nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Выбары” – закончыліся, Выбары – пачаліся!

10 сакавіка, 2009 | 3 каментарыя

З. Сейбіт

d091d183d181d0bbd18b-d0a1Мінулі яшчэ адныя, так званыя “выбары” бяз выбару. Колькі іх ужо было: і за савецкім часам, і ў незалежнай, але неправавой, недэмакратычнай Беларусі. Ці навучыліся мы чаму-небудзь? Ці можна ўзяць яшчэ якія-кольвек урокі акрамя абурэньня “ўладай” і “апазыцыяй” ды паглыбленьня атамізацыі грамадства? Пад час апошніх “прэзідэнцкіх” і апошніх “парлямэнцкіх” “выбараў” найбольш частай тэмай былі лінейныя спрэчкі “за” ўдзел ці “супраць” удзелу ў “выбарах”, нібыта ў гэтым слоўным перацягваньні каната (пры адсутнасьці стратэгіі будовы дэмакратычнай дзяржавы) нешта вырашалася. (Быццам бы жыцьцё і тысячы чыньнікаў, якія на яго ўплываюць, можна зьвесьці да пэўнай “лініі” ці нават “кропкі” бачаньня.) Розьніца паміж папярэднімі выбарамі і цяперашнімі толькі тая, што тады самае часта ўжываемае ключавое слова было “перамога”, а цяпер – слова “канец”. Да якога “канца” зьбіраліся ўдзельнічаць пэўныя асобы і групы людзей, яны не ўдакладнялі: “канца рэжыму”, “канца апазыцыі”, “свайго канца”, “канца выдзеленых рэсурсаў”, “канца выбараў” ці яшчэ якога. Вядома, добра мець дзяжурныя адказы на любыя пытаньні, што нам патрэбная “перамога” (як на “прэзідэнцкіх”) ці трэба дайсьці да нейкага “канца” (як на цяперашніх “парляманцкіх”). Але што мы будзем рабіць з той “перамогай” ці з тым “канцом”, калі яны раптам нам зваляцца?


Мы і дасюль баімся задаваць сабе пытаньні: навошта мы ходзім на тыя “выбары”, чаго хочам, і, наогул, навошта яны нам здаліся.

Можа, мы баімся задаваць сабе гэтыя пытаньні, што ня ведаем дзе і як шукаць на іх адказы? (Не з кішэні ж іх даставаць, прыгаворваючы: “А я лічу, што гэтую ноту трэба йграць так!” Прыгадайма сцэну зь вядомага фільма “Вясёлыя рабяты”?)

Немажліва ведаць усе адказы на ўсе пытаньні, як табліцу множаньня, але не задаючы сабе вышэйакрэсьленых пытаньняў і не шукаючы на іх адказаў, нам наканавана таптацца па тых самых граблях, толькі каб чарговы раз пераканацца, што адбываецца, калі на іх ступаць.

Можна спасылацца на тое, што па гэтых пытаньнях даўно абаронена шмат дысэртацыяў і напісана шмат кніжак, але чаму ж тады няма рашэньня паўстаючых праблемаў? Не ўспрымаць жа за рашэньне крылатае выслоўе: “Заграница нам поможет!” Ці “Айда ў Эўропу! Нас там чакаюць!” (А чаму – не ў Амэрыку, ці ў Афрыку? Нельга выключаць і Аўстралію, Японію. Перспектыўны і Кітай.)

Той досьвед хаджэньня па “выбарах”, спадзяюся, дастатковы, каб рабіць зь яго пэўныя высновы і нечаму вучыцца (калі не на чужых, то хоць бы на сваіх памылках).

Пачаткам наступных выбараў, напэўна, трэба лічыць не дату іх абвяшчэньня, а заканчэньне мінулых. Самім перыядам ад абвяшчэньня выбараў да дня галасаваньня справу трэба не пачынаць, а заканчваць. Гэта выхад на фінішную прамую.

І першым этапам новых выбараў можа быць рознаплянавы аналіз мінулых “выбараў” і той сытуацыі й умоў, у якіх яны праходзілі.

Таму паспрабую акрэсьліць, па мажлівасьці матывавана і без эмоцый, бачаньне сытуацыі з выбарамі цяпер у Беларусі. Магчыма, гэта ўберажэ нас (хай і ня ўсіх) ад наступных “граблей”, што чакаюць нас у 2011 годзе і дапаможа знайсьці рашэньне, як выбірацца з гэтай багны.

1. Навошта нам выбары: свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя

1.1. Выбары – наш нацыянальны інтарэс

Калі мы зададзімся пытаньнем чаму мы ходзім на “выбары”, калі іх няма, усплывае шмат цікавых варыянтаў адказу:

– “перамагчы” Лукашэнку;

– “перамагчы” рэжым;

– паўдзельнічаць у спартовым турніры (“Галоўнае – не перамога, галоўнае – удзел!”);

– яшчэ раз паглядзець, што будзе, калі стаць на “граблі” пад назвай “выбары” бяз выбараў”;

– чарговы раз выпусьціць пару грамадскай напружанасьці ў сьвісток “выбараў”;

– раз “выбары” ёсьць у суседзяў, то і ў нас павінны быць;

– пацешыць свае комплексы “самасьцьвярджэньня” і “самарэалізацыі”;

– бо “што ж пра нас падумаюць людзі”;

– яшчэ раз “прапіярыцца”;

– узяць “уладу” ў свае рукі;

– выканаць свой “грамадзянскі” абавязак;

– пацьвердзіць “легітымнасьць” прыўладнай таталітарнай каманды, якая захапіла ўладу;

– падзарабіць на грантах.

Сьпіс варыянтаў можаце дадаваць самі.

Аднак, без акрэсьленьня нашых нацыянальных інтарэсаў у сістэме “дзяржава” як форма нашай супольнай самаарганізацыі наўрад ці мы знойдзем адказ на пытаньне, у чым наш жыцьцёвы інтарэс у выбарах, навошта нам выбары: свабодныя (у якіх мы адказныя за свой выбар), празрыстыя (у якіх мы прымаем вынікі выбараў такімі, якія яны ёсьць), дэмакратычныя (празь якія мы даем ацэнку той камандзе, якая была пэўны перыяд пры “ўладзе”, ажыцьцяўляем зваротную сувязь паміж намі – грамадзянамі, і інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня і можам выправіць памылку, калі такая была і якую мы маглі зрабіць пад час мінулых выбараў).

1.2. Нацыянальныя інтарэсы

Выйсьці на нацыянальныя інтарэсы магчыма праз прыроду інтарэсаў канкрэтнага чалавека, як аднаго з матывацыйных чыньнікаў ягонай дзейнасьці. Найбольш абагулена можна акрэсьліць некалькі ўзроўняў, што ўплываюць на фармаваньне інтарэсаў чалавека.

1. Усьведамленьне чалавекам, з аднаго боку, часовасьці свайго зямнога існаваньня, і з другога – усьведамленьне вечнасьці жыцьця праз інстытуты духоўнага апірышча (любоў, рэлігійнасьць, мову, нацыянальную культуру, гістарычную памяць, нацыянальную самаідэнтыфікацыю – самасьвядомасьць).

2. У залежнасьці ад суадносінаў усьведамленьня часовасьці і вечнасьці жыцьця фармаваньне ў чалавека збалянсаванай альбо заблякаванай псыхікі.

3. Адпаведнае тыпу псыхікі ўспрыманьне чалавекам Сусьвету (рэчаіснасьці) вакол сябе і сябе ў Сусьвеце (у рэчаіснасьці).

4. З дачыненьняў вышэйазначаных узроўняў складаюцца суадносіны мэты і сродкаў жыцьця, якія і фармуюцца як інтарэсы чалавека.

5. Усе гэтыя ўзроўні фармуюць уяўленьне чалавекам сябе па вобразу і падабенству як Божага тварэньня альбо толькі істоты, якую інстынкт прымушае “аддыжурыць” свой зямны тэрмін.

З вышэйсказанага, у чалавека фармуецца каштоўнасьць (інтарэс) працягу жыцьця на Зямлі пасьля ягонага зыходу ў жыцьцё вечнае і захаваньня жыцьцяздольнасьці народу як жыцьцядайнага асяродку для нашых нашчадкаў.

Адсюль бачыцца, што нацыянальныя інтарэсы палягаюць у наступным:

– забесьпячэньне працягу жыцьця людзей у нашым народзе (як Божай дадзенасьці), дзеля Божага прызначэньня (пакліканьня);

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – падтрыманьне жыцьцяздольнасьці нашае дзяржавы як формы супольнай нацыянальнай самаарганізацыі (як асяродка нашага супольнага жыцьцязабесьпячэньня);

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – падвышэньне супольнага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу і эфектыўнасьці яго выкарыстаньня;

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – ажыцьцяўленьне зваротнай сувязі ў сістэме “дзяржава” паміж суб’ектамі дзяржаўнага права: “грамадзянамі” і “ інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня” праз структуры “грамадзянскай супольнасьці” і ажыцьцяўленьне такім чынам самарэгуляцыі сістэмы “дзяржава”;

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – фармаваньне грамадзянамі са складу палітычных партый заканадаўчай структуры інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (з падкантролем ёй выканаўчай структуры), а таксама ворганаў мясцовага самакіраваньня праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары.

1.3. Механізм дзеяньня выбараў

Палітычныя партыі, грунтуючыся на пэўнай філязофіі, распрацоўваюць канцэпцыі, праграмы далейшага разьвіцьця дзяржавы, шляхі вырашэньня праблемаў, стратэгіі дзейнасьці і пад час выбараў прапануюць іх грамадству.

На выбарах людзі (“грамадзяне”) бяруць на сябе адказнасьць, рэалізуючы сваю “дзяржаўную” функцыю ўлады як суб’екта дзяржаўнага права, прымаючы рашэньне аб перадачы “функцыі ўлады” (якая належыць інстытутам дзяржаўнага рэгуляваньня (ІДР) права ўсталёўваць нормы права) той ці іншай палітычнай партыі (групе “грамадзянаў”, якія арганізаваліся ў палітычную партыю). На выбарах няма пераможцаў сярод партый (гэта іхняе ўнутранае ўяўленьне). Грамадзяне бяруць на сябе адказнасьць (калі яны ў стане гэта рабіць, а калі – не, то якія яны грамадзяне?) за далейшае разьвіцьцё дзяржавы, каб забясьпечыць супольную жыцьцяздольнасьць, сваім выбарам (калі гэты выбар свабодны, празрысты, дэмакратычны).

Такім чынам, “улада” (права ўсталёўваць нормы права, функцыя прыняцьця агульнадзяржаўных рашэньняў) перадаецца камандзе, духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял (ДІФ-патэнцыял) якой найбольш запатрабаваны грамадствам.

Але, калі ў выніку прынятых “прыўладнай камандай” рашэньняў нам, грамадзянам, баліць, сістэма самаарганізацыі – “дзяржава” – пачынае дэградаваць, зьніжаецца супольны ДІФ-патэнцыял, узьнікае пагроза нашай супольнай (нацыянальнай) жыцьцяздольнасьці, праз выбары функцыя ўлады перадаецца камандзе з больш высокім ДІФ-патэнцыялам, зь іншай філязофіяй, канцэпцыяй, праграмай, якая прапануе рашэньні праблемаў і бярэ на сябе адказнасьць за вынікі гэтых рашэньняў. Гэтая адказнасьць і рэалізуецца ў працэсе свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў.

Так праз выбары ажыцьцяўляецца самарэгуляцыя сістэмы “дзяржава” дзеля падвышэньня нашай супольнай жыцьцяздольнасьці. (Ня блытаць “дзяржаву” (цэлае) як форму самаарганізацыі нацыі, з часткай “дзяржавы” – інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня, прадстаўнікі якіх, ва ўмовах таталітарнай дзяржавы, атаесамляюць сябе зь “дзяржаваю” як цэлым).

1.4. Функцыі выбараў на дзяржаўным прававым полі

Каб працягнуць пошук адказу на пытаньне: навошта нам празрыстыя свабодныя дэмакратычныя выбары, трэба акрэсьліць функцыі такіх выбараў на дзяржаўным прававым полі. З вышэйказанага яны ўяўляюцца як:

– ажыцьцяўленьне самарэгуляцыі сістэмы “дзяржава” дзеля забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці нацыі, самаарганізаванай у дзяржаве;

– падвышэньне супольнага ДІФ-патэнцыялу нацыі, самаарганізаванай у дзяржаве;

– фармаваньне заканадаўчай структуры інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (з падкантролем ёй выканаўчай структуры) і ворганаў мясцовага самакіраваньня;

– легітымная (прызнаная суб’ектамі працэсу выбараў) працэдура пераводу пэўных (адказных) сацыяльных групаў (палітычных партый) з найбольшым ДІФ-патэнцыялам на поле інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня і перадача ім функцыі ўлады (якая ёсьць функцыяй інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня па ўсталяваньні нормаў права і прыняцьці агульна дзяржаўных рашэньняў);

– ажыцьцяўленьне зваротнай сувязі ў сістэме “дзяржава”. (Прычым, гэтая функцыя ёсьць функцыяй “грамадзянаў”, якую яны рэалізуюць праз структуры “грамадзянскай супольнасьці”. Яе рэалізацыя залежыць ад прававых умоў, але, у першую чаргу, ад здольнасьці грамадзянаў яе ажыцьцяўляць: духоўнай (псыхалягічнай), інтэлектуальнай, фізіялягічнай, арганізацыйнай [калі перад гэтым грамадзянаў не застрэляць ці не атруцяць. – Рэд.].

Як ужо казалася, гэтыя функцыі “выбараў” маюць сэнс не самі па сабе (“выбары дзеля выбараў”), а дзеля падвышэньня супольнай жыцьцяздольнасьці дзяржавы ў гістарычнай перспектыве і перадача яе жыцьцяздольнай наступным пакаленьням як асяродку супольнага жыцьцезабесьпячэньня. (Вядома, калі працяг жыцьця ў наступных пакаленьнях ёсьць для нас жыцьцёвай каштоўнасьцю. Калі ж сэнсам нашага жыцьця ёсьць “тут і цяпер”, то хутчэй за ўсё нашчадкам застануцца толькі аб’едкі з нашага стала. Тады няма чаго дзівіцца пра іхняе стаўленьне да “памяці продкаў”: якія продкі, такая і памяць).

1.5. Суб’екты (гульцы) працэсу выбараў

Аналіз выбараў патрабуе акрэсьліць і суб’ектаў (гульцоў) гэтага працэсу і іхнія магчымыя інтарэсы.

1.5.1. Грамадзяне

Галоўным суб’ектам тут з’яўляюцца “грамадзяне” як суб’ект дзяржаўнага права. Гэта жыхары краіны, здольныя і гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за жыцьцяздольнасьць сваёй дзяржавы, захаваньне сваёй краіны жыцьцядайнай.

Супольныя інтарэсы грамадзянаў у выбарах як матывацыя іхняга ўдзелу ў выбарчым працэсе, супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі, якія ня будзе залішне і паўтарыць:

– забесьпячэньне працягу жыцьця людзей у нашым народзе (як Божай дадзенасьці), дзеля Божага прызначэньня (пакліканьня);

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – падтрыманьне жыцьцяздольнасьці нашае дзяржавы як формы супольнай нацыянальнай самаарганізацыі (як асяродку нашага супольнага жыцьцязабесьпячэньня);

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – падвышэньне супольнага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу і эфектыўнасьці яго выкарыстаньня;

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – ажыцьцяўленьне зваротнай сувязі ў сістэме “дзяржава” паміж суб’ектамі дзяржаўнага права: “грамадзянамі” і “ інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня” праз структуры “грамадзянскай супольнасьці” і ажыцьцяўленьне такім чынам самарэгуляцыі сістэмы “дзяржава”;

– дзеля гэтага (гл. вышэй) – фармаваньне са складу палітычных партый заканадаўчай структуры інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (з падкантролем ёй выканаўчай структуры), а таксама, ворганаў мясцовага самакіраваньня праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары.

1.5.2. Грамадзянская супольнасьць

Другім суб’ектам (гульцом) на “выбарах” ёсьць структуры “грамадзянскай супольнасьці” як суб’екта дзяржаўнага права: палітычныя партыі, розныя грамадскія арганізацыі, рухі.

Іхнія функцыі:

– прымаць удзел у арганізацыі выбараў;

– тлумачыць грамадзянам іхні інтарэс у правядзеньні свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах;

– арганізоўваць і праводзіць навучаньне паводле розных праграм грамадзянскай адукацыі;

– прадстаўляць грамадзянам канцэпцыі, праграмы па ўстойлівым разьвіцьці дзяржавы;

– рыхтаваць каманды (кандыдатаў) для функцыянаваньня (ажыцьцяўленьня выбарчых праграм) на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня;

– арганізацыя кантролю (назіраньня) за выбарамі;

– арганізацыя і правядзеньне акцый пратэсту ў абарону свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў, калі была пагроза такім выбарам з боку маргінальных, таталітарных сацыяльных груп.

1.5.3. Палітычныя партыі

Частка грамадзян дзяржавы з прычыны сваіх псыхалягічных, духоўных, інтэлектуальных, фізіялягічных, арганізацыйных здольнасьцяў, а таксама з нагоды агульнасьці інтарэсаў (каштоўнасьцей, мэтаў, задач) арганізуюцца ў палітычныя партыі.

Функцыянальна палітычныя партыі кансалідуюць і аб’ядноўваюць людзей, блізкіх паводле сьветагляду, дзеля падвышэньня супольнага ДІФ-патэнцыялу і эфектыўнага выкарыстаньня яго на пошук рашэньняў паўстаючых у дзяржаве праблемаў, распрацоўку канцэпцый, стратэгій, праграм, і іх рэалізацыю з дапамогай функцыі ўлады, калі партыі атрымоўваюць яе ад грамадзянаў у выніку свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў. (Менавіта выкарыстаньне супольнага ДІФ-патэнцыялу палітычных партый і ёсьць інтарэсам грамадства.) [ня дай Бог такі “грамадскі інтарэс”, які ёсьць у сёньняшніх АДС-партый. – Рэд.]

Сьветаглядна, канцэптуальна (ідэалягічна) самаарганізаваныя ў партыі грамадзяне могуць падтрымліваць тую групу людзей, якая зараз знаходзіцца пры ўладзе, альбо быць да яе ў апазыцыі. Гэта значыць, што яны прапануюць іншыя падыходы і рашэньні паўстаючых у грамадстве праблем, прапануюць іншыя канцэпцыі і праграмы разьвіцьця і падвышэньня жыцьцяздольнасьці дзяржавы, чымся цяперашняя прыўладная каманда ці ейная большасьць.

Апазыцыйны статус партыі азначае, што яна знаходзіцца па-за полем ІДР (функцыянуе на полі грамадзянскай супольнасьці) ці ёсьць у меншасьці на полі ІДР, і ня можа прымаць рашэньні, зьвязаныя з рэалізацыяй сваёй праграмы.

Ва ўмовах функцыянаваньня свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў апазыцыйныя партыі прапануюць грамадзянам і грамадзянскай супольнасьці свае праграмы ўстойлівага разьвіцьця грамадства і гатовы браць на сябе адказнасьць за свае рашэньні і вынікі рэалізацыі сваіх праграм.

У працэсе свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў грамадзяне (пры наяўнасьці дастатковага супольнага ДІФ-патэнцыяла і арганізацыі ў структурах грамадзянскай супольнасьці) праз структуры грамадзянскай супольнасьці, рэалізуючы сваю функцыю ўлады (права перадаваць функцыю ўлады, якая належыць ІДР, той ці іншай партыі), ажыцьцяўляюць ускосную зваротную сувязь на дзеяньні (рашэньні альбо нерашэньні) каманды (партыі), якая ў цяперашні час функцыянуе на полі ІДР, і карэктуе дзейнасьць ІДР праз перадачу ўлады новай групе грамадзянаў альбо пакідаючы на полі ІДР ранейшую каманду.

Атрымаўшы на выбарах інструмент улады і перайшоўшы з поля грамадзянскай супольнасьці (ГС) на поле ІДР, партыі рэалізуюць напрацаваныя праграмы.

Такім чынам, дасягаецца аптымальнае выкарыстаньне супольнага ДІФ-патэнцыяла палітычных партый дзеля падвышэньня жыцьцяздольнасьці нацыі, самаарганізаванай у дзяржаве.

1.5.4. Грамадскія арганізацыі, ініцыятывы

Розныя грамадскія групы (арганізацыі, ініцыятывы) могуць мець свае супольныя інтарэсы як на полі грамадзянскай супольнасьці, гэтак і на дзяржаўным прававым полі. У дэмакратычнай дзяржаве яны могуць даводзіць свае інтарэсы да ІДР праз збор подпісаў, заканадаўчыя ініцыятывы, а таксама вызначаючы свае пазыцыі пад час фармаваньня ІДР праз правядзеньне ў дзяржаве свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў.

У розных структураў грамадзянскай супольнасьці можа быць рознае бачаньне разьвіцьця дзяржавы, што зьвязана з рознасьцю іхняга філязофскага, а значыць, і сьветагляднага бачаньня рэчаіснасьці. Але, калі структуры грамадзянскай супольнасьці не ствараліся і не кантралююцца прыўладнымі групамі, якія функцыянуюць на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў таталітарнай дзяржаве, для ўсіх іх ёсьць адзіны інтарэс: каб выбары былі свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя, празь якія б ажыцьцяўлялася зваротная сувязь і адбывалася самарэгуляцыя сістэмы “дзяржава”, забесьпячэньне яе жыцьцяздольнасьці.

1.5.5. Інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня (ІДР)

Яшчэ адным суб’ектам “выбараў” ёсьць сацыяльныя групы, якія на момант абвяшчэньня і правядзеньня выбараў ужо функцыянуюць на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня, карыстаюцца функцыяй “улады”. У таталітарнай дзяржаве іхнім інтарэсам ёсьць захаваньне “status qvo”, нежаданьне рызыкаваць сваім становішчам, і, тым больш, нежаданьне браць на сябе адказнасьць за вынікі сваёй дзейнасьці, за прымаемыя імі рашэньні.

Такая сытуацыя ёсьць вынікам інтарэсу гэтых сацыяльных групаў у татальным кантролі за астатнім грамадствам, валоданьні “грамадзянамі” на правах уласнасьці, адчужэньня работнікаў ад вынікаў іхняй працы, прысваеньне вынікаў працы грамадзян, безкантрольнае, татальнае валоданьне імі, карыстаньне, распараджэньне, кляймуючы іх як “дзяржаўная ўласнасьць”, а сябе атаесамляючы зь “дзяржаваю”. (Арт. 2, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Чалавек, яго правы, свабоды… зьяўляюцца найвышэйшай каштоўнасьцю … дзяржавы”. Заўважце: не ў дзяржаве, а дзяржавы. Маўляў, мая каштоўнасьць – што хачу, тое зь ёю і раблю.)

Аднак ІДР ня ёсьць уласнасьцю асобных людзей ці групаў грамадзян, а ёсьць суб’ектам дзяржаўнага права з функцыяй рэгуляваньня дзейнасьці дзяржавы дзеля забесьпячэньня супольнай жыцьцяздольнасьці нацыі.

Групы людзей, якія трапілі на поле інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў выніку свабодных, дэмакратычных выбараў, паводле прававой нормы, якая пацьвярджае легітымнае знаходжаньне на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня толькі ў выніку свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў, інтарэсам якіх ёсьць агульны для ўсіх інтарэс захаваньня жыцьцяздольнасьці дзяржавы і якія гатовыя браць на сябе адказнасьць за свае рашэньні, за жыцьцяздольнасьць дзяржавы, ніколі ня будуць замінаць правядзеньню свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў.

1.5.6. Іншыя зацікаўленыя суб’екты працэсу выбараў

Ёсьць яшчэ розныя эканамічна-фінансавыя групы, якія маюць свае інтарэсы ў спрыяльных умовах эканамічнай дзейнасьці на дзяржаўным прававым полі, але разглядаць іх як самастойны суб’ект дзяржаўнага права і самастойны суб’ект выбарчага працэсу, напэўна, нельга. Тым ня менш, існуе практыка ўскоснага ўдзелу эканамічна-фінансавых груп у выбарчым працэсе з мэтай лабіраваньня сваіх карпаратыўных інтарэсаў у ІДР.

Варта асобна разглядаць функцыю прадпрымальніцтва зь ягонай функцыяй пераразьмеркаваньня капіталізаванай часткі вынікаў працы. Лёс прадпрымальнікаў залежыць ад таго, ці зразумеюць яны жыцьцёвую неабходнасьць укладаць сродкі ў асьветніцка-адукацыйную справу ў грамадстве.

Да актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу можна аднесьці і сродкі масавай інфармацыі. Іхняя карысьць для правядзеньня свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў, калі яны самі ёсьць свабодныя (адказныя) і незаангажаваныя, бясспрэчная. Аналіз праграм партый пад рознымі вугламі дапамагае зрабіць грамадзянам адказны выбар пры фармаваньні выбарных структураў ІДР.

1.5.7. Міжнародная супольнасьць

У тым, як адбываецца фармаваньне інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня, маюць свае інтарэсы кіруючыя і фінансавыя структуры ў іншых дзяржавах як на Ўсходзе, гэтак і на Захадзе. Малаверагодна, што яны зацікаўленыя ў нашай жыцьцяздольнасьці, у падвышэньні нашага супольнага нацыянальнага ДІФ-патэнцыялу, а таму наўрад іхнім інтарэсам ёсьць дэмакратызацыя нашай дзяржавы (што добра адлюстравана ў артыкуле https://nashaziamlia.org/2008/10/12/1567/, https://nashaziamlia.org/2008/10/24/1569/). Бо ва ўмовах дэградацыі нацыянальнай дзяржавы, зьмяншэньня супольнага ДІФ-патэнцыялу ім лягчэй кантраляваць нашую эканоміку, прыўлашчваць нашае нацыянальнае багацьце, вынікі нашай супольнай працы, наш нацыянальны капітал.

1.6. Умовы правядзеньня свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў

1.6.1. Вонкавыя ўмовы

Прававыя ўмовы выбараў:

– зьмены ў выбарчым заканадаўстве:

– самастойнасьць фармаваньня камісій;

– вылучэньне і рэгістрацыя кандыдатаў;

– роўныя ўмовы агітацыі (недапушчальнасьць выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу);

– удзел назіральнікаў на ўсіх этапах выбараў (у тым ліку, пры падліку галасоў і абвяшчэньня вынікаў галасаваньня);

– адказнасьць за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Рэжым функцыянаваньня суб’ектаў дзяржаўнага права ў дзяржаве:

– самастойнасьць функцыянаваньня суб’ектаў дзяржаўнага права на дзяржаўным прававым полі толькі на падставе законаў (якія магчыма зьмяняць, перадаючы функцыю ўлады іншай групе грамадзянаў праз свабодныя празрыстыя выбары);

– неўмяшальніцтва прыўладнай каманды ў арганізацыю і правядзеньне выбараў.

1.6.2. Унутраныя ўмовы

– дастатковыя веды;

– дастатковы ДІФ-патэнцыял (неабходны для кансалідацыі, самаарганізацыі, распрацоўкі канцэпцыі пабудовы і функцыянаваньня дзяржавы, стратэгіі яе рэалізацыі, праграмы дзейнасьці);

– здольнасьць да свабоды, адказнасьці, кансалідацыі;

– разуменьне асабістага і супольнага інтарэсаў у свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах;

– здольнасьць дамагчыся свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў;

– здольнасьць ажыцьцяўляць зваротную сувязь.

1.7. Здольнасьць ажыцьцяўляць свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары

Каб карыстацца свабоднымі, празрыстымі, дэмакратычнымі выбарамі, мала, каб яны былі толькі інтарэсам. Трэба яшчэ, каб была і здольнасьць ажыцьцяўляць выбары (функцыю грамадзянаў і грамадзянскай супольнасьці па ажыцьцяўленьні зваротнай сувязі). Гэтая здольнасьць вызначаецца, як ужо казалася, дастатковым ДІФ-патэнцыялам, які, у сваю чаргу, вызначае псыхалягічную здольнасьць людзей да свабоды, да кансалідацыі і самаарганізацыі ў структурах грамадзянскай супольнасьці, здольнасьці да пошука, прыняцьця, рэалізацыі рашэньняў і адказнасьці за іх вынікі.

Ці ёсьць нашыя (грамадзянаў) здольнасьці, каб рэалізаваць супольныя (нацыянальныя) інтарэсы, дастатковымі: дастатковыя веды, дастатковы ДІФ-патэнцыял, здольнасьць да свабоды, да адказнасьці, да кансалідацыі, самаарганізацыя ў неабходных функцыянальных формах, стратэгія дзейнасьці, дастатковыя рэсурсы?

Цяжка на гэтае пытаньне адказаць станоўча.

2. Адсутнасьць выбараў у сучаснай дзяржаве

Свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары як механізм фармаваньня заканадаўчых інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня і мясцовага самакіраваньня могуць адсутнічаць.

Такое магчыма, калі:

– грамадзянам бракуе ведаў, навошта ім дзяржава, якая дзяржава патрэбная, як у ёй жыць;

– недастатковы ДІФ-патэнцыял грамадзянаў і іхняя здольнасьць да кансалідацыі;

– няздольнасьць грамадзянаў карыстацца правам выбара ажыцьцяўляць ускосную зваротную сувязь праз фармаваньне ІДР шляхам выбараў;

– недастатковая самаарганізацыя грамадзянаў у структурах грамадзянскай супольнасьці;

– няздольнасьць часткі грамадзянаў (блізу 20%) да кансалідацыі і самаарганізацыі ў грамадскім руху дзеля ажыцьцяўленьня непасрэднай зваротнай сувязі, абароны права на фармаваньне ІДР праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары, абароны права выбару;

дзеючая прыўладная таталітарная каманда (партыя) забараняе альбо прафануе выбары (фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня).

Адсутнасьць свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў як механізма фармаваньня заканадаўчых інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня і мясцовага самакіраваньня азначае адсутнасьць ускоснай зваротнай сувязі ў дзяржаве як сістэме і цягне за сабой зьмяншэньне супольнага ДІФ-патэнцыяла нацыі, дэградацыю грамадства, зьніжэньне жыцьцяздольнасьці соцыюма.

Варыянты разьвіцьця падзей у такім разе бачацца наступнымі:

1. Далейшая дэградацыя грамадства. Адбываецца зьніжэньне жыцьцяздольнасьці грамадства (і формы ягонай самаарганізацыі – дзяржавы) ў выглядзе палітычных ды эканамічных крызаў, паглыбленьня сацыяльных заганаў (алкагалізму, наркаманіі, злачыннасьці і іншых), зьніжэньня матывацыі нараджальнасьці, росту суіцыдальнага сындрому, росту эмігарцыйнай хвалі.

2. Раскручваньне рэпрэсіўнага махавіка з боку прыўладнай таталітарнай каманды.

3. Рэвалюцыйная сытуацыя (зьмяншэньне ўнутранай напружанасьці сістэмы праз грамадзянскі канфлікт):

– зьвяржэньне гвалтоўным чынам часткай грамадства функцыянуючай на полі ІДР прыўладнай каманды, абапіраючыся на незадаволенасьць грамадзянаў дзеючай пры ўладзе камандай;

– захоп поля ІДР і функцыі ўлады. Такой сытуацыі разьвіцьця падзей уласьцівыя два моманты:

– група, якая захапіла поле ІДР і ўласьцівую ёй функцыю ўлады, як правіла, ня мае інтарэсам саступаць праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары захопленую функцыю ўлады, якая належыць ІДР;

– гэтая група ні перад кім не зьбіраецца несьці адказнасьці.

4. Апазыцыйная дзейнасьць.

Апазыцыйныя партыі (партыя) могуць ініцыяваць усталяваньне ці аднаўленьне працэдуры свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў і зьвярнуцца да грамадзянаў аб падтрымцы ў рэалізацыі гэтай задачы (а не сваёй праграмы): дамагчыся свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў, абапіраючыся не на абурэньне грамадзянаў дзеючай пры ўладзе камандай, а менавіта на іхні інтарэс ў свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах дзеля жыцьцяздольнасьці дзяржавы як жыцьцядайнай формы арганізацыі нацыі;

У гэтым варыянце палітычныя партыі (групы грамадзянаў, што самаарганізаваліся ў палітычных партыях) не ў праве ўцягваць грамадзянаў у апазыцыйную ролю функцыянуючай на полі ІДР камандзе. Бо грамадзяне кансалідуюцца не на атрыманьне ці “захоп” улады (функцыі ІДР), ці ў падтрымку праграмы той ці іншай партыі, а пад задачу ўсталяваньня працэдуры і правядзеньня свабодных празрыстых выбараў, і рэалізуючы сваю, грамадзянскую, функцыю ўлады, фармаваньне ІДР і ажыцьцяўленьне зваротнай сувязі ў дзяржаве паміж суб’ектамі дзяржаўнага права.

Апазыцыйную ролю бяруць на сябе грамадзяне – сябры партыі, – бо яны прапануюць грамадству праграму разьвіцьця і бяруць на сябе адказнасьць за яе рэалізацыю (праграму, апазыцыйную дзеяньням прыўладнай каманды). Гэткую ж ролю бяруць на сябе і тыя, хто падтрымлівае партыю і яе праграму, і гатовыя падзяліць адказнасьць за вынікі дзейнасьці партыі.

Грамадзяне ж у сваёй большасьці не гатовыя і ня будуць браць на сябе адказнасьць за дзеяньні (праграму) партыі. Бо іхняя асноўная функцыя (і інтарэс) у гэтым працэсе – ажыцьцяўляць ускосную зваротную сувязь праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары дзеля падвышэньня супольнага ДІФ-патэнцыяла. Толькі на свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах грамадзяне бяруць на сябе маральную адказнасьць за дзеяньні партыі, аддаючы свае галасы той ці іншай партыі і перадаючы ім функцыю ўлады.

Таму усіх, хто не задаволены дзеяньнямі цяперскай прыўладнай каманды, успрымаць прыхільнікамі той ці іншай апазыцыйнай партыі, і больш за тое, абазначаць апазыцыяй, не зусім карэктна. Бо на свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбарах гэтым “апазыцыйным” грамадзянам, магчыма, давядзецца галасаваць супраць праграмы той ці іншай партыі.

5. Грамадзянская ініцыятыва.

Грамадзяне, маючы дастатковы ДІФ-патэнцыял і вызнаючы агульным інтарэсам эфектыўнае выкарыстаньне супольнага ДІФ-патэнцыялу дзеля забесьпячэньня жыцьцяздольнасьці соцыюма як жыцьцядайнага асяродку, самастойна кансалідуюцца і самаарганізуюцца ў часовай структуры (руху) пад задачу (не пад праграму): дамагчыся свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў.

У выніку рэалізацыі гэтай задачы грамадзяне не набываюць функцыю ўлады на полі ІДР, а перадаюць яе групам грамадзянаў (палітычным партыям) паводле вынікаў свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў. Надалей, праз свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары, грамадзянамі ажыцьцяўляецца зваротная сувязь на дзеяньні прыўладнай каманды.

6. Як вынік безвыходнасьці можа распачацца тэрарыстычная дзейнасьць.

7. Ліквідацыя дзяржавы як формы самаарганізацыі нежыцьцяздольнай нацыі і суб’екта міжнароднага права. Тады арганізацыяй насельніцтва (тых, хто яшчэ застанецца) будуць займацца іншыя арганізаваныя супольнасьці.

3. Якую сытуацыю мы маем на сёньня?

3.1. Прыўладная групоўка

Цяперашняя прыўладная сацыяльная група ўмацоўваецца. З дапамогай інструмента ўлады яна захоўвае сістэму жыцьцяздольнасьці за кошт вынікаў працы (дзейнасьці) іншых людзей шляхам захаваньня сістэмы адчужэньня работніка ад вынікаў працы, а таксама пазбаўленьня яго права ўласнасьці на сваю працоўную сілу, кампетэнцыю, кваліфікацыю, і магчымасьці супольна рэалізоўваць іх на рынку працы праз свабодныя прафсаюзы.

Гэта ж ёсьць прычынай перашкоды дзейнасьці прадпрымальніцтву.

Прысабечваньне адбываецца праз абвяшчэньне прыўладнай камандай супольных вынікаў працы цяперашніх і мінулых пакаленьняў, нацыянальных прыродных багацьцяў дзяржаўнымі, а сябе атаесамляючы зь дзяржаваю.

Пры гэтым іхнім жыцьцёвым інтарэсам (як і любой маргінальнай групы) ёсьць захаваньне ад механізмаў зваротнай сувязі з боку іншых суб’ектаў дзяржаўнага права: грамадзянаў і грамадзянскай супольнасьці.

3.2. Грамадства

Адмовіўшыся ад духоўнага інтэлектуальнага фізіялягічнага (арганізацыйнага) патэнцыяла свайго народу (ці пагадзіўшыся зь ягоным вынішчэньнем), мы [браць на сябе чужую віну – грэх. – Рэд.] заканамерна апынуліся ў палёне таталітарных памкненьняў пэўных сацыяльных групаў, якія на дадзены момант функцыянуюць на полі інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня ў нашай дзяржаве.

Зьніжэньне духоўнага патэнцыялу (адсутнасьць нацыянальна адказных рэлігійных інстытуцыяў, вынішчэньне роднай мовы, забарона нацыянальнай сымболікі, фальсыфікацыя гісторыі, адсутнасьць сістэмы нацыянальна адказнага выхаваньня) вядзе да дэградацыі дзяржавы як формы супольнай самаарганізацыі, пра што сьведчыць і дэградацыя каштоўнасьцей духоўнага апірышча чалавека. Як вынік, масавы ўдзел людзей у “выбарчых” камісіяў розных узроўняў, асноўнай функцыяй якіх у такіх выбарчых умовах ёсьць фальсыфікацыя выбараў: ад стварэньня выбарчых камісіяў да вынікаў галасаваньня. Больш за тое, грамадства ў такім стане лёгка прымае фальсыфікацыю выбараў.

Без ажыцьцяўленьня зваротнай сувязі (дэмакратыі) паміж суб’ектамі дзяржаўнага права зьніжаецца эфектыўнасьць выкарыстаньня супольнага ДІФ-патэнцыяла і, як наступства, падае жыцьцяздольнасьць супольнай самаарганізацыі ў дзяржаве.

Гэта можна зразумець, калі дзяржаву як сістэму (форму) самаарганізацыі нацыі параўнаць з жывым арганізмам, прыкладам, чалавека.

Калі раптам вы прынялі рашэньне пакласьці руку на агонь, наступнае імгненьне вы адчуваеце боль. Амаль у той жа момант вы прыблалі руку, нават не прымаючы рашэньня, і гэтае дзеяньне, магчыма, захавала вам жыцьцё. Гэта ў вашым арганізме спрацавала зваротная сувязь (дэмакратыя). (Тая ж функцыя, якую ў дзяржаве выконваюць дэмакратычныя механізмы: свабодныя празрыстыя выбары, рынкавая антыманапольная эканоміка, свабода слова і інш.) Калі ж вы не адчуваеце болі і зваротная сувязь не спрацоўвае (не карэктуе вашае рашэньне), малаверагодна, што вы застанецеся жыць.

Але такая складаная сістэма арганізацыі соцыюма, як дзяржава, пры пэўных умовах мае патэнцыял ажыцьцяўленьня зваротнай сувязі: грамадзяне, здольныя і гатовыя да ажыцьцяўленьня зваротнай сувязі (якіх некарэктна атаесамляць з апазыцыяй, паколькі яны не выстаўляюць супольнай праграмы разьвіцьця дзяржавы і не прэтэндуюць на інструмент улады дзеля рэалізацыі гэтай праграмы). У грамадстве з дастатковым ДІФ-патэнцыялам заўсёды ёсьць сацыяльная група (блізу 20% грамадзянаў), здольная часова самаарганізавацца для ажыцьцяўленьня непасрэднай зваротнай сувязі (у “навейшай гісторыі” звычайна гэта “народныя франты”), у форме вулічных акцыяў: пікетаў, мітынгаў, шэсьцяў, страйкаў. Калі ж гэта не дапамагае зкарэктаваць дзеяньне прыўладнай каманды, гэтыя грамадзяне (а часьцей дастаткова нават дзесятай часткі гэтых грамадзянаў) дамагаюцца свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў (ускоснай зваротнай сувязі), празь якія і адбываецца замена прыўладнай каманды (а не ўлады як функцыі).

Трэба прызнаць, што ў свой час грамадскі рух БНФ ня выканаў гэтай гістарычнай задачы: дамагчыся свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў пры фармаваньні ІДР і мясцовага самакіраваньня, і замацаваць гэтую працэдуру ў заканадаўстве і на практыцы. Гэтая задача і цяпер застаецца адной з самых надзённых дзеля падвышэньня супольнай жыцьцяздольнасьці Беларусі.

3.3. Апазыцыя

Сфармаваныя палітычныя партыі, якія распрацоўваюць канцэпцыі, праграмы разьвіцьця дзяржавы, падвышэньня яе жыцьцяздольнасьці, альтэрнатыўныя дзеючай прыўладнай групоўцы ёсьць апазыцыяй.

Але ў адсутнасьці свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў і не ў стане атрымаць інстумент улады і рэалізаваць свой патэнцыял праз ажыцьцяўленьне праграмы, гэтыя партыі ператвараюцца ў фантомы: быццам бы яны і ёсьць і ніхто гэтага не адчувае.

У такой сытуацыі праграмныя спрэчкі розных, так бы мовіць, “апазыцыйных” партый бессэнсоўныя. Гэта як спрэчкі паміж кіроўцамі (пасажырамі) самаходаў, якія спыніліся перад заваліўшым дарогу бервяном: куды лепей ехаць. Як мінімум, трэба выйсьці ды адцягнуць бервяно з дарогі, а потым прапаноўваць (а можна і паспрачацца), куды ехаць.

“Лідэры” кожнай зь цяперашніх “апазыцыйных” партый прапануюць астатнім перасесьці менавіта ў іхні самаход (партыю), нібыта ад гэтага бервяно само адпаўзе з дарогі (самі зваляцца свабодныя празрыстыя дэмакратычныя выбары).

Прычынаў гэткіх паводзінаў некалькі.

Па-першае, недастатковы духоўны патэнцыял. Любоў да сваёй краіны, да свайго народа і сваёй нацыянальнай культуры, да сваёй дзяржавы і яе жыцьцяздольнасьці (ня кажучы пра любоў да Бога), ня ёсьць дамінуючым матывацыйным чыньнікам у дзеяньнях людзей, што арганізаваліся ў партыях.

Матывуючай, магчыма, ёсьць толькі любоў да сябе, але больш дамінуючым чыньнікам ёсьць нелюбоў да канкурэнтаў і, нават, да “аднадумцаў” і “паплечнікаў”.

Па-другое, недахоп ведаў пра прыроду дзяржавы: які інтарэс чалавека (грамадзяніна) у дзяржаве, арганізацыйныя і функцыянальныя структуры дзяржавы, суб’екты дзяржаўнага права й іхнія функцыі. За палітычную дзейнасьць выдаецца макіявелаўскае палітыканства ды інтрыгі. Партыйнае навучаньне ці сістэма грамадзянскай адукацыі, якія маглі б зьліквідаваць гэты недахоп, адсутнічаюць.

Па-трэцьцяе, як ні прыкра пра гэта казаць, але адным з матывацыйных чыньнікаў дзейнасьці “апазыцыі” стала грантавая падкормка.

Як вынік, адсутнасьць стратэгіі супольнай дзейнасьці. Дакладней, яна ёсьць і фармулюецца як лёзунг: “Айда за мной!” ці “Айда за намі!”. Сёньня адзін кажа “за мной”, заўтра – другі. Стратэгія пабудовы прававой дэмакратычнай дзяржавы (і ў чым інтарэс грамадзянаў менавіта ў такой дзяржаве) адсутнічае ды й не ставіцца задача яе распрацоўваць ці набываць веды, каб яе распрацаваць.

Адсюль няздольнасьць да кансалідацыі, да самаарганізацыі людзей з розным сьветаглядам ня тое што пад адзіную доўгатэрміновую праграму, але нават пад агульныя часовыя задачы.

У такім стане ўсялякія “перамогі” ці “канцы” ня маюць аніякага сэнсу.

Яшчэ адной з прычынаў адсутнасьці кансалідацыі цяперашніх “апазіцыйных” партый ёсьць тэза: мы будзем змагацца за свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары толькі, калі будзе гарантыя, што мы “пераможам”, а калі няма ўпэўненасьці, што мы атрымаем на выбарах функцыю ўлады, то на халера нам тыя выбары.

Галоўным стратэгічным пытаньнем, якім занятыя зараз “лідэры” “апазыцыйных” партый, гэта лідэрства ў адзіным грамадскім руху.

“Лідэрства” ў руху разглядаецца як прэтэнзія на ролю адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Але ў такім стане “лідэр” руху зьяўляецца дэкансалідуючым чыньнікам, бо ён ёсьць канкурэнтам для лідэраў іншых партый, як патэнцыйных кандыдатаў на пасаду “прэзідэнта”.

Прэтэнзія “лідэра” руху на прэзідэнцтва гэта як разам з “барацьбой” за выбары – свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя – ставіць на мэце прывесьці да ўлады партыю, якая нібыта ўзначаліла барацьбу за выбары. Наўрад такая пастаноўка задачы будзе спрыяць кансалідацыі грамадскага руху. Магчыма, таму Махатма Гандзі адмовіўся ад пасады прэзідэнта Індыі, калі яму была зроблена такая прапанова [таму мы, як завядзёныя, увесь час паўтараем: спачатку Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы, а потым усё іншае. – Рэд.].

3.4. Кандыдат у прэзідэнты

Перш чым вылучаць кандыдата ў прэзідэнты ад адзінага руху, неабходна акрэсьліць функцыі і задачы “прэзідэнта” на пераходны перыяд, пад якія ён і будзе абірацца. Бо гэта будзе не партыйны (можна казаць: не праграмны) кандыдат.

Пра кандыдатаў ці адзінага кандыдата ад некалькіх партый ёсьць сэнс казаць пры ўмове, калі даб’емся “выбараў”.

Кандыдаты (ці адзіны кандыдат) у “прэзідэнты” можа высьветліцца па выніках дзейнасьці за свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары і толькі пад функцыі і задачы “прэзідэнта” на пераходны перыяд.

4. Што зрабіць, каб набыць здольнасьць і рэалізаваць інтарэс у пабудове жыцьцяздольнай дзяржавы?

– пачаць распрацоўку стратэгіі супольнай дзейнасьці (не падмяняючы яе рэклямнымі лёзунгамі);

– распрацаваць функцыі і задачы “прэзідэнта” на пераходны перыяд (да 1 года);

– пачаць працу над новай дзяржаўнай канцэпцыяй (Канстытуцыяй);

– распачаць стварэньне сістэмы грамадзянскай адукацыі як стратэгічнай задачы грамадскага руху;

– партыі распрацоўваюць і прапануюць грамадству свае канцэпцыі (праграмы) ўладкаваньня дзяржавы;

– самаарганізацыя ў грамадскім руху (пад задачы дамагчыся свабодных выбараў, іх арганізацыі і правядзеньня) блізу 20% грамадзянаў (≈ 1,5 млн. чалавек);

– дамагчыся свабодных выбараў;

– арганізаваць і правесьці свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя выбары.

5. Стратэгія супольнай дзейнасьці

5.1. Сістэма інтарэсаў як матывацыя нашай супольнай дзейнасьці:

– падвышэньне жыцьцяздольнасьці нашага народа, які самаарганізаваўся ў дзяржаве, дзеля ажыцьцяўленьня Божага прызначэньня;

– падвышэньне асабістага і супольнага (нацыянальнага) ДІФ-патэнцыяла;

– выкарыстаньне механізмаў зваротнай сувязі (дэмакратыі) дзеля самарэгуляцыі дзяржавы (як формы самаарганізацыі нацыі) і эфектыўнага выкарыстаньня супольнага ДІФ-патэнцыяла нацыі.

5.2. Стратэгічныя задачы, якія вынікаюць з вышэйакрэсьленых інтарэсаў:

– дзеля набыцьця здольнасьці да свабоды, да адказнасьці, да кансалідацыі, да самаарганізацыі набыцьцё (у першую чаргу гэтымі 20% грамадства) дастатковага духоўнага, інтэлектуальнага і арганізацыйнага патэнцыялу;

– дзеля падвышэньня духоўнага й інтэлектуальнага патэнцыялу да ўзроўню дастатковага – стварэньне сістэмы грамадзянскай адукацыі паводле праграм па нацыянальнай гісторыі, культуры, па філязофіі, псыхалёгіі, паліталёгіі, эканоміцы, геаграфіі Беларусі, сацыялёгіі, гісторыі рэлігіі розных канфэсій, якія існуюць на тэрыторыі Беларусі, па дзяржаўным будаўніцтве (што такое дзяржава, навошта яна нам патрэбная, а калі трэба, то якая, як яе ствараць, як ёй карыстацца), гісторыі і культуры іншых народаў сьвету;

– дамагчыся свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў і замацаваць іх заканадаўча і авалодаць імі на практыцы;

– пры наяўнасьці дастатковага духоўнага інтэлектуальнага і арганізацыйнага патэнцыялу кансалідацыя дастатковай часткі грамадства (блізу 20% ≈ 1,5 млн. чалавек) пад вышэйазначаную стратэгічную задачу (ні ў якім разе не пад праграму); [? – Рэд.]

– самаарганізацыя ў грамадскім руху пад стратэгічныя супольныя інтарэсы (а не пад лідэра) і пад задачу (а не пад праграму); [? – Рэд.]

дамагчыся свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў (пад функцыю ўскоснай зваротнай сувязі).

Тактычныя задачы (спосабы вырашэньня стратэгічных задач) залежаць ад сытуацыі, умоў у той ці іншай мясцовасьці, ад псыхалягічнага стану людзей, ад фінансавых і тэхнічных магчымасьцяў, і ёсьць тэмай асобнай гаворкі.

Магчыма, што з апошнімі “выбарамі” ўсё ж надыйшоў “канец” таннаму піяру,”канец” бязглуздай мітусьні вакол віртуальнага “лідэрства” і пачнецца шматгадовая штодзённая сістэмная праца дзеля падвышэньня жыцьцяздольнасьці нашага народа.

Ці будзе гэтая праца і як яна будзе весьціся, пакажуць ужо наступныя “выбары”.

З. Сейбіт. 02.01.2009 г.

Ад рэдакцыі:

Што рабіць у гэтай сітуацыі таксама прапанаваў у сваім артыкуле, зь якога пачалася праца сайта, сп-р А.Астроўскі (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/11/30).

У нас узьнікла некалькі пытаньняў, на якія мы просім аўтара, калі можна, адказаць і пры гэтым максімальна простай мовай:

1. Няўжо вы сапраўды лічыце, што, калі “грамадзянам” пляваць, якая ў іх улада (а так зрабіла дыктатура з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій і “грамадзяне”, як аб’ект узьдзеяньня, у гэтым не вінаватыя), ім ня будзе пляваць, якія ў іх выбары?

2. Калі ласка, патлумачце, сп-р Сейбіт, па якой такой прычыне ў Беларусі выбары з удзелам “апазіцыі”, за якія вы так ратуеце, раз за разам пераўтвараюцца ва ўсё большы фарс. І гэта ва ўмовах усё большай “дапамогі” з “Захаду” ў “барацьбе за дэмакратыю”…

3. Ці былі выбары 1994 г. свабоднымі, празрыстымі, дэмакратычнымі? Калі так, дык ЧАМУ яны далі нам дыктатара?

4. Чаму нельга аб’ядноўвацца для змаганьня пад зьдзяйсьненьне праграмы, у якой будзе апісана ўладкаванае дзяржаўнае жыцьцё беларускага грамадства?

3 каментарыя

  1. Сейбіт кажа:

    Вялікі дзякуй рэдакцыі за публікаваньне на вашым сайце гэтага артыкула.
    1. Адразу хацеў бы сказаць, што ўсе мае допісы, каментары – не для спрэчкі (а тым больш – не для яшчэ адной свары), а для абмеркаваньня і пошука рашэньняў. (Праўда, калі рашэньні ўжо зўнойдзены, то яны, канешне, губляюць сэнс).
    2. Ужо спробы кароткага абмеркаваньня тут нават абмежаванай колькасьцю людзей праблем, якія кожны бачыць у нашым грамадстве, паказвае, як ня проста нам рабіць нешта разам. А справа яшчэ нават не пачалася. (На маю думку, гэта можна фармуляваць як адну з нашых праблем).
    3. Для мяне сапраўды ёсьць цяжкім момантам шукаць простыя адказы на складаныя пытаньні. Таму заўсёды захапляе, калі каму-небудзь гэта ўдаецца. Але я паспрабую.

    Наконт першага пытаньня можна так сказаць, што я ніяк не лічу. Ды і што каму з майго “лічэньня”: маё “лічэньне” сытуацыю ня выправіць. Іншая справа, што гаворка ідзе пра забесьпячэньне супольнай жыцьцяздольнасьці нашай нацыі ў дзяржаве. Гэта магчыма ажыцьцявіць праз аптымальнае выкарыстаньне нашага супольнага духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыяла, дзеля чаго і патрэбныя механізмы зваротнай сувязі (дэмакратыі), адным зь якіх ёсьць свабодныя празрыстыя выбары. Каб іх дамагчыся, ня трэба цягнуць за сабой увесь “народ”. Нават тых 20%, пра якія я казаў у артыкуле, будзе замнога, хапіла б і 10% ад тых 20%. (Г.з., няхай 1 зь 10 увойдзе ў арагнізаваны рух, каб дамагчыся такіх выбараў, а 9 чалавек яго падтрымаюць маральна – і гэтага будзе дастаткова). Астатніх 80% грамадзян я прапаную зусім не чапаць, не чапляцца да іх, не насьміхацца зь іх, не крыўдзіць, не прыніжаць. Гэта неабходная база далейшага працягу жыцьця, калі ў гэтых 20% грамадзян на гэтым этапе гісторыі раптам нешта не атрымаецца. Калі гэтыя 20% дамогуцца свабодных выбараў, астатнія 80% прымуць гэта як дадзенасьць, як прымаюць і сёньняшнюю сытуацыю. Прынамсі, малаверагодна, што нехта зь іх выступіць з пратэстам супраць свабодных празрыстых і дэмакратычных выбараў. Праблема: ці здольныя самаарганізавацца гэтыя 20%, а калі няздольныя, то чаму. Вось рашэньне гэтай праблемы, а таксама, каб грамадзянам не было “напляваць” якая ў іх улада, я і зьвязваю з асьветніцка-адукацыйнай працай (ня блытаць з агітацыяй і прапагандай). Асьветніцка-адукацыйная праца разглядае пытаньні: якімі былі нашыя продкі і чаму, якія ёсьць мы і чаму, што дае веды дзеля пошука рашэньняў сучасных праблем. Веды па пытаньнях, што такое нацыя, дзяржава, улада, дэмакратыя (і ня той “венегрэт”, што падаецца людзям штодня, быццам бы “дзяржава” рабуе, адбірае, хлусіць, прадае, а потым ім прапануецца бараніць незалежнасьць гэтай “дзяржавы”), навошта яны патрэбныя, у чым іх жыцьцёвы інтарэс у гэтых інстытуцыях. (Агітацыя і прапаганда сьцьвярджае, прыкладам, што мы самыя лепшыя, а таму дайце нам уладу і мы вас азалоцім. Давялося, нават, чуць: маўляў, навошта нам тыя свабодныя выбары, калі няма гарантыі, што мы “возьмем” уладу).

    Адказ на другое пытаньне, як бачна, зьвязаны з адказам на першае. Выбары ў Беларусі “раз за разам пераўтвараюцца ва ўсё большы фарс” не з-за ўдзелу ў іх “апазыцыі”, а таму, што іх даўно ўжо няма. Намінальна, яны канешне праводзяцца, дык яны намінальна былі і ў СССР, а нядаўна прайшлі ў Паўднёвай Карэі. Функцыянальна, дзеля чаго яны патрэбныя, іх ужо даўно ў нас няма. Таму я ратую за выбары не з удзелам ці без удзелу “апазыцыі”, а за тое каб іх дамагчыся. Дзеля чаго, як я гэта разумею (магчыма, памыляюся: складанае пытаньне), патлумачыў у першым адказе.

    “Ці былі выбары 1994 г. свабоднымі, празрыстымі, дэмакратычнымі?”
    Я па іншаму паставіў бы пытаньне: ці былі гэта “выбары”? Працэдура галсаваньня, пэўна, была, але называць яе “выбарамі” наўрад ці варта. Што было? З боку пэўных сацыяльных груп, у тым ліку і прадстаўнікоў цяперашняй “аб’яднанай апазыцыі”, меў месца захоп ўладных функцый у нашай дзяржаве (за які, прынамсі, сучасныя прадстаўнікі “аб’яднанай апазыцыі” ніякай адказнасьці не панесьлі), а з боку грамадства, якое нядаўна выйшла з савецкага лягеру, меў месца глухі пратэст, “фіга ў кішэні”. З чым, дарэчы, і засталіся. Але гэта таксама ўрок: нельга назло бабульцы марозіць сабе вушы.
    А дыктатара можна атрымаць пад час выбараў у любой дзяржаве, калі грамадзяне не жадаюць (або няздольныя) ажыцьцяўляць сваю частку ўлады: прымаць рашэньні і ажыцьцяўляць зваротную сувязь на дзеяньні прыўладнай каманды, і браць на сябе адказнасьць за вынікі выбараў. Выбары гэта толькі працэдура, празь якую рэалізуецца дасягнуты грамадствам духоўны, інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял.

    Чаму нельга аб’ядноўвацца для змаганьня пад зьдзяйсьненьне праграмы, у якой будзе апісана ўладкаванае дзяржаўнае жыцьцё беларускага грамадства?
    Ды пад праграму можна аб’ядноўвацца, толькі трэба ўдакладняць у якой форме арганізацыі і дзеля чаго. У партыі такое аб’яднаньне магчыма, калі ў падмурку супольнай дзейнасьці ёсьць пэўная філязофія (як у бальшавікоў – марсізм. Ня блытаць зь ленінізмам. Гэта ўжо прыкладная – на базе марксістскай філязофіі – партыйная ідэалёгія. Праўда, ня ведаю, на якой філязофіі грунтуюцца ідэалёгіі сучасных лібэральных, сацыял-дэмакратычных, дэмакратычных партый. Хіба што, “дэмакратыя – гэта улада народа”).
    У арганізацыях часовых (народныя франты, рухі), якія патрабуюць для рашэньня паўстаючых задач (дамагчыся свабодных празрыстых выбараў) патэнцыяла значна большага, чым патэнцыял адной партыі, аб’яднацца пад праграму не магчыма. Чаму? Мы – розныя людзі. І сьветагляд у нас можа быць розны. А супольная праграмная дзейнасьць патрабуе найперш сьветагляднай, філязофскай кансалідацыі. І як толькі замест агульнай задачы прапануем розным людзям праграму, ідзе атака на іхні сьветагляд (неважна: “правільны” ці “няправільны”). А пры такіх стасунках людзей не аб’яднаць ніколі. Хіба што, пад аўтаматам.
    Людзям можна прапанаваць часова арганізавацца ў рух пад задачу расчысьціць прававое поле, дамагчыся свабодных выбараў (функцыя бульдозера), пасьля чаго кожны, у адпаведнасьці са сваім сьветаглядам, будзе на выбарах абіраць кірунак разьвіцьця, які можа стаць у выніку выбараў агульным для ўсёй дзяржавы.
    Калі мы хочам абяднацца пад праграму (у палітычнай партыі ці грамадскай арганізацыі) мы мусім узгадняць свой сьветагляд зь іншымі людзьмі.
    Мне падаецца, што так. Паўтаруся, магчыма, я памыляюся. Гэтыя пытаньні ня простыя нават у асабістай сістэмнай гаворцы, не кажучы пра адрывачныя каментары.
    Напэўна, ізноў проста не атрымалася. Гэта значыць, што трэба яшчэ працаваць і над праблемамі і над сабой :).
    Хочацца толькі дадаць, што ня трэба адразу пачынаць з крытыкі, варта наадварот заахвочваць выказвацца ўсіх, каб хаця б зразумець пра што думаюць людзі, што ім баліць.
    І, наогул, прапаную спадарству паспрабаваць у ляканічнай форме :), тэзамі (без тлумачэньняў) акрэсьліць праблемнае дрэва, як кожны сабе гэта ўяўляе. Гэта было б і цікава і карысна для далейшай узгодненай працы.
    Наперадзе шмат працы і не на адно пакаленьне. Але ж і мы не камунізм зьбіраемся будаваць. Спадзяюся. І хачу нагадаць словы Св. Аўгусьціна: ”У агульным – мы адзіныя, у спрэчным – мы свабодныя, і ва ўсім – любоў”.
    Выбачайце, калі ласка, калі каго-небудзь незнарок пакрыўдзіў.

  2. Антон кажа:

    Сейбіту
    Вашыя схемы вельмі прывабна выглядаюць на паперы і напэўна дужа гладка б дзейнічалі ў нейкім ідэальным сьвеце, дзе б пагалоўна былі лагодныя дыктатары, сумленныя сьпецслужбы, бяззубыя ворагі, геніяльныя і высокаахвярныя грамадзяне (хаця б 20 %), непрадажныя і пасьлядоўныя кіраўнікі партый і кандыдаты ў прэзідэнты.
    Апроч таго, ваша каронная трыяда “свабодныя, празрыстыя, дэмакратычныя” (на якой грунтуецца ўся вашая сьхема) даўно састарэла. Яе заганы зараз актыўна і пасьпяхова выкарыстоўваюцца “моцнымі гэтага сьвету” для дасягненьня сваіх мэт. Напрыклад, апошнія выбары ў ЗША паказалі, што нават фармальнае выкананьне ўсіх вышэйпералічаных умоваў не забясьпечвае абраньне лепшага, а толькі таго, хто “прапіхнуты” ў палітыку “грошавымі мяшкамі” і хто выдаткаваў больш грошай на піяраўскую “дурыльню” для выбаршчыкаў.
    Растлумачце, калі ласка: альфай і амегай сваёй схемы вы ставіце барацьбу не за праграму, а за ідэальныя выбары, а потым пішаце, што трэба “распрацаваць функцыі і задачы “прэзідэнта” на пераходны перыяд (да 1 года)”. Дык усё ж, атрымліваецца, праграма патрэбная! І хто яе будзе распрацоўваць? І як яе навязваць новаму прэзідэнту, калі з вашай схемы вынікае, што ў выніку ідэальных выбараў уладу возьме лепшая з партый, у якой будзе свой кандыдат і свая праграма?

  3. Сейбіт кажа:

    1. У ідэальным сьвеце патрэбы ў такіх прапановах наогул не ўзьнікала б.
    2. “Свабодныя празрыстыя і дэмакратычныя выбары” гэта не мая “каронная трыяда”. Гэта сусьветны досьвед сучаснага чалавецтва, як забясьпечыць самарэгуляцыю дзяржавы як формы самаарганізацыі нацыі дзеля супольнай жыцьцяздольнасьці.
    Я зыходжу з таго, што кожны чалавек, які нарадзіўся ў гэтым жыцьці як Божае тварэньне, у свой час зыходзе зь яго. Чалавеку ад нараджэньня даецца жыцьцё, народ, краіна, мэта жыцьця як Божае пакліканьне. І чалавек адказны перад Богам за працяг жыцьця, за захаваньне жыцьцяздольным народа, у якім ён нарадзіўся, як жыцьцядайнага асяродку.
    Захаваньне жыцьцяздольнасьці асобнага чалавека вызначаецца ягоным духоўным інтэлектуальным і фізіялягічным патэнцыялам, але ў значна большай ступені (на парадкі!) – духоўным інтэлектуальным і фізіялягічным патэнцыялам соцыюма, у якім чалавек жыве. Дарэчы, адсюль і ўзьнікае жыцьцёвы інтарэс асобнага чалавека ў захаваньні жыцьцяздольнасьці дзяржавы як формы самаарганізацыі нацыі.
    Аптымальнае выкарыстаньне духоўнага інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу соцыюма дзеля супольнага жыцьцезабесьпячэньня зьвязана, у тым ліку, і з функцыянаваньнем механізмаў зваротнай сувязі паміж суб’ектамі дзяржаўнага права: грамадзянамі, грамадзянскай супольнасьцю, інстытутамі дзяржаўнага рэгуляваньня ды інстытуцыямі духоўнага апірышча. Адным з такіх механізмаў і ёсьць свабодныя празрыстыя і дэмакратычныя выбары.
    Гэта, калі караценька. Як бачыце, мая “каронная трыяда” зусім ня выбары. Выбары толькі адно зь дзеяньняў на шляху вырашэньня нашых агульных праблем і падвышэньня нашай супольнай жыцьцяздольнасьці. Больш за тое, выбары зусім не пакліканыя да “абраньня лепшага”, бо магчыма на наступных выбарах, а то і раней, гэтага “лепшага” давядзецца мяняць. Абраны можа быць і “самы горшы”. Грамадства (ці ягоная большасьць) таксама можа памыляцца. Грамадзяне наўпрост і праз структуры грамадзянскай супольнасьці, калі яны здольныя да гэтага (г.з. маюць дастатковы супольны духоўны інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял) праз свабодныя празрыстыя і дэмакратычныя выбары ажыцьцяўляюць зваротную сувязь на рашэньні прыўладнай каманды: кантралююць яе дзеяньне, ажыцьцяўляюць самарэгуляцыю функцыянаваньня дзяржавы і выпраўляюць свае памылкі перадаючы функцыю ўлады іншай камандзе.
    А супраць “піяраўскай дурыльні” ёсьць долькі адзін сродак: грамадзянская асьвета і адукацыя.

    3. Альфай і амегай маёй “схемы” ёсьць не барацьба за праграму ці ідэальныя выбары, Божае прызначэньне чалавека і дадзенага яму ад нараджэньня Божага народа, і стваральная праца дзеля рэалізацыі гэтага пакліканьня.

    4. “Распрацаваць функцыі і задачы “прэзідэнта” гэта ня ёсьць праграма рэфармаваньня дзяржавы. Функцыі і задачы патрэбныя толькі для стварэньня пэўных прававых умоў на пераходны перыяд. Я наогул не прыхільнік пасады прэзідэнта, прынамсі, у межах (а, дакладней, беспрэдзелу) сучасных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Надалей, як варыянт (трэба яшчэ працаваць над гэтым пытаньнем), пасада можа быць прадстаўнічай, з пэўнымі абмежавальнымі функцыямі (напрыклад, роспуск парлямэнта ў крызавай сытуацыі, і інш.).
    Дзеля пошука рашэньняў сучасных грамадскіх праблемаў і магчымага ажыцьцяўленьня рэформаў у дзяржаве патрэбны духоўны інтэлектуальны і фізіялягічны патэнцыял значна большай колькасьці людзей, чым прэзідэнт, нават калі ім будзе лепшы зь лепшых. Мы за прэзідэнцтва зачапіліся, таму што, па-першае, ппрывыклі, па-другое, гэта вечная пагоня за халявай: маўляў, мы табе ўладу далі, а ты нас цяпер кармі. Вось і “кормяць”. І трэцьцяе, гэта пазьбяганьне адказнасьці за стан дзяржавы, за яе жыцьцяздольнасьць. “Абралі”, а цяпер валі ўсё “на лысага”. Прыгадайце, як абіраюць старшыняў якіх прафсаюзных ці грамадскіх арганізацыяў: “абы не мяне”. Але гэта пакуль не нарвешся на маргінальнага кар’ерыста з жыцьцёвым дэвізам “пасьля мяне – хоць патоп”.

    5. А наконт “сумленных сьпецслужбаў, бяззубых ворагаў” трэба сказаць, што ў такім грамадстве як нашае (“бяз роду, бяз племяні”), адмарозкі ёсьць усюды: і ў школах, і ў ВНУ, і ў войску, і ў больніцах, а на прадпрыемствах – аж заваліся, ёсьць яны і ў міліцыі, і ва ўрадавых установах, і пэўна, ёсьць і ў спэцслужбах. Задача, як зрабіць, каб такіх людзей вырастала як мага меней, і каб яны сваечасова ізаляваліся грамадствам, хаця б на ўзроўні “не падаваньня рукі”. Але каб так сталася, рабіць трэба нешта і вам, а не чакаць, пакуль нашае грамадства стане ідэальным. Ну, можна хоць бы пачаць вучыцца. Я гэтым ні як не прыніжаю вашых разумовых здольнасьцей. Проста, каб езьдзіць на аўтамабіле ці лётаць на летаку, мала быць разумным (гэтая ўмова хоць і неабходная, але недастатковая). Трэба яшчэ і набываць веды, якія назапасілі да нас.
    І яшчэ, калі будзем болей баяцца Бога, а дакладней любіць Яго за тое, што Ён нам даў (а мы, нібы зьехаўшы з глузду, пускаем на вецер), тады не так будем сташыцца (і страшыць адзін аднаго) спэцслужбаў.

    Посьпехаў вам на доўгім стваральным і вялікім шляху да Беларусі!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы