Алесь Анціпенка
Цяпер у сувязі з гадавінай сьмерці Аляксандра Салжаніцына ў расейскіх, дый ня толькі, СМІ назіраецца ажыятаж пахвалы і ўспамінаў вакол гэтай асобы. У свой час, больш за два гады таму, мы, апярэдзіўшы многіх, выказалі свае меркаваньні што да Салжаніцына (https://nashaziamlia.org/2007/06/15/717). Цяпер падаем меркаваньне філосафа Алеся Анціпенкі, якое, як высьветлілася, у дадзеным канкрэтным выпадку 100%-ва супадаем з нашым (узята з www.svaboda.org/content/article/1188290.html).
Рэдакцыя.
“У свой час “Архіпэляг ГУЛаг” і “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” Аляксандра Салжаніцына зрабілі на мяне проста выбуховае ўражаньне. Мы ўжо здагадваліся пра страшныя рэпрэсіі, якія панавалі ў Савецкім Саюзе, але што яны былі такімі маштабнымі, што гэта было сапраўднае пекла, у якое траплялі ні ў чым не вінаватыя людзі, даведаліся з твораў Салжаніцына. Нам не хапала фантазіі ўявіць, што камуністычная ўлада можа разбураць асобу з такой жорсткасьцю, мэтадычнасьцю, сыстэмнасьцю. Для нас, якія на той час ужо мелі антыкамуністычныя перакананьні, гэта было вялікім падмацаваньнем.
Але, мушу сказаць, што на гэтым уплыў Салжаніцына на мяне і скончыўся.
[Бо] пасьля артыкулу “Кам нам обустроить Россию” я зразумеў, што спадар Салжаніцын – звычайны расейскі імпэрыяліст, нягледзячы на тое, што ён з такім імпэтам і такой моцай абрынуўся на таталітарную сыстэму.
Мне падалося гэта страшэнным супярэчаньнем, таму што любая імпэрская сыстэма ў той ці іншай ступені таталітарная.
Я [таксама] ўбачыў, якую вялікую супярэчнасьць прапануе ўсім нам Салжаніцын: ён адмаўляе беларусам і ўкраінцам у праве на самавызначэньне. Гэта я ня мог прыняць. І пазьнейшая творчасьць Салжаніцына, якую я ўспрымаў усё зь меншай і меншай цікавасьцю, толькі пацьвердзіла ўмацаваньне імпэрскіх і манархічных пазыцый [расейскага] пісьменьніка і мысьляра.
Але ў любым выпадку мы мусім прызнаць ягоную выбітную ролю ў разбурэньні савецкай таталітарнай сыстэмы”.
Ад рэдакцыі:
Паколькі пытаньне пра Салжаніцына і Ліхачова будзе яшчэ ня раз паўставаць перад беларусамі, давайце сфармулюем як прынцып нашай дактрыны (Д пр-п 123), што наша стаўленьне да гэтых людзей дваістае: мы ўдзячныя ім за ўдзел у разбурэньні савецкай таталітарнай сістэмы, якая няволіла і зьнішчалаве беларусаў больш 70 гадоў, але ня можам выбачыць ім далейшай прапаганды ідэй расейскага імперыялізму. Як быццам бы расейскі імперыялізм можа быць добрым хоць у якой іпастасі…