nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Вялікі сябра беларускага народа Васіль Чэрваній

8 ліпеня, 2009 | 6 каментарыяў

Сяргей Высоцкі

d0a7d18bd180d0b2d0b0d0bdd196d0b9-2

4 ліпеня 2009 года загінуў Васіль Міхайлавіч Чэрваній – адзін з лідараў Украінскай Народнай Партыі (УНП). Прычынай смерці стаў удар маланкі. Васіль Чэрваній пражыў 50 гадоў, але паспеў стаць адной з найбольш яскравых фігур украінскай палітыкі. Ён быў аплотам многіх беларускіх пачынанняў ва Украіне. Толькі такі дзеяч у рэжыме жорсткага супрацьдзеяння расейскім і лукашэнкаўскім спецслужбам змог адстаяць ідэю Беларускага Нацыянальна-Дэмакратычнага Цэнтру ў Кіеве. Улетку 2005 года Цэнтар дзякуючы высілкам беларускіх і ўкраінскіх патрыётаў быў адчынены. На жаль, праз чатыры месяцы пасля бясконцых правакацый, розных “наездаў” амбасадаў Беларусі і Расеі ўкраінская ўлада здала Цэнтар. Пазьней Васіль Чэрваній пазбавіўся пасады кіраўніка Ровенскай вобласці.


За падтрымку беларускіх “рэвалюцыянераў” Чэрваній падвяргаўся нападкам не толькі з боку партыі Рэгіёнаў і камуністаў, а і з боку некаторых ліберальных алігархаў з каманды Юшчанкі. Вядома, што было адмысловае паседжанне ва Украінскай Радзе, дзе прарасейскія партыі вымусілі Васіля Міхайлавіча тлумачыцца з-за дапамогі беларускім патрыётам.

Чэрваній заўсёды і паўсюль адстойваў ідэю садружнасці беларусаў і ўкраінцаў. Як і Юры Ліпа, Слава Сцэцько ды некаторыя іншыя ўкраінскія патрыёты Чэрваній лічыў, што толькі такім чынам два народы здабудуць сапраўдную Незалежнасць, створаць новы цэнтар сілы і спыняць быць пастаўшчыкамі сыравіны і таннай працоўнай сілы для Захаду.

Чэрваній шчыльна сябраваў са святарамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) на чале з епіскапам П.Гушчам і яе святарамі Л.Акаловічам, Г.Драздовым, Ст.Сямцэвічам ды іншымі. БАПЦ прызнала Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату, чым былі знятыя ўсе пытанні пра яе нібы та “некананічнасць”.

Да сённяшняга часу ў многіх нашых суайчыннікаў існуе ілжывае ўяўленне пра Памаранчавую рэвалюцыю. Маўляў, выйшлі падлеткі, “Пара” раздала стужкі, і ўсё – скінулі Кучму. Насамрэч за гэтай падзеяй стаяла цяжкая шматгадовая ідэйная ды арганізацыйная праца. Ведаючы гэты працэс знутры, падкрэсліваю: без нацыянальна-дэмакратычных ды нацыяналістычных сіл гэта была б не рэвалюцыя, а пустая бурбалка. Пад эгідай УНА-УНСО, КУНу, МНК, УНП былі сфармаваныя дзесяткі падраздзяленняў. Ва ўсёй гэтай працы істотную ролю граў і Васіль Міхайлавіч.

Праўда і тое, што праз нейкі час “памаранчавыя” павыкідалі усіх патрыётаў адусюль, дзе змаглі, значна дыскрэдытаваўшы справу.

Пасля Памаранчавай рэвалюцыі з Белаурсі ва Украіну хлынулі “апазіцыянеры” рознага разліву. Паступова УНП даспявала да ідэі адкрыцця Беларускага Цэнтру, аднак партыя ўстрымалася ад супрацоўніцтва з прадстаўнікамі легальнай “апазіцыі”. Абражаныя дзеячы апазіцыйнага афіцыёзу з Беларусі здзіўляліся: “Чаму не з намі?! Нас прымае Буш і Меркель… Хто такія гэтыя БПСаўцы і святары БАПЦ? Гэта непапулярныя і малаўплывовыя дзеячы, радыкальныя нацыяналісты і маргіналы”.

На гэта ім кіраўніцтва УНП адказвала: “У вашым палітыкуме і Хрыстос стаў бы палітычным маргінам. У адрозненьне ад вашага КГБ украінскае СБУ ўжо дзейнічае на Украіну і мы маем дастаткова інфармацыі хто і на каго ў вас працуе. Таму мы аддаем перавагу супрацоўніцтву няхай з менш раскручанай і нават прыціснутай арганізацыяй, але затое некантралюемай ні КГБ, ні ФСБ. Акрамя таго, хлопцаў з БПС мы бачылі ў справе падчас рэвалюцыі…”.

У адрозненне ад розных нацыянал-папулістаў ва Украіне, якія прама ці ўскосна кажуць аб прэтэнзіях на Берасцейшчыну (маўляў, гэта этнічная Украіна), Васіль Чэрваній даследваў гэтае пытанне. І ў размове са мной аднойчы заўважыў, што на ягоную думку Саветы пасля вайны далучылі некаторыя этнічныя ўкраінскія раёны да Беларусі. Аднак, бяручы да ўвагі тое, што многія этнічныя беларускія землі такім самым чынам далучаныя да Украіны, у гэтым пытанні варта паставіць кропку – нулявы варыянт.

Вось так Чэрваній – сур’ёзны палітык, дзеяч агульнанацыянальнага маштабу, кіраўнік вобласці – разумеў глупства і шкоднасць вазні з пытаннем адносна Берасьцейшчыны. Разам з ім усе вядучыя правыя і правацэнтрысцкія сілы Украіны – УНП, КУН, аб’яднанне “Свабода” – ніколі не ўздымалі гэтае пытанне. Нядаўна лідары УНА-УНСО таксама публічна абвесцілі: “Ні аб якіх прэтэнзіях да Беларусі не можа быць гаворкі. Той, хто гэта робіць – грае на баку Масквы!”

Вось так. І гэта не столькі вынік дыпламатычнай працы каардынатара Беларускага Цэнтру ў Кіеве, колькі прыкмета палітычнага сталення ўкраінскага народу! Тое ж УНСО, якое паважала і супрацоўнічала з Чэрваніем, – гэта вельмі моцная баявая сіла, прадстаўнікі якой ваявалі ў Малдове, Грузіі, Чачні. І калі нехта мае права на сур’ёзныя заявы, дык гэта такая арганізацыя. Украінцы глядзяць у заўтрашні дзень і разумеюць, каму выгадна страўліваць два братнія народы…

Чэрваній быў аднім з найбольш патрыятычных, прынцыповых ды ідэйных палітыкаў. Гэты слаўны дзеяч Валыні адбудаваў ледзь не ўсе цэрквы ў сваёй вобласці. Пры ім у Рыўна і ў вобласці былі пастаўлены дзясяткі помнікаў, мемарыяльных шыльдаў украінскім героям – Сымону Пятлюры, Кліму Савуру, легендарнаму камандзіру УПА Тарасу Бульбу-Бараўцу.

Сам Васіль Чэрваній сябе нярэдка называў “бульбаўцам” у знак пашаны да свайго куміра – першага камандзіра УПА Т.Бульбы-Бараўца (Чупрынка). На Палессі і сёння ўзгадваюць вядомую сумесную акцыю УПА Бараўца і Самааховы Ус.Родзькі ды М.Вітушкі ў жніўні 1941 года, калі рэгіён быў цалкам ачышчаны ад бальшавіцкіх банд. І надалей у Бульбы-Бараўца служыла шмат беларусаў-палешукоў, а з лідарамі беларускіх нацыяналістаў падтрымоўваліся добрыя стасункі. Можа таму на дзвярах працоўнага кабінета Чэрванія заўсёды вісеў партрэт Бульбы-Бараўца.

У апошнія гады жыцця мэтанакіраванасць і прамата Васіля Міхайлавіча выклікала непрыязь да яго з боку пануючых колаў. Прагрымела на ўсю Украіну ягонае выказванне, што ў парламенце і сярод алігархаў мусіць быць у працэнтных суадносінах столькі ж украінцаў, колькі іх ёсць ад агульнай колькасці насельніцтва дзяржавы. З гэтай нагоды яму прыпісвалі “прыхаваны антысемітызм”.

Адначасова з гэтым Васіля Міхайлавіча вельмі любілі простыя людзі, асабліва на Валыні.

Пасля адпявання ў Пакроўскім саборы ў цэнтры Рыўна вялікая працэсія рушыла на могілкі. Сабраліся дзясяткі тысяч людзей. Так Україна развітвалася са сваім сынам.

Разам з Бульбай-Бараўцом Васіль Чэрваній быў самым моцным дзеячам Валыні апошніх дзесяцігоддзяў. Балюча, што менавіта такія людзі так рана ад нас сыходзяць.

Светлая Вам памяць, Васіль Міхайлавіч. І не толькі ад украінцаў, а і ад беларусаў!..

 

Замест прысвячэння, Ваш сябра і паплечнік,

С.Высоцкі

05.07.2009 г.

 

6 каментарыяў

  1. VITAL кажа:

    Светлая Вам памяць, Васіль Міхайлавіч. І не толькі ад украінцаў, а і ад беларусаў/
    Далучаюся.
    Але… “БАПЦ прызнала Украінская Праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату, чым былі знятыя ўсе пытанні пра яе нібы та “некананічнасць”.”–спадарства, УПЦ КП сама мае вялікія праблемы з прызнаньнем і кананічнасьцю.
    УНА-УНСО сама мае вялікія праблемы з усялякай агентурай: дастаткова ўспомніць чым займаюцца яе былыя кіраўнікі — Шкіль, Карчыньскі… Ды й Каваленку варта ўзгадаць..
    Так што цьвярозы погляд заўжды лепей, чым стварэньне розных мітаў..

  2. Партызан кажа:

    Сяргей!
    Пры ўсёй павазе да Цябе, можа хопіць ствараць чарговыя міфы? Гэта адносіцца не да спачылага п. В. Чэрванія, які сапраўды быў украінскім патрыётам, а да асьвятленьня некаторых момантаў беларуска-украінскіх адносінаў.
    1. Асноўным камандзёрам і арганізатарам беларусаў у Кіеве, у часе т.зв. “ПамаранчавайРэвалюцыі”, зьяўляўся В. Сіўчык. Менавіта ён ад першага і да апошняга дня знаходзіўся ў намётавам мястэчку і каардынаваў беларускіх нацыяналістаў. Ідэя “Беларускага інфармацыйнага цэнтру” належыла менавіта В. Сіўчыку, які і “выбіў” яго на нарадзе ўкраінскіх нацыянал-патрыятычных арганізацыяў. УНП, як найбольш фінансава незалежная група, пагодзілася прафінансаваць некалькі месяцаў ягонай працы. На вялікі жаль, Слава моцна захварэў і быў няздольны давесьці ідэю да канца. Цэнтр, аб гэтым гавораць усе, літаральна захапілі гушчаўцы і больш ніводная беларуская арганізацыя (апрача БПСу) доступу туды не мела. Менавіта з такой пастаноўкай пытаньня не пагодзіліся сузасноўнікі БЦ: ВО “Свабода”, КУН і досыць вялікая частка УНП (аніякіх іншых палітычных сілаў у справе БЦ не было наогул). Было вызнана, што БЦ, як адзінаасобная вотчына БПСу, галёўных мэтаў не выконвае і няздольны аб’яднать нават патрыятычных беларусаў, што жывуць ва Ўкраіне. Таму фінансаваньне БЦ было спынена. Менавіта адсутнасьць фінансаваньня дала магчымасьць анцібеларускім сілам зачыніць цэнтр. Але, пагадзіцеся, падставай яго адсутнасьці была пазіцыя гушчаўцаў і БПСу. Бо той жа В. Сіўчык неаднойчы спрабаваў вырашыць праблему з агульным выкарыстаньнем БЦ.
    2. Палітыка УНП і п. Чэрванія да беларусаў заўсёды была палітыкай “старэйшага брата”. Я ў іншых каментарах ужо прыводзіў некаторыя прыклады, але відавочна мала. І так, яшчэ адзін прыклад “шчырай любові” да Беларусі. У канцы 2005 – пачатку 2006 г. беларусы Роўна вырашылі зарэгістраваць беларускую парахфію УПЦ КП. Менавіта з назвай “беларуская” і богаслужбамі на беларускае мове. Адным з актыўніх праціўнікаў выявіўся як раз п. Чэрваній. Галёўнай тэзай было: Для Ўкраіны выгадна асіміляцыя беларусаў, якіх і так “на Валыні і Ровеншчыне занадта шмат”. Ён жа, амаль адзіны, выступаў за забарону беларускай мовы ў УПЦ КП. Сьведкаў гэтага шмат, нават сярод сьвятароў і япіскапаў УПЦ КП. Менавіта таму, украінскія беларусы і іх аднадумцы ў Беларусі патрымалі Во “Свабода”, а не УНП на выбарах 2006 і 2007 г.г. Дарэчы, у Валынскай вобласьці, па сьведчаньню ВО “Свабоды”, беларусы далі найбольшы працэнт у памежных раёнах (каля 4000 галасоў).
    3. УПЦ КП ад 1997 г. мае дамову аб вызнаньні і падтрымцы з кананічнае БАПЦ, а не з сэктай Рыжага і ягонымі адэптамі ў выглядзе гушчаўцаў. Цікава, што ў часе дзейнасьці БЦ патрыярх Філярэт на рашуча адхрэсьціўся ад гушчаўцаў. Пры гэтым дазволіў рукапалагаць на Ўкраіне сьвятароў кананічнае БАПЦ. На зьезьдзе ВО “Свабоды” у 2007 г., які праходзіў у Кіеве, п. Чырваній сам у прысутнасьці 3 прадстаўнікоў Палітрады ВО “Свабода” прыватна вызнал сваю памылку з гушчаўцам у прысутнасьці беларускае дэлігацыі. Мушу паўтарыць ужо неаднойчы прагучаўшыя на гэтае старонцы словы, што Праваслаўная Царква немагчыма без апостальскае пераемнасьці і кананічнам рукапакладаньні. На вялікі жаль, пры ўсёй павазе да нацыянальных поглядаў узгаданых тут асобаў, сьвятарамі яны не зьяўляюцца. Дарэчы, яшчэ адзін міф у назьве: арганізацыя Рыжага (да якой належаць гушчаўцы) мае афіцыйную назву: Беларуская Аўтакефальная народная Праваслаўная Царква. Гэта пратэстанская групоўка з элямэнтамі праваслаўнае абрадавасьці. Менавіта як пратэстанская, а не Праваслаўная яна і зарэгістравана ў ЗША.
    Нажаль, у каментарах нельга загрузіць дакумэнты. Тады брэхня С.Высоцкага аб вызнаньні гушчаўцаў УПЦ КП будзе відавочна, бо на дакумэнтах пячатка і подпіс патрыярха Філярэта. Дарэчы, вызнаньне прадугледжывае саслужэньне. Таму адразу пытаньне: прозьвічша сьвятароў УПЦ КП і месца дзе яны саслужылі з гушчаўцамі. 5 чырвеня 2006 г. у Чарнігаве япіскап Сумскі Мяфодзій (УПЦ КП) у прысутнасьці В. Сіўчыка, беларусаў Чарнігава і карэспандэнтаў радыё “Свабода” таксама афіцыйна заявіў, што УПЦ КП ніколі не вызнавала гушчаўцаў. Яны (УПЦ КП) з хрысьціянскай міласэрнасьці далі прытулак Гушчы ў Сьвятафеадосіяўскам манастыры з ПРАВАМ НАВЕДЫВАТЬ БОГАСЛУЖБЫ ЯК МІРАНІНУ. На рукі беларусам таксама быў выдадзены адпаведны дакумэнт за подпісам і пячаткай.
    4. Пытаньне аб “выкрэсьліваньні” Берасьцейшчыны з “зоны ўкраінскіх інтарэсаў” было пастаўлена на нарадзе ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацыяў у 2006 г. (прад выбарчай кампаніяй) лідарам ВО “Свабода” Алегам Цягнібокам і адлюстравана ў дакумэнтах арганізацыі. Менавіта з падачы ВО “Свабода” нацыянал-патрыятычнымі арганізацыямі Ўкраіны быў прыняты “нулявы варыянт”. І зноў жа, на ўзгаданай нарадзе, супраць гэтага выступаў п. Чэрваній. Дарэчы, у час “Плошчы Каліноўскага” толькі ВО “Свабода” адчынена падтрымала беларускі рух і неспынна рабіла заявы, дэпутатцкія запыты (п. А. Цягнібок тады быў дэпутатам ВР Украіны) і г.д. На вялікі жаль, ні УНП, ні п. Чэрванія тады па гэтаму пытаньню ва Ўкраіне чутна не было….
    5. Пытаньне аб “прапарцыйнам прадстаўніцтве” усіх нацыянальнасьцяў Украіны ў ВР і ворганах выканаўчае ўлады прысутнічае ў Праграме ВО “Свабода” з… 1995 г. Менавіта лідар ВО “Свабода” А. Цягнібок на гары Гаверла летам 2004 г. зрабіў заяву аб надмернай прысутнасьці “асобаў пэўнай нацыянальнасьці” у ВР і выканаўчых ворганах; аб тым, што ўкраінцы ня маюць улады ў сваёй дзяржаве. За гэта ён цярпеў рэпрэсіі з боку “памаранчавага блёку”, у тым ліку і ЎНП, п. Чэрваній на абарону Алега Цягнібока тады не ўстаў. Толькі на зьезьдзе ВО “Свабода” у 2007 г. п. Чэрваній ПУБЛІЧНА З ТРЫБУНЫ ПАПРАСІЎ У АЛЕГА ЦЯГНІБОКА ПРАБАЧЭНЬНЯ ЗА СВАЕ ПАВОДЗІНЫ Ў 2004 Г.
    Вось толькі невялікі пералік міфатворчасьці дадзенага артыкулу.

    Віталь!
    На вялік жаль, С. Высоцкі чалавек ад Царквы далёкі, далёкі і ад праблемаў вызнаньня.
    На гэтай старонцы:
    http://slavicccc.com/index.php
    Скачайце брашуры ў pdf. Пабачыце якую БАПЦ вызнаюць

  3. Змагар кажа:

    Тактыка расколаў дайшла і да спраў царкоўных.Пэўна нездарма спецслужбы заняліся,т.зв. Гушчаўцамі,жадаю плёну БАПЦ у сваёй дзейнасці ,а П Гушчу доўгіх год жыцця.

  4. VITAL кажа:

    пытаньні:
    Хто такі Гушча?
    Хто, дзе і калі яго высьвяціў у сан праваслаўнага сьвятара?
    Якія сілы ён за сабой мае і чаму ёсьць небяспекай для КДБ?
    І каму, як не КДБ патрэбная некананічная, нікім не прызнаная, лёгка дыскрэдытуемая “БАПЦ”?

  5. Змагар кажа:

    Многія рухі ніхто не прызнаваў,але ў іх была ідэйная і духоўная чысціня і вялікі патэнцыял,і з гэтых рухаў вырасталі магутныя сілы,спецслужбы гэта бачаць,таму і пачынаюць рэагаваць,пакуль не запозна. Ісуса Хрыста таксама не прызнавалі,а зараз……

  6. VITAL кажа:

    параўнаньне, канешне адпаведнае….
    Ісус фактычна ствараў НОВУЮ рэлігійную арганізацыю, а самасвяты прэтэндуюць называцца ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЙ. Але, у гэтай Царквы ёсць адпаведныя КАНОНЫ і правілы, і любыя некананічныя дзеяньні пазбаўляюць такую рэлігійную супольнасьць магчымасьці называцца ПРАВАСЛАЎНАЙ Царквой. Што тут не зразумела? Напрыклад вы, нават з самых лепшых меркаваньняў, узялі і назвалі сябе праваслаўным сьвятаром… І што — вы ім сталі?…Тое ж і з гушчаўцамі — ну захацелі, ну назваліся, але ж гэтага абсалютна недастаткова.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы