Віталь Хромаў, Барыс Керзач
У гэтай частцы пададзім храналогію асноўных падзей, якія адбыліся 5 верасьня г.г. пад час 12-га зьезда Партыі БНФ і адразу пасьля яго (асноўная інфармацыя і фота ўзяты ў асноўным адсюль: www.svaboda.org/content/transcript/1815060.html; www.nn.by/index.php?c=ar&i=29229).
2.1.
Зьезд праходзіў у будынку ДК МТЗ (гл. фота ўверсе: афармленьне сцэны – №1, зала – №2; на апошнім фота бачны, зьлева направа, Лабковіч, Мілінкевіч, Міхалевіч).
Хада падзей выглядала ў цэлым так.
У пачатку дэлегаты праслухалі аўдыёзварот народнага паэта Рыгора Барадуліна.
Барадулін: “Якіх толькі ярлыкоў і абразаў ня вешалі на нашых змагароў, але шэрагі нашыя растуць. БНФ ёсьць, па ім ведаюць Беларусь”.
Затым зь вітаньнямі зьезду выступілі госьці: старшыня Вярхоўнага Савету 12-скліканьня Станіслаў Шушкевіч і кіраўнік Руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.
Шушкевіч: “Трэба знайсьці захады, каб працаваць разам”.
Мілінкевіч: “Я ніколі б не адбыўся як палітык і грамадзкі дзеяч, каб не падтрымка Партыі БНФ … Галоўнае пытаньне для нас – пытаньне ўлады. Будзе ўлада беларускай дэмакратычнай, эўрапейскай – будзе эканоміка і дабрабыт, адраджэньне культуры і мовы. Барацьба за ўладу павінна адбывацца найперш у галовах нашых людзей … Ні БНФ, ні Рух “За Свабоду” ня можа падтрымаць адзінага кандыдата на прэзыдэнта, які будзе заклікаць прызнаць Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, будзе выступаць за ўвядзеньне адзінай валюты з Расеяй, за будаўніцтва супольнай дзяржавы з Расеяй”.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксанадр Казулін, які ня змог прысутнічаць на зьезьдзе, даслаў вітаньне: “Вынікі зьезду – ня толькі справа Партыі БНФ. Яны будуць мець вызначальны ўплыў на ўсю беларускую палітыку. Падтрымайце асобаў, якія ніколі не здраджвалі сваім прынцыпам”.
У 11.20 было абвешчана, што на зьездзе прысутнічае 323 дэлегата з 373 вылучаных.
Далей са справаздачамі выступілі намесьнікі старшыні ПБНФ.
Юрась Губарэвіч (фота ўверсе №7) заявіў, што не зьбіраецца балятавацца на намесьніка старшыні. Але, калі яе ачоліць Янукевіч, ён будзе дапамагаць новай камандзе. “Партыя БНФ апынулася пад уплывам прарасейскіх сілаў у складзе АДС“, – заявіў Губарэвіч.
Аляксей Янукевіч (фота ўверсе 5, 12, 13): “Дзейнасьць старшыні і ягоных намесьнікаў была скіраваная на пошук ворагаў у дэмакратычным асяродку і ўнутры партыі. Гэта тупіковая лінія на пошук ворагаў і здраднікаў”.
Затым выступіў кіраўнік партыі Лявон Баршчэўскі (фота 4). Ён, у прыватнасьці, заявіў: “Партыя БНФ павінна вылучыць такога кандыдата на прэзыдэнта, які гатовы ісьці да канца і які не прызнае сваю паразу, калі яна наступіць у выніку фальшаваньня галасаваньня”. Баршчэўскі запрапанаваў сябрам БНФ вызначыцца: выконваць партыйныя абавязкі або рэклямаваць рух “За Свабоду”: “Празмерная дэмакратычнасць [гэта не дэмакратчнасьць. – Рэд.] у дзейнасці партыі дазволіла значнай колькасці прыхільнікаў Мілінкевіча ўхіліцца ад выканання рашэнняў сойму партыі”. Таксама было заяўлена: “Маімі асноўнымі задачамі было вызначыцца, хто ў шэрагах партыі БНФ займаецца палітыкай, а хто палітычнай дзейнасьцю у складзе Руху “За Свабоду … Надзвычайная дэмакратычнасьць працэдуры прыняцьця рашэньняў [гэта не дэмакратчнасьць. – Рэд.], наяўнасьць вялікай колькасьці падвойных агентаў дазвалялі Руху рабіць апераджальныя манэўры і выкручвацца ад палітычнай адказнасьці за невыкананьне ім і адкрыты сабатаж рашэньняў зьезду і сойму”.
Затым было дадзена слова Алесю Міхалевічу (фота 6), які заявіў, што мае намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ён паведаміў, што ў яго ёсьць каманда, здольная сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў (нагадваем, што Алесь Міхалевіч быў намесьнікам старшыні Партыі БНФ, але быў выключаны з Партыі БНФ [!!! – Рэд.] на пазачарговым зьезьдзе ў жніўні 2008 году. Падставай сталі публічныя крытычныя выказваньні на адрас партыйнага кіраўніцтва).
Затым дэлегаты зьезду большасьцю галасоў падтрымалі прапанаваны Ігарам Ляльковым парадак працы: спачатку абраньне кіроўных органаў партыі, а пасьля разглядаецца пытаньне пра кандыдата для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах (старшыня партыі Л.Баршчэўскі прапаноўваў свой парадак: спачатку абраньне патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнты, а ўжо потым новае кіраўніцтва; яго прапанава была правалена).
Віктар Івашкевіч (фота 3) робіць заяву: “Вельмі крыўдна, што пэрсанальнае абмеркаваньне кандыдатураў мы паставілі наперад абмеркаваньня стратэгіі нашай партыі. Я лічу, што мы ня можаш ускладаць свае надзеі на Рух “За свабоду”, на Аляксандра Мілінкевіча (фота 2). Я не ўспрымаю ягоныя заявы пра супрацоўніцтва з рэжымам. Калі мы не вылучаем свайго кандыдата, мы робімся аб’ектам дзеяньняў іншых патэнцыйных кандыдатаў”, – і вылучае… Лявона Баршчэўскага патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта ад Партыі БНФ.
У 14.00 дэлегаты прыступілі да абмеркаваньня справаздачы старшыні і намесьнікаў.
Эдуард Брокараў: “Намесьнікі шмат казалі крытычнага пра Аляксандра Мілінкевіча. Зь іхных словаў, Мілінкевіч ледзь не вораг. А пра шчыльныя сувязі з Калякіным у межах АДС ніхто не гаворыць. У той час, як Калякін арыентуецца яўна на Маскву”.
Аляксей Кавалец, які ў свой час перабег з пасады кіраўніка Ўправы БНФ да Мілінкевіча: “Нерэальна, што ў сёньняшніх умовах народ можа абраць кандыдата ад БНФ. БНФ павінна далучыцца да кампаніі адзінага кандыдата. Яго можа вылучыць Рух “За свабоду”. БНФ павінна падтрымаць у якасьці аб’яднанага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча”.
Прыкладна ў 15.00 на пасаду старшыні былі вылучаныя Лявон Баршчэўскі і Аляксей Янукевіч (фота 4 і 5 адпаведна). Кандыдатуру Баршчэўскага вылучыў Івашкевіч, які сам адмовіўся ад далейшай барацьбы [!!! – Рэд.], дый яго на старшыню ніхто і ня вылучаў.
У час свайго выступу Баршчэўскі заявіў, што “сёньня ёсьць дзьве стратэгіі. Першая – змагацца літаральна зараз, на прэзыдэнцкіх выбарах, вылучаць свайго кандыдата, спадзявацца на сацыяльны выбух людзей і не адкладаць сытуацыю. Другая – перачакаць да 2015 горду і зараз не падтрымаць нікога” [гэта не стратэгіі. – Рэд.]. Ён таксама сказаў, што мэтады, якія ён ужываў у часе паміж зьездамі, былі дадзеныя яму мандатам і былі апраўданыя. Ён назваў сваіх намесьнікаў, якіх ён будзе прапаноўваць у разе абраньня: намесьнік па арганізацыйна працы – Віктар Івашкевіч (фота 3), па міжнароднай палітыцы – Вінцук Вячорка (фота 9), па рэгіянальнай працы – Аляксандар Мех. “З гэтай камандай мы ня будзем плясьціся за іншымі ініцыятывамі”, – заявіў Баршчэўскі. Далей: “Я зь вялікай павагай стаўлюся да Аляксея Янукевіча. Яшчэ паўгоду таму хацеў прапанаваць яго на пасаду старшыні, але сытуацыя зьмянілася. І ў сёньняшняй сытуацыі ёсьць такія вонкавыя ініцыятывы, дзе партыю БНФ будуць прапісваць праз коску. Але Баршчэўскага, Івашкевіча і Вячорку праз коску яны не запішуць”.
Ён таксама дадаў, што напярэдадні ён размаўляў са старшынём КХП-БНФ Зянонам Пазьняком. Той, паводле словаў Баршчэўскага, прасіў яго вылучацца на пасаду кіраўніка партыі [!!! – Рэд.].
У сваім выступе Янукевіч заявіў, што ён рэальны кандыдат, што ня будзе тэхнічным старшынём, тэхнічным кандыдатам, які перадасьць кіраваньне сваім намесьнікам: “Я вылучаюся, каб мы нарэшце выйшлі з таго зачараванага кола, па якому ходзім гэтыя шмат гадоў, каб партыя была самастойнай. Я вылучаюся, каб у партыі запанавала пазытыўныя атмасфэра сапраўднай павагі да сваіх калегаў. Хопіць ствараць з уласных паплечнікаў ворагаў”.
Янукевіч назваў сваіх меркаваных намесьнікаў: Рыгор Кастусёў ды Ігар Лялькоў. Уладзімера Лабковіча (фота 2) ён запрапанаваў на пасаду сакратара ўправы.
У час абмеркаваньня кандыдатур Валянцін Голубеў сказаў пра Баршчэўскага, што таму ўласьцівыя рашучасьць, мужнасьць, досьвед і сумленьне: “За два гады кіраваньня Фронтам ён паказаў толькі станоўчыя якасьці. Зь ім можна ісьці на барыкады”. Сяржук Семянюк заклікаў падтрымаць Аляксея Янукевіча: “Старое кіраўніцтва ня здольнае памяняць Фронт, бо ня здольнае памяняцца само. Ён ня будзе займацца самападманам, як гэта робіць сёньняшняе кіраўніцтва, якое згубіла маладое пакаленьне”.
Адказваючы на пытаньні, Баршчэўскі адзначыў: у выпадку яго абраньня, першаму намесьніку Івашкевічу будзе перададзеная большая частка паўнамоцтваў і асноўны цяжар арганізацыйнай працы. А сам Баршчэўскі зоймецца падрыхтоўкай да прэзыдэнцкай кампаніі. На пытаньне “Ці будзеце вы ўдзельнічаць у праймэрыз АДС, дзе вы напэўна не пераможаце?” Баршчэўскі заявіў: “Я ў жыцьці яшчэ ніводных выбараў не прайграваў. Пачынаючы са школы, дзе абіралі старастам”. У сваімі выступе Янукевіч заявіў, што трэба распусьціць камісію ў справе партыйнай дысцыпліны. Ён таксама запэўніў, што будзе гатовы пакінуць пасаду старшыні ў тым выпадку, калі ня выканае абяцаньні, які дае сёньня.
Пасьля 15.30 пачалося галасаваньне.
17.03. Абвешчаны вынікі галасаваньня: “За” Лявона Баршчэўскага прагаласавала – 144 , “за” Аляксея Янукевіча – 174 (было выдазена 326 бюлютэняў, 324 укінута, зь іх 318 прызнанныя сапраўднымі). Новым старшынём Партыі БНФ быў абраны Аляксей Янукевіч. Яму ўручылі кветкі. Большасьць прысутных сканадвала “Жыве Беларусь!” (на фота 12 і 13 бачная радасьць перамогі Янукевіча ды Губарэвіча і стан прастрацыі ды адчаю, у які ўпалі прадстаўнікі “старой гвардыі”, найперш Вячорка ды Івашкевіч)
Даведка 1:
Аляксей Янукевіч нарадзіўся 30 чэрвеня 1976 года ў Менску. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт (1997 г.), спэцыялізацыя – кіраваньне зьнешнеэканамічнай дзейнасьцю; вучыўся ў асьпірантуры БДЭУ (2003-04 гг.). Працаваў выкладнікам эканомікі ў Нацыянальным дзяржаўным гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа (2002-03 гг.), намесьнікам генеральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства “Аркадзія” (2004-05 гг.) [дзе працаваў апошнія 4 гады – невядома. – Рэд.]. Сябра Партыі БНФ (з 1996 г.), сябра Сойму Партыі БНФ (з 1999 г.), намесьнік старшыні Партыі БНФ (з 2003 г.). Быў дэлегатам устаноўчага сойму “Маладога фронту” (1997 г.), сябрам цэнтральнай рады (1997-2000 гг.), намесьнікам старшыні (1999-2000 гг.). Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы 2003 і 2007 гадоў, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – у 2004 і 2008 гг.. Пад час прэзыдэнцкіх выбараў быў даверанай асобай адзінага кандыдата ад АДС.
Рыма-каталік. Беларус [упершыню радыё “Свабода” падала нацыянальнасьць чалавека; гэта грандыёзнае дасягненьне. – Рэд.]. Нежанаты.
Даведка 2:
ПРАГРАМА каманды Янукевіча
Асноўныя тэзісы:
Самастойнасьць. “Мы можам і павінныя ствараць уласныя палітычныя сцэнары, замест таго, каб быць скарыстанымі ў якасьці “шыльды” ці “цяглавай сілы” ў чужых і непатрэбных нам праектах”.
Нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя. “Партыі БНФ ня можа быць [разам з] палітычнымі структурамі, што гатовыя абараняць у Беларусі расейскія інтарэсы ці гуляць з Крамлём у інтэграцыйныя гульні”.
Вяртаньне ў грамадзтва. “Важна жыць і дзейнічаць у адной рэчаіснасьці з грамадзтвам, а ня ў штучна створаным сьвеце ўспамінаў пра мінулыя дасягненьні ды мараў пра чароўныя імгненьныя палітычныя зьмены”.
Падрыхтоўка новых лідараў. “Новых лідараў трэба шукаць і мэтанакіравана рыхтаваць, а не тасаваць стары кадравы склад”.
Пазытыўная атмасфэра ў партыі. “Барацьба за “чысьціню” Партыі павінна быць спыненая як мага хутчэй. Камісія партыйнага кантролю мусіць быць скасаваная”.
Планы:
“Неадкладна (да канца 2009 году) будуць распачатыя перамовы пра стварэньне правацэнтрысцкага нацыянальна-дэмакратычнага блёку палітычных сілаў, што стаяць на пазыцыях дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі, вызнаюць дэмакратычныя прынцыпы палітычнага жыцьця [вось гэта самае цікавае. – Рэд.] і не прытрымліваюцца ідэялёгіяў, якія супярэчаць праграме Партыі БНФ. Сёньня гэткімі сіламі могуць зьяўляюцца БХД, КХП, Рух “За Свабоду”, Правы Альянс, Малады Фронт, а таксама АГП [а таксама АГП? – Рэд.]”.
“Кампанія “Прэзыдэнцкія выбары 2010-11” будзе скарыстаныя Партыяй дзеля прыцягненьня да партыйнай дзейнасьці і сяброўства ў Партыі максымальнай колькасьці новых актывістаў, а таксама для папулярызацыі пазыцыі Партыі БНФ па ключавых палітычных пытаньнях”.
“Кампанія “Мясовыя выбары 2010-11” будзе скарыстаная Партыяй дзеля ўмацаваньня лякальных асяродкаў вакол нацыянальна-арыентаваных лідэраў грамадзкай думкі”.
“Будуць наладжаныя рэгулярныя выезды кіраўніцтва Фронту ў рэгіёны”.
“Неадкладна мусяць быць перагледжаныя ўсе кааліцыйныя ўгоды і дамовы, удзельнікам якіх зьяўляецца Партыя БНФ. Тыя зь іх, якія не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам [вось гэта таксама вельмі цікавае. – Рэд.] альбо абмяжоўваюць Партыю БНФ у адстойваньні нацыянальных інтарэсаў, мусяць быць тэрмінова скасаваныя альбо зьмененыя”.
(канец даведкі 2)
Далей было абмеркаваньне кандыдатаў на сябры сойму.
У 17.30 з нагоды абмеркаваньня пытаньня, як Партыя БНФ будзе ўдзельчаць у прэзыдэнцкіх вабарах, Баршчэўскі заявіў: “Сёньня зьезд не гатовы вылучаць кандыдата на прэзыдэнта. Я здымаю сваю прапанову, як і здымаю сваю кандыдатуру. Я не бачу магчымасць сёньня балятавацца. Вясной мы можам склікаць нармалёвы зьезд і вырашыць гэтае пытаньне”.
Пасьля гэтага некалькі дзесяткаў дэлегатаў зьезду пакінулі залю. Сярод іх: Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі і Аляксандар Мех.
У 18.50 рэдакцыйная камісія заявіла, што здымае зь сябе свае паўнамоцтвы, узяла самаадвод. Зьезд абраў новую рэдакцыйную камісію.
Затым было прынятае рашэньне склікаць (не пазьней за красавік 2010 г.) па-зачарговы зьезд, каб вырашыць, як Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах.
Амаль у 19.00 пачалося галасаваньне па складу Сойму, а таксама кандыдатурах намесьнікаў старшыні партыі, якіх прапанаваў Янукевіч – Рыгор Кастусёў (фота 11, крайні справа) і Ігар Лялькоў (фота 11, зьлева).
У 20.00 зьезд прыняў заяву “Вайсковая інтэграцыя з Расеяй нясе прагрозу незалежнасьці Беларусі”, ухвалу “Рэальны шлях выхаду з эканамічнага і палітычнага крызісу Беларусі – зьмена ўлады праз свабодныя і дэмакратычныя выбары”, заяву “Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца”, а таксама рэзалюцыю “Аб палітычнай сутацыі ў Беларусі”, дзе адзначаецца неабходнасьць разьмежаваньня з тымі сіламі, якія шукаюць падтрымку ў Расеі і гатовыя дзеля гэтага паставіць пад пагрозу палітычную, эканамічную незалежнасьць Беларусі, і заяўляецца пра еўрапейскі выбар Беларусі.
Намесьнікамі Янукевіча (170 “за”, 93 “супраць”) абраныя Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў (гл. фота 11, крайнія справа і зьлева адпаведна).
У Сойм ПБНФ і ГА БНФ “Адраджэньне трапілі:
1. Антусевіч Сяргей
2. Арэшка Вацлаў
3. Арлоў Уладзімер
4. Бабіцкі Зьміцер
5. Бакіевіч Рыгор
6. Барадулін Рыгор
7. Батуеў Павал
8. Берніковіч Яраслаў
9. Вырвіч Барыс
10. Вячорка Вінцук
11. Гаўрусік Зьміцер
12. Губарэвіч Максім
13. Губарэвіч Юрась
14. Дрыгайла Зьміцер
15. Жэляпаў Хрыстафор
16. Жучкоў Аляксандр
17. Івашкевіч Віктар
18. Кавалец Аляксей
19. Кастусёў Рыгор
20. Каліта Алесь
21. Канапацкі Вадзім
22. Красоўская Натальля
23. Лабковіч Уладзімер
24. Лялькоў Ігар
25. Лацінскі Сяржук
26. Макаранка Віталь
27. Мальчык Сяргей
28. Марачкін Аляксей
29. Маркоўская Кацярына
30. Меляшкевіч Юрась
31. Мудрачэнка Сяргей
32. Панамароў Сяргей
33. Пуціцкі Валер
34. Салаўёў Зьміцер
35. Салаш Сяргей
36. Саранчукоў Вадзім
37. Саротнік Андрэй
38. Семянюк Сяржук
39. Смолікаў Кастусь
40. Сом Лера
41. Судак Аляксей
42. Трацяк Зьміцер
43. Хадыка Юры (фота 10)
44. Церашкоў Андрэй
45. Чавусаў Юры
46. Чарняеў Аляксей
47. Шутаў Алесь
48. Шыманскі Зьміцер
49. Шэга Іван
50. Янукевіч Аляксей
51. Герасімовіч Казімір
52. Кунцэвіч Уладзімер
Новаабраны склад сойму ПБНФ у параўнаньні з папярэднім зьменшаны на адну асобу. У выніку самаадводу ў склад кіроўнага органа партыі не ўвайшлі такія вядомыя палітыкі, як Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі, Валянцін Голубеў, Алесь Мех, Лаўроўская і некаторыя іншыя.
“На жаль, вырасла пакаленьне рэвалюцыянэраў “Джынс” і адбылася такая “культурная рэвалюцыя”. Можна часткова прызнаваць крытыку, што называецца, маладой каманды. Але старая ж каманда, перш чым прыйсьці ў фронт, нешта рабіла. А гэтыя людзі – яны проста ня ведаюць жыцьця, яны проста гуляюць у нейкую рэвалюцыю, а жыцьця яны ня ведаюць. Мы павінны гаварыць пра праблемы, пра пытаньні падаткаў, банкаўскай сыстэмы – пра тое, пра што спрачаецца Эўропа … Я ніколі ў непрыстойную кампанію не ўступаю. У партыі я застануся, але ў такім сойме — як я там буду?”
“Вялікая перамога ў стане Лукашэнкі. Думаю, што бліжэйшым часам БНФ будзе яшчэ больш маргіналізаваны на палітычнай сцэне. І пры такім складзе кіраўніцтва наўрад ці партыя захавае свой уплыў, які мела як нацыянальна-дэмакратычны цэнтар. У гэтым я ня маю сумневу, бо гэтае кіраўніцтва прыйшло не для таго, каб нешта зьмяніць у краіне, а каб зьмяніць нешта ў сваім уласным жыцьці. Я магу сказаць, што з гэтым кіраўніцтвам я ня буду супрацоўнічаць, і калі буду працаваць у партыі, то перадусім для таго, каб партыя ня страціла свайго аўтарытэту і каб зьмяніць кіраўніцтва”.
У 22.30 зьезд завершыў сваю працу.
2.2.
Рэакцыя прайгралага боку для многіх была нечаканай: расчараваньне, горыч, адчай, прастрацыя. Здавалася, што такія дасьведчаныя палітыкі павінны ўмець лепш хаваць свае эмоцыі… Ан, не. Вельмі ўжо шмат страцілі гэтыя вячоркі-івашкевічы (Баршчэўскі трымаўся значна лепш). Дый даўно не былі яны ў ролі асабліва прайгралых. Ну, вось і добра, хай адчуюць сябе ў скуры тых, каго яны незаслужана ігнаравалі, дыскрымінавалі…
Адразу пасьля завяршэньня зьезду некаторыя прадстаўнікі “старой гвардыі” БНФ далі інтэрвю карэспандэнтам “Свабоды”. У прыватнасьці, вось што Лявон Баршчэўскі адказаў на пытаньні Алеся Дашчынскага (www.svaboda.org/content/article/1815625.html).
Так былы старшыня Партыі БНФ пракамэнтаваў абраньне Аляксея Янукевіча старшынём Партыі БНФ: “Я рэаліст. Наступная прэзыдэнцкая кампанія пройдзе фактычна бяз удзелу БНФ. Партыя БНФ будзе лічыцца ў абозе іншага кандыдата. Гэта шкада, бо ёсьць шанец у 2010-11 гадах. З другога боку, авантурныя заявы пра тое, што трэба разбураць АДС – гэта аслабляе і рэальна аслабіць магчымасьці супольнага змаганьня за паляпшэньне выбарчага заканадаўства. Бо ніводная партыя паасобку ня можа выставіць тых патрабаваньняў, якія будуць успрымацца беларускай уладай і тымі заходнімі структурамі, якія ціснуць на гэта. Рэальнае аслабленьне гэтага змаганьня за лепшыя ўмовы выбараў. Каму гэта выгодна, можна толькі здагадвацца. Але гэта ўсё не выгадна Беларусі”.
Карэспандэнт: “Для Вас было нечаканым тое, што перамог Янукевіч?”
Баршчэўскі: “Рашэньне пра балятаваньне старшынём я прыняў у апошнюю хвіліну. І я ня мог пралічваць: чакана ці нечакана. Калі я ўбачыў, што пытаньне з прэзыдэнцтвам сёньня ня будзе вырашана, то ў мяне не заставалася іншага выйсьця, акрамя як паспрабаваць сёньня заняць пазыцыю старшыні і вырашыць гэта пытаньне хаця б у бліжэйшай будучыні. Але колькасьць галасоў супраць партыйнай працы па кандыдату аказалася значна большай, чым гэта было дапушчальна, каб сапраўды сур’ёзна разьлічваць на ўваход у прэзыдэнцкую кампанію”.
Карэспандэнт: “Многія зьвязваюць абраньне А.Янукевіча з абнаўленьнем у партыі. Якім яно можа быць?”
Баршчэўскі: “Я дастаткова добра ведаю асоб, якія гавораць лёзунг абнаўленьня. Гэта будзе не абнаўленьне. Гэта сыход у абоз іншых палітычных сілаў”.
Карэспандэнт: “Ці ўдалося пераадолець раскол у Партыі БНФ?”
Баршчэўскі: “Партыя БНФ нікуды не падзенецца. Яна ёсьць і будзе. У ёй заўсёды будзе здаровая плынь, якая зможа забясьпечыць выхад з гэтага абозу. Для гэтага спатрэбіцца час. Каманда, якая прыйшла, да таго, як наступіць чарговы зьезд, не дапусьціць сваёй замены. Але праз два гады больш спрактываная, падрыхтаваная партыйная моладзь будзе больш рашуча ў партыйны справы ангажавацца. І такія асобы як Аляксандар Мех, вельмі таленавіты, змогуць сябе праявіць. Я думаю, што партыя вернецца на рэйкі, на якія яе паставіла гісторыя”.
Карэспандэнт: “Ці можна гэта параўнаць з той сытуацыяй, калі на зьмену З.Пазьняку прыйшоў больш малады В.Вячорка…”
Баршчэўскі: “Чыньнік супрацьпастаўленьня паводле ўзросту псыхалягічна прысутнічае, але не думаю, што ён быў вырашальны. Вырашальны чыньнік у тым, што былі мабілізаваныя пазапартыйныя рэсурсы, каб уплываць на фармат правядзеньня перадвыбарчых сходаў, асабліва ў Берасьцейскай вобласьці, дзе тэрмінова ў ліпені ўступалі ў партыю групы людзей, каб правесьці сходы і абраць патрэбных дэлегатаў на зьезд. Мы такой маніпуляцыяй не займаліся. Статут дазваляе так рабіць. Але гэтыя асобы пасьля зьезду забудуцца, у якой партыі яны былі і ніякай партыйнай працы рабіць ня будуць”.
Карэспандэнт: “Вашыя пляны далей у партыі?”
Баршчэўскі: “Да наступнага зьезду я нічога рабіць ня буду. Я буду кантактаваць зь людзьмі, у якіх я веру. І буду дапамагаць кіраўніку гарадзкой арганізацыі Віктару Івашкевічу. Буду ў яго памочнікам і дарадцам” (канец інтэрвю).
А вось што Алесю Дашчынскаму адказаў Вінцук Вячорка (www.svaboda.org/content/article/1815595.html).
Былы першы намесьнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка так пракамэнтаваў абраньне Аляксея Янукевіча старшынём Партыі БНФ:
“Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ. Зараз будуць рабіцца наступныя захады, каб падпарадкаваць Партыю БНФ тым сілам, якія бачаць магчымай супрацу з рэжымам Лукашэнкі, будзе рабіцца спроба пераарыентаваць дзейнасьць і пазыцыю Партыі БНФ на акцыі і кірункі, якія не пагражаюць асновам цяперашняга палітычнага рэжыму. Разам з тым, гэтая зьмена адбылася не пераважнай большасьцю галасоў. Склад зьезду не зусім адпавядае настроям фронтаўскіх структураў у Менску і ва ўсёй Беларусі. Таму тыя, хто стаіць на фронтаўскіх пазыцыях будуць дзейнічаць дзеля таго, каб Фронт застаўся Фронтам і вярнуў сабе фронтаўскае аблічча, ня быў нічыёй марыянэткай”.
Карэспандэнт: Ці ўдалося пераадолець раскол у партыі?
Вячорка: “Той ідэйны разлом, які характарызаваў сытуацыю перад зьездам, нікуды не падзеўся. Ён застаўся”.
Карэспандэнт: Якой вы бачыне сваю пэрспэктыву ў партыі?
Вячорка: “Я з партыі нікуды не сыходжу. Я яе ствараў не для таго, каб яна ператварылася цяпер у чыюсьці марыянэтку. І я буду дзейнічаць дзеля аднаўленьня фронтаўскіх традыцыяў”.
Каментар да апошняга інтэрвю. Korj, Менск
“Хацелася б сказаць словамі Караткевіча, ды мадэратары не прапусьцяць, ну хто чытаў, зразумее: “…, шануючы вас!”.
Баршчэўскі, Івашкевіч, яны, нягледзячы на ўзрост, усё ж за БНФ, за Беларусь. А вось Вечерко тут адкрытым тэкстам паказаў сваё стаўленьне, свой сьветапогляд, бадай што свой дыягназ: “Я яе ствараў”.
Стваралася яна з народнага памкненьня, якое ўзначаліў Пазьняк з камандай. Далей, калі хваля народная як наляцела так і сьціхла, ніхто іншы, як Вечерко зладзіў не ў пераносным сэнсе, а фізычна рэйдэрскі захоп з выкіданьнем з офісу. Далей быў 2001 год, калі моладзь са скуры лезла, рабіла ўсё, што магла, а “старэйшыя таварышы” гулялі ў свае грантаўскія цацкі й блякавалі ініцыятывы моладзі. Далей гады “плённай” працы па выкіданьні з БНФ усіх актывістаў, каб Вечерко быў самы жвавы ў гэтым балоце. Севярынец, Сіўчык… Яны ж бадай не за Беларусь, не за БНФаўскія ідэі, марысыяні… Ну дачакаўся, што ўсе тыя два з паловай адносных “маладзёна”, што пасьпелі прыйсьці ў БНФ, да таго як ад яго моладзь пачала бегчы, як ад (выдалю самацэнзурай), ды не пасьпелі зьехаць, дык во ўжо нават Уладзь з Аляксеем ня вытрымалі. І вось пасярод усяго гэтага сядзіць пакрыўджаны Вечерко і крычыць амаль што “чым цябе парадзіў, тым цябе і забью!”. І сьмех і грэх…”
Другі каментатар Вася К. нагадаў, што Вячорка прымаў у ПБНФ Валянціну Сьвяцкую, якая мае вось погляды, пададзеныя тут: http://community.livejournal.com/by_politics/1848697.html.
2.3.
Наша меркаваньне.
Тое, што некаторыя з былых кіраўнікоў БНФ, асабліва Вячорка ды Івашкевіч, нарэшце атрымалі па сваіх заслугах – галоўны станоўчы момант адбылага зьезду. На жаль, адзіны станоўчы…
2.4.
Карыстаючыся правам рэдактара, я, Алесь Астроўскі, хачу дадаць некалькі словаў пра Лявона Баршчэўскага.
Думаю, што гэтага чалавека трэба разглядаць асобна ад вячорак-івашкевічаў. У мяне няма прычынаў сумнявацца ў прыстойнасьці Баршчэўскага, але нельга з нагоды не распавесьці й пра некаторыя факты.
У 1999 годзе па ініцыятыве нікаго іншага, як сп-ра Лявона, я на сойме БНФ быў абраны старшынём PR-аўскай камісіі фронту. Я пагадзіўся, бо Баршчэўскі абяцаў дапамагаць працы камісіі. За 2000-ы і першую палову 2001 года адбылося 70 паседжаньняў гэтай камісіі (я асабіста за паўтары гады столькі разоў прыязджаў з Гародні ў Менск), але сп-р Лявон так ні разу і не зьявіўся ні на адно зь яе паседжаньняў. Мы зь сябрамі вымушаны былі разьбірацца ва ўсім й працаваць самастойна.
Як вядома, Баршчэўскі аднавіў сваю актыўную палітычную дзейнасьць толькі ў 2007-м годзе. Два апошнія гады я праз агульных знаёмых, праз працу сайта прапанаваў яму сустрэцца. Нягледзячы на тое, што Лявон некалькі разоў за апошнія гады наведаў Гародню, ён так ні разу і не пажадаў сустрэцца.
Як можна разьлічваць на посьпех агульнай справы, калі не кантактаваць, не спрабаваць арганізавацца?
Між тым, у нашай рэдакцыі ёсьць дасягненьні, якія мы з задавальненьнем маглі б зь ім падзяліцца.
Нагадаю галоўны лозунг масонаў, у якіх можна павучыцца самаарганізацыі: галоўнае – узаемадзеяньне!...
Алесь, трошкі ня так–Баршчэўскі ўдзельнічаў у працы камісіі, прынамсі адно зь першых пасяджэньняў адбывалася ў яго, у Ліцэі…
Але Лявон Пятровіч зрабіў фатальную памылку, адназначна прыняўшы бок Вячоркі_Івашкевіча. Плён іх працы ведаем: 1999-2007…спрэс заняпад Фронту, пры тым, што магчымасьці былі фантастычныя…
Vitalu.
Я магу сьведчыць аб тым, што у 1999 г. у ПБНФ былі вельмі вялікія магчымасьці.
У той час я быў старшынёй Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах прэзідэнта.
Пад час стварэньня раённых выбарчых камсіій, мы паралельна стваралі суполкі ПБНФ.
На з’ездзе у 1999 годзе я ў сваім выступе заклікаў кіраўнікоў партыі спыніць разборкі паміж сабой, а заняцца замацаваньнем нашых пазіцый у рэгіёнах, бо Фронт з’явіўся там, дзе раней яго не было.
Аднак, як бачым, у кіраўнікоў (менавіта у В.Вячоркі – Я.М.) былі іншыя пляны.
Віталь, вы правы. Нешта такое я ўспамінаю. Здаецца сапраўды першае паседжаньне PR-аўскай камісіі было ў кабінеце Баршчэўскага ў Ліцэі, верагодна, у самым канцы 1999 г. На жаль, гэта было адзінае паседжаньне камісіі зь яго ўдзелам.
“Здаецца сапраўды першае паседжаньне PR-аўскай камісіі было ў кабінеце Баршчэўскага ў Ліцэі, верагодна, у самым канцы 1999 г. На жаль, гэта было адзінае паседжаньне камісіі зь яго ўдзелам.”
але ж факт меў месца..
а вось чаму Лявон так учапіўся за гэтых “арганізацыйных пустышак”???…
Віталю.
“чаму Лявон так учапіўся за гэтых “арганізацыйных пустышак”???”
Мне здаецца, што ён убачыў, што ўдзельнічаў у 1999 г. у справе, якая прывяла да замены шыла на мыла, і вырашыў адысьці ад усяго. Адыход, як вядома, доўжыўся 8 гадоў.
Можа ў вас, Віталь, іншая версія?
Алесь, прабач, а чаму на “вы”?..
Ня ведаю, магчыма ўсё ж фактар асабістых стасункаў…Але не бачыць неэфектыўнасьці вячоркінава кіраваньня (асабліва пасьля 2001 году) ну проста немагчыма! А Лявон Пятровіч чалавек вельмі разумны… Таму я і спрабую разабрацца–чаму г.зв. “старая гвардыя” не бачыць тупіку, у які Фронт прыйшоў к 2008 году? Ці рэўнасьць да “маладых да раньніх” перамагае ўсё???
Падгол пра “рэйдарскі” захоп ПБНФ:
http://kompromatby.com/2009/09/15/krysy.html
Актывісту.
Удакладненьне. Аўтар тэксту “Пацукі”, на які вы далі спасылку, не Падгол, а Падаляк.
Першы – філосаф, а другі – журналіст.