nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што са светам робіцца, або Ці патрэбны беларусу праменныя ідэалы? (частка 3)

12 красавіка, 2009 | 3 каментарыя

Мікалай Крукоўскі

Мы ўжо зьбіраліся выстаўляць трэцюю і апошнюю частку артыкула паважанага прафесара, як да нас зьвярнуўся наш няштатны аўтар “Сейбіт”, які папрасіў выставіць, хаця б у трэцяй частцы, больш дасканалую версію працы сп-ра Крукоўскага. Мы пайшлі насустрач, але гэта каштавала нам дадатковых высілкаў і… часу.

Рэдакцыя.


Усё чалавецтва перажывала некалі перыяды станаўлення і росквіту (падобна, дарэчы, што росквіт той ужо адбыўся ў блаславёныя часы Рэнэсансу, будучы ж росвіт камуністычнага раю, аб чым пастаянна цвердзілі бальшавікі, сёння ўжо выглядае вельмі сумніўным!), а ў будучыні абавязкова наступіць і яго канец, як наступіць некалі канец і планеце нашай, і Сонцу, і, напэўна ж, нашай Галактыцы ў цэлым.

Але пытанні тыя ставіць патрэбна ўжо не перад логікай, а, хутчэй, перад этыкай. Мы асабіста таксама ж некалі памрэм, але было б проста смешна, калі б мы кіраваліся тым і на практыцы: навошта, маўляў, наогул варушыцца, калі ўсё роўна хутка знікнем? Але на справе мы жывем і дзейнічаем, бы зусім бессмяротныя. Гэта ж адносіцца і да жыцця ўсяго чалавецтва. Дасціпны англічанін Джонатан Свіфт меў пагэтаму рацыю, калі высмейваў сваіх лапуцян, якія кожную хвіліну клапаціліся аб стане сонца і кожныя раніцу з трывогай пыталіся, як яно там сёння ўзыходзіла.

У той жа момант мы не павінны і, як кажуць, наглуха забывацца аб прадстаячым нам усё такі канцы. І гэтак жа, як і ў жыцці індывідуальным, мы так ці гэтак клапоцімся аб стане ўласнага здароўя, трэба так жа думаць і аб нашым агульначалавечым быцці на нашай такой, па сутнасці, маленькай і цеснай планеце Зямлі. І менавіта этыка абавязвае нас глядзець ужо не толькі ў светлае будучае, як мы тое робім ў бесклапотнай маладосці, але і належным чынам цаніць сучаснасць, паступова пераводзячы пражэктар нашага ідэалу нават і ў мінулае, як робіцца звычайна ўжо за межамі сталасці. Чалавецтва таксама прайшло ўжо, як здаецца, большую частку адведзенага яму Богам жыццёвага шляху, калі меркаваць па экалагічных выніках нашага стыхійна-энтрапійнага тэхнічнага прагрэсу. Ды і па зусім ужо свежых напамінках аб гэтым з боку сённяшніх кліматычных перамен у прыродзе і, што самае галоўнае, па страшліваму маральна-духоўнаму падзенню культуры грамадства, якое можа скончыцца толькі новай, вельмі рэальнай і сёння ўжо па-сапраўднаму сусветнай вайной. Пагэтаму ўжо сёння трэба задумацца, а ці не пара нам замяніць і колішні і сённяшні, па інэрцыі яшчэ, агалцелы прагрэсізм нашых ідэалаў на спакойны і ўпэўнены кансерватызм, арыентаваны ўжо не на толькі ”светлую” будучыню, а на ўстойлівае пастаянства і, па магчымасці, на вечнасць, не забываючыся і аб сваім мінулым? [трэба, каб гуманістычны прагрэс дагнаў і ўвесь час апярэджваў тэхналагічны; менаваіта ідэю сістэмнага гуманізму (як альтэрнатыву кансерватызму, ідэалізму, матэрыялізму з тэхнічным “прагрэсам”) мы разьвіваем у нашай рэдакцыі, як ідэю выратаваньня чалавецтва і працягу яго сэнсоўнага патэнцыйна вечнага існаваньня!!! – Рэд.]

Але ж і этыка нас тут мала супакойвае. Вельмі ўжо рэзкі, катастрафічны характар маюць тыя ваганні і асцыляцыі ў чалавецтве. Амаль заўсёды з крахамі, рэвалюцыямі і грамадзянскімі войнамі. І, само сабою, абавязкова з гібеллю нават самых, здавалася б, праменных ідэалаў. Кожны больш-менш прыкметны ў гісторыі перыяд як узнікаў пад знакам сваіх ідэалаў, так і распадаўся з іх занікненнем.

Тут яшчэ можна было б звярнуцца за дапамогаю і да фізікі (у фізіцы, як вядома, усе працэсы і перамены таксама маюць такі ж перарывісты, ці квантавы, як там гавораць, характар), але тады і мы б тут маглі ператварыцца ў свіфтавых лапуцян. Адказ на тое трывожнае пытанне трэба шукаць усё-такі бліжэй да нашай чалавечай, гуманітарнай праблематыкі, з улікам самых агульных асаблівасцяў чалавека, ягонага ўзнікнення і развіцця, з памінанага тут не раз арыстоцелевага азначэння чалавека як жывёлы грамадскай. Мы бачылі ўжо, як цяжка спалучаюцца ў чалавеку ідэальнае і матэрыяльнае, пачынаючы з вечнага супрацьстаяння паміж сабой яго цела і душы і канчаючы гэткім жа супрацьстаяннем паміж матэрыяльнай і духоўнай культурамі ў гісторыі чалавечага грамадства з іх чарговымі ўзлётамі і падзеннямі (сёння, напрыклад, наша бедная духоўная культура з яе высокімі некалі ідэаламі якраз і знаходзіцца ў самым глыбокім заняпадзе) [напісана так, быццам мы канкрэтных вінаватых ня ведаем…; вось яна – небясьпека занадта вялікага абстрагаваньня. – Рэд.].

Гэта апошняе якраз і мела месца пры ўзнікненні самога чалавецтва, чалавецтва менавіта як падсістэмы такой больш шырокай сістэмы – прыроды.

Чалавецтва, як вядома, утварылася ў перыяд чацвярцічнага абледзянення, калі амаль што ўся жывая прырода перажывала глыбокі крызіс з прычыны катастрафічных змен у кліматычным асяроддзі планеты, на значэнне чаго для чалавецтва і яго гісторыі наша навука толькі сёння па сутнасці пачала звяртаць належную ўвагу. Многія віды прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету тады альбо гінулі, альбо тэрмінова мігравалі ў больш прыймальныя для іх геаграфічныя зоны і прыродныя ўмовы, альбо змушаны былі неяк прыстасоўвацца да непрывычна новага акаляючага асяроддзя. У ліку апошніх аказаліся і продкі чалавека, жыўшыя дагэтуль таксама як добра прыстасаваныя і ўзброеныя сістэмай сваіх інстынктаў жывёлы-гамініды [у антрапалогіі гамінідаві называюць прымітыўныя віды людзей. – Рэд.] ў пэўнай гармоніі са сваімі тадышнімі геаграфічнымі і прыроднымі ўмовамі. Але, з прычыны катастрафічна імклівай хуткасці змены тых умоў пры наступленні ледніковай эпохі і перш за ўсё змен тэмпературных у акаляючым іх асяроддзі, ні анатамічна ні фізіялагічна паспець прыстасавацца да гэтых змен яны ўжо не маглі. Прыстасавацца можна было толькі ў сферы сістэмы сваіх паводзін, карэнным чынам трансфарміраваўшы ўсю існаваўшую раней інстыктыўную ў прынцыпе сістэму адкрытых Дарвінам і тыповых для жывёл законаў бязлітаснай барацьбы за існаванне ў новую, ужо не біялагічную, а сацыяльную, разлічаную на ўзаемную дапамогу і падтрымку сістэму паводзін [на справе, на Зямлі яшчэ не было больш агрэсіўнай, экспансіўнай і бязьлітаснай у адносінах да прадстаўнікоўс вайго ж біялагічнага віду жывёлы, як чалавек; тэхналогія забойства чалавека чалавекам у людзей самая перадавая…. – Рэд.]. А гэтая апошняя цягнула за сабою і адпаведную змену патрэб, каштоўнасцей і нормаў, надаўшы ім выразна новы, сацыяльна-культурны, духоўны характар з яго катэгорыямі маральнага абавязку і абмежавання пачуццёва-жывёльнай, кіпцюраста-клыкастай свабоды. У выніку з пэўнага віду жывёльнага роду гомінідаў і ўзнік Homo sapiens – чалавек разумны, які у сваіх паводзінах пачаў кіравацца ўжо не столькі інстынктамі, колькі розумам [гэта ня так; на жаль, у сёньняшнім рэальным жыцьці абсалютная большасьць людзей кіруецца інстынктамі ці напаў-інстынктамі, а ня розумам (пра гэта было на сайце раней, будзе і пазьней, калі мы будзем аналізаваць псіхіку людзей, як сістэмы); у гэтым як раз і самая галоўная праблема чалавецтва – яно ў большасьці ўсё яшчэ складаецца з не-зусім-людзей, а ўжо здольна зьнішчыць само сябе… – Рэд.]. Факт, дарэчы, так і не заўважаны матэрыялістам Дарвінам. Разам з ім узнік і той знаёмы ўжо нам чыннік, як сама культура і перш за ўсё менавіта культура духоўная з яе моцнай маральна-этычнай асновай [на грунце розных табу і страху перад багамі. – Рэд.]. Культура таго тыпу, у аснове якога і аказаліся шуканыя тут намі ідэалы.

Аднак з-за адносна імклівага па сваіх тэмпах працэсу змяненняў агульнапрыроднага асяроддзя ледавіковай эпохі поўнай замены ў чалавеку жывёльнай сістэмы паводзін на сістэму сацыяльную не адбылося [выклікае сумненьне, што гэта адзіная прычына захаваньня напаўжывёльнага стану чалавека масы. – Рэд.]. Адбылася не замена, а толькі сваеасаблівая надбудова сацыяльнай сістэмы над сістэмай жывёльна-інстынктыўнай, у якой апошняя стала выконваць ролю глыбіннага яе фундаменту, які ў пэўнай ступені фактычна супрацьстаіць сваёй надбудове. Гэтая сацыяльная надбудова не была арганічным працягам таго фундаменту, а для свайго існавання і эфектыўнага функцыянавання вымушана была нават у пэўнай ступені блакіраваць некаторыя віды дзейнасці сістэмы жывёльнай, як, напрыклад, барацьба за існаванне і за самку, што у свой час адзначаў яшчэ фізіёлаг Б.Г.Ананьеў. Адсюль менавіта паходзіць рэзка адмоўны (з часціцаю «не»), загадна-забаронны характар асноўных прынцыпаў паводзін чалавека, так даклада выказаных ва ўсіх рэлігійных запаветах (не забі, не блудзі, не крадзі, не хлусі і г. д., гэта значыць, не паводзь сябе падобна жывёле!) і пакладзеных у аснову ўсяе людкай духоўнай культуры. Адсюль і раздвоенасць самога чалавека, што знаходзіцца ў аснове агульнай яго супярэчлівасці ў адносінах паміж целам і душой, пачуццёвасцю і розумам, жаданнем і абавязкам, асабістым і сацыяльным, падсвядомасцю і свядомасцю і г. д. Тое, што і разумеў ужо даўно вялікі Арыстотэль, справядліва сцвярджаючы, што чалавек ёсць zwon politikon – жывёла грамадская, і робячы з гэтага адпаведныя высновы. Тое ж меў на ўвазе пазней і апостал Павел, калі пісаў сваё пасланне да рымлянаў.

Чалавек увогуле ў гэтым сэнсе нагадвае цыркавога артыста, што ідзе па дроце. Падзенне ў бок толькі ідэальнага прывядзе да фізічнай яго смерці, падзенне ж у бок супрацьлеглы, у бок толькі матэрыяльнага – зноў да пагібелі, але ўжо да пагібелі духоўнай, як вяртанню ізноў у жывёльны стан. Таму нам так важны не толькі сам ідэал, але і правільнае яго разуменне, разуменне менавіта як найважнейшага кроку да гармоніі ідэальнага і матэрыяльнага. Гармоніі, што і ляжыць у аснове таго, што філосафы называюць рэальным быццём.

Гэтая раздвоенасць чалавека лягла ў аснову і створанай ім культуры, якая і да нашага часу распадаецца на ўзаемна процістаячыя сабе духоўную і матэрыяльную субкультуры [культуры не супрацьстаяць – іх супрацьпастаўляюць… – Рэд.]. І толькі культура мастацкая заўсёды пакутліва імкнулася і імкнецца сабой іх аб’яднаць (тое імкненне выразна выступае, напрыклад, у эстэтыцы, праяўляючыся ў яе вечных пошуках прыгажосці як гармоніі духа і цела, зместу і формы [гэта ёсьць ня толькі ў эстэтыцы; на ўладкаваньня людскай цывілізацыі накіравана наша ідэалогія – сістэмны гуманізм! – Рэд.]) і ў дзіўнай на першы погляд амаль што немагчымасці дасягнуць поўнасцю такога аб’яднання. Таго, што некалі Гётэ так лаканічна і так дакладна выказаў ужо вядомымі нам пакутліва-страснымі словамі свайго Фауста: verweile doch, du bist so schoen (Спыніся, ты такое прыгожае). Пра тую раздвоенасць, як па-своему грахоўную сутнасць чалавека, ва ўсе часы пастаянна цвердзілі ўсе рэлігіі, паэзіі і філасофіі свету. Менавіта яна ж ляжала і ляжыць і ў аснове знакамітай дыялектыкі, што таксама прысутнічала так ці гэтак ва ўсіх філасофіях ва ўсе часы, чаго не ведаюць, на жаль, некаторыя нашы не вельмі пісьменныя рэфарматары і прагрэсісты, топчучы сёння дыялектыку, згодна колішняму выразу, таксама, як мёртвага сабаку, і па-ранейшаму знаходзячыся ў пракруставым ложку логікі тыпу «або – або», вядомай з часоў таго ж Арыстотэля як логіка фармальная і трактаваная сёння як уласцівая не столькі чалавечаму розуму, колькі жывёльнай пачуццёвасці.

Гэта якраз і праявілася ў тым, што так цяжка дасягалася і дасягаецца зараз раўнавага не толькі ў мастацтве як гармонія духа і цела, розуму і пачуцця, зместу і формы, — як менавіта прыгажосць, але і ў палітычным аспекце сацыяльнага жыцця ўвогуле. Гэта перш за ўсё бачыцца на прыкладзе дэмакратыі як гармоніі ўзаемаадносін паміж грамадствам і асабістасцю, дзяржавай і грамадзянінам, неабходнасцю і свабодай.

Дэмакратыя, як вядома, таксама дасягалася і дасягаецца ў гісторыі чалавецтва, пачынаючы ўжо з антычных часоў, з складанымі і пакутлівымі цяжкасцямі. Ідэалам яе, згодна зноў такі Гегелю, была свабода як усвядомленая неабходнасць, г.зн., як дыялектычна супярэчлівае адзінства пачуццёвасці і розуму, жывёльнасці і сацыяльнасці, асабістасці і грамадства (азначэнне, з якога многія і расійскія і нашы беларускія невукі-прагрэсісты дазваляюць сабе сёння смяяцца, не бачачы, да якога хаатычнага абсурду аказалася даведзенай няшчасная Расія з іх сённяшнім жывёльна- аднабокім разуменнем свабоды). Але супярэчлівасць, спароджаная няўстойлівым станам усёй прыроды антрапагеннага ледніковага перыяду, сама была надзвычай вострай. У гэтым якраз і складалася ўся праблема. І Кант, напрыклад, лічыў тую праблему ўвогуле невырашальнай, адносячы яе да разраду антыномій. Усё гэта можна выразна назіраць, напрыклад, і ў сучасным грамадстве, і асабліва ў грамадстве і культуры расійскіх, дзе такія шараханні і кіданні ў скрайнасці («коль рубнуть, так уж сплеча») можна бачыць амаль што на кожным кроку. І ў палітыцы, і ў эканоміцы і ў грамадскім жыцці ў цэлым, уключаючы і самую агульную і шырокую каштоўнасную катэгорыю шчасця ўвогуле, якая, як і прыгажосць, таксама грунтуецца на гармоніі духа і цела, абавязку і жадання, сацыяльнасці і індывідуалізму і якая таксама, калі і дасягаецца, то з надзвычайна вялікімі цяжкасцямі.

Тая ж унутраная раздвоенасць з’явілася прычынай і азначанай няўстойлівасці працэсу гістарычнага развіцця як самога чалавека, так і створанай ім культуры ў цэлым. А ў выніку азначанай няўстойлівасці ўзнікалі вышэйпамянёныя асцыляцыі-ваганні гэтага працэсу, будучы спароджанымі ўнутраным напружаннем паміж структурай і элементамі сістэмы чалавечага грамадства. Напружаннем, што прыводзіла да станаў то таталітарызму, то анархіі і ў сваю чаргу узнікала з-за несупадзення паміж прамымі і адваротнымі сувязямі ў гэтай сістэме, якая мела з прычыны сваёй шматузроўневай іерархічнасці вельмі складаны характар. Менавіта з гэтай прычыны прамыя сувязі як уздзеянні вышэйшых сацыяльных структур цераз ніжэйшыя падструктуры на свае матэрыяльна-біялагічныя элементы дзейнічалі не адразу. Каб атрымаць тыя вынікі, яны павінны былі накоплівацца, перш чым яны дасягалі свайго элементнага біялагічнага ўзроўня (перыяд такога накоплівання У. Р. Эшбі называў мёртвым часам). А адтуль у адказ па лініі адваротнай сувязі пачыналася ўздзеянне ўжо матэрыяльных элементаў на ідэальна-сацыяльныя структуры. І зноў такі з пэўным запазненнем па прычыне такога ж накоплівання на прамежкавых элементна-структурных узроўнях. Пікі стымулаў і вынікаў у працэсе такога ўзаемадзеяння не супадалі ў часе. У выніку ўся сацыяльна-біялагічная сістэма, якую той жа Эшбі таму і называў вельмі вялікай сістэмай, пачынала рухацца ў ходзе свайго развіцця менавіта па траекторыі, падобнай вядомай нам сінусоідзе. Гэта сапраўды была ўжо хоць і вельмі спрошчаная, але амаль матэматычна дакладная мадэль сацыякультурнага працэсу.

