nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Абдыўся V зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (Д пр-п 122)

25 ліпеня, 2009 | 3 каментарыя

Рэдакцыя.

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-11

18—19 ліпеня ў Менску ў памяшканьні Міжнароднага адукацыйнага цэнтру (IBB) прайшоў V зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Ён быў зладжаны за сродкі самой арганізацыі, а таксама некаторых асяродкаў дыяспары. Мы сабралі матэрыялы з гэтай падзеі (у асноўным інтэрнэт-рэпартажы радыё “Свабода”, уключна з фотаздымкамі), апрацавалі іх й вырашылі зафіксаваць для будучыні ды абмеркаваць. Тое, што атрымалася, падаем ніжэй.


1.

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-21Падрыхтоўкай да зьезду займаліся ў асноўным прадстаўнікі кіраўніцтва арганізацыі. Найперш гэта – кіраўнік “Бацькаўшчыны” Аляксей Марачкін (гл. фота зьлева; 1), старшыня рады згуртаваньня Алена Макоўская (2), старшыня працоўнай групы па падрыхтоўцы зьезду Ніна Шыдлоўская (3).

Да апошняга часу з-за паводзінаў афіцыйных уладаў магчымасьць правядзеньня зьезду ў Беларусі была пад пагрозай…

Арганізатары разьлічвалі, што на зьезде будзе прысутнічаць каля 150 дэлегатаў зь Беларусі і больш як 200 — з замежжа (разам – 350 чалавек; http://www.svaboda.org/content/article/1779358.html). На справе ў форуме прыняло ўдзел больш чым на трэць менш – 215 дэлегатаў з 17 краін (http://www.svaboda.org/content/article/1779740.html). У ліку запрошаных у зьездзе ўдзельнічалі прадстаўнікі афіцыйных уладаў – міністар культуры Павал Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, прадстаўнікі МЗС, парлямэнту гэтак званай “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі”, замежныя дыпламаты.

Як адзначыла напярэдадні старшыня рады згуртаваньня “Бацькаўчшына” Алена Макоўская, зьезд “Бацькаўшчыны” — гэта ня проста справаздачна-выбарчае мерапрыемства, а тэматычны сход, які мае вырашыць цэлы шэраг надзённых пытаньняў. “Мы лічым, што тэма нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў сёньня вельмі востра стаіць у Беларусі ў сувязі з працэсамі русыфікацыі, у сувязі з тым, што беларуская мова выводзіцца з усіх сфэраў ужытку … Сустракаючыся з тым фактам, што мы стала губляем свой інтэлектуальны патэнцыял, свой эканамічны патэнцыял, тых людзей, якія маглі б ствараць нашы іміджавыя цэнтры па-за межамі краіны, мы ня можам застацца ўбаку, назіраючы за гэтымі працэсамі. І таму мы ставім менавіта тэму нацыянальнай ідэнтыфікацыі важнай тэмай зьезду”.

Праграма першага дня зьезду (18 ліпеня) ўключала пленарнае і сэкцыйныя паседжаньні, выступы прадстаўнікоў дзяржструктур і сьвяточны канцэрт.

 

Атмасьферу прыезду дэлегатаў, іх рэгістрацыі й у цэлым першага дня зьезду ў пэўнай ступені адлюстроўваюць фота, пададзеныя ніжэй.

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-31

У кулуарах форуму сярод дэлегатаў былі бачныя вядомыя асобы (гл. фота ўнізе; Івонкі Сурвілы не было – яна даслала вітаньне).

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-41

Журналісты розных выданьняў бралі інтэрвю ў прысутных.

Так, пісьменьнік Васіль Якавенка, які быў на зьездзе ў якасьці госьця, сказаў: “Гэта ўсё-такі падзея ў жыцьці нашай краіны – прымаць тут беларусаў сьвету, весьці зь імі гаману пра нашы клопаты, нашы праблемы. Гэта вельмі-вельмі важна. І таму, думаю, што тут усё будзе на карысьць нашай нацыянальнай справы. Таму і я рады апынуцца ў гэтым асяродку. Як пісьменьнік, як творчая асоба я вітаю прысутнасьць тут міністра культуры. Думаю, што мог бы ўважыць грамаду, прыехаць сюды і папрысутнічаць і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. Шапка гонару зь яго не спала бы. А ўвага яго была б важнай”.

Сустаршыня Партыі беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец: “Для нашай партыі беларускасьць нароўні з хрысьціянскімі прынцыпамі, гэта як дзьве перакладзіны аднаго крыжу. Яго мусіць браць беларус і несьці, калі ён хоча адраджэньня. Таму для нас гэта неад’емная частка жыцьця грамадзяніна Беларусі. І для нас беларускасьць найважнейшая частка беларускай ідэі [зь якога гэта часу? Апошнія гады ў Севярынца галоўным кампанентам беларускай ідэі была… габрэйскасьць! – Рэд.]. Гэта – форма нацыянальнай ідэі, зьместам якой з’яўляюцца хрысьціянскія маральныя каштоўнасьці” [варта Пашы яшчэ папрацаваць над пытаньнем формы і зьместу беларускай нацыянальнай ідэі… – Рэд.].

Старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька: “Праблема беларусаў у Беларусі палягае ў тым, што тут па сутнасьці адсутнічае беларуская мова. А гэта – галоўны элемэнт культуры і існаваньня нацыі. І гэта засмучае. Як і русыфікацыя, якая праводзілася на працягу больш за 10 гадоў. І гэта, можна сказаць, ёсьць і барацьба з беларусізацыяй. Таму мы вітаем нейкія крошкі лібэралізацыі [можа, усё ж, нацыяналізацыі. – Рэд.], якія сёньня адчуваюцца. Прыкладам, міністар культуры гаворыць па-беларуску. Але гэта настолькі нязначна… Бо нам за мяжой добра бачна, што такое сапраўды мова для краіны. Таму беларуская мова ёсьць галоўны элемэнт. І нас будзе радаваць, калі мы будзем бачыць зьмяненьне сытуацыі ў самой Беларусі”.

Міхась Сьцяпанюк – прадстаўнік Зьвязу беларускай моладзі ў Польшчы: “Я прыехаў сюды, каб паразмаўляць з людзьмі, даведацца, што дзе робіцца. Бо ў мяне такое ўяўленьне, што я замала ведаю пра беларусаў зь іншых краінаў сьвету. Наша моладзевая арганізацыя паўстала на пачатку 1990-х гадоў на хвалі адраджэньня. Зразумела, што мы займаемся моладзевымі справамі. Мы робім рэйды па вёсках Падляшша, распавядаем моладзі пра яе спадчыну. Ужо 16 гадоў запар арганізоўваем фэстываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песьні “Бардаўская восень”. Здаецца такога няма ня толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, бо да нас зьяжджаюцца ўсе зоркі беларускай сцэны. У Польшчы ёсьць два агульнаадукацыйныя ліцэі, у якіх вывучаецца беларуская мова: у Бельску-Падляшскім і ў Гайнаўцы. Мы зь імі трымаем цесную сувязь, каб там маладыя людзі арганізаваліся, а мы служым ім дапамогай”.

2.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла накіравала сваё аўдыёвітаньне зьезду, якое было заслухана на пачатку:

“Дарагія суродзічы! Маю гонар і прыемнасьць вітаць Вас ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Вітаю арганізатараў з удзячнасьцю за вялікую працу, якую яны былі змушаныя зрабіць, каб Зьезд адбыўся. Вітаю таксама ўсіх дэлегатаў на гэтым Зьезьдзе, некаторыя зь якіх прыехалі здалёк – гэта значыць, ня без даволі вялікіх цяжкасьцяў. Жадаю, каб Зьезд адбыўся паводле вашых спадзяваньняў. Каб прынёс ён адным радасьць пабыць на Бацькаўшчыне, другім – прыемнасьць спаткацца з далёкімі суродзічамі, трэцім – задавальненьне зрэалізаваць задуманыя пляны, зьяднаць усіх беларусаў вакол нашых супольных ідэалаў узаемаразуменьня і салідарнасьці. Нашая любоў да Бацькаўшчыны, нашая еднасьць, нашая супольная праца на карысьць лепшай будучыні нашага народу перамогуць усе перашкоды на шляху да зьдзяйсьненьня нашых мараў пра тую ветлую Беларусь, над якой мы просім Уладара Сусьвету паслаць праменьні Свае хвалы. Жыве Беларусь!”.

Асноўнай тэмай зьезду, як планавалася, стала праблема нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў у сучасным сьвеце, праблемы яе захаваньня і разьвіцьця. Апірышчамі нацыянальнай ідэнтычнасьці дэлегаты зьезду называлі наяўнасьць сувэрэннай дзяржаўнасьці, тысячагадовай гісторыі, сваёй мовы і самабытнай культуры.

Пра гэта ж у сваім выступе, у прыватнасьці, казаў кіраўнік “Бацькаўшчыны” Аляксей Марачкін: Русыфікацыя нашага краю сёньня дасягнула найвышэйшага апагею. У паўсядзённым жыцьці – абвесткі на мове ў грамадзкім транспарце, назвы вуліц – мова існуе на ўзроўні сувэніру. Ва ўладных установах Беларусі яе цалкам ігнаруюць. Лідэр нацыі [які ж гэта “лідар нацыі”?! – Рэд.], прэзыдэнт краіны выказаўся адназначна: “На беларускай мове нельга выказаць нешта вялікае”. Ці варта тут гаварыць пра тое, што калі б такое выказаў прэзыдэнт Літвы ці Польшчы, то ягоная кар’ера назаўтра была б скончаная?! … Сёньняшняя моўная палітыка ў Беларусі вядзе да этнацыду нацыі і страты сувэрэнітэту. Таму неабходна вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай у нашай краіне, як гэта было прапісана ў канстытуцыі 1994 года” (http://www.svaboda.org/content/article/1779943.html). Марачкін адзначыў таксама, што Лукашэнка не даслаў віншаваньне беларусам сьвету.

Паводле гісторыка Натальлі Гардзіенкі, за мяжой пражывае да трох з паловай мільёнаў беларусаў. Для іх, як і для мітраполіі, характэрная праблема страты нацыянальнай ідэнтычнасьці: “Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да скарачэньня старых беларускіх арганізацый, якія былі яшчэ створаныя эмігрантамі часоў другой сусьветнай вайны, так званых першых беларускіх дыяспараў на Захадзе. Старое пакаленьне адыходзіць, а маладое не паўсюль можа замяніць і мае наогул цікавасьць да беларускай дзейнасьці. Нашчадкі беларусаў, на жаль, вельмі мала хто размаўляе па беларуску і, наогул, выказвае цікавасьць да свайго беларускага паходжаньня”.

Доктар гістарычных навук Янка Запруднік з ЗША (гл. фота ўверсе) ў сваім выступе адзначыў, што прысутнасьць беларусаў у Амэрыцы пазначана многімі пазытыўнымі фактамі. А што да прысутнасьці беларускай улады, дык яна далёка ад аптымальнай: “Галоўная праблема ў тым, што беларускі ўрад дасюль не здабыўся нават на прыняцьце закону аб суайчыньніках за мяжой. Ня кажучы ўжо пра актыўныя ўзаемасувязі з дыяспарай, якімі адзначаюцца пасяленцы зь іншых усходнеэўрапейскіх краінаў. Вось чаму адным з прыярытэтаў нашага згуртаваньня застаецца далейшае спрыяньне і дамаганьне, каб такі закон быў прыняты. Каб такі закон дапамагаў дзейнасьці замежных беларусаў на карысьць беларускай дэмакратычнай дзяржаўнасьці, народнага дабрабыту. Каб урэшце ўсе мы дзякуючы такому закону маглі сказаць з большай сілай, што жыве замежная Беларусь” (http://www.svaboda.org/content/article/1779943.html).

Ад уладаў на зьезьдзе выступілі міністар культуры Павал Латушка і Леанід Гуляка. Першы зь іх сярод іншага заклікаў дыяспару далучыцца да справы вяртаньня страчаных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, а таксама дадаў: “Сёньня сапраўды мы адчыняем свае дзьверы для беларусаў, мы адкрываем свае душы, свой дом. Сёньняшняя сустрэча ў Менску яшчэ раз пацьвярджае накіраванасьць дзяржаўнай палітыкі Беларусі на ўзаемадзеяньне і актывізацыю працы з суайчыньнікамі за мяжой[гучыць як зьдзек. – Рэд.].

3.

19 ліпеня, падчас другога, і заключнага, дня працы зьезду, з дэлегатамі сустрэліся прадстаўнікі беларускіх уладаў (гл. фота ўнізе; дарэчы, гэтая падборка твараў у параўнаньні з папярэдняй можа служыць добрым дапаможным матэрыялам для заняткаў па… фізіягноміцы). У сустрэчы з дэлегатамі ўзялі ўдзел міністар культуры Павал Латушка; намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур; упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка; прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, інфармацыі, замежных спраў і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (http://www.svaboda.org/content/article/1780456.html).

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-51

На пытаньне аб магчымасьці вярнуцца да канстытуцыі 1994 года і надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай міністар Латушка сказаў, што загадам гэтую справу ня вырашыць. Ён адзначыў, што міністэрства культуры будзе падаваць прыклад карыстаньня беларускай мовай: “Давайце ня будзем гвалтам кагосьці да чагосьці прымушаць. Мы, на жаль, гэтую справу ўжо праходзілі. Зразумела, у гэтым накірунку будуць ісьці зьмены. Але зьмены будуць мець характар паступовы, эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны”. Спадар Латушка таксама паабяцаў вывучыць пытаньне адносна магчымасьці наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Прадстаўніца міністэрства адукацыі Надзея Ганушчанка заявіла, што не існуе праблемаў з адукацыяй на беларускай мове, маўляў, у краіне 54% беларускамоўных школаў [?!!! – Рэд.]. Хаця ў Менску на беларускай мове навучаюцца толькі 3% вучняў. Яна адзначыла, што міністэрства плянуе павялічваць колькасьць беларускамоўных школаў.

Намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур заклікаў беларусаў замежжа да эканамічнага супрацоўніцтва: “Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб беларусы сур’ёзна дапамаглі нам у справе інвэстыцыйнай актыўнасьці. Мы – адна з трох краінаў на эўрапейскай прасторы, якая ў выніку крызысу захавала эканамічны рост. Ваша дапамога можа быць у тым, каб садзейнічаць нашаму экспарту на вашых тэрыторыях праз вашы дыяспары”.

У адказ выступілі некаторыя дэлегаты зьезду.

Так, што да закліку аб эканамічным супрацоўніцтве Васіль Еўдакімаў, беларус зь Вялікабрытаніі, сказаў: “У мяне ёсьць свой досьвед працы ў Беларусі. Вельмі нэгатыўны. Можа, таму, што проста ня з тымі людзьмі працаваў, падтрымка не на тым узроўні была. Безумоўна, каб пасьпяхова весьці бізнэс у Беларусі, патрэбная падтрымка афіцыйных структураў, уплывовых людзей”.

Дэлегат зьезду, былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч выказаў жаданьне, каб у Беларусі “не было крывадушнай улады”, якая даслала на сустрэчу “клеркаў, якія нічога не вырашаюць”. Ён адзначыў, што сярод дэлегатаў знойдзецца толькі чалавек дзесяць, якія давяраюць абяцаньням сёньняшняй улады. Паводле спадара Шушкевіча, “Бацькаўшчына” павінна захавацца як непалітызаваная структура і клапаціцца пра беларускасьць. Параўноўваючы першы і пяты зьезды беларусаў сьвету, ён адзначыў: “На першым зьезьдзе сябе ніхто не адчуваў рэпрэсаваным, прыціснутым. І ўлада падтрымлівала гэты падыход, улада была шчырай. У яе былі мінімальныя магчымасьці ў межах таго развалу, які быў, той адсутнасьці сродкаў. Але калі паўстала пытаньне, якую залю выдзеліць, то самую лепшую ў Беларусі. Якія ўмовы старыць – усё, на што мы былі здольныя”.

4.

Кіраўніком Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” на безальтэрнатыўнай аснове была абраная Алена Макоўская (http://www.svaboda.org/content/article/1780695.html; гл. фота 2 у пачатку матэрыяла). За яе кандыдатуру практычна аднагалосна (два дэлегаты ўстрымаліся) прагаласаваў зьезд (раней Макоўская ўзначальвала раду гэтай арганізацыі, якой кіраваў мастак Аляксей Марачкін, а да яго — народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў, акадэмік Радзім Гарэцкі і прафэсар Анатоль Грыцкевіч). Падчас выступу на зьезьдзе, А.Макоўская адзначыла, што абраньне на пасаду старшыні арганізацыі — гэта “вялікі гонар, вялікая адказнасьць і вельмі высокая плянка”, якой яна “пастараецца адпавядаць”.

Абрана таксама Вялікая рада аб’яднаньня, куды ўвайшлі 53 прадстаўнікі беларусаў замежжа + 47 прадстаўнікоў Беларусі (разам 100 чалавек). З апошніх сфармавана Малая рада.

5.

V зьезд беларусаў сьвету прыняў шэраг дакумэнтаў (http://www.svaboda.org/content/article/1780695.html).

Ён прапанаваў уладам стварыць пасьведчаньне беларуса замежжа па аналёгіі з картай паляка. Гэта ініцыятыва ўтрымліваецца ў прапанаваных зьменах у праект закона “Аб беларусах замежжа”. На думку ўдзельнікаў зьезда, такое пасьведчаньне павінна дапамагчы этнічным беларусам пры наведваньні імі гістарычнай радзімы, у прыватнасьці, атрымліваць шматразовую беларускую візу на льготных умовах, не рэгістравацца пасьля прыбыцьця ў Беларусь, мець доступ да адукацыі і мэдычнай дапамогі нароўні з грамадзянамі Беларусі.

Зьезд прыняў адозвы да розных дзяржаўных органаў аб стварэньні ўстаноў па справах беларускай дыяспары, ахове гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, падтрымцы беларускамоўных мэдыяў за межамі Беларусі, захаваньні і падтрымцы Беларускага дома.

Былі прынятыя дзьве рэзалюцыі – “Беларуская мова – аснова незалежнасьці Беларусі” і “Нацыянальная ідэнтычнасьць беларусаў у сучасным сьвеце: праблемы захаваньня і разьвіцьця”. Дэлегаты выказалі занепакоенасьць працягам русыфікацыі і заклікалі адміністрацыю прэзыдэнта ды ўрад да неадкладнага выпраўленьня моўнай сытуацыі ў Беларусі. Зьезд прапанаваў аб’явіць 2010-ы Годам роднай мовы.

Таксама зьезд прапанаваў праект праграмы “Беларусы ў сьвеце” на 2009-2013 гады. Яна мае на мэце захаваньне беларускай прысутнасьці ў сьвеце ў розных яе формах і праявах, кансалідацыю беларускай нацыі і ўмацаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Праграма накіравана на стварэньне ўмоваў для захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў у краінах пражываньня.

Беларусы сьвету зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам усталяваць у Менску помнік з нагоды 600-годзьдзя перамогі пад Грунвальдам.

Вячаслаў Сіўчык у сваім выступе прапанаваў аб’явіць 23 жніўня Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму, аднак гэтая прапанова… не была пастаўлена на галасаваньне зьезду.

6.

Пасьля завяршэньня зьезду новаабраная старшыня ЗБС “Бацькаўшчына” Алена Макоўская дала інтэрвю карэспандэнту радыё “Свабода” Віталю Цыганкову (http://www.svaboda.org/content/transcript/1781355.html).

Цыганкоў: “У мінулыя гады стаўленьне ўладаў да зьездаў “Бацькаўшчыны”, асьвятленьне гэтых зьездаў дзяржаўнымі СМІ было ледзь ні варожае. Зараз на зьезд прыйшлі міністры, і рэпартажы дзяржаўных СМІ былі вельмі прыязныя. Чым вы гэта тлумачыце — зьмянілася стаўленьне дзяржаўных структураў, ці, можа, зьмянілася сама „Бацькаўшчына“?”

Макоўская: “Хачу сказаць, што “Бацькаўшчына” сама па сабе не зьмянілася. “Бацькаўшчына” як трымалася сваіх прынцыпаў, што Беларусь мусіць быць незалежнай краінай, нацыянальных сымбаляў, мовы, культуры — усё гэта засталося нязьменным. І на мінулыя зьезды мы запрашалі прадстаўнікоў органаў улады. І тое, што яны цяпер адгукнуліся, кажа пра пэўныя канструктыўныя зрухі менавіта з таго боку. Чым яны прадыктаваныя — гэта пытаньне да прадстаўнікоў дзяржаўных структураў. Але для нас гэта ёсьць пэўным крокам наперад, досыць важным крокам. Бо ўпершыню ў адной залі сабраліся прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі беларускіх суполак за мяжой, якія дзясяткі гадоў працуюць на беларускай ніве ў сваіх арганізацыях і цудоўна ўсьведамляюць, якую дапамогу яны атрымліваюць ад Рэспублікі Беларусь. І тое, што з боку дзяржаўных органаў не было гэтай перасьцярогі і атрымаўся непасрэдны кантакт, пытаньні і адказы — гэта вельмі добра. Бо раней было сапраўды як нейкія два розныя лягеры. А цяпер атрымаўся дыялёг. Мне хацелася б, каб [далей] было ўзаемнае супрацоўніцтва”.



Цыганкоў: “Калі адбываўся пазамінулы, трэці зьезд „Бацькаўшчыны“, дзяржаўныя органы арганізавалі фактычна альтэрнатыўны зьезд тых беларускіх суполак, якія падтрымліваюць сёньняшнюю ўладу. Як „Бацькаўшчына“ вырашае гэтую праблему, што амаль у кожнай краіне, дзе ёсьць шмат беларусаў, існуе некалькі суполак — звычайна з альтэрнатыўнымі палітычнымі поглядамі?”


Макоўская: “У нас у кожным зьезьдзе бяруць удзел прадстаўнікі цалкам розных беларускіх суполак. Гэтым і ўнікальная “Бацькаўшчына”, і гэта яе асаблівасьць. Мы — грамадзкая арганізацыя, мы аб’ядноўваем усіх і адкрытыя да супрацоўніцтва з усімі беларусамі [чамусьці прадстаўнікі Зьвязу Беларусаў Нямеччыны гэтага не пацьвярджаюць… – Рэд.]. Да нас зьвяртаюцца людзі, якія маюць зусім розныя погляды. Але часы вострага палітычнага супрацьстаяньня, якое мы бачылі на другім зьезьдзе і водгукі якога чуліся на трэцім зьезьдзе, ужо праходзяць. Сёньня мы назіраем, што ў многіх краінах пачынаецца кантакт і супрацоўніцтва паміж палітычна рознымі арганізацыямі. Бо і тыя, і тыя сваёй дзейнасьцю пацьвярджаюць сваю жыцьцяздольнасьць. “Бурбалкі” даўно сышлі. Нейкія ініцыятывы, якія ствараліся ў падтрымку ўладаў, але ніякім чынам не зарэкамэндавалі сябе ў дзейнасьці — іх ужо няма. Засталіся практычна тыя, хто працуе“.



Цыганкоў: “Што „Бацькаўшчына“ можа зрабіць, каб процістаяць працэсу страты нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусамі за мяжой?”


Макоўская: “Назіраючы за тэндэнцыямі сучаснага выезду беларусаў за мяжу, можна сказаць, што вельмі малы працэнт далучаецца да беларускіх арганізацыяў замежжа альбо стварае свае арганізацыі. І гэта якраз зьвязана з праблемай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Беларусы вельмі слаба нацыянальна ідэнтыфікаваныя. Таму наш зьезд паставіў гэтую праблему асноўнай мэтай, заклікаў разгледзець яе і знайсьці вырашэньне на дзяржаўным узроўні. Мы як грамадзкая арганізацыя можам толькі актуалізаваць, абазначыць гэтыя праблемы і вызначыць шляхі іх вырашэньня. Але адказ павінен ісьці ад дзяржаўных органаў Беларусі, датычных беларускай мовы і культуры. Пакідаючы краіну і зьяўляючыся слаба нацыянальна ідэнтыфікаванымі, беларусы практычна зьнікаюць для Беларусі. Бо яны асымілююцца альбо далучаюцца да іншых суполак — расейцаў, украінцаў, палякаў … Беларуская дзяржава павінна сказаць дыяспары — “вы нам патрэбныя, і мы дэманструем гэта праз пэўныя крокі”. А з другога боку, павінны быць пэўныя крокі па ўзмацненьні нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі“.

Цыганкоў: “Што павінна стаць прыярытэтным у найбліжэйшым часе ў дзейнасьці „Бацькаўшчыны?“ Ці гэта праект „Карта беларуса“, закон „Аб беларусах замежжа“, ці нешта іншае? На чым варта сканцэнтравацца ў рамках таго дыялёгу з уладай, пра які вы казалі?”

Макоўская: “Па-першае, што да самой Беларусі, то тут — узмацненьне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі праз пашырэньне ўжытку беларускай мовы. Выдатная ідэя — абвяшчэньне наступнага году годам беларускай мовы. Калі дзяржаўныя органы гэта зацьвердзяць, гэта будзе проста супэр. А з другога боку — гэта шырокае абмеркаваньне і прыняцьце закону “Аб беларусах замежжа”.

 

7.

Ад рэдакцыі:

Вядома, абсалютную большасьць з таго, што адбылося на Зьездзе беларусаў сьвету, мы ня можам не вітаць. Гаворка ў асноўным можа ісьці толькі пра дэталі, асьпекты.

Першым з асабліва істотнага і станоўчага зьяўляецца тое, што на Зьездзе было прынцыпова пастаўлена пытаньне аб сёньняшнім стане беларускай мовы ў Беларусі, дый усёй беларускай культуры ў цэлым. Асаблівая падзяка спадару Марачкіну (!) за ўжываньне тэрміну, які найбольш адэкватна апісвае злачынства цяперцаў – этнацыд (дарэчы, ёсьць зьвесткі, што сп-р Аляксей узгадаў таксама і зварот Зьвязу Беларусаў Нямеччыны да зьезду “Бацькаўшчыны”, які быў напярэдадні падзеі выстаўлены на нашым сайце).

Другое – гэта тое, што прадстаўнікі беларускай дыяспары і цяперашніх уладаў сустрэліся, пагаманілі й, спадзяемся, уважліва прыслухаўшыся адзін да аднаго, зрабілі хаця б па паўкроку насустрач адзін аднаму. Усё ж, урэшце, там былі беларусы!

Вельмі прыемна таксама было бачыць на Зьездзе амбасадара Швецыі ў Беларусі пана Стэфана Эрыксана. Даўно заўважана шчырая прыхільнасьць гэтага чалавека да беларускай культуры і мовы, актыўная дэманстрацыя павагі да іх. У сувязі з гэтым даўно пара пана Стэфана прызнаць сябрам беларускага народу. Вось цяпер мы гэта і робім!

З нагоды адбылага Зьезду беларусаў замежжа самы час таксама заявіць, што Беларусь – гэта дзяржава беларускага народу, што яна была, ёсьць і будзе родным домам для кожнага беларуса, дзе б ён ні жыў. Мы гэта аб’яўляем чарговым прынцыпам Беларускай дактрыны (Д пр-п 122).

Цяпер некалькі слоў пра недахопы.

Мы лічым, што было зашмат адозваў, рэзалюцый, праектаў, заклікаў. Можа, варта было сканцэнтравацца толькі на двух прынцыповых пытаньнях, якія ўзгаданы ў апошнім абзацыі інтэрвю пані Макоўскай.

Чаму так? Справа ў тым, што цяперцы могуць абраць з усяго шматлікага заяўленага толькі нешта найменш прынцыповае, тое-сёе зрабіць, а потым працяглы час казаць пра “крокі насустрач”, якія яны нібы зрабілі… Гэта хвыт любой бюракратыі. Нельга даваць цяперцам магчымасьці для манэўру…

Другая заўвага больш істотная.

На жаль, на зьездзе мы не адчулі нацэльваньня на актыўную арганізацыйную дзейнасьць у грамадска-палітычнай сьферы. Заклікі, просьбы, звароты, заявы, адозвы, праеты праграмаў і г.д. – усё гэта добра, але гэта ўжо шмат разоў было. Вынікі вядомыя – яны марныя.

Самі ж замежныя прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” сьведчылі, што адна культурніцкая дзейнасьць без дадатковай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы дае яўна недастаткова. Беларускія асяродкі слабнуць і выміраюць, а беларусы вымушаны туліцца да палякаў, маскалёў, украінцаў… Ключом да вырашэньня праблемы (і гэта разумеюць усе) зьяўляецца Беларуская Дзяржава – менавіта такая, праект якой мы фарміруем на сайце! Безь яе любыя дзеяньні ў прынцыпе страчваюць сэнс. Значыць, на яе зьяўленьне і павінны быць сканцэнтраваны высілкі ўсіх прыстойных беларусаў па абодва бакі дзяржаўнай мяжы!

А што ў гэтым сэнсе зьбіраецца рабіць само Згуртаваньне беларусаў сьвету? Нічога? Дык на якія станоўчыя вынікі яго прадстаўнікі могуць разьлічваць?..

Але ёсьць адзін філасофскі закон, які сьведчыць, што ў любой цёмнай справе заўсёды знойдзецца што-небудзь сьветлае. Гэтым сьветлым у дадзеным выпадку зьяўляецца свабодны патэнцыял, права для дзейнасьці іншых. Сьвятое месца пустым не бывае. Калі “Бацькаўшчына” не жадае займацца арганізацыяй беларусаў замежжа для таго, каб разам зь беларусамі на Бацькаўшчыне зрабіць Беларусь сапраўдным вялікім Домам для ўсіх беларусаў, дык гэтым можа (мае права) заняцца хто-небудзь іншы (дырэчы, зародак Беларускага Міжнароднага Дэмакратычна Руху з такімі задачамі ўжо ўтвораны; прывітаньне спадару Мурашку!)…

Просім чытачоў нашага сайта, якія былі дэлегатамі V зьезду беларусаў сьвету (асабліва тых, хто цяпер вымушаны жыць у замежжы), а таксама тых, хто ня быў на зьезьдзе, але валодае цікавай інфармацыяй, дапоўніць, удакладніць наш аповед і нашыя заўвагі.

P.S.

На сайце МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”” (www.zbsb.org) выстаўлены ўласны выніковы рэпартаж з V з’езду беларусаў свету (гл. http://www.zbsb.org/index.php?option=com_content&view=article&id=1525:v-&catid=1&Itemid=107), які ўтрымлівае шэраг дадатковых цікавых зьвестак.

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0-6

Там жа таксама выстаўлены ўсе выніковыя дакументы зьезду (гл. http://zbsb.org/index.php?option=com_content&view=article&id=1526&Itemid=114) – на наш погляд, таксама вельмі ўдалыя.

3 каментарыя

  1. Партызан кажа:

    Пэўна ў мяне такая доля: уносіць крыху дзёгцю ў бочку з мёдам…
    1. Агульна вядама, што маторам і арганізацыйным цэнтарам найбольш дзейных беларускіх суполак у дыяспары зьяўляюцца прадстаўнікі новай беларускай палітычнае эміграцыі. Іх прыезд у Беларусь немагчымы і таму, на вялікі наш жаль і радасьць уладаў, зьезд прайшоў без ніх. Прысутнічалі: альбо другарадныя асобы, што не вызначаюцца актыўнасьцю; альбо – асобы лаяльныя для ўладаў; альбо – палітычныя пэнсіянэры.
    2. Арганізатары зьезду зрабілі ўсё магчымае, каб прадстаўнікі найбольш “радыкальных” арганізацый з дыяспары не патрапілі на зьезд. Зьмешчанае на гэтым сайце паведамленьне-артыкул, як высьветлілася, далёка не выключэньне. Падобны стан справаў быў: у Аўстрыі, Італіі, Францыі, Украіне, Малдове і Румыніі. Пры гэтым прадстаўніку беларускай суполкі “Салідарнасьць” з Румыніі аргкамітэт зьезду напрамкі выказаў думку, што “ягоная прысутнасьць можа пашкодзіць дыялёгу з уладамі і правядзеньню зьезду.” Верагодна ўзгадаліся запыты, што з падачы “Салідарснасьці” агучываў адзін дэпутатаў ЭЗ ад Румыніі (румынскі нацыяналіст). Менавіта ў іх гучалі словы: этнацыд, расейская экспансія, злочыны супраць правоў чалавека і г.д.
    3. Вось ужо амаль 10 гадоў бацькаўшчына зьяўляецца ЗАО “Макоўская, Шыдлоўская і К”. Давайце ўзгадаем, як у 2005 г. Шыдлоўская ад імя Бацькаўшчыны патрабавала ад бел. дыяспары падтрымкі Казуліна і збору сродкаў на ягоную кампанію… Ды і зараз для поўнага і аб’ектыўнага асьвятленьня дзейнасьці пэўнай суполкі на старонках ЗБСа патрэбны ахвяраваньні на ягоную адрэсу.

  2. Siarhiej кажа:

    Эканамічная крыза трошкі паслабіла дыктатуру – няма ўжо такіх сіл душыць. Але да стану які быў пад час 1-га з’езду пакуль далёка, не кажучы ўжо пра рух наперад.

  3. Партызан кажа:

    Шаноўны Сяргей!
    Вы закранулі вельмі істотнае пытаньне. На маю думку, улады і не зьбіраліся душыць менавіта такі зьезд. Наадварот, яны (улады) зрабілі ўсё магчымае, каб зьезд адбыўся менавіта ў такім фармаце і менавіта ў такой форме. Бо сёньня аб’ектыўна зьезд згуляў на лігітымізацыю дыктатуры, надаў пэўным асобам сьцьвярджаць: большасць беларускае дыяспары, калі не падтрымлівае, дык лаяльна ставіцца да існуючага рэжыму і ягонай палітыкі.
    Мусім пагадзіцца, што невялікая купка выпадкова патрапіўшых на зьезд сапраўдных беларускіх патрыётаў і нацыяналістаў (асабіста для мяне гэтыя словы – сінонімы) апынулася ў абсалютовай меншасьці сярод адкрытых і прыхаваных прыхільнікаў рэжыму, прыстасаванцаў і здраднікаў.
    Сапраўдны, голас менавіта БЕЛАРУСКАЙ ДЫЯСПАРЫ ў Меску не прагучаў.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы