Віталь Хромаў
А цяпер раю пазнаёміцца з тым, што заяўляе крыніца ў расейскім Міністэрстве абароны па пытаньні “яшчэ аднаго варыянта расейскага адказу на разьмяшчэньне эментаў амерыканскай СРА ў Польшчы і Чэхіі”. У аўторак на гэтым тыдні дадзеная крыніца заявіла “Інтэрфаксу-АВН”, што адным з адказаў Расеі на разгортваньне аб’ектаў амерыканскай сістэмы стратэгічнай супрацьракетнай абароны (СРА) ў Еўропе магло б стаць… разьмяшчэньне ў Беларусі… ракетных комплексаў “Топаль” (!)
Паводле www.rusk.ru/newsdata.php?idar=180326, крыніцай у МА РФ сярод іншага было заяўлена наступнае:
– калі ЗША працягваюць набліжаць да межаў Расеі элементы сваіх стратэгічных сілаў, у прыватнасьці аб’екты СРА ў Польшчы ды Чэхіі, накіраваныя на зьніжэньне нашага ядзернага патэнцыялу, дык у Беларусі маглі б быць разьмешчаны мабільныя комплексы “Топаль”. Лічу, што ўзровень стратэгічнага партнэрства Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі дазваляе вырашыць гэтае пытаньне станоўча. Такі крок не патрабуе ўкладаньня вялікіх сродкаў. У савецкі час ракетныя дывізіі акрамя Расеі дыслакаваліся ў Беларусі, Казахстане, Прыбалтыцы, на Украіне. Сёньня ракетная інфраструктура ў добрым стане за межамі Расеі захавалася толькі ў Беларусі. Там ёсьць сетка дарог у пазіцыйным раёне, абароненыя камадныя пункты. Усё гэта ня трэба будзе ствараць зноў;
– у Беларусі няма неабходнасьці разьмяшчаць мабільныя комплексы новага пакаленьня “Топаль-М”. Тэрмін службы ракет “Топаль” працягнуты. Гэта надзейная ракета. Аўтаномныя пускавыя ўстаноўкі, якія знаходзяцца на палявой баявой стартавай пазіцыі й якія граматна замаскаваныя і разнесеныя ў баявыя парадкі, знайсьці немагчыма. Акрамя таго, менавіта “Таполі” стаялі на ўзбраеньні ракетных палкоў, дыслакаваных у Беларусі ў часы СССР;
– монаблочная цьвёрдапаліўная ракета “Топаль” знаходзіцца на баявым дэжуры ў Ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня 21 год. Усяго ў групоўцы РВСН налічваецца каля 500 ракетных комплексаў шасьці тыпаў, у тым ліку прыкладна 300 комплексаў “Топаль”;
– у мінулы чацьвер на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ Беларусі яе прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што размяшчэньне амерыканскіх Элементаў сістэмы СРА ў Чэхіі ды Польшчы пагражае бясьпецы краіны. “Мы з упэўненасьцю заяўляем ЗША што да СРА, якія яны хочуць размясьціць у Чэхіі ды ў Польшчы, што гэта пагражае нашай бясьпецы”, – сказаў Лукашэнка. “Таму што гэта каля нашых межаў і таму, што гэта супраць нашага саюзьніка Расейскай Федэрацыі”, – патлумачыў ён.
Ад рэдакцыі:
Для не зусім дасьведчаных чытачоў хочам удакладніць, што ракеты “Іскандэр”, пра якія нядаўна было шмат шуму – гэта маленькія ракеты сярэдняй дальнасьці, да 300 км (гл. www.vor.ru/science/madeinrus26_rus.html; www.rian.ru/analytics/20081106/154533253.html), а ракета “Топаль” – гэта найноўшая расейская міжкантынентальная балістычная ракета зь ядзернымі боегалоўкамі (гл. http://www.army.lv/?id=476&s=2303; http://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%BE%D0%BF%D0%BE%D0%BB%D1%8C-%D0%9C).
Самае галоўнае! Калі падобныя ракеты ўсё ж будуць разьмешчаны на тэрыторыі Беларусі, мы – беларусы-літвіны – зноў станем мішэньню для першага ядзернага ўдару ва ўмовах узьнікненьня першага ж напружаньня ў міжнародных адносінах. Таму гэтыя ракеты ёсьць сьмяротная небясьпека для ўсяго нашага народу, для яго, увогуле, быцьця на Зямлі!
Во дажыліся, во – дагуляліся ў палітыку!
У тым, што такія думкі (аб магчымасьці разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай ядзернай зброі) увогуле ўзьнікаюць у галовах расейскіх вайсковых шаленцаў, вінаватымі мы лічым ня толькі Лукашэнку і яго цяперскую раць, а і “беларускую” “аб’яднаную” “дэмакратычную” апазіцыю разам з тымі палітыкамі Захаду, якія такую бездапаможную апазіцыйную жыжу ў Беларусі стваралі й фінансавалі. Нагадваем, усё гэта адбывалася на фоне адштурхоўваньня сапраўдных беларускіх дэмакратаў.
І апошняе. У 1994 годзе ЗША, Вялікабрытаніяй і Расеяй быў падпісаны Мемарандум аб гарантыях бясьпекі Беларусі (гл. nashaziamlia.org/2006/12/22/460). Менавіта пад гэтыя “гарантыі” зь Беларусі была выведзена ядзерая зброя. Пытаньне: што застанецца ад аўтарытэту ЗША і Брытаніі ў беларускага грамадства (з “Расеяй” і так усё зразумела) пасьля таго, як Беларусь, барані Бог, страціць свой суверэнітэт і на нашай тэрыторыі зноў зьявяцца міжкантынентальныя ядзерныя ракеты маскоўскай імперыі, нацэленыя на ЗША і Вялікабрытанію?
Гэтае пытаньне мы задаем “шматмудрым” (а на справе, як высьвятляецца, усяго толькі чванлівым) заходнім палітыкам.
Нагадваем. Адказ можна падаць, напрыклад, у выглядзе каментару да дадзенага матэрыялу.
Ад сябе заяўляем: на тэрыторыі будчай Беларускай дзяржавы ня будуць разьмяшчацца ніякія расейскія ракеты – ні ядзерныя, ні няядзерныя. Беларуская дзяржава ня будзе мець разам з расейскай імперыяй “адзіную прастору супрацьпаветранай абароны”, як і “адзіную мытную прастору”. Беларусь ня будзе ўваходзіць у ваенны саюз з расейскай імперыяй.
Фіксуем дадзенае як чарговы прынцып Нашай дактрыны (Д пр-п 111).