nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Язычніцкія крыніцы хрысьціянскай веры

11 мая, 2009 | 19 каментарыяў

d09cd196d184-1Пасьля пэўнай увагі, якую мы надалі вызначэньню нашага стаўленьня да “Усходняга партнэрства”, час вярнуцца да сьветагляднай дактрыны. Але цяпер мы будзем глядзець на нашага Бога, наш манізм і наша сьветабачаньне не з пазіцыі рэлігійных ці дуалістычных сьветаглядаў, правяраючы іх праўдзівасьць-моц, а наадварот. Цяпер давайце праверым моц рэлігійнага сьветагляду з пазіцыі сьветагляду маністычнага. Пададзены ніжэй матэрыял – гэта набраны па-беларуску поўны закадравы тэкст адной зь серый (“Самая вялікая гісторыя”) вядомага шматсерыйнага фільма, які цяпер шырока распаўсюджваецца на электронных носьбітах і мае назву “Дух часу”. Ён прысьвечаны навуковаму аналізу хрысьціянскіх міфаў, выкладзеных у Бібліі.

Рэдакцыя.


“Чым больш мы задумваемся над тым: Што мы ведаем пра сябе? Адкуль мы прыйшлі? Што мы робім? – тым больш мы пераконваемся, што нам хлусяць. Нас падманваюць усе грамадскія структуры…

А як вы думаеце, чаму рэлігійныя ерархіі ніхто не чапае?

[А таму што] рэлігійныя ерархіі гэтага сьвету стаяць у самых падстаў пароку. Рэлігійныя ерархіі ў гэтым сьвеце створаны тымі ж людзьмі, якія даюць вам урады, заганную сістэму адукацыі, якія стварылі банкаўскія картэлі, таму што вашым гаспадарам пляваць на вас і вашыя сем’і. Іх хвалюе толькі тое, што хвалявала заўсёды – улада і кантроль над усім сьветам.

Нас наўмысна адвялі ад праўды пра тое, што такое вышэйшая сіла ў Сусьвеце, якую людзі называюць Богам.

Я ня ведаю, што такое Бог, але я дакладна ведаю, чым Ён не зьяўляецца. І пакуль вы ня будзеце гатовыя ўбачыць праўду, якой бы яна ні аказалася і хто б вам яе ні паведаміў (ці захочаце вы паглядзець на сьвет па-новаму? ці будзеце працягваць гуляць у сваю гульню?), то ранней ці пазьней вы зразумееце, што вы гуляецеся з сусьветным правасуддзем.

Чым больш вы разьвіваецеся, тым больш вы пачынаеце разумець прыроду рэчаў, тым відавочней усё становіцца і вы пачынаеце бачыць хлусьню паўсюль. Вы павінны ведаць праўду, шукаць праўду і тады… праўда зробіць вас вольным!»

 

«Ім будзе няпроста, тым, хто пакладаецца на ісьціну аўтарытэта замест таго, каб пакладацца на аўтарытэт ісьціны». Джэральд Мэсьсі, егіптолаг.

 

«Дый таму, што я хачу вам сказаць праўду. Праўду хачу сказаць.

Усё гэта хлусьня. Сусьветная хлусьня ў вышэйшай лізе. Вы ўсе трапечаце перад чэмпіёнам усіх часоў па фальшывых абяцаньнях і пустых прэтэнзіях – рэлігіяй.

Задумайцеся над гэтым. Рэлігія прымушае чалавека паверыць, што там, на нябёсах, ёсьць нейкі нябачны чалавек, які за вамі назірае кожны дзень і кожную хвіліну. І ў гэтага нябачнага чалавека ёсьць асаблівы сьпіс, што вам дазволена, а чаго – не. І калі вы зробіце нешта зь дзесяці з гэтага сьпісу кепскіх спраў, дык трапіце ў асаблівае месца, дзе агонь, дым, мукі й пакуты. Ён накіруе вас туды, каб вы пакутавалі, гарэлі, задыхаліся, крычалі на векі вечныя!

Але… Ён любіць вас. Ён любіць вас…

Ён любіць вас і яму патрэбны… грошы. Яму заўсёды патрэбныя грошы. Ён усемагутны, дасканалы, усёведаючы, наймудрэйшы. Вось толькі з грошамі непарадак…

Рэлігія зьядае мільярды даляраў. Яны ня плоцяць падаткаў і ім заўсёды мала…

Дый хлусьня ўся гэтая гісторыя. Хрэнь поўная!..” [рэмарка аўтараў фільма. – Рэд.]

“Гэта Сонца. Яшчэ за 10.000 гадоў да нашай эры ў гісторыі знаходзіцца маса прыкладаў напісаных і высечаных у камяні сьведчаньняў пакланеньня чалавека Сонцу.

Цалкам зразумела – чаму. Кожную раніцу, калі ўстае Сонца, яно прыносіць сьвятло, цяпло і бароніць чалавека ад холаду і поўнай небясьпечных драпежнікаў цемры. Усе цывілізацыі разумелі, што безь яго ня вырасьце ўраджай, а жыцьцё на Зямлі зьнікне. Гэта разуменьне рабіла Сонца самым шанаваных аб’ектам ва ўсе часы.

Таксама людзі ведалі пра зоркі. Яны сачылі за іх перамяшчэньнем па небасьхіле і праз гэта прадказвалі доўгатэрміновыя падзеі – такія, як зацьменьні й поўні.

Для зручнасьці старажытныя людзі згрупавалі зоркі ў тое, што нам вядома сёньня як сузор’і.

Гэта крыж Задзіяка [гл. малюнак у пачатку артыкула. – Рэд.] – адзін з найстаражытных сімвалаў у гісторыі чалавецтва. Ён паказвае, як Сонца на працягу года праходзіць праз 12 галоўных сузор’яў. Таксама ён адлюстроўвае 12 месяцаў, 4 пары году, дні сонцастаяньня і раўнадзенства.

Слова “Задзіяк” – па-грэцку “кола жывёл” – узьнікла ад таго, што сузор’і зьвязвалі з вобразамі зьвяроў і людзей. Іншымі словамі, старажытныя цывілізацыі ня толькі сачылі за Сонцам ды зоркамі, але і персаніфікавалі іх у міфах, якія тлумачылі іх гадавы рух.

Сонца, як пачатак, які дае і захоўвае жыцьцё, увасабляла сабой пасланьніка нябачнага творцы, боскае сьвятло, зьзяньне сьвятла, ратавальніка чалавецтва. Такім чынам, 12 сузор’яў азначалі часавыя перыяды, якія Сонца праходзіць за год, і зьвязваліся са зьявамі прыроды, тыповымі для гэтага часу года (напрыклад, Вадалей азначаў веснавыя дажджы).

Вось Гор [Горас] – Бог Сонца ў Егіпце прыкладна за 3.000 гадоў да н.э. Ён – сонца ў вобразе чалавека, а яго жыцьцё – гэта алегарычныя міфы, якія тлумачаць рух Сонца па небасьхіле. Са старажытных егіпецкіх ерогліфаў мы шмат даведваемся пра гэтага месію. Напрыклад, у Гора (г.зн. Бога Сонца і сьвятла) быў вораг – бог зь імем Сэт, які ўвасабляў сабой ноч і цемру.

Вобразна кажучы, кожную раніцу Гор атрымліваў перамогу над Сэтам, а па вечарах Сэт перамагаў Гора і накіроўваў яго ў падземнае валадарства. Барацьба сьвятла зь цемрай, г.зн. дабра са злом – самая распаўсюджаная ў міфах барацьба супрацьлегласьцяў, якая праяўляецца па-рознаму са старажытных часоў пасёньня.

Сьцісла гісторыя Гора выглядае наступным чынам: ён нарадзіўся 25 сьнежня ад дзевы Ізіды – Марыі. Калі ён нарадзіўся, загарэлася зорка на ўсходзе, пры дапамозе якой тры цары знайшлі месца нараджэньня выратавальніка. Ва ўзросьце 12 гадоў ён навучаў дзяцей багацея. Ва ўзросьце 30 гадоў прыняў духовае пасьвячэньне ад чалавека зь імем Ануб. У Гора было 12 вучняў, зь якімі ён падарожнічаў, зьдзясьняючы цуды – напрыклад, вылечваў хворых і хадзіў па вадзе. Гор быў вядомы пад шматлікімі алегарычнымі імёнамі, такімі як Ісьціна, Сьвятло, Сын Бога, Пастыр Бога, Агнец Гасподзен і многімі іншымі. Пасьля здрады Тыфонам быў расьпяты на крыжы, пахаваны на тры дні, а затым уваскрос…

Ці быў Гор першым, ці не, але гэтыя ж рысы сустракаюцца ў многіх культурах сьвету, у многіх іншых багоў. І іх можна аднесьці да адзінага міфа.

Фрыгійскі Аціс. Нарадзіўся 25 сьнежня ад дзевы Наны. Расьпяты, прабыў у магіле тры дні й затым уваскрос.

Індыйскі Крышна. Народжаны 25 сьнежня дзевай зь імем Дэвака. Яго прыход азначыла зорка на ўсходзе. Ён рабіў цуды з 12 вучнямі, а пасьля сьмерці ўваскрос.

Грэцкі Дыяніс. Народжаны 25 сьнежня дзевай. Падарожнічаў, вучыў людзей і рабіў цуды – такія, напрыклад, як ператварэньне вады ў віно. Яго называлі “Цар цароў”, Адзінародны сын боскі, “Альфай да Амегай” й іншымі эпітэтамі. Пасьля сьмерці ўваскрос.

Персідскі Мітра. Народжаны дзевай 25 сьнежня. У яго было 12 вучняў. Рабіў цуды. Пасьля сьмерці быў пахаваны на тры дні, а затым уваскрос. Яго звалі Ісьціна, Сьвятло ды іншымі імёнамі. Цікава, што днём пакланеньня Мітры была нядзеля.

У сапраўднасьці, многія Выратавальнікі, якія існавалі ў розныя часы па ўсім сьвеце, трапляюць пад гэта правіла.

Застаецца пытаньне: адкуль узяліся гэтыя падобныя рысы? Чаму дзева нарадзіла 25 сьнежня? Чаму ён быў мёртвым тры дні, а затым уваскрос? Чаму 12 вучняў і наступнікаў?

Каб зразумець гэта, давайце зьвернемся да апошняга сонечнага месіі.

Ісус Хрыстос. Быў народжаны 25 сьнежня ў Віфліеме дзевай Марыяй. Яго нараджэньне азнаменавалася зьяўленьнем зоркі на ўсходзе, па якой яго месца нараджэньня знайшлі тры цары-валхвы. Ён вучыў дзяцей багацея ў 12 гадоў. Калі яму было 30, быў хрышчаны Янам-Хрысьціцелем і пачаў сваё служэньне. У Ісуса было 12 вучняў, зь d09cd196d184-2якімі ён падарожнічаў, робячы цуды: вылечваў хворых, уваскрэшваў мёртвых, хадзіў па вадзе. Ён быў вядомы як “Цар цароў”, Сын Божы, Сьвятло зямное, “Альфа ды Амега”, Агнец Госпада і г.д. Пасьля здрады сваім вучнем Юдай, які прадаў яго за 30 срэбранікаў, ён быў расьпяты, пахаваны на тры дні, а затым уваскрос і ўзьнёсься на неба…

 

Па-першае, гэтая гісторыя нараджэньня мае астралагічны сэнс (гл. малюнак зьлева).

Зорка на ўсходзе – гэта Сірыюс – самая яркая зорка ў начным небе, якая 24 сьнежня ўтварае лінію з трыма самымі яркімі зоркамі ў Пасе Арыёна. Гэтыя тры зоркі й сёньня, як і ў старажытнасьці, завуцца “Трыма царамі”. Гэтыя “тры цары” і самая яркая зорка Сірыюс паказваюць на тое месца на гарызонце, дзе ўсходзіць Сонца 25 сьнежня (гл. малюнак). Вось чаму “Тры цары” ідуць сьледам за зоркай на ўсходзе, каб знайсьці месца ўсходу – г.зн. месца нараджэньня Сонца.

 

d09cd196d184-3Дзева Марыя – сузор’е Дзевы. Лацінскае імя сузор’я “Вірга” таксама азначае “Дзева”. Старажытны сімвал сузор’я Дзевы – зьмененая літара М (гл. малюнак зьлева). Марыя разам зь іншымі дзевамі, якія сталі маці – маці Адоніса Міра, маці Будды Мая – таксама пачынаюцца на “М”.

Дзева таксама мае дачыненьне да г.зв. “Дома хлеба”. Гэтае сузор’е паказвае дзеву з калосьсем у руцэ. “Дом хлеба” і яго сімвал – колас – абазначаюць жнівень і верасень – час жатвы. У сваю чаргу, Віфлеем таксама перакладаецца літаральна як “дом хлеба”. Віфлеем таксама ўказвае на сузор’е Дзевы, г.зн. на месца на небасьхіле, а не на зямлі.

Ёсьць яшчэ адзін феномен, які адбываецца напярэдадні 25 сьнежня ў час зімовага сонцастаяньня. Пачынаючы з часу летняга сонцастаяньня да зімовага, дні становяцца карацей. У паўночным паўшар’і Сонца рухаецца нібы на поўдзень. Яно становіцца менш і дае менш сьвятла. Для старажытных скарачэньне дню і спыненьне росту расьлін па меры набліжэньня зімы сімвалізавала сьмерць. Гэта была сьмерць Сонца. Яна наступала 22 сьнежня. Пасьля таго, як Сонца, адыходзячы на поўдзень на працягу 6 месяцаў, апыналася ў сваёй ніжэйшай кропцы на небасьхіле. У гэты час здаралася цікавая зьява – Сонца спыняла свой зімовы рух на поўдзень на тры дні. У час гэтай 3-дзённай паўзы Сонца затрымліваецца ў раёне сузор’я Паўднёвы Крыж. А пасьля гэтага 25 сьнежня Сонца ўзьнімаецца на адзін градус паўночней, як прадвесьце падоўжаньня дню, цяпла і вясны. Метафарычна гаворыцца, што Солнца памірае на крыжы на тры дні, а потым уваскрасае і нараджаецца наноў.

Вось таму Ісус ды іншыя сонечныя боствы апынаюцца распятымі на крыжы, паміраюць на тры дні, а потым уваскрасаюць… А пераходны перыяд, калі Сонца ў паўночным паўшар’і мяняе свой кірунак руху, абазначае хуткі прыход вясны – г.зн. выратаваньне.

Аднак уваскрэшаньне Сонца не сьвяткавалі да наступленьня вясеньняга раўнадзенства – г.зн. Пасхі. Так адбываецца таму, што ў дзень вясеньняга раўнадзенства Сонца бярэ верх над сіламі цемры – г.зн., дзень становіцца даўжэйшы за ноч, што супадае з прыходам вясны і адраджэньнем прыроды.

Цяпер пра самы відавочны астралагічны сімвал – пра 12 вучняў Ісуса. Яны ёсьць ні што іншае, як 12 сузор’яў Задзіяка і суправаджаюць падарожжа Ісуса-Сонца на працягу года.

У сапраднасьці лічба 12 паўтараецца паўсюль у Бібліі. Гэтая кніга зьвязаная з астралогіяй, як ніякая іншая.

Калі вярнуцца да Задзіяка, як сімвала сонечнага цыкла, дык гэта быў ня проста алегарычны дапаможнік, які апісваў рух Сонца. Ён уяўляў зь сябе язычніцкі сімвал, які ў спрошчанай форме выглядаў так [як паказана чырвоным колерам на малюнку ў пачатку артыкула].

Гэта не сімвал хрысьціянства. Гэта язычніцкая падача сімвала Задзіяка.

 

d09cd196d184-4Менавіта таму Ісус на раньніх іконах намаляваны з галавой у цэнтры крыжа, паколькі Ісус – гэта Сонца (гл. фота зьлева). Ён – Сын Божы, Сьвятло зямное, узьнесены Выратавальнік, які прыйдзе зноў, як і кожную раніцу. Ён – зіхаценьне гасподняе, якое бароніць ад цемры. Ён нараджаецца наноў кожную раніцу. Яго можна ўбачыць, як ён сыходзіць з аблокаў, у нябёсах з каронай з шыпоў – г.зн. з прамянямі.

 

Далей, адна з важнейшых астралагічных і астранамічных метафар у Бібліі мае дачыненьне да эраў, альбо вякоў. У тэксьце Бібліі шмат узгадак пра вякі. Каб зразумець гэта, мы павінны азнаёміцца, што такое прэцэсія, альбо апярэджаньне раўнадзенстваў. Старажытныя егіпцяне, як і больш раньнія культуры, ведалі, што прыкладна кожныя 2150 гадоў Сонца ўставала раніцай у дзень веснавога раўнадзенства ў новым сузор’і Задзіяка. Гэта ўзьнікае з-за павольнага абарочваньня васі кручэньня зямнога шара. У гэтым цыкле сузор’і ідуць у зваротным кірунку ў параўнаньні з нармальным гадавым цыклам.

На тое, каб прэцэсіі прайшлі праз усе 12 знакаў, ідзе прыкладна 25.765 гадоў. Гэта так званы платонавы год. Старажытныя людзі добра ведалі пра гэта. Яны называлі кожны перыяд у 2.150 гадоў эрай.

Ад 4300 года да н.э. па 2150 год да н.э. была эра Цяльца. З 2150-га да н.э. да 1 года н.э. была эра Оўна. А з 1-га па 2150 год н.э. – працягваецца сёньняшняя эра Рыб. Прыкладна з 2150 году мы ўвойдзем у новую эру – эру Вадалея.

Такім чынам, Біблія сімвалічна апісвае рух праз тры эры ў чацьвертую.

 

У Старым Запавеце Маісей зьявіўся на Сінайскую гару зь 10-ю запаветамі. Яго засмуціла тое, што людзі схіляліся перад залатым цяльцом. Ён разьбіў каменныя пліты і сказаў людзям яго народу забіваць адзін аднаго, каб ачысьціцца. Многія дасьледнікі Бібліі тлумачаць ягоны гнеў тым, што ізраільцы схіляліся перад ідалам альбо чымсьці ў гэтым родзе. На самой справе, залаты цялец – гэта сузор’е (таму юдэі ў рытуалах выкарыстоўваюць рогі бараноў). Маісей увасабляў сабой новую эру Оўна. З наступленьнем новай эры кожны павінен адкінуць старую.

Пра гэты пераход сьведчаць й іншыя боствы. Напрыклад, Мітра – дахрысьціянскі бог, які забівае цяльца ў падобным міфе.

Такім чынам, Ісус абвяшчае прыход эры, якая зьмяніла эру Оўна – г.зн. цяперашнюю эру Рыб. Сімвал Рыбы вельмі часта сустракаецца ў Новым запавеце: “Ісус накарміў 5000 чалавек хлебам і дзьвюма рыбамі”, “калі ён пачаў сваё служэньне, уступіўшы ў Галілею, ён сустрэў двух рыбакоў, якія пайшлі за ім”.

Я думаю, вы сустракалі рыбу Ісуса нават на аўтамабілях. Але мы мала ведаем, што яна ў сапраўднасьці азначае. Гэта – язычніцкі астралагічны сімвал, які азначае царства Сонца ў эру рыб.

Таксама нараджэньне Хрыста ёсьць пачаткам адліку часу нашай эры.

У Евангельлі ад Лукі 22;10 вучні запыталіся ў Ісуса: дзе яны сустрэнуць яго пасьля яго сыходу. Хрыстос адказаў ім: “Вось, пры ўваходзе вашым у горад сустрэнецца вам чалавек, які нясе збан з вадой. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе ён”.

Гэты фрагмент – адно з самых цікавых астралагічных сьведчаньняў.

Чалавек са збанам вады – гэта Вадалей. Яго часта падавалі, як чалавека, які лье ваду са збана. Ён прадстаўляе эпоху, якая ідзе за эрай Рыб, калі Сонца – сын Божы – пакідае эру рыб – Ісус, ён ідзе ў дом Вадалея, паколькі Вадалей ідзе за Рыбамі ў цыкле прэцэсіі. Такім чынам Ісус гаворыць, што за эрай Рыб ідзе эра Вадалея.

 

Далей. Мы ўсе некалі чулі пра канец сьвету.

Акрамя алегарычных апісаньняў у кнізе Адкравеньняў, важная крыніца гэтай канцэпцыі – Евангільле ад Матвея 28:20, дзе Ісус кажа: “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня сьвету”. Аднак ,у англійскай версіі Бібліі слова “сьвет” няверна перакладзена, як і ў многіх іншых месцах. У сапраўднасьці выкарыстоўвалася лацінскае слова “Эон”, што значыць “Век, Эра”. “Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня века”. І гэта праўда. Увасабленьне Ісусам Сонца ў эру Рыб скончыцца з прыходам эры Вадалея.

Канцэпцыя Канца Сьвету ёсьць нішто іншае, як неверна зразуметая астралагічная алегорыя…

Паспрабуйце цяпер расказаць пра гэта прыкладна 100 мільёнам амерыканцаў, якія вераць у надыход Канца Сьвету…

 

Далей. Сама фігура Ісуса ў жыцьцярысе і ў астралагічным падтэксьце ёсьць наўпроставае пазычэньне ад старажытнаегіпецкага сонечнага бога Гора. Напрыклад, на сьценах егіпецкага храма ў Луксоры, якому больш за 3.000 гадоў, ёсьць сімвалы, якія паказваюць незаганнае зачынаньне, нараджэньне і пакланеньне Гору. У пачатку адліга паведаміла Ізідзе, што яна народзіць Гора. Затым сьвяты дух Неф апладніў дзеву. Адсюль пакланеньне незаганнаму зачынаньню. Гэтая гісторыя дакладна паўтараецца ў цудоўным зачынаньні Ісуса. Падобнасьць паміж гісторыяй Ісуса і рэлігіяй старажытных егіпцянаў ёсьць уражвальнай.

Запазычанасьці на гэтым не заканчваюцца.

Гісторыя Ноя і яго каўчэга таксама зь егіпецкай традыцыі. Гісторыя вялікага патопу сустракаецца паўсюдна ў старажытным сьвеце, налічваючы больш за 200 узгадваньняў з розных перыядаў. Ня трэба хадзіць далёка. Паглядзім на міф пра Гілгамеша, які быў апісаны за 2600 гадоў да нашай эры.

Гэта гісторыя распаваядае пра вялікі патоп, які наслаў на сьвет Бог, пра каўчэг з выратаванымі на ім жывёламі й нават пра голуба, які быў адпушчаны і вярнуўся назад. Усе гэтыя сюжэты мы пазьней сустракаем у Бібліі. Разам зь іншымі супадзеньнямі.

Альбо вось запазычаная гісторыя Маісея.

Калі Маісей нарадзіўся, лічыцца, што яго паклалі ў кошык і спусьцілі на ваду ў раку, каб уратаваць ад забойства. Пазьней яго выратавала царская дачка і ўзгадвала як прынца. Гэтая гісторыя зь немаўляткам у кошыку адзін у адзін паўтарае гісторыю Саргона Акацкага, які жыў прыкладна 2250 гадоў да н.э. Калі немаўлятка Саргон нарадзіўся, каб выратаваць яго жыцьцё, яго таксама паклалі ў кошык і пусьцілі па рацэ. Яго ўратавала і выгадавала Акі – сярэдняя жонка цара.

Больш за тое, Маісей вядомы як той, хто даў закон – г.зн. 10 запаветаў (закон Маісея). Аднак сюжэт боскай перадачы законаў прароку на гары таксама сустракаўся раней. Маісей – толькі адзін з прарокаў, які даў закон у міфалогіі.

У Індыі Ману дыў людзям боскі закон. У Грэцыі на востраве Крыт цар Мінас паднаўся на гару Дзікта, дзе Зеўс адкрыў яму сьвяты закон. У Егіпце быў Місес, у якога былі каменныя шыльдачкі, на якіх быў запісаны Боскі закон. Ману, Мінас, Місес, Маісей…

Што да 10 запаветаў, яны наўпрост запазычаны з 125-й главы егіпецкай Кнігі Мёртвых. Тое, што ў Кнізе Мёртвых было “я ня скраў” – стала “не крадзі”; “я не забіваў” стала “не забівай”; “я ня хлусіў” стала “не ілжэсьведчы” і г.д.

На самой справе старажытнаегіпецкая рэлігія ўяўляе зь сябе аснову юда-хрысьціянскай тэалогіі: хрышчэньне, жыцьцё пасьля сьмерці, страшны суд, незаганнае зачынаньне, распінаньне, уваскрэшаньне, каўчэг запавета, абразаньне, выратавальнікі, сьвятое прычасьце, вялікі патоп, раство, песах і г.д., і да т.п. Усё гэта старажытнаегіпецкія атрыбуты, якія задоўга папярэднічалі хрысьціянству і юдаізму.

Юсьцін Марцін, адзін зь першых гісторыкаў і апалагетаў хрысьціянства, пісаў: “Калі мы кажам, што Ісус Хрыстос наш настаўнік быў зачаты без саіція, а потым распяты, памёр, уваскрос і ўзьнёсься на нябёсы, мы не сьцьвярджаем нічога адрознага ад таго, у што верыце вы – сыны Юпіцера – пакланяючыся сваім багам”. У іншай сваёй працы ён кажа: “Ён народжаны дзевай. Прыміце гэта, як і аналагічны выпадак зь Персэям”.

Відавочна, што Юсьцін ды іншыя раньнія хрысьціяне ведалі, наколькі вялікім ёсьць падабенства хрысьціянства зь язычніцкімі рэлігіямі. Аднак у Юсьціна было апраўданьне. Калі трэба, яго выручаў д’ябал… Вядома ж, хітры д’ябал, які прадчуваў прыход Хрыста, заблытаў карты ў язычніцкім сьвеце…

 

Хрысьціянскія фундаменталісты. Цудоўна. І гэтыя людзі вераць, што Сьвету 12.000 гадоў… Ну, да. Я неяк запытаў у аднаго: “Ну, дык, а як жа быць з парэшткамі дыназаўраў?” Ён кажа: “Парэшткі дыназаўраў? Іх стварыў Бог, каб спраўдзіць нашу веру”. “Дык, хлопец, гэта цябе Бог стварыў, каб выпрабаваць маю веру”… [рэмарка аўтараў фільма. – Рэд.]

Біблія ёсьць нішто іншае, як сумесь астралогіі з тэалогіяй, як і ўсе рэлігійныя міфы да таго. На самой справе сьведчаньні пераносу рысаў з аднаго персанажа на іншы ёсьць нават унутры самой Бібліі. У Ветхім Запавеце ёсьць гісторыя Ёсіфа – прататыпа Ісуса. Ёсіф быў народжаны цудоўным чынам і Ісус быў народжаны цудоўным чынам, у Ёсіфа было 12 братоў і ў Ісуса было 12 вучняў, Ёсіфа здрадзілі за 20 срэбранікаў і Ісуса здрадзілі за 30 срэбранікаў, брат Юда здрадзіў Ёсіфа – вучань Юда здрадзіў Ісуса, Ёсіф пачаў служэньне ў 30 гадоў і Ісус пачаў служэньне ў 30 гадоў. Паралелі сустракаюцца на кожным кроку…

Далей. Ці ёсьць якія-небудзь небіблейскія сьведчаньні таго, што існаваў чалавек зь імем Ісус – сын Марыі, які падарожнічаў з 12 наступікамі, вылечваў людзей і рабіў іншае?

У часы жыцьця Ісуса і пасьля ў Сяродземнамор’і жыло шмат гісторыкаў, якія маглі б пацьвердзіць яго жыцьцё. Ці многія зь іх узгадваюць пра гэту асобу? Ніводны…

Аднак, калі казаць шчыра, гэта ня значыць, што апалагеты Ісуса як гістарычнай асобы не сьцьвярджаюць адваротнага. Звычайна ў абарону існаваньня Ісуса называюць 4 гісторыкаў – Пліній малодшы, Сьвятоні й Тацыт. Гэта першыя трое. У кожнага зь іх ёсьць толькі некалькі радкоў. І ў лепшым выпадку яны ўзгадваюць слова “Хрыстос”, якое ёсьць не імя, а эпітэт, які азначае “памазанік”. Чацьвертая крыніца – Ёсіф Флавій. Аднак, яшчэ стагоддзе таму было даказана, што гэтая крыніца – выдумка. На жаль, яго дасёньня лічаць рэальным…

Лагічна меркаваць, што чалавек, які паўстаў зь мёртвых, а потым узьнёсься на неба, рабіў цуды, якія яму прыпісваюць, увайшоў бы ў сусьветную гісторыю. Але ён не ўвайшоў. Калі ўзважыць усе доказы, вельмі вялікімі ёсьць шанцы, што чалавек зь імем Ісус проста не існаваў…

“Хрысьціянская рэлігія – гэта пародыя на пакланеньне Сонцу. Яны замянілі Сонца чалавекам зь імем Хрыстос і пакланяліся яму, як раней пакланяліся Сонцу” (Томас Пэйн 1737-1809 гг.)

Мы не са злосьці гэта гаворым, а дзеля фактаў. Мы не жадаем нікога крыўдзіць. Мы хочам даведацца, што ж было ў сапраўднасьці з навуковага пункту гледжаньня.

Хрысьціянства грунтуецца на міфе. І гэта праўда. Мы прыходзім да высновы, што хрысьціянства ў сапраўднасьці – гэта гісторыя Старажытнага Рыма, створаная ў палітычных мэтах.

У сапраўднасьці Ісус быў сонечным боствам хрысьціянскай секты гностыкаў. І як многія язычніцкія богі, быў міфічнай фігурай. Увечніць Ісуса ў якасьці гістарычнай асобы было палітычным рашэньнем з мэтай кантролю над масамі.

У 325 годзе нашай эры Рымскі імператар Канстантын правёў г.зв. “Нікейскі сабор”. Менавіта ў час гэтай сустрэчы была сфармавана дактрына хрысьціянства. Так пачалася гісторыя шматлікіх кровапраліцьцяў і падманаў пад імем Ісуса, а на працягу апошніх 1600 гадоў Ватыкан утрымліваў палітычную ўладу ва ўсёй Еўропе. Гэта адзначылася такімі падзеямі, як “Цёмныя стагодзі”, Крыжовыя паходы й Інквізіцыя. Хрысьціянства разам зь іншымі паноўнымі рэлігіямі – махлярства стагоддзя… Яно служыла, каб аддзяліць людзей ад прыроды і адзін ад аднаго. Яно спрыяла сьляпому падпарадкаваньню ўладзе. Яно абмяжоўвае адказнасьць чалавека пад прэтэкстам таго, што Бог кантралюе ўсё. Такім чынам, самыя жахлівыя злачынствы можна апраўдаць воляй Госпада! А самае галоўнае, “яно дае сілу тым, хто ведае праўду, але выкарыстоўвае міф для маніпуляваньня масамі й кантролю грамадства” (Роберт Джей Інджэрсол 1833-99гг.)

Рэлігійны міф – гэта наймагутная машына, якая калі-небудзь была створана. І служыць яна псіхічнай глебай, на якой квітнеюць іншыя міфы…

Міф – гэта ідэя, у якую ўсе вераць, нягледзячы на тое, што гэта няпраўда. На глыбінным узроўні, на рэлігійным узроўні міф выкарыстоўвае рэлігійныя пачуцьці, каб накіроўваць і выкарыстоўваць людзей. Сутнасьць ня ў тым, наколькі рэальная гэта гісторыя. Сутнасьць у тым, для чаго яна служыць. Гісторыя ня дзейнічае, калі ў яе ня вераць грамадства і народ. І справа нават ня ў тым, што ёсьць нейкія нядобрыя людзі, якія маюць сьмеласьць узьняць пытаньне сапраўднасьці сьвятой гісторыі. Гаспадары Веры ня будуць уступаць зь імі ў спрэчкі. Яны праігнаруюць іх альбо аб’весьцяць гэта багахульствам…

Гэта кепска. Гэта багахульства і грэх, калі вы думаеце, намякаеце альбо дапамагаеце іншым прыйсьці да заключэньня, што гэта ўрад ЗША забіў 3000 сваіх уласных грамадзян” (З выступу ў прамым эфіры пра трагедыю 11 верасьня 2001 года…)

 

 


19 каментарыяў

  1. Дух часу кажа:

    Гэта ўсё вядома, “Дух часу”. У РАСЕІ, дарэчы, ёсьць свой падобны “дух часу”, http://www.dotu.ru, які мае шмат спасылак на падобныя сайты і блёгі з адпаведнымі акцэнтамі. Што адразу кінулася ў вочы, так гэта падобенстве структуры нашай зямлі і гэтага сайту, але ж шмат блёгаў зараз маюць падбную структуру. Іх яднае і наданьне вялікай увагі праблеме глабальнага кіраўніцтва. Што ж, як кажуць, калі набліжаесься да сутнасьці, то і погляды сыходзяцца….!?

  2. Зануда кажа:

    авен – авена
    вадаліў

  3. Скажу вам чыстую праўду. Асабіста я нават і мэты не мела, каб угледзецца ў сутнасць рэлігій, Бога і г.д. Я была занята пошукам крыніцы дэградацыі беларусаў. Спачатку астанавілася на 1917 годзе, а потым убачыла, што дэградацыя ужо адбывалася і да 1917 года. І я палезла ў глыбіну вякоў. Такім чынам я апынулася ў перыяд да новай эры, да хрысціянства і убачыла тысячагадовую гісторыю нашага народа. Я убачыла найцікавейшую гісторыю беларусаў, культуру і проста анямела. Наш духоўны светапогляд склаўся ў вельмі далёкія часы, ў перыяд паганства. Калі сёння выняць усе паганскія сімвалы, элементы, рытуалы і запаветы з хрысціянства, то ў хрысціянстве застануцца толькі імёны біскупаў, гістарычных асоб, якія прылічаны да ліку святых рознымі цэрквамі. Магчыма яшчэ нейкімі невялічкімі змяненнямі ў рытуалах. Пішу не для таго, каб аб’явіць вайну хрысціянству, бо побач з хрысціянствам стаяць і іншыя рэлігіі – мусульмантсва і г.д. (а гэта свет абухам не перарубіш), а для таго каб зразумець усю праўду пра беларусаў, вычысціць духоўныя крыніцы ад бруду. Як кажуць разумныя людзі, што чалавек стаў чалавекам толькі дзякуючы таму, што у яго з’явілася духоўная культура. Духоўная культура з’яўляецца самай моцнай уладай, дзякуючы якой тыраны валодаюць людзьмі. Духоўная культура ў руках улады называецца ідэалогіяй і толькі дзякуючы маніпуляцыі ідэалогіяй можна дасягнуць неверагоднага. Рэлігія – гэта сфера духоўная, а значыць і самы галоўны маніпулятар сведамасцю народа. У барацьбе за маральную уладу ідзе вайна (і ў мірны час таксама) па ўсяму свету і звярніце увагу на колькасць усемагчымых рэлігійных плыняў – тысячы. І ўсе імкнуцца стаць адзінай крыніцай светапогляду чалавека, кожная плынь называе сябе ісціннай верай, а астатнія – хлуслівымі. Толькі калі пачынаеш углядацца ва ўсе гэтыя плыні, то бачыш што кожная з іх абараняе інтарэсы нейкай групы людзей, а не ўвесь свет і весь люд. Безпрыстрасны падыход да аналізу крыніцаў з’яўлення рэлігій, усведамлення сутнасці Бога, разумення веры раскрые нам крыніцы ведання таго, чаго мы сёння не разумеем і не ўяўляем. Але слова вера кажа нам, што вера гэта не проста патрэбна верыць ў нешта не зразумелае і міфічнае, а то, што аснована на ведах. Вера – гэта ў першую чаргу веды. Ве – гэта веды, Ра – гэта сонца (прырода, космас, сілы прыроды). А што такое сілы прыроды? Гэта тое, што чалавек яшчэ не ведае да канца.

  4. Белоснежка кажа:

    Кришну не рожала “дева”, он был восьмым ребёнком. Диониса не распинали, а убили в образе быка. А Гора в фильме вообще с Ра попутали. И таких косяков на первые 30 минут фильма – миллион. Сама астрологическая теория это в основном “мифологическая теория” П. Древса, ныне раскритикованная. Редакции должно быть стыдно подавать такой материал.

  5. VITAL кажа:

    зьдзіўляе настойлівае імкненьне рэдакцыі да Богаборніцтва. Большае туфты, прымітыўнай і хлуслівай, чым гэты памыйны “Дух часу” уявіць цяжка. Дзесяткі разоў ужо па паліцах разабраныя ўсе гэтыя “доказы”, даведзена, што гэта ўсё поўная нясетніца… і зноў, ды яшчэ на патрыятычным сайце! Ну што ж — бесы працуюць… Усё як у Пісаньні. І з кім вы, “дэмакратычныя маністы” (дэ-маністы?) салідарызуяцеся?..

  6. Паважаныя чытачы, сайт займаецца пошукам ісціны. І на гэтым сайце памяшчаюцца розныя матэрыялы, нават з такой далікатнай сферы, як Бог. Гэты сайт не для таго каб сварыцца, а для таго каб працаваць разам. Зрабіце аналіз гэтага артыкулу, каб выкрыць падман аўтараў гэтага фільму.

    • Paulina кажа:

      I was in a bad financial meb30#82s&;sad credit etc. When I applied for my personal loan it got rejected. I’d suggest you to apply for a payday loan from . I got it approved in no time and they are fair matching you with a lender that would help you. Good luck mate.

  7. Белоснежка кажа:

    “пошукам ісціны” занимается наука, а не теология.

  8. Siarhiej кажа:

    1. Улада і кантроль – патрэбная рэч у грамадстве, інакш будзе хаас, анархія. Пытанне толькі як фармуецца улада і як ажыццяўляецца кантроль. Духоўная культура (іншыя тэрміны: светапогляд, ідэалогія, рэлігія…) базавая частка культуры і, відавочна, выкарыстўваецца для ўлады і кантролю. Людзі, у асноўным, шляхам спроб і памылак адрынулі, напрыклад, камунізм і фашызм, якія узніклі спачатку як светапогляды. Хрысціянства, не гледзячы на супярэчліваю гісторыю, пакуль што вытрымала і нават развіваеца. Спробы зганьбіць хрысціянства будуць працягвацца, але што прапануецца замаест? Мачыма хрысціянства мае зачэпкі (карані) ў паганьстве, але ў гэтым няма нічога кепскага.
    2. Не трэба выдумліваць больш сутнасцей, чым неабходна.
    3. Каментар што: ““пошукам ісціны” занимается наука, а не теология.” – гэта абы што (ерунда).

  9. Дарафей кажа:

    Siarhiej(Хрысціянства, не гледзячы на супярэчліваю гісторыю, пакуль што вытрымала і нават развіваеца ) Зараз адбываецца заняпад хрысціянства, і гэта відавочна. Хрысціянства прайграе тамуж ісламу, прычым на сваім жа полі- ідзе павольная ісламізацыя Эўропы. Яно заховае свой уплыў толькі ва умовах рэлігійнага аўтарытарызму ( РФ, Польшча, Грэцыя , Беларусь і інш.) Рэлігіяй бедных і прыгнечаных (якой ў свой час было хрысціянства) становіцца іслам. Моладзь у пошуках ісціны ідзе ў розныя секты, да сіентолагаў, да прыхільнікаў кабалы. Класічная царква апынулася закладнікам таго становішча,у якое яна сама сябе паставіла, выступіўшы ў ролі пасрэдніка паміж людзьмі і Богам, Сучаснаму чалавеку гэты пасрэднік не патрэбен. Vital-ю. (Большае туфты, прымітыўнай і хлуслівай, чым гэты памыйны “Дух часу” уявіць цяжка. ) Пры жадані, яшчэ больш “туфты” можна знайсці ў самім хрысціянстве.

  10. Белоснежка кажа:

    Siarhiej, или держите мысли при себе, или обосновывайте их.

  11. адзін з сябраў рэдакцыі сайта Нашазямля кажа:

    Віталю. 1) Дзе ў нашай дактрыне Вы знайшли “Богаборніцтва”? Пачытайце ўважліва – мы таксама прызнаем Бога Усемагутнага і Ўсеабдымнага. Толькі крыніцай Бога мы прызнаем Сьвет, а не трансцэндэнтную істоту.
    2) Калі чытаю Вашы допісы, так і хочацца спытаць словамі Купалы: “Чаго вам хочацца, панове, які вас выклікаў прымус забіць трывогу…?” Не бойцеся, наша канцэпцыя – не канкурэнт Хрысьціянства. Яна не ўтрымлівае элементаў завабліваньня (напрыклад, як абяцаньне абароны Ўсемагутнага) ці застрашваньня (як пагроза сьмерці, пекла), якія эксплуатуюць механізмы ніжэйшых ўзроўняў псіхікі чалавека. Таму яна не можа падпарадкоўваць сабе мільёны людзей. Яе могуць прыняць праз асэнсаваньне толькі людзі з высокім узроўнем розуму, ведаў, сумленьня і волі. Больш за тое – у сьвеце ёсьць шмат такіх людзей, якім таксама адкрылася асэнсаваньне Бога, падобнае да нашага.
    2)Аб’явіць іншадумцаў нячыстай сілай – старадаўні, правераны практыкай спосаб рэлігійнікаў заканчваць дыскусіі на сваю карысьць пры вычарпаньні іншых хоць мала-мальскі сэнсоўных аргументаў. Трэба аддаць належнае – хітра прыдуманы спосаб. А калі казаць па сутнасьці, дык няўжо Вы ня бачыце САПРАЎДНЫХ ДЭМАНАЎ нашагна сьвету – тых, хто сьвядома абрабоўвае цэлыя краіны і вымушае мільёны людзей паміраць, ці тых, хто прыходзіць на чужую зямлю і забівае тысячы яе дзяцей? Як можна змагацца з гэтымі ДЭМАНАМІ, калі рэлігійныя аўтарытэты адзін за адным падаюць перад імі на калені?

  12. Рэдакцыя. кажа:

    Спадарству – тым, хто пачаў шукаць у працы рэдакцыі “дэманізм”.
    Па-першае, вы не забыліся, што мы знаходзімся на сьветаглядным узроўні? На іншых узроўнях – узроўнях культуры, гісторыі, палітыкі – ніхто з нас не адмаўляе значэньне той ці іншай рэлігіі й яе інстытутаў – цэркваў. Больш за тое, на гэтых узроўнях наша рэдакцыя даўно вызначылася з найбольш персьпектыўнай для беларускага народу рэлігіяй і царковай. Сёньня – гэта хрысьціянства і БАПЦ. І калі нічога ня зьменіцца, наперадзе ў беларускай нацыянальнай эліты яшчэ абавязковае змаганьне за тое, каб гэтая царква стала ў Беларускай дзяржаве дамінуючай. Паглядзіце на Украіну. Там цяпер якраз ідуць гэтыя працэсы.
    Па-другое. Але на сьветаглядным узроўні мы сфармулявалі, што сапраўдны Бог падае сябе і, калі жадаеце, размаўляе з намі толькі ў форме Праўды Сьвету, якая, дарэчы, адна і якая выступае ў дзьвюх формах – у выглядзе фактаў рэчаіснасьці й у выглядзе зьяў (заканамернасьцяў) рэчаіснасьці. Усё іншае, дзе б яно ні было (у палітыцы, адукацыі, СМІ, эканоміцы ды хоць у царкве ці любой рэлігіі) – ад лукавага… Які, як вядома, бацька хлусьні.
    Калі мы так успрымаем Сьвет і Бога – так мы і гаворым. Калі мы верым у такога Бога – так мы і робім…
    Па-трэцяе. Такая Сьветаглядная дактрына, якая выпрацоўваецца рэдакцыяй, у дадатак да пералічаных каштоўных уласьцівасьцяў – гэтая тая адзіная дактрына, якая адцэнтраваная, якая нас не падзеліць, не разарве наш дэмакратычны рух, калі мы праз пэўны час будзем пераходзіць ад ідэалогіі да грамадска-палітычнай практыкі…

  13. VITAL кажа:

    “Больш за тое, на гэтых узроўнях наша рэдакцыя даўно вызначылася з найбольш персьпектыўнай для беларускага народу рэлігіяй і царковай. Сёньня – гэта хрысьціянства і БАПЦ. І калі нічога ня зьменіцца, наперадзе ў беларускай нацыянальнай эліты яшчэ абавязковае змаганьне за тое, каб гэтая царква стала ў Беларускай дзяржаве дамінуючай.” І гэта пры тым, што Бог хрысціянства–міфічны?! І гэта пры тым, што хрысцыянства–падман і хлусня (што вынікае, напрыклад, з гэтага артыкулу), якоя спавядаюць прымітыўныя асобы, “бо людзі з высокім узроўнем розуму, ведаў, сумленьня і волі” граюцца ў “манізм”?. Што гэта за прынцыпы такія ў вас “гумавыя”?
    Дарагія маністы! трывогу я б’ю таму, што бачу, як вы частку беларускага патрыятычнага руху імкнецеся весьці ў пастку прыдуманай чалавекамі “навуковай веры”–наўпрост у пашчу чарговаму Ваалу. Хрысьціянству вы не канкурэнты–гэта дакладна, бо прапануеце верыць у нейкі “Закон Ома”, ці нешта падобнае. Але, калі вы не з Творцам–значыць вы з Яго ворагам і іншых варыянтаў няма, навукова не прадугледжана. Я ведаю 2 плыні, што спрабавалі на падставе “розуму” і “навукі” пабудаваць рай на Зямлі: францускія масоны-рэвалюцыянеры і бальшавікі. Вынікі ўсім вядомы.
    Ці могуць беларусы, большасьць з якіх ёсьць хрысьціянамі (прынамсі ўсьведамляюць сабе хрысьцыянамі, пагадзіцца з трактоўкай Бога не як асобы і Творцы Сусьвету, а як нейкага прыладу, ці часткі Сусьвету? Спытайцеся пра гэта хаця б у Акаловіча. Што ён вам скажа пра ваш манізм? Ці пагадзімся мы, што наша вера аб’яўляецца слушнай не таму, што яна праўдзівая, а таму, што так трэба зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасьці моманту?.. І дзе ж тут падставы для яднаньня? Няўжо аматарам навукі не зразумела, што кожным артыкулам пра “навуковага бога” яны як экскаватарам рыюць усё больш глыбейшую траншэю паміж беларусамі?!
    Спадар Астроўскі! Нават у падручніку па прапагандзе (1998г.), да якога мы прыклалі руку, сказана, што адпаведныя матэрыялы “не павінны мець лёгка крытыкуемых ці несапраўдных зьвестак”. А тут, што ні допіс, то горы і тых і другіх…
    Наконт дэманаў. Не называю я вас такімі. Але, хоць вы ў іх не верыце–яны-та вераць у вас.. Так, яны “сьвядома абрабоўвае цэлыя краіны і вымушае мільёны людзей паміраць, ці тых, хто прыходзіць на чужую зямлю і забівае тысячы яе дзяцей? ” Больш таго, яны ўсяляк змагаюцца з Верай, бо без яе чалавек становіцца быдлам. Пры гэтым самі плоцяць грошы сваім “артадоксам”, каб тыя строга выконвалі ўсе 613 запаветаў. Яны змагаюцца з нацыяналізмам (ганьбячы яго як “нацызм”), але ж самі ёсьць люцейшымі нацыстамі (пачытайце хаця б “Шульхан Арух”). Іхныя СМІ і індустрыя забаваў насаджаюць культ ліберальнай збочанасьці, бо гэта таксама ператварае чалавека ў жывёлу. Але галоўнае– зьнішчыць веру ў Адзінага, бо неабходна ачысьціць шлях для свайго “месіі”-Антыхрыста. І шмат хто ім у ахвотку дапамагае, бо бяз Бога жыць лягчэй–што хачу, тое і варачу, бо Я, Чалавек, ёсьць вяршыняй эвалюцыі, і Мой розум усеабдымны і ўсемагутны? Які там бог? Лятаў Гагарын у космас–няма там ніякага бога. Вось і навукоўцы кажуць…

  14. Рэдакцыя - 2. кажа:

    Сп-р Віталь.
    Немагчыма шмат разоў тлумачыць адно і тое ж. Такая дыскусія губляе сэнс.
    Ну, паспрабуйце зразумець, што рабіць крокі, каб рухацца, і кірунак руху – гэта рэчы розныя…
    Другое. Зьвярніце ўвагу на Севярынца, які гаворыць пра такога ж Бога, як вы, і што ён робіць…
    І трэцяе. Нідзе – ні ў Беларусі, ні ў беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы – вы ня знойдзеце сайта, які б быў больш, чым наш, настроены на змаганьне са злом ва ўсіх яго праявах (дарэчы, некаторыя праявы гэтага зла вы называеце дастаткова дакладна)… Ну, і Хто нас прымушае так падстаўляцца?

  15. Siarhiej кажа:

    Дарафей: “Класічная царква апынулася закладнікам таго становішча,у якое яна сама сябе паставіла, выступіўшы ў ролі пасрэдніка паміж людзьмі і Богам, Сучаснаму чалавеку гэты пасрэднік не патрэбен.”

    1. У пратэстантскіх цэрквах (лютэране, кальвіністы,…) ёсць арганізатары і настаўнікі і няма пасярэднікаў. У каталікоў (наколькі я іх ведаю) толькі адзін пасярэднік – Папа Рымскі, а ксянзы тыя ж арганізатары і настаўнікі. У артадоксаў (наколькі я ведаю Маскоўскую РПЦ) ёсць хібы: цэзарапапізм, “бізнэс на Хрысце”… Сучаснаму чалавеку настаўнікі і арганізатары патрэбныя!

  16. Дарафей кажа:

    Паважаны Siarhej, па-першае, тыя плыні партэстантызму, якія Вы назвалі маюць на Беларусі зусім нязначнае прадстаўніцтва, авось тыя, якіх большасць, уасноўным, нагадваюць сабой камерцыйныя праекты. У многіх з іх нягласна існуе такое паняцце. як дзесяціна (калі ты павінен аддаваць на “карысць царквы” 10% свайго даходу). Па-другое, сярод духаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай царквы шмат людзей адданых Богу, але шмат і без Бога, якія імкнуцца раз’яднаць наш народ па канфесійнаму прынцыпу, якія замест веры нясуць нам рэлігійныя і культурныя традыцыі нашых суседзяў. Бога трэба шукаць перш за ўсё, ў сваім сэрцы, а не ў царкве. Калі Вам цікава, то больш падрабязна мае погляды выкладзены ў каментарыі на тэму “Сьвет і Бог – 2 “

  17. Уладзімер Русаковіч кажа:

    ““Дух часу”.. прысьвечаны навуковаму аналізу хрысьціянскіх міфаў, выкладзеных у Бібліі”
    Дакладней бязбожнікі распавядаюць у ім свае марксісцкія байкі-“міфы”-“аналізы”, якія яны ўласнаручна выклалі “ў Бібліі”.
    Для сапраўды “навуковага аналізу.. выкладзенага ў Бібліі” зьвяріце ўвагу на перадачу геаграфічнага і ня толькі тэлеканала “National Geographic” “Таямніцы Бібліі” (па-анг. “Mysteries of the Bible”, http://channel.nationalgeographic.com/series/mysteries-of-the-bible/all/Overview).
    У ёй штотыднёва выкладаюцца найноўшыя дасьледаваньні гісторыкаў, археолагаў, антраполагаў, хімікаў, астраномаў і іншых навукоўцаў датычна падзеяў, апісаных ва ўсіх 66 кнігах Бібліі.
    Адразу працьверазееце ад марксісцкіх рэлігійных “міфаў” пра Біблію.

  18. Latricia кажа:

    You had some very good points. Growing up in South Texas, I thought the only wood was mesquite, but have since learned that there are other good choices out there. Post oak is really good if you can find it and th7t8#&21a;s what the Big 3 in Lockhart (and other places use). Pecan is nice as well. Cherry and apple both go well with chicken (and fish) and yes, chicken is acceptable bbq. But brisket is king. Enjoyed your post.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы