nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Вяртаньне ў савок – вынік пуцінскага 10-годдзя”

18 лютага, 2010 | Няма каментараў

Інтэрвю Барыса Стругацкага “Новай газеце”. Ітэрвюэр – Барыс Вішнеўскі (узята з leicacit.livejournal.com/165809)

d0a1d182d180d183d0b3d0b0d186d0bad196– Барыс Натанавіч, 2009 год скончыўся цэлай серыяй катастроф: аварыя на Саяна-Шушанскай ГЭС, «Неўскі экспрэс», пажар у Пермі … Выпадковасьць? Або пачаў развальвацца міф аб «пуцінскім дабрабыце» і «пуцінскім цудзе»?
– Ідзе даўно ўжо прадказаная серыя тэхнагенных катастроф – вынік безнадзейнай зношанасьці «матчасткі», чыніць якую нецікава і нявыгадна нікому. «Дзяржава заплаціць». Выродлівае спараджэньне пераходу ад сьпелага сацыялізму да «чырвонага» капіталізму: уласнасьць, пенкі зь якой здымае начальнік (ня ўласьнік, а менавіта начальнік – прызначаны бюракрат), а страты пакрывае дзяржава (іншы бюракрат) [падмена: старты пакрывае… народ! – Рэд.].

 

– Тады ці быў «цуд»? І як можна ацаніць вынікі «пуцінскага дзесяцігоддзя»?
– Было толькі адно: паварот ад дэмакратычнай рэвалюцыі 1990-х да «стабільнасьці й раўнавагі» нулявых. Фактычна – адмова ад курсу палітычных і эканамічных рэформаў на карысьць курсу на дзяржаўнасьць і застой. Вынікам «пуцінскага дзесяцігоддзя» і ёсьць вяртаньне да стабільнасьці ды застою брэжнеўскага тыпу. Па сутнасьці – вяртаньне ў савок.

– Праваабаронцы спрабуюць заклікаць да дзяржаўнага асуджэньня сталінскіх злачынстваў, але беспасьпяхова: кіраўнікі дзяржавы адвязваюцца агульнымі фразамі, і ў гэты ж час адзначаюць 130-годдзе Сталіна дый у падручніках гісторыі працягваюць распавядаць пра «эфектыўнага мэнэджэра». Чаму так адбываецца?
– Таму што сталінскі рэжым гэта ў рэшце апафеоз стабільнасьці й раўнавагі! «Стабільнасьць, кіраваная пятлёй на шыі». У яе ёсьць пэўныя “недахопы” (бюракратыя ня можа лічыць сябе ў бясьпецы), але гэтыя “недахопы”, як паказвае досьвед, пасьпяхова выпраўляюцца: гл. рэжым застою імя Л.І. Брэжнева – абсалютны і нязлосны самадзержац на чале натоўпу ўсемагутных баяраў. Да гэтага й ідзем.

– Ветэраны вайны – гэта героі ці ня вартыя сімпатыі абаронцы сталінскага рэжыму? А генерал Уласаў – здраднік ці змагар зь «бязбожным бальшавізмам»?
– Памяць пра Вялікую Айчынную стала сьвятыняй. Не існуе больш ні паняцьця «праўда пра вайну», ні паняцьця аб «скажэньні гістарычнай ісьціны». Ёсьць толькі паняцьце «абра́за сьвятыні». І такое ж стаўленьне імкнуцца стварыць да ўсёй гісторыі савецкага перыяду. Гэта ўжо не гісторыя, гэта па сутнасьці, рэлігія. З пункту гледжаньня верніка, з пункту гледжаньня царквы, не бывае скажэньня «праўды Бібліі» – бывае замах на сьвятасьць, абраза веры, ерась. Біблія Вайны напісана, і апокрыф пра здрадніка-генерала Ўласава ў яе занесены. Усё. Сякерай ня вырубіш. Але з пункту гледжаньня «атэіста» няма тут і ня можа быць ні прастаты, ні адназначнасьці. І генерал Уласаў – складаная зьява гісторыі, не прасьцей Язэпа Флавія ці Аляксандра Неўскага; і ветэраны – цалкам асаблівая сацыяльная група, члены якой, як правіла, розныя паміж сабою ў значна большай ступені, чым падобныя.

– Многія праваабаронцы заклікаюць да адмены 282-га артыкула КК РФ – аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці й нянавісьці, таму што па ёй прыцягваюць ня столькі фашыстаў, колькі апазіцыянераў (вінавацячы іх у «распальваньні нянавісьці» да такіх «сацыяльных груп», як міліцыянты, чыноўнікі або супрацоўнікі ФСБ). Ваша меркаваньне?
– Сьмешна разьлічваць на разумнасьць і высакароднасць Крымінальнага кодэксу аўтарытарнай краіны! Праваабаронцы асуджаныя змагацца з пачварнымі скажэньнямі сэнсу і духу цалкам разумных артыкулаў. Антыфашысты ў нас з лёгкасьцю становяцца распальнікамі міжнацыянальнай нянавісьці: крытыкі парушэньняў Канстытуцыі – «экстрэмістамі, якія выступаюць супраць грамадска-палітычнага ладу». Бюракратыя бароніць сябе [! – Рэд.]. Бюракратыя не пацерпіць ніякага іншадумства і ніякага парушэньня стабільнасьці. Тым больш, што і шырокім народным масам гэта таксама не падабаецца.

– Ёсьць і такі пункт гледжаньня, што ўвогуле нельга перасьледаваць нікога па суду за выказваньне любых ідэй, нават фашысцкіх або расісцкіх: маўляў, са словам трэба змагацца толькі словам, а не дзяржаўным гвалтам. Але хіба ў грамадстве павінна быць дазволена беспакарана прапаведаваць фашысцкія ідэі?
– Гэта надзвычай складанае і тонкае пытаньне. Калі б гаворка ішла пра іншадумства ў навуцы, ніякія пытаньні не ўзнікалі б: свабода думкі, свабода фармулёвак абмежаваныя тут толькі логікай і даказанымі фактамі. Але калі мы набліжаемся да сьферы ідэалогіі, філасофіі, сацыялогіі, на нас «з-за вугла» абрынаецца славуты прынцып «ідэя, якая авалодала масамі, становіцца матэрыяльнай сілай» – і тады сьцеражыся! І ўсё-такі … і ўсё-такі … ідэе можа і павінна супрацьстаяць толькі ідэя [гэта ня так; злачынныя ідэі існуюць й за іх павінна быць пакараньне; але пытаньне ў іншым: па-першае, выгадныя для сябе ідэі ўлада паўсюль прасоўвае і навязвае, а сваіх апанентаў ні ў якія СМІ не прапускае, таму сітуацыі “слова супраць слова, ідэя супраць ідэі” ў многіх выпадках рэальна не існуе ; па-другое, часта ўлады, паколькі самі злачынныя, караюць не за злачынныя ідэі, а за тыя, якія якраз наадварот пакліканы змагацца са злачынствам! Тут корань пытаньня. – Рэд.]. Злачынна паліць на вогнішчах носьбітаў ідэй – будзь то кнігі або прарокі. Бо мярзота ня ў словах, і ня ў думках, і не ў лозунгах – мярзота заўсёды ў клыках, кулаках і бейсбольных бітах [і ўсё ж, мярзота ў тым ліку і ў думках, і словах… – Рэд.]. За «нацызм ў галаве» недапушчальна караць, як нельга караць за план рабаваньня банка. Гэты фундаментальны прынцып правасуддзя – «караецца злачынства, а не намер» – немагчыма абгрунтаваць лагічна, але мы вымушаныя яго прыняць, бо занадта ўжо лёгка ён даводзіцца да абсурду [вось і мы пра тое ж. – Рэд.]. І мы прыходзім да высновы, што адзінай зброяй супраць слова павінна быць слова, супраць ідэі – ідэя, супраць кнігі – кніга. Занадта ўжо лёгка ў адваротным выпадку скаціцца ад дыспуту да крывавай бойні. Тым больш, што да крывавай бойні імкнуцца звычайна скаціцца ня тыя, хто перамагаў у дыспуце, а прайгралыя.

– Мінула амаль паўтара гады пасьля расейска-грузінскай вайны. Як вы ацэньваеце яе наступствы?
– Гэта была наша першая, здаецца, дэманстрацыя сілы, прыкладзеная да фундаментальных праблем найноўшай зьнешняй палітыкі. І дэманстрацыя гатоўнасьці цяперашняй уладнай эліты ісьці наколькі заўгодна далёка ў імкненьні ўтрымаць у сьферы расійскага ўплыву былыя брацкія рэспублікі, якія “бунтуюць”. Цяпер ясна, што кіруючая расейская эліта ніколі ўжо не адпусьціць на волю ні Грузію, ні Украіну (ні Беларусь, дарэчы) і ніколі не дапусьціць сыходу гэтых былых «брацкіх краін» у сьферу ўплыву Захаду. Вайна прадэманстравала, наколькі далёка мы гатовыя пайсьці ў гэтым пытаньні. Вельмі далёка. Небясьпечна далёка. Непрыстойна далёка для краіны, якая па інэрцыі ўсё яшчэ абвяшчае старыя добрыя лозунгі: «Сьвету – мір!», «Не» – вайне! » і г.д. І цяпер відавочна, што ёсьць усяго толькі адзіная прычына, якая не дазваляе Расеі ўключыць сябе ў лік безумоўна агрэсіўных дзяржаў – дрэнны стан арміі.

– Пасьля скандальных заяваў маёра Дымоўскуага і яго пасьлядоўнікаў здавалася, што перамены ў міліцэйскай сьферы непазьбежныя. Але пара, падобна, сышла ў сьвісток, і, хутчэй за ўсё, усё абыдзецца дробнымі пераменамі. Што рабіць з міліцыяй, якую грамадзяне баяцца больш, чым злачынцаў?
Што рабіць з уладай бюракратыі ўвогуле? Вось пытаньне!  [і мы ўвесь час пішам пра расейскую імперыякратыю, на яе ўвесь час зьвяртаем увагу нашых чытачоў. – Рэд.] Мы ўсе, на чале з самым высокім начальствам, хацелі раўнавагі й стабільнасьці. Мы іх атрымалі, – коштам стварэньня класу ўсемагутнай бюракратыі, якой наогул нічога ня трэба, акрамя самой раўнавагі й стабільнасьці. Разьвіцьцё, прагрэс, рух – гэта заўсёды парушэньне раўнавагі й стабільнасьці, заўсёды – рызыка, заўсёды некіруемая няроўнасць. Бюракратыя пільна сочыць, каб нічога гэтага не было, каб кожны сьвярчок ведаў свой шасток, каб адкат ішоў за аткатам, а прагрэс … ды гары ён агнём гэты прагрэс, каму ён патрэбны?! Гэта і ёсьць класічная сітуацыя застою: стабільнасьць – усё, прагрэс – нішто. І ў гэтай сітуацыі разгон чаго б там ні было (акрамя пікету з плакатамі) немагчымы. Бюракратыя ніколі ня будзе разганяць сама сябе – парушаць асноватворны прынцып раўнавагі й стабільнасьці.

– Ці можа Дзьмітры Мядзьведзеў стаць самастойнай фігурай? Або так і застанецца ў ценю Уладзіміра Пуціна? І ці варта шукаць прыкметы разыходжаньняў паміж імі?
– Так мы з вамі вырашым ці інакш, але «прыкметы разыходжаньня» шукаць ўсё роўна будзем. Было б дзіўным і супрацьнатуральным іх не шукаць. Бо такое разыходжаньне цяпер – адзіная «кропка сінгулярнасьці» ў акаляючым нас акіяне стабільнасьці, і менавіта ў гэтай кропцы, здавалася б, павінны мы выявіць першыя прыкметы распаду застою. «Дзе тонка, там і рвется …» Але, трэба думаць, не адныя мы гэта разумеем, а значыць, належныя меры кіруючай элітай будуць прынятыя.

– Вы верыце ў мадэрнізацыю, пра якую кажа прэзідэнт? Ці гэта такі ж лозунг, як савецкая «інтэнсіфікацыя»? І якая мадэрнізацыя нам на самой справе патрэбна?
– Баюся, гэта толькі словы. Мадэрнізаваць трэба палітычнае жыцьцё, бяз гэтага ніякая мадэрнізацыя эканомікі й навукі немагчымая (хіба што мілітарызацыя, якая ня ёсьць выхад з тупіку, а якраз паглыбленьне ў яго). Мадэрнізацыя ж палітычнага жыцьця азначае бойку паміж элітамі («дзяржаўнікамі» й «лібераламі», «аськетамі» й «геданістамі», «антызаходнікамі» й «празаходнікамі»). Да гэтай бойкі ніводная з эліт не гатовая, рызыка занадта вялікая, можна разбурыць краіну і страціць усе. Таму і мадэрнізацыі ніякай не адбудзецца, а наступіць адно толькі «стрымліваньне і зьліцьцё» павольнае гніеньне бяз рэзкіх рухаў аж да чарговага крызісу. А практычна – да зьяўленьня альбо новага Гарбачова, альбо Сталіна.

– Чым больш несумленнымі становяцца выбары – тым менш актыўных грамадзян на іх ходзіць і тым лягчэй фальсіфікаваць іх вынікі й рабіць выбары яшчэ больш несумленнымі, а ўлада – яшчэ менш зьяўляецца адлюстраваньнем волi грамадзян. І яшчэ: за апазыцыю не галасуюць таму, што яна ня можа ні на што ўплываць і вырашаць праблемы грамадзян, а ўплываць і вырашаць праблемы яна ня можа таму, што за яе не галасуюць… Як разарваць гэтае заганнае кола?
– «Ты гэтага хацеў, Жорж Дандэн …» Мы хацелі спакою – мы яго атрымалі. Цяпер гэта надоўга. Напрыклад, да чарговага катастрафічнага падзеньня ўзроўню цэнаў на нафту. Або да абвастрэньня фінансавага крызісу. Ці, барані, Божа, да няўдалай ваеннай экспедыцыі ў Іксландыю… Патрэбны выбух інфляцыі. Нашэсьце дэфіцыту. Дэфолт Зьбербанка… (Мітынгаў ды страйку не прапаноўваць – яны неэфектыўныя). Вось тады і павеюць у нас знаёмыя вятры пераменаў, стабільнасьць стане раптам ўпоперак горла, і мы гаркнем (як у Салтыкова-Шчадрына): «Сьмярдзiць! Шабаш! “

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы