nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Кірунак – гуманістычны прагрэс (частка 1: што там у аналах?)

жнівень 27, 2009 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі

d0afНекалькі ўступных заўваг.

Мы, у рэдакцыі нашага сайта, ад пачатку дамовіліся, што адным з галоўных сэнсаў нашага існаваньня ў і-сеціве павінна быць спрыяньне гуманістычнаму прагрэсу чалавецтва, які мы разумеем як ўзрастаньне ўзроўню ўнутранай уладкаванасьці ва ўзаемаадносінах паміж асобнымі людзьмі, іх сацыяльнымі групамі, усімі народамі, а таксама паміж чалавецтвам і асяроддзем яго існаваньня. Па сутнасьці, гэтая задача зьяўляецца для нас такой жа важнай, як і спрыяньне зьмястоўнай дэмакратыі ў Беларусі (дарэчы, абедзьве гэтыя задачы зьяўляюцца сістэмна зьвязанымі: nashaziamlia.org/2009/04/25/2096/#more-2096).


Наша рэдакцыйная мэтавая заангажаванасьць у гуманістычным прагрэсе зафіксавана ў 12-м і 14-м прынцыпах Сьветагляднай дактрыны.

У свой час я ўжо заяўляў (напэўна, у гэтым я ня быў першым), што перад чалавецтвам стаіць найактуальная задача істотна паскорыць тэмпы менавіта гэтай формы прагрэсіўнага разьвіцьця людскай цывілізацыі (С пр-п 14-2). Адна з найгалоўных прычын у тым, што адрыў іншай формы прагрэсу – тэхналагічнага – ад гуманістычнага, які адстае, вядзе да надзвычай небясьпечнай сітуацыі “ўзброенасьці малпы ядзернай дубінкай” (гл. nashaziamlia.org/2007/03/01/545). Гэта сітуацыя ёсьць нічым іншым, як своеасаблівым самападкладаньнем ядзернай міны пад існаваньне ўсяго чалавецтва – міны, якая можа выбухнуць у любы момант… Таму галоўныя тэндэнцыі сёньняшняга разьвіцьця чалавецтва варта лічыць, як мінімум, бесперсьпектыўнымі, а лепш – абсалютна заганнымі.

Мы ня згодныя (як, напэўна, і ўсе хоць мінімальна прыстойныя людзі), што сэнс існаваньня чалавецтва ў яго самазьнішчэньні. Такое ад лукавага (С пр-пы 11, 13) і ад тых глабальных сацыяльных паразітаў, якія яму служаць! (С пр-ы 13, 16).

Мы прынялі таксама, што сістэма ўсіх заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць існаваньне Сьвету (часткай якога ёсьць наша людская цывілізацыя) і яго прагрэсіўнае разьвіцьцё – гэта па сутнасьці й ёсьць сапраўдны Бог (С пр-п 4). Гэтыя заканамернасьці трэба спасьцігаць й ім падпарадкоўвацца. Толькі так людзі могуць і паўдзельнічаць у прагрэсіўным разьвіцьці Сьвету, і набыць сэнс свайго існаваньня – праз аб’ектыўнае стаўленьне да рэчаіснасьці стаць яе суб’ектам. (Дарэчы, чым больш чалавек аб’ектыўны – г.зн., чым больш ён улічвае ў сваім жыцьці аб’ектыўныя заканамернасьці рэчаіснасьці, тым больш ён суб’ектны (г.зн. такі, што сам кіруе сабой, здольны самастойна ставіць перад сабой мэты й іх дасягаць). Чым больш чалавек суб’ектыўны (зацыклены на сабе, сваіх пачуцьцях, жаданьнях), тым больш ён аб’ектны – г.зн. апынаецца ў стане, калі ім кіруюць вонкавыя абставіны, іншыя людзі, чужыя інтарэсы…)

Адзінай абсалютна надзейнай крыніцай для выяўленьня гэтых заканамернасьцяў зьяўляецца сам Сьвет (С пр-пы 2, 8, 11), а сьферамі дзейнасьці людзей, якія накіраваны на іх адкрыцьцё ды спасьціжэньне – навука і адукацыя (С пр-п 6, 10).

Адсюль цалкам зразумелая спроба зазірнуць у “аналы навукі” й узяць адтуль неабходныя веды (у дадзеным выпадку гэта павінны быць найперш гуманітарныя веды)…

Аднак, перакананы, кожны, хто паспрабуе зазірнуць ва ўзгаданыя “аналы” з жаданьнем знайсьці адказ, напрыклад, на такія пытаньні: У якім кірунку мы павінны імкнуцца ўладкоўваць усе праблемы чалавецтва, каб забясьпечыць і яго захаваньне (а не самазьнішчэньне), і яго гуманістычны прагрэс? Як можа выглядаць ідэальная дзяржава, якую мы павінны імкнуцца будаваць? Як павінна адбывацца ў ідэале ўзаемадзеяньне паміж дзяржавамі й народамі ў межах усёй людскай цывілізацыі? – можа лёгка пераканацца, што ня толькі ў “аналах” мала што можна знайсьці, але і зь імі самімі вялікая праблема…

Каб і вы маглі ў гэтым пераканацца, падам тры прасьцейшыя, але, на мой погляд, досыць паказальныя ілюстрацыі, якія будуць грунтам для далейшых разважаньняў.

 

1.

1.1. Давайце на пачатак азнаёмімся з артыкулам “Дзясятка буйнейшых навуковых прарываў у 2008 годзе па версіі журнала Science (узяты адсюль www.inauka.ru/science/article88144.html)

“Рэдакцыя Science – аднаго з самых аўтарытэтных навуковых выданьняў сьвету, кожны год рыхтуе сьпіс дзесяці самых выбітных навуковых дасягненьняў года.

Стварэньне метаду вяртаньня сьпелых клетак ў “зародкавы стан” – ператварэньне іх у ствалавыя клеткі – ачоліла дзесятку навуковых прарываў года паводле версіі часопіса Science.

У сьпіс таксама ўвайшлі ўпершыню атрыманыя выявы планетаў і іншых зорак, новы клас звышправаднікоў, пашырэньне сьпісу ракавых мутацый, назіраньне за працай бялковых малекул, відэазапіс разьвіцьця эмбрыёна, адкрыцьцё механізму ператварэньня “добрага тлушчу”, тэарэтычнае ўзважваньне пратона, а таксама хуткі і танны спосаб дэшыфроўкі геному чалавека.

“Калі аглядальнікі і рэдактары Science наважваюцца абраць самае вялікае дасягненьне года, яны шукаюць дасьледаваньне, якое адказвае на галоўныя пытаньні аб будове Сусьвету і адкрываюць шлях для новых адкрыцьцяў”, – кажа прадстаўнік часопіса Роберт Кунц (Robert Coontz).

Перапраграмаваньне клетак – вырашэньне праблем біяэтыкі

Камлёвыя (ствалавыя) клеткі, зь якіх на пачатковай стадыі складаецца эмбрыён, здольныя ператварацца ў клеткі многіх тканак арганізма. Гэта дае ўнікальную магчымасьць лячэньня шматлікіх хваробаў: з камлёвых клетак можна вырошчваць органы, ідэальна адпаведныя для трансплантацыі, іх можна выкарыстоўваць для аднаўленьня нярвовай тканкі спіннога мозга і вылечваць паралюшы, змагацца з шэрагам дэгенератыўных і спадчынных хваробаў.

Аднак камлёвыя клеткі атрымлівалі з эмбрыёнаў праз іх забіцьцё, што стварала невырашальную этычную праблему – бо з зародка можа вырасьці паўнавартасны чалавек. Многія краіны абмежавалі досьледы з эмбрыянальнымі клеткамі, Ватыкан у пачатку сьнежня запатрабаваў забараніць выкарыстаньне клетак эмбрыёна чалавека ў медацыне і касьметыцы.

Буйны прарыў быў зроблены ў 2006 годзе, калі японскія навукоўцы здолелі з дапамогай віруса ўбудаваць чатыры гены ў сьпелыя клеткі, атрыманыя з хваста мышы, ператварыўшы іх у клеткі, якія выглядалі і паводзілі сябе як ствалавыя. Яны атрымалі назву “індукаваныя ствалавыя клеткі”.

Недахопам метаду было тое, што для іх перапраграмаваньня быў неабходны генетычны матэрыял рэтравіруса, здольнага выклікаць ракавыя зьмены ў клетках.

У гэтым годзе навукоўцы здолелі спрасьціць метад і атрымаць камлёвыя клеткі з тканак людзей, хворых малавывучанымі захворваньнямі, што адкрывае новыя магчымасьці для вывучэньня гэтых хваробаў. Яшчэ адна група навукоўцаў з дапамогай гэтай тэхналогіі здолела наўпрасткі ператварыць адзін з тыпаў клетак падстраўнікавай залозы мышы ў іншы.

Убачыць планеты каля іншых сонцаў

Другім у сьпісе прарываў года часопіс Science назваў дасягненьні астраномаў, якія пры дапамозе адмысловай тэхнікі здолелі ўбачыць планеты ў іншых зорак, што раней не ўдавалася з-за іх скрайне слабога сьвятла, якое “заглушалася” выпраменьваньнем зоркі.

З дапамогай тэлескопаў Кек & Джэміні навукоўцы змаглі атрымаць выявы цэлай планетнай сістэмы – адразу трох планет – у зоркі HR 8799 у сузор’і Пегаса, размешчанай у 130 сьветлавых гадах ад Зямлі.

Тады ж – у лістападзе – іншая група астраномаў абвясьціла, што з дапамогай арбітальнага тэлескопа “Габл” яны здолелі атрымаць выяву планеты ўнутры пылавага пасу зоркі Фамальгаўт у 25 сьветлавых гадах ад Зямлі, у сузор’і Паўднёвай Рыбы.

Пашыраны сьпіс ракавых мутацый

У мінаючым годзе навукоўцам удалося значна пашырыць пералік генетычных мутацый, якія выклікаюць зьяўленьне ракавых пухлінаў. З дапамогай расшыфроўкі геному клетак розных тыпаў раку былі выяўленыя гены, пашкоджаньне якіх “спускае тармазы” з працэсу дзяленьня клетак і выклікае рост пухліны.

У прыватнасьці, былі выяўленыя гены гліябластомы і раку падстраўнікавай залозы – адны з самых небясьпечных тыпаў пухлінаў.

Новая звышправадніковая сям’я

Фізікі адкрылі новае сямейства высокатэмпературных звышправаднікоў – матэрыялаў, якія пры пэўнай тэмпературы губляюць электрычнае супраціўленьне і здольныя ў гэтым стане правадзіць ток без стратаў.

Вядомыя раней высокатэмпературныя звышправаднікі ствараліся на базе медзі і злучэньняў кіслароду. У пачатку года навукоўцы абвясьцілі аб стварэньні новага тыпа звышправаднікоў на базе злучэньняў жалеза з тэмпературай страты супраціўленьня 55 градусаў вышэй абсалютнага нулю. Пакуль гэта далёка ад 138 градусаў – рэкорда, пастаўленага традыцыйнымі звышправаднікамі, але навукоўцы разьлічваюць, што новыя матэрыялы будуць вельмі персьпертыўныя.

Назіраньне за бялкамі

Хоць аб існаваньні бялковых малекул вядома на працягу больш за сто гадоў, біяхімікі толькі ў гэтым годзе здолелі ўбачыць іх у дзеяньні. Падчас эксьперыменту навукоўцам удалося паназіраць за працэсам зьвязваньня бялкоў зь іншымі малекуламі. У выніку былі выяўленыя механізмы, якія ляжаць у падставе гэтага працэсу.

Вада для спальваньня

Выкарыстаньне энэргіі ветру і Сонца не прыносіць стратаў экалогіі, аднак пры выкарыстаньні іх узьнікае вялікая праблема – адкуль браць энэргію, калі Сонца не сьвеціць, а вецер не дзьме. Не існавала дастаткова зручнага спосабу запасаць энэргію ў такой сітуацыі. Група амерыканскіх навукоўцаў стварыла новы каталізатар на базе фосфару і кобальту, у прысутнасьці якога значна палягчаецца электроліз вады. Папярэднія тыпы каталізатараў рабіліся на базе дарагіх матэрыялаў, напрыклад, з плаціны.

Танная альтэрнатыва дазваляе выкарыстоўваць ваду як электрычны акумулятар – атрыманы пры электролізу вады вадарод можа быць спалены ў паліўных элементах і ператвораны ў электрычнасьць.

Відэаздымкі эмбрыёна

У гэтым годзе ў навукоўцаў атрымалася ў драбнейшых падрабязнасьцях і зь беспрэцэдэнтнай дакладнасьцю прасачыць за пачатковымі стадыямі разьвіцьця эмбрыёна. Нямецкія навукоўцы з дапамогай лазернага сканіраваньня здолелі прасачыць за перамяшчэньнем каля 16.000 клетак зародка рыбкі данія рэрыя, а затым аднавіць гэтую карціну з дапамогай кампутара.

У выніку ў навукоўцаў атрымалася прасачыць пачатковыя стадыі фармаваньня розных тканак, у прыватнасьці, сятчаткі вока.

“Кепскі” і “добры” тлушч

Пра існаваньне двух тыпаў тлушчавай тканкі – карычневай (“добрай”) і белай (“кепскай”) – вядома ўжо больш за 400 гадоў. З атлусьценьнем зьвязаны белыя тлушчавыя клеткі. Доўгі час лічылася, што абодва тыпы тлушчу ўтвараюцца з адных і тых жа клетак-папярэдніц. Навукоўцы паспрабавалі паўзьдзейнічаць на гены карычневых клетак і ператварыць іх у белыя. Вынік аказаўся нечаканым – карычневыя тлушчавыя клеткі ператвараліся ў цяглічныя (мышцавыя) і наадварот.

Навукоўцы разьлічваюць, што гэта дапаможа стварыць прынцыпова новыя метады барацьбы з атлусьценьнем.

Навукоўцы ўзважылі пратон тэарэтычна

Фізікі зноўку ўзважылі пратон. На гэты раз яны не літаральна вызначалі масу часьцінкі, што было зроблена дастаткова даўно, а тэарэтычна – падлічылі на грунце існуючых уяўленьняў – г.зв. Стандартнай мадэлі. Атрыманыя вынікі супалі з практыкай, што яшчэ раз пацьвердзіла правільнасьць тэорыі.

Дэшыфноўка геномаў. Танна.

Працэс секвеніраваньня (дэшыфроўкі) генаў жывых арганізмаў стаў значна таньнейшым і больш хуткім з часу завяршэньня праекту расшыфроўкі геному чалавека. У 2008 годзе навукоўцам, у прыватнасьці, удалося расшыфраваць 80% геному маманта. Атрыманы папярэднія вынікі дэшыфроўкі геному неандэртальца”

(канец артыкула).

Журнал “Science” (Навука) – самы прэстыжны навуковы часопіс. Да яго ў гэтым сэнсе набліжаецца бадай што толькі часопіс “Nature” (Прырода). Грунтуючыся на рэйтынгавых ацэнках гэтых часопісаў, працуе Нобелеўскі камітэт. Паглядзіце, які ўзровень магчымасьцяў чалавека ў здабыцьці новых ведаў. Фантастыка!..

А цяпер зьвярніце ўвагу – ні ў Science, ні ў Nature няма артыкулаў, прысьвечаных навуковаму дасьледваньню людскага соцыюму ў кірунку выяўленьня заканамернасьцяў яго аптымальнага ўладкаваньня. Прадэманстраваны вышэй рэйтынг-прыклад гэта выразна пацьвярджае – у ім пададзены навуковыя адкрыцьці, датычныя сьфераў фізікі, хіміі, біялогіі, але гуманітарная сьфера цалкам выпадае…

Гэта здаецца дзіўным, бо рацыянальна-сацыяльная форма руху матэрыі, зьвязаная зь дзейнасьцю людзей і іх самаарганізацыяй – гэта ў прынцыпе такі ж аб’ект навуковага аналізу, як фізічная, хімічная і біялагічная формы.

Вы можаце сказаць – затое Нобелеўскія прэміі па гуманітарнай тэматыцы існуюць, гэта прэміі па эканоміцы, прэміі за мір. Па-першае, нобелеўскія прэміі за мір выдаюцца не навукоўцам, а грамадскім дзеячам. Па-другое, сьфера эканомікі – гэта толькі адна са сьфераў міжлюдскіх адносін, пры гэтым зьвязаная ня толькі з гуманістычным прагрэсам, а і з тэхналагічным. Акрамя таго, і тут апошні час прынес нам паказальны “навуковы” парадокс. Больш за ўсё нобелеўскіх прэмій па эканоміцы была выдадзена навукоўцам са Злучаных Штатаў. А дзе ў сьвеце зарадзіўся апошні глабальны эканамічны крызіс? У… ЗША. Вось, бачыце – нават у гэтым фрагменце гуманітарных ведаў: веды – асобна, рэчаіснасьць – асобна.

Такім чынам, гуманітарныя веды, калі не хаваюцца, дык адчужаюцца.

Падазрэньне, што гуманітарныя веды могуць ад чалавецтва наўмысна хаваць, падмацоўваюцца наступным фактам.

У свой час – пад канец 1990-х – веды былі аб’яўлены “стратэгічным рэсурсам” (гл. В.Л.Иноземцев. “Расколотая цивилизацияhttp://lib.ru/POLITOLOG/inozemcew.txt). Ва ўмовах, калі паміж дзяржавамі існуюць істотныя супярэчнасьці, няцяжка выказаць меркаваньне, што цяпер веды, як стратэгічны рэсурс, будуць ад людзей хавацца – асабліва тыя, што маюць прынцыповае значэньне для тэхналагічнага і гуманістычнага прагрэсу, (гл. nashaziamlia.org/2007/10/22/943). Адкрытымі пакуль застаюцца веды толькі натуралістычнага плану – такія, прыклады якіх якраз і пададзены ў папярэднім раздзеле.

А што займае ў агульнадаступнай інфармацыі тое месца, якое павінны займаць шукаемыя намі гуманітарныя веды?

1.2. Як вядома, сьвятое месца пустым не бывае.

Уладам, якія кантралююць сьветагляды людзей, трэба даваць хоць нейкі адказ на пытаньні, накшталт пададзеных у пачатку артыкула. І гэты “адказ” даецца!.. Прычым, для розных груп розны. Для людзей сярэдняга ўзроўню і ніжэй – у выглядзе разнастайных псеўданавуковых, “паранармальных” “феноменаў”; для людзей сярэдняга ўзроўню і вышэй – у выглядзе псеўдаінтэлектуальнай жвачкі.

У якасьці прыкладу першага варыянту “адказу” і правільнай рэакцыі на яго прапаную азнаёміцца з трохі скарочаным артыкулам Аркадзя Голада Кароткі вызначальнік навуковага шарлатанства (www.inauka.ru/analysis/article90761.html).

“Кніжныя паліцы, старонкі перыёдыкі, тэлепраграмы, інтэрнэт-сайты і форумы напоўненыя антынавуковай бязглуздзіцай. Шчыра спачуваючы ахьвярам ілжэнавукі і шарлатанства, паспрабуем скласьці сьціслы вызначальнік “брахалогіі”, падобна да вызначальнікаў небясьпечных жывёлаў і атрутных грыбоў.

Прыкметы першага парадку.

Калі ў публікацыі сустракаюцца словы: аўра, біяполе, чакра, біяэнэргетыка, панацэя, энэрга-інфармацыйны, рэзанансна-хвалевы, псіхічная энэргія, мысьляформа, тэлеганія, хвалевая генэтыка, хвалевы геном, звышпачуцьцёвы, астральны – дык можаце быць упэўненыя, што маеце справу з шарлатанскай пісанінай.

Сьпіс можа быць працягнуты, але асаблівага сэнсу ў гэтым няма. Тэрміналогія шарлатанскай браціі ўвесь час пашыраецца, таму арыентавацца на “сігнальныя словы” не заўсёды бывае дастатковым для правільнай ацэнкі тэкста.

Прыкметы другога парадку.

Гэта даныя пра асобу аўтара. Як правіла, асноўная сьпецыяльнасьць аўтараў псеўданавуковых твораў далёкая ад вобласьцяў ведаў, якім прысьвечаныя іх опусы. Я адмыслова выкарыстоўваю тэрмін “опус” (ад лацінскага opus – справа), каб не ўдакладняць, кніга гэта, артыкул ці тэлеперадача.

Вялікую цікавасьць для аналізу ўяўляюць навуковыя рэгаліі аўтара. Чым іх больш і чым больш старанна яны пералічаны, тым больш асьцярожна трэба ставіцца да тэкста. У сапраўдных навукоўцаў імкненьне да славы лічыцца дрэнным тонам.

Сьціплае “к.м.н. Абэвэгэдэеў” выклікае значна больш даверу, чым “доктар праблемаў сусьвету, акадэмік XYZ акадэміі, ганаровы сябра таго і гэтага Фантазм Ахінеевіч Чэпуханаў-Грандыёзаў”.

“Ганаровае сяброўства” ў разнастайных акадэміях асабліва насьцярожвае па прычыне істотных адрозьненьняў паміж сябрам і ганаровым сябрам.

Няма сумневу, нямала сапраўды выбітных людзей уганараваныя мноствам ўзнагародаў. Але, на жаль, іх працы даступны разуменьню толькі такім жа прафесіяналам, а папулярных публікацый яны амаль не робяць.

У працах прафесіяналаў адсутнічае ня толькі самавыхваленьне, але і ўвогуле спамінаньне аб каштоўнасьці данай працы.

Выразы накшталт: “Наша дасьледаваньне цалкам зьмяняе ўяўленьне аб тым і тым”; “Яно мае асаблівую каштоўнасьць”; “Усё, што было да нас, не ўяўляе ніякай вартасьці” – разам з абяцаньнямі карэнных ператварэньняў у навуцы, неадкладнага велізарнага эфекту пры зьнікомых выдатках, з прыніжэньнем папярэднікаў і канкурэнтаў – уяўляюць зь сябе даставерныя сімптомы шарлатанства.

Азначэньне аўтарам сваёй працы як рэвалюцыйнай – вельмі сур’ёзная прычына сумнявацца як у кампетэнтнасьці аўтара, так і ў вартаснасьці яго твора.

Прыкметы трэцяна парадку

Гэтыя адзнакі выяўляюцца, уласна, у зьмесьце твора. Некаторыя моманты, якія належаць да гэтага разьдзела, былі ўжо ўзгаданыя вышэй. Аўтары шарлатанскіх сачыненьняў зусім не зацікаўленыя ў хуткай ідэнтыфікацыі антынавуковасьці. Некаторыя дасягнулі выбітных посьпехаў у мімікрыі і на дзіва спрытна маскуюць ілжэнавуковую прыроду сваіх твораў сярод цалкам разумных разважаньняў.

Абмяжоўваючыся рамкамі медыцыны і біялогіі, нагадаю, што ў біялагічных сістэмах і ў жывых арганізмах усе вядомыя фізічныя законы дзейнічаюць так сама няўхільна, як і ў нежывых. Сьпецыфічныя ж біялагічныя законы маюць ня меншую моц і таксама не парушаюцца. Таму, калі аўтар сур’ёзна разважае аб паранармальных здольнасьцях – бачаньні праз сьцену, чытаньні лістоў у закрытых канвертах, левітацыі, тэлекінэзе, ажыўленьні нябожчыкаў, аперацыях без нажа (з выманьнем патрахоў, але бяз раны і шнара) – вы чытаеце казку. Выкарыстаньне навуковападобнай тэрміналогіі разьлічана ня столькі на сьвядомасьць чытача, колькі на гіпнатычны эфект незразумелых словаў, якія служаць правадніком аўтарскіх ідэй у мозг чытачоў ці слухачоў. Чытачу проста не пакідаюць часу на асэнсаваньне слоўнай плыні. Ён толькі пасьпявае схопліваць асобныя кавалкі, напісаныя нармальнай мовай. У іх жа і ўтрымліваюцца думкі, якія, паводле задумы аўтара, павінен засвоіць спажывец прадукту яго разважаньня.

Вялікая колькасьць замежных слоў там, дзе дастаткова роднай мовы, вялікая колькасьць складаных канструкцый – сігнал чытачу: “Глядзі, не ўляпайся!”

Для шарлатанскіх опусаў характэрным ёсьць адсутнасьць сумненьняў і нецярпімасьць да пярэчаньняў. Выразная прыкмета шарлатанства – адсутнасьць рэакцыі на крытыку па сутнасьці з пераходам на асобу апанента.

Для псеўданавуковых прыдумак характэрныя ўніверсальнасьць і ўсеагульнасьць. Шарлатан не апускаецца да рашэньня вузкіх задач. Ужо калі ён зрабіў пераварот у навуцы, дык глабальны. Калі ён лечыць анкалагічныя захворваньні асінавай палачкай – дык усе без выключэньня. Калі ён вынайшаў цудоўную дыету, дык яна падыходзіць усім, вядзе да здароўя радыкальна і бяз права на апеляцыю.

Калі аўтару не хапае фактычных ці лагічных аргументаў (часта і тых, і тых), ён можа прыбягаць да спасылак на аўтарытэты – часта нябожчыкаў. Пры гэтым прыпісваецца тое, чаго зусім не было. Вядома, мёртвыя сораму ня маюць…

Надзейная прыкмета брэхалогіі – адсутнасьць у “рэвалюцыйнага вучэньня” навуковай перадгісторыі. Звычайна навука разьвіваецца пасьлядоўна – асновай для новага, як правіла, зьяўляецца добра праверанае старое.

Аналагічна прапаную ставіцца да ўсялякага роду “азарэньняў”, “наіцій”. Усялякая эзатэрыка і містыка толькі сваёй прысутнасьцю ў “навуковым” опусе адназначна вызначаюць яго прыналежнасьць да брэхалогіі.

Яшчэ адной адзнакай трэцяга парадку я б назваў “нябрытасьць па Акаму”. Брытвай Акама быў названы прынцып, сфармуляваны яшчэ ў XIV стагоддзі французскім манахам Вільямам Акамам, які гучыць так: Entia non sunt multiplicanda sine necessitate – “Ня варта множыць сутнасьці без неабходнасьці”. Прасьцей, ня варта прыдумваць складаныя тлумачэньні там, дзе дастаткова простага. У псеўданавуковых опусах гэты прынцып не выконваецца.

У заключэньне простая рэкамендацыя: для адрозьненьня навукі й брэхалогіі карыстайцеся здаровым сэнсам: калі яшчэ не збарнкрутавалі латэрэі – няма прарокаў; калі яшчэ ёсьць хворыя – няма цудадзейных лекаў; калі нехта прапануе цуда – ён шарлатан”. (канец артыкула).

 

1.3. А цяпер пра псеўдаінтэлектуальную жвачку для людзей сярэдняга ўзроўню і вышэй.

Гэтым летам прачытаў кнігу моцна распіяранага ў расейскай інфармацыйнай прасторы Міхаіла Вельлера (на ілюстрацыі ў пачатку дадзенага матэрыяла ён справа) пад амбітнай назвай “Усеагульная тэорыя ўсяго”. Назва нібы заяўляе: вось, чалавек, чытай нарэшце тое, што ты шукаў. Аднак кніга аб’ёмам пад 400 старонак расчароўвае сваёй хаатычнасьцю, адсутнасьцю адказу на шукаемыя намі пытаньні і вялікай колькасьцю выказваньняў, якія выклікаюць, як мінімум, насьцярогу. Каб кожны мог пераканацца, ці гэта сапраўды так, прывяду ніжэй некаторыя думкі аўтара.

Глава першая “Галоўны ход”.

“Ісьціна і мараль – рэчы розныя”.

“Хто будзе лепшым мэрам горада – прафесар-юрыст ці прайдоха-бізнэсмэн? Другі, другі…”

“Спачатку трэба ўсё зразумець – потым можна вырашаць, як жыць самому”.

“Гэтае сачыненьне [аўтар пра сваю кнігу. – Рэд.] – не здагадка і не гіпотэза, а веды”.

Глава другая “Галоўная мэта”.

“У 1917-м годзе бальшавікі задумалі [ідэальную дзяржаву]. Вельмі жадалі, каб усё было добра. Жахлівая атрымалася гісторыя. 50 мільёнаў забітых і развал краіны”.

“Ва ўсіх сваіх дзеяньнях чалавек кіруецца ў першую чаргу адчуваньнямі”.

“Можна сказаць: суб’ектыўна для чалавека жыцьцё ёсьць тое, што ён адчувае. Комплекс адчуваньняў”.

“Жыцьцё чалавека ёсьць тое, што ён пра яго думае”.

“Май як можна менш таго, што лёгка згубіць, тады ворагі й прырода ня будуць уладнымі над табой. Будзь шчасьлівы, маючы самае неабходнае ў жыцьці”.

“Адсутнасьць гора – ужо шчасьце”.

“А калі ты – увогуле Нішто, у цябе ўжо зусім нічога не забярэш”.

“Поўнае лагічнае завяршэньне ў жыцьці заўсёды ёсьць абсурд”.

“Людзі заўсёды ўсё ведалі”.

“Думаньне на хаценьне мала ўплывае … Хаценьне глаўнейшае”.

“Ален Бомбар адзін, у маленькай лодцы, бяз ежы і вады, перасёк Атлантыку”.

“Да адмоўных пачуцьцяў чалавек можа сьвядома імкнуцца”.

“Патрэба ў адносінах да здольнасьці першасная”.

“Самамэта жыцьця ў тым, каб пражыць – гэта значыць наадчуваць – як мага больш у цэлым, у канчатковай суме”.

“Для сапраўднага шчасьця трэба столькі ж шчасьця, колькі і няшчасьця”.

“Розум абслугоўвае пачуцьці”.

“Сквапрасьць, подласьць, зайздрасьць, хлусьлівасьць, эгаізм … – па сутнасьці праявы ўсё той жа самарэалізацыі, усё таго ж самасьцьвярджэньня”.

“І злодзей, але вялікі”.

“Усё залежыць ад выхаваньня, ад навакольнага асяроддзя”.

“Вось, зьявіліся першабытныя людзі … Скрайне былі прымітыўныя – паўжывёлы. А мозг быў той жа самы, што ў нас!”

“Гэта кабыле капытом тэлефонны нумар набраць цяжка, а рукі малпы ўжо цалкам здольныя рабіць усе тыя ж прылады працы, якія рабіў першабытны чалавек”.

“Розум – гэта форма ператварэньня лішка біялагічнай энэргіі чалавека”.

“Аўра чалавека – круцей, чым у любой жывёлы. Мацней, жорстчэй. Значна. І жывёлы гэтыя рэчы вызначаюць, адчуваюць”.

“У жывёл з розумам кепскавата, затое зь інтуіцыяй усё ў парадку”.

“Любы акт думкі ёсьць дзеяньне”.

“Гісторыя жыцьця на Зямлі мае станоўчы энэргетычны баланс”.

“Можна прыпомніць пра зерне, якое ў зямлі перстае быць зернем, дае колас і шмат новых зерняў – хаця ўвогуле гэта зь Бібліі”.

“Кінулі камень уверх. Ён упаў уніз і разьбіўся. Тая ж сіла, што кінула камень уверх – паслужыла прычынай яго падзеньня”.

“Чалавек узарве Сусьвет і сам самазьнішчыцца? – А куды ён, сардэчны, падзенецца”.

“Канчатковым вынікам людскага жыцьця можна лічыць сьмерць”.

“Мэта мае на ўвазе сьвядомую пастаноўку задачы. Законы прыроды мэтаў ня маюць”.

“Аб’ектыўна сума канкрэтных мэтаў асобных людзей – дае законы гісторыі, ход якіх – усё большыя энэргетычныя ператварэньні”.

“Цікава: абыякава азнаёміцца з рознымі чыста фізічнымі тэорыямі гібелі Сусьвету вы згодныя, а калі гэта зробіць чалавек – вам страшна”.

“Мараль ня мае ніякіх адносінаў да законаў прыроды і будовы Сусьвету”.

Глава трэцяя “Універсальная тэорыя” (дадаткова пазначана: лекцыя, прачытаная ў Інстытуце філасофіі Ерусалімскага ўніверсітэта 13 сьнежня 1995 года)

“Быцьцё ёсьць спажываньне, ператварэньне і выдзяленьне энэргіі. Ці цяпер зразумела?”

“Тут выключэньняў у прынцыпе быць ня можа. Як ня можа быць яйка без курыцы”.

“Прамень будзе ідэальна прамым. Але адначасна замкнёцца”.

“Што такое, уласна, жыцьцё на Зямлі? Так, вядома – “форма бялковага існаваньня матэрыі”.

“Уся гісторыя чалавецтва – ёсьць спажываньне, ператварэньне і выдзяленьне энэргіі”.

“Зразумела, як паўсюль і ўвесь час інтарэсы дзяржавы супярэчаць інтарэсам асобы – хаця, здавалася б, самі асобы і стварылі дзяржаву для сваіх інтарэсаў”.

“Вось калі мы, разьвіваючы навуку і тэхніку, прыйдзем да магчымасьці ўсё рэчыва Зямлі ператварыць у цепла-светлавое выпраменьваньне – гэта дзеяньне будзе больш буйным. Скажам, запалім Звышновую альбо ўвогуле анігілюем сваю планету. Гэта – о так! Для гэтага яшчэ пажыць трэба. Папрацаваць. Памітусіцца. А вось калі – у канцы Часу – нашчадкі грохнуць такім прыкладна чынам увесь Сусьвет – вось гэта будзе зусім так”.

“Менавіта псіхіка чалавека як такога, сама арганізацыя яго мозга – ёсьць прычына, грунт і гарантыя таго, што чалавецтва рухаецца да Максімальнага Дзеяньня, яно ж Вялікая Катастрофа, калі жадаеце”.

“Свабода – гэта такі стан, пры якім чалавек мае максімум свабоднай энэргіі”.

“Можна ўвогуле сказаць, што імкненьне да свабоды як да стану, пры якім можна ператвараць максімум энэргіі – гэта праява Другога закона тэрмадынамікі ў адносінах да псіхікі чалавека”.

“Зь вядомых нам сёньня – розум ёсьць вышэйшая форма энэргіі”.

“Зьмяніць сваю базу, анатомію і фізіялогію мозга, розум ня можа”.

“”Нядобрыя” пачуцьці азначаюць, што чалавек гатовы дамагацца свайго ня толькі “добрымі”, але і “кепскімі” шляхамі. Значыць, больш можа зрабіць”.

“Агрэсіўнасьць падлетка, амбіцыйнасьць палітыка, сквапнасьць банкіра, жорсткасьць салдата, эгаізм абываталя, талент паэта, упартасьць навукоўца – сутнасьць лішак энэргіі. Матывы добрыя і заганныя тут непадзельныя, адны ёсьць працягам іншых, складаюцца ў адзінае дзеяньне: зрабіць максімум!”

“Мараль – ідэал паводзінаў. Справядлівасьць – ідэал грамадскіх адносін. Ідэал – процілегласьць рэчаіснасьці, яе дыалектычная пара”.

“Якія там яшчэ ёсьць самыя агульныя заканамернасьці, якім наша Тэорыя цалкам адпавядае? Усё, што мае свой пачатак – мае і канец. Будзе канец і ў гісторыі чалавецтва. І ў Зямлі. І ў Сусьвета. Так што наконт гібелі чалавецтва ў канчатковым выніку можна не сумнявацца. Усе спробы выратаваць яго ад сьмерці – гэта проста спробы адцягнуць гэтую гібель. Дакуль? Да некаторага натуральнага канца. Так лекар ратуе хворага, хаця ўрэшце хворы ўсё роўна памрэ”.

“Жыцьцё на Зямлі можна разглядаць як выпадковасьць у рамках Сусьвету”.

“Стваральная дзейнасьць прыроды перарасла ў разбуральную”.

“Калі навукоўцы паспрабавалі пралічыць верагоднасьць узьнікненьня жыцьця на Зямлі, дык атрымалася, што яно ўзьнікла прыкладна ў 400 разоў хутчэй, чым калі б усё ішло проста “метадам тыка””.

“Самі моманты ўзьнікненьня жыцьця і ўзьнікненьня чалавека – скрайне няясныя”.

“Усе іншыя варыянты самазьнішчэньня – як і дасягненьне любых навукова-тэхнічных посьпехаў – ёсьць прамежкавыя этапы, пратуберанцы збыткавай энэргіі чалавецтва. Нават калі такі пратуберанц – сусьветная вайна са сьмерцю большасьці людзей”.

“Гэтая тэорыя ўяўляецца ісьціннай тым, што ў яе цалкам укладаецца, ёй адпавядае і ёю тлумачыцца ўсё існае”.

(канец цытаваньня)

Вось мы, у прынцыпе, і пазнаёміліся з самым модным на сёньня аўтарам найбольш тыражуемага ў цяперашняй Расеі (і, натуральна, у Беларусі) псеўдасофскага чціва, прызначанага прапагандаваць разбуральны псеўдарацыянальны сатанізм (бо, паўтаруся, усё гэта “ад лукавага і ад тых глабальных сацыяльных паразітаў, якія яму служаць!”). Прыведзеныя вышэй цытаты ў кнізе Вельлера ўплецены ў шматлікія трапныя выказваньні, але ў цэлым накіраванасьць “Усеагульнай тэорыі ўсяго”, якую прапагандуе Вельлер і тыя, хто хаваецца за яго сьпіной, выглядае прыкладна так:

– галоўнае ў чалавека – гэта адчуваньні, пачуцьці; розум прызначаны іх абслугоўваць;

– мэта жыцьця чалавека – сьмерць;

– сэнс існаваньня чалавецтва – зьнішчыць Сусьвет у выніку нарастаньня энэргетычнай узброенасьці чалавецтва.

Выразаў накшталт “прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвету”, “падвышэньне ўзроўню арганізацыі” і да т.п. вы ў яго пісаніне ня знойдзеце. Яны – забаронены!!!

Элементарны псіхааналіз аўтара (разам з тымі, хто за ім стаіць) вяде да наступнай высновы: ён ёсьць – вялікае эгаістычнае хамло, амбітнае ня ў меру сваіх хаатычных разумовых здольнасьцяў. Калі ж пазнаёміцца зь некаторымі іншымі поглядамі Вельлера на грамадскае жыцьцё (гл. напрыклад, тут: forum.winnipeg.ru/index.php?showtopic=3542), можна выказаць значна больш акрэсьленае меркаваньне што да таго, хто ён ёсьць і хто за ім стаіць.

Вось якіх “аўтарытэтаў” тыя, хто кантралюе інфармацыйнае асяроддзе людзей, прызначаюць сёньня “адказваць” на пытаньні, пра якія была гаворка ў пачатку майго артыкула…

Падагульняючы ўсё пададзенае вышэй, атрымлівам, што тэму гуманістычнага прагрэсу чалавецтва стваральна арыентаваным людзям, абапіраючыся на навуковых прынцыпы, прыйдзецца разьвіваць самастойна, на аматарскіх пачатках…

 


Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    У ЗША існуюць установы якія займаюцца тэмамі падобнымі да тэмы гэтага артыкулу. Напрыклад CSIS – Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (ЦСМД). Вось так акрэслівае сябе ЦСМД:
    У эпоху пастаянна мяняючыхся абставін і ўзнікнення новых праблем у глабальным масштабе, ЦСМД прапануе стратэгічнае разуменне пры прыняцці практычных рашэнняў для ўладных адказных асоб. ЦСМД праводзіць даследаванні, робіць аналіз і распрацоўвае палітычныя ініцыятывы якія накірованы ў будучыню з улікам чаканых зменаў.
    Заснаваны Давідам Абшаярам (Abshire) і адміралам Арлеем Бёрке (Burke) у разгар Халоднай вайны, ЦСМД засярэдзіўся на простых, але ж актуальных мэтах пошуку шляхоў для Амерыкі каб выжыць як нацыя і забяспечыць росквіт людзям. З 1962 году ЦСМД разрастаўся і стаў адным з выбітных грамадскіх палітычных устаноў у Свеце.
    Сёння ЦСМД ёсць дзвухпартыйная некамерцыйная арганізацыя з штаб-кватэрай у Вашынгтоне. Больш за 220 сталых супрацоўнікаў і шырокая сетка прыцягнутых часовых даследчыкаў факусуюць увагу на праблемах:
    – абароны ды бяспекі
    – унікальных праблемах рэгіёнаў
    – праблемах, які не маюць межаў у Свеце з хутка пашырыраючыміся сувязямі.
    Былы сенатар ЗША Сэм Нан (Nann) быў старшынём кіруючай групы ЦСМД да 1999 году, а Джон Хамрэ (Hamre) узначальвае ЦСМД як прэзідэнт і выканаўчы дырэктар з 2000 году.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы