nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Сьвет і Бог – 2 (С пр-п 10, 11, 12, 13, 14)

30 красавіка, 2009 | 5 каментарыяў

Алесь Астроўскі

d0a1d18cd0b2d0b5d182-d196-d091d0bed0b3

Выстаўленыя раней матэрыялы (як сп-ра Хаменкова, так і зьвесткі пра вядомага ў сьвеце “пантэіста” Тэяра дэ Шардэна) стварылі грунт для таго, каб далей удакладніць наша ўяўленьне пра сапраўднага Бога, якое, напэўна, будзе складаць ядро нашай Сьветагляднай дактрыны.

Каб падрабязна асьвятліць некаторыя прынцыповыя пытаньні суадносінаў сапраўднага Бога ды Сьвету і вызначыцца зь імі, возьмем за аснову класіфікацыю сьветаглядаў, пададзеную ў артыкуле Хаменкова са спасылкай на Ціхамірава (гэтая класіфікацыя аформлена таксама ў сьхемачным выглядзе, знаходзіцца ў пачатку таго ж артыкула). Справа ў тым, што, як на мой погляд, яе варта крытычна прааналізаваць і перайначыць. Тая сьхема, якая пры гэтым будзе абгрунтоўвацца, пададзена ў пачатку гэтага артыкула. На ёй усё паказана нібы зьверху.


1.

Пачну з цытаты: “Ціхаміраў (1997 г.) паказваў на існаваньне ўсяго толькі дзьвюх асноўных рэлігійна-філасофскіх ідэй – дуалізму і манізму. Першая зь іх «прызнае існаваньне дзьвюх катэгорый быцьця: адну складае Быцьцё Боскае, якое ў сваёй існасьці недасягальнае для разуменьня людскага і ўвогуле якога б там ні было “створанага” розуму. Другую катэгорыю складае сьвет створаны, які створаны Богам, які жыве па законах, дадзеных Богам, і па існасьці сваёй цалкам адрозны ад Бога … Іншая філасофскі-рэлігійная ідэя, пра якую пісаў Леў Ціхаміраў – гэта манізм. Гэтая ідэая “прымае адзінства ўсяго існага, у якім элемент боскі калі й прызнаецца, дык не як нешта, што па існасьці адрозьніваецца ад сьвету матэрыяльнага і ўвогуле ад сьвету створанага, а толькі як асаблівая праява таго ж быцьця, якое выяўляе сябе ў выглядзе прыроды матэрыяльнай. Стварэньня сьвету і Стваральніка гэты сьветагляд не прызнае. Уся прырода – матэрыяльная, духовая і гэтак званая “боская” – існуе вечна”.

У адпаведнасьці з гэтым падыходам, звычайны рэлігійны сьветагляд варта лічыць дуалістычным (па-першае, ніхто ня можа адмаўляць існаваньне сьвету, у якім мы жывем – нават самыя ідэалістычныя рэлігійнікі; па-другое, памятаеце? “Богу – богава, Кесару – кесарава…”). Давайце яго возьмем за аснову. На сьхеме ўверсе ён пазначаны надпісам “Дуал.”; на гэтай жа сьхеме кола абарончага колеру сімвалізуе рэальны “створаны” сьвет, блакітнае кола – Бога, а чырвоная кропка – веруючага чалавека. Пры гэтым рэальны Сьвет і Бог у значнай ступені перасякаюцца, ствараючы ўмовы, у прынцыпе, для трох рэчаіснасьцяў – сьвет “бяз Бога”, рэальны сьвет з Богам (у гэтым сьвеце жыве абсалютная большасьць рэлігійных людзей у сёньняшнім разуменьні – чырвоная кропка разьмешчана там) і выключна боскі сьвет (ці самога Бога).

З гэтага дуалістычнага стану, як на мой погляд, назіраюцца тры варыянты адхіленьняў. Два зь іх абумоўлены тэндэнцыяй да ўзаемнага адноснага разыходжаньня рэальнага Сьвету і Бога, альбо іх сыходжаньня-наслаеньня.

Так, Бог у выніку разыходжаньня з рэальным сьветам можа цалкам выйсьці за межы апошняга, што ёсьць тыповай рысай ідэалістычнага сьветагляду (гэтая сітуацыя на сьхеме ўверсе пазначана надпісам “Ідэал.”; памятаеце? “Бог – гэта мастак, які знаходзіцца за межамі створанай ім карціны”). У гэтым стане глыбока веруючы чалавек апынаецца на самым краі рэальнага сьвету (за яго межы яму, ну, ніяк ня выйсьці), павернутым тварам у кірунку свойго ідэальна-рэлігійнага Бога (у маім сьветаўспрыняцьці – міфічнага), а сьпіной будзе павернуты да сьвету рэальнага. Класічны вобраз, які адпавядае такой паставе – манах.

Іншы варыянт адхіленьня ад дуалістычнага сьветагляду (адхіленьня ў кірунку сыходжаньня-наслаеньня) вядзе да такога сьветагляду, калі контуры рэальнага сьвету цалкам супадаюць з контурамі Бога. Гэты сьветагляд завецца маністычным (сітуацыя абсалютнага манізму на малюнку ўверсе пазначана надпісам “Ман”). Чалавек з такім сьветаглядам (чырвоная кропка) апынаецца ў цэтры адзінага Сьвета-Бога!

Трэці варыянт адхіленьня ад дуалістычнага сьветагляду – матэрыялістычны (на сьхеме ўверсе пазначаны надпісам “Мат”). Ён, як вядома, зьвязаны з прызнаньнем існаваньня ў рэальным сьвеце толькі матэрыяльных аб’ектаў й ігнараваньнем іншых зьяваў, якія ёсьць на першы погляд няўлоўнымі, але рэальна кіруюць сьветам (Змест і Мэта існаваньня Сьвета). Чалавек (чырвоная кропка) са сваім груба матэрыялістычным сьветаглядам апынаецца без арыентыраў зьверху, у стане, які нагадвае броўнаўскі рух (чалавек – абсалютны аб’ект) з паступовай дэградацыяй – “асяданьнем на дне рэчаіснасьці”. Прычынай зараджэньня матэрыялістычнага сьветагляду зьяўляецца альбо няздольнасьць бачыць такія зьявы, якія належаць да вышэйшых уласьцівасьцяў Сьвету, або радыкальны пратэст супраць сьветагляду ідэалістычна-рэлігійнага, або палітычныя мэты.

Што да такога сьветагляду, які сучасныя філосафы завуць пантэістычным, дык яго лепш лічыць варыянтам дуалістычнага сьветагляду, які эвалюцыянуе ў кірунку манізму, але яшчэ не дайшоў да яго. Сімвалам, які пазначае дадзены сьветагляд на сьхеме, можа лічыцца стрэлка, якая паказвае кірунак ад дуалізму да манізму.

Калі абіраць з пададзеных паняційных магчымасьцяў, дык трэба сказаць, што той сьветагляд, які будзе культывавацца ў рамках нашай сьветагляднай дактрыны, будзе абсалютна маністычным. Гэта значыць, што мы ня будзем прызнаваць Бога за межамі рэальнага Сьвету, як і ніводная часьцінка Сьвету ня можа быць пазбаўлела Бога. Усялякая містыка, звышнатуральнасьць, непазнавальнасьць, трансцэндэнтнасьць і г.д. у нашай Сьветагляднай дактрыне будуць адсутнічаць!

Зафіксуем адзначанае як чарговы прынцып нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 10).

2.

Зыходзячы з вышэй адзначанага, можна сказаць, што сьветагляд Тэяра дэ Шардэна не зьяўляецца маністычным. Так вырашаецца тая ўнутраная супярэчнасьць, якая была заўважана ў артыкуле Хаменкова што да ацэнкі поглядаў гэтага сьвятара-навукоўца. У яго сьветаглядзе ёсьць і містыка, і класічныя рэлігійна-ідэалістычныя ўяўленьні, і Хрыстост, зь якім людзі могуць сустрэцца ў будучыні, й да т.п.

Так, у філасофіі Тэяра шмат гуманізму і аптымізму, але гэта не манізм, а пантэізм, які ня змог разьвітацца з дуалізмам. Што зразумела…

Падпаў таварыш Тэяр і пад уплыў разбуральнага лібералізму (ён не размеў элементарную рэч: прагрэс праз хаатызацыю дасягнуць немагчыма, такім шляхам ідзе толькі дэградацыя!). Відаць, у гэтым “прычына” яго вялікай “папулярнасьці” на Захадзе.

3.

А цяпер давайце возьмем нашу маністычную сітуацыю і паглядзім на яе ня зьверху, а збоку (гл. сьхемы, разьмешчаныя ўнізе).

d0a1d18cd0b2d0b5d182-d196-d091d0bed0b3-2

На сьхеме А ўмоўнымі сімваламі паказаны наш сёньняшні Сьвет (яго мэжы абмяжоўваюць чорныя касыя лініі). Тоўстая паласа з надпісам “чалавецтва сёньня” пазначае сёньняшні стан людскай цывілізацыі. Галоўная частка Бога, як абсалютная Мэта прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету, знаходзіцца ў скрайняй верхняй кропцы і адтуль “прапануе” Сьвету прагрэсіўна разьвівацца ў кірунку да Яго. Але зьнізу знаходзіцца той, пра каго я дасёньня не ўзгадваў. Ён мае свой уплыў на Сьвет і чалавецтва і яго кірунак “прапановы” супрацьлеглы – дэградатыўны. Законы Бога і д’ябла сутракаюцца на мяжы, дзе знаходзіцца чалавецтва. І з-за гэтага яно апынаецца ў сітуацыі выбару.

Усё гэта азначае, што значэньне Бога для чалавецтва не ў яго сіле, а ў яго прапанове. Ён, нібы маяк (толькі што такі, які знаходзіцца строга ўверсе), паказвае кірунак дарогі да Бога – кірунак сэнсу існаваньня чалавецтва і сэнсу жыцьця чалавека, але разумовыя, фізічныя, валявыя, часавыя ды іншыя затраты будуць выключна на саміх людзях. Пры гэтым рэальны Бог “ведае”, што на вышэйшым узроўні арганізацыі Сьвету (такім, які сёньня ў вядомым нам Сьвеце займае чалавецтва) аб’ектыўна ёсьць усе рэсурсы, каб узьняцца на (стварыць) чарговы больш высокі ўзровень арганізацыі Сьвету.

Д’ябал прапануе іншае – лёгкае падзеньне ўніз, дэградацыю. Ён забірае ў жыцьця сэнс, падступна прапануе наўзамен лёгкасьць…

Зафіксуем гэта як чарговы прынцып нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 11)

Што абярэ чалавецтва? Што зь ім будзе праз пэўны час (пазначаны сімвалам t)?

На сьхеме Б паказаны аптымістычны варыянт: чалавецтва прыслухалася да Бога і ўзьнялася на больш высокі ўзровень сваёй арганізацыі. Гэта значыць, што чалавецтва стала яшчэ больш разнастайным, складаным, прыгожым, цікавым і адначасна (і гэта вельмі важна!) больш уладкаваным, гарманізаваным, сістэмна арганізаваным!

Гэтае разуменьне таго, чаго ад нас – людзей – чакае сапраўдны Бог, давайце зафіксуем у выглядзе яшчэ аднаго прынцыпу Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 12).

Падпарадкаваньне спакусам д’ябла прывядзе да дэградацыі чалавецтва (варыянт В). Гэта значыць, што яно стане больш прымітыўным, таталітарным і адначасна істотна больш хаатычным, касмапалітызаваным (канцлагер на сьметніку) – менавіта такім, у кірунку якога яго штурхаюць усе імперасты і ліберасты!

Думаю, і гэтае палажэньне ня грэх зафіксаваць як чарговы прынцып нашай Сьветагляднай дактрыны (С пр-п 13).

4.

Паколькі ніхто ў нашай рэдакцыі, як мы дамовіліся ў адпаведнасьці з С пр-пам 10, ня будзе імкнуцца да містыкі, адвязнай, а тым больш ідэалістычнай футуралогіі, паспрабую сфармуляваць канкрэтныя задачы, якія стаяць перад чалавецтвам у сувязі з тым, што яно знаходзіцца на самай мяжы сутыкненьня “прапановаў” Бога і д’ябла.

Для мяне відавочна, што такіх стратэгічных задач ёсьць тры:

1. Чалавецтва павінна выжыць. Яно не павінна загінуць ні па прычыне запуску ўнутраных механізмаў самазьнішчэньня, ні з-за якіх бы там ні было вонкавых абставін. Загінулае чалавецтва ня здольна будзе выканаць сваю місію. А наш шлях толькі ўверх!

2. Чалавецтва павінна прагрэсіўна разьвівацца, найперш у гуманістычным ключы, забясьпечыць істотнае паскарэньне гуманістычнага прагрэсу. Гэта значыць, што ў чалавецтва павінен істотна ўзрасьці ўзровень унутранай уладкаванасьці ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, сацыяльнымі групамі, народамі. Усе канфлікты рэлігійнага ці палітычнага плана, усе нацыянальныя, сацыяльная, эканамічныя ды іншыя віды несправядлівасьці, эксплуатацыі, паразітаваньня чалавека на чалавеку павінны істотна паменшыцца. У чалавецтва павінна істотна ўзрасьці ступень “экалагічнасьці” стаўленьня да вонкавага асяроддзя. І натуральна, з іншага боку – чалавецтва не павінна дапусьціць самадэградацыі, пагружэньня ў хаас глабальнай касмапалітызацыі, што ёсьць сатанісцкай справай.

3. Чалавецтву варта імкнуцца стварыць такіх абсалютна маральных суб’ектаў-звышістот (біялагічных ці тэхнічных), якія маглі б стварыць якасна больш высокі (надлюдскі) ўзровень разьвіцьця вядомага нам сьвету.

Давайце лічыць пададзенае чарговым нашым сьветаглядным прынцыпам (С пр-п 14).

5 каментарыяў

  1. Яўген кажа:

    Ня ведаю, наколькі ўвогуле каментары могуць паўплываць на дактрыну А.Астроўскага, але тэзісна выкладу думкі, якія з’яўляюцца пасьля азнакамленьня з артыкуламі і абапіраюцца на мой сьветагляд, які моцна скарэктыраваўся Новым Запаветам. Артыкулы слушныя, з іх відаць імкненьне палепшыць стан на Беларусі, неяк апісаць ці ўявіць Бога. Шукаць Бога трэба, гэта задача для ўсіх, а знайшоўшы – выконваць Яго Волю. Апісаць Бога вельмі складана, па-гэтаму задача сур’езная, але ці рэалізуемая. Імкненьне пазнаць Бога розумам за 2000 год не дало вынікаў мо з-за таго, што розум выключна чалавечы, ен вырашае бытавыя, матэрыальныя задачы на ўзроўні цела. Мо кіравацца і пазнаваць Бога трэ Сьвятым Духам, які настаўляе розум альбо дае на розум. Можа прагучаць странна, але ці не мела чалавецтва такога, вобразна кажучы, “органа”, які б успрымаў Сьвяты Дух, і ці не згубіла чалавецтва такую сваю адметную ўласьцівасьць? Навукі не згінуць, яны могуць па-новаму адрадзіцца пад “метадалогіяй” Сьвятога Духа. Магу сказаць, што я пачаў неяк адчуваць Сьвяты Дух толькі пасьля Новага Запавету і праз пакаяньне. Да пошукаў мяне падштурхнула усьведамленьне ўсей неправільнасьці гэтага сьвету. У дактрыне не ўзгадваецца пра Хрыста і яго ролю. Хрыстос як Сьвет у цемры, які не дае зблудзіць, і дапамагае Духам.

    Яшчэ хачу адзначыць і індаэўрапейскі матыў. Да, гэта вельмі ўзнесла казаць, што ў індаэўрапейскія ці арыйскія часы ў нас былі свае багі, і мы жылі разам з богам(і) у раі (выраі) каля дрэва жыцьця і былі на высокай ступені арганізацыі Сусьвету. Але чаму ж, абапіраючыся на мае маленькія веды пра Веды, Бог (і) пакінуў(лі) людзей(нас) з-за ўсеагульнай дэградацыі і аставіў(лі) адных? І чаму Хрыстос прыйшоў выратаваць пакінутых, у тым ліку і “язычнікаў”, а не тыя багі?

    Карацей, вось што круціцца ў галаве.

  2. Дарафей кажа:

    Мае уласныя светапогляды супадаюць з маністычнымі, але вось тое, што прапануюць нам сёнешняя царква і касцёл- гэта звычайны дуалізм. І толькі на гэтай глебе яны і могуць існаваць, быць “пасрэднікамі” паміж Богам і людзьмі (так было з даўніх часоў , калі каб даведацца волю багоў людзі ішлі да жраца-шамана, які мог размаўляць з багамі). Іх аўдыторыя- гэта людзі з 1-3 узроўнем успрыняцця свету (зыходзячы з класіфікацыі рэдакцыі). Гэта тая катэгорыя, якой магчыма, адпаведна праз царкву альбо касцёл, маніпуляваць. На карысць каго працуюць сёнешняя праваслаўная і каталіцкая царква усем добра вядома (аб гэтым напісана ў папярэднім артыкуле). На мой погляд, у ідэале, праз асветніцкую дзейнасць, былоб добра стварыць адзіную беларускую царкву, якая аб’ядноўвалаб і каталікоў і праваслаўных (накшалт таго,што ёсць у армян, грузін, жыдоў,-што дарэчы і дапамагло гэтым народам захаваць сваю мову і культуру). Але я нездарма сказаў, што ўсё гэта магчыма ў ідэале і на гэта патрэбна шмат часу. У існуючых рэаліях мы, на прыкладзе суседняй Украіны, бачым, у што пералілася спроба стварыць уласную царкву,- рэлігійным расколам грамадства (не без дапамогі суседзяў). Трэба дабіваца, як мага большай самастойнасці праваслаўнай царквы Беларусі ад Масквы і выключэння Польскага уплыву ў беларускім касцёле (пераарэінтацыю яго з Польшчы напрамкі на Ватыкан). Усё гэта складана, але РЭАЛЬНА.

  3. Вельмі парадаваў каментар сп. Дарафея. Асабіста ён мяне парадаваў тым, наколькі глубока пастаўлена пытанне? Што рабіць, каб перамагчы тое, што раз’ядноўвае наш народ. І для любога думаючага чалавека бачна, што царква і касцёл, з’яўляюцца той прыладай, якая раздзірае наш народ на дзве часткі. А нам патрэбна аб’ядноўвацца. Магчымасць ёсць. Нам патрэбна свая нацыянальна-патрыятычная духоўная эліта. Нам не патрэбны ў Беларусі ні прысланыя ксяндзы, ні папы. Гэта не выгадна ні народу, ні нават такому дыктатарскаму рэжыму, які пануе на Беларусі сёння, таму што для народа азначае поўнае знікне як народа і паглынанне яго тэрыторыі іншым народам. А для улады азначае ніколі не быць самастойнай і паважанай. Адна справа быць кіраўніком нашчадкаў арыяй, а другая – быць шасцёркай у нейкага пахана. Выхад вельмі просты: нацыянальным патрыётам патрэбна ісці да народу і разам з народам будаваць новыя цэрквы і касцёлы і станавіцца святарамі. Гэтага саромецца зусім не патрэбна, бо вы становіцеся духоўнымі настаўнікамі свайго народа. Вы павінны вясці свой народ да аб’яднання і шчаслівага жыцця. Гэта ганаровая місія. Гэта і ёсць адзін з шляхоў дасягнення незалежнай, шляхетнай, высокакультурнай, высокаадукаванай, заможнай Беларусі. Што такое вера? Чытайце слова: ве-Ра – гэта значыць веды і Ра (Бог, сонца, прырода і г.д.). А цяпер удумайцеся ў словы з Бібліі: яшчэ і зямлі не было, зорак на небе, а ты ужо існавала; была дарадцам і памочнікам стваральніка свету (Як вы думаеце хто гэта быў? Мудрасць. А мудрасць – гэта і веды, і вопыт, і культура, і выхаванне і г.д. Мудрасць – гэта вялікая духоўная сіла). І для таго каб быць элітай народа, стаць настаўнікам свайго народа, а гэта значыць быць аўтарытэтам для народа патрэбна мець гэтую духоўную сілу ў сябе унутры.

  4. tom кажа:

    Калі можна растлумачце, калі ласка, стратэгічную задачу №3.

  5. Рэдакцыя кажа:

    Tom-у
    Мы паспрабуем адказаць на гэтае пытаньне, але, калі можна, пазьней
    (бо цяпер у нас вельмі напружаныя планы; акрамя таго, у рэдакцыі ўзьніклі істотныя тэхнічны праблемы).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы