Валеры Грыцук
Як прыйшоў да ўлады будучы дыктатар? Хто яму дапамагаў?
На Беларусі пануе дыктатура. Але дыктатар ня быў бы дыктатарам, калі б яму не дапамаглі стаць ім.
У 1994 «маладыя ваўкі» дапамаглі Аляксандру Лукашэнка стаць прэзідэнтам, але яны дапамагалі не яму – маладому “колхозніку”. Яны разьлічвалі самі ўзяць уладу. Рыгорычу яны вызначылі ролю лялькі на пасадзе.
Падзеі і час паказалі – маладыя ваўкі вельмі памыліліся, а іхны “важак” Ганчар заплаціў жыцьцём.
Ці вучыць кагосьці Гісторыя , якая дае ўрокі Жыцьця? Вучыць – калі вучань разумны і здольны спыніцца, каб добра падумаць, узважыць, ацаніць падзеі, факты, людзей…
На жаль, маладыя, празмерна энэргічныя, палітычна амбітныя людзі ня здольныя да аналізу. Сваю недасьведчанасьць у жыцьці яны спадзяюцца кампенсаваць рэвалюцыйнасьцю, сьмеласьцю “ўзяць адказнасьць за лёс краіны”, калі нават за свой уласны лёс яны яшчэ ня здольныя адказваць. Альбо ім мроіцца, што яны “ўедуць” у кабінеты Улады на спінах старых палітыкаў, якіх потым адкінуць, як непатрэбны футарал.
1995-96 г. паказаў маладым ваўкам, якімі марнымі былі іхныя спадзяваньні.
А потым наступныя гады пераканалі разумных беларусаў, што кат кіруе на Беларусі ўжо 15 гадоў, зьнішчае мараль і разбурае беларускую культуру, а жыхароў Беларусі ператварае ў жывёл з “чаркай і шкваркай”.
Адкуль тое сталася? Бо “маладыя ваўкі” дапамаглі Лукашэнка стаць прэзідэнтам!
Некаторыя гавораць, што гісторыя не паўтараецца. А я кажу, што паўтараецца. Людскае жыцьцё, Цывілізацыя існуюць (як усё ў Прыродзе), разьвіваюцца па законах Хвалі. Прыкладаў таму шмат.
Маладыя ваўкі А.Лукашэнкі павінны быць асуджаны беларусамі, але гэта іншая справа. Беларусь цяпер ізноў уваходзіць у крызісную сітуацыю (кропку перагібу лініі Гісторыі), у новую гістарычную Хвалю, якая можа вельмі моцна зьмяніць жыцьцё Беларусаў. Але ў які бок?
Цяпер мы маем новага “лідара”, якога на Хвалю палітыкі амаль выпадкова выкінуў Кампраміс. І вось ужо новыя “маладыя ваўкі”, №2, спадзяюцца праз чарговую “ляльку” атрымаць уладу.
Марныя спадзевы. Не дапаможа ім вонкавая “эўрапейскасьць” іхняга лідэра і нават падтрымка яго некаторымі палітыкамі Еўропы.
Аляксандр Мілінкевіч удала скарыстаўся падтрымкай Захаду і атрыманыя грошы скіраваў на… “базар партыйных актывістаў”. Купіць змог многіх. Нованавернутыя прыхільнікі “Руху” паквапіліся на лёгкія грошы, а Статуты партый, этыка, мараль ня сталі перашкодай.
Да “Руху” сіла апазіцыі сяк-так трымалася на Маралі, маральных паводзінах актывістаў Апазіцыі. “Рух” Мілінкевіча ўсё гэта зьнішчыў. Больш за тое, маладыя “палітыкі” ў асяроддзі “Руху” пачуліся маладымі ваўкамі, здольнымі захапіць Уладу.
Але “маладыя ваўкі” №2 аніяк ня могуць зразумець, што і іхнія спадзевы марныя.
Мілінкевіч прыняў эўрапейскаць па ўзоры дзейнасьці эўрапейскіх пенсіянераў, накшталт АБСЭўскага Шмідта. Таму трэба апошнюю Пасаду выкарыстаць для “зьбіраньня” грошай на багатую спакойную старасьць, грэбуючы прынцыпамі Правоў Чалавека і Дэмакратыі.
Але “маладыя ваўкі” №2 пакуль спакойныя: рознакаляровая валюта цячэ плыньню, а праца няцяжкая і няпыльная. Трэба рабіць заявы і агітаваць (купляць) новых прыхільнікаў для Мілінкевіча, быць лаяльным да шэфа. А калі будзе ўтворана “крытычая маса”, то можна будзе зрабіць, як кажуць цяпер, рэйдэрскі захоп апазіцыйных партый.
Спрабуем уявіць на чале такой “арміі” генерала Мілінкевіча… Куды, у якую атаку павядзе ён сваю армію? Ізноў да помніка Перамогі? Бо ісьці далей ён ня здольны. Ды Ўлада яму не патрэбная, яму б старасьць Шмідта.
А хто думае і жыве дзеля Беларусі? А што ім Беларусь?
“Маладыя ваўкі” №2 з каманды Мілінкевіча мараць “узяць Уладу”, але жывуць “тут і цяпер”, карыстаючыся ўсімі выгодамі нябеднага жыцьця.
Калі ж раптам “Улада” ім “зваліцца”, то, вядома, пасады яны ўжо разьмеркавалі. Але “маладых”, накшталт Губарэвіча, Шыманскага, можа чакаць вялікая неспадзяванка, такая ж, якая напаткала “маладых ваўкоў” №1.
І самае галоўнае, што “базар партыйных актывістаў”, які ўтварыў “отбеливатель Мілінкевіч”, цалкам абяззброіў апазыцыю і заганяе дэмакратаў у стан летаргічнага чаканьня…
Чаго, на колькі і дзеля чаго?
Бадай, дзеля спакойнай і багатай старасьці Лідэра і пасіўнай дапамогі дыктатару Лукашэнка зьнішчыць беларусаў як этнас, а краіну зрабіць вялікай “афшорнай зонай” для адной сям’і.
А дзе дэмакратычная багатая беларуская Беларусь?
Калі “маладыя ваўкі” №2 ня спыняць сваю дзейнасьць, то такой Беларусі ня будзе.
http://www.belradio.eu/by/933/reports/36641/
Сп-р Валер, як да сёньня, прасіў не выстаўляць ягонае фота.