nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Праблемы сацыяльнага транзіту ў Кыргызскай Рэспубліцы

8 сакавіка, 2009 | 2 каментарыя

Валенцін Багатыроў, віцэ-прэзідэнт Цэнтральнаазіяцкага інтэлектуальнага фонда “Усход”

d09ad18bd180d0b3d18bd0b7d181d182d0b0d0bd

Гэты даклад зь семінара «(Не)Грамадзянская  супольнасьць» у Цэнтральнай Азіі» (27 траўня 2008 г., Варшава) даслаў у рэдакцыю з Польшчы наш сталы чытач Франц Аўдзей. Мы падаем яго (у значна скарочаным выглядзе), каб паказаць агульнасьць праблем розных грамадстваў на постсавецкай прасторы. Нягледзячы на модны цяпер псеўда-ліберальны дыскурс, у матэрыяле прысутнічае шмат фактаў, якія цікавыя і для нас – зьмястоўных дэмакратаў.

Рэдакцыя.


Я хачу зрабіць дзьве агульныя заўвагі што да краінаў, якія прынята аб’ядноўваць пад знакам “Цэнтральная Азія”, а затым спыніцца на асаблівасцях таго шляху, які праходзіць Кыргызская рэспубліка, і праблемах, якія пры гэтым узьнікаюць.

1. Аб Цэнтральнай Азіі.

Першая заўвага датычыцца таго, што, уласна кажучы, Цэнтральнай Азіі як адзінага рэгіёна не існуе.

Акрамя традыцыі разглядаць сукупнасьць краін, якія разьмешчаны ў гэтай частцы Еўразіі, як асобны рэгіён, ніякіх іншых адзнак рэгіяналізму мы не назіраем.

Калі браць зьнешнепалітычную складовую, дык мы маем складаную канфігурацыю адносін і аб’яднаньняў, і ні ў адным зь іх краіны рэгіёна не выступаюць разам.

Калі казаць пра эканомікі, дык у наяўнасьці некалькі абсалютна розных мадэляў. Існуе тры краіны зь вялікімі энэргетычнымі рэсурсамі (Казахстан, Туркменістан, Узбекістан) і дзьве (Кыргызстан, Таджыкістан) ня маюць такіх рэсурсаў, прынамсі, у актуальнай форме. У адпаведнасьці з гэтым краіны зьдзяйсьняюць розныя сцэнары эканамічнага разьвіцьця. Дынаміка ўнутрырэгіянальнага гандлю носіць характар зьніжэньня. Відавочна, што мы маем справу з канкуруючымі, а не супрацоўнымі эканомікамі.

Няма пазітыўнага адказу і ў культурна-гістарычным асьпекце. Тое, што называецца культурнай агульнасьцю, ператварылася ў канкурэнцыю гістарычных амбіцый. Агульнай цэнтральнаазіяцкай гісторыі й культуры сёньня няма. Існуе роўна столькі розных падыходаў, колькі й краін.

Галоўная выснова – сёньня рэгіёна няма. Магчыма, мы прысутнічаем пры працэсе новага рэгіёнаўтварэньня, у выніку якога краіны, якія раней традыцыйна ўключаліся ў Цэнтральную Азію, будуць уключаны ў цалкам іншыя рэгіянальныя канфігурацыі.

Пры гэтым усе працягваюць казаць пра рэгіянальнае супрацоўніцтва, і нават інтэграцыю, аднак у рамках рэгіянальнай парадыгмы за 15 гадоў, якія прайшлі з моманту ўтварэньня тут незалежных дзяржаў, не захавалася ніводнага прадэклараванага палітычнага саюзу і не атрымалася пакуль вырашыць нават самыя вострыя пытаньні ў двухбаковых узаемаадносінах краін рэгіёна: бясьпека, межы, водакарыстаньне, мытны і памежны рэжымы.

2. Аб праблемах развіцьця.

Цяпер аб праблемах, зь якімі сутыкаецца кыргызскае грамадства. Іх вельмі шмат, што натуральна для грамадства пад час трансфармацыі. Але, на мой погляд, трэба вылучыць некалькі ключавых, сістэмазадавальных.

Першая праблема – пошук тоеснасьці.

Сямнаццаць год таму па шэрагу аб’ектыўных прычын быў зроблены выбар на карысьць даганяльнай мадэрнізацыі заходняга кшталту. Ідэалам грамадскага стану была абраная еўрапейская мадэль. Аднак, як зараз відавочна, пры выбары шляху разьвіцьця кіраўнікі краіны зрабілі важкія памылкі. Перад усім, такая трансфармацыя ігнаравала нацыянальныя асаблівасьці і рэальны стан грамадства, а таксама рызыкі зьмены мянтальнай парадыгмы. Апроч таго, было моцна недаацэнена значэньне рэгіянальнага сістэмнага сінхранізму, парушэньне якога выклікала моцнае супраціўленьне асяроддзя.

Вядома ж, некаторыя спробы нацыянальнага атаясамленьня выявіліся. Былі і дыскусіі аб назве краіны, аб мове, аб тым, ці пісаць у пашпартах нацыянальнасьць, аб тым, з народам ці народамі Кыргызстана мы маем справу, спробы рэстаўрацыі тэнгрыанства як уласнай рэлігіі кыргызаў, рухі супраць памежных пагадненьняў, супраць уступленьня ў праграму НІРС. Аднак і ў гэтых выпадках і ва ўсіх іншых кыргызскі народ паўставаў толькі ў гістарычным залогу. У сапраўдным сьвеце ён заставаўся нейкім фантомам, стаўленьне да яго было, як да казкі.

Вынікі былі атрыманы дастаткова хутка. Усе ўнутраныя зьмены не прайшлі глыбей за ўзровень фармальных палітычных і эканамічных інстытутаў. Узьнік выразны палітычны і соцыякультурны дысананс як унутры краіны, так і ў яе рэгіянальных стасунках.

Унутры краіны гэта прывяло да негатыўнага зьмяненьня культурнай нарматыўнасьці, палітычнай дэструкцыі і ідэалагічнаму вакууму. У зьнешніх стасунках – да фактычнай блакады краіны яе суседзямі.

Пасьля падзеяў сакавіка 2005 года краіна зноў апынулася перад неабходнасьцю як бы пачаць спачатку, даць адказ пра ўласны выбар, уласную тоеснасьць. Гэты перыяд можна назваць часам пошуку тоеснасьці. Гэта выяўляецца як ва ўзьнікненьні і фармаваньні адмысловага дыскурсу ў элітных асяроддзях, так і ў больш шырокай прасторы.

Аднак і сёньня не выпадае яшчэ казаць аб тым, што краіна ведае, куды ідзе, што ў грамадстве існуе хоць колькі-небудзь агульны вобраз будучыні.

Сёньня самавызначэньне тоеснасьці ажыцьцяўляецца ў дзьвюх узаемазьвязаных пласкасьцях: па соцыя-культурным зьмесьце і па (тыпу) сацыяльнай арганізацыі.

Па соцыя-культурным зьмесьце краіна апынулася на цывілізацыйных стыку і сёньня існуе ў рамках некалькіх культурных парадыгмаў: расейска-савецкай, еўрапейскай, азіяцка-ісламска і ўласна традыцыйнай кыргызскай. Усе яны накладаюць выразныя сьляды на соцыякультурны трэнд і выклікаюць сур’ёзны грамадскі дысананс. Дастаткова сказаць, што ў краіне няма ніводнай грамадзянскай сілы, якая б рэалізоўвала сістэмную ідэалогію. Камуністы вычварна суседнічаюць і са-дзейнічаюць з нацыяналістамі, лібералы з аўтарытарыстамі і так далей.

Што да тыпу сацыяльнай арганізацыі, дык таксама ідзе зацятая барацьба некалькіх схем: традыцыяналізму, саветызму, заходняй дэмакратыі і ісламізму.

Другая праблема – фармаваньне эліт. У выніку гістарычных калізій і працяглага існаваньня народу пад зьнешнім кіраваньнем, нацыянальныя эліты зьнішчаны або вырадзіліся.

Адбылася замена эліт квазіэлітнымі групамі, якія ня здольныя рэалізаваць дзьве галоўныя функцыі элітаў: сацыяльную рэфлексію і адказнасьць за разьвіцьцё краіны.

У сёньняшнім Кыргызстане да ліку такіх “элітных” кластэраў можна аднесьці:

– людзей, якія валодаюць дастатковымі фінансавымі рэсурсамі, каб уплываць на прыняцтьце рашэньняў ці арганізоўваць медыя-працу агульнанацыянальнага маштабу;

– людзей, якія праз розныя абставіны (фармальны статус пасады, блізкасьць да кланавых групаў прыняцьця рашэньняў) здольныя рэгуляваць ці аказваць уплыў на рэгуляваньне фінансавых і інфармацыйных рэсурсаў (сюды ўлучаюцца ўсе чыноўнікі);

– людзей, якія належаць да прафесійных груп, зьвязаных з фармаваньнем грамадскай думкі;

– людзей, якія фармуюць ініцыятыўнае грамадскае дзеяньне (у тым ліку ў фармаце арганізаванасьцяў) за кошт уласных, прыцягнутых ці замежных рэсурсаў;

– мясцовыя і рэгіянальныя “эліты”, сфармаваныя з людзей, якія маюць высокі грамадскі статус і звязваюць сябе з мясцовай і/ці рэгіянальнай тоеснасьцю;

– этнічныя “эліты”, якія ўяўляюць зь сябе розным чынам легітымізаваных лідараў этнічных груп, здольных па тых ці іншых прычынах фармальным ці нефармальным чынам вырашаць праблемы сваіх этнічных груп;

– крымінальныя “эліты”, прадстаўленыя лідарамі арганізаваных злачынных груп, якія аказваюць уплыў на прыняцьце рашэньняў праз свае сувязі з праваахоўнымі структурамі і людзьмі ва ўладзе;

– і, нарэшце, галоўная група – людзі, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы, абмеркаваньні і прыняцьці тых ці іншых важкіх для грамадства рашэньняў за кошт сваёй блізкасьці да кланавых групаў прыняцьця рашэньняў.

З гэтых квазіэлітных груп сфармаваная структура рэальнага кіраваньня краінай. Гэтая структура цалкам іншая, чым фармальная структура дзяржаўных, палітычных інстытутаў, прапісаная ў Канстытуцыі. Такім чынам, мы маем трэцюю праблему – кіроўную, а шырэй – сацыяльную, двухпластовасьць. Існуюць сапраўдныя і квазікіроўныя сістэмы.

У нарматыўным полі гэта фіксуецца ў адначасным існаваньні праўнага і традыцыйнага нарматыўнага рэгуляваньня пры дамінанце няпісанага, ці традыцыйнага, права. У такой сістэме фармальнае права, ці закон, выступае як квазірэгулятар. Яго выконваюць толькі ў тым выпадку, калі гэта выгадна кіроўным групам ці законавыкарыстальнікам.

Чацьвертая праблема – эканамічная стратыфікацыя. Краіну, дзе практычна адсутнічалі рынкавыя інфраструктуры і рынкавая сьвядомасьць, краіну, якая ня мела буйной таварнай вытворчасьці – увогуле, а здольнай канкураваць на рынках – у прыватнасьці, краіну, якая не была ўлучаная ў глабальныя гаспадарчыя сеткі, пераход да сістэмы, якая базуецца на манетарысцкай рынкавай мадэлі, ня мог прывесьці ні да чаго іншага, акрамя як да эканамічнага калапсу.

Што і адбылося. Кыргызскай эканомікі сёньня, строга кажучы, няма. Ёсьць натуральная гаспадарка з прымітыўным, у большай частцы натуральным унутраным рынкам і, адпаведна, адмоўным гандлёвым балансам. Макраэканамічныя паказьнікі падтрымліваюцца ў большасьці штучна, за кошт зьнешняй фінансавай дапамогі.

У краіне праведзены раздзяржаўленьне і прыватызацыя ўласнасьці, улучна з уласнасьцю на зямлю, сфармавана інстытуцыйная інфраструктура рынку. Прыватная ўласнасьць на зямлю дзейнічае з пэўнымі абмежаваньнямі. Не падпадаюць пад прыватызацыю землі лясной гаспадаркі, водная сістэма і захоўваецца значны дзяржаўны фонд сельскагаспадарчых земляў. Забаронена валоданьне зямлёй і нерухомасьцю для замежных грамадзянаў.

Сёньняшні этап прыватызацыі зьвязаны з рэарганізацыяй стратэгічных аб’ектаў, натуральных манаполій у энэргетыцы, газавай галіне, паветранага транспарту і тэлекамунікацый, якія патрабуюць прыцягненьня значных інвестыцыйных сродкаў.

Аднак да гэтага часу ўласнасьць не абаронена ў дастатковай ступені, і палітычныя зьмены цягнуць за сабой перадзел уласнасьці.

Дыферэнцыяцыя насельніцтва па ўзроўні даходаў зараз стала цалкам яўнай і вартасна матываванай. Багацьце, заможнасьць сталі ня толькі патаемным жаданьнем, але і адкрыта дэкларуюцца і дэманструюцца ў якасьці каштоўнасьці і мэты.

У цэлым насельніцтва краіны можна падзяліць на тры выразныя групы. Першыя – тыя, чые даходы не дазваляюць набываць неабходныя рэчы спажываньня, такіх каля 28% насельніцтва. Асноўная частка насельніцтва (52-58% па розных даных) адносіць сябе да людзей, якія маюць адносны дабрабыт, то бок забясьпечаны ежай, паўсядзённымі рэчамі, але не заўсёды маюць магчымасьць купіць дарагія рэчы. І, нарэшце, заможная група – 10-11% насельніцтва, у якую ўлучаны людзі, здольныя па ўзроўні даходаў набываць усё, што захочуць.

Пераважнай сьферай занятасьці ёсьць хатняя гаспадарка, якую варта разумець шырока, у тым ліку і як праца на асабістым участку, уласных ці арэндаваных сельскагаспадарчых палетках, і занятасьць індывідуальным бізнэсам. Хаця доля насельніцтва, якая працуе ў дзяржаўным сектары, застаецца высокай, ёсьць тэндэнцыя да яе скарачэньня.

Арыентацыя на індывідуальны бізнэс адлюстроўвае ў першую чаргу ацэнку людзьмі рэальных магчымасьцяў у атрыманьні даходаў.

Грамадства сёньня мае няўстойлівую сацыяльную структуру, нечульлівую да асацыяваньня.

Пятая праблема – фармаваньне грамадзянскай пазіцыі й грамадзянскай супольнасьці.

Нягледзячы на тое, што кыргызская дзяржава існуе ўжо больш за 15 гадоў, ідэнтыфікацыя з супольнасьцю “Грамадзяне Кыргызстана” ёсьць значнай толькі для 55,6% людзей. Гэта азначае, што дзяржава яшчэ не прызнаецца ў дастатковай ступені адбылым і не адчуваецца грамадзянамі як каштоўны істотны чыньнік іх жыцьця. І гэта пры тым, што ідэнтыфікацыя на грунце краіны ёсьць найбольш моцнай у параўнаньні зь іншымі. Па агульнай веры ідэнтыфікуюць сябе 9,4%, зь людзьмі свайго пакаленьня – 16%, з жыхарамі населенага пункта – 10,8%, з прадстаўнікамі свайго рода – 2,6%, па прафесійнай прыналежнасьці – 5% [а дзе ідэнтыфікацыя па нацыянальнай прыналежнасьці? – Рэд.].

У грамадстве вельмі высокае пачуцьцё сацыяльнага аптымізму. Прызнаючы цяжкасьць жыцьця, тым ня менш, 87% насельніцтва лічаць, што ўсё ня так кепска. Прычым, асабістыя персьпектывы падаюцца людзям больш верагоднымі й больш хуткімі, чым персьпектывы краіны.

Сфармавалася высокая ступень незалежнасьці грамадзян ад дзяржавы, дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. Большасьць кыргызстанцаў (64,9%) лічаць, што рашэньне іх асабістых праблем залежыць толькі ад іх саміх, ад іх асабістых высілкаў. Патрабаваньні да дзяржавы датычаць у асноўным сацыяльнай сьферы.

Вельмі многія (75,8%) лічаць, што дзяржава павінна ўзяць на сябе забесьпячэньне сацыяльна чульлівых групаў насельніцтва. Па меркаваньні 68,8% людзей ахова здароўя павінна фінансавацца зь дзяржаўнага бюджэту. Моладзь у меншай ступені, чым старэйшае пакаленьне, спадзяецца на дзяржаву.

Існуюць некаторыя агульныя заканамернасьці, пра якія можна казаць.

Першая зь іх – устойлівае зьніжэньне ўзроўню палітычнай актыўнасьці.

Самі палітычныя партыі краіны не сфармавалі яшчэ выразнай ідэалагічнай пазіцыі. Іх праграмы, ідэі мала вядомыя ня толькі насельніцтву, але і самім партыйцам. Працягвае заставацца заўважальным кліентысцкі характар саміх палітычных партый, абслугоўваньне імі інтарэсаў асобных лідэраў, а не палітычных ідэй альбо сацыяльных груп. У сваёй большасьці гэтыя групы абапіраюцца на сацыялістычныя альбо нацыянал-сацыялістычныя ідэі, якія добрыя для багатых альбо скрайне бедных грамадстваў, але цалкам непрымальныя і нават небясьпечныя для грамадстваў, якія зьдзяйсьняюць транзіт ад сацыялізму ў бок ліберальнага грамадства, заснаванага на рынкавай эканоміцы, ад перыферыйнай закрытай краіны да глабальнага і адкрытага грамадства [зьвярніце ўвагу, магчымасьць існаваньня гарманічнай краіны – у меру закрытай і ў меру адкрытай – ліберасты не прызнаюць… – Рэд.].

За рэдкім выключэньнем, апазіцыйныя рухі сфармаваліся як пратэстная апазіцыя, арыентаваная толькі на рэакцыю што да памылак улады і якая не вылучае ўласных ініцыятываў. У сілу гэтага, яны таксама ня могуць выйсьці за вузкае кола фарматаў дзеяньняў, якія зьвязаныя менавіта з пратэстным тыпам апаніраваньня.

Цяперашнія палітычныя партыі – гэта ўсё фантомы, спароджаныя пасьлясавецкімі эфектамі. Была настальгія па сацыялістычных часах – вось вам і сацыялістычныя/камуністычныя партыі. Быў пратэст супраць савецкага аўтарытарызму – вось вам і дэмакраты. Было незадавальненьне русіфікацыяй – вось вам і нацыяналістычныя партыі. Была звычка жыць, як скажуць зьверху – вось вам і партыі ўлады. І г.д.

Ніводная зь існаваўшых і, на жаль, дасёньня існых “палітычных сіл” ня мае ні генезіса, ні прыроды, характэрных для ўласна кыргызскай дзяржавы і кыргызскага народа. Палітычныя феномены, уласьцівыя менавіта кыргызскаму народу, зьяўляюцца пакуль толькі на перыферыі грамадскага быцьця ў выглядзе выпадкавасьцяў і кволых парасткаў.

Існаваньне палітычных сіл, здольных фармуляваць і вылучаць альтэрнатыўныя праекты разьвіцьця, зьдзяйсьняць апаніраваньне ўладзе ў яе дзеяньнях, ёсьць абавязковай умовай і гарантыяй разьвіцьця краіны.

Існыя палітычныя групы і лідары, “старая апазіцыя” ня можа выконваць гэтую ролю па цэлым шэрагу прычын. І найперш таму, што яны ня маюць персьпектыўнай, з пункту гледжаньня разьвіцьця краіны, ідэалогіі, праграмы і стратэгіі дзеяньняў.

Акрамя таго, існыя апазіцыйныя групы аб’ядноўваюць у сваім складзе пераважна палітычных дзеячаў старога тыпу, эпохі раньняга станаўленьня дэмакратыі, якія ня здольныя перабудаваць сваё мысьленьне, свае каштоўнасныя арыентацыі й сфармаваныя адносіны да іншых палітыкаў, у тым ліку прыўладных. Яны прэтэндуюць на ўладу, ня маючы праекта будучыні, а проста па логіцы: “Чаму іншыя, а не яны?” [з 2000-га году Астроўскі заклікае ўсіх, каго можа, з апазіцыйных дзеячаў, заняцца фармаваньнем Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы; вынікі, як дасёньня, мізэрныя; асноўныя дасягненьні зьдзейсьнены ў асноўным дзякуючы працы сябраў рэдакцыі. – Рэд.].

Другой асаблівасьцю працэса грамадзянскай ідэнтыфікацыі ёсьць патэрналізм, які захоўваецца. Узровень чаканьняў ад прэзідэнта і цэнтральнай улады застаецца дастаткова высокім.

Трэцяй асаблівасьцю працэса палітычнай ідэнтыфікацыі ёсьць адсутнасьць сувязі паміж палітычнымі партыямі і рэальнымі сацыяльнымі групамі. Усе існуючыя партыі сфармаваны па-за тымі ці іншымі сацыяльнымі стратамі і дасёньня ня маюць дакладных сацыяльных баз.

Колькасьць няўрадавых арганізацый у краіне вельмі вялікая. Калі ў 1991 іх было толькі 340, дык сёньня колькасьць зарэгістраваных НУА перавысіла 13.000.

Нягледзячы на вялікую колькасьць зарэгістраваных няўрадавых арганізацый, Кыргызская Рэспубліка праходзіць толькі першую фазу ў станаўленьні грамадзянскай супольнасьці: яе ўзьнікненьне, фармаваньне. Існыя грамадзянскі актыўныя групы фармуюць сваю пазіцыю і мэты не з агульнанацыянальных грамадзянскіх арыентыраў альбо інтарэсаў базавых сацыяльных груп. Крыніцай іх фармаваньня ёсьць у асноўным альбо вонкавыя інтарэсы, альбо інтарэсы маргінальных груп. Такое становішча адбіваецца на структуры і характары дзеяньня няўрадавых арганіўацый. Яны ў большасьці арыентаваныя на крытыку альбо на “замяшчэньне” дзяржавы.

Самым слабым месцам зьяўляецца донарскі тып забесьпячэньня дзейнасьці НУА. Многім зь іх не хапае ўмельства прыцягнуць дастаткова рэсурсаў для сваёй працы, забясьпечыць устойлівасьць. Дастаткова вялікая колькасьць арганізатараў і ўдзельнікаў НУА ня маюць ніякіх іншых крыніц дахода, акрамя тых, якія яны атрымліваюць у выглядзе сродкаў донараў.

Слабым месцам застаецца арганізацыя камунікацыі, супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасьці з дзяржавай. Ні той, ні іншы бок не гатовы да працы ў фарматах грамадскай палітыкі.

Яшчэ адной праблемай грамадзянскай супольнасьці зьяўляецца звычка спадзявацца на ўладу, лічыць, што менавіта ўлада абавязана вызначаць стратэгію і прыярытэты краіны.

Такім чынам, відавочна, што мы маем справу ня больш чым з грамадзянскай супольнасьцю, якая нараджаецца. Шмат у чым яна носіць квазі-грамадзянскі характар.

Толькі ў апошні час пачалі зьяўляцца сацыяльна актыўныя групы, якія грунтуюць свае прыярытэты на ўласна нацыянальных інтарэсах.

Відавочна, што працэс фармаваньня грамадзянскай супольнасьці будзе насіць працяглы характар і будзе непасрэдна зьвязаны ды вызначацца тымі сацыяльнымі зьменамі, якія будуць адбывацца ў кыргызскім грамадстве.

Такія асноўныя праблемы, калі казаць вельмі сцісла.

Ад рэдакцыі:

Многае ў гэтым артыкуле паказвае, што сітуацыя ў далёкім Кыргызстане аналагічная беларускай. Асабліва ў тым, што зьвязана з апазіцыяй.

Аднак, агульная сітуацыя ў нас значна горшая з-за татальнага этнацыду.

І яшчэ, можа, найгалоўнае. Аўтар грунтуецца на ліберальнай ідэалогіі. Аднак, як чалавек разумны, ён не хавае сваю прыхільнасьць што да “нацыяналізму”, усьведамляючы, што персьпектыва зьвязана зь ім.

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    А якія партыі, групоўкі, рухі, аб’яднанні… аб’явілі нацыянальныя інтарэсы Беларусі вышэйшай каштоўнасцю і вядуць барацьбу з этнацыдам і яго наступствамі?

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    “сітуацыя ў далёкім Кыргызстане аналагічная беларускай”
    Адзінае “аналагічнае” ў досьведзе Беларусі й Кыргыстана – наступствы расейскага каланіяльнага панаваньня.
    ___
    Siarhiej “якія партыі, групоўкі, рухі, аб’яднанні аб’явілі нацыянальныя інтарэсы Беларусі вышэйшай каштоўнасцю і вядуць барацьбу з этнацыдам і яго наступствамі?”
    Тыя, чые старшыні й правадыры знаходзяцца за мяжою.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы