nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ліст да грамадзяніна А.Р.Лукашэнкі

Верасень 11, 2009 | 6 каментарыяў

d09cd183d180d0b0d188d0bad0b0Грамадзянін Лукашэнка А.Р.

Выбачайце, але назваць Вас спадаром ці прэзідэнтам – не паварочваецца язык. Слова “спадар” ужываюць, калі зьвяртаюцца да паважанага чалавека, а слова “прэзыдэнт”, калі грамадзянін абіраецца ўсенародным волявыяўленьнем. Аднак Вы не першае і не другое, таму – грамадзянін.


Падставай для гэтага ліста з’явіўся брутальны разгон маладых і ня вельмі маладых людзей пад час мірнай акцыі у Менску 9 верасьня. Некалькі дзесяткаў грамадзян Беларусі выйшлі, каб выказаць сваё стаўленьне да знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў на беларускай зямлі. Згодна Канстытуцыі 1994-га году, якую, дарэчы Вы згвалтавалі пад час рэфэрэндуму 1995 г., кожны грамадзянін мае права на свабоднае волевыяўленьне. На “ўзбраеньні” пікетоўцаў была толькі расцяжка. Ні “стынгераў”, ні выбухоўных прыладаў у іх не было. Аднак, выкармленыя на адмысловых харчах, зверападобныя амапаўцы жорстка зьбілі і затрымалі не толькі ўдзельнікаў акцыі, але і тых, хто нават не пасьпеў туды даехаць. Апошніх мала таго, што пакалечылі, але ваш “праведны”суд іх яшчэ і аштрафаваў…

Уяўляю Вашу рэакцыю, калі б Вашых сыноў хто-небудзь абразіў хоць словам. Уся Беларусь “стаяла б на вушах”, у чынавецтва “паляцелі б галовы”.

Не думаю, што Вас кранаюць сьлёзы бацькоў тых, каго зьбіваюць, калечаць, як фізічна так і маральна. Вам не знаёмы гэтыя людскія пачуцьці, бо акрамя асабістай улады Вас нічога не цікавіць. У Вас няма сяброў, Вы ня можаце быць удзячным, бо і гэтыя пачуцьці у Вас даўно атрафіраваліся. Вось прозьвішчы сваіх апанентаў Вы добра памятаеце.

Вы – самаўлюбёны чалавек, гэта я заўважыў пад час нашай сустрэчы ў Гомелі ў 1991 годзе.

Так, мы з Вамі асабіста знаёмыя. Нагадаю, каб Вы не пашкодзілі мазгі, успамінаючы. Маё прозьвішча Яўген Васільевіч Мурашка, у той год я быў сустаршынём Гомельскага гарадскога страйкавага камітэту і ладзіў Вам – дэпутату Вярхоўнага Савету – разам са спадарыняй І.Драбышэўскай сустрэчу з працоўным калектывам Гомельскага радыёзавода. Тады Вы шмат чаго казалі, абяцалі шчыльнае супрацоўніцтва. Аднак я ўжо ў той момант вызначыў, што перада мной чалавек, які шмат чаго абяцае, але мала што выконвае. І час гэта падцьвердзіў. Вы білі сябе ў грудзі і абяцалі зьнішчыць усю карупцыю ў краіне. Я не тое каб паверыў, але нейкае спадзяваньне на Вашу шчырасьць было. Аднак, калі я напісаў Вам ліст ад імя прафкаму незалежнага прафсаюзу Канфедырацыя Працы Беларусі ВА “Гомсельмаш”, дзе прыводзіў факты злоўжываньняў адміністрацыі на чале з генеральным дарэктарам С.Пракапенкай, то судзілі не яго, а мяне. І абвінавацілі ў паклёпе. З таго моманту мае спадзяваньні на Вашу шчырасьць канчаткова развеяліся, як ранішні туман.

Таму пад час прэзідэнтскіх выбараў у 1994 годзе я зьбіраў подпісы і галасаваў не за Вас, а за З.Пазьнака і С.Шушкевіча. Тады ж адбылася наша другая сустрэча. Вы падышлі да мяне каля Гомельскага ўнівермага, дзе я зьбіраў подпісы, і, прачытаўшы аб’вестку “Збор подпісаў за С.Шушкевіча”, на заўвагу свайго таварыша, які быў з Вамі (Булахаў ці Ганчар), “Пошли Григорьевич!”, адказалі:

– Своих противников я должен знать в лицо.

Злосна зыркнулі і пайшлі прэч. І гэта быў кандыдат у прэзідэнты.

Цяперашні ўладар, які гвалтоўна ўтрымлівае ўладу вось ўжо 16-ы год, мала чым адрозьніваецца ад таго кандыдата. Цяпер Ваша ўлада распаўсюджваецца на ўвесь народ. Цяпер Вы “бацька” і гэта прозьвішча Вам падабаецца. Сеньня Вы і жнец, і швец, на дудзе ігрэц. Без Вас нідзе і нічога не адбываецца. Вам “баліць” за беларускі народ. І гэта таму Вы вынішчаеце ўсё беларускае – гісторыю, культуру, сімвалы, мову, годнасць.

На справе Вы – канатаходзец. Колькі гадоў балансуеце на дроце, нацягнутым паміж Бруселем і Масквой. Няўжо Вам не прыходзіць у галаву, што гэты канат можа адвязацца з якога-небудзь боку, і Вы абрынецеся ў бездань. Хачу заўважыць, ніводны чалавек не пасцеліць Вам унізе саломкі, каб пасадка была мягчэйшай.

Няўжо Вы не задумваецеся над тым, што ўладу ўрэшце прыйдзецца аддаць у іншыя рукі. Няўжо не баіцеся, што затым будзеце трымаць адказ і перад Богам, і перад тымі, каму Вы разам з Вашымі паслугачамі папсавалі лёс. Што Вы адкажыце сем’ям зніклых апанентаў: Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага, З.Завадскага. Мяркую, што ні Папа Рымскі, ні Патрыярх Расейскі не дадуць Вам індульгенцыю.

У любой дэмакратычнай краіне кіраўнік дзяржавы ці высокапастаўлены чыноўнік у выпадку нейкіх парушэняў Закону з боку падначаленных добраахвотна сыходзіць у адстаўку. Вы, які прымаў прысягу на вернае служэньне народу, стаўшы гарантам выкананьня Канстытуцыі ў 1994 годзе, даўно парушылі ўсялякія юрыдычныя і людскія нормы. Таму ў вас застаецца зусім маленькі шанец: вы павінны прынародна пакаяцца за злачынствы, зьдзейсьненыя Вамі і Вашымі падначаленнымі, і добраахвотна сыйсьці ў адстаўку, аддаўшы сябе ў рукі правасудзьдзя.

Што асабіста да мяне, дык я б Вас не судзіў, а пасяліў Вас разам з Вашай сям’ёй у Чарнобыльскую зону, скажам, у Савічы, дзе цяпер пакутуюць, хварэюць на рак і паміраюць у маладым узросьце сотні людзей. Вы ж сваім указам адмянілі радыяцыю, таму самі жывіце па ім – пашыце, засявайце і ўжывайце на здароўе тое, што там вырасьце. Вось мы і паглядзім, наколькі вашы заявы што да адсутнасьці радыяцыі маюць месца.

Думайце, Ляксандр Рыгоравіч, думайце, момант ісьціны набліжаецца.

 

Яўген Мурашка, палітычны ўцякач у Нямеччыне.

10.09.2009 г.

 

6 каментарыяў

  1. Дарафей кажа:

    Вы спадзяецесь, што Вам адкажуць? Колю шкада, навошта дзіця ў радыацыю, дзеці не ў адказе за бацькоў. Хоць на Беларусі і шмат абяздоленых дзяцей, навошта рабіць адным болей.

  2. Siarhiej кажа:

    Лу-ка абапіраецца на “вертыкаль”, якая трансфармавалася ў арганізаваную злачынную групоўку, сваеасаблівую мафію, шматлікую, разгалінаваную, шматфункцыянальную, закрытую ад народа. У адрозненні ад “коза ностра” наша “вертыкаль” захапіла ўладу ў краіне.

  3. Дарафею.
    Не трэба усе разумець літаральна.
    І тым не менш.
    А у Лукашэнкі есьць хоць кропля міласэрнасьці?
    Колькі зломанных лесаў, пад час яго кіраваньня? Колькі рэк слез пралілі бацькі і сваякі загінуўшых апанентаў улады?
    Я з Гомеля і ведаю колькі тысяч дзяцей загінула ад раку шчытападобнай залозы, а колькі яшчэ тысяч хворых дзяцей з гэтым дыягназам, якія жывуць у Гомелі, Нароўлі, Брагіне, Хойніках, Камарыне, Ветцы і у сотнях вёсак?
    У Беларусі толькі 10% дзяцей, практычна здаровы.
    Так як мы усё гэта назавём?

  4. Дарафей кажа:

    Шаноўны Яўген Васільевіч, я як і Вы разумею, што палітыка сёнешняй улады вядзе да этнічнай і дэмаграфічнай катастрофы нашага народа. Але спадзявацца на тое, што чыйсці эмацыйны зварот зможа змяніць погляды рэжыма, безсэнсоўна. Што датычыцца раку шчытападобнай залозы, сапраўды пасля аварыі на ЧАЭС адбыўся значны рост колькасці захворваняў, але і павялічыліся паказчыкі вылечвання. А з 2001 года колькасць захворванняў сярод дзяцей выраўнялась з дааварыйнай. Я таксама з Гомельшчыны і мяркую, што наступствы аврыі на ЧАЭС, хоць яны будуць даваць а сабе знаць яшчэ шмат пакаленям беларусаў, наш народ здолее перажыць. А вось вынікам кіравання сёнешняй улады можа стаць знікнене беларускай саабытнасці, а з ёй і саміх беларусаў як нацыі.

  5. Ці памятае Сп. Дарафей, арганізаваны Гомельскім страйкамам “Марш за выжываньне”, які адбыўся 6-7 ліпеня 1990 года у Маскве.
    У якім прынялі удзел прадстаўнікі з усёй Гомельскай вобласьці і Магілёва, колькасьцю недзе больш за 300 чалавек.
    Мы прайшлі па вуліцах Масквы і прымусілі урад Гарбачова сесьці з намі за стол перамоваў па пытаньням ліквідацыі наступстваў трагедыі на ЧАЭС.
    Гэты мой ліст я накіраваў на Адміністарацыю і прэс-службу Лукашэнкі, але адрасаваны ён не яму а, менавіта, суайчыньнікам. Бо я згодзен, што Лукашэнкі такія лісты да аднаго месца, аднак вырашаць яго лёс і нашага народу, мы будзем ўсе разам

  6. Дарафей кажа:

    Мне тады было усяго 10 год. І цікавілі мяне зусім іншыя справы )

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы