“The Wall Street Journal”, США (перакладзена з http://kprf.ru/opponents/74654.html)
Год таму здавалася, што вялізныя даўгі Алега Дзерыпаскі робяць яго самай верагоднай ахвярай крызісу з усіх расейскіх магнатаў. Аднак аказалася, што, дзякуючы фінансавай дапамозе Крамля і паслабленьням з боку замежных крэдытораў, у яго, відаць, атрымаецца захаваць большую частку сваёй вялізнай імперыі.
Месяц таму пан Дзерыпаска дамовіўся аб адтэрміноўцы выплаты зьнешніх пазык на суму ў 7,4 мільярды даляраў. На гэтым тыдні ён заявіў аб маючым адбыцца першапачатковым разьмяшчэньні на біржы акцый свайго асноўнага актыву – алюмініевага гіганта «Русал».
Аб сваім намеры набыць частку акцый ужо заявіў адзін з ключавых гульцоў – дзяржаўны банк, назіральную раду якога ўзначальвае… Уладзімір Пуцін.
Прыклад пана Дзерыпаскі дэманструе дзіўныя адносіны сімбіёзу, якія існуюць паміж расейскімі алігархамі й лідэрам краіны – прэм’ер-міністрам Пуціным, які некалі пагражаў знішчыць іх як «клас». Гэты ж прыклад таксама тлумачыць, як пуцінскі рэжым, які трымаецца на нафце, здолеў перажыць фінансавы і эканамічны крызіс, якія пагражаў самім яго падвалінам.
Калі ў 2008 годзе грымнуў крызіс, расейская дзелавая эліта спалохалася, што Крэмль скарыстаецца зь цяжкасьцяў, зь якімі сутыкнуліся абцяжараныя даўгамі магнаты, і захопіць іх асноўныя актывы. Крызіс, як выказаўся адзін з алігархаў, мог пацягнуць за сабой «маштабнае пераразьмеркаваньне актываў». Замест гэтага ў той час, як на Захадзе ўрады, ратуючы прадпрыемствы, часам выціскалі акцыянераў, улады Расеі ў асноўным да гэтага моманту імкнуліся абараніць інтарэсы кантралюючых значную частку расейскай прамысловасьці мільярдэраў.
Па словах кансультантаў ураду, было вырашана, што хваля банкруцтваў і нацыяналізацый, якую многія чакалі, занадта небясьпечная і можа дэстабілізаваць абстаноўку. Падтрымаўшы на плаву лаяльных алігархаў, улада абмежавала звальненьні, зьменшыўшы тым самым палітычныя наступствы фінансавага крызісу. Алігархі ж у падзяку пагадзіліся час ад часу гуляць на дзяржаўным тэлебачаньні ролю хлопчыкаў для біцьця. Як сьцьвярджае крыніца, блізкая да «Русалу», пану Пуціну, «каб утрымацца ва ўладзе, трэба, каб алігархаў было шмат».
Такім чынам, нягледзячы на ўсе свае спробы стварыць дзяржкарпарацыі й усю сваю жорсткую рыторыку, скіраваную супраць магнатаў, пан Пуцін у выніку ўсё роўна пакінуў за імі кіраваньне большасьцю атрыманых у спадчыну Расеяй ад Савецкага Саюза прамысловых комплексаў.
Яшчэ да крызісу гульцы, якія найбольш дынамічна развіваліся, такія як пан Дзерыпаска, ператварыліся ў агентаў расейскай эканамічнай экспансіі, якія паглыналі замежныя актывы. Магнаты забясьпечваюць работу капіталістычных механізмаў, якія падтрымліваюць кантраляваную Крамлём пуцінскую сістэму.
У якіх канкрэтна адносінах з Крамлём знаходзіцца пан Дзерыпаска, застаецца загадкай. Абодва бакі сьцьвярджаюць, што гаворка ідзе выключна аб бізнэсе. Аднак, па зьвестках з блізкіх да алігарха крыніц, у яго ў Крамлі добрыя сувязі й, у прыватнасьці, ёсьць прамы выхад на пана Пуціна ды іншых прадстаўнікоў кіруючай вярхушкі.
Калі пан Пуцін і прэзідэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў адпраўляюцца за мяжу, пана Дзерыпаску часта ўключаюць у склад дэлегацыі. Акрамя таго, 42-гадовы мільярдэр укладвае шмат сродкаў у крамлёўскія праекты, такія як Зімовая Алімпіяда 2014 года ў Сочы. Таксама дадатковыя ачкі яму прыносяць спробы выратаваць такіх савецкіх дыназаўраў, як аўтазавод «ГАЗ» або самалётабудаўнічыя заводы.
Як й іншыя алігархі, якія захавалі сваё становішча, ён старанна пазьбягае ўсялякай незалежнай палітычнай актыўнасьці [чакае свайго часу; а пакуль за яго ўсё робіць Пуцін. -Рэд.]. Расейскія афіцыйныя асобы, у тым ліку сам пан Пуцін, ужо шмат гадоў дамагаюцца ад ЗША зьняцця забароны на выдачу пану Дзерыпаску амерыканскай візы. Летась, дзейнічаючы праз Федэральнае бюро рассьледаваньняў, яны змаглі дамагчыся для яго адмысловага дазволу, аднак у астатнім іх спробы застаюцца беспасьпяховымі, і амерыканскія чыноўнікі па–ранейшаму працягваюць падазраваць пана Дзерыпаску ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю. Як вынікае з дакументаў, якія падаў «Русал» падчас працэдуры IPO, Канада таксама двойчы адмаўляла пану Дзерыпаску ў візах, спасылаючыся на закон аб «мяркуемай датычнасьці да злачынстваў». Сам алігарх сьцьвярджае, што ні ў чым падобным не вінаваты. Ніякіх абвінавачаньняў яму ніколі прад’яўлена не было.
У сваіх паказаньнях на праходзячым у Лондане судовым працэсе пан Дзерыпаска заявіў, што ў 1990-я гады яго тагачасныя кампаньёны прымушалі яго плаціць ім сотні мільёнаў даляраў за «абарону» яго алюмініевага бізнэсу. Зрэшты, іншыя сьведкі сьцьвярджаюць, што пан Дзерыпаска працягваў захоўваць сяброўскія стасункі зь людзьмі, якія, па яго словах, вымагалі ў яго грошы. У суд на алігарха падаў адзін зь яго былых кампаньёнаў Міхаіл Чарны, па версіі якога пан Дзерыпаска быў яго партнёрам і павінен перадаць яму 13 працэнтаў [акцый] «Русала»; пан Дзерыпаска з гэтым ня згодны.
У хаосе, які адбыўся пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе, алюмініевая галіна аказалася адной з самых прыбытковых, і да канца 90-х гадоў пан Дзерыпаска кантраляваў яе значную частку. На той момант, як пан Пуцін зьмяніў у 2000 годзе Барыса Ельцына на пасадзе прэзідэнта, алігарх пачаў дыверсіфікаваць свае актывы, заняўшыся, у тым ліку, аўтамабіле- і самалётабудаваньнем, будаўніцтвам і фінансавымі аперацыямі. У 2001 годзе ён узяў шлюб з Палінай Юмашавай, бацька якой пры Барысе Ельцыне быў высокапастаўленым крамлёўскім чыноўнікам. Па словах Дзерыпаскі, ён ніколі ня меў са свайго шлюбу ні палітычных, ні эканамічных дывідэндаў.
Пан Дзерыпаска выкупіў долі сваіх партнёраў па «Русалу», які, дзякуючы нізкім падаткам і росту цэнаў на металы, стаў вельмі прыбытковым прадпрыемствам. Ён таксама актыўна займаў сродкі ў замежных банкаў, і хутка даўгі яго імперыі дасягнулі амаль 30 мільярдаў даляраў [ведаў, што даўгоў яму баяцца ня варта… – Рэд.].
Аднак актывы, пад заклад якіх ён (як й іншыя алігархі) браў крэдыты, абясцэніў фінансавы крызіс. Гэта прымусіла крэдытораў патрабаваць вялізных дадатковых залогаў, якія расейскія магнаты не маглі даць.
У выніку да крэдытораў перайшлі набытыя раней панам Дзерыпаскам 20% акцый канадскага вытворцы аўтакамплектуючых Magna International Inc. Узьнікла і пагроза таго, што «Русал» можа пазбавіцца таксама 25% акцый ААТ «Нарыльскі нікель», якія ён купіў на піку кошту. Замежныя банкі, якія некалі давалі яму крэдыты, рэзка ўзмацнілі жорсткасьць сваёй пазіцыі. Як кажуць у банкаўскіх колах, многія зь іх самі атрымлівалі на радзіме дапамогу ад дзяржавы, і таму проста не асьмельваліся залішне спрыяць кліентам за мяжой.
Тым часам у Брытаніі пан Дзерыпаска апынуўся ў цэнтры скандалу, выкліканага чуткамі аб тым, што палітыкі з Кансерватыўнай партыі, якiя наведвалi яго яхту, калі тая знаходзілася у берагоў Корфу, прасілі яго аб ахвяраваньнях. Абодва бакі гэта адмаўляюць.
Цяжар даўгоў прымусіў алігархаў зьвярнуцца да Крамля за дапамогай, і чыноўнікі, асьцерагаючыся, што стратэгічныя актывы могуць трапіць у рукі замежных банкаў, прыслухаліся да іх просьбаў. За некалькі дзён да апошняга тэрміну выплаты даўгоў «Зьнешэканомбанк» («ЗЭБ») – расейскі дзяржаўны банк, назіральную раду якога ўзначальвае пан Пуцін – вырашыў пазычыць «Русалу» 4,5 мільярда даляраў, каб той змог расплаціцца з замежнымі крэдыторамі. «ЗЭБ» таксама даў крэдыты і некаторым іншым алігархам.
Лідары дзелавой супольнасьці спачатку баяліся, што падобныя крокі могуць прывесьці да схаванай нацыяналізацыі. Крэдыты былі прадастаўлены ўсяго на адзін год, таму існавала боязь, што ў выпадку, калі грошы ня будуць вернутыя ў тэрмін, банк заявіць правы на прадастаўленыя у забеспячэньне актывы. Гэта прымусіла пана Дзерыпаску сьпешна замірыцца зь яшчэ адным алігархам, зь якім ён змагаўся за кантроль над «Нарыльскім нікелем». Як паведамляюць дасьведчаныя крыніцы, гэта было зроблена для таго, каб перашкодзіць ўраду выкарыстоўваць канфлікт паміж імі як падставу для захопу нікелевай кампаніі.
Цэны на металы, між тым, працягвалі падаць, і гэта, здавалася, рабіла персьпектыву пераходу імперыі Дзерыпаскі у рукі крэдытораў цалкам рэальнай. Адзін зь яго набліжаных успамінае, што ён нават раіў свайму патрону «аддаць усё дзяржаве, і года на тры заняцца ёгай». Замест гэтага пан Дзерыпаска пачаў нястомна працаваць над выратаваньнем свайго бізнесу. Ён вярнуўся на пасаду кіраўніка «Русала», зь якой сышоў за некалькі гадоў да гэтага, і заўзята пачаў скарачаць выдаткі. Усе прапановы аб продажы актываў за бясцэнак ён адкідаў.
У студзені Дзерыпаска і яшчэ некалькі пацярпелых ад крызісу алігархаў, прапанавалі зьліць свае холдынгі разам і стварыць гіганцкую металургічную карпарацыю, частка акцыяў якой будзе належаць дзяржаве. Зрэшты, Крэмль не праявіў да гэтай ідэі цікавасьці. Па словах яго прадстаўнікоў, улады палічылі, што валоданьне мінарытарным пакетам прынясе мала выгады, а поўнамаштабная нацыяналізацыя паставіць пад пагрозу крохкую палітычную раўнавагу паміж рознымі дзелавымі кланамі, зьвязанымі з Крамлём.
“Ніхто ні ў каго нічога не забірае”, – заявіў пазьней у адным са сваіх інтэрвю ўплывовы віцэ-прэм’ер Ігар Сечын, вядомы як прыхільнік узмацненьня дзяржаўнага кантролю. «Пан Дзерыпаска, – дадаў Сечын з усьмешкай, – чалавек вельмі здольны, разумны і адукаваны. І ў сьвеце яго добра ведаюць. Так што, няхай працуе».
У выніку ўрад нават ўключыў шэраг кампаній пана Дзерыпаскі, у тым ліку «ГАЗ», у сьпіс прадпрыемстваў, якім будзе прадастаўляцца дзяржаўная дапамога. Хаця расейскія ўлады заявілі, што яны не спрабавалі выратаваць бізнес алігархаў, на думку эксьпертаў, менавіта гэта, па сутнасьці, і адбывалася. Між тым, пан Дзерыпаска таксама адмаўляе, што дзяржава ратавала яго бізнес.
