Хаменкоў А.С. (паводле www.studzona.com/referats/view/37686)
З жаданьнем далей удасканаліць сваё разуменьне Сьвета, Бога, рэлігіі ды іншых істотных сьветаглядных рэчаў, мы працягнем супастаўляць наша іх разуменьне з тымі, што прапануюць іншыя. Падаем цікавы, як на наш погляд, артыкул яшчэ аднаго крэацыяніста (на гэты раз дастаткова памяркоўнага). Каштоўнасьць гэтага артыкула палягае ў дзьвюх рэчах: новых крэацыянісцкіх аргументах (іх моц мы праверым) і ў пададзенай арыгінальнай сістэматызацыі сьветаглядаў. У канцы выкарыстаем сваё права абмеркаваць матэрыял.
Рэдакцыя.
Чаму наш сьвет найпрыгожы? Чаму формы і колеры жывой прыроды не ва ўсім адпавядаюць прынцыпу біялагічнай мэтазгоднасьці [адкуль аўтар ведае, што адпавядае біялагічнай мэтазгоднасьці, а што – не; немэтазгодных рэчаў у сьвеце мала й існуюць яны нядоўга. – Рэд.], але шмат у чым ідуць за агульнымі заканамернасьцямі гармоніі, якія выяўляюцца шляхам дакладнага матэматычнага аналізу? І, нарэшце, як гэтыя эстэтычныя заканамернасьці адпавядаюць таму альбо іншаму сьветагляду, які пакліканы даць адказ на пытаньне аб паходжаньні нашага сьвету?
У свой час стваральнік тэорыі эвалюцыі – Чальз Дарвін – выказаў меркаваньне, што эстэтычныя заканамернасьці, якія выпадкова зьяўляюцца ў жывой прыродзе, прыцягваюць асобін іншага пола і замацоўваюцца ў наступных пакаленьнях. Аднак пры такім спосабе тлумачэньня загадка прыгажосьці прыроды падмяняецца загадкай эстэтычнага пачуцьця. На самой справе, чаму ў жывых істот у працэсе эвалюцыі павінна зьявіцца эстэтычнае пачуцьцё, калі яно здольна, урэшце, спараджаць такія ня маючыя карысьці, а зрэдку нават абцяжарваючыя структуры, як, напрыклад, хвост паўліна. З такім жа хвастом нашмат цяжэй ратавацца ад драпежніка, чым безь яго. У адпаведнасьці з вучэньнем Дарвіна, усё, што перашкаджае выжываньню віда, павінна быць бязьлітасна зьмецена натуральным адборам, які пакідае на нашай планеце толькі самых моцных, самых хуткіх, самых спрытных. Але вось незадача – эстэтычныя заканамернасьці, уласьцівыя жывой прыродзе, зусім не ўпісваюцца ў пракрустава ложа гэтага дарвінаўскага ідэалу [у аўтара павярхоўнае разуменьне сітуацыі: калі паўлін з такім хвастом яшчэ і ратуецца ад драпежнікаў (а ён ратуецца, бо яго не было б), ён і ёсьць самы моцны; акрамя таго, жывая прырода – гэта вынік ня толькі заканамернасьці натуральнага адбору, скіраванага на выжываньне, а й іншых заканамернасьцяў. – Рэд.].
Пры вывучэньні прыроды мы знаходзім у ёй усё больш эстэтычных прыкмет, якія выяўляюцца, як правіла, не адразу, але пасьля дэталёвага матэматычнага аналізу. Гэтыя адзнакі ніяк не зьвязаны з праблемай прыстасаваньня віда да навакольнага асяроддзя [занадта сьмелае сьцьвярджэньне… Рэд.]. Гэтую выснову вядомы рускі біёлаг Любішчаў сформуляваў яшчэ ў 1925 годзе. Ён паказаў, што марфалагічныя структуры біялагічных аб’ектаў “толькі ў частцы выпадкаў вызначаюцца выконваемымі функцыямі [няўжо на месцы рукі могуць быць нага ці хвост?.. – Рэд.], а ў больш агульным выпадку падпарадкоўваюцца пэўным матэматычным законам гармоніі [а, вось аказваецца чаму ў нас на месцы рук рукі, а на месцы ног – ногі… – Рэд.]. У шматстайнасьці формаў ёсьць свая ўпарадкаванасьць, якая не залежыць ад функцыі” (Мейен и др., 1977, с. 119–120) [усё наадварот: у біялогіі вядома, што зыходна няроднасныя органы набываюць блізкую форму, калі ў іх блізкія функцыі; параўнайце, напрыклад, пярэднія канечнасьці крата і мядведкі, пінгвіна і дэльфіна, кажана і птушкі – гэта ўніверсальны закон канвергенцыі, дзе функцыя кіруе фармаваньнем структуры. – Рэд.]
Можна сказаць, што эстэтычна правільныя формы ў будове жывых істот абсалютна непрыдатныя ў плане падвышэньня жыцьцяздольнасьці аргаізмаў [гл. папярэднія каментары. – Рэд.].
Гэта, у прыватнасьці, датычыць прапорцыі залатога сячэньня. Дасьледчыкі адзначаюць, што “ў прыродзе залатое сячэньне знаходзіць сабе вельмі разнастайнае выкарыстаньне ў бачных суадносінах частак арганічных злучэньняў вышэйшага парадку з жывёльнага і расьліннага царства. Так, напрыклад, цела чалавека, якое ўзята ў сярэдніх ідэальных прапорцыях [адкуль такія ўзяліся? – Рэд.], у шмат якіх ясна адрозных сваіх частках дэманструе цэлыя серыі буйных і дробных падраздзяленьняў, адпавядаючых гэтам закону [цела шымпанзе ва ўмовах трапічнага лесу Афрыкі таксама будзе блізка да “матэматычна гарманічнага”. – Рэд.]. У расьлінным царстве назіраецца тое ж. Напрыклад, даўжыня кален сьцябла ў многіх злакаў і адлегласьць пасьлядоўных хадоў сьпіральнай лініі, якая праводзіцца праз кропкі мацаваньня сукоў і лістоў у шматлікіх куставых і дрэвавых парод, якія разьвіваюцца пры нармальных умовах [а гэта што такое? – Рэд.], дакладна падпарадкоўваецца закону сячэньня” (Розенов, 1982, с. 121 – 122) [у жывой прыродзе можна сустрэць любыя прапорцыі любой ступені строгасьці … але, калі добра павыбіраць… – Рэд.].
У той жа час, гэтая залатая прапорцыя, якая ня мае свайго “функцыянальнага прызначэньня”, сустракаецца ў прыродзе ў большасьці выпадкаў у выглядзе схаваных ад павярхоўнага назіраньня сваіх вытворных (Шевелев, 1990, с.52). Такой жа схаваны характар часьцей за ўсё мае і сіметрыя біялагічных аб’ектаў, якую дасьледнікі характарызуюць як “адну з найбольш заўважальных і загадкавых зьяў прыроды” (Петухов, 1988, с. 7) [білатэральная сіметрыя мае сваёй прычынай актыўны накіраваны рух жывёлы. – Рэд.]. У дасьледваньнях апошніх гадоў паказана, што формы жывой прыроды, якія ўспрымаюцца як эстэтычныя, у большасьці зьвязаны з неэўклідавай сіметрыяй, якая выяўляецца зноў-такі толькі пасьля дакладнага матэматычнага аналізу [цяпер і аналіз падбіраем пад патрэбу. – Рэд]. Тое ж можна сказаць і пра сьпеў птушак, дасканаласьць форм якога можна ацаніць толькі прымяненьне сьпецыяльнай апаратуры для запісу [а цяпер апаратуру падбіраем пад устаноўку – але ж і навука. – Рэд.]. Іншымі словамі – эстэтычна правільныя формы распаўсюджаны ў прыродзе значна больш, чым гэта можа падацца на першы погляд [варта было б яшчэ абмеркаваць “эстэтызм” водараў, смакаў і прыемнасьцяў на дотык… – Рэд.].
Але які сэнс усёй гэтай разьлітой па арганічным сьвеце прыгажосьці. Навошта, у прыватнасьці, птушкам патрэбна “па-людску” высокаарганізаваная музыка? Навошта салаўю выводзіць усю ноч да раніцы свае цудоўныя трэлі? [ёсьць сэнс, толькі аўтару ён невядомы, а зьвярнуцца да адмыслоўцаў-арнітолагаў – разбурыць няведаньне і не напісаць артыкул; акрамя таго, аўтар мусіць запытацца таксама: навошта варонам трэба так праціўна каркаць? – Рэд.] Бо для ўнутрывідавой сігналізацыі дастаткова было б рабіць нашмат больш кароткія і простыя гукі [для падтрыманьня сваёй канцэпцыі аўтар ужо ўзяўся за салаўёў вырашаць, што ім лепш, а што – горш; цырк. – Рэд.], а не здраджваць сваё месцазнаходжаньне драпежнікам настолькі працяглым сьпевам. Дарвінаўскі падыход бясьсільны патлумачыць усе гэтыя зьявы [калі ёсьць салаўі, значыць, не такая небясьпечная для іх салаўіная песьня… – Рэд.].
Трэба сказаць, што дарвінізм у апошні час сутыкнуўся з цэлым шэрагам прынцыповых цяжкасьцяў, якія, гледзячы па ўсім, непераадольныя для яго [цікава, ці ведаюць дарвіністы пра гэтыя “цяжкасьці”? – Рэд.]. У цяперашні час вастрыня спрэчак аб паходжаньні сьвету паступова пераходзіць да прадстаўнікоў двух іншых навукова-філасофскіх напрамкаў – крэацыянізму і “тэістычнага” эвалюцыянізму [на жаль, абодва гэтыя філасофскія кірункі ня маюць поўнай датычнасьці да навукі; яны хутчэй філасофскі-рэлігійныя. – Рэд.].
Крэацыяністы настойваюць на тым, што сьвет быў створаны Усемагутным Богам у кароткі прамежак часу і ствараўся “без апоры” на зададзеныя Ім жа пазьней “законы прыроды” [так у тэксьце. – Рэд.]. “Тэістычныя” ж эвалюцыяністы (больш верна было б іх называць “пантэістычнымі эвалюцыяністамі”) сьцьвярджаюць, што разьвіцьцё сьвету адбывалася паступова пад узьдзеяньнем нейкага разумнага (дакладней было б сказаць “квазіразумнага”) пачатку, здольнага быць нейкім “рухавіком” і “мэтавызначальнікам” меркаванага эвалюцыйнага працэсу, здольнага ўносіць пэўныя “карэкцыі” ў існыя законы прыроды. За гэтымі дзьвюма школамі стаіць шматвекавая барацьба двух глабальных духовых традыцый – барацьба, пра якую, у прыватнасьці, пісаў вядомы рускі філосаф Леў Ціхаміраў.
Ціхаміраў у свой час паказваў на існаваньне ўсяго толькі дзьвюх асноўных рэлігійна-філасофскіх ідэй [зноў толькі дзьвюх?! – Рэд.] – дуалізму і манізму. Першая зь іх (ад лац. dualis – двузначны) «прызнае існаваньне дзьвюх катэгорый быцьця: адну складае Быцьцё Боскае, якое ў сваёй існасьці недасягальнае для разуменьня людскага і ўвогуле якога б там ні было “створанага” розуму. Другую катэгорыю складае сьвет створаны, які створаны Богам, які жыве па законах, дадзеных Богам, і па існасьці сваёй цалкам адрозны ад Бога” (Тихомиров, 1997, с. 32).
Іншая філасофскі-рэлігійная ідэя, пра якую пісаў Леў Ціхаміраў – гэта манізм (ад грэцкага monos — адзін). Гэтая ідэая “прымае адзінства ўсяго існага, у якім элемент боскі калі й прызнаецца, дык не як нешта, што па існасьці адрозьніваецца ад сьвету матэрыяльнага і ўвогуле ад сьвету створанага, а толькі як асаблівая праява таго ж быцьця, якое выяўляе сябе ў выглядзе прыроды матэрыяльнай. Стварэньня сьвету і Стваральніка гэты сьветагляд не прызнае [так у аўтара!!! – Рэд.]. Уся прырода – матэрыяльная, духовая і гэтак званая “боская” – існуе вечна” (Тихомиров, 1997, с. 32) [уся прырода разьвіваецца. – Рэд.].
У гісторыі філасофскай маністычнай думкі маністычны сьветагляд часьцей за ўсё выяўляе сябе ў пантэістычнай форме.
Што да матэрыялізма, дык яго можна класіфікаваць толькі як скрайнюю форму маністынага сьветагляду, у якой адсутнічае звычайная для пантэізму “спірітуалістычная глыбіня” і ўсё існае зводзіцца да матэрыяльнага пачатку – да “гульні атамаў” у разуменьні матэрыялістаў ХІХ стагоддзя, альбо да разнастайнасьці праяў фізічных палёў і энэргій ва ўяўленьнях гістарычна блізкіх да нас матэрыялістаў. Зрэшты, незалежна ад сваёй пантэістычнай ці матэрыялістычнай формы, маністычны сьветагляд цалкам зьвязаны з эвалюцыйнай ідэяй, бо ў рамках гэтага сьветагляду проста ня можа быць ўяўленьняў аб Стварэньні сьвету “зь нічога”. Быцьцё, як лічаць маністы, можа толькі паступова афармляцца, эвалюцыянаваць – альбо пад узьдзеяньнем чыста матэрыялістычных прычын, як лічаць наступнікі Дарвіна, альбо пад уплывам нейкіх сваіх глыбінных, “духовых уласьцівасьцяў”, як прызнаюць прыхільнікі “тэістычнага” эвалюцыянізму. Адзін зь іх – Тэяр дэ Шардэн – пісаў пра наяўнасьць “духовага пачатку, які прысутнічае ва ўніверсуме і накіроўвае яго разьвіцьцё” (Губман, 1991, с. 296) [гэта – дуалізм, а не манізм; бо прысутнічае Стваральнік – напэўна, непазнавальны! – Рэд.]. Такая ідэя “накіраванай эвалюцыі” спалучаецца ў Тэяра з пошукам “дыялектыкі ўсеадзінства” і “пантэістычнай устаноўкі, імкненьні знайсьці Бога [дык манізм “не прызнае Стваральніка”! – Рэд.], распушчанага ў сьвеце (там же, с. 296) [гэта ня так: у Тэяра дэ Шардэна Бог канкрэтны – гэта Хрыстос! – Рэд.].
[суадносіны паміж узгаданымі філасофскімі канцэпцыямі пададзены на сьхеме ў пачатку артыкула. – Рэд.]
На карысьць якой з дзьвюх сьветаглядных пазіцый – дуалізму ці манізму – сьведчаць эстэтычныя заканамернасьці, якія выяўляюць сябе ў жывой прыродзе? Чым ёсьць прыгажосьць жывёл і расьлін – адлюстраваньнем свабоднай творчасьці Сусьветнага Стваральніка сьвету, альбо выразам тых спірытуалістычных уласьцівасьцяў “бога-прыроды”, якія разгортваюцца ў ходзе “тэістычна-пантэістычнай” эвалюцыі? [ёсьць яшчэ адно вельмі простае тлумачэньне: успрыняцьце чалавекам расьлін і жывёлаў прыгожымі ці непрыгожымі ёсьць яго эвалюцыйным набыткам. – Рэд.]
Усемагутны Стваральнік сьвету, пра якога кажуць дуалісты – найперш, хрысьціянскія багасловы – ня можы быць зьвязаны ніякімі абмежаваньнямі пры стварэньні Ім створанага сьвету. Эстэтычныя заканамернасьці пры гэтым могуць быць агульнымі для розных класаў аб’ектаў жывой і нежывой прыроды. Але гэтая агульнасьць будзе зьяўляцца нейкім “стылем працы” аднаго і таго ж Мастака, які знаходзіцца “па-за халстом нашага сьвету” і які наносіць “мазкі” так, як Яму захочацца. Агульнасьць такога роду можа мець свае выключэньні, якія ёсьць выразам свабоднай волі Творцы.
Што да пантэістычнага сьветагляду, дык тут агульнасьць эстэтычных заканамернасьцяў розных класаў аб’ектаў будзе адлюстраваньнем адных і тых жа сьпірытуалістычных заканамернасьцяў, іманентна ўласьцівых “богу-прыродзе”. Тут выключэньняў з агульнага правіла ня варта чакаць [аўтар ужо здольны вырашаць за ўсяго “бога-прыроду”; сьмелы аўтар… – Рэд.], як і ня варта чакаць выключэньняў з дзеяньня якога-небудзь хімічнага рэактыва ў размазанай па халсьце фарбе, пад дзеяньнем якога гэтая фарба здольная прыходзіць у рух і спараджаць (паступова, эвалюцыйна) пэўныя правільныя фігуры [гэта вось такое ўяўленьне аўтара пра механізмы эвалюцыі. – Рэд.]. У рамках пантэістычнага сьветагляду “законы прыроды” зьяўляюцца толькі праявай тых “боскіх” уласьцівасьцяў быцьця, якія, па словах Льва Ціхамірава, такія ж вечныя і нязьменныя, як і яна сама [прырода], бо гэтае пантэістычнае “боства” “дзейнічае вечна, аднолькава, нязьменна” (там же, с. 45).
Такім чынам, нам засталося толькі зьвярнуцца да канкрэтна-навуковага метада і паглядзець, ці існуюць тыя выключэньні з агульных эстэтычных заканамернасьцяў будовы сьвету, якія маглі б сьведчыць пра свабодную волю Усемагутнага Творцы сусьвету? Ці сінуюць, у прыватнасьці, адрозьненьні ў эстэтыцы жывой і нежывой прыроды?
Вядомы рускі навуковец В.І.Вернадскі [калі пашукаць, напэўна ў гэтага “рускага” знойдуцца беларускія карані. – Рэд.] пісаў: “Мы можам цяпер сьцьвярджаць, што паміж сіметрыяй жывых арганізмаў – жывога рэчыва і крысталічных прастораў, г.зн. сіметрыяй крышталаў, мы маем рэзкае адрозьненьне” (Вернадский, 1965, с. 177), так што можна казаць, што “мы маем тут справу з дзьвюма прыроднымі зьявамі, якія рэзка адрозьніваюцца адна ад адной” (там же, с. 178).
Прыватным выпадкам такога адрозьненьня ёсьць пяціпрамянёвая сіметрыя [пяціпрамянёвая сіметрыя ёсьць пераходнай формай паміж радыяльнай (сіметрыяй нерухомага жывога) ды білатэральнай (сіметрыя актыўна рухомага жывога) сіметрыямі. – Рэд.]. Адзіным тыпам аб’ектаў неарганічнага сьвету, сярод якіх мы можам назіраць нешта падобнае на пяціпрамянёвую сіметрыю, ёсьць квазікрышталы – тып штучных утварэньняў, атрыманых пры хуткім ахалоджаньні некаторых металаў, у выніку якога зьяўляецца нешта сярэдняе паміж аморфным ды крышталічным станам рэчыва (Лима-де-Фариа, 1991, с. 107). Аднак, такі тып утварэньняў ня ёсьць характэрным для прыродных аб’ектаў і яго квазікрышталічныя формы можна лічыць тым выключэньнем, якое толькі пацьвярджае правіла адсутнасьці пяціпрамянёвай сіметрыі сярод нежывой прырожы. “Гэты парадокс адсутнасьці пяціпрамянёвай сіметрыі ў нежывой істоце [так у аўтара], – напісана ў адной з манаграфіяў па эстэтыцы прыродных зьяў, – яшчэ не знайшоў пераканаўчага навуковага тлумачэньня. Пяціпрамянёвыя марскія зоркі, кветкі зь пяцьцю пялёсткамі застаюцца загадкай прыроды” (Васютинский, 1990, с. 105). І такіх загадкавых для маністычнага сьветагляду форм прырода падае больш чым дастаткова. Возьмем, напрыклад, ігласкурых – цэлы тып жывёл, да якіх належыць каля 6.000 сучасных відаў і каля 16.000 вымерлых. І ўсе гэтыя віды маюць, як правіла, пяціпрамянёвую сіметрыю [гэтыя жывёлы ўнутры білатарэльна-сіметрычныя, звонку – радыяльна-сіметрычныя, таму што маларухомыя. – Рэд.]. Сярод расьліннага царства “загадкавай” пяціпрамянёвай сіметрыяй кветкі характарызуюцца прадстаўнікі цэлага шэрагу сямействаў – складанакветкавых, розакветкавых, пасьлёнавых, фіялкавых, званочкавых і яшчэ некалькіх – многія тысячы відаў [гэта кветкі зь пераходнымі формамі ў стаўленьні да гравітацыі. – Рэд.]. Усе гэтыя прадстаўнікі жывёльнага і расьліннага сьвету кепска ўпісваюцца ў пантэістычна-маністычную канцэпцыю разгортваньня ў матэрыяльнай плоскасьці адвечных і нязьменных духовых уласьцівасьцяў “бога-прыроды”.
Характэрна, што пяціпрамянёвая сіметрыя ёсьць не адзіным прыкладам прынцыповага адрозьненьня арганізацыі жывой прыроды ад нежывой. Вернадскі бачыў такое адрозьненьне нашмат больш шырока. Ён у свой час “прыйшоў да заключэньня, што ў жывых рэчывах стан прасторы не адпавядае эўклідавай геаметрыі й ёсьць цалкам іншым, чым для выпадка косных целаў, які адпавядае эўклідавай геаметрыі” (Петухов, 1981, с. 216). Аднак, пры ўсім гэтым, гэты навуковы метад Вернадскага знаходзіцца ў рэзкай супярэчнасьці зь яго філасофскімі ўяўленьнямі пра адзінства жывой і нежывой прыроды, якія можна лічыць выразам маністычнай сьветагляднай устаноўкі Вернадскага. “У навуцы няма дасёньня яснага ўсьведамленьня, – пісаў ён па гэтай прычыне, – што зьявы жыцьця і зьявы мёртвай прыроды, ўзятыя зь геалагічнага, г.зн. з планетарнага, пункту погляду, ёсьць праявай адзінага працэсу” (1989, с. 52) [гэта розныя ўзроўні арганізацыі сьвету, таму паміж імі будуць і супадзеньні, і адрозьненьні. – Рэд.]. Можна сказаць, што пры аналізе сіметрыі жывой і нежывой прыроды думка Вернадскага-навукоўца, які абапіраецца на назіраныя ім факты, уступіла ў рэзкую супярэчнасьць зь меркаваньнем Вернадскага-філосафа, які йшоў курсам маністычнага сьветагляду. У глыбіні гэтага пантэістычна-маністычнага сьветагляду ляжыць тэндэнцыя гілазаізма – вучэньня аб усеагульнай адухоўленасьці матэрыі [нежывое душы ня мае; для таго, каб была душа, трэба, як мінімум, быць суб’ектам, які мае сьвядомасьць, каб мець сітуацыю самастойнага выбару; у залежнасьці ад таго, якое чалавек прымае рашэнне у сітуацыі маральнага выбару, становіцца бачным, ці ёсьць у яго душа… – Рэд.]. У кантэксьце такіх гілазаістычных уяўленьняў “матэрыя ўяўляецца адоранай агульнымі ўласьцівасьцямі жыцьця, такімі ж, як ў чалавека і жывёл” (Тихомиров, 1997, с. 56). Гэтых жа поглядаў, дарэчы, прытрымліваўся і Тэяр дэ Шардэн, які пісаў пра тое, што мінеральны сьвет і адухоўлены сьвет ёсьць антаганістычнымі [і адкуль яны ўсе бяруць гэты неіснуючы “антаганізм”? Выдумляюць… – Рэд.] толькі ў тым выпадку, “калі іх разглядаць груба” (1987, с. 71).
Такім чынам, адрозьненьне сіметрыі жывых і нежывых аб’ектаў ёсьць загадкавай зьявай толькі для маністычнага сьветаразуменьня, якое чакае нейкага “эстэтычнага ўніфармізма” ад прыроды, якая створана не ўсемагутным і вольным ад усялякіх абмежаваньняў Творцам, але сфармаванай пад дзеяньнем безасабовай “сілы” пантэістычнага характару зь яе нязьменным па сваёй сутнасьці й свайму выразу ў матэрыяльнай плоскасьці эваюцыйна-разгортвальным духовым пачаткам. Розныя філосафы давалі розную назву гэтаму пачатку. Так, Тэяр дэ Шардэн “казаў пра павелічэньне канцэнтрацыі “радыяльнай” энэргіі, псіхічнага ў працэсе касмагенэза” (Губман, 1991, с. 296). Зрэшты, незалежна ад тэрміналогіі, можна лічыць, што гэты духовы пачатак усё больш і больш канцэтруецца ў матэрыі, якая эвалюцыянуе пад яго ўзьдзеяньнем, павінен быў бы больш і больш адухаўляць апошнюю, робячы яе ўсё больш і больш прыгожай. Тут мы падыходзім да іншага крытэра ацэнкі эстэтыкі жывой прыроды, здольнага праліць сьвятло на праблему паходжаньня сьвету: ці існуе заканамернасьць павелічэньня прывабнасьці жывых істот у залежнасьці ад іх месца на “драбіне” складанасьці, пабудаванай у свой час Арыстоцелем.
Бесстаронны аналіз сьведчыць, што такой дакладна выяўлянай тэндэнцыі ў жывой прыродзе няма. Істоты, якія знаходзяцца на “ніжніх прыступках” арыстоцелевай “драбіны”, часта выглядаюць ня менш прывабнымі, чым больш складана арганізаваныя [няўжо чарвяк эстэтычней за сокала? а, па-другое, эвалюцыйныя ператварэньні ідуць ня толькі ўверх, а і ў бакі й уніз; прычына ў тым, што эвалюцыйныя механізмы – гэта адно, а эвалюцыйныя кірункі – гэта іншае… – Рэд.]. Успомнім пра прыгожых матылькоў, ракавіны малюскаў [а пра тое, што сядзіць у ракавіне, ўспамінаць ня хочацца? – Рэд.], аднаклеткавых радыялярый. Гэтая ж сьхема адмаўляецца працаваць і на верхніх паверхах гэтай “драбіны”. На самой справе, якую істоту трэба было б лічыць найпрыгожай сярод усёй разнастайнасьці жывых формаў, калі б меркаваны эвалюцыйны працэс адбываўся б пад узьдзеяньнем адухаўляльнага для матэрыі пачатка?
Чалавек ня можа даць аб’ектыўную адзнаку самому сабе, таму павінен выключыць свой від з падобнага конкурсу [зь якой такой нагоды? – Рэд.]. Логіка “тэістычнага” эвалюцыянізму падказвае, што пасьля такога выключэньня самай найпрыгожай істотай на зямлі павінна быць перадапошняе вязьмо меркаванага эвалюцыйнага працэса – малпа. Хаця пра густы спрачацца не прынята, але тут відавочным становіцца тое, што пантэістычная сістэма меркаванай эвалюцыі яўна не працуе [аўтар элементарна ня ведае законаў людскай псіхікі; чаму мы малпу ня лічым прыгожай? А таму, што яна выглядае, як пародыя на нас; мы ня можам вызначыцца, як да яе ставіцца, бо бачым адначасова і тое, што нас яднае, і тое, што адрозьнівае; “прыгажосьць” у прыродзе вызначаецца адпаведнасьцю да рэчаіснасьці, гармоніяй зь ёй; гэтую гармонію чалавек часта неправамерна ацэньвае па сваіх законах прыгожага; эстэтыка прыроды і эстэтыка людскага ўспрыняцьця не супадаюць – вось і ўся загадка… – Рэд.].
А што можа сказаць крэацыянісцкая мадэль зь яе ўяўленьнямі пра ўсемагутнага Творцу пра сэнс прыгажосьці нашага сьвету – найперш аб паўсюднай у прыродзе прапорцыі “залатога сячэньня”? Зьвернемся за тлумачэньнем гэтай зьявы да твораў Бацькоў Царквы.
Яшчэ сьв. Дзіанісі Арэапагіт пісаў у свой час, што “сьвет гэты, атрымаўшы быцьцё ад Існай Прыгажосьці, у будове ўсіх сваіх частак адлюстроўвае сьляды духовай прыгажосьці” (1995, с. 12).
Што да гэтага ж сьв. Максім Спаведнік сьцьвярджаў, што “Бог пазнаецца, як мастак па твору” (1994, с. 245), г.зн. па створаным Ім сьвеце. Каб сказаць нешта пра гэтага Мастака, завострым, найперш, нашу ўвагу на ўласьцівасьцях залатога сячэньня [а чаму не на чарвях, вошах, клапах, прусаках, кляшчах, павуках, зьмеях, рапухах, глістах, смактунах, стужачніках і г.д. (калі ўжо прыгажосьць ёсьць “ва ўсіх сваіх частках”)? – Рэд.].
Любы адрэзак можна падзяліць на бясконцую колькасьць няроўных частак [з такім жа посьпехам і на бясконцую колькасьць роўных частак. – Рэд.]. Але толькі ў адным выпадку суадносіны паміж імі й цэлым будуць ідэальна вернымі. Гэты выпадак – залатое сячэньне, пры якім меншая частка падзеленага адрэзка будзе суадносіцца да большай часткі, як большая да ўсяго цэлага адрэзка. Можна сказаць, што ў гэтай прапорцыі матэрыяльнымі сродкамі перадаецца сэнс, ідэя (Лосев, 1990, с. 361), у падмурку якой ляжыць унікальная прастата задумы. Дасьледнікі, дарэчы, у апошнія дзесяцігоддзі прыйшлі да высновы, што “правілы, па якіх будуюцца найскладаныя тканкі жывых арганізмаў, могуць быць да абсурда простымі” (А.К. Дьюдни, цит. по: Петухов, 1988, с. 44). Гэтая ўнікальная прастата геаметрычна-правільных формаў жывой прыроды, якая ўспрымаецца нашым эстэтычным пачуцьцём, сьведчыць зусім не пра барацьбу за існаваньне альбо пра які-небудзь іншы пантэістычны атрыбут меркаванай эвалюцыі, але пра той тайны сэнс, якім Стваральнік зрабіў ласку зафіксаваць Свой стыль працы над мірам, Свае ўласьцівасьці.
Само ўяўленьне аб якім-небудзь сэнсе ў нас заўсёды спалучаецца з ўяўленьнем аб слове – носьбіце гэтага сэнсу [так, але слову папярэднічае прадчуваньне сэнсу. – Рэд.]. Нешта падобнае мы можам сказаць і пра той сэнс, якім напоўнены формы жывых істот. Гэты сэнс сьведчыць пра тое Іпастаснае Слова, праз Якое “пачаў быць” наш сьвет (Ин. 1, 1—3). Вось што піша што да гэтага праваслаўны багаслоў Геогр Флароўскі: “Усё ў сьвеце ёсьць тайна Богава і сімвал. Сімвал Слова, адкравеньне Слова. Увесь сьвет ёсьць Адкравеньне, – нейкая кніга няпісанага адкравеньня [так! – Рэд.]. Альбо, у іншым параўнаньні – увесь сьвет ёсьць вопраткай Слова [ня так! – Рэд.]. У разнастайнасьці й прыгажосьці пачуцьцёвых зьяваў Слова нібы гуляецца з чалавекам, каб прывабіць яго і прыцягнуць, каб ён падняў завесу, і пад зьнешнімі й дачыннымі вобразамі празрэў духовы сэнс” (Флоровский, 1992, с. 204).
(Канец артыкула. Далей быў сьпіс літаратуры)
Каментар А.Астроўскага
1) Складаецца ўражаньне, што людзі з крэацыянісцкім сьветагладам пад націскам навукі сутаргава шукаюць самыя дробныя зачэпкі, каб уратаваць цэласнасьць свайго сьветагляду, які напэўна знаходзіцца ў крызісным стане. Тое, што гэта ня больш чым зачэпкі, багата пракаментавана па ходу тэкста.
2) Іншае ўражаньне зьяўляецца значна больш непрыемным. Крэацыяністы здольныя дайсьці да ўтылітарнага выкарыстаньня Бога – любы дэфект у тым, што вядома чалавецтву, ці ў тым, што вядома асабіста крэацяністам, яны затыкаюць Богам. Выкарыстоўваць Бога ў якасьці прамакашкі – гэта, як мінімум, недарэчна…
3) Самая ж вялікая заслуга аўтара – чалавека, напэўна, набліжанага да сучаснай філасофіі – заключаецца ў тым, што ён праінфармаваў пра значна больш сучасную сьветаглядную класіфікацыю (на малюнку ў пачатку артыкула пазначаную літарай Б), чым тую, якая была набольш распаўсюджана яшчэ некалькі дзясяцігоддзяў таму на тэрыторыі былога СССР (пазначана літарай А).
4) У тэксьце існуе ўнутраная супярэчнасьць паміж вызначэньнем манізма і пададзенымі поглядамі Тэяра дэ Шардэна, якога аўтар залічае да маністаў. З мэтай удасканаленьня нашай Сьветагляднай дыктрыны мы абавязаны дакладней разабрацца з “пантэізмам” гэтага чалавека.
Мне здаецца, што гэты артыкул ухіляецца ад тэмы Сайта ў бок чагосці цьмянага і безсэнсоўнага. Не люблю я філасофію з савецкіх часоў.