хто займаецца інтэлектуальнай працай ці працай з людзьмі.
Упэўнена, што не я адна звяртаю ўвагу на такія рэчы, і амаль кожны гарадзенец можа дадаць да пераліку шумавых чыннікаў свае выпадкі. Пра гэта сведчыць і тое, што ў аптэках горада хутка раскупаюцца ўсе бярушы [затычкі для вушаў. – Рэд.]. Яны ў дэфіцыце, разам з дэфіцытам культуры і цішыні!
Разумею, што змагацца з шумам можна толькі на грамадскім узроўні. Таму гатовая падтрымаць тых, хто будзе ставіць за мэту змаганне з шумам, хаця б у спальных раёнах нашых гарадоў.
З павагай, Алена К.
Ад рэдакцыі:
Гэты ліст, як і яшчэ адзін зь нядаўна выстаўленых, трапіў нам у рэдакцыю нетыповым шляхам. Аўтарка яго нам таксама невядомая. Спачатку тэма, паднятая ў ім, падалася нам малаістотнай, але пазьней мы перагледзелі нашу пазіцыю.
Пацьвяржаем – фактар шуму мае істотнае соцыя-разбуральнае значэньне для грамадства ў цэлым. Акрамя таго, шум не даем людзям адпачываць, чым істотна пагаршае здароўе. Шумавое ўзьдзеяньне – гэта і праява дэградаванага стану грамадства ва ўмовах таталітарна-дэпрэсіўнага рэжыму, у якім працягваем жыць мы, і, відаць, сапраўды канал наўмыснага (у той ці іншай ступені) ўзьдзеяньня паразітных уладаў на грамадства.
Што да апошняй думкі, спашлемся на вядомага дасьледчыка грамадскіх працэсаў у сучаснай Расеі С.Кара-Мурза (хаця ня ўсе яго погляды мы падзяляем). Так, у сваёй кнізе “Маніпуляцыя сьвядомасьцю” (гл. www.lib.ru/POLITOLOG/karamurza.txt) сп-р Кара-Мурза піша: “Ня менш важнай, чым гук, часткай акусьферы ёсьць цішыня… Каб ня даць магчымасьці зарадзіцца ўласным групам эліты (інтэлігенцыі) у масе кіруемых, яе [масу. – Рэд.] цалкам пазбаўляюць цішыні. Так на сучасным Захадзе ўзьнікла зьява, якая атрымала назву “дэмакратыя шуму”. Створана такое гукавае (і шумавое) афармленьне навакольнай прасторы, што сярэдні чалавек практычна ня мае дастатковых прамежкаў цішыні, каб засяродзіцца і дадумаць да канца зьвязную думку. Гэта – важкая ўмова яго неабароненасьці перад маніпуляцыяй сьвядомасьцю. Эліта [маецца на ўвазе фінансавая псеўдаэліта. – Рэд.], наадварот, вельмі высока цэніць цішыню і мае эканамічныя магчымасьці арганізаваць сваё жыцьцё па-за ўзьдзеяньнем “дэмакратыі шуму””.
Жыхары Гародні могуць праверыць і пацьвердзіць. Напрыклад, падыдзіце да ФОКа, што на вуліцы Горкага, і зайдзіце не з фасаду, а ззаду. Вы адчуеце жахлівы шум вентылятара, ад якога пакутуюць тысячы маладых людзей, якія жывуць у суседніх шматлікіх інтэрнатах.
Па вуліцы Курчатава, паміж вуліцамі Горкага і Дзяржынскага, знаходзіцца прадпрыемства “БЕЛОГ”. На яго даху знаходзіцца вентылятар, які стварае шум, ад якога пакутуюць, асабліва ноччу, шматлікія жыхары дамоў суседняй Дзевятоўкі.
Вы думаеце, гарадское начальства пра гэта ня ведае? Ведае. Вы думаеце, у ХХ стагоддзі ціхіх вентылятараў няма? Ёсьць. Рабіце высновы.
З нагоды нагадваем нашым чытачам, што мы ўжо даўно сфармулявалі Д пр-п 26. У ім, у прыватнасьці, запісана: “Мы лічым стан агульнай грамадскай культуры надзвычай важнай праблемай. У Беларусі агульную культуру трэба паступова ўзьняць на максімальна высокі ўзровень і цьвёрда трымаць на ім. Уся палітыка будучай беларускай дзяржавы абавязкова будзе скіравана і на гэта. Такі падыход абумоўлены тым, што мы жадаем не аслабляць і дэзарганізоўваць наша грамадства, як гэта робяць цяперашнія ўлады, а, наадварот, максімальна зьяднаць і ўмацаваць яго… У будучай беларускай дзяржаве ЦІШЫНЯ, ЧЫСЬЦІНЯ, КУЛЬТУРА МІЖЛЮДСКІХ УЗАЕМААДНОСІН будуць аб’яўлены агульнанацыянальнымі каштоўнасьцямі (другімі па значнасьці пасьля СЬВЯТЫХ агульнанацыянальных каштоўнасьцяў – мовы, гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў, этнічнай тэрыторыі й г.д.), якія будуць ахоўвацца і бараніцца на ўсіх узроўнях дзяржаўнай улады ўсімі дзяржаўнымі служачымі. Так, у інфармацыйнай прасторы будзе стала нагадвацца, што кожны чалавек абавязаны ўвесь час памятаць пра тое, як яго дзеяньні ўплываюць на іншага чалавека (напрыклад, заведзеная на працягу паўгадзіны каля шматпавярховіка ў 6-7 гадзінаў раніцы яго машына праз шум і выхлап; яго кошка, якая ходзіць гадзіць у дзіцячую пясочніцу; яго сабака, які зь яго падваротні зьнянацку выскоквае на дарогу – у горадзе, на хутары, на вёсцы – і аббрэхвае ці кідаецца на людзей, якія спакойна ідуць па дарозе – агульным грамадскім месцы; яго гучная гаворка, а тым больш мацюкі пад вокнамі дамоў у спальным мікрараёне ў гадзіну ночы; фекаліі яго сабакі на траве двароў і на ходніках у горадзе; сьмецьце, выкінутаем ім куды-небудзь акрамя сьметніка ці з мышыны ў лесе замест таго, каб быць завезеным на звалку, ці сьмецьце, пакінутае ім на беразе рэчкі ці возера пасьля яго адпачынку і г.д. і да т.п.). У інфармацыйнай прасторы (у выглядзе рэкламы ці адмысловых перадачаў) будзе стала намаўляцца думка, што кожны чалавек можа па-людску жыць толькі ў люцкім грамадстве. А там ён можа адчуваць сябе свабодным толькі тады, калі будзе стала думаць пра іншых людзей і АБАВЯЗКОВА будзе выконваць правілы людскага сужыцьця. Акрамя таго, будуць створаны адмысловыя службы, якія будуць прафесійна займацца ўсімі праблемамі, зьвязанымі з агульнаграмадскай культурай. Так, у прыватнасьці, у будучай беларускай дзяржаве ў шэрагах беларускай міліцыі-паліцыі будзе створана адмысловая служба з асобнымі штатамі прафесіяналаў, якія будуць непасрэдна адказваць за падтрыманьне грамадскага парадку ня ў сэнсе барацьбы са злачынцамі-крымінальнікамі (гэтым будзе працягваць займацца ЗВЫЧАЙНАЯ МІЛІЦЫЯ, праўда, цяпер толькі больш прафесійна, бо зь яе будуць зьняты іншыя абавязкі), а ў сэнсе барацьбы з тымі, хто парушае агульнаграмадскія этыку, мараль – у цэлым, агульную культуру. Няхай дадзены від міліцыі так і завецца – ПАЛІЦЫЯЙ ПА КУЛЬТУРЫ. Менавіта ў яе кампетэнцыю будуць уваходзіць пытаньні барацьбы з расьпіцьцем сьпіртных напояў у грамадскіх месцах (цяпер справа дайшла да таго, што п’янчугі выпіваюць прама на дзіцячых пляцоўках), з прысутнасьцю ў п’яным выглядзе там жа, з матам-пераматам, з паленьнем цыгарэтаў у любых памяшканьнях, з засьмечваньнем тэрыторыі гарадоў і ваколіц (берагоў рэк, азёр, лясоў, узбоччаў дарог), з няправільным утрыманьнем ды выгулам сабак і кошак у гарадах, іншых населеных пунктах і ў іх ваколіцах, з шумам пад вокнамі дамоў у спальных мікрараёнах, з выхлапнымі газамі там жа і г.д. і да т.п.”.
Усяго вам лепшага, сп-ня Алёна К. Трымайцеся і актыўней далучайцеся да змаганьня за будучую Беларускую Дэмакратычную Дзяржаву.