Для ўраду ключавым пытаньнем было захаваньне працоўных месцаў. Беспрацоўе расло, і чыноўнікі асьцерагаліся выбуху грамадскай незадаволенасьці. Вясной дзяржаўнае тэлебачаньне рэгулярна здымала сюжэты пра сумную долю звольненых або сідзячых без зарплаты рабочых з «монагарадоў», падкрэсьліваючы няздольнасьць ўладальнікаў заводаў паклапаціцца пра сваіх работнікаў.
У Пікалёва, маленькім гарадку недалёка ад Санкт-Пецярбурга, рабочыя ў знак пратэсту супраць звальненьняў і адключэньня гарачай вады, якая пастаўлялася заводам, перакрылі трасу. Пан Дзерыпаска быў толькі адным з трох уладальнікаў пікалёўскіх заводаў, аднак дзяржаўныя тэлеканалы ўсклалі большую частку віны за тое, што адбываецца, менавіта на яго.
У пачатку чэрвеня пан Пуцін нанес ў гарадок «нечаканы» візіт. Тэлебачанне паказала, як Дзерыпаска, нібы пакараны школьнік, слухае прэм’ер-міністра, які загадвае яму падпісаць дамову аб адкрыцьці завода, а затым патрабуе вярнуць асадку.
Настойваючы на аднаўленьні работы заводаў, пан Пуцін нават заявіў яму ды іншым алігархам: «Калі вы ня здолееце дамовіцца паміж сабой, то гэта будзе зроблена бяз вас». Журналісты пасьля такіх слоў загаварылі аб надыходзячым канцы кар’еры пана Дзерыпаскі.
Аднак тэлебачаньне не паказала, як урад узнагародзіў Дзерыпаску за тое, што ён адыграў у папулісцкім сьпектаклі пана Пуціна ролю ахвярнага казла. На тым жа тыдні Крэмль прынцыпова пагадзіўся падоўжыць на год тэрмін вяртаньня 4,5 мільярда даляраў, атрыманых «Русалам» ў якасьці крэдыту. Неўзабаве ўлады дадаткова выдзелілі субсідыю ў 600 мільёнаў даляраў на рэструктурызацыю «ГАЗа».
Даткова, дзейнічаючы за сцэнай, пан Пуцін паспрабаваў пралабіяваць выгадную для належачага алігарху завода “ГАЗ” зьделку па набыцьці канадскай Magna – пры падтрымцы расейцаў – у General Motors яе даччынай кампаніі Opel.
Пазней пан Дзерыпаска назваў тое, што здарылася ў Пікалёва, простым непаразуменьнем.
У ходзе перамоваў з замежнымі крэдыторамі пан Дзерыпаска паводзіў сябе ўпэўнена, адмаўляючыся ісьці на саступкі ў пытаньні аб рэструктурызацыі пазыкаў. У канцы ліпеня банкі [замежныя] далі прынцыповую згоду даць «Русалу» яшчэ чатыры дадатковых года на выплату яго гіганцкай запазычанасьці.
«Чым грамчэй хавалі, тым лягчэй нам было дамаўляцца з крэдыторамі», – заўважыў Дзерыпаска ў верасьні ў інтэрвю адной з расейскіх газет.
За прыкладам замежных крэдытораў пайшоў і расейскі дзяржаўны банк «ЗЭБ», назіральную раду якога ўзначальвае пан Пуцін. У кастрычніку ён афіцыйна падоўжыў «Русалу» тэрмін выплаты 4,5 мільярда даляраў да кастрычніка 2010 года. Хаця гэта моцна палегчыла становішча «Русала», які ў выніку здолеў захаваць сваю долю ў «Нарыльскім нікелі», якая служыла ў даным выпадку залогам, пану Дзерыпаску захацелася большага. У сваім лісьце пану Пуціну, які апынуўся ў распараджэньні The Wall Street Journal, Дзерыпаска просіць аб чатырох гадах адтэрміноўкі і аб паніжэньні адсоткавай стаўкі.
Зрэшты, афіцыйны прадстаўнік прэм’ер-міністра заўважыў, што ў гнуткасьці, якую ўрад гатовы праяўляць у стаўленьні да вялікага бізнэсу, «ёсьць разумныя межы».
У сярэдзіне мінулага года, калі сітуацыя на сусветных рынках некалькі палепшылася, «Русал» вярнуўся да плана размяшчэньня акцый на біржы, які ён адклаў ў 2007 годзе.
У жніўні й кастрычніку пан Дзерыпаска, атрымаўшы праз ФБР адмысловы дазвол, наведаў Злучаныя Штаты. У ходзе гэтых візітаў ён абмяркоўваў на Уолл–стрыт планы па IPO, а таксама езьдзіў у Дэтройт лабіяваць зьдзелку па продажы Opel. (У выніку GM ўсё-ткі захавала Opel за сабой.)
Хаця некаторыя амерыканскія інвестыцыйныя банкі з падазрэньнем паставіліся да IPO «Русала», праблемаў з гарантамі размяшчэньня у кампаніі ня ўзьнікла. У кастрычніку Дзерыпаска наведаў разам з панам Пуціным Кітай, дзе адначасова прадаваў русалаўскі метал і ўладкоўваў акцыі холдынгу.
Ужо па вяртаньні ў Маскву ў сярэдзіне лістапада ён правёў не адзін час, седзячы на канапе ў кабінеце пана Пуціна ў падмаскоўнай рэзідэнцыі прэм’ер-міністра. У чаканьні прыёму ён рассылаў па тэлефоне тэкставыя паведамленьні. Яго цярпеньне было ўзнагароджана: пан Пуцін ухваліў план ўкладаньня 700 мільёнаў даляраў у IPO «Русала» праз «ЗЭБ». Нягледзячы на тое, што гэтае пагадненьне дасьць ураду толькі 3% акцый кампаніі, людзі, якія маюць да яе дачыненьне, лічаць, што пагадненьне будзе вельмі карысным для справы.
Каб пагадненьне стала магчымым, ураду давялося прыняць сьпецыяльныя нормы, бо ўкладзены ў яго будуць працэнты са сродкаў, якія Крэмль прызначаў на выплату пенсій. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын лічыць гэтую зьдзелку карыснай для дзяржавы. На яго думку, яна дапаможа захаваць за панам Дзерыпаскам кантроль над «Русалам». Пасьля маючага адбыцца ў канцы студзеня продажу 10,6% акцый «Русала», доля пана Дзерыпаскі ўпадзе з 53 працэнтаў да 48. Аднак ён па-ранейшаму будзе працягваць кантраляваць кампанію.
Працэс некалькі затрымалі ўзьніклыя ў апошні момант цяжкасьці. Рэгулюючыя органы Ганконгскай біржы, на якой будзе адбывацца першаснае разьмяшчэньне акцый «Русала», патрабавалі гарантый, што «ЗЭБ» не збанкрутуе кампанію, калі ў кастрычніку 2010 года ёй падыдзе тэрмін выплаты па доўгу ў 4,5 мільярды даляраў. Аднак на дапамогу пану Дзерыпаску прыйшоў іншы кантраляваны дзяржавай банк – «Зьбербанк», які прапанаваў рэфінансаваць даную запазычанасьць яшчэ на чатыры гады, а заадно заявіў, што, магчыма, набудзе і акцыі «Русала»…
ДЗIКI ВЫПАДАК
http://nn.by/index.php?c=ar&i=35841
Відавочна, што сёньня першым рубяжом змаганьня за нацыяналістыяныя каштоўнасьці робіцца Ўкраіна:
http://www.svoboda.org.ua/dopysy/dopysy/013957/
Дадзены артыкул Грэгары Ўайта ды Аляксандра Коляндра “Новая разрадка: Пуцін ды магнаты ратуюць адзін адно падчас крызісу” (http://translate.google.com.by/translate?sl=en&tl=be&u=http://online.wsj.com/article/SB126271582575516729.html або па-анг. http://online.wsj.com/article/SB126271582575516729.html) з’явіўся на месьціве амерыканскай “Газеты Сьцянной Вуліцы” (па-анг. The Wall Street Journal) сёлета 6 студзеня. У гэтым артыкуле не стае толькі згадкі пра адначасную адсутнасьць падтрымкі дробных прадпрыемстваў пазыкамі ад урадавых банкаў.