Імануэль Кант (пераклаў Яўген Бяласін)
Ад перакладчыка: Імануэль Кант (1724 – 1804 гг.) у нас вядомы як абьект крытыкі філосафаў-марксістаў. Гэты філосаф распрацаваў сваю сістэму этыкі, яго вылучаюць самастойнасьць і неардынарнасьць думкі. Кант мае вялікі наробак і на мяжы філасофіі ды літаратуры: менавіта ён зьяўляецца тэарэтыкам асьветніцкай плыні ў нямецкай літаратуры ХVIII стагодзьдзя. Прапануючы ўвазе чытачоў пераклад яго трактоўкі крэда асьветнікаў, я думаю, што тэкст будзе ацэнены ня толькі як гісторыка-філасофскі, але і сугучны нашым сёньняшнім дачыненьням.
Яўген Бяласін.
Асьвета – гэта сыход чалавека зь яго самачыннай недзеяздольнасьці. Недзеяздольнасьць ёсьць няздольнасьць паслугоўвацца сваім розумам без накіроўваньня другімі. Самачыннай гэтая недзеяздольнасьць зьяўляецца тады, калі яе прычына ляжыць у недахопе ня розуму, а рашучасьці і мужнасьці паслугоўвацца ім без накіроўваньня другімі. Sapere aude! Май мужнасьць паслугоўвацца сваім уласным розумам – вось дэвіз асьветніцтва.
Лянота і баязлівасьць ёсьць прычынамі, чаму вельмі вялікая частка людзей пасьля таго, як прырода ўжо даўно абвясьціла ім свой вырак быць свабоднымі ад чужога кіраўніцтва, усё ж ахвотна на ўсё жыцьцё застаюцца недзеяздольнымі, і чаму другім так лёгка авалодаць палажэньнем апекуноў. Быць недзеяздольным зручна. Калі ў мяне ёсьць кніжка, якая прапануе мне розум наўзамен майго, душпастыр, які пасьвіць маё сумленьне, доктар, які для мяне прызначае маю дыету і г.д., то мне ж тады ня трэба самому выпінацца. Мне няма патрэбы думаць, бо я ж магу толькі плаціць; іншыя выканаюць за мяне гэтую непрыемную работу. Што найбольшая частка людзей (сярод іх увесь прыгожы пол) лічыць крок да дзеяздольнасьці, апроч таго што ён цяжкі, яшчэ і вельмі небясьпечным, – пра гэта ўжо клапоцяцца тыя апекуны, якія гэтак шчыра ўзялі на сябе функцыю нагляду.
Пасьля таго, як яны сваё быдла спачатку зрабілі дурным і старанліва пазьбягалі таго, каб гэтыя ціхмяныя стварэньні маглі асьмеліцца зрабіць хоць крок з тых ясьлей, у якія іх запёрлі, – яны паказваюць ім небясьпеку, якая ім пагражае, калі тыя паспрабуюць ісьці самастойна. І вось, хоць гэтая небясьпека такой вялікай якраз не зьяўляецца, бо ўпаўшы некалькі разоў, яны, мабыць, навучыліся б хадзіць, папярэджаньне ўсё ж выклікае няпэўнасьць і найчасьцей адпалохвае ад далейшых спробаў.
Такім чынам, для кожнага чалавека паасобку цяжка выбрацца са сваёй недзеяздольнасьці, якая стала амаль часткай яго натуры. Ён нават упадабаў яе і сапраўды ня ў стане карыстацца сваім уласным розумам, таму што яму ніколі не дазвалялі гэта зрабіць. Прадпісаньні і правілы, гэтыя мэханічныя інструменты разумовага ўжытку, ці хутчэй злоўжываньня прыродных здольнасьцяў, зьяўляюцца кайданамі хранічнае недзеяздольнасьці. Калі б хто-небудзь пазбыўся іх, то ён зрабіў бы нават цераз малую яміну скачок усяго толькі няўпэўнены, бо ён нязвыклы да такой вольнай манеры духу. Таму знаходзяцца толькі нямногія, каму ўдалося дзякуючы працы над сваім духам выблытацца з недзеяздольнасьці і дасягнуць упэўненае хады.
Але тое, што супольнасьць асьвеціць сама сябе, магчыма; гэта амаль непазьбежна, калі ёй даць адно толькі свабоду. Таму што знойдуцца, нават пры дзейсных апекунах над вялікай масай людзей, некалькі асоб з самастойным мысьленьнем, якія сьпярша самі скінуўшы ярмо недзеяздольнасьці, будуць распаўсюджваць вакол сябе дух разумнай ацэнкі ўласнай вартасьці і пакліканьня чалавека думаць самастойна.
Супольнасьць можа дасягнуць асьветы толькі памалу. Шляхам рэвалюцыі будзе дасягнуты адыход асабістай дэспатыі і карысьлівага альбо ўладалюбнага прыгнёту, але ніякім чынам не адбудуцца сапраўдныя ператварэньні ў манеры мысленьня; больш за тое, новыя інтрыгі, як у свой час старыя, будуць служыць цуглямі бяздумнай вялікай людзкой масы.
А вось для асьветы не патрэбна анічога, акрамя свабоды, найбясшкоднай з усяго, што можна назваць свабодай, і гэтая свабода ёсць свабодай ва ўсіх справах адкрыта карыстацца сваім уласным розумам. (…) Калі ж тут спытаюць: ці жывём мы ў асьвечаны век? – то адказ будзе: не, але, відаць, у век асьветы.
1. “Недзеяздольнасьць ёсьць няздольнасьць паслугоўвацца сваім розумам без накіроўваньня другімі. Самачыннай гэтая недзеяздольнасьць зьяўляецца тады, калі яе прычына ляжыць у недахопе ня розуму, а рашучасьці і мужнасьці паслугоўвацца ім без накіроўваньня другімі. Sapere aude! Май мужнасьць паслугоўвацца сваім уласным розумам”
“паслугоўвацца сваім уласным розумам” чалавек можа пры пошуку і прыняцьці рашэньняў (што зьвязана з псыхалягічнай здольнасьцю чалавека), калі ён мае дастатковыя веды, як шукаць тыя рашэньні. Такія веды назапашваюцца пакаленьнямі ў розных народах і перадаюцца нашчадкам праз асьвету і адукацыю. Наўрад такія веды можа здабыць адзін чалавек на працягу свайго зямнога жыцьця з дапамогай свайго розуму, каб карыстацца толькі здабытымі самастойна ведамі: ад кола і агню да кантаўскай філязофіі.
2. “Лянота і баязлівасьць ёсьць прычынамі, чаму вельмі вялікая частка людзей пасьля таго, як прырода ўжо даўно абвясьціла ім свой вырак быць свабоднымі ад чужога кіраўніцтва”.
Зь “лянотай” можна пагадзіцца, з “баязьлівасьцю” – не зусім. Бо спадар Кант не ўдакладніў (магчыма тады яшчэ і не задаваўся пытаньнем: баязьлівасьць чаго (каго) і чаму “ёсьць прычынамі, чаму вельмі вялікая частка людзей пасьля таго, як прырода ўжо даўно абвясьціла ім свой вырак быць свабоднымі ад чужога кіраўніцтва”.
3. “Быць недзеяздольным зручна. Калі ў мяне ёсьць кніжка, якая прапануе мне розум наўзамен майго, душпастыр, які пасьвіць маё сумленьне, доктар, які для мяне прызначае маю дыету і г.д., то мне ж тады ня трэба самому выпінацца.”
Гэтая тэза тычыцца не нядзеяздольнасьці чалавека, а грамадскага падзелу працы, які ёсьць уласьцівасьцю любога арганізаванага грамадства.
4. “Пасьля таго, як яны сваё быдла спачатку зрабілі дурным і старанліва пазьбягалі таго, каб гэтыя ціхмяныя стварэньні маглі асьмеліцца зрабіць хоць крок з тых ясьлей, у якія іх запёрлі, – яны паказваюць ім небясьпеку, якая ім пагражае, калі тыя паспрабуюць ісьці самастойна. І вось, хоць гэтая небясьпека такой вялікай якраз не зьяўляецца, бо ўпаўшы некалькі разоў, яны, мабыць, навучыліся б хадзіць, папярэджаньне ўсё ж выклікае няпэўнасьць і найчасьцей адпалохвае ад далейшых спробаў”
Яны зрабілі “быдла” не дурным. Зараз яно можа карыстацца рознымі машынамі, і нават лётаць у космас. Але зрабілі псыхалягічна няздольнымі шукаць і прымаць рашэньні праблем і браць за іх адказнасьць на сябе.
5. “супольнасьць асьвеціць сама сябе, магчыма; гэта амаль непазьбежна, калі ёй даць адно толькі свабоду”
Супольнасьці ніхто ніколі ня можа даць свабоды акрамя Бога, што Ён ад пачатку і зрабіў. Супольнасьць можа толькі ўзяць гэтую свабоду, калі набудзе такую здольнасьць у выніку асьветы. У такой супольнасьці ніхто і адабраць свабоды ня здолее, акрамя Таго, Хто гэтую свабоду даў. Але пэўна толькі з самой супольнасьцю…
6. “знойдуцца, нават пры дзейсных апекунах над вялікай масай людзей, некалькі асоб з самастойным мысьленьнем, якія сьпярша самі скінуўшы ярмо недзеяздольнасьці, будуць распаўсюджваць вакол сябе дух разумнай ацэнкі ўласнай вартасьці і пакліканьня чалавека думаць самастойна.”
“будуць распаўсюджваць вакол сябе” ня толькі дух уласнай вартасьці, але, што найважней, вартасьці сябе як Божага тварэньня з дадзеным Богам пакліканьнем. І тады самастойнае мысьленьне чалавека ёсьць неабходнасьцю, зьвязанай з адказнасьцю чалавека перад Творцам за тое пакліканьне.
7. “Калі ж тут спытаюць: ці жывём мы ў асьвечаны век? – то адказ будзе: не, але, відаць, у век асьветы.”
Спадару Канту пашэнціла: ён жыў у час асьветы. Нам будзе цяжэй, бо жывем у час цемрашальства, але гэта не адменяе наканаванага: ісьці асьветніцкім шляхам дзеля Божага пакліканьня.