У сістэме грамадства ў ролі такой ідэальнай структуры якраз і выступае сетка сацыяльна-духоўных, маральных адносін паміж людзьмі, якая выконвае ў гэтай сістэме ролю прамых сувязяў. А ў ролі матэрыяльных элементаў – паасобныя індывіды з іх традыцыйна-прыроднай жывёльнасцю і інстыктыўна-пачуццёвымі ўзаемаадносінамі, што выступаюць тут у якасці сувязяў зваротных. Грамадства таму якраз і ўяўляе сабою такую шматузроўневую, іерархічную, вельмі вялікую сістэму.

У самым пачатку гісторыі соцыуму людзям як біялагічнаму віду, каб выжыць у складаных умовах ледавіковай эпохі, давялося тэрмінова прыняць сацыяльную, як ужо было сказана, структуру, пабудаваную на прынцыпах узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі. Тое, аднак, пэўным чынам абмяжоўвала і пазітыўныя асаблівасці іх дастаткова ўжо складанай цялесна-інстынктыўнай прыроды, якая таксама была фундаментальна неабходнай для выжывання, як, напрыклад, харчаванне і палавыя ўзаемаадносіны, але здзяйснялася на асновах чыста жывёльнай дарвінаўскай барацьбы за існаванне і індывіда і віда. Узнікаўшая супярэчнасць і ў выніку яе напружанне магло нейтралізавацца па лініі зваротнай сувязі толькі за кошт пэўнага паслаблення сацыяльнай структуры. Аднак, з прычыны азначанай няўстойлівасці ўсяе вельмі інертнай з-за сваёй іерархічнасці сістэмы перавага аказвалася ўжо на баку людзей як біялагічных індывідаў – матэрыяльных элементаў яе. І тады зноў узнікала напружанне, але ўжо процілеглага характару, і ўсё пачыналася спачатку.

Так і ўтвараліся апісаныя Сарокіным (ды й не толькі Сарокіным!) ідэальная, інтэгральная і сенсорная (пачуццёвая) фазы ў цыклічнай гісторыі культуры, у якіх спачатку пераважала духоўная культура над матэрыяльнай, затым вельмі кароткі час існавала гарманічная паміж імі роўнавага і ў канцы перыяду наступала ўжо перавага культуры матэрыяльнай з тым, каб цераз фазу крызісу зноў перайсці ў фазу ідэальную і распачаць новы, наступны маятнікападобны цыкл гістарычнага развіцця.

Гэтыя фазы, як ужо было сказана, вельмі недакладна азначаліся Сарокіным як усяго толькі верагоднасныя, выпадковыя флуктуацыі, якія маглі згодна яго меркаванню следаваць і ў адваротным парадку. На справе, аднак, усё тое строга лагічна выцякала з агульначалавечай негэнтрапійнай увогуле траекторыі развіцця як руху ад меньш высокай ступені жывёльнай арганізаванасці да больш высокай ступені як ступені арганізаванасці сацыяльнай. Таму і ў следаванні азначаных цыклаў з іх фазамі павінен быў быць менавіта гэткі, а не які-небудзь іншы лагічны парадак. У пачатку фаза перавагі ідэальнай структуры над матэрыяльнымі элементамі, затым інтэгральная фаза іх узаемадзеяння і роўнавагі і, нарэшце, пераход ад інтэгральнай фазы да фазы сенсорнай, з перавагай ужо элементаў над структурай. Фазы як сваеасаблівага энтрапійнага рэгрэсу, ў дадзеным выпадку як пераходу чалавечага грамадства ад сацыяльнай сістэмы зноў у стан, па сваёй бездухоўнасці больш блізкі жывёльнаму статку. Фактычна і сам Сарокін прытрымліваўся ў цэлым гэтага прынцыпу, ува ўсім тэксце сваёй «Сацыяльнай і культурнай дынамікі» звязваючы ідэяцыянальную фазу, калі духоўная культура пераважае над матэрыяльнай, менавіта з пад’ёмам культуры, інтэгральную фазу, калі абедзьве культуры утвараюць гарманічнае адзінства, – з момантам найвышэйшага росквіту яе, і, нарэшце, фазу сенсорную з яе перавагай ужо культуры матэрыяльна-пачуццёвай трактуючы як глыбокі ўпадак, за якім пасля вельмі сур’ёзнага крызісу з неабходнасцю наступае новы, чарговы цыкл з новым, чарговым пад’ёмам.

Так у сваім маятнікападобным развіцці выглядае гісторыя чалавечай культуры і так сёння бачыцца ў ёй нам і роля ідэалаў. Тых ідэалаў, што наш глыбокадумны філосаф-зямляк Ігнат Канчэўскі называў праменнымі.

У святле такой, можа, пакуль яшчэ й абстрактнай крыху трактоўкі ідэалу, мы ўжо на гэтай ступені разгляду маем магчымасць зразумець і ягоны бляск і ягоную трагедыю. І, тым болей, найвялікшую важнасць яго сёння для нас у нашы абязбожаныя і абезідэаленыя маркотныя часы. Зразумець яе і на ўжо больш канкрэтных жыццёвых узроўнях. Перш за ўсё, як ужо трохі сказана было раней, становіцца ясным, што і сённяшняе, быццам бы, падзенне азначаных ідэалаў не ёсць іх нейкі абсалютны Untergang, ці пагібель, як думаў Шпенглер. І, тым болей, не прыход у выніку гэтага знікання ідэалаў да нейкага, быццам бы, больш дасканалага стану рэчаў: рынку ў эканоміцы, дэмакратыі ў палітычным жыцці альбо свабоды ў жыцці асабістым. На прыкладзе той жа Расіі мы бачым, што з адмовай ад тых ідэалаў расійскае грамадства трапіла, як кажуць, з агню ды ў полымя. Замест здаровай і устойлівай эканомікі ўзнікла самая гнілая і нахабная карупцыя і ў гаспадарцы і ў соцыуме, з розніцай паміж багатымі і беднымі нават нашмат вышэйшай, чым у класічным капіталістычным свеце. Замест дэмакратыі – масавае пранікненне ў кіруючыя дзяржаўныя органы тых жа бессаромна-амаральных алігархаў, а то і прафесійных бандзюг. І замест некалі сапраўды вялікай рускай духоўнай культуры – поўнае гаспадаранне не “грядущего”, як у Меражкоўскага, а зусім ужо “настоящего” цынічнага хама.

Аднак, і ў нямецкай мове слова Untergang мае падвойнае значэнне. Яно азначае не толькі поўную пагібель чагосьці, але і ўсяго толькі часовы заход сонца (па-руску яно і перакладаецца там як “закат”), а гэта можа трактавацца і як магчымасць яго чарговага ўзыходу зноў. Нават не толькі магчымасць, але і як менавіта гэтакі законамерна-неабходны ход рэчаў у прыродзе і соцыуме. Значэнне пэўнага маральна-этычнага абавязку выразна чуецца ўжо ў самой семантыцы таго слова, а ў прыродзе яно дэманструецца нам у самім працэсе эвалюцыі жывых арганізмаў. У біялогіі, напрыклад, старэнне і нават гібель паасобнага індывіда зусім не азначае знікнення ўсяго віду. Від па-ранейшаму захоўваецца ў складзе ягонага генатыпу [генафонду. – Рэд.], які ёсць не што іншае, як інфармацыйная, ідэальная яго структура, якая і з’яўляецца дакладным адпаведнікам таго, што ў соцыуме мы называем ідэалам. Таму менавіта так і павінны мы сёння разумець слова “ідэал”.

Такое разуменне яго выразна чуецца ўжо ў знакамітым выразе апостала Іаана “en arch hn o logos kai o logos hn pros ton qeon kai qeos hn o logos” (на пачатку было слова і слова было ў Бога і Бог быў словам). Пагэтаму ж тое слова (дарэчы, logos у старажытнагрэчаскай мове якраз і азначала адначасова і слова і думку, ідэю!) ўспрымаецца не толькі як сімвал аптымімізму, але і як пэўны энергетычны штуршок для далейшага руху наперад, да яго рэалізацыі як агульнай мэты нашага жыцця. І ў першую чаргу, да рэлізацыі той цэлай сукупнасці жыццедайных ідэалаў, што заключаецца ў так дарагой нашаму сэрцу беларускай ідэі.

Калі мы ўжо, дарэчы, выкарысталі тут выраз “энергетычны штуршок”, то скажам адразу ж, што гэта не толькі сімпатычная метафара. Прыняты намі тып філасофіі як менавіта філасофіі цэласнай, то-бок, філасофіі сваеасаблівага (дыялектычнага!) адзінства ідэалізму і матэрыялізму, дзейсны аднолькава ў сферы як сацыяльных навук, так і навук прыродазнаўчых. Ён дапамагае заўважыць тут не толькі пэўную знешнюю аналогію, але і выявіць рэальныя, глыбінныя ўзаемасувязі паміж прадметамі інтарэсаў, як гаварылася некалі, “лірыкаў” і “фізікаў”, вельмі істотна садзейнічаючы і тым і другім і яшчэ раз пацвярджаючы, як убачым, важнасць азначанага выразу і ў адносінах да цікавячага тут нас паняцця “ідэал”.

Так, у фізіцы амаль што дагэтуль застаецца невызначаным да канца сэнс слова “энергія”. Такі знакаміты фізік як Рычард Фейнман у сваім вядомым (фейнманаўскім!) курсе лекцый піша, напрыклад, падкрэслена прама: “фізіцы сучаснага дня невядома, што такое энергія”. Пазбягаюць даць гэтаму слову дакладнае азначэнне, замяняючы яго яшчэ больш няясным тэрмінам “імпульс”, і аўтары таксама вядомай кнігі “Асновы сучаснай фізікі” В. Акоста, К. Кован і Б. Грэм. Гэтак жа робіць і аўтар трохтомнай “Фізікі для цікаўных” Э. Роджэрс, вельмі карыснай, зрэшты, для “лірыкаў”-гуманітарнікаў. Тым болей няясным аказваецца і вядомы кожнаму з школьных часоў падзел энергіі на кінетычную і патэнцыяльную. Тут нашы фізікі амаль што заўсёды, не будучы ў стане толкам растлумачыць гэты падзел, змушаны абыходзіцца толькі канкрэтнымі прыкладамі.

Усё гэта таму, што і сучасная фізіка ў цэлым усё яшчэ знаходзіцца пад уплывам філасофскага матэрыялізму, няхай сабе і ў яго “сарамлівай”, як некалі гаварылася, форме. Менавіта таму яна ў свой катэгарыяльны арсенал ніколі не ўключала такія паняцці, як інфармацыя і структура. Нават такая светлая галава сярод фізікаў, як Стывен Хокінг, і сёння дапушчае, і то вельмі стрымана, інфармацыю толькі ў біялогію. У карціне Сусвету фізікаў-матэрыялістаў заўсёды існавалі толькі матэрыя і энергія. У памянёных “Асновах сучаснай фізікі”, напрыклад, словы “інфармацыя” і “структура” адсутнічаюць зусім (структура ўспамінаецца толькі ў больш вузкім сэнсе як “тонкая структура ядра”). Калі слова “матэрыя” фізікам-матэрыялістам было безумоўна прыймальным, то энергія як здольнасць вытвараць работу здавалася ім ужо вельмі падазроным, бо адразу ж узнікала пытанне, што ж або, тым болей, хто вытварае гэтую работу? Э.Роджэрс нават бярэ на ўсякі выпадак і слова “работа” ў двукоссе, а пра самую энергію піша, што мы, магчыма, ніколі і не зможам даць азначэнне энергіі нават расплывістае. Тут фізікам, думаецца, адразу ж успамінаецца сумны лёс біёлагаў-віталістаў, якіх амаль цэлае стагоддзе увесь матэрыялістычна адукаваны свет дружна абсмейваў за дапушчэнне ў біялогію нейкай, быццам бы, містычнай жыццёвай сілы і г.д. і да т.п. [ніякай жыцьцёвай сілы ў жывым сапраўды няма. – Рэд.] Адсюль даводзілася быць вельмі асцярожнымі і з вельмі важным і для фізікі паняццем і тэрмінам “сіла” (цікава, што той жа Роджэрс не без пэўнай, як здаецца, самаіроніі, тлумачыць сілу, чым бы яна, па ўласнаму яго выразу, ні была, як толькі “тое, што цягне альбо штурхае”). Але калі з адкрыццем генетыкі гэтая “сіла” атрымала дастаткова разумнае тлумачэнне як сваеасаблівы тып менавіта інфармацыі, смех той гэтак жа дружна і заціх. Тым не меней і Фейнман і Хокінг самі стала дазвалялі сабе падсмейвацца над філосафамі, што ламалі свае голавы над пытаннем, што ж такое гэта інфармацыя (у савецкай Расіі пэўны час дык і ўвогуле небяспечна было займацца і інфармацыяй, і кібернетыкай).

Толькі пасля таго, як з нашых вачэй спалі шоры філасофскага матэрыялізму, мы ўбачылі свет ва ўсёй яго складанасці і адначасова ў цэласнай, здаровай яго прастаце. Убачылі, што ўвесь Сусвет, як пісаў яшчэ вялікі Гегель, уяўляе сабою дыялектычна супярэчлівае адзінства ідэальнага і матэрыяльнага (Гегель, праўда, як ідэаліст, хоць і дыялектычны, крыху недалюбліваў матэрыяльнае і не зусім законна ўжываў замест яго слова “рэальнае”). Адзінства, што на мове сённяшняй агульнай тэорыі сістэм, гэтай роднай сястры кібернетыкі, можа трактавацца, як вельмі рухомае адзінства структуры (структура ж ёсць не што іншае, як інфармацыя ў яе, скажам так услед за Рэбанэ, крышталічнай форме), адпавядаючай ідэальнаму, і элементаў, гэтак жа адпавядаючых матэрыяльнаму.

У святле такой супярэчліва цэласнай філасофіі і сама фізіка атрымала па-сапраўднаму ўжо трывалую філасофскую базу. Калі ў мінулым яна, як пісаў у сваім “Фядоне” вялікі Платон, кульгала, абапіраючыся толькі на адну матэрыяльную нагу, то цяпер яна упэўнена стала на дзьве нагі, абапіраючыся адначасова і на матэрыяльнае і на ідэальнае [энэргія, інфармацыя, розум, сіла, праца, моц, любоў і да т.п. – гэта ўласьцівасьці адпаведных матэрыяльных носьбітаў. – Рэд.]. Калі раней свет як іерархічная сістэма складаўся толькі з двух узроўняў, з якіх галоўным лічыўся чамусьці узровень матэрыяльных элементаў (энергія была, як мы бачылі, невядома чым), то цяпер ён як сістэма, атрымаўшы і ўзровень ідэальнай структуры, цалкам адпавядае самому сабе, г. зн., стаў рэальным. Калі ў Гегеля свет таксама, як мы ўжо бачылі, прыкульгваў на адну нагу, то з пункту погляду цэласнай філасофіі ён становіцца поўнасцю рэальным толькі як сапраўды дыялектычна супярэчлівае адзінства ідэальнага і матэрыяльнага. Або, гаворачы сучаснаю моваю, як іерархічна-сістэмнае адзінства структуры і элементаў. Тады знаходзіць сабе лагічнае мейсца і паняцце энергіі, выступаючы як колішні Гегелеў сінтэз тэзіса (матэрыяльнае) і антытэзіса (ідэальнае). Або зноў жа як працэс узаемадзеяння паміж структурай і элементамі. І не толькі самі энергія, сіла і работа, але і разнавіднасці энергіі ў выглядзе кінетычнай і патэнцыяльнай яе форм. Кінетычная, напрыклад, энергія мае мейсца, калі элементы ўздзейнічаюць на структуру. Патэнцыяльная, наадварот, — калі структура ўздзейнічае на элементы. Больш таго, тут амаль аўтаматычна рашаецца заадно і знакамітая праблема энтрапіі, што прынесла фізікам столькі клопатаў, а Больцмана нават падштурхнула на самазабойства. З-за яе, як вядома, яны змушаны бывалі нават прызнаваць часам магчымасць ажно цеплавой смерці ўсяго Сусвету. Энтрапія – гэта змены ў сістэме пад уздзеяннем элементаў на структуру яе як адпаведнік кінетычнай форме энергіі, і змены, як правіла, дэструктыўныя. Негэнтрапія (паняцце ўведзена стваральнікам тэорыі інфармацыі К. Шэнанам!) – гэта сістэмныя змены пад уздзеяннем, наадварот, структуры на элементы як адпаведнік энергіі патэнцыяльнай, і змены, наадварот, канструктыўныя. Першыя вядуць, як не цяжка зразумець, да распаду сістэмы. Другія, наадварот, — да стварэння і ўзмацнення яе. І гэтак далей і да таго падобнага, так што тут можа быць азначаны цэлы каардынацыйны ланцужок такіх жа строга лагічных сувязей і адпаведнасцей.

Уважлівы чытач, напэўна, даўно заўважыў, што ў ланцужку гэтым аказваюцца не толькі асноўныя фізічныя паняцці і катэгорыі, але і знаёмыя ўжо нам паняцці з галіны сацыяльнай будовы культуры і працэсу яе гістарычнага развіцця. Так, напрыклад, трактуюцца і структура культуры як іерархічнай сістэмы з узроўнямі матэрыяльнай, мастацкай і духоўнай субкультур, і працэс гістарычнага яе развіцця як чарговая змена фаз, знаёмых ужо нам як фаза станаўлення культуры з перавагай духоўнай субкультуры на матэрыяльную, фаза росквіту культуры з гарманічнай роўнавагай паміж матэрыяльнай і духоўнай субкультурамі і высоўваннем на першы план субкультуры мастацкай, фаза сацыяльна-культурнага ўпадку з перавагай ужо матэрыяльнай субкультуры над субкультурай духоўнай і, нарэшце фаза пагібелі культуры з поўным супрацьстаяннем субкультур і наступленнем агульнага сацыякультурнага хаосу.

Гэткая ж строга лагічная ўпарадкаванасць мае месца і на больш канкрэтных узроўнях культурнай сістэмы і працэсу яе развіцця. Так, напрыклад, тэарэтычная дзейнасць у сацыякультурным працэсе мае характар накаплення інфармацыі і ператварэння яе ў сацыяльныя структуры, а дзейнасць практычная, наадварот, ёсць рэалізацыя тых структур у масах канкрэтных людзей як элементаў сацыяльнай сістэмы [?! – Рэд.]. Тут можна нават знайсці адказ на канкрэтную сітуацыю, звычайна вельмі непакоячую практычных палітыкаў. Гэта калі, напрыклад, актыўнасць вулічнага сацыяльнага руху пачынае спадаць, і бедныя палітыкі пачынаюць разгублена думаць, што гэтым усё ўжо і скончылася. На справе ж скончылася, ці, дакладней, зрасходвалася толькі, так бы мовіць, кінетычная фаза энергетыкі гэтага руху, якая зусім лагічна павінна змяніцца фазай патэнцыяльнай і фазай менавіта накаплення сацыяльнай энергіі. Адкуль зусім лагічна выцякае неабходнасць і чыста тэарэтычнай працы ў сацыяльна-практычным руху ўслед за заціханнем вулічных, як кажуць, акцый [!!! – Рэд.]. Зрэшты, у рэальнасці тыя фазы, як павінна быць і ў соцыуме, следуюць у адваротным парадку. Спачатку адбываецца накапленне ідэй як сацыяльнага патэнцыялу, а за тым ужо наступае і кінетыка практычнага сацыяльнага руху (у Беларусі ж такі няправільны парадак тых фаз адбыўся пераважна з-за нечаканасці ўсіх звязаных з гэтым падзей). І гэтак далей.

Не цяжка знайсці тут і ўсё, што тычыцца цікавай для нас праблемы, праблемы ідэалу і яго ролі ў сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі. Ідэал, як бачым, якраз і выступае ў грамадстве ў ролі гэткага накаплення сацыяльнага патэнцыялу для наступнага магутнага кінетыка-энергетычнага штуршка. Вось таму тут і была праведзена такая далёкая, здавалася б, аналогія з фізікай. Аналогія, прымусіўшая нас успомніць і французскага сацыяёлага А. Кетле, таксама нездарма напісаўшага яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя кнігу пад загалоўкам “Сацыяльная фізіка”, і яшчэ раз, насуперак насмешлівым Фейнману і Хокінгу, падцвердзіць вядомы факт, што і філасофія (але філасофія ісцінная!) можа быць карыснай для фізікі.

Выкладзенае тут тэарэтычнае трактаванне працэсу рэалізацыі ідэалу як сталага імкнення да гарманічнага адзінства паміж ідэальным і матэрыяльным бакамі жыцця, як пастаяннай, скажам, не пакідаючай зямлі арыентацыі на Бога, – такое трактаванне ідэалу дае нам магчымасць зразумець і асноўную прычыну таго фатальна-ганебнага краху камуністычных ідэалаў, «пабудова» якіх прынесла столькі пакут няшчасным народам былога Савецкага Саюза, і ў тым ліку і нам, беларусам. І тут перш за ўсё трэба зразумець, што прычынай таго быў, як часам думаюць у нас нашы невукі-псеўдадэмакраты, не сам ідэал, гэты магутны сацыяльна-духоўны фактар, што і зрабіў чалавека чалавекам, а толькі аднабаковае разуменне яго, якое дапушчаў ужо сам заснавальнік камунізму Маркс і асабліва расійскія яго наслядоўцы. Гэтыя апошнія разумелі рэалізацыю ідэалу ўвогуле не дыялектычна, не як абумоўлены матэрыяльна-колькаснай эвалюцыяй якасны ідэальна-рэвалюцыйны пераход у новы грамадскі стан, а як сапраўды ўжо галаваломны скачок, як прымусовую, палачна-планавую пабудову абсалютна ідэальнага грамадства (сталінскія «великие стройки коммунизма» ці, тым болей, хрушчоўская «пабудова камунізму» за дваццаць год і нават выхаванне новага чалавека, прамога, як цвік («гвозди бы делать из этих людей, лучше бы не было в мире гвоздей», пісаў некалі вядомы савецкі паэт Мікалай Ціханаў). Будавалі новае грамадства без аніякага ўліку матэрыяльнага забеспячэння такой пабудовы (стан гаспадаркі і, галоўнае, стан самога народу як чалавечага фактару) [прычынамі дэградацыі “савецкага камунізму” была дэградацыя (яшчэ і на фоне зыходнага сіяністычна-бальшавіцкага звыродніцтва) кампартыйнай расейскай імперыякратыі й заганная камуністычна-імперская ідэалогія. – Рэд.].

Ды і Маркс, хоць і быў выдатна адукаваным па тым часе філосафам, вучнем Гегеля, сэнс дыялектыкі не разумеў да канца. Ён не надаў значэння таму разуменню фазавасці працэсу гісторыі, што прасвечвала ў тэксце абедзьвюх гегелевых логік і асабліва ў ягонай эстэтыцы як агульнай тэорыі мастацкай культуры з яе вучэннем аб сэнсе мастацкіх стыляў, хоць і чытаў і нават канспектаваў «Эстэтыку» Гегелевага вучня Фішэра перад напісаннем свайго «Капіталу». Яно толькі ўскосна паўплывала на яго, Марксавае, вучэнне аб сацыяльна-эканамічных фармацыях, дзе тая фазавасць, тым не меней, выразна праглядвае праз ягонае апісанне дыялектычнай дынамікі адзінства і процілегласці прадукцыйных сіл і вытворчых адносін (тое, дарэчы, на шмат пазней выгадна скарыстоўвалася з апораю на Марксаў жа аўтарытэт і намі ў беларускай эстэтыцы пры замаскаванай крытыцы савецкай рэчаіснасці з дапамогай тых жа марксавых паняццяў).

Маркс разумеў, што сучасны яму капіталізм перажывае ўжо фазу свайго заняпаду, і востра і справядліва яго крытыкаваў, што і сёння гучыць вельмі актуальна адносна сучаснай Расіі. Аднак, памылкова недаацэньваючы трактоўку гісторыі культуры як працэс з цыклічнымі фазамі станаўлення, росквіту і ўпадку ў цэлым, ён у сваёй барацьбе за новае грамадства ўзяў на ўзбраенне матэрыялізм, атэізм і тэзіс аб фізічным гвалце як спавівальнай бабцы гісторыі – гэтыя самыя характэрныя сімптомы сацыяльнага заняпаду тагачаснага грамадства. Сімптомы, якія ва ўмовах яшчэ больш вульгарных з боку прадаўжальнікаў марксавай справы метадаў рэалізацыі ідэалу выразна сведчылі і аб магчымасці зусім ужо злаякаснага перараджэння тых, здавалася б, такіх бязвінных радзімых плямаў у злавесную ракавую пухліну. Што і здарылася пазней у Савецкай Расіі.

Маркс, як вядома, абвінаваціў ва ўтапізме сваіх папярэднікаў Сен-Сімона, Фур’е і Оўэна, што абапіраліся на ідэалізм і хрысціянскі сацыялізм, і, прынцыпова адкінуўшы ўсялякі ідэалізм увогуле, зрабіў ваяўнічы матэрыялізм, а разам з ім гэтак жа зласьлівы атэізм, асноўным метадам і сваёй тэорыі і сваёй сацыяльна-практычнай дзейнасці. Адсюль адразу ж, амаль аўтаматычна ўзніклі і культ «гвалту як спавівальнае бабкі гісторыі», і сумназнакамітая дыктатура пралетарыяту, і недаацэнка духоўнай культуры, і неверагодна завышаная ацэнка эканомікі (у гэтым пасля прызнаваўся і Энгельс), і, як вынік, нарэшце, трагічна нізкая ацэнка ўжо і самога чалавека ў параўнанні з тэхнікай. Усё тое пазней было яшчэ глыбей «развіта» экстрэмальным Леніным, які сялянства – гэтыя глыбінныя карані любога народу, любой сацыяльна здаровай нацыі – ацэньваў як элемент, які спараджае капіталізм «ежедневно, ежечасно и в массовом масштабе», а інтэлігенцыю дык і проста лічыў “г*ном”. Усё тое ў зусім ужо жахлівым выглядзе прадоўжана было верным яго паслядоўнікам Сталіным, канчаткова скампраметаваўшым у прынцыпе і само слова «ідэал».

Але ж неразумнымі, неабачлівымі аказваюцца і сённяшнія расійскія «змагары за дэмакратыю» [гэта не дэмакраты, а ліберасты. – Рэд.], што замянілі ідэал грашыма, якія «не пахнуць», як услед за рымскім імператарам-цынікам Веспазіянам выказаўся неяк па маскоўскім тэлебачанні ўсесусветны алігарх Джордж Сорас. Стаўшы ля руля “здэмакратызаванай па-іхняму”, цалкам абезідэаленай і абрабаванай няшчаснай Расіі [зноў гэта паганая імперыя “няшчасная”. – Рэд.], яны завялі яе ў яшчэ больш глыбокае, няхай нам даруюць, г*но. І зусім ужо даводзіцца маўчаць пра наша беларускае кіраўніцтва, якое толькі й марыць, каб утапіць і Беларусь у тым дрэннапахнучым насуперак Сорасу рэчыве, прадаўшы яе расійскім алігархам гэткага ж сорту і вярнуўшы яе ў колішні правінцыйна-каланіяльны стан.

Убачыўшы, чым пагражае беларусам такое цалкам пазбаўленае ідэалаў, абездухоўленае напоўжывёльнае існаванне, мы павінны пастаянна трымацца як найдалей ад супрацьлеглых крайнасцяў, што паціху падсоўваюцца нам у выглядзе атрутлівых замяшчальнікаў ідэалу — тых жа інтэрнацыяналізму, касмапалітызму, універсалізму і нават шумна расхвальваемага ўладамі сённяшняга глабалізму. Трэба пастаянна памятаць, што пад гэтымі падманна-саліднымі «-ізмамі» заўсёды так ці інакш хаваўся і хаваецца ўсё той жа драпежны імперыялізм [дакладна так!!! – Рэд.], а яму толькі і патрэбна такое напоўжывёльнае насельніцтва-быдла, што не мае ўжо ні сваёй мовы, ні сваёй уласнай духоўнай культуры, якая выспупае ў якасці носьбіткі нацыянальнай самасвядомасці, ні сваёй, вядома ж, незалежнай, суверэннай дзяржавы. Насельніцтва, якому дастаткова толькі, як гаварылі рымляне, panem et circenses (хлеба й відовішчаў).

Асабліва характэрны тут па сваёй цынічнай сутнасці тэрмін «інтэрнацыяналізм». Мы ўжо на наша няшчасце звыкліся з ім і не бачым, што ў сваім дакладным сэнсе ён азначае сабой тое, што знаходзіцца не ў саміх народах, аб’ядноўваючы іх у адзінае цэлае, як і павінна было б разумецца па зместу паняцця, а існуе менавіта паміж народамі, незалежна ад іх і над імі, што яшчэ выразней чуецца ў рускім слове «международный» (вельмі цікава было б даведацца, кім і калі канкрэтна быў уведзены ў агульны ўжытак гэты тэрмін і ў каго ён быў запазычаны Эжэнам Пацье, аўтарам знакамітага гімна «Інтэрнацыянал»!). Усё гэта ў цэлым, як кажуць, ластаўкі з аднаго гнязда і нездарма нават амэрыканец С. Хантынгтон у сваёй нашумелай нядаўна цікавай кнізе «Clash of civilizations» (Сутыкненне цывілізацый) хлёстка пісаў: «globalism for the West, imperialism for the rest» (глабалізм для Захаду, імперыялізм для астатніх). Не забудзем, што й сучаснай Расіі вельмі хочацца стаць у гэтых адносінах на ўзровень Захаду, а не лічыцца па-ранейшаму ў ліку «астатніх»! [інтэрнацыяналізм, як узаемадзеяньне нацыянальнізмаў – гэта адзіны спосаб вырашаць глабальныя праблемы; іншая справа, што “Захад”, вядома, збэсьціў гэта паняцьце, перарабіўшы на свой капыл: там любяць усясьветны хаатызуючы глабалізм-касмапалітызм называць “інтэрнацыяналізмам”; але трэба рабіць так, каб гэта былі толькі іх праблемы… – Рэд.]

Асабліва ж патрэбна нам абапертая на нацыянальную свядомасць і адпавядаючыя ёй ідэалы ўласная незалежная нацыянальная дзяржава [улада нам такая патрэбная. – Рэд.]. Дзяржава, якую ў Расіі і таксама ў нас нашы не вельмі пісьменныя рэфарматары хочуць цалкам замяніць звычайным рынкам, аддаўшы яму і духоўную культуру, зрабіўшы тым самым прадажнымі і такія духоўныя каштоўнасці, як ісціна, дабро, сумленне і прыгажосць. Мы ўжо бачым, куды ўсё гэта прывяло няшчасную Расію [Расея – гэта паганая імперыя, якая павінна распасьціся. – Рэд.] і ў якое жахлівае балота трапіла яе некалі сапраўды вялікая духоўная культура [дамінуючая культура ў Расеі заўсёды была імперская; Пушкін, Дзяржавін і г.д. – Рэд.]. Ды і ў сферы культуры матэрыяльнай там запанавала сёння такая жахлівая карупцыя, што цяперашні ўрад Расіі зноў збіраецца для яе ліквідацыі вярнуцца да сілавых метадаў, якімі некалі змагаліся супраць «классово чуждых» элементаў, сялянства і інтэлігенцыі ды будавалі «развитой социализм».

Бачым, як і ў нас у Беларусі за нішчымную сацывічную поліўку ўяўнай эканамічнай выгады прадаецца той жа Расіі і наша беларуская нацыянальная культура, літаральна топчацца нагамі наша родная мова (менавіта пра яе сусветна вядомы культуролаг і лінгвіст Э. Сэпір некалі пісаў, што шчырым можна быць толькі на роднай мове!), прыніжаюцца літаратура і мастацтва. А з імі і нашыя самасвядомасць і нацыянальная годнасць.

Рынак можа панаваць толькі ў сферы матэрыяльнай культуры, якая і сама ўва многім залежыць ад культуры духоўнай, як даўно ўжо было даказана філосафам і сацыяёлагам Максам Вэбэрам [дакладна так!!! Дэградацыя духовай культуры суправаджаецца і дэградацыяй матэрыяльнай. Прыклад: беларусу ў Беларусі не даюць расьці па кар’ернай лесьвіцы (дыскрымінуюць), калі ён размаўляе па-беларуску, выступае супраць этнацыду, генацыду і рабаваньня беларускага народу; з-за таго, што яго штучна затрымліваюць на ніжэйшых прыступках сацыяльнай драбіны, ён атрымлівае нізкія заробкі, якія маглі б пайсьці на лепшае харчаваньне дзецям, на лепшае жытло, вопратку, адпачанык; усё апошняе – прыкметы матэрыяльнай культуры; адсюль трэба ставіць пытаньне, што ў час духовай дэградацыі грамадства лепшыя людзі, як і ўсё грамадства, страчваюць і матэрыяльна; асноўная прычына такой дэградацыі – знаходжаньне ва ўладзе нізкаўзроўневых, соцыяпаразітычна-арыентаваных асоб! – Рэд]. Аднак, наша беларускае кіраўніцтва лічаць за лепшае займацца хакеем, імкнучыся апусціць да такога не вельмі інтэлектуальнага ўзроўню і нашу моладзь. Куды ж лягчэй і, галоўнае, выгодней кіраваць зусім ужо абяздумленым народам!

Гэтага таксама, здаецца, не ўлічваюць і некаторыя нашы агаломшаныя ў барацьбе толькі за рэйтынг асабістага «іміджу» прадстаўнікі беларускай палітычнай апазіцыі. Яны зусім у духу колішняга марксісцкага інтэрнацыяналізму гнуцца перад сённяшнім глабалізмам, гэтай сучаснай рознавіднасцю імперыялізму, зусім адкідаючы ў бок паняцце нацыянальнай, пабудаванай на ўласнай самасвядомасці незалежнай дзяржавы. Дзяржавы, якую апостал Павел лічыў уладай ад Бога і якую Гегель услед за ім азначаў як рэальнасць маральнай ідэі [!!! – Рэд.]. Без такога разумення дзяржавы некаторыя нашы апазіцыянеры ператвараюцца ў змагароў за дэмакратыю без суверэнітэту і за свабоду без незалежнасці, гатовыя замяніць усё гэта сілаю грошай і рызыкуючы стаць прадажнымі [большасьць зь іх даўно ўжо прадалася! большасьць зь іх ужо даўно агенты ўплыву новых ліберастычных імперскіх сіл! – Рэд.].

Паняццю «дзяржава», зрэшты, увогуле ў нашай гісторыі не шанцавала. У савецкія часы пад панаваннем марксісцка-ленінскай філасофіі дыялектычнага і гістарычнага матэрыялізму, у якой дыялектыка скарыстоўвалася пераважна дзеля маскіроўкі алагічнасці сцверджваных палажэнняў, а то і прамой хлусні, дзяржава ператварылася ў абсалютызаваную скрайнасць. У тое, што крытыкі гэтай філасофіі справядліва характарызавалі як таталітарызм. Яна стала не толькі сімвалам, але і фактычным носьбітам абсалютнай, сляпой неабходнасці, што супрацьстаяла свабодзе і няшчадна душыла свабоду асобы, свабоду думкі, свабоду мастацкай творчасці альбо эканамічнай рупнасці. Усе мы бачылі, да чаго тое прыводзіла ў перыяд савецкага «развітога сацыялізму».

Цяпер у Расіі ўзнікла скрайнасць, хоць і абсалютна процілеглага, толькі зноў жа гібельнага характару [ну, дык гэта ж рысы тыповых разводак глабалісцкіх соцыяпаразітных сіл. – Рэд.]. Разам з рашучым адхіленнем арганізуючай ролі дзяржавы была прагалошана абсалютная свабода ад розуму, маралі, ісціны, дабра, прыгажосці. То бок ад усяго таго, што звычайна іменавалася духоўнай культурай і заўсёды знаходзілася на сумленні дзяржавы, а не рынку. Усё мы гэта бачым у цяперашняй пазбаўленай ідэалаў Расіі Расеі галоўным ідэалам заўсёды была імперскасьць; чаго яе шкадаваць, проста настаў яе час… – Рэд.], дзе замест дэмакратыі пануе цынічная алігархія, дзе ўся краіна захлёбваецца ў балоце суцэльнай карупцыі і духоўнага распаду з цынічнай прадажнасцю самых высокіх духоўных каштоўнасцей. Сама ж дзяржава аказалася там перададзенай цалкам у рукі не вельмі разумных, але да зубоў узброеных самымі жахлівымі навейшымі ўзбраеннямі генералаў ды зусім ужо цынічна амаральных спецслужбаў, якім афіцыйна дазволена ілгаць, красці, забіваць з-за вугла, атручваць, душыць, выціскваць вочы і г. д. і да т. п. Тых самых спецслужбаў, якія ў прыстойным грамадстве павінны былі б быць забаронены ў прынцыпе, як забаронена хімічная, бактэрыялагічная і радыялагічная зброя. Вось ува што ператварылася сёння і ў нас і на цэлым свеце колішняя гегелева “рэальнасць маральнай ідэі” і тым болей паўлава “ўлада ад Бога”!

Менавіта тут і становіцца відавочнай роля таго, што ў філасофіі ўжо з старажытных часоў называлася дыялектыкай і згодна чаму ісціна заўсёды знаходзіцца не з крайняга правага ці левага боку, а дзесьці пасярэдзіне [дакладна так! – Рэд.], толькі яе трэба старанна і ўважліва шукаць, кіруючыся той жа дыялектыкай. Наколькі нялёгкая гэта задача, мы бачылі ўжо хоць бы на прыкладзе сапраўды несціханай у гісторыі культуры барацьбы паміж ідэалізмам і матэрыялізмам. У гісторыі не толькі еўрапейскай, але і вялікіх усходніх ісламскай, індыйскай і кітайскай культур. Але і там, і там, і там тыя пошукі вядуцца пераважна з дапамогай усё той жа дыялектыкі, што б там ні цвердзілі некаторыя нашы сённяшнія яе супраціўнікі.

Гэтак жа трэба падыходзіць і да праблемы дзяржавы. Дзяржава павінна спалучаць у гарманічным адзінстве грамадскае і асабістае, неабходнасць і свабоду, розум і пачуццёвасць (пра тое нам даводзілі, як вядома, і камуністы, але яны найчасцей ці то па невуцтву, ці па нячыстаму сумленню гаварылі няпраўду і дзейнічалі зусім наадварот!) [гэта ж мы адзначылі вышэй; яны дзейнічалі так, таму што інтарэс расейскай імперыякратыі ва ўсе часы ў Расеі быў вышэй за якія б там ні было ідэі й ідэалы. – Рэд.].

На еўрапейскім Захадзе гэткая дваістасць дзяржавы пачынае сёння актыўна абмяркоўвацца эканамістамі ў дыскусіях паміж праціўнікамі дзяржаўнасці фрыдманістамі і прыхільнікамі дзяржаўнасці кейнсіянцамі (і калі верыць Брытанскім крыніцам, бяруць паступова верх кейнсіянцы). Аднак там праблема ўскладняецца яшчэ і агульным станам заходнееўрапейскай культуры, усё яшчэ перажываючай шпенглераўскі «закат Еўропы», адкідаючай дзеля правоў чалавека ўсе яго маральныя і ўвогуле духоўныя абавязкі [гэта – відавочная прысутнасьць уплыву глабалісцкай ліберастыі. – Рэд.]. Дзякуючы гэтаму ў Амерыцы, напрыклад, і ў прэзідэнты дзяржавы выбіраюць часам не філосафаў, як раіў яшчэ Платон, а папулярных кіноактораў, футбалістаў ці зусім ужо спецыялістаў па бяздумнаму «фітнэсу».

Заслужаную цікавасць у еўрапейскай грамадскасці сёння выклікаюць адносна нядаўнія югаслаўскія пошукі рынкавага сацыялізму альбо чэха-славацкія спробы пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Цікавасць ўзмацняецца фактам рашучага непрыняцця гэтага досведу з боку саветаў, Крамля, а ў венграў і чэхаў дык і крывавага іх здушэння. Нездарма ж на іх арыентаваліся нашы так падманутыя лёсам шчырыя шасцідзесятнікі і, наадварот, так іх баяліся і ненавідзелі савецкія камуністы ленінска-сталінскай выпечкі. Пошукі тыя цікавыя перш за ўсё тым, што так ці гэтак адшукваліся менавіта спосабы гарманічнага па магчымасці спалучэння асабістага і дзяржаўнага, свабоды і абавязку ў грамадстве, і эмацыянальнага і рацыянальнага, індывідуальнага і агульнага, цялеснага і духоўнага ў чалавеку. І ў Югаславіі, напрыклад, з яе рабочымі саветамі і рынкавай эканомікай пэўныя посьпехі ўжо былі прыкметныя, калі б не нацыянальнае пытанне, рашыць якое югаслаўскія палітыкі з-за іх марксісцка-ленінскай інтэрнацыяналістычнасці так і не змаглі.

Сёй-той можа падумаць, што і ў нас у Беларусі ўрад у сваёй дзейнасці кіруецца таксама ідэяй рынкавага сацыялізму (некаторыя нашы не вельмі дасведчаныя эканамісты і новаспечаныя палітолагі гэтую з’яву і сам гэты тэрмін прыпісваюць Лукашэнку, не здагадваючыся, напэўна, што гэта шырока распісана ў вядомым амерыканскім падручніку па «эканомікс» К. Макконэла і С. Бру і ў курсе гісторыі эканамічнай думкі француза А. Дэні (апошні, дарэчы, выдадзены ў нас і на беларускай мове!). Але ж беларускі ўрад прыцягвала і прыцягвае ў гэтым разе не слова «рынкавы», а слова «сацыялізм» і менавіта сацыялізм у камуністычным яго разуменні. Сам урад быў і ёсць у прынцыпе цалкам пракамуністычны, а сёння ён вельмі блізкі да таго нават, каб здаць (не без рызыкі, бо гэта ўжо зусім відавочная здрада дзяржаве з абцяжарваючымі абставінамі!) суверэнную Беларусь у імперскую Расію ў якасці былога яе «Западно-русского края». Здаць, каб гэтакім ходам траянскага каня прарвацца ў Крэмль і вярнуць ужо ўсю Расію і народы, якія вырваліся з пад яе бота, у колішні эсэсэсэраўскі стан пад тым жа інтэрнацыяналісцкім сцягам [не было ў СССРы інтэрнацыяналізму (можа, трохі ў пачатку 1920-х), а былі этнацыд, каспалітызацыя, русіфікацыя, імперыялізацыя!!! – Рэд.] і з калюча-дротавай «границей на замке».

Трэба ўсётакі палітыкам нашым памятаць, што ўсе мы людзі і адрозніваемся ад іншых жывёл-гамінідаў, як не без едкай іроніі пісаў некалі заолаг Дэсманд Морыс, не толькі адноснай велічынёй сваіх геніталій, але і памерамі і якасцямі свайго менавіта мозгу. Дзякуючы чаму мы і павінны кіравацца ў сваім жыцці не толькі інстынктам, няхай сабе і асноўным, як у вядомым амэрыканскім кінафільме, але і розумам. І розумам менавіта дыялектычным тыпу «і – і», а не фармальна-лагічным тыпу «або – або», які па сваёй прымітыўнасці блізкі да розуму жывёл, і спаўзаць да класавага мордабою. Мы ўвесь час павінны памятаць, што і мы, і наша культура ўзніклі ў вельмі складаны перыяд гісторыі нашай планеты і гэтая складанасць не магла не адбіцца і на нашай агульнай прыродзе, выклікаўшы пэўную няўстойлівасць ва ўзаемаадносінах нашых сацыяльнага і жывёльнага (не будзем крывадушна замоўчваць гэтае слова!) бакоў, нашых душы і цела. А тое ў сваю чаргу адлюстравалася і ў гісторыі нашай культуры, надаўшы ёй гэтак жа няўстойлівы хвалепадобны, сінусаідальны характар.

Культура, як мы ўжо ведаем, таксама перажывае пэўныя эпохі, ці цыклы, як іх называюць культуролагі, а кожны цыкл з яго фазамі сацыякультурнага пад’ёму і заняпаду грамадства якраз і ўяўляе сабой фазы барацьбы ідэалу за яго рэалізацыю.

Каб застрахавацца ў сённяшніх складаных умовах ад пачынаючага распаўсюджвацца сярод праціўнікаў ідэалу агульначалавечага песімізму з апакаліпсісам і канцом свету (у сувязі з вельмі магчымым новым наступленнем пагражальных для ўсяго чалавецтва змен у клімаце, што могуць выклікаць, не дай Бог, і чарговае пятае абледзяненне, выкліканае ўва многім, дарэчы, і самімі людзьмі, не разумеючымі аж дагэтуль энтрапійнага характару так выхвалянага імі тэхнічнага прагрэсу), каб застрахавацца ад гэтага, нам трэба ўспомніць нашу ўласную протагісторыю. Успомніць тое, што мы, людзі, ужо сустракаліся з аналагічнай небяспекай у перыяд чацвярцічнага абледзянення і не толькі не загінулі, але і захаваліся дзякуючы менавіта пераходу з жывёльнага тыпу існавання на людскі. А, значыць, пераходу і на жыццё з ідэаламі, бо ідэалы не толькі зберагаюць чалавечы характар нашага жыцця ў крызісныя гістарычныя эпохі, але і забяспечваюць нармальнае існаванне.

Нам тым болей патрэбны сёння ідэалы на беларускай зямлі. А яны могуць матэрыялізавацца толькі ў незалежнай беларускай нацыянальнай дзяржаве, пры ўтварэнні гарманічнага адзінства і народнай душы і народнага цела, і духоўнай культуры народа і яго культуры матэрыяльнай, і яго свядомасці і яго мовы, і яго грамадскага і яго асабістага і г.д. і да т.п. Карацей кажучы, ў тым, што аб’ядноўвае ў сабе агульналюдскае і індывідуальнае і што яшчэ з эпохі Еўрапейскага Адраджэння якраз і называецца нацыяй, што з тых жа класічных часоў замацоўвалася паняццямі незалежнасці і дзяржаўнага суверэнітэту і ўвасаблялася акурат у словах, якія сёння адэкватны нашым словам «беларуская ідэя».

Як можна меркаваць, вось такімі ў прынцыпе бачыліся некалі нашаму слаўнаму земляку Ігнату Канчэўскаму і бачацца сёння нам ідэалы, якія ён называў праменнымі і якія ўяўляюцца нам вельмі патрэбнымі асабліва цяпер, бо менавіта яны, быццам сонечныя праменні, асвецяць нам шлях у будучыню.

І тады, словамі нашых папярэднікаў і паплечнікаў па ажыццяўленні беларускай ідэі: загляне сонца і ў наша ваконца!

3 каментарыя

  1. Я лічу, калі чалавек дасягне гармоніі паміж духоўным і матэрыяльным, то ён і будзе мець адчуванне шчасця. Сапраўды, калі чалавек не надае пэўнай увагі матэрыальнаму боку, то гэта можа прывясці да знікнення жыцця. Але гэтае ж адбываецца і тады, калі чалавек не надае увагі і духоўнаму. Гэта толькі думаецца, што духоўнае неістотнае. Дакладна духоўнае і з’яўляецца тым энэргетычным палівам для чалавека, якое і робіць чалавека шчаслівым, здаровым фізічна і доўгажыхаром. Не матэрыяльнае, а духоўнае. Калі чалавек не атрымлівае дастаткова ежы, ён галадае і худзее, але калі чалавек зноў пачынае атрымліваць дастаткова ежы, ён папраўляецца і праз нейкі час забывае пра сваё захворванне. Калі ж чалавек не даатрымлівае духоўнага, то у яго пачынае змяняцца псіхіка ці абмен рэчываў, што потым практычна немагчыма вярнуць на сваё месца. Нашы продкі вельмі даўно зразумелі пагубнасць бездухоўнасці, таму магчыма і кідалі ў рытуальнае вогнішча грэшнікаў і гэтым самым ашышчалі зямлю ад заразы. Сёння зараза бездухоўнасці чалавецтву пагражае больш, чым СНІД. Але на любой заразе можна зарабляць грошы. Таму з ёй і не змагаюцца? І тым не менш тыя, хто на гэтым зарабляе грошы, самі ж і хварэюць на гэтую хваробу. Інакш бы даўно спыніліся. Гэта і ёсць сістэма самазнішчэння. Людзі не заўважылі, як яе стварылі, а цяпер не ведаюць, што рабіць з ракам, СНІДам і пацяпленнем. Выглядае, нібы нейкая ерунда: бездухоўнасць прывяла да раку, СНІДу і пацяпленню і вядзе да самазнішчэння. І тым не менш – гэта так і ёсць. Проста людзі не бачаць гэта розумам, бо розум блакіраваны, як бы нейкім наркатычным сродкам. У Бібліі гэта сказана дакладна, што калі не будзеце выконваць мае запаветы, то будзеце “не зрячыми”. Вось людзі і сталі “не зрячыми”. Вы у мяне запытаеце, а што нам рабіць? Я ужо пісала не адзін раз і пішу пастаянна – не сядзіце і не чакайце, калі паменяецца ўлада. Улада можа памяняцца, але толькі на такіх жа, а можа і горшых. Не сёння, заўтра мы апынімся ў яшчэ горшым рабстве, а іншага нам проста не свеціць, бо няма ніякіх, нават мізэрных падставаў, атрымаць больш шляхетную уладу, якая б стаяла на абароне інтарэсаў народу. І блізка няма такога лідэра і такой партыі. Калі б я тут казала лухту, то мы б былі ужо усе ў адной партыі, у адным руху, з адным цэнтрам. А так у нас адзін чалавек і тры партыі. Сапраўдная гармонія ляжыць ў адной кропцы (гэта і ёсць ідэал), толькі ў адной, а нашы розныя погляды даказваюць толькі тое, што мы сваім розумам не дайшлі да кропкі гармоніі. Гэта і ёсць хаас. Дык стварайце унутры сябе і вакол сябе гармонію. Гэтая гармонія безумоўна патрэбна усяму свету, усяму чалавецтву, але у першую чаргу, яна патрэбна асабіста самому творцу гэтай гармоніі. Бо гэта ваша здароў’е, працягласць жыцця, якасць жыцця. Жадаеце сабе дабра – будзеце рабіць, не жадаеце – воля ваша. Тады не плачце, калі прыйдзе бяда. Проста сама прырода такім чынам пазбаўляецца ад брыдоты, а можа – і сам Бог.

  2. Дарафей кажа:

    Чамусці прыходзіць да успаміну раздзел, з яшчэ савецкага падручніка па гісторыі, ў якім вялася гаворка пра планы фашыстаў у дачыненні да той часткі акупаванага савецкага насельніцтва, якая павінна была застацца для прымітыўнай цяжкай працы. Калі не блытаю, належылі яны Гебельсу. Згодна з якімі вывучанне ў школах павінна было весціся на акупацыйнай мове, а ў самой школе выкладалі толькі асновы прымітыўнай фізічнай працы. Кожны дзень з рэпрадуктараў павінна была гучаць папулярная музыка (якая была павінна падмяніць сабой увесь свет культуры). А зараз правядзем аналогіі. Мова выкладання у большасці нашых школ руская, беларуская зведзена да стану замежнай. Уключыце тэлівізар: расійскія ды мексіканскія серыялы, тупыя альбо пахабныя тэлешоў (зробленыя ў РФ альбо іх перадраныя месныя клоны) і шмат дрэннай мясцовай і замежннай папсы.( Я не ханжа і не за знішчэнне расійскага і “развлекательного телевиденья”, але пры адной умове- калі я маю права выбару, у якім мне адмаўляюць). Вывад просты: ўсё гэта робіцца з адной мэтай, каб знішчыць культурны і духоўны свет чалавека і адпаведна зламаць яго волю да барацьбы. Час змяніўся ,а метады засталіся з часоў старажытнага Рыму: даць плебсу трошкі хлебу і відовішч, каб ён не бунтаваў, і эксплуатуй яго як жадаеш. Народ без уласнай мовы і культуры- гэта ўжо не народ, гэта этнічны матэр’ял, аб’ект імперскіх пасягненняў суседзяў, альбо добрае быдла для мясцовых ці замежных паразітаў.

  3. Сейбіт кажа:

    Гэтая праца сучаснага беларускага філёзафа сп. М. Крукоўскага можа паспрыяць сістэматызацыі сьветагляду чалавека, пашырэньню поля аналізу і пошуку рашэньняў сучасных праблем у Беларусі. І можа быць пакладзена ў аснову адной з асьветніцкіх праграм.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы