Вячаслаў Бойка
Гэтага беларуса з глыбокай прыроджанай інтэлігентнасьцю (гл. устаўку справа на фота) ведаюць у Гародні многія. Ён – знакаміты ўрач-педыятр, дацэнт, які некалькі дзесяцігоддзяў лекаваў дзяцей, працуючы на кафедры педыятрыі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, разьмешчанай у абласным дзіцячым шпіталі. У пачатку 1990-х, як толькі стала магчымым, перайшоў у працы і жыцьці на родную мову. Нарадзіўся Вячаслаў Бойка ў 1927 годзе, цяпер на пенсіі. Нечакана перадаў аднаму зь сябраў нашай рэдакцыі свае ўспаміны пра гады Другой сусьветнай вайны. Сказаў, што напісаў іх для ўласных дзяцей ды ўнукаў, каб ведалі, што гэта такое было… Мы ўзяліся выставіць на нашым сайце скарочаную версію мемуараў Вячаслава Аляксандравіча, ведаючы, што яны патрэбныя ня толькі яго ўласным нашчадкам, а і наступным пакаленьням беларусаў. На старым фота, пададзеным уверсе, вы бачыце сп-ра Бойку ў хлапчуковым узросьце разам зь сябрамі за месяц-два да 22 чэрвеня 1941 г. (ён зьлева ўнізе). З гэтых 5 хлопцаў два ў 1944 годзе загінулі пад Кёнігсбергам, як і бацька самога сп-ра Вячаслава (дарэчы, як і дзед аднаго зь сябраў нашай рэдакцыі), а трое іншых пасьля вайны выжылі толькі таму, што былі на год маладзейшыя. Затое ім давялося потым служыць у СА з 1944 г. ажно па пачатак 1950-х…
Рэдакцыя.
Прадмова.
Сярод значных падзей 20-га стагоддзя вялікай чорна-трагічнай плямай выглядае Другая сусветная вайна 1939-45 гадоў.
На тэмы вайны напісана многа твораў, у якіх з розных бакоў адлюстраваны яе жахі, яе бессэнсоўнасць з пункту гледжання працоўнага чалавека, якому якраз і даводзіцца ў час вайны станавіцца “гарматным мясам”, быць забітым ці пакалечаным, забіваць і калечыць такіх жа, як ён сам, ні ў чым не вінаватых простых людзей.
Але праходзяць гады, дзесяцігоддзі, загойваюцца старыя раны, забываюцца жахі ваеннага ліхалецця. І калі вырастаюць новыя пакаленні людзей, дык аказваецца, што ў іхнай памяці няма (і не можа быць – адкуль жа ім узяцца) успамінаў аб жудасцях вайны. У іх галовах у лепшым выпадку маецца толькі фармальнае веданне тых падзей, што адбываліся ў гады вайны, пра якія яны прачыталі ў кніжках, а там было, акрамя праўды, нямала скажэнняў, падтасовак, прыдуманай героікі.
Кожны з сучаснікаў і сведак тых падзей жыў у пэўным месцы, бачыў канкрэтныя рысы і бакі вайны, меў свае асабістыя перажыванні – ды такія, аб якіх ні ў адной кніжцы не напісана. Адным з такіх канкрэтных месцаў, дзе разгортваліся падзеі той Вялікай вайны і адбывалася жыццё яе насельніцтва ў час нямецкай акупацыі, была Старобіншчына. І хоць з таго часу прайшло больш за 60 гадоў, я, як пакуль яшчэ жывы сучаснік і сведка тых падзей, прыйшоў да высновы, што трэба пакінуць на паперы тое, што я бачыў і перажыў у гады акупацыі і што засталося ў маёй памяці.
Спадзяюся, што гэта спатрэбіцца маім дзецям ці ўнукам, а можа, і яшчэ каму.
Вайна. Спадзяванні і рэчаіснасць.
У першай палове 1941 г. вайна была яшчэ недзе далёка ад Беларусі, але яе непазбежнасць ужо адчувалася. Аднак тое, што доўга трывожна чакалася, прыйшло, здавалася, неяк нечакана. У 12 гадзін дня 22 чэрвеня 1941 года па радыё паведамілі, што Нямеччына, нягледзячы на дамову аб ненападзе, без абвяшчэння вайны напала на Савецкі Саюз. Нямецкія войскі атакавалі нашы межы на ўсім працягу ад Балтыйскага да Чорнага мораў, а нямецкія самалёты бамбілі Брэст, Мінск, Кіеў і іншыя гарады. Змест паведамлення і голас Левітана выклікалі адчуванне поўзання мурашак па спіне.
У спакойны лад сялянскага жыцця прыйшла трывожная невядомасць. Была аб’яўлена тэрміновая мабілізацыя рэзервістаў. Мужчыны збіралі ў палатняныя заплечныя мяшкі свае няхітрыя рэчы: лыжку, кубак, сухары, бялізну, што-небудзь з харчоў – і ішлі ў ваенкамат. Там іх фарміроўвалі ў каманды і адпраўлялі ў Слуцк, Старыя Дарогі – бліжэй да чыгункі. А жынчыны, старыя людзі, дзеці трывожна чакалі далейшых падзей. Так было спрадвеку: калі пачыналася вайна, у войска забіралі тых, хто сеяў хлеб, ні з кім не варагаваў, ні з кім не зьбіраўся ваяваць, а жанчыны і старыя людзі бралі на сябе ўвесь цяжар працы і догляд дзяцей.
На трэці ці чацверты дзень вайны старшыня сельсавета сабраў немнагалюдны сход калгаснікаў. Сход праходзіў на вуліцы каля клуба, як кажуць, на нагах. Стоячы, сяляне слухалі зводку з фронту, у якой гаварылася, што немцы на асобных участках фронту здолелі прасунуцца на нашу тэрыторыю на 5-8 кіламетраў. У гэты час чуліся моцныя і даволі частыя выбухі ў заходнім напрамку. Пачуўшы іх, старыя людзі казалі, што гэта не каля Гродна, а значна бліжэй, мабыць, каля Баранавіч.
Прайшло некалькі дзён вайны, а што робіцца на фронце і, наогул, дзе знаходзіцца той фронт, было невядома. Газеты не выходзілі, радыё і сувязь не працавалі. З боку Слуцка і Мінска ноччу чуліся выбухі, бачна было вялікае зарыва.
Старобінскі раён (Салігорска тады яшчэ не было) апынуўся збоку ад галоўнага кірунку наступлення немцаў. І мы доўга (час ў тыя напружаныя дні вымяраўся інакш) не ведалі, дзе і што адбываецца.
Аднойчы высока ў небе з усходу на захад ляцела вялікая група самалётаў – больш за 20, адзін з іх значна адставаў. Там, уверсе, чулася страляніна. Мы палічылі, што гэта нямецкія самалёты, адбамбіўшыся, вяртаюцца ў Нямеччыну, а наш даганяе іх і абстрэльвае. Але чаму ён адзін?
Праз 4-5 дзён у вёску вярнуліся ўсе мабілізаваныя рэзервісты. Яны сказалі, што іх не паспелі абмундзіраваць і загадалі самастойна, бо цягнікі не ходзяць, рухацца на ўсход. Але неадбылыя салдаты палічылі за лепшае вярнуцца дамоў, чым ісці немаведама куды.
Дзён праз 8-10 вёскай пачалі ісці адступаючыя чырвонаармейцы. Яны ішлі як невялікімі групамі з камандзірамі, так і па адным, як узброеныя, так і бяззбройныя. На пытанні людзей яны адказвалі, што іх полк або батальён былі аточаны немцамі і разбіты, а яны здолелі вырвацца з атачэння і адступаюць на ўсход, да сваіх.
Было бачна, што на фронце катастрофа і адбываецца не адступленне, а ўцёкі. Такога не чакаў ніхто – ні наша галоўнае камандаванне, ні насельніцтва. Былі страх і разгубленасць.
З’явіліся чуткі, што немцы не толькі бамбяць наша гарады, але і закідваюць у нашы тылы дэсанты ў чырвонаармейскай вопратцы і яны ўзрываюць масты, падпальваюць склады, атручваюць ваду. Гэта павялічыла трывогу і разгубленасць, сеяла паніку.
Аднойчы ў нашу вёску на грузавой машыне са Старобіна прыехала група камсамольцаў, узброеных дробнакаліберкамі, на чале з лейтэнантам-памежнікам. Гэта была група па барацьбе з нямецкімі дэсантамі. Яны размясціліся на траве каля клуба, нешта абмяркоўвалі.
У гэты час прыйшла чутка – у вёсцы чуткі ходзяць хутчэй, чым па тэлеграфу – што па вёсцы ідзе невялікая група вайскоўцаў. Можа, нямецкія дэсантнікі?
“Знішчальнікі дэсантаў” заселі паабапал вуліцы, а іх камандзір, падпусціўшы “дэсантнікаў” бліжэй, нечакана выйшаў перад імі і, наставіўшы наган, загадаў ім пакласці зброю, што яны і зрабілі.
Абяззброеных вайскоўцаў павялі да клуба, праверылі дакументы, паразмаўлялі з імі, аддалі зброю і ўсе разам паехалі ў Старобін. Мабыць, вайскоўцы сказалі, што немцаў дробнакаліберкамі не запалохаеш.
Яшчэ доўга ішлі праз вёску адступаючыя вайскоўцы, ці, як іх сталі называць, “акружэнцы”, пыталі дарогу на Мазыр, Жлобін, Гомель. Яны адхіліліся ад галоўнага напрамку ўдару немцаў, бо разумелі, што іх разрозненымі сіламі немцаў не стрымаць, а можна зноў апынуцца ў атачэнні, а то і трапіць у палон. Геаграфічных карт у адступаючых, нават у камандзіраў, не было і яны ішлі, арыентуючыся па сонцы і пытаючыся ў мясцовых жыхароў.
Нам жа, цывільным людзям, стала зразумела, што абараніць нас ад немцаў цяпер ужо ніхто не можа і хутка прыйдзецца з імі ўбачыцца.
Якія яны – немцы? І як яны будуць да нас ставіцца?
Былы прапаршчык царскай арміі Баранчык Дарафей казаў, што немцы – культурная нацыя, яны навядуць у нас парадак. Не ведаў ён, які парадак яны будуць у нас наводзіць! Чамусці не думаў ён і аб тым, што наўрад ці будзе нейкі іншы, чужы народ пасылаць сваю армію ў іншую краіну для таго, каб тым людзям зрабіць жыццё шчаслівым. Акупацыя нікому не прыносіла шчасця.
Аднекуль прыйшла чутка, што «зэкаў», якія будавалі вайсковы аэрадром, вывезлі і іх былы лагер застаўся пустым. Нас, падлеткаў, гэта зацікавіла, хацелася паглядзець, як жылі «зэкі». Праз якую гадзіну мы ўжо былі там. Некалькі вялікіх баракаў са свежанапілаваных дошак, абнесеных высокім плотам з калючага дроту, і адчыненыя наўсцяж вароты ў зону, насцярожаная цішыня паўплывалі на нас прыгнятальна і трывожна. Пахадзіўшы па пустых бараках і пакорпаўшыся ў раскіданых паўсюль паперах, змест якіх нас не вельмі зацікавіў, мы хутка пакінулі зону. Па дарозе дамоў, як толькі перайшлі дарогу Слуцк-Старобін, мы пачулі моцны гул, які хутка нарастаў.
– Нямецкія самалёты! – крыкнуў нехта. – Лажыся!
Мы кінуліся ў высокае жыта і прыціснуліся да зямлі. Гул мацнеў, накочваўся! Мне падалося, што самалёты, мабыць, коцяцца па зямлі і коламі задушаць мяне. Я адарваў сябе ад зямлі, усхапіўся, кінуўся ўбок і ледзь не натрапіў на самалёт з чорным крыжам, які ляцеў па-над самай зямлёй. Бачны быў і твар лётчыка, які глядзеў праз вялікія акуляры ў наш бок. Мне нават здалося, што лётчык усміхаецца. Але ў тое ж імгненне я зноў упаў на зямлю.
Уздоўж дарогі Слуцк-Старобін, паабапал яе, ляцелі адзін за адным нямецкія самалёты, мабыць, патрулявалі дарогу. Так мы ўпершыню ўбачылі немцаў.
Хвілін праз пяць, якія падаліся нам вечнасьцю, самалёты праляцелі, а мы, перабіваючы і перакрыкваючы адзін аднаго, расказвалі, хто што адчуваў і як паводзіў сябе. Паступова пазбаўляючыся ад страху, мы подбегам аддаляліся ад той дарогі бліжэй да сваёй вёскі, бо баяліся, што зноў могуць з’явіцца самалёты і, чаго добрага, пачнуць страляць па ўцекачах. Але ўсё абышлося. Яшчэ праз колькі дзён вёскай праехала, не спыняючыся, група конных немцаў у бок Старобіна. Гэта былі маладыя хлопцы, яны нешта гергаталі, зрывалі і кідаліся яшчэ зялёнымі яблыкамі і не звярталі ўвагі на дзяцей і жанчын, якія сядзелі на лаўцы каля плоту.
І зноў нікога – ні нашых, ні немцаў.
Усталёўваецца нямецкая ўдада
Нават у часы безуладдзя, невядомасці, трывогі нешта прымушае людзей перамяшчацца, некуды ісці або ехаць: то памёр блізкі сваяк у суседняй вёсцы, то нехта захварэў і трэба да доктара. Так становіцца вядома аб падзеях у наваколлі, распаўсюджваюцца чуткі.
Стала вядома, што ў Старобін прыехала нямецкая жандармерыя, створана нямецкая ўправа, арганізоўваюць паліцыю з мясцовых жыхароў. Немцы ведалі, што ў Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі, не ўсе людзі любяць савецкую ўладу, ёсць і незадаволеныя і нават пакрыўджаныя ёю. Гэта перш за ўсё сваякі арыштаваных за «антысавецкую дзейнасць» «ворагаў народу», а таксама раскулачаныя заможныя сяляне і так званыя аднаасобнікі – людзі, якія ні за што не хяцелі ўступаць у калгас, нягледзячы на тое, што іх абкладалі падвышанымі падаткамі, змяншалі памеры прысядзібных участкаў да мінімальных, пакідалі ім толькі тое, што было пад забудовамі, і двор. А сяльчане ж жылі ў асноўным з таго, што атрымлівалі з прысядзібнага ўчастка, а не з працадзён, што ім налічвалі ў калгасе за іх працу. Ды і безгаспадарчасці ў калгасах было нямала. Таму ў вёсцы былі людзі гатовыя супрацоўнічаць з немцамі.
З нашай вёскі адразу пайшлі ў паліцыю тры чалавекі і перш за ўсё наш сусед Самусёў Піліп. Гэта быў вельмі неардынарны чалавек. У першыя гады Савецкай улады яму вельмі спадабалася вызначэнне Леніна: «Рэлігія – опіўм для народу». Піліп зняў з покуці ў сваёй хаце абразы святых, вынес іх на вуліцу і патаптаў нагамі. Але пазней, калі пачалі арганізоўваць калгасы і амаль прымусова пачалі заганяць у іх людзей, адданы ленінец Піліп катэгарычна адмовіўся стаць калгаснікам. Ён жыў з сям’ёй у вёсцы Радкава, што ў 3-4 км ад нашай вёскі, а па-суседску з намі жыла яго старэнькая маці.
Нечакана жыццё Піліпа зноў крута змянілася. У адзін з навальнічных дзён згарэла ад маланкі яго хата і загінула жонка.
– Гэта Бог яго пакараў за багахульства, – шапталіся кабеты.
Але Піліп, у якога на руках засталіся трое дзяцей, не зламаўся. Неўзабаве ён ажаніўся, пераехаў у нашу вёску ў дом сваёй маці, якая хутка памерла, і стаў нашым суседам. Нягледзячы на тое, што чалавек ён быў своеасаблівы, жылі мы з ім па-суседску няблага. Зрэдку я хадзіў да дзядзькі Піліпа падстрыгацца – у яго была машынка. А часам нас падстрыгалі ножнамі для стрыжкі авец. У мяне на галаве была блізна, што засталася пасля таго, як мой старэйшы брат, кінуўшы ўгару кавалак бляхі, незнарок параніў мяне. Убачыўшы пад час стрыжкі блізну, Піліп пытаўся:
– Што, гэта табе замком галаву разбілі, як ты лез нешта красці?
Мне было няёмка, што мяне называлі злодзеем, і я чырванеў ад незаслужанага сораму.
Паліцэйскія спачатку хадзілі ў цывільнай вопратцы, толькі з вінтоўкай і белай павязкай на рукаве. Затым ім выдалі мундзіры чорнага колеру, такія ж фуражкі і боты. Ім было загадана затрымліваць «акружэнцаў», камуністаў, а таксама яўрэяў, якія не хацелі ісці ў гета.
Зусім нечакана пайшоў служыць у паліцыю сваяк Саламеі Міхайлаўны. Гэта быў звычайны калгаснік, пакрыўджаны Савецкай уладай не больш за іншых.
Па вёсцы месцамі былі вывешаны загады камендатуры, у якіх патрабавалася ад насельніцтва неадкладна здаць кінутую чырвонаармейцамі, а таксама паляўнічую зброю, радыёапаратуру, нават рэпрадуктары. Забаранялася даваць прытулак «акружэнцам» і яўрэям. За невыкананне – РАССТРЭЛ!
Было страшна. Адразу стала адчувацца, што новая ўлада – чужая.
Крыху пазней немцы дазволілі «акружэнцам», якія сталі на ўлік у жандармерыі, пасяліцца ў сем’ях мясцовых жыхароў, дзе не было мужчын, што некаторыя і зрабілі – сталі «прымакамі». Мабыць, немцы думалі так выключыць адступаючых чырвонаармейцаў з ваеннай дзейнасці.
Было дазволена таксама забіраць мясцовых жыхароў з лагера ваеннапалонных у Слуцку, калі прыедуць бацькі ваеннапалоннага або жонка з даведкай ад старасты вёскі аб тым, што гэта мясцовы жыхар.
У той час нямецкія вартавыя не падпускалі людзей, якія спрабавалі перадаць праз калючы дрот хлеб ваеннапалонным – цкавалі сабакамі і нават стралялі.
Аднойчы, увайшоўшы ў сваю хату, я ўбачыў трох мужчын. Гэта былі мой бацька, яго швагер Ціхан і сваяк Саламеі Міхайлаўны паліцэйскі Мацукевіч Конан. Мужчыны былі занятыя сур’ёзнай размовай – на іх тварах напружанасць і нярвовасць. Я ціхенька прашмыгнуў у запечак і сцішыўся там, каб паслухаць, пра што ідзе размова.
Аказалася, што Ціхан і мой бацька спрабавалі пераканаць Конана ў памылковасці яго рашэння служыць у паліцыі.
– Навошта гэта табе? Ці ты не можаш зарабляць хлеб, як усе людзі? Ды і ці добра гэта, што ты затрымліваеш «акружэнцаў» і здаеш іх у лагер для ваеннапалонных? Можа, дзе нашы аднасяльчане ідуць дамоў, ратуючыся ад смерці, а іх ловяць, арыштоўваюць, не пускаюць дамоў. Хіба яны злачынцы якія? Адумайся, чалавеча! Мы гэта табе раім, як свае людзі, радня.
– А нечага ім хадзіць па вёсках ды па лясах. Так яны злодзеямі або бандытамі стануць, а з лагера ваеннапалонных іх адпусцяць, калі скончыцца вайна.
– Ты ж паглядзі ў Слуцку, як яны жывуць у тым лагеры. Яны ж там і днююць і начуюць пад адкрытым небам, пад дажджом, галодныя і хворыя, а то і параненыя за калючым дротам. Пакуль скончыцца вайна, яны ўсе памруць і адпускаць не будзе каго.
Як ні намагаліся мужчыны, але вытрасці з Конана тое, што на яго найшло, ня здолелі. Мужчыны разышліся, узяўшы з паліцэйскага слова, што аб гэтай размове ён нікому не скажа – баяліся пакарання. Пазней мне стала вядома, што з Конанам размаўлялі і жанчыны-сваячкі. У нашай мясцовасці здаўна повязі родных па крыві людзей былі моцныя, стала падтрымліваліся, сваякі дапамагалі адзін аднаму, раіліся паміж сабой. Але і жанчын Конан не паслухаўся.
А затым адбылося тое, што і можна было чакаць.
Уначы ў акно яго хаты пастукаліся і паклікалі: – «Адчыніце!» Конан выйшаў паглядзець, хто гэта, і… назад не вярнуўся. Хто яго забраў – невядома. Вядома толькі, што яго жонка стала ўдавой, а дзеці сіротамі.
Наш сусед-паліцэйскі Піліп уладкаваўся на працу ў Старобіне пісарам у нейкай канторы пры жандармерыі. Дамоў прыходзіў рэдка, да нас ставіўся афіцыйна суха, але не варожа. Не ў прыклад яму, яго жонка з пяццю дзецьмі засталася ў вёсцы і літаральна тэрарызавала нас. Бацьку яна называла камуністам, а мяне камсамольцам, хоць я быў толькі піянерам. Дарэчы сказаць, баючыся яе, я схаваў свой піянерскі гальштук у дупле старой ліпы.
Не ведаю, ці па даносе жонкі Піліпа, ці па іншай прычыне, бацьку выклікалі ў старобінскую жандармерыю, але ў той жа дзень адпусцілі. Праз некалькі дзён Піліп сказаў бацьку, што ён параіў сваёй жонцы не сварыцца з суседзямі. Яна трохі прыціхла, але прыхаваная варожасць паміж намі засталася.
Пазней, калі ўжо сталі актыўна дзейнічаць партызаны, пры іх прыездзе ў вёску жонка Піліпа з дзецьмі хавалася. Але на яе партызанам ніхто не скардзіўся – шкадавалі дзяцей, хоць партызанскія сем’і немцы бралі ў закладнікі нярэдка.
Чаму Піліп не забіраў сваю сям’ю ў Старобін – невядома, аднак улетку 1944 года, калі немцы спешна адступалі, у той суматосе Піліп з сям’ёй здолеў эвакуіравацца спачатку ў Нямеччыну, а затым у ЗША, дзе жыў яго ці то дзядзька, ці то брат.
Першыя афіцыйныя прадстаўнікі нямецкай улады з’явіліся ў нашай вёсцы ў жніўні 1941 года. Гэта былі два жандары ў суправаджэнні некалькіх паліцэйскіх, адзін з жандараў ведаў рускую мову. Паліцэйскія склі́калі на сход дзесяткі два-тры мужчын для абрання старасты вёскі.
– Вот ты, усатый, – сказаў немец, паказваючы пальцам на аднаго з мужчын, – будешь старостой. Будешь выполнять все распоряжения немецкой власти, а вы будете его слушаться. Понятно?
– Панятна. Куды ўжо больш?
На гэтым сход скончыўся, усе пачалі разыходзіцца, а жандар з «абраным» старастам пайшоў знаёміцца з вёскай.
На невялічкай плошчы каля клуба, утворанай перакрыжаваннем вуліц, стаяла збітая з дошак трыбуна, з якой у вялікія дзяржаўныя святы трымалі свае прамовы выступоўцы. Паблізу, упоперак галоўнай вуліцы, стаяла высокая брама з пяцікутнай чырвонай зоркай наверсе і ўжо палінялым лозунгам: «Няхай жыве 1-е мая!». Убачыўшы гэта, немец загадаў, каб зорку сёння ж знялі, і дадаў: «Звёзд на небе хватает».
У гэты час высока ў небе праляталі нейкія самалёты. Немец, задраўшы ўгару галаву, сказаў: «Советские лётчики отважные, но их самолёты бумажные». Як бачым, ён не пазбаўлены быў пачуцця гумару [на справе – гэта яўныя прыкметы таго, што нямецкія прапагандысты ўжо ў той час валодалі тым, што мы цяпер называем PR-ам. – Рэд.].
З гэтага часу прадстаўнікі нямецкай улады сталі перыядычна прыязджаць у вёску для правядзення розных акцый і пабораў.
Калгас быў распушчаны. Створаная з калгаснікаў камісія падзяліла зямлю паміж сялянамі, на кожны двор прыйшлося па 4 гектары ворыўнай зямлі і нейкая колькасць сенажаці. Падзялілі і коней, вупраж, плугі і іншы інвентар. Кароў з калгаснай фермы немцы забралі, толькі некалькі кароў раздалі самым бедным і шматдзетным сем’ям.
Ураджай першага ваеннага года збіралі ўжо не з калгаснай, а са сваёй зямлі. На работу ішлі не па загадзе брыгадзіра, а па сваім разуменні – дзе, што і калі трэба рабіць. Лад жыцця стаў набліжацца да таго, якім ён быў да рэвалюцыі 1917 года.
Грошай не было. Так як не было за што купіць адзенне і абутак, то сталі ткаць ільняныя вырабы і шыць сабе адзенне. Сталі моднымі лапці, а ўзімку яшчэ і суконныя валёнкі, клееныя высокія гумавыя галошы.
1-га верасня дзеці па звычцы пайшлі ў школу, я – у 7-мы клас. Як будзе ісці навучанне і чаму нас будуць вучыць, не ведалі не толькі мы, але і настаўнікі. Ды і настаўнікаў засталося мала, толькі свае, вясковыя, а прыезжыя падаліся на сваю радзіму. Школьных падручнікаў не было, а вучыцца па савецкіх забаранялася. У такіх умовах школа праіснавала нядоўга: праз 2-3 месяцы яна была зачынена і мы, падлеткі, цалкам далучыліся да жыцця дарослых. З аднаго боку, гэта было добра, бо мы хутчэй станавіліся больш сталымі, дарослымі, практычнымі, а з іншага – гэта была страта часу для навучання ў маладыя гады. У далейшым усе мае аднагодкі так і нікуды не паступілі вучыцца.
У кожнай гаспадарцы акрамя каня і каровы былі свінні, куры, а ў многіх яшчэ і авечкі. І ўся гэтая жыўнасць заганялася ў хлявы толькі на ноч, а ўдзень хадзіла па вуліцах, пустках, выганах, паабапал дарог, толькі і чакала моманту, каб у зручным месцы залезці ў гарод і паласавацца тым, што там расло. Каб абараніць пасевы ад гэтага нашэсця, трэба было мець надзейную агароджу.
За плотам
Карыстаючыся тым, што лес пад час акупацыі практычна не ахоўваўся, мой бацька вырашыў паставіць новы плот, але не дзеля абароны ад жывёлы, а каб адгарадзіцца ад суседа-паліцэйскага. Мы навазілі з лесу сасновых жэрдак і калоў, саскрэблі з іх кару і пачалі ўзвядзенне плоту. Спачатку ўдакладнілі мяжу паміж участкамі па капяжы стрэх хаты і хлява і па гэтай лініі пачалі ўкопваць слупкі і прыбіваць да іх жэрдкі, каб потым прымацаваць да іх калы.
Убачыўшы гэта, жонка Піліпа ўстрывожылася, прыйшла правяраць, ці не захопліваем мы хоць крыху іхняй зямлі.
– Вазьмі – ды палову нашага ўчастка сабе прыгарадзі, – прашыпела яна.
– Навошта? Мне свайго хапае, – адказаў бацька.
Мы працягвалі сваю работу: шчыльна ставілі высокія калы і прывязвалі да жэрдак дротам або прыбівалі цвікамі, зробленымі з таго ж дроту – секлі яго зубілам на кавалкі. Дроту трэба было шмат, а здабываць яго даводзілася з небяспекай – знімалі са слупоў электрычных і тэлефонных ліній, бо яны ў той час не працавалі. Мы з Іванам Рускевічам лезлі на слуп, разбівалі фарфоравы ізалятар, здымалі з крука дрот і, узяўшыся за яго рукамі, спускаліся ўніз да зямлі, а там перакусвалі дрот абцугамі.
Праз некалькі тыдняў на мяжы з участкам паліцэйскага ад нашага хлява да самага гумна ўжо стаяў высачэзны плот з жаўтаватых са смаляным водарам калоў. Кідалася ў вочы знарочытасць яго вышыні і працягласці.
– І не баішся ты Піліпа? – запыталася ў бацькі цётка Люцэя.
– А я нічога кепскага не раблю: як многія іншыя дюдзі, стаўлю новы плот, і толькі.
– Але ж вельмі бачна, што ты не проста ставіш плот, а адгароджваешся ад Піліпа.
– Няхай сабе. Кожны бачыць тое, што хоча бачыць.
Невядома, што падумаў Піліп, калі прыўшоў дамоў са Старобіна і ўбачыў наш плот. Мабыць, ён зразумеў усё, але не сказаў нічога. Напэўна, ён быў усё ж аб’ектыўным і справядлівым чалавекам, хоць погляды на жыцьцё ў нас адрозніваліся.
Як ні дзіўна, але нам стала неяк спакайней, здавалася, што плот засцерагае нас ад магчымых непрыемнасцяў ад суседа.
Стрыгчыся да яго я больш не хадзіў. Так і жылі мы за гэтым высокім плотам да самага вызвалення з-пад акупацыі, як за кітайскай сцяной.
Не ўсе скарыліся
Прыйшла восень з яе першымі замаразкамі. З палёў звезены ўвесь ураджай, выкапана бульба. Набліжалася першая ваенная зіма. Да гэтага часу немцы ўжо зайшлі за Смаленск, захапілі амаль усю Украіну, атачылі Леінград. Але мы гэтага дакладна не ведалі, бо радыё не працавала, газеты не выходзілі.
Як бы там ні было, але ў нас не стралялі, самалёты блізкіх гарадоў і вёсак не бамбілі. Пачынала здавацца, што вайна сціхла, бо яна была недзе далёка, а блізка – у Старобіне, Слуцку – былі немцы, паліцыя. «Акружэнцы» ўжо не ішлі, яны або трапілі ў палон, або пайшлі ў «прымакі», або прымусова – у паліцыю. Аб тым, што некаторыя з іх пайшлі ў партызаны, мы не ведалі і пра партызан не чулі, бо ў першыя месяцы акупацыі партызанскіх атрадаў яшчэ не было.
Але вось дайшла чутка, што на дарозе Слуцк-Старобін на міне падарвалася нямецкая машына. Іншым разам пад ямецкую машыну нехта з-за кустоў кінуў гранату, была пашкоджана нямецкая сувязь.
Станавілася зразумелым, што хоць немцы ўжо, нібыта, і атабарыліся, але не ўсе перад імі скарыліся. Немцы і паліцыя слова «партызаны» не прамаўлялі, а толькі – «бандыты», бо яны хацелі, каб мясцовае насельніцтва не падтрымлівала партызан. Але ж партызаны – гэта былі ў асноўным мясцовыя жыхары, партызанскі рух шырыўся, узмацняўся і немцам потым давялося-такі навучыцца вымаўляць слова «партызан».
Аднойчы раніцай у нашу вёску прыехалі два ці тры жандары і некалькі паліцэйскіх. Старасце загадалі сабраць пабольш маладых мужчын і хлопцаў з сякерамі, піламі і рыдлёўкамі. У тое зборышча трапіў і я. Жандар вокрыкамі і бізуном пастроіў нас у калону і загадаў рухацца ў напрамку вёскі Дубеі, а там нам было дана заданне ачысціць зямлю ад лесу і кустоў на адлегласці ў 50 метраў паабапал дарогі Слуцк-Старобін ад вёскі Дубеі да гарнізона ў Старобіне.
Некалькі дзён мы спільвалі дрэвы, секлі кусты, усё гэта сцягвалі ў кучы і спальвалі. У выніку дарога, якая да гэтага жвава бегла па зялёным лесе, цяпер стала неяк млява і нудна паўзці па асірацелай пустцы. Па такой дарозе немцам ездзіць было не так небяспечна.
Але на гэтым справа не скончылася. Старасце было загадана штодзённа з самай раніцы пасылаць на тую дарогу людзей з коньмі, каб баранаваць яе. Разлік быў на тое, што калі ўначы партызаны паставяць міны, то раніцай, барануючы дарогу, іх выцягнуць. Тое, што міна выбухне, немцаў не турбавала.
«Што рабіць? – думалі мужчыны. – Як выратаваць ад смерці сябе і зберагчы каня?»
І што-кольвечы прыдумалі. Вупраж рабілі так, каб барана цягнулася на 3-4 метры ззаду каня, а кіроўца ішоў па самым ускрайку дарогі. Небяспека заставалася толькі для каня, калі ён выпадкова наступаў на міну капытом.
Так як міны ставіліся рэдка, то ніхто з людзей не загінуў, але сам нямецкі спосаб «размінавання» дарогі паказаў людзям, хто прыйшоў на нашу зямлю – гэта не проста акупанты, а нелюдзі. У далейшым гэта выявілася яшчэ больш яскрава.
Акрамя такога спосабу «размінавання» немцамі было абвешчана, што той, хто знойдзе на дарозе міну і выцягне яе або ўзарве, атрымае кілаграм солі або цукру – вельмі дэфіцытных у той час. Як ні дзіўна, але адзін такі дабраахвотнік-«размінёр» знайшоўся. Хоць ён, на яго шчасце, не загінуў, але амаль зусім аслеп і да канца жыцця хадзіў з пакалечанымі кісцямі рук і тварам, якія нібы апавядалі аб яго колішняй бяздумнасці і сквапнасці.
Аднойчы, прыехаўшы са Старобіна, бацька прывёз плакат, на якім на фоне контураў геаграфічнай карты Савецкага Саюза з абазначэннем Масквы, Тулы, Калініна, Ленінграда быў намаляваны ланцуг знясіленых, акрываўленых савецкіх салдат, якія ледзь стаялі на нагах, трымаючы адзін аднаго за рукі. Пад малюнкам надпіс: «Яны абараняюць Маскву». Плакат бацьку ўручылі ў Старобіне паліцэйскія і загадалі павесіць яго ў сваёй хаце, што бацька і вымушаны быў зрабіць.
Вайна вайной, а ў жыцці ўсё ішло па сваіх агульных законах: людзі працавалі, жаніліся, нараджаліся, паміралі. У нашай вёсцы пачала працаваць царква, аднаўляліся забытыя, было, абрады: вянчанне, хрышчэнне, адпяванне нябожчыкаў і іншыя. На ўездах у вёску былі пастаўлены вялікія крыжы, павязаныя кавалачкам палатна, як сімвал веры ў Бога і пакоры.
– Вечык, я табе нешта скажу, толькі ты аб гэтым нікому не расказвай, – сказаў мне аднойчы бацька, калі мы з ім былі адны ў хаце.
– Добра. Калі не можна, дык і не буду расказваць.
– То слухай. Мінулай ноччу да дзядзькі Платона прыходзіў яго старэйшы сын – Гаўрыла. Ён жыў у вёсцы Капацэвічы, там і цяпер яго сям’я – жонка і двое дзяцей, а сам ён у партызанскім атрадзе. Заходзіў дамоў, каб памыцца, пераапрануцца і ўзяць якіх харчоў. Як бачыш, перад немцамі не ўсе скарыліся.
«Вось гэта здорава!» – падумаў я.
У далейшым, калі з асобных груп партызан утварыліся атрады, партызаны ўжо не хадзілі за харчовымі падмацаваннямі да сваіх родных, бо гэта было небяспечна – паліцэйскія маглі падпільнаваць і арыштаваць або забіць іх. У харчовыя рэйды ездзілі цэлым атрадам.
Зіма набірала сілу. Усё было засыпана снегам, стаялі моцныя маразы. Па замерзлым балоце мужчыны звозілі ў гумны і хлявы сена, што накасілі ўлетку. Вазілі дровы, даглядалі жывёлу, плялі лапці. Жанкі церлі і пралі лён, ткалі – амаль у кожнай хаце стаялі кросны.
Шмат часу займаў абмалот збожжа, бо рабілася гэта ўручную, з дапамогай вельмі старажытнай прылады працы – цэпа. У гэтай рабоце ўдзельнічаў і я. Гадзін у шэсць раніцы бацька будзіў мяне, мы запальвалі ліхтар і ішлі ў гумно. Там, павесіўшы ліхтар, мы скідвалі снапы збожжа на ток і пачыналі малаціць. Цікавая, дынамічная гэта праца, асабліва калі малаціць удвох або ўтраіх! Трэба раз за разам біць бічом па калоссі снапа па чарзе, не трапляючы па бічы напарніка.
– Тах-тах-тах, тах-тах-тах, тах-тах-тах! – падбадзёваюць малацьбітоў рытмічныя гукі, а сноп круціцца, як уюн на патэльні.
З абмалочаных снапоў, узяўшы іх за калоссе, вытрасалі дробную салому, а буйную звязвалі ў кулі, патрэбныя для рамонту стрэх. Вымалачанае збожжа веялі, адбіраючы буйное зерне на насенне, дробнае – на корм жывёле, а сярэдняе ішло для выпечкі хлеба. Малолі ў млыне-ветраку або ў жорнах (яшчэ адна старажытная прылада працы).
Акрамя дапамогі бацькам у дамашняй працы, я чытаў, хоць умовы для гэтага былі не вельмі адпаведныя: кніг было вельмі мала, а яшчэ горш было са святлом. Асвятленне, якое ішло ад газоўкі, дазваляла толькі, ходзячы ў хаце, не наторквацца на рэчы, а чытаць было цяжка.
– Не сляпі ты сабе вочы, – казала мне маці, калі я зачытваўся над кнігай. Недахопам гэтага свяцільніка было яшчэ і тое, што пры неасцярожных рухах яго лёгка было патушыць, а каб зноў запаліць, трэба было скарыстоўваць запалкі, якія былі вялікім дэфіцытам.
Партызаны
У 1942 годзе на Старобіншчыне і ў прылеглых раёнах асобныя партызанскія групы сталі аб’ядноўвацца ў атрады і весці партызанскую вайну супраць акупантаў. Пра іх баявую дзейнасць мы ведалі мала, бо спачатку яна і была не вельмі значнай, а вось пра партызанскія харчова-прамысловыя рэйды мы ведалі добра. Звычайна аб гэтых рэйдах мы ў вёсцы даведваліся з таго, што ў адным з канцоў вёскі ўначы ўспыхваў сабачы брэх, які хутка распаўсюджваўся па ўсёй вёсцы. Сабакі першымі ўсведамлялі, што ў вёску заявіліся чужыя людзі, і брэхам паведамлялі аб гэтым сваім гаспадарам. Крыху пазней у вёсцы то там, то тут чуўся стук у акно і прыцішаны голас:
– Хозяин, открывай!
– Хто там? – пытаўся сонны гаспадар.
– Открывай – увидишь. Свои.
У хату ўваходзілі ўзброеныя людзі і гаспадару станавілася зразумелым, што цяпер ужо не ён, а гэтыя ўзброеныя людзі з’яўляюцца гаспадарамі ў яго хаце.
– Немцев и полицаев в деревне нет?
– А хто ж іх ведае? Удзень, здаецца, не было.
– Хорошо, надеемся, што вы уже поняли, што мы партизаны, и вы знаете, што нас никто не обеспечивает ни продовольствием, ни одеждой. А вы сдаёте налог окупантам, с которыми мы воюем.
– А што ж нам рабіць? Мы заўжды плоцім налог уладзе. Чыя ўлада – таму і плоцім.
– Ну, так вот, теперь наша, советская, власть, а поэтому соберите пуда два муки или зерна, буханку хлеба, кусок сала. Не откажемся от сыра, масла, яиц. А для сугрева можно и бутылку самогона.
Начных «гасцей» кармілі, давалі, адрываючы ад сям’і, прадукты харчавання і яны ад’язджалі. Шум у вёсцы сціхаў, сабакі, яшчэ трошкі пабрэхваючы, залазілі ў свае будкі, а людзі, зноўку часова стаўшы гаспадарамі, лажыліся спаць.
Часам з-пад Лунінца наведваўся атрад Камарова, у складзе якога было шмат вайскоўцаў з былых ваенных злучэнняў, разбітых немцамі ў першыя дні вайны. У гэтым атрадзе была больш строгая вайсковая дысцыпліна. Партызаны гэтага атрада нічога самі не бралі. Яны заходзілі ў хату і казалі гаспадару:
– Насыпце, колькі можаце, мукі ці збожжа, а калі маеце, дайце кавалак сала або што-небудзь з вопраткі, абутку.
І людзі давалі, што мелі, дзяліліся апошнім. Павага партызан да гаспадароў дзейнічала не горш, чым пагрозы.
Так з зімы 1942/43 гадоў да лета 1944-га нямецка-паліцэйская ўлада ўдзень нярэдка замянялася савецкай уладай уначы. Змены ўлады не вельмі падабаліся сялянам, бо прадстаўнікі як адной, так і другой улады заўсёды што-небудзь забіралі. З цягам часу паборы павялічваліся, у гаспадароў прышэльцы ўжо перасталі прасіць, а пачалі самі шукаць, што ёсць у хаце, сенцах, каморы, хляве. І забіралі тое, што ім трэба. Узнік яўны дэфіцыт мукі, солі, цукру, мыла, запалак. Сталі забіраць гусей, курэй, авечак, свіней, вопратку, часам нават знімаючы яе з плячэй гаспадара.
Калі хто выказваў пратэст, яго папракалі:
– Вы тут сидите на тёплой печке, а мы воюем с оккупантами.
– А хіба ж мы вінаватыя ў тым, што наша армія пусціла іх сюды?
– Ты поговори мне ещё! У-у, полицейская морда, немецкий послугач!
У такіх абставінах узнікла своеасаблівае спаборніцтва паміж забіральнікамі і аддавальнікамі. Гаспадары пачалі хаваць усё, што можна, а партызаны вучыліся адшукваць нават тое, што было вельмі адмыслова схавана. Схаваць нейкую рэч трэба было так, каб не толькі было цяжка яе знайсці, але і каб яна не змокла, не пакрылася цвіллю – не сапсавалася. Вопратку хавалі дзе-небудзь у падстрэшшы, каб не навідавоку. Збожжа закопвалі ў зямлю, трэба ж было, каб хоць на насенне засталося. Некаторыя, пачуўшы, што праехалі партызаны, апраналі лепшую вопратку на сябе, а зверху розныя лахманы. Для авечкі або падсвінка рабілі хованку ў саломе, што была ў хляве ці гумне, і праз спецыяльны лаз падавалі ежу.
Але партызаны хутка ўведалі ўсе гэтыя хованкі. Тоўста апранутых распраналі, закапанае ў зямлю знаходзілі пры дапамозе шомпала, зазіралі ў студні. Навучыліся знаходзіць і схаваных жывёл.
Пра адзін такі выпадак хочацца распавесці падрабязней. Вядомы ў вёсцы «штукар» Баранчык Платон схаваў у саломе невялікага падсвінка, карміў-гадаваў яго і спадзяваўся, што хутка для сям’і будзе добры пачастунак. Калі прыехалі партызаны, Платон сказаў, што ў яго нічога, акрамя каровы, няма, – ведаў, што апошнюю карову партызаны не забіраюць.
– А мы это проверим, – сказаў партызан і пайшоў з Платонам у хлеў. У хляве было пуста і ціха, толькі ў кутку з паўвозу саломы. Партызан аказаўся кемлівым. Ён ведаў, што свінні – палахлівыя жывёлы, і ,спалохаўшыся, гучна «гукаюць». І ў начной цішыні партызан нечакана гучна крыкнуў: «Гу!» Платонаў падсвінак спалохаўся і з-пад саломы адказаў: «Гу!» Узрадаваны партызан даў Платону аплявуху за падман. А Платон-штукар сказаў:
– Ну, дзюдзя, вылазь, прыйшла Савецкая ўласць! – за што атрымаў другую аплявуху.
Назаўтра над гэтым здарэннем смяялася ўся вёска.
Людзі разумелі, што партызанам трэба есці, апранацца, асабліва ўзімку, але аддаваць ім свой кажух або боты, валёнкі, свэтар ці мяшок збожжа або мукі, а тым больш жывёлу, не хацелася, асабліва тым, у каго вялікая сям’я.
Стала не хапаць не толькі мяса, але і хлеба. Добра схаванае жыта, хто здолеў яго захаваць, даставалі па-трошку і малолі ў жорнах, па жмені-дзве дадавалі ў бульбяное цеста і пяклі хлеб, які нават па выгляду, а не толькі па смаку, быў мала падобны да хлеба.
Як бы ў адпаведнасці з хлебнай сітуацыяй нехта ўначы падпаліў абодва млыны-ветракі, што стаялі на ўзгорку каля вёскі, і яны згарэлі дашчэнту. Цяжка сказаць, хто гэта зрабіў, бо млыны ж нікому не перашкаджалі – ні немцам, ні партызанам.
Ва ўмовах жыццёвага бязладдзя пачалося самагонаварэнне і п’янства. Бульбы было дастаткова, знаходзілі і ячмень для соладу. Сканструяваць самагонны аппарат было для народных умельцаў справай не вельмі складанай. Прадукцыя ж гэтай вытворчасці аказалася вельмі запатрабаванай і, можа, не так для свайго ўжывання, як больш для залагоджвання ўзброеных людзей, што былі гаспадарамі становішча, каб адкупіцца ад іх.
Трэба адзначыць, што матэрыяльныя недахопы перажываліся не так цяжка, як прыгнечанае, безабароннае становішча. Уладарамі ўсіх і ўсяго былі ўзброеныя людзі, яны чынілі і суд, і расправу. Цвёрдай улады не было. Была ўлада сілы!