Рэдакцыя
Апошнія пару гадоў нашы РБ-шныя ўлады-цяперцы робяць столькі злачынстваў супраць беларусаў, што мы патанулі ў шматлікасьці фактаў і з-за гэтага даўно не абнаўлялі матэрыялы нашай рубрыкі “Фіксуем варварства ўладаў”. Але бываюць выпадкі, калі мы абавязаны назваць усё сваімі імёнамі. На гэты раз гаворка пойдзе пра ўчынкі двух людзей, фота якіх вы бачыне зьлева. На першым фота – кіраўніца ўпраўленьня адукацыі Менаблвыканкаму Таіса Данілевіч, на другім – генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч.
А гісторыя з удзелам гэтых людзей адбылася такая (распавядаем для тых, хто яе прапусьціў).
У сярэдзіне студзеня г.г. у абласное ўпраўленьне адукацыі Менскай вобласьці выклікалі ўсіх настаўнікаў з гэтай вобласьці, якія зьяўляюцца сябрамі зарэгістраваных у Міністэрстве юстыцыі партый, і папярэдзілі, што ім належыць выбраць: праца альбо сяброўства ў партыях (www.svaboda.org/content/article/1930775).
Настаўнікі апавялі, што былі шакаваныя паводзінамі кіраўніцы ўпраўленьня Таісы Данілевіч, якая пагражала ім цяжкімі наступствамі. У яе кабінэт кіраўнік мясцовага аддзелу адукацыі заходзіў са сваім настаўнікам, які «праштрафіўся». Іншыя чакалі сваёй чаргі ў прыёмнай (некаторыя да 4 гадзін) і чулі ўсё, што адбывалася ў кабінэце.
Распавядае настаўніца гісторыі з Талькі Натальля Ільініч, якая зьяўляецца сябрам партыі БНФ: «Я такога ніколі ня чула ў сваім жыцьці. На мяне так ніколі ніхто не крычаў… Начальніца, тры яе намесьнікі і яшчэ сакратар. Іх пяць чалавек. Трэба напісаць заяву аб выхадзе з партыі БНФ, а ў іншым выпадку — заяву аб звальненьні са школы. Казалі: “Вы ж у партыі БНФ. Яна ж апазыцыйная. Вы ў апазыцыі да прэзыдэнта, дзяржавы. Таму вы ня можаце працаваць у дзяржаўнай школе“. Я пачала казаць, што партыя зарэгістраваная, але яны сказалі: “Не сьмяшыце мяне! Дэмакратыя! Канстытуцыя!“ Гэта калі казала, што згодна з Канстытуцыяй усе людзі могуць быць у партыях».
Спадарыня Ільініч прыгадала размову ў кабінэце загадчыцы з маладой настаўніцай зь Любані, якая зьяўляецца сябрам АГП: «Крычала, каб яна не пасьмела балятавацца на выбарах. Крычала: «Ты будзеш бегчы бягом са сваім мужам зь Любані да свайго Ўрэчча! Я табе набалятуюся! Ты паставіш крыж на сабе і на працы ў сыстэме адукацыі!»
Я правяла там больш за тры з паловай гадзіны. Гэта нешта неверагоднае! Гэта тэатар абсурду! Побач са мной быў нейкі мужчына зь Нясьвіжа, настаўнік фізкультуры. Ён з КХП БНФ. Яна крычала, што наша дзяржава праводзіць вельмі добрую палітыку ў дачыненьні да дзяцей, маўляў, вунь колькі ў нас дзіцячых дамоў. «А што ваша партыя зрабіла? Што БНФ зрабіла?!» Я кажу: «Што ж яна зробіць, калі не ва ўладзе?»
Натальля Ільініч кажа, што ўсе настаўнікі былі вельмі ўражаныя.
«Там на паліцы стаялі чатыры кніжкі. Усе яны называліся ”Правы чалавека“. Я спытала: “
Усім настаўнікам, якія зьяўляюцца сябрамі БНФ, АГП ды іншых зарэгістраваных партый, загадалі да панядзелка напісаць заявы — ці з партыі, ці з працы.
Натальля Ільініч казала, што спачатку ад дырэктаркі школы ў Тальцы патрабавалі, каб яна звольніла «апазыцыйную» настаўніцу, але тая адмовілася. Тады яе выклікалі ў абласное ўпраўленьне разам з кіраўніцай аддзелу мясцовага РАНА. Тая пасьля выхаду з кабінэта сп.Данілевіч выглядала зьбянтэжанай. Яна ціхім голасам сказала, што ня можа даць ніякага камэнтара.
«Хочуць рукамі дырэктараў зрабіць гэтую брудную працу. У мяне такое адчуваньне, што гэта зусім не законна».
Натальля Ільініч паведаміла, што шмат гадоў зьяўляецца сябрам БНФ і ёй будзе сорамна глядзець у вочы сваёй дачцэ, калі яна падасьць заяву аб выхадзе з партыі. Але яна кажа, што яшчэ ёсьць час, каб параіцца.
Гэты выпадак пазьней вымушаны быў каментаваць Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч. Што ж сказаў адказны назіральнік за выкананьнем Канстытуцыі й законаў РБ?
А ён адказаў (www.svaboda.org/content/article/1934552), што настаўнікі, як дарослыя людзі… маюць права самі выбіраць – быць сябрам партыі, ці – не.
Некаторыя каметары на падзею былі такімі:
Язэп Палубятка, Масты
Выказванне Васілевіча – сведчанне рэальнай “дэмакратыі і законнасці” ў Беларусі. Гэта проста плявузганне чыноўніка вышэйшага рангу. Мая маці ў такіх выпадках казала па-вясковаму дасціпна: такога і свінні не ядуць.
Kajian, Рудзенск
Шаноўны, Генеральны пракурор РБ, – а можа пара i прыняць меры
пракурорскага ўздзеяння на парушальнiкау Канстытуцыi РБ…, хто
альбо што гэта ВАМ не дазваляе? Закон “Аб пракуратуры РБ” 2007г.
дае вам усе правы, толькi карыстайцеся.
Ад рэдакцыі:
Дзіўна, але ніхто не зьвярнуў увагу на зьмест падзеі, ён такі: ідзе падрыхтоўка да чарговай фальсіфікацыі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У фальсіфікацыйным механізьме ключавую ролю адыгрываюць настаўнікі, бо ў асноўным зь іх складаюцца выбарчыя камісіі. З адміністрацыі Лу-кі далі загад цалкам ачысьціць настаўніцтва ад патрыятычных беларускіх людзей – з “прафілактычнымі мэтамі, каб не было ніякіх праблем”…
Іншы асьпект падзеі – відавочнае парушэньне таго, што на Захадзе любяць называць “правамі чалавека”.
Тут у нас ёсьць адна парада.
Астроўскі ў свой час выбіў зь некаторых прадстаўнікоў замежных дыпламатычных місій заявы, што яны так ужо клапоцяцца пра правы ўсіх людзей, ужо так клапоцяцца, што ні пра што ўвогуле так не клапоцяцца, як пра правы “канкрэтных людзей” (гл. тут: www.svaboda.org/discussion/1/111789 (калі не адкрыецца, гл. тут: nashaziamlia.org/2009/12/21/2848/) і тут: www.svaboda.org/discussion/1/119402).
У сувязі з гэтым настаўнікам разам зь кіраўнікамі адпаведных апазіцыйных партый варта зьвярнуцца да заходніх дыпламатаў, каб яны ўвязалі паўсталыя праблемы канкрэтных настаўнікаў зь нечым, што вельмі патрэбна ўладам РБ ад Захаду.
“Захад” адмовіць у дапамозе настаўнікам, ну, ніяк ня зможа.