І яшчэ адзін артыкул, прысьвечаны даце 3 ліпеня. Яго аўтар Сяргей Абламейка. Узята з www.svaboda.org/content/transcript/1767981.html.
Рэдакцыя
Вызваленьне Менску 3 ліпеня 1944 году дагэтуль застаецца падзеяй, якая гісторыкамі асьветлена і маштабна, і падрабязна, зь безьліччу дэталяў, але – аднабакова. Націск робіцца менавіта на вызваленьні і вяртаньні ў горад савецкай улады, і амаль зусім ігнаруецца тое, што прынесла з сабой вызваленьне Менску як гораду, яго вызваліцелям і менчукам.
Дык чаго ня ведаюць пра вызваленьне Менску сёньняшнія пакаленьні беларусаў? Пра што не прынята гаварыць у сувязі з вызваленьнем?
Гэтая тэма вартая кнігі і, можа, не адной. Тут і шматгадовыя спрэчкі, і барацьба за памяць пра падпольле, якую органы НКВД-КГБ і удзельнікі падпольля вялі за яго герояў і здраднікаў, і ігнараваньне падзьвігу Машы Брускінай, і многае іншае. Калі ж казаць коратка, дык ня ведаюць сёньня новыя пакаленьні беларусаў пра вялікія разбурэньні, якія прынесла Менску вызваленьне гораду ў ліпені 1944-га і пра трагічны асабісты лёс тысяч менчукоў, зьвязаны з вызваленьнем.
Пачну з разбурэньняў. Савецкая прапаганда здолела так трывала ўкараніць думку, што за ўсе разбурэньні падчас вайны адказныя немцы, што сёньня любыя адваротныя цьверджаньні ўспрымаюцца ў штыкі. Тым часам у 1941 годзе, падчас адступленьня, беларускія гарады палілі і так званыя зьнішчальныя батальёны. Былі цалкам спаленыя Полацак, Ворша, Гомель. Пажар у Менску ў чэрвені 1941 году быў выкліканы ня толькі нямецкімі бомбамі, але і савецкімі агентамі, які падпальвалі важныя дзяржаўныя будынкі разам з архівамі, якія не пасьпелі вывезьці. Падчас акупацыі менчукі былі ўражаныя падкрэсьлена цынічнымі савецкімі бамбаваньнямі гораду на савецкія сьвяты. Першае такое адбылося на 8 сакавіка 1942 году, адным з самых моцных было бамбаваньне на 1 мая 1943 году. Але самыя моцныя бамбардзіроўкі Менск і менчукі зазналі ў чэрвені 1944 году – у апошнія тыдні перад вызваленьнем.
Гэта тое, пра што ня любяць гаварыць афіцыйныя прапагандысты. Бамбаваньне 1 траўня 1943 году стала падставай для аповесьці “Каханы горад”, якую пад псэўданімам Юстапчык напісаў Антон Адамовіч. Ён быў карэнным менчуком, вельмі любіў і шкадаваў свой горад. Старыя менчукі так і не змаглі ніколі забыць жахаў тых савецкіх бамбаваньняў. Я, напрыклад, вырас пад аповеды бабулі пра налёты савецкай авіяцыі. І цяпер, калі праходжу па вуліцы Камсамольскай ці па вуліцы Бэрсана, заўсёды ўздрыгваю на тых месцах, дзе, паводле расказаў маіх блізкіх, на слупах і дрэвах віселі чалавечыя кішкі.
Са 100 тысяч менчукоў, якія заставаліся ў горадзе пасьля зьнішчэньня гета, у вызваленым Менску было ня болей за 30 тысяч – 20 тысяч падаліся ў эміграцыю, а 50 тысяч уцяклі ад бальшавікоў і іх бомбаў у навакольныя лясы.
Якраз летам 1944 году стары менскі цэнтар зазнаў найбольшыя разбурэньні, якія пазьней былі абвешчаныя вынікам нямецкай акупацыі.
Другая рэч – гэта трагічныя асабістыя лёсы тысяч менчукоў, зьвязаныя з вызваленьнем. Справа ў тым, што ў 1941 годзе немцы наступалі так імкліва, што заходняя і цэнтральная часткі Беларусі зусім не былі адмабілізаваныя – усё прыдатнае да службы ў войску мужчынскае насельніцтва засталося. Тое самае і ў Менску. І вось калі Чырвоная Армія ішла на захад, яна забірала ўсіх падчыстую. А ў Менску гэты хапун быў падзелены на дзьве часткі – адных бралі ў войска, другіх арыштоўвалі НКВД і СМЕРШ за супрацоўніцтва з акупантамі. Паколькі ў часе акупацыі ў Менску працавала большасьць прадпрыемстваў – то практычна ўсе менчукі аказаліся, кажучы па-расейску, “пособниками” фашыстаў. У выніку былі зламаныя лёсы тысяч людзей. У турмы трапілі члены Саюзу Беларускай моладзі, акторы, мастакі, інжынэры, выкладчыкі школаў і ВНУ, лекары – усе, хто адыгрываў у часе акупацыі больш-менш значную ролю ў сваёй спэцыяльнасьці. Напрыклад, мой дзядзька, які ў 1941 годзе трапіў у акружэньне, вярнуўся ў Менск і працаваў у часе акупацыі інжынэрам на менскім радыё, атрымаў 10 гадоў лягераў і адбыў поўны тэрмін. Разам зь ім, дарэчы, працавала і жонка Петруся Глебкі.
Прычым, гаворку тут я вяду не пра проціпастаўленьне аднаго гістарычнага бачаньня іншаму і не пра балянс інфармацыі, а проста пра праўдзівую гісторыю Беларусі.
Нейкі казачнік: “пад аповеды бабулі”, “паводле расказаў маіх блізкіх”, “мой дзядзька”. Шкада, што нельга спытаць аўтара асабіста, ці мае ён чым падцвердзіць свае словы.
Раю “Змагару” паглядзець афіцыйныя лічбы рэпрысаваных у БССР за 1944 -1946 г.г. Гэтыя дадзеныя ёсьць у НА РБ.
Змагар хоча “спытаць аўтара асабіста”. Ну дык запрасіў бы аўтара ў сваю “кантору” па павестцы.
Цiкавы погляд у аўтара! Калi тыя, хто працаваў на менскiм радыё ў час акупацыi былi правы, то як ставiцца да партызанаў? Калi той, хто пайшоў у палон зрабiў правiльна, то як ставiцца да тых, хто загiнуў у акружэннi?