nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Максімальна вялікія прастора і час – абавязковыя чыньнікі адэкватнага сьветагляду (С пр-п 3)

31 сакавіка, 2009 | 5 каментарыяў

Алесь Астроўскі

d0a7d0b0d181-1Працягваем распрацоўваць Сьветаглядную дактрыну. Пакуль у ёй толькі два прынцыпы, пададзеныя ў артыкулах “Ні матэрыялізм, ні ідэалізм, ні дуалізм” (nashaziamlia.org/2006/04/30/72) і “Чалавецтва і сьвет” (nashaziamlia.org/2006/05/14/94). У іх гаворка йшла пра тое, што, каб не трапіць у пастку матэрыялізму ці ідэалізму, нельга штучна падзяляць аб’ект і яго ўласьцівасьці, структуру і функцыю й г.д. Адэкватны сьветагляд павінен быць не матэрыялістычным ці ідэалістычным, а рэалістычным (гл. сімвалічны малюнак у пачатку артыкула, якія паказвае, што рэалізм – гэта прагрэсіўна скіраваная залатая сярэдзіна паміж двума варыянтамі скажэньня сьветагляду). Акрамя таго, было прапанавана прыняць, што заканамернасьці існаваньня і разьвіцьця чалавецтва ёсьць часткай заканамернасьцяў Сьвету і падпарадкоўваюцца ім. Нельга лічыць чалавека “вянцом прыроды”, “гаспадаром над ёй”. Гэта таксама памылковае ўяўленьне. Чалавек і чалавецтва – гэта часткі сьвету, падпарадкаваныя ўсім заканамернасьцям яго існаваньня і разьвіцьця.

Давайце цяпер зьвернем увагу на тое, што для адэватнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці варта максімальна пашырыць свой сьветагляд як у прасторы, так і ў часе.


d0a3d181d0bfd180d18bd0bdd18fd186d18cd186d0b5-d0a1d18cd0b2d0b5d182d183Адзін з дэфектаў людскага сьветагляду заключаецца ў тым, што ён нярэдка бывае істотна абмежаваным адносна рэальнай часа-прасторы. Больш за тое, цяпер пэўныя сілы актыўна насаджаюць “разумную” параду. Маўляў, “трэба жыць тут і цяпер”. Так людзям прапануецца зьвяртаць увагу ў асноўным на побытавыя праблемы сёньняшняга дню, жыць, гледзячы толькі сабе пад ногі…

Аднак пры такім падыходзе чалавек проста ня будзе здольным бачыць шэраг тых зьяваў, якія аб’ектыўна існуюць, уплываючы на яго жыцьцё, бо гэтыя зьявы можна ўбачыць толькі пры істотна больш вялікім маштабе сьветагляду. У такіх абставінах ён заўсёды будзе заставацца аб’ектам падзей, узьдзеяньня чужародных сіл і ніколі ня здолее дасягнуць узроўню хаця б мінімальнай суб’ектнасьці (відаць, апошняе і патрэбна тым, хто заказаў маштабны піяр узгаданай вышэй формулы намаўленьня).

У якасьці ілюстрацыі прапаную паглядзець на схемы зьлева (пазначаны літарамі А, Б, В), на якіх паказана, як прыкладна адбываецца пашырэньне сьветагляду чалавека па меры яго дарасьленьня і накапленьня ведаў аб рэальным сьвеце.

Спачатку чалавек (малое дзіцё), успрымаючы сябе, сваіх самых блізкіх людзей, пакой, хату, у якіх ён жыве, мае той маштаб сьветагляду, які адпавядае 1-му ўмоўнаму ўзроўню (лічба 1 на шкале). Затым, калі ён пачынае наведваць дзіцячы садок, выходзіць на вуліцу і г.д., маштаб яго сьветагляду павялічваецца да ўмоўнага ўзроўню 2. Затым, у першых класах школы вучыцца бачыць сьвет у межах свайго населенага пункту (узровень 3), а далей адкрывае для сябе існаваньне свайго народу, дзяржавы (узровень 4) і г.д. Так крок за крокам малады чалавек робіць свой сьветагляд ня толькі ўсё больш маштабным, а і ўсё больш адэкватным рэчаіснасьці – прапарцыйна павелічэньню маштаба ведаў пра яе.

Тут варта адзначыць адну істотную заканамернасьць, якая ўжо была адзначана раней у артыкуле “Ні матэрыялізм, ні ідэалізм, ні дуалізм”. Яна заключаецца ў тым, што заканамернасьці больш высокага ўзроўню, якія, як правіла, уласьцівыя аб’ектам істотна большага маштабу, зьяўляюцца кіруючымі ў адносінах да ўласьцівасьцяў больш дробных аб’ектаў, якія ёсьць часткамі нечага больш вялікага. Такім чынам, па меры павелічэньня маштаба сьветагляда чалавека адначасна назіраецца рост якасных параметраў такога сьветагляду. Чалавек пачынае ведаць ня толькі больш, а і глыбей…

Так, мы ведаем наступны шэраг пытаньняў пазнаньня закамернасьцяў, якія датычаць таго ці іншага аб’екту рэчаіснасьці: дзе? калі? (1-ы ўзровень); што? як? (2-і ўзровень); чаму? (3-і); навошта? (4-і). У гэтым шэрагу пытаньні 3-га й 4-га ўзроўняў вышэйшыя. Каб на іх адказаць, якраз і трэба пераходзіць на ўсё большы маштаб асэнсаваньня рэчаіснасьці адносна нейкага аб’екта і пытаньняў 1-га і 2-га ўзроўняў, зададзеных што да яго.

Аналагічнае пашырэньне сьветагляду варта рабіць і ў адносінах да часу.

На малюнку ўнізе пададзена шкала росту ўспрыняцьця заканамернасьцяў сьвету (лічбы 1 – 5 на шкале) па меры ўліку ўсё большых адрэзкаў часу, якія мелі месца ў мінулым і якія чакаюць сьвет у будучыні.

d0a3d181d0bfd180d18bd0bdd18fd186d18cd186d0b5-d0a1d18cd0b2d0b5d182d183-2

Узровень сьветагляду, які адпавядае ўмоўнай лічбе 1, самы абмежаваны. Ён, як правіла, не выходзіць за рамкі некалькіх дзён жыцьця чалавека. Умоўны ўзровень 2 ахоплівае дзесяцігоддзі, узровень 3 – тысячагоддзі, а ўзровень 5 – мільярды гадоў. Можна пабачыць, як па меры павелічэньня маштабу часу адбываецца якасная зьмена сьветагляду ў сувязі з “адкрыцьцем” тых заканамернасьцяў існаваньня Сьвету, якія бачны пры выкарыстаньні ўсё большых часавых інтэрвалаў.

Выкарыстаньне часавага пашырэньня сьветагляду на будучыню дае асабліва нечаканыя эфекты. Так, планы стварэньня нейкага аб’екта ці зьдзяйсьненьня нейкай падзеі, якія не існуюць сёньня, мы ўспрымаем, як нешта ідэальнае. Аднак, прайшоў час – і вось аб’ект пабудаваны, а падзея – адбылася. Атрымліваецца, яны зматэрыялізаваліся. Так ідэальнае ператварылася ў… матэрыяльнае. Пашэрыненьне сьветагляду ў часе дазваляе зьяднаць ідэальнае з матэрыяльным у рэальным.

d0a7d0b0d181-2Пры азначаным пашырэньні можна ўбачыць новыя ўласьцівасьці ня толькі вонкавай рэчаіснасьці, а і пераасэнсаваць уласнае самаўспрыняцьце. Так, мы часта гаворым і думаем пра сябе, як пра індывіда, які існуе з моманту нараджэньня і да сьмерці. І гэта ўжо добра, бо нават пры выкарыстаньні такой часавай шкалы чалавек ператвараецца ў іншы аб’ект, які называецца антагенэз. Гэта, напрыклад, дае магчымасьць бачыць заканамерныя зьмены будовы цела чалавека і ўласьцівасьцяў яго псіхікі, якія адбываюцца за час усяго яго жыцьця (што, натуральна, за прамежак часу істотна меншага памеру ўбачыць немагчыма).

Аднак, давайце прыкладзем да чалавека яшчэ большы часавы маштаб (гл. схему зьлева). Напрыклад, зададзім пытаньне пра яго бацькоў, дзядоў, прадзедаў, зь целаў і генаў якіх ён узьнік. Натуральным адказам на такое пытаньне будзе, напрыклад, узгадваньне, што ў чалавека ёсьць двое бацькоў (бацька і маці), чацьвёра дзядоў (два дзяды і дзьве бабулі), васьмёра прадзедаў. Гэта больш працяглае мінулае чалавека. Калі ўзяць яшчэ больш раньнія пакаленьні продкаў, дык у чалавека будзе 16 прапрадзедаў, 32 продка ў мінус 5-м пакаленьні й, напрыклад, больш за 1000 ў мінус 10-м. Калі ж падлічыць, колькі рэальных продкаў было ў нейкага беларуса на пачатак, напрыклад, 15-га стагоддзя, атрымаецца, што практычна ўсё насельніцтва ВКЛ былі яго продкамі!

Уяўляеце, уся гісторыя Вялікай Літвы-Беларусі датычыць нас – беларусаў – непасрэдна. У такой ступені датычыць, што, калі б, напрыклад, якога-небудзь зь мільёнаў (!) нашых продкаў не было б у мінулым, дык і кожнага з нас не было б!

Дакладна такі эфект узьнікае, калі мы думаем пра нашых нашчадкаў, якім мы перадаем нашы гены, а зь імі асаблівасьці нашых цялесных і псіхічных рыс. На схеме паказана сітуацыя, калі прабанд у шэрагу пакаленьняў пакідае па два нашчадкі – хлопчыка і дзяўчынку. У такой сітуацыі праз 10 пакаленьняў у яго будзе больш за 1000 нашчадкаў, а праз 20 пакаленьняў – больш за 1.000.000! Зноў цэлы народ!

Такім чынам, дадзеная схема, якая ўсяго толькі пабудавана з павагай да часу, паказвае, што на справе кожны чалавек – гэта, як мінімум, увесь народ, да якога ён належыць, з усёй яго мінулай і будучай гісторыяй!!!

Акрамя таго, сэнс сёньняшняга дню, у якім жыве чалавек, таксама істотна павялічваецца – ён зьвязвае практычна бясконцую і велічную мінушчыну з такой жа практычна бясконцай і патэнцыйна велічнай будучыняй! Калі сёньняшні дзень гэтую сувязь не забясьпечыць (разарве), такой будучыні ня будзе!!!

Вось чаму некаторыя так упарта нам шэпчуць: “жыві тут і цяпер”. Вось чаму яны так упарта імкнуцца абмежаваць наш сьветагляд. Яны не жадаюць, каб людзі ўспрымалі, асэнсоўвалі, а затым і адчувалі: я – гэта ўвесь мой народ, уся яго гісторыі і ўвесь яго лёс! Баронячы яго інтарэсы, я бараню свае, а разрываючы мінуўшчыну і будучыню, я забіваю і сябе, і свой народ!

Таму ніякія ня “тут і цяпер”, а паўсюль і заўсёды! І толькі так.

З нагоды пададзенага фіксуем трэці прынцып Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 3). Варта імкнуцца да максімальнага часа-пасторавага пашырэньня ўласнага сьветагляду (улічваць максімальную прастору і, абавязкова, хаду часу) для таго, каб успрымаць рэчаінасьць максімальна адэкватна да яе самой.

5 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    “Шмат якія людзі падобныя на кілбасу – чым іх начыняюць, тое яны ў сабе і носяць.” К. Пруткоў.
    Чалавек, як з’ява прыроды (Бога) мае свае характарыстыкі – рысы. Я мяркую гэтыя характарыстыкі можна разглядаць на 4-х узроўнях:
    1- фізічны (здароў’е, сіла…)
    2- інтэлектуальны (IQ)
    3- культурны (агульная культура, светапогляд, адукацыя, прафесія…)
    4- маральны (вышэйшы ўзровень, чалавек можа быць здаровы, разумны, адукаваны, але падлюгай)
    На кожным ўзровене чалавека можна ацэньваць, напрыклад, па 100-бальнай шкале (пераможца Сусветнай алімпіяды на 1-м узроўне атрымлівае 99, атрымальнік Нобелеўскай прэміі на 3-м узроўне – 99, Хрыстос на 4-м – 100,…). Вялікая праблема ў тым, што шмат людзей схемы гэтага артыкулу не зразумеюць.

  2. Сп. Siarhiej, але ж гэты артыкул не для ўсіх людзей, а для тых хто чытае гэты сайт. А я думаю, раз людзі адкрываюць гэты сайт, значыць яны цікавяцца палітыкай. эканомікай і т.д. Гэтыя людзі выказваюць сваю думкі сярод тых, хто не цікавіцца гэтым сайтам. Дык вось задача стаіць, каб навучыць тых хто свае думкі выказвае сярод астатніх. Гэты артыкул для больш інтэлектуальны развітых, а вось яны як фарміруючаяся эліта беларускага народа і змогуць растлумачыць астатнім. На жаль у нас не хапае тых, хто вельмі граматна разумее, што адбываецца ў свеце, што такое нацыя і г.д.

  3. Сейбіт кажа:

    Тэма і думкі вельмі цікавыя і важныя для разуменьня прычынаў нашага асабістага і супольнага псыхалягічнага стану. Аднак, як і любая з падобных няпростых тэмаў, напэўна, патрабуе абмеркаваньня і ўдакладненьня. Канешне, калі аўтар не закрыў для сябе тэму выкладзенымі думкамі.

  4. Сейбіт кажа:

    На гэтую ж тэму ёсьць вельмі цікавыя працы сп. Міколы Крукоўскага
    http://nation-sos.info/index.php?option=com_content&task=view&id=174&Itemid=60
    http://www.nation-sos.info/index.php?option=com_content&task=view&id=53&Itemid=71

  5. Рэдакцыя кажа:

    Сп-ру “Сейбіту”.
    Вялікі дзякуй за спасылкі на працы нашага знакамітага філосафа-сучасьніка.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы