nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Нацыянальны супраціў сярэдзіны ХХ стагоддзя і спадчына Беларускай Незалежніцкай Партыі (БНП)

25 лютага, 2009 | Няма каментараў

Сяргей Высоцкі

d092d18bd181d0bed186d0bad196-1Апошні час у Беларусі так пачала складацца сітуацыя, што падзеі Другой сусьветнай вайны на нашай тэрыторыі зноў набываюць актуальнасьць. І гэта нягледзячы на тое, што з тых часоў прайшло ўжо 2/3 стагоддзя. У якой абстаноўцы мусілі знаходзіцца беларусы, у т.л. і лепшыя зь іх? Ці маем мы права асуджаць іх хаця б за нешта? Як ставіцца да ўчынкаў тых, хто выкарыстоўваў любыя магчымасьці, каб ратаваць наш народ, каб вярнуць яму памяць і годнасьць пасьля столькіх гадоў царскага ды бальшавіцкага тэрораў? А як бы кожны з нас паводзіў сябе на іх месцы? У чым прычына, што сапраўдныя героі беларускага народу, ня горшыя за ўкраінскіх ці летувіскіх, у той час былі, а мы – беларусы – так мала пра іх ведаем? Цяпер мы будзем імкнуцца больш надаваць увагі гэтым пытаньням – будзем даваць слова тым, каму ёсьць што сказаць на гэты конт, а таксама тым, хто быў непасрэдным сьведкам тых падзей. Сёньня рэсурсы сайта для абнародаваньня сваёй пазіцыі прадастаўлены вядомаму патрыёту Беларусі, сапраўднаму зьмястоўнаму дэмакрату, лідару Беларускай Партыі Свабоды Сержуку Высоцкаму.

Рэдакцыя.


Забытыя героі

Здабудзем Беларускую дзяржаву – альбо загінем у барацьбе за яе!” – гэта галоўны покліч БНП.

Што можна прывесьці больш ганаровае і моцнае ў беларускай ды і ў сусьветнай гісторыі ХХ ст.?! Якой самай вытанчанай і прафесійнай балбатнёй можна зацямніць агонь такіх словаў?! Змагары – незалежнікі паваеннай пары – спраўдзілі свой чын пад кулямі нацыстаў, камуністаў, польскіх шавіністаў. Засталіся вернымі сваёй клятве і аплацілі ўласнай крывёй права новых пакаленняў на Незалежнасць. На фоне іхнага гераізму губляюцца ўсе гэтыя чэгевары-фідэлі – авантурысты-лацінаамерыканцы, якія прынеслі масавыя забойствы і лагеры для Кубы, Нікарагуа, Сальвадора. Але вобраз Чэ Гевары быў запатрабаваны занепадалай камуністычнай сістэмай, кананізаваны левакамі. А каму можа быць цікавы чын беларускіх герояў-нацыяналістаў акрамя саміх беларусаў?

І ўсе ж дзіўна, як сіла, якая здолела столькі станоўчага зрабіць для сваёй Радзімы і народу, якая рыхтавала напад на ката Сталіна, якая была прызнаная галоўным саюзнікам Арганізацыяй Украінскіх Нацыяналістаў (АУН) ды стаяла ў вытокаў легендарнага Антыбальшавіцкага Блоку Народаў (АБН), застаецца мала вядомай для нашчадкаў?! Здавалася б, як такое можа адбывацца ў “час Інтэрнэту”? Значыць, тэхнічны прагрэс – гэта мала, не ён вызначае сілу народу.

Народ, які не шануе сваіх герояў, вырачаны на пагібель!

Брак ведання і разумення ўласнай гісторыі з’яўляецца адной з галоўных праблем для нацыянальна-дзяржаўніцкага станаўлення беларусаў. Акупацыйныя ўлады не толькі абрабавалі наш народ матэрыяльна і духоўна, не толькі скарацілі Беларусь удвая, не толькі вырэзалі пад корань эліту нацыі, але пазбавілі нават памяці пра сваіх заступнікаў – лепшых сыноў.

Хлусня працягваецца ў лукашэнскай інтэрпрэтацыі беларускай гісторыі. Лічыцца, што афіцыёз выводзіць гісторыю Беларусі з ХХ ст., але і гэта няпраўда. Веды пра сапраўдную гісторыю Беларусі ХХ ст. цяперашні каланіяльны рэжым прыхоўвае, як раней БССР і таталітарны СССР. У сваёй большасці суайчыннікі не ведаюць нашай гісторыі мінулага стагоддзя і, што не менш трагічна – не разумеюць!

Ачышчэнне ад завалаў

Пэўна, самым вялікім нагрувашчаннем хлусні, ілжывых штампаў і балючых эмоцый застаецца тэма Другой сусветнай вайны. Беларусам ужо больш за 60 гадоў убіваецца светапогляд толькі аднаго з бакоў – расейска-камуністычнага. Любога, хто асмельваецца хаця б на нейтральную адзнаку, адразу паддавалі абструкцыі як “адваката забойцаў і фашыстаў”. Вядомы прыём савецкай прапаганды: “Не жадаем чуць нашых ворагаў, бо яны нашыя ворагі”. Цяперашнія апазіцыйныя палітыкі, за выключэннем Пазняка, асцерагаюцца кранаць гэтую тэму. Зберагаюць сваю прывідную папулярнасць. А ворагі беларускай Незалежнасці працягваюць эксплуатаваць бальшавіцкія міфы. Таму не дзіва, што зараз пачалася новая хваля цкавання беларускіх мысляроў. Арлова, Лукашука, Ярша запісваюць у “нацысты”. Дагэтуль Туронка, Калубовіча, Акулу. Любога, хто асмеліцца працытаваць М.Вітушку, Ю.Саковіча, Зм. Касмовіча, ворагі адразу запісваюць у “памагатага катаў”.

З пункту гледжання акупантаў, беларусы не маюць права ні на сваю дзяржаву, ні на сваю мову, ні на сваю гісторыю!

Між іншым, усё больш айчынных і замежных гісторыкаў, грамадскіх дзеячаў лічаць, што нямецкая акупацыя ў Беларусі фактычна перарасла ў… Грамадзянскую вайну.

Ёсць цэлы шэраг праблемаў гэтага перыяду гісторыі, якія і зараз абмяркоўваюцца навукоўцамі скрайне неахвотна. Вось пытанні, адказы на якія маглі б праліць святло на сапраўдную гісторыю Другой сусветнай вайны:

1. Колькі жыхароў Беларусі загінула? Колькі было знішчана мірнага насельніцтва? Колькі сярод іх было беларусаў? Колькі прадстаўнікоў іншых нацыянальных груп? Колькі беларусаў было знішчана польскай Арміяй Краёвай, падраздзяленнямі ўласаўцаў, савецкімі фармаваннямі, а таксама іншымі (не толькі нямецкімі) іншаземнымі фармаваннямі? Які працэнт беларусаў быў у частках, якія забівалі мірнае насельніцтва?

2. Ці праўда, што ледзь не палову партызанаў складалі загоны несавецкай, а то і антысавецкай скіраванасці? Колькі беларусаў было ў партызанах, а колькі ў фармаваннях, якія ваявалі з імі?

3. Трэба паказаць увесь аспект нацыянальна-вызвольнай барацьбы, як чынам незалежніцкай партызанкі, так і праз часовае супрацоўніцтва з немцамі.

Яшчэ напрыканцы 1990-х на круглым стале “маладых палітыкаў” у асяроддзі палітбамонду я ўзгадаў тэму двуфрантавой партызанкі – і супраць нацыстаў, і супраць камуністаў. Гэта выклікала гістэрыку ў прадстаўнікоў розных партый: “Не рэабілітуйце калабарантаў! Лясныя банды пасля вайны шкодзілі мірнаму жыццю! Вы падрываеце аўтарытэт “велікой победы”…” Напружанасць “размовы” і амаль панічны страх перад гэтай тэмай прадэманстравалі значэнне нацыянальнага супраціву беларусаў, які адбываўся да сярэдзіны 1950-х, для лёсу беларускай дзяржаўнасці.

Зразумела, што мусіць быць пераасэнсаваная роля БЦР ды ейных структур, ад БКА да БНС, роля СБМ.

У палякаў праслаўляюць Армію Краёву, украінцы ў поўнай меры ўшаноўваюць памяць УПА. Нават расейцы вядуць дуспут аб фігуры Власава (РОА). Толькі беларусы баяцца і слова сказаць пра годныя ўчынкі БЦР – пра дапамогу мірнаму насельніцтву, пра выратаваныя ад карнікаў вёскі! Мне думаецца так: у палякаў сваё стаўленне да БЦР і БКА, у расейцаў – сваё, а ў нас – сваё! БЦР яшчэ чакае аб’ектыўнай ацэнкі.

А вось Беларускай Незалежніцкай партыі – галоўнаму нацыянальна-дзяржаўніцкаму чынніку беларусаў таго часу – рэабілітацыя не патрабуецца! БНП была лепшай, мацнейшай і найбольш ідэйнай палітычнай арганізацыяй беларускага народу ў ХХ стагоддзі. Такой пакуль застаецца і ў ХХІ-м. Гэтая палітычная сіла найбольш рашуча разарвала з усёй левай традыцыяй, сабраўшы нацыянальна-патрыятычную платформу. Гэта была не проста партыя, а сапраўдны Ордэн нацыянальнай волі, які свае ідэалы бараніў не толькі словамі, але і справай. Ад бясконцай балбатні і спрэчак, у якіх патанулі многія беларускія арганізацыі, гэтая партыя здолела перайсці да падпольнай узброенай барацьбы супраць усіх ворагаў! У такіх жахлівых умовах іхнае змаганне сталася, як цудоўная паходня, якая асвятляе людзям дарогу выратавання.

Ахвяры

Іх колькасць дагэтуль застаецца невысветленай. Спачатку савецкая прапаганда сцвярджала, што ў час Другой сусветнай вайны было забіта больш за 2 млн. мірных жыхароў. Потым старшыня Савету Міністраў БССР К.Мазураў акрэсліў лік знішчаных “каля 1,5 мільёну” (“Известия”, 10.11.1955 г.). Яшчэ пазьней савецкія спецыялісты назвалі лічбу ахвяр – “звыш 750 тысяч” (“Голас Радзімы”, 27.11.1986 г.). Вядомы расейскі гісторык Раманько ў сваёй кнізе “Коричневые тени в Полесье” сцвярджае, што ў Беларусі і ў Заходняй Расеі (у Беларускай Смаленшчыне і Браншчыне) разам было закатавана… 134 тысячы чалавек.

Але ніхто не падлічыў сярод гэтых людзей колькасць забітых савецкімі партызанамі ці загінулых у выніку зверстваў з боку Арміі Краёвай. Таксама існуе пацверджаная інфармацыя пра вёскі, вынішчаныя пераапранутымі супрацоўнікамі НКВД. Агульнавядома, што савецкія партызаны часта адмыслова падкідвалі забітых немцаў да вёсак, якія ладзілі з новай уладай. Таксама распаўсюджаны прыём – учыніць напад на немцаў у непасрэднай блізкасці ад вёскі. Пасля такіх падстаўленняў вёскі знічтажаліся немцамі…

Цікавае ў гэтым сэнсе параўнанне з дзейнасцю французкага Супраціву. Французскія партызаны бралі за асноўную ўмову сваёй барацьбы – каб не падставіць мірнае насельніцтва!

Скрайне жорстка паводзілі сябе ў Беларусі ўсе ўласаўскія часткі. Расейскія шавіністы былі надзвычай уражаныя і абураныя, што беларусы насамрэч зусім асобны народ, з іншай мовай і традыцыямі, які абсалютна не звязвае сваю будучыню з “матерью-Россией”. Асабліва выславілася “Асобая руская брыгада СС “Дружина” (камандзір – Ул. Гіль-Радыёнаў). Улетку 1943 г. гэтая брыгада спаліла некалькі беларускіх вёсак у раёне Лепеля, а іхнае насельніцтва (каля 3000 чалавек) сагналі да населенага пункту Іконнікі. Тутака Гіль-Радыёнаў звярнуўся да беларусаў з прамовай, у якой сказаў, што ўсе яны будуць знішчаныя за сувязь з партызанамі, аднак ён дае ім апошні шанец. Шанец быў у тым, каб уяўныя памагатыя партызанаў звярнуліся з просьбай аб памілаванні “на русском літературном языке”. Натуральна, што ніхто з простых беларускіх сялянаў не ведаў гэтай мовы. Гіль-Радыёнаў загадаў расстраляць іх усіх з кулямётаў. Ужо потым з’явіліся сведкі, што ён быў… савецкім агентам. У жніўні 1943 г. Гіль-Радыёнаў перавёў сваю брыгаду на бок савецкіх партызанаў. Быў узнагароджаны ордэнам Баявога Чырвонага Сцягу.

Вядомыя шматлікія выпадкі зверстваў з боку іншых расейскіх фармаванняў, у тым ліку з боку казакаў.

Такім чынам, у час Другой сусветнай вайны на нашай зямлі адбываўся баль сатаны. Нямецкія нацысты, расейскія нацысты, савецкія партызаны, АКаўцы – усе катавалі і забівалі беларусаў. З вядомай колькасці забітага мірнага насельніцтва вялікая частка па-просту спісаная на немцаў. Гэта аніяк не здымае віны з немцаў, але больш грунтоўна паказвае неадназначнасць сітуацыі.

Як дзейнічалі беларусы

Па вобразным выразе У.Чэрчыля, які крыху характарызуе тую сітуацыю: “Я спачуваю Беларусі, якая перамагае тыранаў, сплываючы крывёй”.

Аднак чаму менавіта на беларускай зямлі адбывалася такая д’ябальская свістапляска?

Адказ просты. Кожны – што расейцы, што палякі, што немцы, што саветы – бачыў аслабленасць беларускага руху ды, як імперац, разглядаў нашую зямлю ў якасці сферы сваіх інтарэсаў.

Брак нацыянальнага загартавання і, як вынік, арганізацыйная ды вайсковая слабасць беларускага руху падштурхоўвала ўсіх акупантаў да скарыстання з сітуацыі, да рабаванняў і беспакаранага гвалту.

У адрозненне ад палякаў ці ўкраінцаў, якія раней сфармавалі моцныя вайсковыя структуры, у нашых дзеячаў такой магчымасьці не было. Лес таксама не стаў паратункам для нацыі. Штогод Масква закідвала дзесяткі тысяч падрыхтаваных дыверсантаў. Тое самае рабіў і штаб Арміі Краёвай. Пры гэтым і палякі, і саветы мелі добрыя кадры для адбудовы сваіх вайсковых загонаў. Таму беларуская партызанка і ў лесе патрапіла пад прэс двух лагераў – польскага і савецкага.

Многія людзі па-просту баранілі свае жыцці і сваіх блізкіх. Нехта ішоў да партызанаў, а нехта спадзяваўся на лаяльнасць немцаў. Варыянт часовага супрацоўніцтва з немцамі здаваўся меншым злом. Да таго ж нацысты не адразу выявілі свой садызм. Пасля, калі гэта выявілася, цэлыя паліцэйскія часткі пачалі пераходзіць да партызанаў.

Агульна ў палітыцы нацысцкай Нямеччыны ва Ўсходняй Еўропе існавала дзьве лініі: адну ўзначальваў Гімлер, які выступаў за выкарыстанне г.зв. “агульнарасейскага чынніка”, а другую – Розенберг і Кубэ, якія адстойвалі ідэю падтрымкі “малых нацый” – беларусаў, украінцаў, азербайджанцаў і г.д. Гітлер падтрымліваў Розенберга, але напрыканцы вайны Гімлер узяў рэванш праз падтрымку Уласава.

Арганізаваны беларускі рух пайшоў украінскім шляхам. Тыя спачатку масава ўступалі ў паліцыю, а потым масава выходзілі, але ўжо са зброяй і прафесійнымі вайсковымі навыкамі…

Як ні парадаксальна гэта гучыць, але са сваіх прычын немцы не давалі ўкраінцам тых правоў і мажлівасцяў для нацыянальнага росту, якія далі беларусам. У 1942 г. БЦР была фактычна прызнаная нямецкай адміністрацыяй як раўнапраўны партнэр. Навучанне адбывалася па-беларуску. Прызнавалася і выкарыстоўвалася беларуская мова і сімволіка, працавала беларуская адміністрацыя. Са сведчанняў у дакументах, украінцы, якія сюды патраплялі, вельмі дзівіліся такому “рэнесансу”. Да Беларусі былі далучаныя этнічныя беларускія землі: Браншчына, Смаленшчына, Віленшчына.

Адразу пасля сыходу савецкаў улады ў 1941 г. пачалі ўзнікаць беларускія вайсковыя фармаванні. Часта яны дзейнічалі самастойна, а то і насуперак нацыстам, баронячы мірных жыхароў. Часта гэта каштавала ініцыятарам жыцця. Намаганні немцаў разбавіць беларускія батальёны ў структурах Вермахта расчароўвала беларусаў. Такая палітыка і гвалт над мірным насельніцтвам дыскрэдытавалі нямецкую ўладу і ўзмацнялі партызанскі рух. Немцы паспрабавалі выправіць становішча прызнаннем БЦР і стварэннем Беларускай Краёвай Абароны. Аднак ужо было позна…

БНП стаяла за ўсімі беларускімі пачынаннямі. Маючы разгалінаваную падпольную структуру, БНП інспіравала пранікненне сваіх кадраў на ўсе адміністратыўныя пасады, фармавала незалежніцкі партызанскі рух. Таксама спрыяла стварэнню вайсковых беларускіх аддзелаў пад нямецкім камандаваннем, пераследуючы аддаленую мэту!..

Вельмі характэрная сітуацыя восені 1942 года. Немцы далі дабро на стварэнне кадравых батальёнаў беларускай самааховы. Але начальнік унцер-афіцэрскай школы ў Наваградку лейтэнант Язэп Сажыч шчыра сказаў Кушалю, што не верыць немцам. Апошні адказаў, што “неабходна хапаць зброю там, дзе гэта толькі можна”. БНП фактычна была ўкраінскім варыянтам АУН-УПА, што выявілася і ў стратэгіі, і ў тактыцы барацьбы. Вядома, што ў 1944 г. БНП рыхтавала паўстанне супраць немцаў. Каб, абвясціўшы Незалежную Беларусь, арганізаваць абарону ад Чырвонай арміі. Хуткі наступ савецкіх войскай сарваў гэтыя планы.

На з’ездзе кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы ў ліпені 1942 г. перад немцамі было жорстка пастаўлена пытанне аб аб’яднанні ўсіх беларускіх этнічных земляў і аб прызнанні дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. За гэтым стаяла кіраўніцтва БНП на чале з Гадлеўскім. Немцы аслупянелі ад нахабства і мужнасці беларусаў!

Героі не паміраюць!

У БНП не было ні часу, ні палітычнай прасторы для фармавання сваіх структураў ды арганізацыі нацыянальных збройных сіл. Але і тое, і другое фактычна ўдалося зрабіць насуперак усім абставінам. Нянавісць усіх ворагаў беларускай незалежнасці была бязмернай. Гэта відаць нават па сухіх радках жыццярысаў нашых герояў.

1. Глеб Багдановіч. Ваяваў пасля вайны ў раёне Вільні за Незалежную Беларусь. Быў арыштаваны ў 1949 г. у Польшчы і дэпартаваны ў СССР. Адбываў тэрмін на Варкуце. Пасля вызвалення хутка памёр.

2. Міхал Вітушка. Адзін з галоўных арганізатараў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі. Начальнік Галоўнага штабу БВА. Камандзір легендарнага “Чорнага ката”. У 1950-я гады здолеў перабрацца на Захад. Далейшы лес дакладна не вядомы.

3. Вінцэнт Гадлеўскі. Ксёндз – ініцыятар і першы кіраўнік Беларускай незалежніцкай партыі. Зарганізаваў магутную нацыяналістычную сетку. 24.12.1942 арыштаваны СД і расстраляны.

4. Зміцер Касмовіч. Генерал-маёр. Навучаўся ў Бельгіі, Польшчы, Югаславіі. Ствараў беларускія вайсковыя фармаванні ў Бранскай, Смаленскай і Магілёўскай вобласцях. У 1954 г. арганізаваў Беларускі вызвольны фронт. Рэдактар часопіса “Барацьба”. Памёр у эміграцыі.

5. Віталь Мікула. Намеснік штабу БКА. За адмову супрацоўнічаць з расейскімі власаўцамі забіты немцамі ў лагеры Дахаў.

6. Усевалад Родзька. З ліпеня 1942 – кіраўнік БНП. Ваяваў супраць савецкіх партызанаў на чале беларускіх фармаванняў. Адмовіўся эміграваць, веў барацьбу за Незалежную Беларусь на Беласточчыне. Быў злапаны НКВД у 1945 г., а ў 1946 г. асуджаны на смерць. Пасьмяротнак атрымаў званне генерал-маёра ад Рады БНР.

7. Юліян Саковіч. Арганізатар шэрагу атрадаў незалежніцкай партызанкі. Высланы немцамі ў лідскую акругу, дзе быў замардаваны Арміяй Краёвай.

8. Язэп Сажыч. Арганізатар атрадаў беларускай самааховы ў Заходняй Беларусі. З 1982 па 1997 – старшыня рады БНР. Памёр у эміграцыі.

9. Рыгор Зыбайла. Адзін з камандзіраў БКА. Існуе шэраг версій ягонага лёсу. Дакладна не вядома.

10. Барыс Рагуля. Маёр БКА. Камандзір легендарнага Наваградскага кавалерыйскага эскадрону, які паспяхова бараніў сялян ад гвалту Арміі Краёвай і савецкіх партызанаў. Неаднаразова перашкаджаў нацыстам забіваць мірнае насельніцтва, чым выклікаў асаблівую непрыязнасць многіх нямецкіх афіцэраў. Пасля вайны ўдзельнічаў у засылцы ў Беларусь партызанскіх груп. Памёр у эміграцыі.

Прыйдзе час, калі імёны сотняў беларускіх змагароў-незалежнікаў стануць вядомыя нашчадкам. Большасць з іх увойдзе ў пантэон герояў – абаронцаў і творцаў Беларускай Дзяржавы.

Грамадзянская вайна

Не трэба ідэалізаваць дзейнасць той жа БЦР. Каб застацца крыштальна “чыстымі”, была занадта страшэзная сітуацыя. Мая пазіцыя далёкая і ад штампу, што “ўсе савецкія партызаны былі бандытамі і забойцамі”. У кожным выпадку была свая асобная праўда. Таксама трэба схіліць галаву перад франтавікамі, кінутымі ў пекла тыранамі. Адбылася вялікая бяда, вялікая трагедыя ў душы нацыі, зрушванне паняццяў дабра і зла, пачуцця Радзімы. Пачалося гэта раней. У паўстанні 1863-64 гг. на чале з Каліноўскім большасць народу ваявала на баку паўстанцаў, але было нямала цёмных і падманутых, якія спрыялі расейскім акупантам. Водападзел стваралі чужыя ўлады. Тое ж самае адбылося і пад час Беларускай Нацыянальнай Рэвалюцыі 1917-22 гг. Адныя беларусы ваявалі ў фармаваннях БНР, у генерала Балаховіча, у атрадах слуцкіх, вяліскіх, койданаўскіх паўстанцаў, а іншыя паверылі саветам. Чым скончылася для Беларусі перамога бальшавікоў? Падзелам краіны, адпадам этнічных тэрыторый, двума мільёнамі ахвяр, Курапатамі, Чэрвенем і г.д., татальнай русіфікацыяй і жабрацтвам.

У ІІ-ой Сусветнай беларусы таксама ваявалі за Радзіму, але кожны за сваю! Адныя за СССР, другія за Незалежную Беларусь, трэція за незалежнасць праз саюз з Нямеччынай, а некаторыя яшчэ і за Польшчу. Такі лёс укрыжаванай нацыі. Расейскі ФСБшнік А.Суздальцаў, высланы з Беларусі Лукашэнкам, лічыць, што і сёння прыхаваная грамадзянская вайна працягваецца, “дагэтуль дзейнічаюць паліцаі і партызаны, большая частка электарату – гэта партызаны” (“Белгазета”, 08.12.2008). Гэтая парадыгма расейскай імперыі паказвае трагедыю беларусаў.

Крытэры Грамадзянскай вайны патрабуюць іншых адзнак! Ужо зараз відавочна, што неабходна спыніць самаразбуральны гвалт супраць БЦР і яе структур. Дагэтуль мы ведалі праўду толькі аднаго боку – савецкага. Бо яны перамаглі. Пакуль…

Беларусь апынулася паміж молатам нацызму і кавадлам сталінізму. Кіраваная з Масквы партызанка (як і партызаны, кіраваныя з Лондана, Варшавы) мела на мэце справакаваць бучу ў тыле ворага. Беды і ахвяры мірнага насельніцтва не лічыліся. Селянін удзень баяўся немца, а ўначы тросся перад партызанамі розных гатункаў. Калі ж прыйшла Чырвоная армія, Сталін паслаў былых беларускіх партызан штурмаваць цытадэль Кёнігсберг з адной вінтоўкай на 6 чалавек. Амаль усіх іх там і перабілі.

Таму нельга не шанаваць чын людзей, якія паставілі за мэту адбудаваць уласную дзяржаўніцкую сілу з апорай на свой народ! Але самае дзівоснае, што праз боль і пакуты яны прайшлі гэты шлях і сваю мэту спраўдзілі. Сэрцы наступных пакаленняў будуць належаць ім!

Акупанты амаль здолелі зруйнаваць імёны гэтых людзей у памяці нашчадкаў. Імёны Радаслава Астроўскага ці Барыса Рагулі, Вінцэнта Гадлеўскага ці Міхала Вітушкі альбо нічога не кажуць простаму беларусу, альбо выклікаюць непрыняцце.

Была выкараненая з памяці праўда пра амаль 500 тысяч беларусаў, якія ваявалі на баку немцаў ці працавалі ў грамадзянскіх структурах, газетах, школах і г. д. Асэнсаванне дзейнасці гэтых людзей яшчэ наперадзе. Праз паўмільёна лёсаў не можа пераступіць нават расейскі служка.

Надышоў час пачуць і другі – выключна беларускі – бок Грамадзянскай вайны! Да таго ж у абсалютнай большасці дзеячы БЦР, СБМ, БКА і, асобна, БНП ды незалежніцкай партызанкі былі забітыя, эмігравалі, зніклі ў савецкіх лагерах, хаваліся да апошніх дзён. Ведаю адну такую прыватную гісторыю, калі ў 1970-я гады паміраючы бацька сабраў дзяцей, да таго ўпэўненых, што тата быў партызанам, ды распавёў, у якіх партызанах (!) і за што ён ваяваў!.. Ягоны аповед прывёў дзяцей у жах, і толькі ў 1990-х гадах яны агалосілі таямніцу свайго бацькі.

К пачатку 1990-х Беларусь была ўжо амаль асіміляваная Расеяй. Беларуская мова была адсунутая на перыферыю. Беларусы ўжо святкавалі “День Победы”, які стаўся па-просту зменай акупантаў і формы акупацыі.

Аднак нашым суайчыннікам трэба ведаць, што шэраг еўрапейскіх гісторыкаў (і польскіх, у прыватнасці) далучаюць Беларусь да прайграўшых краін па шэрагу аб’ектыўных чыннікаў:

1. Страта беларускіх этнічных тэрыторый: Беласточчына, Віленшчына, Чарнігаўшчына;

2. Адсутнасць якіх-небудзь істотных кампенсацый, прынятых для краін-пераможцаў (акрамя членства ў ААН);

3. Арышты і новыя лагеры для ўсіх, западозраных у антысавецкай дзейнасці;

4. Планавае высяленне беларусаў у Калінінградскую вобласць ды іншыя регіёны СССР;

5. Пры гэтым масавае замяшчэнне карэннага этнасу выхадцамі з Расеі (у найбольшых маштабах гэта адбывалася ў Менску і абласных цэнтрах);

6. Вылучэнне на кіраўнічыя пасады расейцаў і прадстаўнікоў іншых народаў, толькі не беларусаў.

Савецкі ўрад абышоўся з Беларуссю, як з заваяванай краінай.

Аднак вось жа ён – дзіўны закон гісторыі! Перамаглі ўсё ж ідэі тых, хто змагаўся за Незалежнасць! Яны ўсе сышлі, а Беларусь “цудам” ці, як любяць казаць саўкі – “выпадкова”, атрымала дзяржаўнасць. А цуд той – гэта кроў тых нескароных ваяроў нацыянальнай Свабоды. Гэта – беларускі вольны дух!

Насуперак камуністычнай прапагандзе ды маленькага шкурніцкага шчасця, бяруць верх ахвярныя ідэалісты. Здавалася б, прыніжаныя і патаптаныя, яны паўстаюць у светлым вобразе. Чарговае пацверджанне таго, што ў змаганні за праўду дарэмных ахвяр, як і дарэмнай барацьбы, не бывае!

Вайна працягваецца

Сёння ў афіцыйных СМІ, на тэлебачанні, са старонак “СБ”, пачынаецца новая хваля гістэрыі адносна “беларускіх фашыстаў”. Паддаюцца нападкам творы С.Ярша, Ю.Туронка, А.Лукашука. Усе 14 год панавання расейскага стаўленіка КДБ глушыць беларусаў кіем “фашызму”. “Чым больш хлусні ў прапагандзе – тым лепш”, – так вучыў гэтых “антыфашыстаў” іх настаўнік Гебельс. Усё кідаецца ў адну купу – і спаленыя вёскі, і дысідэнт Пазьняк, і хлопец, які напісаў на сцяне “Беларусь – для беларусаў”!

Нацысты палілі вёскі ў ва Украіне, і ў Латвіі, і ў Беларусі. Але беларусаў-звыродкаў, якія дапамагалі ў гэтым, было мізер. Нашая бяда была толькі ў тым, што мы былі слабейшыя! Бо не маглі ўтаймаваць і правакатараў у лясах і душагубаў з СС! Бо не ставала адзінай магутнай духоўнасці, магутнага нацыянальнага парыву і волі будаваць сваю Нацыянальную Сілу ў піку ўсім захопнікам! Тады таксама было і сваіх міхалевічаў, і калякіных, і саннікавых, якія шкурна турбаваліся пра сваё, служылі іншым цэнтрам. І было б яшчэ горш, калі б не паўсталі хлопцы з БНП, калі б не прымусілі розную дрэнь падпарадкоўвацца інтарэсам народу.

У грамадстве надалей тыражуецца савецка-сталінская канцэпцыя гістарычнага мазахізму “о велікой победе”. Калі гістарычныя працы хоць неяк прарываюцца, дык ідэалагічных кніг, філасофіі гісторыі зусім няма. За гэтую тэму бяруцца людзі, чужыя беларускаму духу, неадпаведныя па ўзроўні культуры і ментальнасці, няздатныя да асэнсавання тэматыкі.

На жаль, менавіта з такога цеста большасць “аналітыкаў” кола цяперашняй “Нашай Нівы”. Нават у гістарычных публікацыях газета асцерагаецца заняць акрэсленую пазіцыю. Характэрны ў гэтым артыкул “Паліцаі пакараныя. А партызаны?” ад 21.01.2009 г. Добры артыкул, але завяршаецца каментаром рэдакцыі – тыповай патаснай агаворкай пра беларусаў, якія супрацоўнічалі з немцамі: “Як жа яны памыліліся.” Так і хочацца запытацца ў рэдакцыі газеты: “А што, тыя, хто служыў у бальшавікоў, не памыліліся?! Ці, можа, дзякуючы Чырвонай арміі Беларусь здабыла дзяржаўную Незалежнасць і беларусы пабудавалі заможную еўрапейскую краіну?! Ці хаця б пасля сыходу немцаў спыніліся рэпрэсіі да беларусаў? Не, пасля павяртання сталінізму былі адкрытыя новыя лагеры для беларусаў, праводзіліся забойствы патрыётаў, нават дагэтуль адбываецца нябачаная русіфікацыя.

Відаць, прычына “агаворак” у НН крыецца ў іншым. Нават адно добрае слова ў бок той жа БЦР можа каштаваць газеце фінансавання і заходніх грантаў. Адразу ж пэўныя людзі абвесцяць “калабарантамі”. А есці хочацца і есці смачна. Але ж ці варта тады лезці ў кажух “піянераў беларускай інтэлектуальнай думкі”?! Патрабуецца іншая цвёрдая духоўнасць, а не баязлівае “пазіранне з завуголля”.

Вельмі моцная рэч – кніга матэрыялаў навуковай канферэнцыі “Беларуская Нацыянальная Ідэя” 1999 года, пад рэдакцыяй А.Астроўскага, В.Санько. Але як яе дастаць?! Мой знаёмы прыдбаў яе ў букініста за 50 даляраў. Аб’ектыўная ацэнка сітуацыі паказвае, што ідэалагічных беларускіх кніг, напісаных з нацыянальна-патрыятычных пазіцый, амаль няма зусім! Спрэс белая пляма!

У гэтым кантэксце мяне дратуе і ўласная сітуацыя. Мая кніга, напісаная пяць гадоў таму, не друкуецца. Адмовіліся друкаваць усе беларускія тыпаграфіі, уключна з апазіцыйнымі. Запытаўся ў аднаго:

– Што, слабая кніга?

– Не, моцная. Але не можам друкаваць.

– Чаму? Можа, трэжба больш грошай?

– Не, нас знойдуць і замалоцяць.

– Ну, як яны знойдуць?! Я ж аўтар – мне і адказваць.

– Знойдуць па шрыфце, па паперы, па аналізе. Усё роўна знойдуць, закрыюць і пасадзяць.

У сваёй кнізе яшчэ 7 гадоў таму я ўжо выказаў многія думкі з вышэй разгледжанай тэмы. Працягваецца тая ж савецкая дурнота, калі сёння ідэйных паслядоўнікаў БНП ці партызанаў-незалежнікаў акупанты ды рознае жуллё інтэрпрэтуюць на свой капыл, робяць арыгінальныя высновы, судзяць, не чытаўшы, ставяць у шэраг “радыкалаў” і “нацыянал-фашыстаў”.

Панове, вы ж нават не ведаеце, хто мы і ў чым сутнасць нашай ідэі… Натуральна, што і мая кніга – гэта будзе кропля ў моры, патрабуюцца сотні нацыянальна-палітычных твораў, як і творы дзеячаў БНП і БЦР [праблема ня ў ведах “паноў”; сацыяльныя паразіты ведаюць, што любы прыстойны чалавек – гэта іх вораг; прыстойныя людзі ня ведаюць, што сацыяльныя паразіты так лічаць! – Рэд.].

Сёння перажываем цікавы час пачатку дэмантажу апошняй дыктатуры Еўропы. Працэс гэты можа зацягнуцца. Пасля адхілення тыраніі пачнецца дэмантаж гвалтоўна насаджанай маскальшчыны. Гэта яшчэ 10 ці 20 гадоў. Але хіба гэта вялікі тэрмін для гісторыі старажытнага еўрапейскага народу?!

Ахвяры, заплочаныя БНПаўцамі і БЦРаўцамі, паспрыялі адраджэнню дзяржавы. Вынікі нашай барацьбы таксама скажуцца пазней. Тая вайна, якая ішла на нашай зямлі ўжо больш за 200 гадоў, працягваецца. Ворагі моцныя, маюць уладу, грошы, зброю, мора агентуры. Яны правяць баль на нашай пакутнай зямлі.

Аднак час збаўлення, асвечаны духам змагароў жалезнай волі, прыйдзе! Гісторыя гэта паказвае…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы