nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зьезд пБНФ: Чарговы крок да заняпаду (частка 3: хуткія наступствы)

22 верасня, 2009 | 7 каментарыяў

Віталь Хромаў, Барыс Керзач

d0b7d091d09dd0a4-4

 

3.1. Каментары розных апазіцыйных палітыкаў аб зьмене кіраўніцтва БНФ на апошнім зьездзе былі ў асноўным невыразнымі (www.svaboda.org/content/article/1815592.html). Выразны аптымізм што да абраньня Янукевіча выказаў толькі Севярынец. Далей стане ясна – чаму.


Анатоль Лябедзька: “Усё вырашаюць дэмакратычныя працэдуры. Калі большасьць дэлегатаў вырашылі, што гэта так [што старшынём БНФ павінен быць Янукевіч], то ўсе астатнія павінны паважаць абраных праз дэмакратычную працэдуру. Баршчэўскі – гэта яснасьць, зразумеласьць, прагназуемасьць. У гэтым быў пэўны камфорт для мяне асабіста. Зараз я проста ня ведаю, куды – направа, налева, наперад ці назад – будзе рухацца Аляксей [Янукевіч] і яго каманда. Трэба будзе сустракацца, праводзіць перамовы. Высьвятляць, якія іх пляны і што будзе далей”.

Сяргей Калякін: “Паглядзім, як гэта будзе. Абраньне кіраўніцтва арганізацыі – справа самой арганізацыі. Я добра ведаю Аляксея Янукевіча, мы разам узаемадзейнічалі. У мяне няма да яго ніякай прадузятасьці. Як яны будуць далей ўзаемадзейнічаць з АДС – гэта справа Фронта. Пажывём, пабачым. У любой арганізацыі ёсьць барацьба за лідэрства, унутраныя супярэчнасьці. І тое, што адбылася зьмена кіраўніцтва – гэта ўнутраная справа БНФ. Для нас нічога не памянялася. Мы працавалі не з пэрсаналіямі, мы працягваем працаваць з БНФ у рамках АДС, добра разумеючы, што ў нас ёсьць многа супярэчнасьцяў і адна агульная справа – вяртаньне Беларусі на шлях дэмакратыі”.

Станіслаў Шушкевіч: “Янукевіч – станоўчая постаць, але яму яшчэ доўга ўздымацца да ўзроўню Баршчэўскага. Але ён мне падабаецца, гэта прыстойны малады чалавек”. Адносна таго, ці прывядзе гэта да зьменаў у супрацы з АДС, Станіслаў Шушкевіч дадаў, што тут “пара ўжо, каб прывяло … Я ніколі не хаджу на мерапрыемствы АДС, бо яна пагразла ў ляпідарнай творчасьці, якая ніякай карысьці не прыносіць”.

Павал Севярынец: “Аляксей Янукевіч, Уладзімэр Лабковіч – гэта маладафронтаўцы. Зь імі мы калісьці марылі, якім магутным мы зробім БНФ, якія зьмены патрэбны ў самім БНФ, каб ён мог зьмяніць Беларусь. Я шчыра рады за хлопцаў і віншую зь перамогай. БХД разам з абноўленым БНФ будуць наймацнейшымі хаўрусьнікамі, каб вярнуць лідэрства нацыянальнаму руху”. Адносна чаканьняў у дачыненьні руху “За свабоду” П.Севярынец адзначыў: “Найбліжэйшым часам мы пагаворым пра стварэньне нацыянальнай, патрыятычнай кааліцыі, якая можа размаўляць пра супольную стратэгію на будучых кампаніях і пра супольную дзейнасьць па адбудове Беларусі. З гэтага моманту пачнецца вяртаньне лідэрства нацыянальнаму руху Беларусі, якое калісьці было страчана”.

Янукевіча падтрымала г.зв. “Еўрапейская кааліцыя”, але своеасабліва, з істотнымі агаворкамі (www.svaboda.org/content/article/1822245.html). Яе фармальны кіраўнік Мікола Статкевіч заявіў, што “Эўрапейская кааліцыя гатовая выступіць адным з сузаснавальнікаў [нацыянальна-дэмакратычнага] блёку, які павінен грунтавацца на прынцыпах незалежнасьці, дэмакратыі і эўрапейскага выбару Беларусі, і роўнасьці суб’ектаў гэтага блёку. Мы нагадваем, што ў чэрвені 2007 года мы распачалі папярэднюю спробу ўтварэньня такога блёку. Эўрапейская кааліцыя вяла перамовы разам з Хартыяй-97, з рухам “За свабоду”. Але тады гэтыя перамовы ні да чаго не прывялі. Бо кіраўніцтва руху [“За свабоду”] запатрабавала ўмовай стварэньня гэтага блёку старшынёўства ў ім Аляксандра Мілінкевіча. А пазыцыя Эўрапейскай кааліцыі палягала ў тым, што прадстаўніцтва павінна быць роўнае. Лідэрства трэба штодня даказваць канкрэтнымі справамі”. Спадар Статкевіч заявіў, што ўдзел у гэтай ініцыятыве “не дазволіць стварыць у Беларусі кіруемую ўладай апазыцыю. Бо шэраг суб’ектаў Эўрапейскай кааліцыі ўзначальваюцца людзьмі, якія прайшлі праз крымінальны перасьлед за сваю палітычную дзейнасьць. А наш “некрымінальнік” [відаць, маецца на ўвазе Мілінкевіч. Рэд.] чатыры разы атрымаў адмову ад уладаў, калі спрабаваў зарэгістраваць сваю партыю Калі ствараецца “не блёк пад канкрэтнага палітыка”, то гэта ініцыятыва Эўракааліцыі “будзе пачута”.”

З найбольш вядомых палітыкаў свае меркаваньні пра вынікі зьезду БНФ нават дасёньня (а ад зьезду прайшло больш за два тыдні) усё яшчэ ня выказаў Зянон Пазьняк (www.svaboda.org/content/article/1816621.html). Гэта пра шмат што сьведчыць, а найверагодней – пра разбурэньне нейкіх планаў пана Зянона, спадзеваў, пра стан разгубленасьці…

3.2. На думку палічыных аглядальнікаў, якія дазваляюць сабе быць больш шчырымі й адкрытымі, чым палітыкі, галоўным пераможцам зьезду Партыі БНФ стаў Мілінкевіч. Так, прынамсі, заявіў Віталь Цыганкоў (www.svaboda.org/content/article/1815611.html). Ён падкрэсьліў, што стратэгічна водападзел паміж маладой і старой камандамі БНФ праходзіць па наступным пытаньні: ці вылуча́ць свайго кандыдата на наступную прэзыдэнцкую кампанію ці падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах. На зьездзе пра гэта абсалютна адкрыта сказаў Кавалец (хаця ўсе іншыя галоўную інтрыгу ведалі, але маўчалі): “Сёньня за кандыдата ад БНФ народ не прагаласуе. А Рух “За свабоду” можа аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы вакол адзінага кандыдата – Аляксандра Мілінкевіча”.

“Сыходзячы з таго, што абраны Аляксей Янукевіч, а патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад партыі ня вылучаны, можна сказаць, што Аляксандар Мілінкевіч стаў галоўным пераможцам зьезду Партыі БНФ”, – мяркуе Цыганкоў. – “Акрамя таго, сваім намесьнікам Янукевіч абраў Ігара Лялькова, які мае шчыльныя сувязі з Рухам “За Свабоду””. (канец цытаваньня)

Для прагнозу падзей пасьля 12-га зьезду БНФ “Наша ніва” дала слова блогеру Lipski (www.nn.by/index.php?c=ar&i=29241):

“На ХІІ зьезьдзе Партыі БНФ скончылася цэлая эпоха ў жыцьці БНФ, якая характарызавалася застоем, маргіналізацыяй і ўнутранымі разборкамі.

Ня факт, што новая каманда выправіць сітуацыю, але пакаленьне Маладога Фронту мне падаецца нашмат больш рэалістычным і адэкватным.

АДС загадаў доўга жыць. Там застануцца лібералы з камуністамі, якім будзе вальней разам глядзець на Ўсход. Адпаведна пра адзінага-разадзінага можна забыцца.

Штучны распадзел паміж ПБНФ і Рухам за Свабоду будзе калі не зьліквідаваны, дык значна зьменшаны (усё адно гэта адны і тыя ж людзі) і ўтворыцца больш-менш трывалы нацыяналістычны блок з моцнай структурай і моцным лідэрам.

Старым лідэрам, у прынцыпе, няма куды сыходзіць, таму нейкі час яны будуць спрабаваць аднавіць свой уплыў на партыю.

Ну, і Міхалевіч. Ён задэклараваў сваё жаданьне балатавацца на прэзідэнта. Яму патрэбныя структуры, якія ёсьць у БНФ і РЗС. Таму яму цяпер нічога не перашкаджае аднавіцца ў партыі і спрабаваць вылучыцца ад БНФ ці з падтрымкай БНФ. І тут будзе сутыкненьне зь Мілінкевічам. Новаму кіраўніцтву трэба будзе моцна думаць, як разруліваць гэтую сытуацыю.

І апошняе: Дужа рады за Аляксея, які 8 год ішоў да старшынства ў партыі і нарэшце яго здабыў. Зычу яму посьпехаў і вялікага цярпеньня ў пераадоленьні той спадчыны, якая яму засталася”. (канец цытаваньня)

3.3. Аляксей Янукевіч з-за абраньня старшынём БНФ стаў цікавым для журналістаў. У сувязі з гэтым ў дзень зьезду і за пару дзён пасьля яго ён даў некалькі інтэрвю. Мы вырашылі падаць значныя кавалкі гэтых інтэрвю, каб у далейшым можна было параўноўваць словы з рэальнымі справамі.

d0b7d091d09dd0a4-5

У прыватнасьці, першае інтэрвію на пасадзе старшыні партыі Аляксей Янукевіч даў радыё “Свабода” (www.svaboda.org/content/article/1815637.html). Падаем ніжэй яго скарочаны тэкст.

Цыганкоў: Што вы адчуваеце ў гэты момант, адразу пасьля перамогі – радасьць, хваляваньне, пачуцьцё адказнасьці?

Янукевіч: Пачуцьцё адказнасьці самае моцнае. Таксама ёсьць шкадаваньне ад таго, што шмат якія прадстаўнікі нашай фронтаўскай эліты, больш сталага [веку] адмовіліся вылучацца ў Сойм … Буду прапаноўваць некаторым зь іх узначаліць камісіі Фронту. Спадзяюся, што праз некалькі месяцаў іхнія нэгатыўныя эмоцыі саступяць месца адказнасьці і партыйнаму патрыятызму. Але, безумоўна, ёсьць і задавальненьне тым, што большасьць дэлегатаў абрала новы курс, абрала шлях наперад. І людзі, якія мяне падтрымалі, я спадзяюся, далучацца да вырашэньня новых задач партыі.

Цыганкоў: Якімі будуць вашы першыя крокі на пасадзе старшыні?

Янукевіч: У панядзелак зьбярэм кіраўніцтва партыі з удзелам рэгіянальных кіраўнікоў. У найбліжэйшы час мы павінны заняцца кампаніяй дзеля зьменаў у заканадаўстве аб выбарах, а таксама зьвярнуцца да грамадзтва з нацыяльна-эканамічнымі праблемамі.

Цыганкоў: Што вы адкажаце тым, хто сьцьвярджае, што БНФ ляжа пад рух Мілінкевіча “За свабоду”?

Янукевіч: Ведаеце, я нават не лічу, што пасьля зьезду трэба нешта казаць такім людзям. Я думаю, што справамі ў вельмі хуткім часе мы здолеем прадэманстраваць, што партыя, наадварот, будзе выходзіць з ценю іншых палітычных сілаў і набываць сваё ясна выразнае аблічча. Я думаю, мае справы адкажуць гэтым людзям.

Цыганкоў: Вы ўжо 6 гадоў былі намесьнікам Старшыні партыі БНФ, але я не пайду супраць ісьціны, калі скажу, што па-за БНФ вы зусім мала вядомы як палітык. Што вы будзеце рабіць, каб выходзіць на агульнанацыянальны ўзровень?

Янукевіч: Я лічу гэта вялікім плюсам … Гэта, з аднаго боку, прыцягне ўвагу людзей, а зь іншага – пэўныя стэрэатыпы, якія замацаваліся за апазыцыйнымі лідэрамі за шмат гадоў, яны не распаўсюджваюцца на менш вядомых асобаў, такія як я. І гэта дае магчымасьць пазыцыянаваць сябе ў шырокім грамадзтве “з чыстага ліста”, што заўсёды прасьцей, чым ламаць і мяняць нейкія стэрэатыпы.

(канец цытаваньня)

Пазьней Янукевіч удзельнічаў у онлайн-канфэрэнцыі з офісу тэлекампаніі “Белсат”, дзе адбыўся запіс тэлепраграмы “Госьць на Белсаце” зь ягоным удзелам (www.svaboda.org/content/article/1816816.html). На фота ўверсе Янукевіч у студыі “Белсату” разам з Паўлам Мажэйкам і падчас онлайн-канфэрэнцыі. Ніжэй падаем найбольш важныя, на наш погляд, пытаньні.

Ales, Braslau

Ці гатовыя вы падтрымаць ідэю байкоту прэзідэнцкіх выбараў, тым самым падтрымаўшы З.Пазьняка ? Як вы ставіцеся да Пазьняка, і як вылічыце ці ёсьць у яго палітычныя персьпектывы на Беларусі ?

Янукевіч

Калі не даможамся ўключэньня нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і доступу да падліку галасоў – пры сёньняшнім стане рэчаў ня бачу ніякага сэнсу удзелу ў такіх выбарах. У малаверагодным выпадку рэзкіх зьменаў у грамадзтве (сацыяльны выбух ці нешта яшчэ) мы можам апэратыўна прыняць, натуральна, і іншае рашэньне. Але канчатковае рашэньне будзе прымаць пазачарговы Зьзд увесну. На гэты момант дзейнічае рашэньне аб вылучэньні свайго кандыдата. Да Пазьняка стаўлюся зь вельмі вялікай павагай. Лічу, што з усіх сучасных палітыкаў ён зрабіў найбольш дзеля Беларусі, дзеля абуджэньня краіны. Лічу, што ў Беларусі Пазьняк мае сур’ёзныя палітычныя пэрспэктывы. Але толькі калі будзе ў Беларусі.

Argrir

Аляксей, распавядзіце пра свае крыніцы прыбытку, пра сваё асабістае жыццё (ці ўладкаваныя ў Вас дачыненні з процілеглым полам), пра свае жыллёвыя ўмовы. А то складаецца ўражанне, што Вы – безграшовы і безжыллёвы маладзён, які не карыстаецца ўвагай дзяўчын.

Янукевіч

Дзякуй за пытаньне, хоць, па-шчырасьці, абсалютна незразумела, што магло б даць Вам падставы скласьці такое нэгатыўнае ўражаньне. Зарабляю ўласнымі ведамі і розумам у беларускім прыватным бізнэсе. З палітычнай дзейнасьці ніякага заробку ня маю. Узровень свайго дабрабыту ацэньваю як сярэдні ў параўнаньні, скажам, са сваімі былымі аднаклясьнікамі. Жывем з бацькам у Чыжоўцы, маці памерла ад раку ў 2005 годзе. Пакуль пытаньне ўласнага жытла ня ёсьць вельмі актуальным, бо вольнага часу амаль няма, тым болей – каб праводзіць яго ў хаце. Фактычна, і бацька, і я вяртаемся позна, выходзім рана. Праблемаў у стасунках з дзяўчатамі няма. Пакуль нежанаты, але не пляную заставацца ў гэтым статусе надта доўгі час. Спадзяюся, з Божай ласкі буду мець добрую жонку і цудоўных дзяцей.

Anatol Starkou, Brooklyn, NY, USA

Аляксей, пажыўшы крыху болей за 6 год у дэмакратычных ЗША, магу сказаць, што ДЭМАКРАТЫЯ – гэта ўсяго толькі літары Д,Э,М,А,К,Р,А,Т,Ы,Я, пастаўленыя побач без косак, і гэтыя ж “літары” ў якасьці палітычных сыстэмаў існуюць ва ўсіх краінах, дзе ёсць народ і ўлада. Іншымі словамі – дэмакратыя існуе ва ўсіх краінах без выключэньняў. Вы абраны Старшынёй на дэмакратычных выбарах. Калі ласка, захавайце гэта як традыцыю Партыі БНФ. І наадварот, “кэгэбізацыя” першага Беларускага Народнага Фронту – падазронасць да беларускіх людзей, якую пачаў заснавальнік Фронту яшчэ ў 1988 у Чырвоным Касцёле, БЫЛА ЁСЦЬ І ЗАСТАЕЦЦА ХРАНІЧНАЙ ХВАРОБАЙ гэтай арганізацыі, якая, як бачым зараз, пераходзіць ў невылечную стадыю. Калі ласка, зберажыце беларусаў і беларусак Фронта ад падобнай неабгрунтаванай фактамі падазронасці і павядзіце іх да адкрытага дэмакратычнага абмеркавання пытанняў ці праблем Фронта, каб на будучыню не толькі Фронт, а і ўвогуле беларускае грамадства было дэмакратычней, напрыклад, дэмакратычных ЗША. Якія вашы планы, як Старшыні Партыі БНФ, ў згаданых праблемах?

Янукевіч

Маё стаўленьне да праблемы падазронасьці наступнае: на жаль, мы ня маем рэсурсаў дзеля пабудовы ўласнай службы бясьпекі; адпаведна, усе нашыя спробы вылічыць агентаў могуць грунтавацца перадусім на домыслах. У такой сытуацыі пошукі агентаў нічога, апроч узаемнай падазронасьці і напругі ў арганізацыі, даць ня могуць, а часам нават прыводзяць да параноі. Таму мой прынцып – нікога не падазраваць, але максымальна абмяжоўваць канфідэнцыйную інфармацыю. Зрэшты, ня толькі канфідэнцыйную – чытайце кансьпіратар беларускі, вельмі раю.

Сяржук

1. Першае пытанне: Стратэгія палітычнай партыі – гэта “Праграма партыі”. Вось вы пішыце пра каментары на TUT_by. Але вось там людзі пастаянна пытаюцца:
Дайце мне інтэрнэт-спасылку на Праграму партыі БНФ. Дзе мне пачытаць Праграму партыі БНФ? Дайце мне інтэрнэт-спасылку на біяграфію Аляксея Янукевіча. І многія людзі нават не ведаюць дзе гэта можна знайсці! Вы як старшыня партыі БНФ павінны, проста абавязаны аўтаматам па-памяці даваць АБЕДЗЬВЕ гэтыя інтэрнэт-спасылкі! Дык дайце іх зараз па памяці нікуды не падглядывая.
2. Другое пытанне: Вы разумеце, чым адрозніваецца “палітычная партыя” ад “клуба па інтарэсах”, ад “гуртка па цікавасцях”? Гурток па цікавасцях аснаваны на асабістым ДАВЕРЫ кожнага сябры гуртка да іншых, і адмову супрацоўнічаць з іншымі ён мае поўнае права матываваць: “гэты чалавек мне не падабаецца таму супрацоўнічаць з ім не хачу”. Партыя аснавана на СТАТУЦЕ, і сябра партыі (пакуль ён не адлічаны з партыі) не мае права матываваць як сябра гуртка па цікавасцях: “ён мне не падабаецца таму супрацоўнічаць з ім не буду”. Сябра арганізаванай палітычнай парты абавязаны матываваць кожны свой крок спасылкай на СТАТУТ партыі. Гурток па цікавасцях – гэта ДАВЕР. Палітычная партыя – гэта СТАТУТ. Вы гэта добра разумееце? Ці не ператворыцца “арганізаваная палітычная партыя БНФ” ў “гурток па цікавасцях БНФ”?

Янукевіч

1. www.pbnf.org. 2. Вельмі добра разумею розьніцу. Абсалютна дакладна, Партыі БНФ не ператворыцца ў клюб ці гурток. Але ёсьць яшчэ адно важнае адрозьненьне – палітычная партыя ствараецца дзеля прыходу да ўлады. І гэтая задача для БНФ застаецца на парадку дня.

Павал, Менск

Ты ўжо сказаў Калякіну камуністычнае бай-бай?

Янукевіч

Бліжэйшы Сойм прыме адпаведныя рашэньні.

Зьміцер

Баюсь прагматызму! Сп. Янукевіч якое Ваша стаўленьне да палітычнай зміграцыі? Як часта і дзе бывалі за межамі Беларусі?

Янукевіч

Ня бойцеся – ідэя перадусім. У палітычную эміграцыю ніколі не зьбіраўся і не зьбіраюся. Ацэньваць рашэньне тых, хто зьехаў, не лічу патрэбным, гэта асабістае рашэньне кожнага. Шмат разоў бываў у Польшчы і ў Літве. Таксама бываў на поўначы Эўропы, у Цэнтральнай Эўропе, у ЗША.

Ягор Д.

Аляксей, якім чынам Вы зьбіраецеся зьмяніць вельмі негатыўны імідж БНФ у грамадзтве (маю на ўвазе большасьць беларусаў)? Вось беларускія камуністы зьмяняюць назву партыі, каб не асацыявацца з негатывам. Сама назва БНФ і слова “бэнээфавец” сталі лаянкай сярод беларусаў…

Янукевіч

Па-першае, ня згодны, што для большасьці нашая назва сталася лаянкай. Так, ёсьць пэўныя нэгатыўныя стэрэатыпы, але сёньня нашая назва, дакладней, яе вядомасьць і пазнавальнасьць, ёсьць, безумоўна, моцным плюсам Партыі. Хутчэй за ўсё, ужо ў вольнай Беларусі назву варта будзе зьмяніць, але сёньня гэта было б раўназначна палітычнаму самагубству, бо “раскруціць” новую назву ўлёткамі немагчыма, а на тэлебачаньне доступу, як вядома, няма. Імідж зьмяняць будзем перадусім справамі, а таксама адпаведнымі акцэнтамі ў рыторыцы.

разумны тактык

Тэма, якую неабходна было б закрануць Вам падчас гутаркі з замежнымі лідэрамі ЗША і Эўразьвязу: Было б вельмі добра, каб ЗША ці Эўразьвяз далі гарантыі бяспекі асабіста Аляксандру Лукашэнку і членам яго сям’і, прапанавалі яму і яго сынам грошы, працу з высокай зарплатай і дамы-катэджы дзе-небудзь на лазурным узбярэжжы Францыі ці Гаваяў(за кошт беларускага дзяржаўнага бюджэту) У АБМЕН НА ДАБРАВОЛЬНУЮ ПЕРАДАЧУ ІМ УЛАДЫ дэмакратычным лідэрам (Мілінкевічу ці іншым). Можа Лукашэнка, калі ён сапраўды хвалюецца аб лёсе і будучыні свайго “любімага Коленькі” і іншых сваіх сыноў і ўнукаў, пагадзіўся бы з гэтай гарантыяй бяспекі ад ЗША ці Эўразьвязу? Мы, беларусы, проста АБАВЯЗАНЫ ініцыяваць праз ЗША ці Эўразьвяз такі дабравольны абмен для Лукашэнкі, яго дзяцей і ўнукаў. Гэта разумны тактычны ход у барацьбе за статэгічную мэту – этнічнабеларускую і дэмакратычную Беларусь, і гэты тактычны ход трэба ініцыяваць менавіта беларусам. Лепей купіць за адносна невялікія грошы і гарантыі будучыні, чым загнаць у вугал. Чаму б напрыклад Філіпу Гордану ЗША ці Салану ЭЗ, параіўшыся з уладамі ЗША ці Эўразьвязу не прапанаваць, гэта Лукашэнку?

Янукевіч

Лічу, што калі нават кіраўнікі заходніх краінаў гатовыя былі б прапанаваць такія гарантыі Лукашэнку, ён бы ўсё роўна не паверыў. Але я згодны, што трэба разглядаць усе магчымыя варыянты, каб найхутчэй вярнуць Беларусь на шлях свабоды і зрабіць нашую дзяржаву беларускай па сутнасьці, а ня толькі па назве.

удзельнік

На з’езд з-за маніпуляцый не патрапіла шмат фронтаўцаў, затое прыехала кучка з ручкай рэкрутаў “пад з’езд”. Менавіта ім дыктавалася за каго галасаваць сп. Пракуратам, напрыклад. Як Вы збіраецеся кіраваць партыяй у якой перамаглі сілы хлусні і інтрыгаў?

Янукевіч

І сам Зьезд, і ўся падрыхтоўка да яго адбывалася ў поўнай адпаведнасьці з вызначанай Соймам працэдурай. Асобныя нараканьні былі як з аднаго, так і з другога боку, але, у выніку, напярэдадні Зьезду ані Лявон Баршчэўскі, ані Віктар Івашкевіч, ані Вінцук Вячорка, ані Уладзімер Лабковіч не аспрэчвалі канчатковы сьпіс дэлегатаў. Мандатная ды іншыя камісіі фармаваліся парытэтна, паўнамоцтвы ніводнага дэлегата не былі аспрэчаныя. Гэта факт, а супраць фактаў, як казалі старажытныя рымляне, няма аргумэнтаў. І па старшыні, і па намесьніках, і па Сойму галасаваньні былі таемнымі, таму ўсе размовы пра маніпуляцыі – гэта домыслы. Я разумею, што Вас турбуе будучыня БНФ і хачу вас запэўніць – у нашай Партыі пасьля зьезду няма тых, хто перамог, і тых, хто прайграў. Ёсьць адзіны Фронт, і такім ён і будзе.

удзельнік

Вашыя прыхільнікі гатовыя Вас сення ўзнесці на пантэон…Вам не страшна?

Янукевіч

Памер адказнасьці я адчуваю, але не баюся. Сапраўды, з маім прыходам шмат хто зьвязвае вялікія спадзяваньні на абнаўленьне партыі, на дасягненьне рэальных вынікаў. Менавіта дзеля гэтага я і стаў старшынём, чаму раптам павінны баяцца?

Ігар

Як вы будзеце кіраваць партыяй, 45% якой прагаласавалі не за вас?

Янукевіч

Не разумею, у чым тут Вы бачыце праблему. На дэмакратычных выбарах усеагульнаабраных кіраўнікоў не бывае. А калі выключэньні здараюцца – звычайна гэта скончваецца кепска. Для мяне сёньня абсалютна ня мае значэньня, хто як галасаваў. Перакананы, што хваля эмоцыяў адыдзе вельмі хутка, і ніякіх перашкодаў для нармальнай працы ня будзе.

Студэнт, Прага

Я у Партыi даўно, але нiхто не цiкавiўся хто я i дзе. Жыву ў Празе, i некалькi разоў спрабавау усталяваць кантакт, але нiкому гэта не патрэбна. Цi будзеце намагацца салiдарызаваць партыю унутры i падключыць людзей да дзейнасьць на карысьць партыi i грамадзтва?

Янукевіч

Безумоўна. Партыйная салідарнасьць – адзін з асноўных пунктаў маёй праграмы. Будзем падключаць як мага шырэйшае кола людзей. Далучайцеся! Пішыце yanukevich@yahoo.com

pinsk-forever, pinsk

Aляксей ! Сотні фронтаўцаў, калі ня тысячы, зьехалі за мяжу. Ці плануеце далучыць іх да працы? Ранейшае кірауніцтва ня зьвяртала на іх увагу.

Янукевіч

Так, глядзіце папярэдні адказ.

Я, я

Лічыў склад Сойму выкладзены на Свабодзе, з іх толькі 9 чалавек магу аднесьці да менавіта Вашых прыхільнікаў. Астатнія – прыхільнікі РЗС, людзі, якія працавалі з Міхалевічам і прадстаўнікі старой гвардыі. Ці не баіцеся вы, што прадстаўнікі рэгіяналаў будуць супрацьдзейнічаць Вам, як рабілі гэта 2 гады таму, калі вы былі абраныя намесьнікам толькі дзякуючы падтрымцы каманды Вячоркі…

Янукевіч

2 гады таму мяне абралі намесьнікам, дзякуючы майму аўтарытэту і маім справам. Хачу нагадаць, што на мінулым Зьездзе Вячорка і Івашкевіч на намесьнікаў абіраліся безальтэрнатыўна, а з трох канкурэнтных намінацыяў з прапановаў Баршчэўскага-Вячоркі перамог толькі я з перавагаю ў 40 галасоў. Хоць у мяне тады быў сапраўды слабейшы супернік, нават у найлепшыя часы для Вінцука Вячоркі ў Фронце ніколі не бывала, каб падтрымлівалі асобу толькі па рэкамэндацыі старшыні. Узгадайце той жа прыклад Галіны Сямдзянавай. Што да новага Сойму – хачу падкрэсьліць некалькі рэчаў: па-першае, гэта першы за апошнія гады ненамэнклятурны Сойм, ён сапраўды фармаваўся на роўных умовах для ўсіх кандыдатаў. Па-другое, у ім сапраўды шырокае прадстаўніцтва рэгіянальных структураў, што я лічу надзвычай важным. Па-трэцяе, у Сойм абраныя самастойныя асобы, якія па кожным пытаньні будуць кіравацца перадусім сваімі думкамі, а не падказкамі. І, нарэшце, на Зьездзе мяне моцна падтрымлівалі якраз рэгіянальныя лідэры, і няма ніякіх падставаў, каб раптам яны пачалі мне супрацьдзейнічаць

Andy, rotterdam

yak vy stavites da magchymasci u buduchynne ligalizavac adnapolye sayuzy.?yak napryklad u mnogim pa sapraudnamu dymakratychnyh krainah.

Янукевіч

Як хрысьціянін, я трымаюся ў гэтым пытаньні пазыцыі каталіцкай царквы.

Ragvalod, Менск

Як вы ставіцеся да ідэі адраджэньня дахрысьціянскай культуры Беларусі? І якія для вас каштоўнасьці больш важныя. Хрысьціянскія ці нацыянальныя?

Янукевіч

Да адраджэньня традыцыяў стаўлюся добра. Асабіста для мяне нацыянальныя і хрысьціянскія каштоўнасьці сапраўды неразьдзельныя.

Ragvalod, Менск

На ваш погляд, ці ёсьць перспектывы ў адраджэньні паганства на Беларусі?

Янукевіч

На жаль, я ня ёсьць спэцыялістам у гэтым пытаньні, таму не магу даць Вам кваліфікаваны адказ.

Anatol Starkou, Brooklyn, NY, USA

Спадзяюся, Аляксей, што вы знаёмы з гісторыяй Фронта. Нагадаю 1992 год. Сабраны каля 450тыс. подпісаў грамадзян за патрымку ініцыяцівы БНФ зьмяніць рэферэндумам накірунак улады ВС з пракамуністычнага на прабэнээфаўскі – вядомы рэферэндум аб перавыбарах ВС. Вынік ініцыятывы вядомы – пшык.
На сайце вашай партыі сказана аб другім, маўляў, што з гэтага часу БНФ стаў губляць прыхільнікаў. Чаму, на вашу думку, тады не была выкарастана моц БНФ – самай магутнай палітычнай сілы таго часу?

Янукевіч

Лічу, што ўплыў апазыцыі БНФ у ВС быў недастатковы, каб праламіць пытаньне датэрміновых выбараў. На вуліцы сілы былі вялікія, у калідорах – недастатковыя.

Сяргей Андросенка, Мінск

15 траўня 2010 у Мінску плануецца правядзенне другога Славянскага гей-прайда (першы быў у Маскве ў дзень фіналу “Еўрабачання”) і маніфестацыі ў падтрымку сэксуальна-гендарнага раўнапраўя і супраць дыскрымінацыі на падставе пола і сэксуальнай арыентацыі. Якое Ваша стаўленне, як палітыка, да гэтага мерапрыемства. Ці прызнаеце Вы за актывістамі ЛГБТ-руху права на арганізацыю і правядзенне падобнага мерапрыемства ў Мінску ў наступным годзе? Ці прызнаеце Вы права на юрыдычнае афармленне адносінаў двух хлопцаў або двух дзяўчат, якія кахаюць адзін аднаго, разам жывуць і вядуць сумесную гаспадарку? У канцы жніўня заявіла аб сваім існаванні ЛГБТ-арганізацыя Кансерватыўнай Партыі Вялікабрытанні. Камісіі ЛГБТ ужо існуюць пры кансерватыўных партыях у Іспаніі, Бельгіі і Нідэрландах. Ці дапускаеце Вы стварэнне ЛГБТ-групы ў Беларусім Народным Фронце? І што Вы зробіце з тымі чальцамі партыі, якія праініцыююць стварэнне падобнай структуры, магчыма, насуперак Вашаму асабістаму гледзішчу? 26 верасня ў Мінску пройдзе Пятая беларуская міжнародная ЛГБТ канферэнцыя. Нягледзячы на тое, што ў прыватным парадку на канферэнцыі будзе прысутнічаць у тым ліку чалец БНФ, ці не лічыце Вы важным дэлегаваць на канферэнцыю афіцыйнага прадстаўніка партыі, як гэта зрабілі сацыял-дэмакраты і “зялёныя”? У краіне штогод збіваюць дзясяткі людзей на падставе сэксуальнай арыентацыі, якая, згодна рашэнню ўсіх міжнародных арганізацый (і медычных, і палітычных) не з’яўляецца хваробай і дэманстрацыяй распусты. Ці не лічыце Вы важнай працу беларускіх ЛГБТ-актывістаў, якія намагаюцца прыцягнуць да праблемы ўвагу грамадскасці і знізіць узровень гамафобіі ў “памяркоўных” беларусаў? Ці не плануеце Вы зрабіць гамафобію афіцыйнай пазіцыяй партыі, як гэта ўжо зрабілі Малады Фронт і Правы Альянс? З павагай і надзеяй на плёнае супрацоўніцтва на карысць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, старшыня праваабарончага праекта “ГейБеларусь” Сяргей Андросенка

Янукевіч

Пытаньні асабістага, а тым больш інтымнага жыцьця лічу прыватнай справай кожнага. Калі вельмі карціць пра гэта паразмаўляць публічна – магчыма, гэта ёсьць праява пэўных комплексаў.

Лідэр з рэгіёну

Якая пакрокавая тактыка на бліжэйшыя 6 месяцаў па пошуку й, самае галоўнае, падрыхтоўцы новых кадраў? Ці задаволены Вы кадравымі рашэньнямі, якія Вы падтрымалі як намесьнік старшыні?

Янукевіч

Камісія партыйнага навучаньня ўжо мае добрыя напрацоўкі, мы іх бліжэйшым часам дапрацуем і распачнем рэгіянальныя адукацыйныя сустрэчы. асноўныя тэмы – арганізацыі і правядзеньне кампаніяў, мастацтва публічнай прамовы і дэбатаў, партыйнае будаўніцтва. Трэнэры будуць зьвяртаць увагу на ўдзельнікаў, хто да якой працы больш здольны. на другім этапе навучаньня будзе адбывацца большая спэцыялізацыя па названых тэмах. Адзіным крытэрам працы намесьнікаў будуць канкрэтныя вынікі па выкананьні пляна дзейнасьці і маіх даручэньняў. Апошняе пытаньне не зразумеў, выбачаюся.

Ігар, Менск

Аляксей, два пытаньні:
1) Якое месца ў вашым жыцьці займае вера? Вы намінальны рыма-каталік ці практыкуючы? Належнасьць да каталіцтва ў Вас ад нараджэньня, ці гэта сьвядомы выбар дарослага чалавека?
2) Якая Вашая пазыцыя па правапісным пытаньні? Які правапіс выкарыстоўваеце Вы асабіста, у прыватным і/ці службовым ужытку?

Янукевіч

1. Практыкуючы. Належнасьць да каталіцтва – сьвядомы выбар, мае маці і бацька – праваслаўныя. 2. Трымаюся клясычнага правапісу

Gleb, Orsha

Не зусім зразумела, спадар Янукевіч, чым будзе займацца зараз БНФ. Як усім нам раней здавалася, асноўная праблема краіны – гэта наяўнасьць дыктатуры. І актыўная барацьба зь ёй – галоўная задача кожнага сумленнага чалавека, які любіць сваю краіну. Дзеля гэтай мэты, на даным этапе аб’яднаньне ўсіх дэмакратычных сілаў, усіх тых, хто супраць дыктатуры, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, здавалася б разумным. Першая ж ваша буйная заява была не аб барацьбе з каростай-дыктатурай, а аб зьніжэньні статуса БНФ у дэмакратычнай кааліцыі. Гэта здаецца трошкі камічным. Каму ўвогуле прыйшла ў галаву гэтая ідэя? Пэўна, Лялькову? Ці, усё-такі, вам? Вы што, зьбіраецеся пасылаць прыбіральшчыцу офіса на паседжаньне кааліцыі? Ці спадара Кастусёва? Без права голасу і прыняцьця рашэньняў. Навошта вам гэта патрэбна? Любіце проста паседжаньні? І яшчэ. Ствараецца ўражаньне, што вы баіцеся Лукашэнка. Баіцеся выступіць супраць яго. Таму вас ніколі не было бачна на мітынгах? Вы ніколі не выступалі на іх і не натхнялі дэманстрантаў сваімі палымянымі ваяўнічымі прамовамі… Ці здольны вы на ўчынкі, якія прымусяць уладу зьвярнуць на вас увагу як на лідара партыі? Прымусяць уладу пабойвацца вас? Ці здольны вы сказаць што-небудзь такое, каб Лукашэнка пачуў вас? Каб ён занепакоіўся. Калі вы не баязьлівец, дык скажыце гэта зараз. Так, каб дыктатару стала неспакойна. Каб уначы ён дрэнна спаў. Вельмі хацелася б таксама спытаць вас: што вы адкажаце тым, хто лічыць, што хутчэй Лукашэнка падасьць заяву з просьбай прыняць яго ў шэрагі БНФ, чым Зянон Пазьняк і яго партыя ўступіць у меркаваны вамі “Правы альянс” з Мілінкевічам. Можа, таму ён і не сьпяшаецца віншаваць вас з абраньнем?

Янукевіч

Першая мая заява – аб вяртаньні Партыі ў грамадзтва, да людзей. Праблема АДС – цэнтрабежныя сілы сталіся занадта моцнымі, і замест змаганьня з дыктатурай пераважная большасьць сілаў пайшла на змаганьне паміж сабой. Мне значна больш важна, што пра БНФ будзе думаць беларускі народ, чым тое, што будзе думаць Лукашэнка пра мяне. Нацыянальна-дэмакратычны блёк мы будзем ствараць не як бюракратычную структуру, куды трэба ўступаць, але як форму супрацоўніцтва, каардынацыі працы, сумесных дзеяньняў. Спадзяюся, да некаторых накірунках цалкам прымальным для сябе далучыцца палі́чыць і партыя Зянона Пазьняка.

Ягоркина

Чаму вы нежанаты? Гэта неяк дзіўна. і вы і Севярынец не ствараеце сем’яў. Калі гэта прынцыповая пазіцыя – гэта адно, але калі вы просто маеце з некім стасункі, але не жэнецеся – то неяк гэта не вельмі… Як жа вы можаце казаць пра каштоўнасці хрысціянскія альбо кансерватыўныя?

Янукевіч

Не жанаты – бо пакуль ня склалася, такія рэчы немагчыма плянаваць. Але прынцыповая пазыцыя – на стварэньне сям’і.

Назіральніца, Менск

Перад Зьздам шмат у каго з фронтаўцаў было перакананьне, што “ў Фронце насьпелі зьмены”, таму Вашае абраньне – заканамернае. Як Вы лічыце, Вас абралі ў выніку незадаволенасьці ранейшым кіраўніцтвам ці таму, што Вы, Вашая каманда і Вашая праграма лепш выгладалі на Зьездзе?

Янукевіч

Лічу, што зьбегліся разам абодва гэтыя матывы.

Stenia

Sp.Alaksiej, a nie dumajecie vy, shto dziakujuchy tym liudziam, jakich vy miakka kazhuchy prakinuli, vy stali sionnia bielaruskim dziejacom? Paviercie nie bylo b Sadouskaha, Barshcheuskaha Viacorki, Ivashkievicha i ins. byc by vam kamsamolskim pieradavym dziejachom.

Янукевіч

Я шчыра захапляюся асобамі Баршчэўскага і Садоўскага, справамі Вячоркі і Івашкевіча на ніве нацыянальнага адраджэньня. Лявон Баршчэўскі быў і застаецца для мяне вялікім аўтарытэтам, я вельмі шмат чым яму абавязаны і як палітык, і як асоба. Але хачу сцьвердзіць, што ніхто не пракінуты, і я веру, што і надалей названыя вамі Асобы (менавіта зь вялікай літары) будуць працаваць на карысьць Беларусі менавіта ў БНФ.

Бенедзікт

Раней (да 1999 г.) у ш-кватэры БНФ на Варвашэні,8 гучала толькі беларуская мова. Зараз пераважна толькі расейская… 1.Ці не лічыце Вы гэта неістотным паказчыкам для характарыстыкі Вашай арганізацыі? 2. Лідар КХП-БНФ і Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” З.С.Пазьняк адзначыў, што ваша арганізацыя, моцна інфільтраваная чужародным элемэнтам. Ці згодныя Вы з гэтым?

Янукевіч

1. Ня згодны, якраз цяпер беларускай мовы на Сядзібе БНФ болей. 2. Глядзіце адказ на пытаньне пра агентаў вышэй, калі ласка.

рол

Чаму Лукашэнка прыйшоў да ўлады і чаму ён знаходзіцца пры ўладзе да гэтага часу.

Янукевіч

Прыйшоў да ўлады, бо здолеў у той момант даць людзям простыя адказы на складаныя пытаньні, таксама вельмі шмат падтрымкі здабыў на тэме барацьбы з карупцыяй. Да гэтага часу пры ўладзе, дзякуючы, перадусім, уласнаму палітычнаму таленту, рэсурсавай падтрымцы Крамля, эфэктыўнай рэпрэсіўнай сыстэме і татальнаму кантролю над тэлебачаньнем і радыё. Структурнай асновай улады ёсьць жорсткая прэзыдэнцкая вэртыкаль, адданая асабіста Лукашэнку.

сяргей-пінск, пінск

Ці ведаеце ВЫ дакладна механізмы фальсіфікацыі лукашэнкаўскай дыктатурай выбарау? Адкажыце дакладна: ці можна выіграць прэзыдэнтскія выбары у лукашэнкі, калі ва ўчасковых камісіях ня будзе прадстаўнікоў апазыцыі?

Янукевіч

Мэханізмы вядомыя і неаднаразова апісаныя, у тым ліку ў незалежных СМІ. Без прадстаўнікоў у камісіях выйграць выбары можна, маючы 100 тысячаў прыхільнікаў на плошчы. Найлепшы варыянт — прадстаўнікі ў камісіях, што назавуць дакладныя лічбы, і людзі на плошчы, што выйдуць абараняць сапраўдныя вынікі. Дзеля таго, каб заклікаць людзей да пратэстаў, вельмі важна мець сапраўдныя вынікі, бо абстрактная “абарона перамогі” мала каго сапраўды можа натхняць на ўчынак — выхад на вуліцу.

Лявон

Ці будзе ў дачыненні да Вячоркі і Меха выкарыстана палажэнне “Аб партыйнай этыцы”, за іх абразлівыя выказванні ў бок дэлегатаў з’езда?

Янукевіч

Я прыйшоў, каб аб’яднаць партыю, а ня каб паляваць на апанэнтаў. У Палажэньні пра этыку ёсьць норма, што яно ня дзейнічае пэўны час перад Зьездам, каб была магчымасьць рэальных дэбатаў. Я лічу, што варта яго не распаўсюджваць таксама на першыя дні пасьля Зьезду, каб маглі схлынуць эмоцыі. Перакананы, што розум пераважыць эмоцыі, і болей абразаў дэлегаты Зьезду, ды й усе сябры Партыі, не пачуюць.

(канец цытаваньня)

3.4. АД СЛОЎ ДА СПРАЎ: першыя дзеяньні новага кіраўніцтва.

7 верасьня ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася першая прэсавая канфэрэнцыя новага кіраўніцтва – старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і ягоных намесьнікаў Ігара Лялькова ды Рыгора Кастусёва (www.svaboda.org/content/article/1816621.html).

Янукевіч заявіў: “Перадусім нам хацелася б сказаць пра тую ролю Партыі БНФ, якую мы бачым у грамадзтве, і як мы бачым стасункі партыі зь людзьмі. Перадусім Партыя БНФ заўсёды казала людзям праўду, і гэты прынцып застаецца. Мы лічым, што шчырасьць была і ёсьць вельмі моцным бокам. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей зь ясным, шчырым пасланьнем, што Партыя БНФ была і застаецца партыяй каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў”.

Лялькоў адзначыў, што менавіта на каштоўнасных беларускіх прынцыпах партыя зьбіраецца будаваць супрацу зь іншымі палітычнымі сіламі і арганізацыямі. Ён заявіў пра стварэньне нацыянальна-дэмакратычнага блёку, у які найперш увойдуць БХД, КХП/БНФ, рух “За свабоду”, “Малады фронт”, “Правы альянс” і БСДГ Станіслава Шушкевіча. “Але гэта ня будзе стварэньне нейкіх новых структураў, прэзыдыюмаў, палітрадаў ці нейкіх яшчэ бюракратычных органаў. Галоўнае для гэтага блёку будзе адзінства ў дзеяньні, супольны плян дзеяньня і каардынацыя высілкаў, каб паказаць беларускаму грамадзтву, што незалежніцкія сілы аб’яднаныя, моцныя, маюць свой агульны, пабудаваны на нацыянальных і незалежніцкіх каштоўнасьцях план выхаду з крызісу і далейшага разьвіцьця Беларусі. Мы плянуем, што ў гэтым блёку будзе аб’яднана як мага шырэйшае кола арганізацый, для якіх словы “незалежнасьць”, “беларушчына”, “нацыянальныя каштоўнасьці” ёсьць ня проста словамі, а прынцыпамі іх дзеяньня і непадважальнымі прыярытэтамі”.

Новае кіраўніцтва катэгарычна адмаўляе магчымасьць удзелу Партыі БНФ у любой форме дыялёгу зь цяперашнімі ўладамі да пачатку працэсу рэальных дэмакратычных зьменаў у заканадаўстве і правапрымяненьні ў Беларусі. Гэтаксама Партыя БНФ не зьбіраецца супрацоўнічаць з тымі, хто шукае падтрымкі ў Расеі і гатовы дзеля гэтага паставіць пад пагрозу эканамічную і палітычную незалежнасьць Беларусі, а таксама з тымі сіламі, чые праграмныя мэты істотна супярэчаць праграмным мэтам БНФ.

Аляксей Янукевіч заявіў, што Партыя БНФ не выходзіць са складу Аб’яднаных дэмсілаў, але істотна панізіць там сваё прадстаўніцтва — да сяброў сойму ці ўправы. “Супрацоўніцтва ў межах АДС ня будзе мець для нас надалей стратэгічнага значэньня, але тактычнае … Сёньня АДС занадта забюракратызаваныя. Мабільнасьць, якая была напачатку, страчана. А для нас ключавымі момантамі для посьпеху падаюцца мабільнасьць і дынамізм. Супрацоўніцтва магчымае, але ў такіх сфэрах, напрыклад, як сумесны ціск на ўлады дзеля зьмены выбарчага заканадаўства”. Янукевіч адзначыў, што партыя пачынае выхад з працэдуры АДС па абраньні адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Гэтае пытаньне мяркуе разгледзець сойм на першым сваім пасяджэньні. “Але на сёньняшні момант можна сказаць, што ўдзел у гэтай працэдуры і змаганьне ў сваім такім апазыцыйным гета за досыць уяўнае лідэрства для нас абсалютна нецікава. Партыя БНФ будзе вылучаць свайго кандыдата і ісьці са сваім кандыдатам на выбары. Магчыма, мы ўстрымаемся ад удзелу ў выбарах, калі ня зьменяцца гэтыя правілы. Калі правілы зьменяцца і будуць рэальныя шанцы, тады мы будзем весьці перамовы ў межах нашага нацыянальна-дэмакратычнага блёку”.

Паводле спадара Янукевіча, новае кіраўніцтва зьбіраецца вярнуць партыю з апазыцыйнай рэзэрвацыі ў грамадзтва. БНФ будзе мець свой курс і спадзяецца на далучэньне сяброў былой каманды, зь якімі праводзяцца перамовы.

3.5. НА ТЫМ БЕРАЗЕ ПАЧУЛІ й УБАЧЫЛІ.

18 верасьля лідэр “Руху за Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч распаўсюдзіў заяву, у якой прапанаваў старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу далучыцца да арганізацыі і правядзеньня Беларускага эўрапейскага форуму (www.svaboda.org/content/article/1826235.html). Мэту форуму Мілінкевіч бачыць у мабілізацыі і аб’яднаньні беларускіх праэўрапейскіх сілаў. Ён адзначыў, што ў рэгіёнах сябры БНФ актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы форуму, хаця пазыцыя старога кіраўніцтва партыі была іншай.

Мілінкевіч: “Форум у нашым разуменьні гэта месца, дзе Беларусь павінна прадэманстраваць свае эўрапейскія амбіцыі. Гэта вельмі важна і ўнутры краіны, і для нашых партнэраў за мяжой сказаць, што ёсьць Беларусь, адукаваная, маладая, энэргічная, інфармаваная. І яна бачыць для Беларусі шлях у Эўропу. Гэта больш не палітычнае мерапрыемства, а грамадзкае, інфармацыйнае. Чаму БНФ? Яна была, ёсьць і будзе асноўнай сілай сярод нацыянальна-дэмакратычных групаў насельніцтва. Таму я вельмі хацеў бы, каб мы былі разам. У нас супольныя каштоўнасьці і агульныя мэты”.

Дадаткова Мілінкевіч адзначыў, што форум ёсьць адным зь вельмі важных мерапрыемстваў у справе стварэньні нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі.

У плянах форуму няма вылучэньня патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Адносна свайго ўдзелу ў будучых выбарах Мілінкевіч сказаў: “Я гатовы, але рашэньня яшчэ не прымаў. Бо трэба ведаць, па якім законе гэта будзе адбывацца? Якая будзе сытуацыя ў краіне адносна рэпрэсій, правоў чалавека? Ці будзе насамрэч моцная нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя? Ня трэба сьпяшацца. Я ня думаю, што трэба сёньня абавязкова крыкнуць, што я ўжо іду. Трэба падрыхтавацца да гэтага”.

Янукевіч, які толькі што вярнуўся з паездкі ў Швэцыю, адказаў, што рашэньні ў гэтым пытаньні павінен прымаць партыйны сойм. Аднак ад сябе дадаў: “Пытаньне геапалітычнага выбару і пытаньне, дзе пройдзе цывілізацыйная мяжа, па ўсходняй ці заходняй мяжы Беларусі, застаецца адкрытым. І тут для нас адказ абсалютна ясны, што мы за вяртаньне Беларусі ў сям’ю эўрапейскіх народаў. Таму маё асабістае стаўленьне пазытыўнае. І я буду выступаць за тое, каб мы далучыліся да гэтага форуму. Тут абсалютна ніякіх прынцыповых праблемаў я не прадбачу. Гэта мерапрыемства нам можа быць цікава. І адпаведна мы можам далучыцца да яго падрыхтоўкі і ўдзельнічаць у ім”.

Янукевіч таксама паведаміў, што найбліжэйшым часам мяркуе сустрэцца з А.Мілінкевічам дзеля папярэдніх перамоваў у справе фармаваньня нацыянальна-дэмакратычнага блёку.

Праз два дні, 20 верасьня, Мілінкевіч заявіў пра сваю гатовасьць ісьці на выбары (www.svaboda.org/content/article/1827125.html): “Я гатовы ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, калі будзе рэальнае аб’яднаньне нацыянальна-дэмакратычных сіл” і калі будуць “іншыя ўмовы для выбараў, не такія, як у 2001 і 2006 гадах. Калі выбары будуць больш свабоднымі і сумленнымі”.

3.6. “АКСАКАЛЫ” НЕ ЗЬМІРЫЛІСЯ З ПАРАЗАЙ, заручыліся падтрымкай і пайшлі ва-банк.

Аднак, ня ўсе. Экс-намесьнік кіраўніка фронту Віктар Івашкевіч, які быў адказным за арганізацыю палітычных кампаній у Партыі БНФ, заняў, прынамсі спачатку, пазыцыю чаканьня (www.svaboda.org/content/article/1816618.html): “Новаабраны старшыня заявіў, што ён ранейшаму кіраўніцтву зробіць прапановы, ад якіх мы ня зможам адмовіцца. Я пакуль што іх не пачуў, таму цяжка пра нешта казаць. Можа, гэта адбудзецца сёньня, можа, заўтра”.

Тым часам на агульным сходзе менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ абвешчана рашэньне стварыць ініцыятыўную групу па вылучэньні экс-старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага кандыдатам на будучыя прэзыдэнцкія выбары (www.svaboda.org/content/article/1823178.html). Такім чынам, ініцыятыўная група ўтвараецца ўнутры партыі з тых яе сябраў, якія бачаць кандыдатам на наступных выбарах Баршчэўскага. Паводле самога сп-ра Лявона, Івашкевіч і Мех будуць кіраваць ягонай ініцыятыўнай групай. Ён заявіў: “Я лічу, што ў мяне найлепшыя шанцы былі б перамагчы, але ёсьць сапраўды праблема згуртаваць вакол сябе людзей. І калі гэтую першую праблему ўдасца вырашыць, то чаму не. Кампрамату на мяне ні ў кога няма, энэргіі хапае, палітычнага досьведу таксама … мяне Лукашэнка пабойваецца, добра ведаючы мае здольнасьці, прынцыповасьць і байцоўскія якасьці”.

Некалькі каментароў на апошняе паведамленьне.

Уладзь, Баранавічы

Праз 10 год бумеранг вярнуўся! Што Вы спадары “дэмакраты” робіце? Прайгралі выбары, дык майце мужнасьць і працуйце з новым кіраўніцтвам на карысьць партыі і Бацькаўшчыны. Не разбурайце партыю, бо карысьць ад гэтага толькі ворагам. Не ўпадабляйцеся сацыялдэмакратам? Што для Вас важней партыя і Беларусь ці партыйныя пасады? А мо грошы?.. Тады так і скажыце і не тлуміце галаву простым беларусам… Не сьмяшыце людзей і сьвет. Хопіць ужо цырку!!!

кінік

“Кіраўнік менскай арганізацыі БНФ Віктар Івашкевіч перакананы, што Баршчэўскі здольны перамагчы Аляксандра Лукашэнку”. У якім відзе спорту? Ветэраны БНФ, ну, проста распярэзаліся.

сяргей-пінск, Пінск

Аб Баршчэўскім як аб палітыку трэба забыць. НАЗАЎСЁДЫ! Гісторыя дае шанец толькі адзін раз: трэба было ня сядзець у Менску, а ездзіць па рэгіёнах, тлумачыць людзям сітуацыю… Рабіце пераклады – у вас гэта добра атрымліваецца !

знаўца

Шкада, што Баршчэўскага зноў схапіў Вячорка і любым коштам спрабуе ажыцявіць рэванш, каб вярнуць кантроль над сваім маленькім заводзікам, атрымліваць гранцікі, а то нават за мяжу перасталі запрашаць. Шкада, што Баршчэўскі так безадказна ідзе на раскол БНФ.

Наконт учорашнага сходу. Гэта ня быў сход Менскай гарадзкой арганізацыі, бо там было ад сілы 50 чалавек, а за Баршчэўскага прагалассавала толькі 32 чалавекі.
У вылучэньні дэлегатаў на мінулы зьезд прыняло ўдзел 180 сяброў з Менску, а ўчора запрашалі адмыслова толькі свой фан клюб, і зараз бессаромна выдаюць гэта за менскую гарадзкую арганізацыю, хоць і прысутнічала толкі 1\6 ад яе складу. Ну, сп. Вячорка разгарнецца напоўніцу ў сваёй хлусьні.

Сп. Баршчэўскі разам з Вячоркам і Івашкевічам адкрыта коляць БНФ і дапускаюць абразлівые выказваньні ў дачыненьні дэлегатаў зьезду, кіраўніцтва партыі (сябры зусім не джэнтэльмены). Нагадваю, што Міхалевіча, а да яго і Сіўчыка выключылі за меньшае. Калі б такое пасьля зьезду ў выпадку сваёй паразу зрабіў Янукевіч, а тым больш Губарэвіч ці Лабковіч, іх бы ўжо дэманстратыўна ў той жа дзень выкінулі з партыі. Шкада, што для старой гвардыі няма павагі не да сваіх аднапартыйцаў, не да закону, яны думаюць, што яны і ёсьць закон. Праўда за гэта яны ўжо паплаціліся, і паплацяцца зноў. Пыха адзін з вялікіх грахоў.

(канец цытаваньня)

Прычыну такой сьмеласьці й рашучасьці пана Лявона, якія для яго раней не былі характэрныя, мы таксама бачым у тым, што яго найверагодней “накручвае” Вячорка і, магчыма, Івашкевіч. Але, відаць, ня толькі. У сваіх адказах на пытаньні наведнікаў форуму радыё “Свабода” пра сваё жаданьне вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты Баршчэўскі выдаў некаторыя цікавыя рэчы, пра якія мы раней здагадваліся, аналізуючы папярэднія падзеі й інтэрвю, а цяпер ня мусім (www.svaboda.org/content/article/1825012.html). Баршчэўскі: “Я думаю, што калі ў нас адбудзецца асабістая сустрэча са спадаром Пазьняком [перад гэтым Пазьняк ужо пасьпеў адназначна выступіць за байкот будучых прэзідэнцкіх выбараў. – Рэд.], ён добра разьбярэцца ў маіх матывах, маіх магчымасьцях. Я разьлічваю на яго падтрымку”.

3.7. Ад аўтараў.

Атрымаўся вялікі матэрыял. Таму мы вырашылі, што абмеркаваньня падзеяў вакол БНФ, наш прагноз і рэкамендацыі мы дадзім у выглядзе наступнай часткі.

7 каментарыяў

  1. Kamikadzeangel кажа:

    Содержание блога хорошо продуманное, много интересного для себя вычитал.

  2. :GREATLITVA: кажа:

    Посмотрите, чем маскали в свободное время занимаются – это ж надо так подробно всё расписать! Там, кстати, ссылка на ваш сайт есть. Причём, под номером 1
    http://lurkmore.ru/%D0%91%D1%83%D0%BB%D1%8C%D0%B1%D0%BE%D1%81%D1%80%D0%B0%D1%87

  3. :GREATLITVA: кажа:

    Кстати, даже среди списка самых обс…емых есть блог Галины Артёменко

    Блин, ну проводит же кто-то такую работу, и не лень ему

  4. Сп:GREATLITVA, дзякуй прачытала вашу спасылку.
    Ура! Сябры, мы выходзім на самую перадавую лінію змагання. Калі столькі ўвагі местачковаму даследчыку Галіне Арцёменцы, значыць наша слова чуюць і чытаюць, значыць нашае перамагае. Хто бы мог падумаць, што нашы ручнікі, паясы, крыніцы, рэцэпты страваў на беларускай мове на маім блогу строчаць пулемётнымі чэргамі па нашых ворагах. А тое, што там нехта плявузгае абы што, мне пляваць, ды і вам таксама павінна так быць. Ён плявузгае за вялікія грошы, каб потым рабаваць беларусаў. Давайце адпор такім “настаўнікам”. Гэта – нашы ворагі!
    Жыве Беларусь!

  5. :GREATLITVA: кажа:

    Жыве ВКЛ!

  6. Siarhiej кажа:

    Паглядзеў спасылку GREATLITVA. Уражвае. Маскалі вялікія вытворцы гною!

  7. Андрэй кажа:

    Вось спасылка, варта прачытаць, асабліва каментары – http://bchd.info/index.php?newsid=689

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы