Мікалай Крукоўскі (паводле http://www.nation-sos.info/index.php?option=com_content&task=view&id=53&Itemid=71)
«Нашы часы – часы агульнай заблытанасці, часы праменных быццам ідэалаў і іх канечнага знікання праз нядоўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і светлым, штодзённа аплятаецца жыццёвым брудам і пылам. Так знікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, святым і жаданым». Так яшчэ ў 1921 годзе пісаў старанна замоўчваны ў савецкія часы беларускі філосаф Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч), які і не думаў, напэўна, што ягоныя словы і ў нашыя складаныя часы будуць гучаць па-прароцку дакладна і трапна.
Сапраўды, сёння вялікія, здавалася б, ідэалы пабудовы новага светлага грамадства і выхавання шчаслівага, прыгожага чалавека пазнікалі літаральна на нашых вачох, заплямленыя не толькі жыццёвым брудам, але і цэлымі патокамі бязвіннай чалавечай крыві. Аднак, і тое, што прыйшло ім на змену, аказалася яшчэ паскуднейшым, бо было адкінута ўжо і само паняцце ідэалу ўвогуле. Замест яго прапаноўваюцца цяпер толькі цынічны прынцып індывідуальнае выгады ды асабістай нажывы, што грунтуецца ўжо на адных прымітыўных жывёльных інстынктах. Калі наяўнасць ідэалу прадугледжвае ўсё такі і пэўнае мысленне, заснаванае на дзейнасці розуму, з-за якога чалавек менавіта і носіць гордае званне Homo sapiens – чалавек разумны, то інстынктамі кіруюцца толькі жывёлы ў дзвюх асноўных сваіх разнавіднасцях: драпежнага звера і пасіўна-пакорлівага траваеднага быдла. Падобна, што гэткае няшчасце і звалілася сёння на нашы бядотныя голавы.
Што гэта так, паказвае нам хоць бы й прыклад нашай суседкі Расіі, за імперскім дротам якое і мы, беларусы, мелі няшчасце некалі здзяйсняць тыя, быццам бы, праменныя, як піша Канчэўскі, ідэалы. «Быццам бы» таму, што ўжо тады яны не выклікалі даверу, бо пад імі хавалася ілжывая хцівасць тагачасных камуністычных намеклатуршчыкаў з іх спецпакетамі, санаторыямі, дачамі і лечкамісіямі. Але ў сённяшняй Расіі, куды зноў хочуць нас, беларусаў, загнаць, усё тое павялічылася дзесяцікроць і стала цынічна адкрытым і ўзаконеным. Там цяпер пануюць пераважна інстынкты, скіраваныя на асабістую, чыста жывёльную выгаду і парадкуюць хцівыя алігархі-міліярдэры тыпу Абрамовіча, якому пад непасрэдную ўладу аддадзены расійскім ўрадам, напрыклад, ажно ўвесь чукоцкі народ (такі лёс чакае, дарэчы, і нас, беларусаў, на якіх точыць ужо зубы таксама хоць і меней удачлівы, бо ўжо быў фігурантам Гаагскага міжнароднага крымінальнага суда, але падобнага ж тыпу алігарх Барадзін). Яны там падграблі пад сябе не толькі ўсю і так небагатую расійскую эканоміку з яе, наадварот, найбагатшымі ў свеце сыравіннымі крыніцамі, але фармуюць пад свае густы і некалі вялікую духоўную культуру Расіі. Салжаніцына, напрыклад, ніхто і ніколі ўжо не запрашае ні на тэлебачанне ні ў СМІ (нядаўна на перадачы, прысвечанай памяці актора Ефрэмава, яго толькі паказалі ў натоўпе, не назваўшы нават па прозвішчы). Яны дазваляюць сабе здзеквацца над рускай мовай («без мата нет русского языка» – публічна заяўляе колішні міністр культуры Расіі Швыдкой) і замяняюць знакамітую рускую рэлігійную філасофію пустым і нікчымным постмадэрнізмам («философия – мёртвая наука» – не без зларадства канстатуе той жа Швыдкой). А што ўжо робіцца ў сферы этыкі, эстэтыкі і ўвогуле мастацтва, дык і вымавіць брыдка. Варта толькі ўспомніць пісьменнікаў Уладзіміра Сарокіна і Віктара Ерафеева, адкрыта ўжываючых у сваіх творах той жа цынічны мат, рэжысёра з няяснаю сексарыентацыяй Рамана Вікцюка, зусім ужо «суперпорочного» па яго ўласнаму прызнанню спевака Барыса Маісеева, спакуслівых і «безгранично-бесстыдных», як яны самі сябе характарызуюць, вядучых тэлепраграмы «Сексуальная рэвалюцыя», дзівакаватага «попстыліста» Сяргея Зверава або зусім ужо ідыёцкі, няхай нам даруюць, ансамбль гэтак званага Комеды клаб. Увогуле героем нашага часу ў мастацтве Расіі заместа ўсё такі высокароднага некалі лермантаўскага Пячорына стаў нават не гогалеўскі Чычыкаў, а зусім ужо вульгарны невук-бандзюга з аўтаматам Калашнікава наперавес, наняты на грошы ўсё тых жа алігархаў.
Ды і ў нас у Беларусі пачынаецца тое ж, калі прыняць да ўвагі стаўленне цяперашняга кіраўніцтва краіны да нацыянальнай беларускай культуры і мовы, або ўспомніць нядаўнюю публічную заяву на старонках развясёлае «Комсамолкі» (ад 17-25 красавіка г.г.) старшыні саюза нашых будучых беларускіх алігархаў Аляксандра Патупы, што «ни один инвестор не будет участвовать в приватизации белорусской госсобственности ради каких-то высоких (!) целей». Прызнанне не толькі шчырае, а проста нахабнае па свайму цынізму. І без яго вядома, што «госсобственность» гэтая прыватызуецца тымі алігархамі не дзеля высокіх ідэалаў, а проста дзеля самай шкурнай уласнай выгады. А «какие-то высокие цели» (і якая ж іронія тут гучыць!) – гэта, вядома, культура беларускага народу, яго нацыянальная годнасць, мова, незалежнасць і суверэнітэт, на якія проста плюе як сам алігарх, так і ўсё “беларускае” кіраўніцтва, якое дазваляе сабе нават публічна чыніць здзек з мовы нашага народу. Але вось варта было прэзідэнту Лукашэнку штосьці там няўдачна сказаць пра наш беларуска-габрэйскі Бабруйск, як ізраільскае кіраўніцтва адразу ж узяло яго за вуха і паставіла ў куток. Ды так, што не толькі яму асабіста давялося прыніжана апраўдвацца, але і апазіцыйная прэса аказалася змушанай за яго заступіцца (адзін вядомы журналіст дык і зусім ужо ўстрывожыўся, што з гэтае прычыны «еврейский капитал, который очень щепетильно относится к подобным высказываниям.., вряд ли в ближайшем будущем придёт в Беларусь»). Усе тыя паны алігархі сапраўды, як сведчаць іх гуллівыя подзвігі не толькі ў Расіі, але і ў бачыўшым многае французскім Куршэвілю, мецяць не ў «высокие цели», а, па выразу знакамітага рускага паэта, куды ніжэй.
Словы «ідэал, ідэальны» заўсёды азначалі і азначаюць у нашым жыцці думку пра нешта праўдзівае, добрае, дасканалае, прыгожае, карыснае і прыемнае. Тое, што вельмі патрэбнае нам, што жадаецца намі і таму павінна быць здзейснена альбо дасягнута абавязкова. Усё гэта ў нашым уяўленні заўсёды і звязвалася з вытворным словам «ідэалізм» у яго самым шырокім сэнсе. Але ў традыцыйнай савецкай філасофіі, як у філасофіі матэрыялістычнай, гэтым словам прыпісваўся звычайна толькі суб’ектыўны, як гавораць філосафы, і, значыць, нерэальны характар. Толькі тое, што адносілася да вонкавага свету і было па сваёй прыродзе матэрыяльным, лічылася аб’ектыўнай рэальнасцю. І менавіта гэтай аб’ектыўнасці надавалася пераважна значэнне ісціны і іншых пералічаных тут ідэалаў. Ісцінным, напрыклад, суб’ектыўнае ўжо па азначэнні быць не магло, як пра тое сведчыць і лёс у былым савецкім грамадстве філасофскага суб’ектыўнага ідэалізму. Але і аб’ектыўнае існаванне ідэалу таксама не дапушчалася, бо тады трэба было прызнаць і аб’ектыўны ідэалізм, а ўслед за гэтым і існаванне Бога, што для марксісцкае ідэалогіі ў прынцыпе было недазваляльным. Таму тут узнікала бессэнсоўная блытаніна і ў гэтым ненатуральным, зусім алагічным расколе філасофскае думкі можна бачыць ужо і адну з прычын сённяшняга, па колішняму нашаму выразу, бляску і трагедыі ідэалу. Таго знікання праменнага, як піша Канчэўскі, ідэалу цераз нядоўгі час.
Сёння ж мы зусім ужо трапілі, як кажуць, з агню ды ў полымя. Калі ў савецкія часы філасофію толькі знявечвалі, расколваючы яе на два процілеглыя сабе бакі і ўродуючы тым і паняцце ідэалу, ператвараючы і яго ў вульгарную, а то і крывавую часам «зброю класавай барацьбы», то ў нашыя алігархічныя часы ўжо самую філасофію выкідаюць, як некалі казалі марксісты, на звалку гісторыі, замяніўшы яе ўсемагутнаю і цынічнаю сілаю грошай. Сёння ўсё тое, што калісьці адносілася да ідэальных каштоўнасцяў, то бок усё праўдзівае, добрае, дасканалае і прыгожае, стала рыначным таварам і, значыць, прадажным. Ды і карыснае з прыемным таксама цэніцца цяпер як толькі грашовы сродак абмену, і нават каханне стала такім жа «абменам паслугамі» (зрэшты, і само слова «каханне» знікае, замяняецца чыста таварным тэрмінам «секс»). [каханьнем, любоўю гандляваць нельга; як толькі такія спробы пачынаюцца, каханьне і любоў зьнікаюць, а на іх месца прыходзіць банальны секс; “гандляры з пакупнікамі” гэта разумеюць і, каб кампенсаваць свой комплекс непаўнавартасьці, які ў такіх абставінах немінуча ўзьнікае (бо сапраўдныя каштоўнасьці для іх недасягальныя – грашыма не вымяраюцца), помсьцяць каханьню і любові тым, што спрабуюць іх дыскрэдытаваць: “эй, подруга, давай пойдзём займёмся любовью”…; гэта тая самая рэакцыя, што і ў басьні Эзопа “Ліса і вінаград” – ліса, якая ня здолела дабрацца да вінаграда, заявіла: “ды ён зялёны”… – Рэд.]
Пры даследаванні прыроды ідэалу, аднак, трэба карыстацца куды больш нармальнай, цэласнай філасофіяй, ніж аднабаковы і, па сутнасці, таксама цынічны матэрыялізм. Так званы дыялектычны матэрыялізм, на якім будавалі сістэму сваёй ідэалогіі камуністы, увогуле ўяўляў сабою тое, што філосафы называюць contradictio in ad’jecto (супярэчнасцю ў азначэнні), і што сам нават Маркс параўноўваў з выразам «драўлянае жалеза» (сапраўды, калі гэта філасофія дыялектычная, то яна павінна аб’ядноўваць сабой у дыялектычным адзінстве і матэрыялізм, і ідэалізм; а калі яна ўяўляе сабою выключна матэрыялізм, то аб ніякай дыялектыцы тут няма і гаворкі). Тут патрэбна філасофія, пра якую марылі некалі лепшыя мысляры сусвету і якая не супрацьстаўляе, каб дагадзіць нячыстай палітыцы, матэрыяльнае і ідэальнае, а разглядае іх як два натуральныя бакі адной і той жа таксама адзінай і цэласнай, па-сапраўднаму рэальнай рэчаіснасці. І толькі такая філасофія, як убачым ніжэй, якраз і дае нам магчымасць зразумець, што такое ідэал і ці патрэбны ідэалы сёння нам, беларусам.
У цяперашнія часы, калі мы вызваліліся з нядобрых ціскоў палітыканства ідэалогіі і абапіраемся на навейшыя дасягненні сучаснай навукі, перш за ўсё, агульнай тэорыі сістэм, з упэўненасцю можна сцвярджаць, што і ідэальнае таксама існуе і мае нават аб’ектыўны характар. Калі ў чалавеку як суб’екту пазнання мы назіраем і яго ідэальны розум, і яго матэрыяльна-пачуццёвае цела, так і ў знешнім яму аб’ектыўным свеце няцяжка ўбачыць два адпаведныя таму бакі. Гэта, як даводзіць нам агульная тэорыя сістэм, агульная, ідэальная структура сусвету і складаючыя яе матэрыяльныя элементы.
Тое ж самае можна сказаць і пра любы аб’ектыўны прадмет. Нават самая матэрыяльная, напрыклад, машына мае свае цалкам ужо нежывыя, матэрыяльныя дэталі (элементы) і сваю фактычна ідэальную канструктыўную схему (структуру), і толькі як спалучэнне такой ідэальнай схемы-структуры і такіх матэрыяльных дэталей-элементаў існуе сама машына як пэўная рэальнасць. Структура як бы ажыўляе сабой машыну і яе пагэтаму інжынеры часта называюць, не падазраючы аб глыбокай філасофскай сэнсоўнасці гэтых слоў, ідэяй машыны. Сапраўды, пры дастатковай складанасці гэтай схемы машына пачынае нават ўмець гуляць у шахматы, як тое мы бачым у сучасных камп’ютэрах. І інжынеры не памыляюцца, называючы тую схему ідэяй, бо тая схема, а дакладней, структура ёсць не што іншае, як інфармацыя [дакладна так! – Рэд.]. Інфармацыя ў крышталічнай форме, як фігуральна азначыў некалі структуру латышскі філосаф Я. Рэбанэ. Але яна можа існаваць і ў выглядзе ланцужка паасобных сігналаў, існуючых ужо не толькі ў прасторы, але і ў часе. І тады яе роднаснасць традыцыйнай інфармацыі, звычайна асацыяванай з аб’ектыўна існуючай мовай як носьбіткай менавіта ідэй, ні ў кога ўжо не выклікае сумненняў. Яна існуе аб’ектыўна, перадаецца, захоўваецца, а шпіёны дык могуць яе і красці. Нездарма ж агульная тэорыя сістэм уключае ў сябе як істотную сваю частку менавіта тэорыю інфармацыі, бо інфармацыя ў сваім глыбінным сэнсе і ёсць не што іншае, як ідэя, ці думка.
Пераход да карыстання такой цэласнай філасофіяй – гэта ўвогуле грандыёзны духоўны пераварот, значэнне якога ў наш змардаваны, абездухоўлены і ніцы век яшчэ намі поўнасцю і не ўсвядомлена. З дапамогай яе цалкам змяняецца і становіцца куды больш нармальнай у цэлым агульная карціна свету. Для філосафаў-матэрыялістаў, напрыклад, акаляючае іх асяроддзе было толькі матэрыяй і ўвесь навакольны Сусвет уяўляўся халодным, застылым і нежывым, і тады, напрыклад, натуральнае жыццё ў прыродзе станавілася для іх невырашальнай загадкай. Невырашальнай, дарэчы, і для сучаснай навукі, бо і яна фактычна карысталася і ўсё яшчэ карыстаецца па традыцыі і сёння філасофіяй матэрыялістычнай [добра, тады мы пазьней патлумачым, што ёсьць біялагічнае жыцьцё. – Рэд.]. Прапанаваныя на яе базе тэарэтычныя канцэпцыі паходжання жыцця стала аказваліся на практыцы неажыццяўляльнымі, і мы не ўмеем і сёння стварыць, напрыклад, хоць бы якую небудзь штучную, але па-сапраўднаму жывую амёбу (генетычна кланіраваныя расліны і, тым болей, жывёлы – гэта штосьці зусім іншае, і сённяшняя медыцына асцерагаецца прапаноўваць іх, напрыклад, у ежу) [сінтэзаваныя жывыя арганізмы ўжо створаны. – Рэд.].
На аснове гэтай філасофіі фізіка канца ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў нават прыйшла была ўвогуле да песімістычнай тэорыі цеплавой смерці ў будучым усяго Сусвету. А з сярэдзіны веку ХХ-га на базе постмадэрнізму як далейшае фазы ў развіцці матэрыялізму філасофія пачала разбураць і самую сябе, аб’явіўшы вайну ўжо і логіцы ў цэлым (пратэсты супраць так званага «логацэнтрызму»!) і замяніўшы ў ёй ісціну шызафрэнічнымі «дэканструкцыямі» і «сімулякрамі» [гэта рабіла не філасофія, а канкрэтныя людзі; мы можам ня ведаць іх імёны, але ведаем іх мэты і здагадваемся ў большасьці пра іх нацыянальнасьць… – Рэд.]. У адносінах да чалавека і яго грамадства матэрыялістычная філасофія прывяла ўвогуле да сучаснага разумення чалавека як толькі жывёлы (голай малпы, па дасціпнаму выразу ўжо знаёмага нам Дэсманда Морыса [чалавек ня голы; ён амаль цалкам пакрыты валасамі. – Рэд.]), пазбаўленай не толькі ідэалаў, але і розуму ўвогуле. Чалавеку, паводле вядомага фільма з Шарон Стоўн і Майклам Дугласам, застаўся толькі асноўны інстынкт – жывёльны секс. Калі чалавек у мінулым ганарыўся звычайна велічынёй свайго мозга, то цяпер яму, як піша ўсё той жа Морыс, застаецца ўжо пахваляцца толькі велічынёю сваіх геніталій. Якія ўжо тут ідэалы! Зрэшты, калі гэткі духоўны ўпадак і маральны развал грамадства суправаджаецца страшліва імклівым прагрэсам у тэхніцы, які прымае ўжо некантралюемы, абвальны характар (параўнаем хоць бы інтэлектуальны і маральна-этычны ўзровень нашых генералаў і жахлівыя магчымасці зброі, што знаходзіцца ў іхніх валасатых руках!), то тут трэба задумацца куды глыбей, чым памінаны Спіноза [дакладна так! пытаньне ў тым: чые інтарэсы схаваныя ў наўмыснай дэградацыі чалавецтва? – Рэд.].
Іншая справа філасофія, прынятая ў гэтым нашым даследаванні. Калі разглядаць не толькі нейкі канкрэтны прадмет, але і ўвесь сусвет як пэўную цэласную сістэму, якая ўяўляе сабой не толькі бязладна-хаатычнае мноства матэрыяльных часцінак-элементаў, якое старажытныя грэкі называлі Хаосам, але і надаючую ім пэўную цэласнасць і сістэмнасць структуру, то Сусвет гэты прадстае перад намі як цалкам упарадкаваная, жывая па-свойму Існасць, велічны старагрэчаскі Космас, матэрыяльным целам якога з’яўляецца Прырода, а душой – ідэальная структура, негэнтрапія, інфармацыя [структура, як і энэргія, работа, інфармацыя, думка, каханьне, разьвіцьцё і г.д. – гэта ўласьцівасьць матэрыяльнага носьбіта. – Рэд.]. Або, як для веруючага чалавека, і сам Госпад Бог.
Вельмі характэрна і па-свойму цікава ў гэтым сэнсе развівалася справа ў марксісцка-ленінскай «сацыялістычнай» Расіі. Заснавальнікі марксізму і яго далейшае фазы ленінізму былі, як вядома, самымі цвёрдымі матэрыялістамі і заядлымі бязбожнікамі. Маркс, напрыклад, вельмі не ўхваляў ідэалізм, а рэлігію лічыў нават “опіумам для народу”. Ленін жа дык і марксавага настаўніка, вялікага Гегеля, лаяў «идеалистической сволочью», азначаючы і ідэалізм як толькі ненавісную яму «дорогу к боженьке». Але, калі справа пайшла аб рашэнні практычных задач пры пабудове сацыялізму, то і камуністы раптам успомнілі пра ідэалы. І хоць па-ранейшаму азначалі эканоміку як асноўную базу людскага жыцця і матэрыяльныя вытворчыя сілы (г. зн., машыны і чалавечыя мускулы), як асноўны рухаючы фактар гісторыі грамадства, тым не менш сталі вельмі шмат гаварыць і пра ідэалы (разумелі ўсё такі сілу ідэалу, хоць і замянялі часам тое не вельмі прыемнае ім слова больш нейтральным словам «энтузіязм»!). Гаварылі так многа, што англійскі філосаф Бертран Расел стаў увогуле не без іроніі параўноўваць камунізм з рэлігіяй [у біялогіі, асабліва ў генетыцы і педагогіцы, са сваім ламаркізмам Лысенкі й адрынаньнем навуковай генетыкі бальшавікі сапраўды праявілі сябе як поўныя ідэалісты-агностыкі; аднак, на жаль, аўтар далей не ўлічвае, што ідэалогія-рыторыка бальшавікоў й іх палітычная практыка – гэта розныя рэчы; бальшавікі-сіяністы маглі рабіць нешта злачыннае (напрыклад, генацыд народаў, што было іх сапраўднай мэтай), а “абгрунтоўвалі” гэта чым заўгодна, хоць матэрыялізмам, хоць ідэалізмам; дакладна, як Лу-ка сёньня ідэалагічна абгрунтуе вам любы паварот яго палітыкі… – Рэд.]. Шмат гаварылі і шмат міжвольна ці вольна хлусілі, спасылаючыся па традыцыі на аўтарытэт гэтага вялікага некалі слова. Ды не толькі хлусілі, але і рабавалі і забівалі ў імя ідэалу. Забівалі зусім невінаватых людзей і забівалі ў масавым парадку. Гэтым была канчаткова скампраметавана колішняя аўтарытэтнасць ідэалу, і менавіта па гэтай прычыне сёння ў Расіі такое адмоўнае стаўленне да самога гэтага слова [гэтая прычына напэўна не адна. – Рэд.].
Ды і ў нас, у Беларусі, стала вельмі нявыгадна і нават рызыкоўна распачынаць на тую тэму любую гаворку, каб не трапіць у кампанію Прэзідэнта Лукашэнкі, які, ненавідзячы нацыянальную беларускую духоўную культуру і прызнаючы ў ёй толькі тое, што можна, па яго ўласнаму красамоўнаму выразу, памацаць рукамі, збіраўся пераплюнуць расійскіх камуністаў, стварыўшы ідэалогію… ўвогуле без ідэалаў. І, зразумела ж, пацярпеў пры гэтым смехатворны правал.
Той факт, аднак, што нават вельмі не любіўшыя ідэалізм матэрыялістычныя камуністы, хоць і куды больш некалі дасведчаныя ў філасофіі, чым цяперашняе беларускае кіраўніцтва, моцнае толькі ў хакеі, не грэбавалі словам «ідэал», сведчыць аб вялікай прыцягальнасці гэтага слова і азначанага ім паняцця – важнасці і для чалавека, і для арганізаванага чалавекам супольніцтва, традыцыйна называнага ў нас грамадствам. У чым жа заключаецца яго сэнс з нашага сённяшняга пункту погляду? Зноў жа пачнем тут, як гаварылі рымляне, ab ovo, то бок з самага пачатку.
Мы бачылі ўжо, што структура кожнага аб’ектыўнага прадмета, нягледзячы на сваю ідэальнасць, мае, як і яго матэрыяльныя элементы, таксама аб’ектыўны характар і, значыць, таксама адыгрывае немалаважную ролю ў працэсе яго існавання. І роля гэта перш за ўсё заключаецца ў тым, што азначаны аб’ектыўны прадмет альбо з’ява могуць існаваць як рэальнасць толькі пры наяўнасці і структуры, і элементаў, прычым абавязкова ў іх адзінстве [зьвязаным, гарманічным, сістэмным, уладкаваным адзінстве. – Рэд.]. Гэта ўжо добра разумелі старажытныя філосафы, а найбольш выразна — вялікі філосаф Новага часу Гегель. Сёння гэта ўжо амаль банальная рэч. Любы радыёпрыёмнік альбо той жа камп’ютэр можа рэальна існаваць толькі пры наяўнасці і яго дэталяў (элементы) і яго схемы (структура), пры чым абавязкова ў цесным іх узаемазлучэнні і ўзаемасувязі, гэта значыць, у іх адзінстве. Гэта разумее ўжо сёння кожны інжынер, не выпадкова называючы гэтую схему-структуру ідэяй прадмета. Гэтак жа пабудавана прыродай і кожнае жывое стварэнне, у якім ягоная існасць, душа адыгрывае ролю структуры, а матэрыяльнае цела – аналагічную ролю элементаў. Толькі тут сістэмнасць жывога мае ўжо нашмат больш складаны, як бы шматпавярховы, ці, як гавораць у агульнай тэорыі сістэм, шматузроўневы, іерархічны характар. У такіх сістэмах іх матэрыяльны бок арыентуецца толькі ў напрамку ўжо чыста матэрыяльных, самых дробных элементных яго частак (напрыклад, фізічныя элементарныя часціцы), а ідэальны – толькі на самую высокую і агульную структуру, структуру структур Сусвету, ці, з тэалагічнага пункту погляду, Бога. Прамежкавыя ж узроўні носяць пераважна падпарадкаваны, пераходны характар. Дом, напрыклад, адносна сваіх цаглін ёсць структура, але адносна ансамблю дамоў ён толькі элемент, як і сама цагліна ў сваю чаргу адносна дому ўяўляе сабою элемент, а адносна складаючага яе пяску – структуру.
Гэткую ж, але ўжо куды больш складаную іерархічнасць у сваёй сістэмнасці мае жывая істота, а найбольшай складанасцю ў гэтым плане характарызуецца, як і варта было чакаць, сам чалавек. У чалавека і душа, і цела маюць самі сваю ўласную дастаткова складаную іерархічнасць, хоць у цэлым ён па-ранейшаму арыентуецца душой на ідэальнаць, а целам – на матэрыяльнасць. Такое складанае адзінства процілеглых узроўняў добра вядомы нам Гегель называў ужо дыялектычным адзінствам супрацьлегласцяў, і гэта сёння яшчэ раз пацвярджаецца бясспрэчным аўтарытэтам найсучаснейшай агульнай тэорыі сістэм. Пацвярджаецца, але ў нашы далёкія ад ідэалаў і абязбожаныя часы гэтага Гегеля трэціруюць, па колішняму нядобраму выразу, як дохлага сабаку.
Толькі ідэальная структура адыгрывае тут яшчэ адну значную ролю, асабліва важную для разумення, што такое ідэал і ў чым жа яго спецыфіка. Справа ў тым, што структура актыўна ўдзельнічае не толькі ў існаванні пэўнага прадмета ці з’явы, але і ў працэсе іх ўзнікнення і далейшага развіцця, дзе носіць нават апераджальны характар. Агульнавядома, напрыклад, што для стварэння якой–небудзь машыны перш за ўсё патрабуецца ідэя машыны, то бок структура. Яна мае адначасова і аб’ектыўны характар (яе, як мы ўжо бачылі, могуць красці шпіёны). Нават такі сур’ёзны і паслядоўны філосаф-матэрыяліст, як Маркс, сцвярджаў (насуперак свайму матэрыялізму!), што ад пчалы архітэктар адрозніваецца тым, што перш чым будзе пабудаваны дом, у галаве архітэктара павінна ўзнікнуць ідэя гэтага дома (зрэшты, тое, што адбываецца і ў пчалінай галоўцы, таксама ў яшчэ большай ступені сведчыць аб аб’ектыўнасці інфармацыі, існуючай тут ужо ў форме інстынкту!). У жывых арганізмах, будзь то жывёла альбо расліна, гэтак жа на грунце запісанай у ДНК генетычнай інфармацыі (структура!) і бясформеннага, звычайна, непрыгожага матэрыяльнага рэчыва ў ролі ежы або ўгнаення (элементы!) фарміруецца дасканалы ў сваёй рэальнасці новы арганізм, вельмі складаны, прыгожы і як дзве кроплі вады падобны на арганізмы сваіх бацькоў (вось дзе бачыцца прычына таго, што ўжо на гэтым узроўні прыгожае мы часта называем ідэальным!). І, сапраўды, ці не цуд гэта, калі мы бачым, як з гаршка, набітага бясформеннай глебай, уздымаецца перад намі чароўная прыгажуня-ружа з яе пекнаю формай, колерам і цудоўным пахам! А фантастычная расфарбоўка пяра паўліна? А найтанчэйшыя ўзоры на крыльцах матылька? Дзе тут дарвінавы натуральны і палавы падборы і дзе барацьба за існаванне? [як ня дзіва, яны таксама тут. – Рэд.]. Ды калі, зрэшты, і існуе палавы падбор, то адкуль тады ў мікраскапічнай галоўцы самкі матылька такі бездакорны эстэтычны густ? [гэта наш густ заснаваны на крыльцах матылька. – Рэд.] Нават у зусім ужо нежывым неарганічным свеце мы не можам па жаданні змяніць структуру таго альбо іншага рэчыва і нават не толькі сярэдневечныя алхімікі, але і сучасныя спецыялісты не могуць ператварыць, напрыклад, свінец у золата (яны могуць стварыць на малекулярным узроўні пэўнае новае рэчыва, але ж і тут для гэтага трэба спачатку знайсці яго формулу, то бок зноў жа структуру). А крышталічныя рэчывы ды, падобна жывым істотам, могуць нават расці і ўтвараць нярэдка амаль ідэальныя па геаметрыі і колеру прыгожыя формы. І ва ўсіх гэтых азначаных вышэй выпадках рашаючую ролю адыгрывае структура, якая мае, як было ўжо паказана, ідэальны характар.
У фізіцы, як вядома, рух у бок павышэння арганізацыі (узроўня структуры!) і стварэння чагосьці новага называецца негентрапіяй, а працэс адваротны, у бок зніжэння арганізаванасці і знікнення чагосьці, — энтрапіяй. Не трэба вялікага розуму, каб упэўніцца, што ідэал якраз і звязаны з негентрапіяй і што ўжо на гэтых адносна не вельмі складаных прыкладах ідэал і яго паняцце атрымліваюць фундаментальнае па сваёй важнасці і нават неабходнасці значэнне [гэты ідэал-мэта мае істотную рэальную ўласьцівасьць – фунцыянальнасьць. – Рэд.].
Несумненна, што ўсё тут сказанае пра структуру, інфармацыю і ідэалы мае непасрэднае дачыненьне і да чалавека. Калі ўжо самая яго сутнасць азначаецца назваю Homo sapiens – чалавек разумны, то яго ўжо можна было б, услед за Бенджамінам Франклінам, называць не толькі toolmaking animal – жывёлай, вырабляючай прыстасаванні, але і жывёлай з ідэаламі. Без ідэалаў чалавек увогуле быў бы толькі звычайным быдлам [удакладнім: 1) гэта так і ёсьць; калі ў чалавека няма цьвёрдых маральных каштоўнасьцяў, якім ён сьвядома падпарадкоўваецца, ён – быдла; 2) розум і маральныя каштоўнасьці – рэчы розныя; 3) адсюль, большасьць “людзей” на дадзенай стадыі антрапагенэзу ў складанай грамадскай сітуацыі (такой, як сёньня ў Беларусі) сапраўды выяўляюць сябе як “жывёлы з тактычна арыентаваным розумам”; 4) адзін і той жа звычайны чалавек ва ўладкаваным высокаўзроўневым грамадстве і ў грамадстве наўмысна касмапалітызаваным, разбураным (як цяпер у Беларусі) – гэта розныя людзі! – Рэд.].
Але чалавек вылучаецца не толькі выразнай наяўнасцю структурна-ідэальнага чынніка ў яго агульнасістэмнай будове. Ягоная структура, мае, як мы бачылі, вельмі складаны іерархічны характар, што значна ўскладняе канкрэтнае выяўленне ў ім яго ідэальнай прыроды. Яго структура знаходзіцца яшчэ і ў вельмі складаных адносінах са сваім матэрыяльна-элементным фактарам – целам. Калі б чалавек быў толькі нейкай ідэальнай, скажам, істотай, хутчэй ужо анёлам, а не чалавекам, усё было б куды прасцей. Мы б ведалі, што жыць трэба толькі адпаведна ідэалам, то бок ідучы за ісцінай, дабром і прыгажосцю, — так бы і жылі без аніякіх праблем. Мы, аднак, ведаем ужо, што чалавек, як пісаў яшчэ старажытны мудрэц Арыстоцель, ёсць zwon politikon, жывёла грамадская [грамадскімі жывёламі зьяўляюцца мурашы, восы, тэрміты, а таксама шмат якія зьверы ды птушкі; асаблівасьцю чалавека ёсьць тое, што яго грамадскае існаваньне грунтуецца на здольнасьці да абстрактнага мысьленьня. – Рэд.], і ў ім маюцца не толькі сацыяльна-духоўныя, сугуба чалавечыя рысы, але і рысы жывёльна-цялесныя. Або, кажучы інакш, у яго ёсць не толькі душа, якая жыве і дзейнічае па законах людскага грамадства, але і цела, што дзейнічае і жыве па законах прыроды, інакш кажучы, па законах жывёльных. І тыя праяўленні, альбо фактары такога (біясацыяльнага) адзінства паміж сабою сдасягаюцца, на жаль, з вялікай цяжкасцю. Такія, напрыклад, амаль дыяметральна супрацьстаячыя знакамітыя філосафы, як Кант і Фейербах, кожны з свайго боку невыпадкова адзначалі, што ў чалавеку жывуць анёл і звер, якія варагуюць паміж сабою няшчадна [пра жывёльна-духовую прыроду чалавека і абумоўленую гэтым сітуацыю выбару жыцьцёвага шляху шмат пісаў і Э.Фромм. – Рэд.]. І барацьба тая нярэдка абвастраецца тым, што абодва фактары ў аднолькавай меры патрэбны чалавеку [у сітуацыі выбару абсалютная большасьць людзей аддае перавагу “жывому целу”; гэтым карыстаюцца ўсе тыраны і ўсе спакусьнікі. – Рэд.]. Калі душа наша патрабуе і патрабуе вельмі законна ісціны-праўды, дабра-справядлівасці і прыгажосці, без чаго як без ідэалаў яна ўвогуле можа загінуць, то і цела гэтак жа законна жадае ежы, умоў для размнажэння, адзення, жылля… Без гэтага ўсяго, што называецца звычайна матэрыяльнымі каштоўнасцямі і аб’ядноўваецца словамі карысць-асалода, чалавек ужо, як цялесная істота, таксама пражыць не можа. Усё гэта вельмі ўскладняе праблему ідэалу, робячы яе нялёгкай не толькі для рэалізацыі, але і проста для разумення.
Сацыяльныя і біялагічныя законы па сваёй сутнасці процілеглыя адзін аднаму [процілегласьці тут няма: усе сацыяльныя законы знаходзяцца на грунце біялагіных. – Рэд.]. Сацыяльныя законы ў агульных рысах базіруюцца пераважна на ўзаемнай маральна-духоўнай падтрымцы і сацыяльным узаемадзеянні паміж людзьмі [можа быць сацыяльнае ўзаемадзеньне і без падтрымкі. – Рэд.]. Згодна ж законам біялагічным, паміж жывёламі (ды й між раслін!) існуе чыста матэрыяльная дарвінава бязлітасная барацьба за існаванне [і гэта не зусім так; ёсьць і зьявы ўзаемакарыснага сімбіёзу. – Рэд.]. І гэткая супрацьлегласць пранізвала і пранізвае ўсё наша жыццё, ад нізу да верху. Нялёгка рызыкаваць сабою, каб выбавіць з бяды другога. Ці ўстаяць перад спакуслівасцю чужой жаночай прыгажосці пры наяўнасці ўласнае жонкі і дзяцей, як бліскуча паказвае амэрыканскі кінарэжысэр Стэнлі Кубрык ў фільме «З шырока закрытымі вачыма». Ці сказаць у вочы праўду-матку бяздарнаму, але ўсемагутнаму начальніку, які можа адпомсціць, сапсаваўшы табе ўсё жыццё. І гэтак далей, і да таго падобнае. І не толькі ў звычайных жыццёвых сітуацыях, але і на самых высокіх рэлігійных і філасофскіх узроўнях. Пра гэта раздумваў, напрыклад, апостал Павел, калі пісаў у сваім Пасланні да рымлянаў, што «ў членах маіх бачу іншы закон, чым у розуме маім, і таму добрага, чаго хачу, не раблю, а злое, чаго не хачу, раблю». Тое ж мелі на ўвазе і памянёныя вышэй філосафы Кант з Фейербахам. А адным з першых усвядоміў сабе прычыны супярэчлівасцей старагрэчаскі мысляр Арыстоцель.
Зразумела, што такая супярэчлівасць чалавека не магла не адбіцца не толькі на яго жыцці, але і ўвогуле на ўсёй яго дзейнасці, у выніку якое ўтварылася і тое, што звычайна называецца культурай. Культуру мы звычайна азначаем як сістэму створаных чалавекам асноўных каштоўнасцяў [гэта ў шырокім сэнсе, а ў вузкім: культура – гэта мараль, этыка, улік у сваіх учынах інтарэсаў іншых. – Рэд.]. Каштоўнасці ж, як вядома, — гэта тое, што задавальняе асноўныя чалавечыя патрэбы і менавіта патрэбы, без якіх ён, як мы ўжо бачылі, не можа існаваць. І тады зразумела, што і каштоўнасці гэтыя і культура як цэласная іх сістэма самым шчыльным чынам звязана з самім чалавекам — творцам і спажыўцом, і яна таксама не можа не несці на сабе гэткай жа супярэчлівасці. Па выразу сучаснага заходнееўрапейскага філосафа Эрнста Касірэра, культура нагадвае сабою як бы ракавіну малюска і абавязкова нясе на сабе, так бы мовіць, пэўны адбітак форм яго цела. Менавіта таму і самога чалавека [не чалавека, а грамадства. – Рэд.] можна паспяхова вывучаць праз даследаванне яго культуры. А паколькі цікавячыя нас ідэалы аказваюцца так звязанымі і з чалавекам, і з яго культурай (у культуры яны адлюстроўваюцца асабліва выразна), то мы і працягнем тут разгляд праблемы ідэалу на матэрыяле культуры. Тым болей, што сённяшняя трагедыя ідэалу якраз і разыгрываецца перад намі якраз на сацыякультурнай сцэне.
“Тут патрэбна філасофія, пра якую марылі некалі лепшыя мысляры сусвету і якая не супрацьстаўляе, каб дагадзіць нячыстай палітыцы, матэрыяльнае і ідэальнае, а разглядае іх як два натуральныя бакі адной і той жа таксама адзінай і цэласнай, па-сапраўднаму рэальнай рэчаіснасці. І толькі такая філасофія, як убачым ніжэй, якраз і дае нам магчымасць зразумець, што такое ідэал і ці патрэбны ідэалы сёння нам, беларусам”.
Спробы пашырыць успрыманьне рэчаіснасьці у межах толькі матэрыяльнага складніку рэчаіснасьці, калі нават гэтае пашырэньне давесьці да мяжы Сусьвету (і ў часе, і ў прасторы) усё роўна пакідаюць нам абмежаванае ўспрыманьне рэчаіснасьці. А значыць, застанецца і абмежаванае поле пошука рашэньняў. Акрамя таго, успрыманьне рэчаіснасьці, абмежаванае матэрыяльным складнікам, не надае сэнсу пошуку рашэньняў паўстаючых праблемаў, паколькі матэрыяльныя аб’екты маючы ўласьцівасьці часу і прасторы абмежаваныя ў сваім існаваньні.
Праз цэласнае успрыманьне рэчаіснасьці – праз матэрыяльны і духоўны складнікі – бязьмежна пашыраецца і поле пошуку рашэньняў, і галоўнае сэнс гэтага пошука, які для чалавека як самаўсьведамляючай сябе істоты (у сілу ўсьведамленьня часовасьці свайго зямнога існаваньня) палягае ў Божым вобразе і падобе.
мо ведаеце, як з аўтарам звязацца?