nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НОТА

Чэрвень 10, 2009 | 5 каментарыяў

Яўген Мурашка

d09cd183d180d0b0d188d0bad0b0-d0bfd180d0b0d182d18dd181d182-21

 

 

 

З 8-га па 29-е верасьня у Беларусі плануецца правядзеньне шырокамаштабнага вучэньня “Захад” з удзелам дзьвюх расейскіх армій у поўным складзе. Калі браць за узор штатны расклад 58-й расейскай арміі, якая ўдзельнічала ў агрэсіі супраць Грузіі, то у лічбах гэта можа выглядаць наступным чынам:


Колькасьць вайскоўцаў – 80 000 чалавек.

Танкі – 609 штук.

Устаноўкі “Град” – 380 штук.

Самалёты – 120 штук.

БМП і БТР 2000 штук.

Мінамёты і гарматы – 125 штук.

Зенітныя сістэмы – 450 штук.

Гелікоптэры – 70 штук.

Усё гэта трэба падвоіць, каб атрымаць прыблізную лічбу расейскіх войскаў, якія будуць прымаць удзел у вучэньнях.

Па некаторых дадзеных, узброеныя сілы Беларусі складаюць 65 000 тыс. чалавек, з якіх 15 000 складае цывільны персанал. На ўзбраеньні могуць знаходзіцца 349 самалётаў, з іх 108 машын 4-га пакаленьня і 93 гелікоптэры. Па астатнім ўзбраеньні лічбы адсутнічаюць. Тым ня менш, навідавоку, што лічбавыя суадносіны не на карысьць узброенных сіл Беларусі.

У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне: Чым вылікана неабходнасьць удзелу такой колькасьці войск з боку Расеі на тэрыторыі Беларусі?

Расейскія вайскоўцы тлумачаць гэта неабходнасьцю пераходу на новае аблічча Ўзброеных сіл РФ – воўк апране скуру авечкі.

Расея ў апошнія дзесяцьцігоддзі паказала ўсяму сьвету, што крочыць па шляху сваіх спрадвечных імперскія амбіцый. Прыкладам таго служыць крывавая бойня у Чачні, нядаўнія падзеі ў Грузіі, уцягваньне нашай краіны ў блёк АДКБ і СПА, у эканамічную залежнасьць. Гэта ўсё вядзе да ўцягваньня Беларусі ў сфэру ўплыву Расеі.

У сувязі з гэтым Зьвяз Беларусаў Нямеччыны лічыць, што маючыя адбыцца вайсковыя вучэньні “Захад” з удзелам вялікай колькасьці расейскіх войск патэнцыйна нясуць у сабе пагрозу акупацыі Беларусі. Дастаткова справакаваць любы інцыдэнт у адносінах да грамадзяніна Расеі ці расейскага вайскоўца, каб атрымаць юрыдычную падставу для акупацыі пад выглядам забесьпячэньня бясьпекі гэтым грамадзянам.

Здольнасьць расейскіх спецслужбаў да правакацый даўно вядомая – зьнішчэньне цэлых дамоў разам з жыхарамі у Расеі, выдача расейскіх пашпартоў у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, вайна у Прыднястроўі й шмат чаго яшчэ. Мэта ўсіх гэтых захадаў заключаецца ў спробе падпарадкаваць суседнія рэгіёны сабе.

Лукашэнка (чалавек, які хлусіць на кожным кроку) хаця і робіць нейкія заявы аб суверэнітэце, але відавочна, што, каб захаваць асабістую уладу, пагодзіцца на акупацыю (калі ўжо ні пагадзіўся). Трон яму пакуль што захаваюць.

Вось што пішуць “Известия” ад 7.06.2009г. на конт Лукашэнкі: “Со Сталиным в одном кармане и Соланой в другом он, конечно, в Европе не жилец. Но и нам будет сложно без белорусского ПВО и вообще без этого плацдарма. Нам не легче, если “европеец” Лукашенко у новых союзников в результате схлопочет Милошевича. Он и это понимает. И торгуется – играя в крестьянина, без правил, иногда и вовсе на грани фола. Конфликт всё обострил. Впереди момент истины: наговорил много, но судят по делам”.

Мы ж лічым, што досыць расейскага ўплыву на Беларусь, калі вынішчалася (і вынішчаецца дагэтуль) усё беларускае. Расейскія вайсковыя боты не павінны крочыць па нашай зямлі. Да таго ж, Беларусь не настолькі заможная, каб утрымліваць за свой кошт іншаземнае войска і дыхаць паветрам, забруджаным выкідамі расейскіх танкаў і БТРаў.

Разьлічваць на дапамогу Вашынгтона ці Бруселя не даводзіцца. У кожнага зь іх свае прагматычныя інтарэсы. “Усходняе партнэрства” пачалося і скончылася 7-га траўня ў Празе. Захад на канфлікт з Расеяй з-за Беларусі ня пойдзе.

У такіх абставінах разлічваць трэба толькі на свае нацыянальныя сілы, якія, на жаль, расцягнуты па розных палітычных кутках. Працягваюцца нейкія гульні з кангрэсамі і віртуальнымі прэзідэнтамі, дзе кожны сам за сябе. Да лёсу сваёй Бацькаўшчыны “апазіцыянерам” няма аніякай справы. Здаецца, што ўсіх іх нарадзіла не беларуская маці. А, можа, грошы зацьмілі ім розум?

Усьведамляючы, што будучыя вайсковыя вучэньні “Захад” нясуць у сабе патэнцыйную пагрозу для суверэнітэту Беларусі і, сыходзячы з Дэклярацыі аб незалежнасьці РБ ад 1991 года, дзе прадэкляравана пазыцыя аб суверэннасьці, без’ядзернасьці, нейтральнасьці Беларусі й яе няўдзеле ва ўсялякіх вайсковых блёках, Зьвяз Беларусаў Нямеччыны выказвае пратэст рэжыму Лукашэнкі ў сувязі зь яго небясьпечнымі гульням і зьвяртаецца да ўсіх сумленных беларусаў з прапановамі:

– прымусіць Лукашэнку скасаваць дамоўленасьць аб правядзеньні вайсковых вучэньняў “Захад” з удзелам расейскіх войскаў, разглядаючы іх як магчымасьць акупацыі нашай Бацькаўшчыны;

– патрабаваць ад рэжыму выйсьці з пагадненьняў АДКБ, бо нашы дзеці не павінны гінуць за інтарэсы ўладаў іншых краін;

– прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад удзелу ў СПА, бо мы ня бачым пагрозы з боку НАТА ў адносінах да Беларусі, а Расея няхай сама абараняе сваю паветраную прастору. Нам ня трэба, каб ракеты ЗША і НАТА былі нацэлены на Беларусь, любы збой у электроннай сістэме выкліча зь іх боку запуск гэтых ядзерных ракет на нашу краіну, а гэта ўжо трагедыя для ўсяго беларускага народа, гібель мільёнаў людзей.. Нам мала Чарнобыля?

Пацьвярждаем сваю пазіцыю што да “Ўсходняга партнэрства”, якое не нясе ў сабе ніякага пазітыву ў адносінах да Беларусі:

Мы супраць усялякіх праектаў як з Усходу, так і з Захаду, дзе Беларусь разглядаецца як аб’ект уплыву. Але мы за супрацоўніцтва ў будучыні, калі Беларусь стане паважаным суб’ектам міжнародных адносін.

Суайчыньнікі!

Пакіньце свае палітычныя амбіцыі і разборкі на потым, бо на карту пастаўлена самае для нас сьвятое – лёс нашай Бацькаўшчыны.

07.06.2009г.

Яўген Мурашка, старшыня Зьвязу Беларусаў Нямеччыны

 

Ад рэдакцыі:

А ці не з мэтай падрыхтоўкі нападу на Украіну робяцца гэтыя вучэньні?

 


 

 

5 каментарыяў

  1. Дарафей кажа:

    РФ выкарыстоўвае сумесныя з Беларусю вучэнні для нападу на Беларусь – гэта з вобласці фантастыкі (не ў існуючых абставінах).
    Па-першае, РФ імкнецца да узнаўленя адносін з Захадам да узроўню, які быў да вайны з Грузіяй.
    Па-другое, вучэнні камандна-штабныя. Гэта значыць, што праводзіцца будуць на ўзроўні штабоў, асноўная колькась асабовага складу прымаючых удзел злучэнняў будзе знаходзіцца ў раёнах сталай дыслакацыі. Агульная колькасць вайскоўцаў з двух бакоў будзе складаць 13 тыс.
    Трэцяе, у сувязі з эканамічным крызісам колькасць баявой тэхнікі будзе зменшана.
    Чацвёртае, сучасная вайна (а я ўпэўнены, Лукашэнка не пажадае аддаць сваю уладу над краінай без вайны) пачынаецца не з прамога ваеннага сутыкнення, а з доўгай, жорсткай інфармацыйнай вайны.
    Адрасат вучэняў: Захад і уласныя грамадзяне. Пасля не зусім паспяховай, як гэта імкнуліся паказаць расейскія СМІ, вайны з маленькай (хай нават і ўзброенай Захадам) Грузіі, расейскія ўлады спрабуюць рэабілітавацца, паказаць сваю армію сучаснай і баяздольнай. Ні адной новай сучаснай адзінкі баявой тэхнікі на ўзбраенні 58-й арміі не было (а гэта адно з самых баяздольных злучэнняў у рассейскай арміі, бо знаходзіцца ў “гарачай кропцы”). Невялікі кавалак паветранай прасторы над Грузіяй расейскія ВПА спачатку ўвогуле не маглі кантраляваць. А вялікую колькасць збітых сваіх самалётаў (для такога маленькага аператыўнага прастору) тлумачылі тым, што не чакалі сустрэць там мадэрнізаваныя Украінай старыя савецкі комплексы СПА. Прабачце, а на што вы спадзяецесь, калі вы ляціце бамбіць чужую краіну? Што грузінскія СПА будуць страляць гваздзікамі ды мандарынамі? У гэта вайне, як і у шмат іншых, Расія перамагла не ўменнем ці новай сучаснай зброяй, а колькасцю і жыццяў сваіх салдат. Таму на гэтых вучэннях РФ будзе імкнуцца паказаць як мага болей адзінак новага ўзбраення (асабліва авіацыі і СПА) – так сказаць, рыстайлінг расейскай арміі. У чарговы раз “паказаць захаду Кузькіну маць”, а уласным грамадзянам, што “броня крепка і танкі наші быстры”. Таксама не лічу, што вучэнні маюць супрацьукраінскую накіраванасць, бо ў РФ ёсць больш дзейсны канал ціску на Кіеў – газавая труба. Ды і наўрад ці Лукашэнка адважыўся б удзельнічаць у вучэннях з такой мэтай.
    Таму не пужайцесь, калі трэба, пойдзем партызаніць 🙂

  2. Siarhiej кажа:

    Хто ведае, што ў мазгах расейскіх кагэбістаў? Ці будуць яны трымацца нейкіх правіл? А хто ў Беларусі можа аказаць фізічны супраціў, хаця бы на ўзроўні Грузіі?

  3. Паважанае спадарства, пасля таго, як з’явілася гэта нота на БЕЛАПАНЕ, адразу высветлілася, што гэта была вутка.
    Расейскія генералы зрабілі заяву, мы адрэгавалі. Але вось ёсць такая праблема: Беларусь – гэта незалежная краіна? Так, незалежная. У генералаў свая краіна, а ў нас з вамі – свая. Ці не праўда? Тады ў мяне пытанне: А чаму гэта расейскія генералы такія вуткі пускаюць ў наш адрэс? Яны што не знаёмы з міжнародным этыкетам? Ці іх не вучылі міжнароднай дыпламатыі? Ці яны проста не паважаюць беларускі народ? Калі яны не паважаюць Лукашэнку, гэта яго асабістая праблема. А калі яны не паважаюць беларускі народ, яны вельмі памыляюцца ў сваёй стратэгіі, гэта ўжо іх праблемы. І не таму, што беларусы, генетычна і па свядомасці, партызаны. А справа ў тым, як падумаюць пра іх іншыя суседзі і не толькі суседзі.
    Справа беларускай грамадкасці граматна давесці словы расейскіх генералаў да вушэй гэтых суседзяў. І мы, беларуская грамадкасць, кіруючыся інтарэсамі нашага народа, заявілі аб тым, што мы не намераны і далей цярпець знявагу і шантаж ў адносінах да сябе.

  4. Алесь кажа:

    Сп-ня Галіна. Інфармацыя пра вучэньні арміі Расійскай імперыі ў Беларусі не журналісцкая вутка-качка. Падрыхтоўка ідзе поўным ходам (гл. http://www.svaboda.org/content/article/1756378.html). Плануецца ўдзел да 6000 расейскіх вайскоўцаў.

  5. abdul кажа:

    Дарафей пісаў: “Таму не пужайцесь, калі трэба, пойдзем партызаніць”.
    Паночку, а чым будзеш партызаніць? Можа бульбінамі? А можа буракамі? Калі так дык то можна лічыць што да партызанкі падрыхтаваліся добра.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы