nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Няўлоўныя вытокі індаеўрапейцаў

красавік 15, 2009 | Няма каментараў

Джон Дэй (узята з http://kryuja.org/artykuly/druvis/dej_indajeurapiejcy.html; пераклаў з ангельскай мовы Аляксей Дзермант паводле: Day J. V. In Quest of Our Linguistic Ancestors. The Elusive Origins of the Indo-Europeans // The Occidental Quarterly. 2002. Т. II. № 3)

d086d0bdd0b4d0b0d0b5d19ed180d0b0d0bfd0b5d0b9d186d18b-d09cd0b0d0bfd0b0

 


 

Па прапанове аднаго з нашых чытачоў мы зьвярнулі ўвагу на сайт http://kryuja.org. Па шэрагу прыкмет асноўны кірунак працы рэдакцыі гэтага сайта сапраўды ёсьць вельмі важным. Тут выстаўляецца навуковая інфармацыя пра гісторыю нашага народу шматтысячагадовай даўніны. З мэтай паспрыяць таму, каб чытачы нашага сайта пазнаёміліся з kryuja.org, мы вырашылі выставіць тры артыкулы з гэтага сайта, якія падаліся нам цікавымі (усе тры артыкулы некалькі скарочаны).

Рэдакцыя.


Кажуць, што протаіндаеўрапейцы былі жывёлагадоўцамі, якія змянілі свет. Але сёння бальшыня нават добра адукаваных людзей на Захадзе ніколі не чула пра іх. Яны, мабыць, распавядуць вам, што арыйцы, вядомыя пад іншым імем як протаіндаеўрапейцы, маюць пэўнае дачыненне да Адольфа Гітлера, але гэтай інфармацыяй іх веда і абмяжоўваецца. Гэткае пашыранае невуцтва сярод заходняга жыхарства ёсць прычынай вялікай ганьбы, якой варта было спадзявацца. Педагогі ў школах ды ўніверсітэтах дзесяцігоддзямі грэбавалі протаіндаеўрапейцамі. Хоць у апошнія гады колькі навукоўцаў напісалі асноўныя кнігі пра іх, чытачы рэдка калі сустрэнуць гэтыя працы ў кнігарнях. Той, хто не чытае, зусім не мае шанцу што-колечы даведацца аб протаіндаеўрапейцах. Выходзіць гэтак, што ані тэлевізійныя кампаніі, ані Галівуд не зрабілі ніводнай дакументальнай або мастацкай стужкі на гэтую тэму. Аднак, тым не менш, як паказвае гісторыя, гэныя протаіндаеўрапейцы былі, мабыць, найбольш важным народам, які калі-колечы існаваў.

Не маючы на ўвазе «Калясніцы багоў» Эрыха фон Дэнікена (Erich von Däniken) або якой іншай фантастычнай ідэі, прыдуманай вар’ятам або тым, хто хоча прадаваць горы кніг дзеля хуткага прыбытку, мусім, між тым, канстатаваць, што цягам гадоў толькі адна або дзве ўведзеныя ў зман асобы намагаліся змяшчаць протаіндаеўрапейцаў у гэткіх неверагодных мясцінах як Тыбет, Сахара, Антарктыка ды ў космасе. Праўдзівая гісторыя протаіндаеўрапейцаў складалася з карпатлівай працы выбітных лінгвістаў, міфолагаў, археолагаў і антраполагаў цягам больш як дзвюх соцень апошніх гадоў.

Навука шмат ведае аб протаіндаеўрапейцах, і, тым не менш, яны ўсё яшчэ застаюцца найбольш загадкавым народам. Па-першае, ніхто дакладна не можа адказаць, дзе яны жылі, або нават калі дакладна яны жылі, хоць гэта мелася быць прынамсі пяць або чатыры тысячы гадоў таму. Ніхто не ведае, як яны сябе называлі або як іх называлі суседзі. «Протаіндаеўрапейцы» — гэта наш сучасны тэрмін. Ніхто з пісьменных суседзяў протаіндаеўрапейцаў не пакінуў нататак пра тое, як яны выглядалі або якія практыкавалі звычаі. Мы не маем таксама ніводнага дакументу, нават аднаго слова, запісанага самымі протаіндаеўрапейцамі. Бадай яны і не мелі пісьмовасці.

Мова протаіндаеўрапейцаў

Між тым, даследнікі пазнавалі протаіндаеўрапейцаў збольшага праз іхную размоўную мову. Гэтая мова, магчыма, не была занатаваная, але дзеля таго, што протаіндаеўрапейцы пашырыліся далёка яшчэ ў антычнасці ды страцілі міжсобку кантакт, іхная пачатковая мова разгалінавался на даччыныя мовы, лінгвісты ж могуць рэканструяваць ладную частку протаіндаеўрапейскай з гэных даччыных моваў, што «былі захаваныя» ў тэкстах.

Параўнайма, да прыкладу, колькі словаў на даччыных мовах, якія азначалі маці. Слова «маці» па-грэцку было meter, лацінаю mater, а на санскрыце — мове, якою гутарылі ў паўночнай Індыі звыш трох тысячаў гадоў таму, яно гучыць як matar. Усе гэтыя словы перагукаюцца між сабою нагэтулькі добра, што лінгвісты могуць рэканструяваць з іх пачатковую протаіндаеўрапейскую форму mater (сучаснае ангельскае mother паходзіць у гэтым выпадку з протаіндаеўрапейскай зусім іншым шляхам — з яе германскага адгалінавання на поўначы даўняй Еўропы). Гэткім жа чынам лінгвісты могуць параўнаць грэцкае nephos, лацінскае nebula ды санскрыцкае nabhas — словы, якія азначаюць імглу, туман або хмару, каб атрымаць протаіндаеўрапейскую форму для хмары.

Гэтыя словы паказваюць адно на тое, што протаіндаеўрапейцы мелі сваіх матак ды ведалі, што такое туманнае надвор’е. Аднак лінгвісты рушылі нашмат далей. Сярод соцень протаіндаеўрапейскіх словаў ёсць лічэбнікі ад аднаго да дзесяці; назовы іншых чальцоў сям’і: бацькі, брата і сястры; частак цела: вока, вуха, носу ды вуснаў; гэткіх дрэваў як ясень, бяроза, хвоя, вярба ды гэткіх свойскіх жывёлаў як карова, авечка, казёл ды свіння. Протаіндаеўрапейскі слоўнік быў, як кажуць лінгвісты, нагэтулькі дакладны, што ў ім нават розніліся словы для гучных ды нягучных парываў ветру.

Больш за тое, часткі протаіндаеўрапейскай граматыкі, што захаваліся ў даччыных мовах, застаюцца блізкімі адна да адной. Вучні, якія штудыююць лаціну, часта пачынаюць з вывучэння amo, amas, amat — ‘я кахаю, ты кахаеш, ён кахае’. Канчаткі гэтага дзеяслова на –o, –as і –at знаходзяць паралелі ў іншых мовах, параўн. канчаткі дзеяслова ў сучаснай нямецкай: -e, -st і –t.

Лінгвісты ўжываюць гэткі кампаратыўны метад для вызначэння таго, як протаіндаеўрапейцы класіфікавалі назоўнікі паводле роду (мужчынскі, жаночы або ніякі), ліку (адзіночны, множны або дуальны (для дзвюх рэчаў нейкага віду)). Апроч таго, кожны назоўнік у залежнасці ад яго прызначэння ў сказе меў восем склонаў са сваім адмысловым канчаткам. Такім чынам, адкрываючы вусны, каб вымавіць колькі словаў, кожны протаіндаеўрапеец уяўяляў, што для гэткіх назоўнікаў як маці або хмара ён меў выбар з сямідзесяці двух магчымых канчаткаў. Протаіндаеўрапейцы, можа, і не мелі пісьмовасці, вынайдзенай, між тым, іхнымі сучаснікамі ў грамадствах з высокацэнтралізаванай эканомікай у Егіпце і Месапатаміі дзеля разліку тавараў і рэгістрацыі падаткаў, але яны відавочна не пакутавалі праз нізкі інтэлектавы ровень.

Даччыныя мовы протаіндаеўрапейскай могуць быць згуртаваныя, да прыкладу, у наступныя галіны: кельцкую, грэцкую, германскую ды г. д. Такім чынам, у сучасным свеце, скажам, ангельская, галандская і нямецкая мовы належаць да германскай галіны. Са старавечных пісьмовых тэкстаў мы ведаем, што індаеўрапейскія мовы, у якія развілася пачатковая протаіндаеўрапейская мова, ахапілі за тысячы гадоў бальшыню Еўропы і Азіі.

Цягам гэтага перыяду па-кельцку гутарылі на вялікім абшары ад Сярэдняй Еўропы да Іберыі. Звернемся да лінгвістычнай карты Еўропы і Азіі I тыс. да н. э. — перыяду, калі з’яўляюцца некаторыя найранейшыя такія-сякія сведчанні аб лакалізацыі ранніх індаеўрапейскіх гаворак. У Паўночнай Еўропе, з захаду на ўсход, былі пашыраныя германская і балцка-славянская галіны, тады як г. зв. «іранскаю» гутарылі насельнікі стэпаў, перад тым як рушыць у сам Іран. У Італіі існавала італійская сям’я, з якой найбольш вядомая лаціна, а далей на ўсходзе даўняй Еўропы былі фракійская, ілірыйская, грэцкая і албанскія сем’і. У раннегістарычныя часы армянская сям’я размяшчалася на далёкім паўднёвым захадзе Азіі, а індыйская — на поўдні цэнтральнай Азіі. Мовы, якія паходзяць з гэтых індаеўрапейскіх сем’яў, існуюць у Еўропе ды Азіі і сёння. Але некаторыя іншыя галіны зніклі, як анаталійская ды фрыгійская ў Анатоліі (дагістарычны назоў Турцыі) і тахарская на паўночным захадзе Кітаю.

Як зацямлялася вышэй, гэты падрабязны агляд індаеўрапейскіх гаворак датуецца прыблізна I тыс. да н. э. Любая з такіх картаў можа мець адно прыкладнае датаванне, дзеля таго, што з розных прычынаў моўныя абшары з часам мяняліся. Да прыкладу, кельцкая мова была пашыраная на большай частцы Заходняй Еўропы, але сёння яна абмежаваная Брэтанню ды ўскраінай Брытаніі і Ірландыі. Між тым, гэта зусім не значыць, што кельты былі выціснутыя на заходні край Еўропы рымлянамі, якія захапілі кантынентальную Еўропу, ды англа-саксамі, што ўварваліся ў Англію. Найверагодней, што даўнія кельцкамоўныя насельнікі ды іхныя нашчадкі засталіся на сваёй зямлі, змяніўшы проста праз пэўны час сваю мову. Калі ў тутэйшых насельнікаў з’яўляюцца новыя кіраўнікі, якія гутараць чужою моваю, першыя маюць быць зацікаўленыя ў яе вывучэнні.

Раса і індаеўрапейскія мовы

Зацемім між усяго, што ідэі пра масавыя міграцыі, звычайныя для дагістарычных часоў, ажывіліся ў віктарыянскую эпоху, калі еўрапейцы масавым чынам мігравалі ў Амерыку ды свае каланіяльныя ўладанні. Аднак дагістарычныя людзі не мелі стрэльбаў, чыгунак або параходаў і таму ім было б значна цяжэй як еўрапейскім каланістам ХIХ ст. міграваць ды заваёўваць тубыльцаў.

Антраполагі зрэдчас знаходзяць сляды дагістарычных масавых міграцыяў, бо касцявыя матэрыялы звычайна сведчаць пра біялагічную пераемнасць. Гэтаксама еўрапейская генетычная фактура збольшага сягае часоў ледавіковага перыяду.

Адкрыццё таго, што на даўніх і сучасных індаеўрапейскіх мовах гутарылі на значнай плошчы, стала вялікім узрушэннем для адукаваных людзей ХIХ ст. Яны былі ўражаныя тым, што ўсе гэтыя мовы паходзяць ад аднаго продка. Вялікі французскі лінгвіст Антуан Мэе (Antoine Meillet) параўнаў значнасць адкрыцця індаеўрапейцаў з Калумбавым выяўленнем Новага свету.

А. Мэе меў рацыю. Дзеля таго, што навукоўцы могуць рэканструяваць значную частку мовы протаіндаеўрапейцаў ды гэткімі ж кампаратыўнымі метадамі іхныя звычаі і міфалогію, мы — сучасныя людзі — можам крыху даведацца пра дагістарычную ментальнасць. Не абмяжоўваючыся гэткімі сумнымі археалагічнымі знаходкамі як каменныя прылады ды апаленае зерне, мы можам пранікнуць у розум далёкіх індаеўрапейцаў ды зразумець іхны светагляд.

Шмат хто гэтаксама знаходзіць нешта інтрыгоўнае ў думцы пра тое, што адна досыць маленькая дагістарычная папуляцыя і яе нашчадкі неяк здолела пашырыцца на бальшыню тэрыторыі Еўропы ды вялікі прастор Азіі, сеючы дарогаю собскую мову ды культуру. Між іншым, нашчадкі протаіндаеўрапейцаў пакінулі шмат у мове ды культуры цывілізацыяў даўняй Індыі, Ірану, Грэцыі, Рыму, кельцкай ды германскай Еўропы.

Не дзіўна, што протаіндаеўрапейцамі захапляліся гэткія раннія расавыя гісторыкі як граф дэ Габіно (de Gobineau) і Мэдысан Грант (Madison Grant) ды, вядома, арыйцы былі таксама ўлюбёным народам Адольфа Гітлера. Гэты энтузіязм, паводле якога протаіндаеўрапейцы ўважаліся за продкаў белай расы ды стваральнікаў еўрапейскай культуры, стаў прычынай сучаснага табу супраць надта шчыльнага атаесамлення насельнікаў Захаду са сваймі расавымі вытокамі.

Расавыя карані протаіндаеўрапейцаў, гэтак жа як і сувязь расы ды роўню інтэлекту, або расы і злачынства, — «гарачая» тэма. Возьмем справу прафесара Вольфрама Нагеля (Wolfram Nagel) з Берлінскага ўніверсітэту, які ў 1987 г. сцвердзіў у часопісе Нямецкага ўсходняга таварыства, што протаіндаеўрапейцы мусілі былі быць паводле расавай характарыстыкі паўночнымі еўрапеоідамі. І хоць В. Нагель дасягнуў вяршыні сваёй прафесіі, прыведзеныя ім абгрунтаваныя аргументы, заснаваныя на старавечных тэкстах ды творах мастацтва, гэтак напалохалі навуковую грамадскасць, што яна прымусіла звольніць рэдактароў часопісу ды абмяркоўвала, ці не выгнаць прафесара (зрэшты, у гэтым разе навукоўцу дазволілі застацца). Гэты выпадак засяроджвае ўвагу на тым таталітарным клімаце, у якім працуюць інтэлектуалы ў «дэмакратычнай» Нямеччыне [! – Рэд.].

Падобна да гэтага і ў Францыі два інтэлектуалы, у чыіх кнігах ды артыкулах протаіндаеўрапейцы апісваюцца ў расавым сэнсе як паўночныя еўрапеоіды — Ален дэ Бенуа (галоўная постаць французскіх «новых правых») ды прафесар Жан Адры — былі шаблонна зняслаўленыя як нацысты. Жыхары заходніх краін жывуць у дзіўным свеце, дзе абмеркаванне паходжання іх народаў ды культур можа прывесці да вялікіх праблемаў [!!! – Рэд.].

Пошукі прарадзімы індаеўрапейцаў

Як гаварылася вышэй, лакалізацыя прарадзімы протаіндаеўрапейцаў доўгі час была прадметам спекуляцыяў. Яе пошук можна пачаць з высвятлення таго, ці прапануе рэканструяваная протаіндаеўрапейская мова якія-небудзь ключы да таго, дзе і калі магчыма жылі тыя, хто ёю гаварыў. Протаіндаеўрапейцы мелі словы для азначэння коней, свойскай жывёлы, вазоў ды керамікі, з чаго вынікае, што гэныя людзі мусілі былі жыць у неалітычны час ці нават раней, што дае нам агульныя часавыя межы перыяду археалагічных культур ды касцявога матэрыялу для вывучэння спецыялістамі. Да таго ж найранейшыя словы адной з протаіндаеўрапейскіх даччыных моваў — хецкай у Анатоліі — з’явіліся каля 1900 г. да н. э., і таму самі індаеўрапейцы мусілі існаваць прынамсі стагоддзямі раней, да развіцця супольнай мовы ў хецкую, то бок, мабыць, каля 2500 г. да н. э.

Такім чынам, протаіндаеўрапейцы не могуць быць прыблізна вызначаныя ў часе, аднак адмыслоўцы намагаюцца лакалізаваць іх геаграфічна. Гадамі навукоўцы, а таксама проста дзівакі прапаноўвалі дзясяткі нібыта развязанняў праблемы індаеўрапейскай прарадзімы. Шмат, здавалася б, арыгінальных прапановаў, угрунтаваных усяго на адным рэканструяваным протаіндаеўрапейскім слове, гэткім як бук або ласось, праз якія вызначалася, дзе гэтыя з’явы былі пашыраныя ў дагістарычныя часы дзеля абмежавання прарадзімы, пакуль гэтак і не пацвердзіліся. Усе гэтыя гіпотэзы аказваюцца надта няпэўнымі (адзін ісландскі лінгвіст прапанаваў асабліва дзіўную ідэю, цвердзячы, што рэзкае гучанне некаторых протаіндаеўрапейскіх словаў імітуе марскіх птушак, што жывуць на ўзбярэжжы Балтыкі).

Вярнуўшыся да сур’язнейшых праблемаў, зацемім, што некалі даўнія людзі, пакінуўшы займацца паляваннем ды збіральніцтвам, якія вымагалі блукання праз вялізарныя тэрыторыі, пераймаючы неалітычныя тэхналогіі, улучна з землеапрацоўкай ды жыццём у вясковых паселішчах, станавіліся больш-менш укарэненымі ў зямлю, а іхныя папуляцыі станавіліся адносна ізаляванымі адна ад адной, праз што з часам таксама ізаляванымі станавіліся і іхныя мовы, назапашваючы ўсё больш і больш адрозненняў між сабою. Мяркуючы паводле тых частак свету, дзе нават цяпер захоўваецца неалітычны лад жыцця, пачатковая прарадзіма індаеўрапейцаў прыкладна была роўная памерам, скажам, тэрыторыі Польшчы.

У выяўленні вытокаў протаіндаеўрапейцаў антрапалогія прапануе тры асноўныя сведчанні на тэрыторыі Еўропы і Азіі. Першае — генетычныя матэрыялы, хоць збольшага нашыя звесткі паходзяць з сучасных папуляцыяў. Другое — гайма інфармацыі старавечных часоў пра фізічныя тыпы ды, што найбольш істотна, пра пігментацыю валасоў і вачэй, пра што мы ведаем з тэкстаў, мастацкіх твораў ды муміфікаваных парэшткаў. І, нарэшце, захоўваюцца даўнія косці. На сённяшні момант антраполагі не могуць адразу выявіць, ці этнас якой-кольвек археалагічнай культуры, з якім атаесамляюцца касцявыя парэшткі, гутарыў па-протаіндаеўрапейску. Усё, што мы можам зрабіць з касцявым матэрыялам, — гэта вызначыць выпадкі перамяшчэнняў насельніцтва ды затым вырашыць, ці адпавядаюць якія-колечы з гэных рухаў пэўнаму перыяду індаеўрапейскай экспансіі ды пэўнай тэрыторыі, на якую індаеўрапейцы пранікалі. Гэтак і з сучасным генетычным матэрыялам — мы можам выкарыстоўваць яго толькі для прасторавай лакалізацыі перамяшчэнняў даўняга насельніцтва, якія, магчыма, суадносяцца з індаеўрапейскай экспансіяй.

Даўнія тэксты і творы мастацтва, якія фіксуюць чалавечую пігментацыю, прапануюць іншы кшталт сведчанняў. Дарэчы, гэтыя тэксты і творы дайшлі з гістарычных грамадстваў, або ім прысвечаныя, якія пэўна былі індаеўрапейскамоўныя, і таму некаторыя, калі не ўсе, або шмат хто з людзей у тых грамадствах паходзіў, як я спадзяюся паказаць ніжэй, з протаіндаеўрапейцаў.

Пачнем з генетычных сведчанняў. Мабыць, гэткі артыкул, напісаны ў 2020 г., будзе нарэшце абмяркоўваць сведчанне даўняга ДНК. ДНК з чалавечых зубоў ды касцей зробіць рэвалюцыю ў вывучэнні дагістарычных часоў, раскажа нам пра род асобных даўніх людзей, іх сямейныя дачыненні, іх біялагічнае сваяцтва ды радавод. Генетыкі змогуць аднойчы намаляваць родавае дрэва ўсіх папуляцыяў Еўропы і Азіі. І калі генетыкі лакалізуюць у прасторы гены, адказныя за колер валасоў і вачэй, мы зможам ствараць гіпотэзы пра імаверную пігментацыю дагістарычных чалавечых папуляцыяў. Мы гэтаксама выкарыстаем ДНК даўніх свойскіх раслінных культураў ды жывёлаў дзеля вытлумачэння таго, як раней пашырылася земляробства.

Тым не менш, на гэты момант ДНК адкрыла толькі тое, што сучасныя людзі не паходзяць, як колісь меркаваў Карлтан Кун (Carleton Coon), ад неандэртальцаў. Аднак што да індаеўрапейцаў, вывучэнне ДНК старавечных часоў не кажа нам амаль нічога.

Многія адмыслоўцы ў даўняй гісторыі выкарыстоўвалі сучасныя генетычныя матэрыялы дзеля вызначэння, скуль прыйшлі індаеўрапейцы ды як яны пашыраліся, але бальшыня гэтых гіпотэзаў сталі ў тупік. Да прыкладу, у шмат якіх аналізах былі спробы знайсці адпаведнасць між сучаснымі генетычнымі ды сучаснымі або даўнімі лінгвістычнымі межамі, цвердзячы, што суседзі, якія гутарылі на розных мовах, рэдка бралі шлюб між сабою і таму праз пэўны час папуляцыі генетычна разышліся. Аднак папуляцыі, падзеленыя генетычна ды лінгвістычна, часта аддзеленыя гэткімі фізічнымі межамі як горы ды моры, і таму гэты чыннік няўхільна заблытвае справу.

Вельмі сцісла закранем колькі найважнейшых адкрыццяў у генетычных даследаваннях. Найперш высвятляецца, што ў генетычным сэнсе сучасная Еўропа вельмі гамагенная, а Еўропа паўночная — нават яшчэ больш. Генетычныя адлегласці між паўночнаеўрапейскімі папуляцыямі звычайна маленькія, да прыкладу, між ангельцамі і немцамі, ангельцамі і французамі, ангельцамі і ірландцамі. У адрозненне ад гэтага, многія генетычныя адлегласці ў Паўночнай і Усходняй Еўропе, гэткія як між грэкамі і вугорцамі ды грэкамі і югаславамі, нашмат вышэйшыя.

Генетычна грэцкае і югаслаўскае жыхарства знаходзіцца сярод найменш тыпова «еўрапейскага». Значнасць гэтага факту супярэчыць гіпотэзе Коліна Рэнфру (Colin Renfrew) пра тое, што каля 7000 г. да н. э. протаіндаеўрапейцы былі земляробамі ў Анатоліі і нібы земляробства паспрыяла павелічэнню колькасці іх насельніцтва, што і прымусіла індаеўрапейцаў ды іхных нашчадкаў пашырыцца ці не па ўсёй Еўропе цягам тысячагоддзяў, мяшаючыся дарогаю з еўрапейскімі тубыльцамі. Між тым, дзіўным выглядае, што грэкі аддзеленыя ад вугорцаў ды югаславаў досыць вялікімі генетычнымі адлегласцямі, калі анаталійскія земляробы папраўдзе пашырыліся на паўднёвым усходзе Еўропы enmasse. Можна было б чакаць, што гэткае маштабнае перасяленне насельніцтва гамагенізавала б генафонд у гэтым рэгіёне.

Спецыфічным відам ДНК ёсць мітахандрыяльная ДНК (мтДНК), што не мае дачынення да фармавання фізічных або персанальных асаблівасцяў. Як мужчыны, гэтак і жанчыны з’яўляюцца носьбітамі мтДНК, хоць перадаваць яе могуць толькі маткі, а калі яна спадкуецца, здараюцца выпадковыя мутацыі. У выніку, генетыкі могуць даследаваць радаводы [праз] мтДНК дзеля вызначэння таго, як яны развіваюцца ў новыя тыпы. Параўнанне генеалогіяў розных папуляцыяў дазваляе нам даведацца, дзе паўсталі розныя радаводы ды, калі мы даем ацэну ступені мутацыяў, калі яны з’явіліся.

Браян Сайкс (Bryan Sykes) ды іншыя аўтары класіфікаваў сучасныя еўрапейскія мтДНК у дзевяць вялікіх генеалагічных групаў. Б. Сайкс выяўляе, што восем з гэтых дзевяці групаў з’явіліся ў Еўропе ў верхнепалеалітычных часах, на працягу ледавіковай эпохі. Але адна генеалагічная група, якая паходзіць з Паўднёва-Усходняй Азіі, трапіла ў Еўропу недзе апошнімі дзесяццю тысячамі гадамі і сёння сустракаецца на значнай частцы Еўропы, ахопліваючы 17% сучасных еўрапейскіх радаводаў, хоць у іншым даследаванні гаворыцца, што больш верагодна — каля 10%. Гэтая генеалагічная група, як цвердзіць Б. Сайкс, прайшла дзвюма плынямі: адна агульная — уздоўж міжземнаморскага ўзбярэжжа Іспаніі, Партугаліі і адтуль да атлантычнага ўзбярэжжа Карнуэлу, Валіі ды Заходняй Шатландыі, а другая супольная для рачных далінаў Цэнтральнай Еўропы. Ён мяркуе, што гэтыя дзве плыні адлюстроўваюць даўняе рассяленне анаталійскіх земляробаў праз Еўропу ў паўночным і заходнім кірунках.

Што да праблемы індаеўрапейскай экспансіі, Сайксава выснова прыводзіць да пэўнага яе развязання. Яна тлумачыць, як індаеўрапейцы здолелі ў дагістарычныя часы прайсці амаль праз усю Еўропу ды частку Азіі. Аднак ягоная тэорыя не мае ніякага сэнсу ў дачыненні да протаіндаеўрапейцаў. Протаіндаеўрапейцы з’явіліся пазней. Да таго ж час ды пашырэнне плыні мтДНК уздоўж міжземнаморскага ды атлантычнага ўзбярэжжа — гэта, цалкам імаверна, водгулле іншай міграцыі — міграцыі, якая праз тысячы гадоў пазней прынесла мегалітычныя могільнікі на ўзбярэжжа Заходняй Еўропы.

Сайксава гіпотэза гэтаксама натыкаецца на цяжкасці і ў выпадку з касцявымі парэшткамі. Некалькі даследаванняў ранненеалітычнага касцявога матэрыялу выяўляюць насуперак гэтай гіпотэзе, што парэшткі з Балканаў насамрэч не падобныя да парэшткаў з Паўднёва-Заходняй Азіі. Такім чынам, ці былі гэтыя дзве папуляцыі звязаныя? У дадатак да гэтага мы не можам быць пэўныя ў тым, што ранненеалітычныя парэшткі з Цэнтральнай Еўропы адпавядаюць парэшткам з Балканаў. Таму, мяркуючы паводле касцявых парэшткаў, гэтае відавочнае няспыннае прасоўванне з Анатоліі праз Балканы да Паўночнай Еўропы ніяк не можа быць даведзена. Нават калі яно і адбылося, гэтае перасяленне насельніцтва магло быць і не звязана з экспансіяй індаеўрапейцаў.

Лінгвісты могуць імаверна рэканструяваць протаіндаеўрапейскія словы для называння рэчаў матэрыяльнай культуры, якія ўпершыню з’яўляюцца ў археалагічных помніках, як нам вядома, адно пачынаючы з IV тыс. да н. э. і пазней. Некаторыя з гэтых словаў — калёсы, вось, кола ды повад. Але калі протаіндаеўрапейцы ўсё яшчэ існавалі як задзіночаная папуляцыя, тады яны не маглі пачаць дзяліцца пры 7000 г. да н. э., калі колавы транспарт быў невядомы.

Моўная структура дэманструе нам гэткі ж прыклад. Архаічныя мовы, якія захоўваюць протаіндаеўрапейскія формы, часта знаходзяцца на ўскраіне індаеўрапейскага свету. Шмат адпаведнасцяў лучаць, да прыкладу, германскую ў Паўночнай Еўропе і тахарскую мову ў Цэнтральнай Азіі. Папраўдзе, індаеўрапейская галіна, якая змяшчае найвялікшы адсотак протаіндаеўрапейскіх словаў — каля 67% — гэта германская, затым ідзе грэцкая (60%) і балцкая (54%) [а куды падзеліся славяне? – Рэд.]. Зноўку, калі земляробам для міграцыі праз Еўропу з анаталійскай прарадзімы спатрэбіліся тысячы гадоў, можна было б чакаць, што германская і балцкая мовы мелі б адно некалькі супольных словаў, бо мігранты, вандруючы ўвесь час усё далей цягам тысячагоддзяў, беручы шлюбы з тутэйшымі, усё больш і больш страчвалі б свой пачатковы слоўнік.

Звернемся таксама да падабенстваў між індаеўрапейскімі міфалогіямі. Даследнікі рэлігіі ўважаюць, што трыма вялікімі крыніцамі протаіндаеўрапейскай міфалогіі ёсць Рым (згадайма Марса і Юпітэра, Ромула і Рэма), Скандынавія (згадайма Тора і Одзіна) і Індыя (згадайма бога-ваяра Індру ды бога агню Агні). Да таго ж, як і бальшыня архаічных моваў, гэтыя тры рэгіёны размяшчаюцца дакладна на ўскраіне індаеўрапейскага свету, падзеленыя тысячамі міляў. Калі б анаталійскія земляробы ды іхныя нашчадкі перасяліліся праз Еўропу і Азію, уявім, колькі элементаў протаіндаеўрапейскай міфалогіі згубілася б у часе, праз тысячагоддзі пасля выправы, каб яны ўрэшце апынуліся ў гэткіх аддаленых краях як Рым, Скандынавія і Індыя. Такім чынам, індаеўрапейскія перасяленцы ўжыццявілі, мабыць, досыць імклівую экспансію ў свае новыя землі, дзе яны асталяваліся.

Ключы продкаў ад антычнасці

Інфармацыя пра размеркаванне пігментацыі ў антычнасці дае вырашальнае сведчанне ў разуменні таго, скуль паходзяць протаіндаеўрапейцы і як яны пашырыліся ды з’яўляецца надта карыснай, каб застацца непрыкмечанай. Многія даследнікі вытокаў протаіндаеўрапейцаў вывучаюць генетычныя матэрыялы, а некаторыя нават разглядаюць касцявыя парэшткі. Але апошнімі гадамі зусім не многа хто кажа што-кольвек пра даўнія тэксты ды творы мастацтва, у якіх фіксуюцца сведчанні пра пігментацыю. Атаесамленне протаіндаеўрапейцаў са спецыфічнай пігментацыяй стала вялікім табу дзеля таго, што нацыянал-сацыялісты спрыялі развіццю дактрыны «бялявых арыйцаў», хоць гэтыя ідэі сягаюць вытокамі ажно 1820-х гг. Аднак мы мусім ігнараваць табу палітычнай карэктнасці.

Між тым, даўніх крыніцаў пра пігментацыю часта не стае. Яшчэ адна праблема ў тым, што найранейшыя карысныя тэксты, напісаныя ў мовах кожнай індаеўрапейскай галіны, надта розняцца ў часе. Найранейшы прыдатны тэкст пра пігментацыю з Індыі дайшоў з сярэдзіны II тыс. да н. э., тады як тэксты з Ірландыі і Скандынавіі былі створаныя дзвюма тысячамі гадамі пазней. Ідэальна было б, каб старавечныя людзі рабілі абследаванні, але іх проста не існуе. Апісанні гістарычных постацяў даюць прыблізнае ўяўленне пра папуляцыю, хоць нават грэкі класічнага перыяду фактычна ніколі не паведамлялі пра пігментацыю сваіх найвялікшых людзей. Таму антраполагі мусяць таксама вывучаць пігментацыю міфічных постацяў ды бостваў, маючы на ўвазе, што іхнае фізічнае аблічча адлюстроўвае рэльных людзей, якія захапляліся імі ды ўшаноўвалі.

Індаеўрапейскі свет ахоплівае гэтак шмат краёў і эпох, што мы абмяжуемся адно шасцю з плоймы рэгіёнаў, дзе індаеўрапейскамоўныя народы жылі ў антычнасці: Ірландыяй, Рымам, Грэцыяй, Іранам, Індыяй і Сіньдзянам (які раней быў вядомы як кітайскі Туркестан) у Паўночна-Заходнім Кітаі.

Дзеля сведчання таго, як апісвалі сябе кельты, мы маем звярнуцца да традыцыйнага грамадства раннесярэднявечнай Ірландыі. Адзін цудоўны прыклад з Ірландыі — гэта эпас «Táin Bó Cuailnge» («Выкраданне быка з Куальнге»), створаны, імаверна, недзе каля VII або VIII ст. н. э., які ляжыць у аснове ірландскай літаратуры. «Táin» ды іншыя ірландскія творы мае колькі каштоўных апісанняў міфалагічных герояў. У выяўленым у іх свеце харошыя жанчыны звычайна маюць светлыя валасы ды блакітныя вочы, а вялікія героі-ваяры, хоць і больш разнастайныя за жанчын, гэтаксама паўстаюць светлавалосымі, а маючы бароды — заўсёды светлабародымі. Больш за тое, у ранніх ірландскіх паданнях людзі, якія маюць цёмныя валасы, часта ўважаюцца за чужых, бо некаторыя агідныя асілкі ды мужчыны-рабы — цёмнавалосыя, а нават колькі важных цёмнавалосых герояў-ваяроў разглядаюцца як маргінальныя постаці.

У даўнім Рыме колькі каштоўных апісанняў фізічных рысаў занатавана ў біяграфіях першых рымскіх імператараў. Першыя дзевятнаццаць рымскіх імператараў, ад Цэзара да Камода ў канцы веку Антаніна ў 192 г. н. э., рэпрэзентуюць невялікі, але выключна карысны папуляцыйны прыклад. З гэных дзевятнаццаці імператараў чатыры не маюць апісанняў, а два апісаныя толькі як сівавалосыя. Тады як адзін, або, мабыць, два з тых, хто застаўся, мелі цёмныя валасы, пяцёра з апісаных — белыя або бялявыя. Тры імператары мелі цёмныя вочы, дзевяць — блакітныя або з шэрым адценнем, і пэўна пяць з першых сямі мелі блакітныя або крыху шэрыя вочы. Аўгуст і Нерон, да прыкладу, мелі бялявыя валасы ды блакітныя вочы, Цэзар меў цёмныя вочы, а Адрыян меў цёмныя валасы ды блакітныя вочы. Нягледзячы на тое, што сярод найвышэйшага класу рымлянаў была тэндэнцыя да светлай пігментацыі, колькасна над ім значна пераважалі рымскія масы, якія мелі пераважна цёмныя валасы ды вочы.

Два Гамеравы эпасы ў Грэцыі VIII ст. да н. э. — «Іліяда» ды «Адысея» — далучаюцца да ліку найранейшых у Еўропе тэкстаў, якія змяшчаюць карысную інфармацыю пра пігментацыю. Характарызуючы сваіх грэцкіх герояў-ваяроў, Гамер нічога не кажа пра выгляд Агамемнана, але выяўляе Ахіла, Мелеагра, Менелая ды Адысея светлавалосымі, што адпавядае іхнай маладосці. Аднак пэўна, што ў класічныя часы пераважная бальшыня грэкаў мела цёмныя валасы.

Карысныя звесткі пра рэальных, а не легендарных грэкаў належаць Палемону — другому найважнейшаму грэцкаму пісьменніку-фізіягнамісту, які жыў у II ст. н. э. Палемон тлумачыць, што «чыстыя грэкі» ягонага часу маюць белую скуру ды рудыя валасы і згадвае нейкага чалавека, схільнага да літаратуры і філасофіі, з белаю скураю ды светлымі валасамі. Палемон, мабыць, пазычыў гэтыя ідэі ад Псеўдаарыстотэля, найвыдатнейшага грэцкага фізіягнаміста, які ў сваёй «Фізіягноміцы», датаванай III ст. да н. э., цвердзіць, што найдасканальшы мужчынскі тып — леў са сваёй светлай грывай.

Светлыя індаеўрапейцы ад Каспію да Туркестану

Звяртаючыся да іранцаў, раней мы зацямлялі, што носьбіты г. зв. іранскай галіны індаеўрапейскіх моваў да свайго пранікнення ў паўднёвым кірунку ў Іран, дзе неіндаеўрапейцы эламіты мелі ўжо цывілізацыю, мусілі жыць у стэпавым рэгіёне. Грэцкія ды рымскія аўтары да і нашай эры цвердзілі, што іранскамоўныя народы на поўнач ад Чорнага мора і Каспію мелі светлыя або рудаватыя валасы ды блакітныя вочы. Адна крыніца, вартая адмысловага даверу, — гэта Аміян Марцэлін (Ammianus Marcellinus), дзеля таго, што ён, у адрозненне ад аўтараў, якія проста давяралі паведамленням іншых, наведаў чарнаморскі рэгіён ды апісаў аланаў з бялявымі валасамі.

З самога Ірану паходзіць фрыз стралкоў з паліваных плітак, створаны каля 500 г. да н. э., што прадстаўляе целаахоўнікаў Дарыя І (цяпер знаходзіцца ў парыжскім Луўры). Бальшыня з васямнаццаці або блізка да таго стралкоў на фрызе — са смугляваю скураю, цёмнымі валасамі ды вачыма, але некалькі маюць блакітныя вочы. Гэты фрыз стаяў спачатку на дварэ, што з цягам часу спрычынілася да пацямнення колеру скуры стралкоў. Ёсць, аднак, колькі фрагментаў цэглы, якія выяўляюць бляднейшую скуру, а дырэктар аддзелу ўсходняй даўніны Луўру Ані Кабэ (Annie Caubet) паведаміла мне ў лісце, што ружаватае адценне скуры мае выяўлены на фрызе сам Дары I.

Шмат якія падабенствы ў мове, гэтаксама як і ў міфалогіі ды культуры, што лучаць іранскую ды індыйскую галіны індаеўрапейцаў, сведчаць, што дзе ні знаходзілася б прарадзіма індаеўрапейцаў, протаіранцы ды протаіндыйцы мусілі б і тады быць суседзямі, падобнымі адны да адных фізічна. Адно з гэткіх сыходжанняў — тое, што індаеўрапейцы і ў Іране, і ў Індыі ўважаюць сябе за арыйцаў. Іранскі валадар Дары І называе сябе ў слынным наскальным надпісе «арыйцам па-над арыйцамі» ды самое слова Іран паходзіць ад тэрміну «арыйскі». Нашымі днямі ўсё больш лінгвістаў вяртаюцца да старога меркавання, што тэрмін «арыйскі» сустракаецца па ўсім індаеўрапейскім свеце, праяўляючыся, да прыкладу, у стараірландскім слове aire ‘высакародны, свабодны’, адкуль паходзіць і найменне Ірландыі — Eire. Відаць, для протаіндаеўрапейцаў слова арыец азначала роўнага або таварыша, або, магчыма, было этнічным тэрмінам.

Найранейшы вядомы індаеўрапейскі тэкст у Індыі — Рыгведа, датаваная канцом II тыс. да н.э. Толькі адзін бог у Рыгведзе мае нешта накшталт чалавечай пігментацыі, і гэта — вялікі бог-ваяр Індра. Характарам ды атрыбутамі Індра нагадвае германскага бога Тора, маючы нават светлыя валасы ды бараду, падобную да Торавай рудой барады. Па ўсёй Рыгведзе Індра часта дапамагае ваяўнічым арыйцам — індаеўрапейскім захопнікам Індыі — у змаганні супраць тубыльцаў дасу і дасья, якія малююцца цемнаскурымі. Насуперак гэтаму Рыгведа згадвае арыйцаў як белых, тых, хто мае «арыйскі колер».

Пазнейшыя індыйскія творы таксама выступаюць як карысныя крыніцы. Адна з гэткіх — вельмі доўгая Магабгасья, складзеная ў Паўночнай Індыі граматыстам Патанджалі ў II ст. да н.э. Патанджалі ў сваім творы, гледзячы вакол, ставіць філасофскае пытанне пра рэчы, якія маюць або не маюць характэрных прыкметаў дзеля ілюстрацыі таго, што мае відавочны сэнс для яго чытачоў. Ніхто, кажа Патанджалі, не зірне на цемнаскурага чалавека ды не ўявіць яго брагманам, то бок належным да найвышэйшай у Індыі касты. Заміж гэтага, працягвае ён, кожны ведае, што брагманы маюць светлую скуру ды валасы kapila-kesa, што перакладаецца як «карычневыя» або «рудавата-карычневыя».

Нарэшце, багата сведчанняў маем з Сіньдзяну на паўночным захадзе Кітаю [дзе жывуць і змагаюцца за свабоду ўйгуры. – Рэд.] — бацькаўшчыны народу, які гутарыў тахарскім дыялектам індаеўрапейскай мовы. Да жалю, старакітайскія крыніцы рэдка фіксуюць фізічнае аблічча замежнікаў. Праўда, у іх запісана, што юэчжы, якія, мабыць, былі тахарцамі пад іншым імем, маюць белую скуру, і што Вусунавы нашчадкі (зноўку, мабыць, тахарцы) мелі зялёныя (або блакітныя) вочы і рудыя бароды.

Адныя з найлепшых сведчанняў пра тахарцаў — мастацкія, з муроў у Сіньдзяне другой паловы I тыс. н. э. Адно з гэткіх сведчанняў — г. зв. пячора шаснаццаці мечнікаў у Кызыле. Пяць з шаснаццаці віцязяў маюць белыя валасы, а адзінаццаць — светла-рудыя валасы. Мар’ян Ялдыз (Marianne Yaldiz), дырэктарка Берлінскага музею індыйскага мастацтва, дзе сёння размешчаныя муры, у лісце расказала мне, што вочы на выявах нібыта шэра-зялёна-блакітныя. Нягледзячы на тое, што мужчыны апранутыя ў адзенне іранскага стылю ды стаяць ў тыпова іранскіх паставах, гісторыкі ў асноўным уважаюць іх за тахарцаў.

Тым не менш, усе з гэтых шаснаццаці фігураў стэрэатыпныя. Каб знайсці індывідуальныя партрэты, мы маем звярнуцца да іншых муроў у Сіньдзяне, якія знаходзяцца за тры сотні міляў далей на ўсход, у Безэкліку. На мурах у Безэкліку выяўленыя збольшага тыпова кітайскія твары, хоць усе гэтыя мангалоіды стэрэатыпныя. Меншыня ж еўрапеоідаў на мурах прадстаўленая індывідуальнымі партрэтамі, як у адной пячоры ў Безэкліку, дзе выяўленыя шэсць-сем будыйскіх манахаў, якія маюць еўрапеоідныя рысы. Гэтыя еўрапеоідныя манахі належаць, відаць, да апрычонай этнічнай групы — яны не падобныя да мангалоідаў, ува ўсіх іх паголеныя на макаўцы галовы ды ўсе яны апранутыя ў падобныя мантыі, што робіць іх амаль пэўна тахарцамі. Адзін ці два з гэных еўрапеоідных манахаў цёмнавалосыя ды з карычневымі вачыма, але бальшыня мае рудавата-карычневыя валасы ды блакітныя або зялёныя вочы.

Апошнімі гадамі археолагі, якія працуюць у Сіньдзяне ў басейне ракі Тарым, адкапалі больш за сотню еўрапеоідных муміяў, якія захавалі целы дзякуючы пустэльнаму клімату ды салёнай глебе. Некаторыя з муміяў трохтысячагадовай даўніны выглядаюць гэтак, нібы яны былі пахаваныя колькі дзён таму. Гэтыя еўрапеоідныя муміі маюць тыпова паўночнаеўрапейскія твары з выступаючым носам, не раскосыя вочы ды звычайна светлыя або светла-карычневыя валасы. Хоць вочы муміяў не захаваліся ад часу пахавання, мы ведаем, што два дзіцяці былі пахаваныя з каменьчыкамі заміж вачэй: адзін з зялёнымі, а другі з блакітнымі — гэтыя колеры, мабыць, выяўляюць іх радужныя абалонкі. Мяркуючы паводле лакалізацыі муміяў, гісторыкі прыходзяць да высновы, што прынамсі бальшыня з гэтых еўрапеоідаў — продкі тахарцаў.

Вытокі ў стэпах?

Ці кажа нам што-колечы гэты сціслы агляд пігментацыі ў даўніх Ірландыі, Рыме, Грэцыі, Іране, Індыі ды Сіньдзяне? Мяркуем, што відавочна кажа. Светлавалосыя ды светлавокія тыпы выяўляюцца па ўсім даўнім індаеўрапейскім свеце, нават у тых краях, у якіх сёння пераважае цёмная пігментацыя, гэткіх як Рым ды Індыя. Сляды гэтых паўночнаеўрапейскіх тыпаў сустракаюцца асабліва часта сярод ваяроў, якія ўваходзілі ў склад кіроўнага класу кожнага грамадства.

У Ірландыі была плойма светлавалосых герояў-ваяроў. Бальшыня раннягрэцкіх герояў гэтаксама мела светлыя валасы. Насамрэч і бальшыня першых рымскіх імператараў мела светлыя або святлявыя валасы ды вочы. Іранцы, якія жылі ў стэпах на поўнач ад Чорнага ды Каспійскага мораў, апісваліся замежнымі назіральнікамі як тыя, хто мае светлыя або святлявыя валасы. Індыйскія брагманы мелі белую скуру ды карычневыя або рудавата-карычневыя валасы, а індыйскі бог вайны Індра гэтаксама імаверна меў светлыя валасы. Нарэшце, муміі ды малюнкі з муроў Сіньдзяну паказваюць, што бальшыня тахарцаў мела светлыя або цёмна-русыя валасы ды блакітныя або зялёныя вочы.

Больш за тое, мабыць, індаеўрапейцы часта былі нязначнымі мяншынямі ў краях, куды яны пранікалі. Згадайма кельцкі ваярскі стан у Ірландыі, рымскіх патрыцыяў, колькі Гамеравых герояў ды г. зв. пазнейшых «чыстых грэкаў», арыйцаў, якія змагаліся са шматлікімі тубыльцамі ў Індыі. Зноўку ж, бальшыня тахарцаў ў Сіньдзяне мела, напэўна, светлую пігментацыю, як і бальшыня іранцаў, што жылі ў стэпах.

Шмат хто з гісторыкаў папраўдзе мяркуе, што прарадзіма індаеўрапейцаў ляжыць у стэпах, з чаго, калі гэта праўда, можа вытлумачыць, чаму стэпавікі-іранцы захавалі паўночна-еўрапеоідны фізічны тып протаіндаеўрапейцаў. Стэпавая прарадзіма, між усяго, была б добрым плацдармам для індаеўрапейскай экспансіі. Стэпавыя групы ў III тыс. да н. э. ды раней жылі з гадавання авечак ды буйнога рагатага быдла, а прынамсі к III тыс. да н. э. яны таксама прыручылі каня. Паглыбляючыся ў гістарычныя часы, заўважым, што іншыя стэпавыя вандроўнікі, гэткія як гуны ды манголы, былі высокамабільнымі і таксама ваяўнічымі вершнікамі, якія жылі ў асяродку неўрадлівых земляў ды праз гэта рабілі напады на суседзяў дзеля здабывання харчовых прадуктаў. Таму, калі протаіндаеўрапейцы паходзяць са стэпаў, яны таксама маглі быць экспансіўныя.

Каб пацвердзіць тое, што протаіндаеўрапейцы паходзяць са стэпаў, мы мусім адшукаць сляды гэтага ў касцявых знаходках дагістарычных стэпавых групаў, якія пашырыліся праз вядомы індаеўрапейскі свет — у Сіньдзян, Іран, Індыю, Грэцыю, Рым і Паўночную Еўропу. З разгледжаных вышэй сведчанняў пігментацыі вынікае, што індаеўрапейцы звычайна былі мяншынямі там, куды яны прыходзілі, і што яны пашыраліся з прарадзімы маленькімі групамі. Гэтая тэза ў агульных рысах стасуецца з касцявымі матэрыяламі, якія пераважна паказваюць на пераемнасць у дагістарычных Еўропе ды Азіі, дзе маштабныя перасяленні насельніцтва былі рэдкімі выняткамі.

Але, як сведчаць археалагічныя знаходкі ды парэшткі цэлых шкілетавых тыпаў, дагістарычныя стэпавыя групы дасягнулі паўднёвай Сібіры ды Сіньдзяну. На сёння, аднак, не знойдзена слядоў таго, што стэпавыя групы пранікалі ў Іран ды Індыю, гэтаксама яны не могуць быць лакалізаваныя далёка на захадзе — у Італіі. На паўночных Балканах яны прадстаўленыя касцявымі ды археалагічнымі знаходкамі, але ці пранікалі яны далёка на поўдзень, у Грэцыю? Археалагічныя сляды стэпавых групаў збольшага знікаюць яшчэ да тэрыторыі Грэцыі, але славутыя пахаванні г. зв. «кола B» у Мікенах нагадваюць стэпавыя пахаванні, а вельмі масіўныя нобілі, пахаваныя там, таксама падобныя да стэпавых групаў. Апошнія, зважаючы на тры тысячы стэпавых пахаванняў, вядомых ва Усходняй Вугоршчыне, бясспрэчна, таксама пашырыліся далёка ў заходнім кірунку, у Цэнтральную Еўропу. І хоць пахаваныя там жанчыны маюць грацыльны целасклад, мужчыны падобныя да масіўных стэпавых тыпаў.

А ці дасягнулі стэпавыя групы Паўночнай Еўропы? Менавіта тут упершыню ў гісторыі з’явілася колькі важных індаеўрапейскіх народаў: славяне, балты, германцы і кельты. Археалагічныя матэрыялы няпэўныя: хоць і існуе шмат бясспрэчных паралеляў між позненеалітычнай культурай Паўночнай Еўропы, вядомай як культура шнуравой керамікі, ды неалітычнай стэпавай культурай, асобныя культурныя паралелі не могуць аўтаматычна прыпісвацца міграцыйным групам. Сведчанні касцявых парэшткаў больш пэўныя — але таму, што яны не паказваюць шляхоў пранікнення стэпавых групаў у Паўночную Еўропу. Тыповыя шнуракерамічныя чарапы з Нямеччыны, Чэхаславаччыны ды Польшчы — высокія з вузкім скулавым дыяметрам, тады як стэпавыя краніялагічныя серыі — нізка- і шыракатварыя.

Выходзіць, што археалагічныя ды антрапалагічныя матэрыялы пакідаюць нам тры магчымасці. Першая з іх: стэпавыя групы дасягнулі Паўночнай Еўропы, але ў такой малой колькасці, што іх амаль немагчыма выявіць. Другая: стэпавыя групы не дасягнулі Паўночнай Еўропы, з чаго вынікае, што прынамсі ў гэты рэгіён індаеўрапейская мова была прынесеная не імі. Трэцяя: стэпавым групам не спатрэбілася дасягаць Паўночнай Еўропы, бо протаіндаеўрапейцы жылі на вялікай прарадзіме, якая ўлучала і стэпы, і Паўночную Еўропу.

Між тым, пытанні застаюцца. Але, у кожным разе, стэпавыя групы мусяць нейкім чынам спрычыняцца да праблемы паходжання протаіндаеўрапейцаў. Яны, і яны адны сярод дагістарычных групаў пашырыліся на значную частку Еўропы і Азіі, дзе, як вядома, гутарылі на індаеўрапейскіх мовах. Мабыць, аднойчы археолагі і антраполагі дакладна вызначаць дагістарычныя сувязі, калі яны былі, між стэпамі ды Паўночнай Еўропай. Навукоўцы, можа, таксама будуць мець яснейшае ўяленне пра індаеўрапейскія ўплывы ва Усходняй Азіі: на цывілізацыю Кітаю, куды індаеўрапейцы, магчыма, прынеслі тэхналогію вырабу бронзы, ды Японію, чыя міфалогія мае шэраг рысаў, відавочна тоесных з протаіндаеўрапейскай міфалогіяй.

Мы можам прызнаць, што індаеўрапейцы пашыраліся хутчэй маленькімі групамі, і што яны ды іхныя нашчадкі ў вялікіх цывілізацыях Ірландыі, Рыму, Грэцыі ды Індыі колькасна былі мяншынямі, сканцэнтраванымі ў кіроўным класе. Я трымаюся гледзішча, што індаеўрапейцы кіравалі гэтымі краямі, сілаю зброі неяк запанаваўшы над тубыльцамі, хоць археалагічныя сведчанні гэтага цверджання наўрад ці існуюць. Пакуль гісторыкі маюць цяжкасці з вытлумачэннем на археалагічным матэрыяле таго, як індаеўрапейцы з’яўляліся ў нейкай краіне ды ператвараліся ў паноўную сілу.

І што ж здарылася з гэнымі індаеўрапейцамі? Выходзіць, што прынамсі Еўропа ды Заходняя Азія былі гэтак шчыльна заселеныя ў неаліце, што невялікія групы прыхадняў зрабілі б нязначны біялагічны ўплыў на мясцовых жыхароў.

Протаіндаеўрапейцы сталі пашырацца каля пяці тысячаў гадоў таму, прайшло дзвесце пакаленняў ды каліўца іхнай пачатковай крыві згубілася ў акіяне неіндаеўрапейцаў. Сляды светлых валасоў і вачэй зноўку выяўляюцца сёння ў Іране ды Паўночнай Індыі, нават у Сіньдзяне, дзе Далькун Камберы (Dolkun Kamberi), мясцовы адмысловец па еўрапеоідных муміях, мае зялёныя вочы ды светла-карычневыя валасы. Светлыя валасы ды вочы звычайнейшыя ў сучасных Грэцыі ды Рыме, асабліва ў Ірландыі, хоць у Паўночнай Еўропе, мабыць, слядоў якіх-кольвек прыйшлых індаеўрапейцаў няма.

Пры канцы гэтага артыкулу для часопісу пра Захад ды яго будучыню дарэчы было б сцісла расказаць пра лёс рымскага найвышэйшага класу. Між індаеўрапейскіх народаў рымляне пакінулі плойму запісаў, якія дазваляюць пазнейшым гісторыкам вызначыць, што з імі сталася. Са знойдзеных у даўніх тэкстах сведчанняў вынікае, нягледзячы на рэдкае згадванне пра гэта ў сучасных кнігах з рымскай гісторыі, што прадстаўнікі рымскага найвышэйшага класу паходзяць збольшага з індаеўрапейцаў, якія бясспрэчна мелі паўночнаеўрапейскі фізічны тып. Аднак у Рыме найвышэйшы клас заўсёды быў невялічкаю меншынёю. Заміж абароны сваіх інтарэсаў ён дазволіў сабе саслабець. Звернемся да скрушнай статыстыкі. У V ст. да н. э. мы ведаем да пяцідзесяці родаў патрыцыяў, а к часам Цэзара (другая палова I ст. да н. э.) з іх выжылі толькі чатырнаццаць. Заняпад працягнуўся і ў імперскія часы. У 65 г. мы ведаем пра сем’і каля чатырох соцень рымскіх сенатараў, але ўжо праз адно пакаленне зніклі якія-кольвек згадкі пра палову з іх.

Калі мы на Захадзе хочам не паўтарыць гэткага лёсу, мы мусім вучыцца з індаеўрапейскай гісторыі.

Джон Дэй

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы