nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Актуальны стан расейскай імперыякратыі (частка 11; Сурыкаў-Натхоеў і, магчыма, Гайдар – найноўшыя ахвяры вайны паміж фінансава-імперскай і тэрытарыяльна-імперскай галінамі расейскай імперыякратыі)

сакавік 21, 2010 | Няма каментараў

d0a1d183d180d18bd0bad0b0d19e-2Яшчэ аднім пацьверджаньнем таго, што ў Расеі сапраўды адбываецца вострая барацьба паміж дзвюма галінамі расейскай імперыякратыі, могуць быць нядаўнія загадвакавыя сьмерці двух далёка ня простых людзей. Адзін зь іх – чалавек агульнавядомы. Гэта Ягор Гайдар (гл. першае фота зьлева) – галоўны публічны выканаўца пераходу Расеі ад “камунізму” да капіталізму, які рабіўся ў першай палове 1990-х. Але ня многія ведаюць, што за тры тыдні да сьмерці Гайдара, таксама ў таямнічых абставінах памёр іншы чалавек – нехта Антон Сурыкаў (гл. другое фота).  Мы лічым, што сьмерці названых асоб могуць быць зьвязаныя паміж сабой. І гэта – яшчэ адзін доказ таемнай вайны, якая ідзе ў нетрах расейскай імперыякратыі.

Рэдакцыя.


1.

Наш аповед мы пачнем з пана Сурыкава.

Два гады таму мы ўзгадалі гэтага чалавека з нагоды арганізацыі Фарвэст, аперацыі “Чыстае поле” і вайны з Грузіяй (гл. nashaziamlia.org/2008/09/15/1539). Тады інфармацыя, якой мы валодалі, была менш поўная, у нечым, магчыма, памылковая. Дый цяпер нашы веды наўрад ці зьяўляюцца абсалютна дакладнымі ва ўсіх асьпектах.

Інфармацыю пра сьмерць спадара Сурыкава падалі яго паплечнікі, апаненты і ворагі…

Так, сайт “Нацыянальнай асамблеі” Г.Каспарава паведаміў наступнае (www.nationalassembly.ru/48257F6778168/4B0E7E7B7C112):

23 лістапада [2009 г.] ва ўзросце 48 гадоў адышоў з жыцьця Антон Сурыкаў, дэпутат Нацыянальнай Асамблеі, вядомы публіцыст, памочнік былога першага віцэ-прэм’ера Юрыя Маслюкова.

У сваіх выступах і артыкулах Антон Сурыкаў ўздымаў самыя вострыя пытаньні сучаснай унутранай і зьнешняй палітыкі Расеі, крытыкаваў дзеяньні ўладаў на Каўказе і знаходзіў скандальныя доказы карупцыі вышэйшых вайсковых чыноўнікаў.

Нарадзіўся 26 траўня 1961 года ў Маскоўскай вобласьці. У лютым 1984 г. скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут (МАІ) па сьпецыяльнасьці “інжынер-мяханік”; кандыдат тэхнічных навук. Зь лета 1990 года па верасень 1996 года па запрашэньні Андрэя Какошына працаваў у Інстытуце ЗША і Канады АН. У першай палове – сярэдзіне 1990-х неаднаразова бываў у рэгіёнах узброеных канфліктаў на Каўказе (у Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Нагорным Карабаху, Чачэніі).

У 1994 годзе быў адкамандзіраваны ў Вялікабрытанію ў якасьці прыцягнутага навуковага супрацоўніка Дэпартаменту абаронных дасьледаваньняў Каралеўскага каледжу Лонданскага ўніверсітэта. У 1995 годзе ў Вялікабрытаніі выдаў дзьве свае манаграфіі, прысьвечаныя расейскай абароннай палітыцы.

З 1994 года – дарадца, намесьнік генеральнага дырэктара Інстытута абаронных дасьледаваньняў (рус. ИНОБИС).

Зь верасьня 1996 года па 1998 працаваў памочнікам дэпутата Дзяржаўнай Думы II скліканьня, старшыні камітэта Думы па эканамічнай палітыцы Юрыя Маслюкова. Зь верасьня 1998 года – памочнік першага намесьніка старшыні Ураду РФ Ю.Маслюкова (ва ўрадзе Яўгена Прымакова). Пасьля адстаўкі ўраду Прымакова звольніўся ў траўні 1999 года з апарату ўраду.

З траўня 1999 года па 2000 г. працаваў дарадцам генеральнага дырэктара і генеральнага канструктара ФГУП “Расейская самалётабудаўнічая карпарацыя “МіГ” Мікалая Ф.Нікіціна.

Зь лютага па красавік 2000 – кіраўнік апарату Камітэта ДзяржДумы па прамысловасьці, будаўніцтве і навукаёмістых тэхналогіях (старшыня Камітэта Ю.Маслюкоў).

У траўні 2001 года зрабіў сенсацыйную заяву аб тым, што высокапастаўленыя расейскія вайскоўцы займаюцца перапраўкай наркотыкаў з Афганістана ў Таджыкістан.

У ліпені 2002 года звольніўся зь дзяржаўнай службы.

Старшыня рэдакцыйнай рады «Правда.инфо», член рэдакцыйнага рады сайта «ФОРУМ.мск».

Воінскае званьне – палкоўнік. Дзяржаўны дарадца Расійскай Федэрацыі 1 класа (з 1998 г.). Сапраўдны член Акадэміі касманаўтыкі (2001 г.). Валодаў некалькімі замежнымі мовамі й мовамі народаў РФ. Аўтар кнігі “Crime in Russia. The International Implications”.

Шчыра спачуваем сваякам і блізкім Антона Сурыкава”.

(канец паведамленьня).


У сваю чаргу, “генерал Іваноў” – “вядомы ФСБшны інтэрнэтаўскі ідэолаг” (як пішуць пра яго чачэнскія партызаны) – на сваім сайце наступным чынам ахарактарызаваў стаўленьне ФСБ да Сурыкава (узята з general-ivanov.livejournal.com/560747; натуральна, што цалкам давяраць інфармацыі, якая зыходзіць ад ФСБ, нельга, але для агульнай арыентыроўкі ў сітуацыі яна можа прыдацца):

“23 лістапада ў Іжэўску на 49-м годзе жыцьця пры нявысьветленых абставінах раптоўна памёр Антон Віктаравіч Сурыкаў (ён жа Мансур-Алі Хаджы Натхоев) – адзін з ключавых закулісных персанажаў сучаснай Расеі.

Гэта быў Вораг. Менавіта так, зь вялікай літары. Сапраўдны вораг Расеі і рускага народу. Мацёры агент ўплыву, найразумны паліттэхнолаг, майстэрскі правакатар, які ўмела маскаваўся пад бясшкоднага “палітолага-аналітыка”, “эксьперта па праблемах бясьпекі”, супрацоўніка Інстытута праблем глабалізацыі (рус. ИПРОГ), старшыню рэдакцыйнай рады інтэрнэт-партала “Правда.инфо“, члена рады дырэктараў “кансалтынгавай кампаніі FarWest LLC” і члена Рады Левага фронту (ЛФ).

Сурыкаў-Натхоев нарадзіўся 26.05.1961 ў Падмаскоўі ў забясьпечанай сям’і першага намесьніка дырэктара “ЦНИИмаша”. Па нацыянальнасьці на палову адыгеец-натухаец, на чвэрць – габрэй, на чвэрць – паляк (продкі Сурыкава з адыгейскага боку ваявалі супраць Расеі на баку турак і ангельцаў яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя). Скончыў “МАІ”, кандыдат тэхнічных навук. У 1983-96 гг. – кадравы супрацоўнік ГРУ. З другой паловы 1980-х, па чутках, меў самае наўпроставае дачыненьне да гандлю зброяй, забесьпячэньня дзейнасьці міжнароднага наркатрафіку. У Аўганістане займаўся суправаджэньнем караванаў з наркотыкамі, вёў перамовы з маджахедамі. З таго ж часу пачаліся кантакты з ЦРУ (праз далёкага сваяка Фрыца Эрмарта, таксама напалову адыгейца-натухайца, высокапастаўленага афіцэра ЦРУ, былога кіраўніка Цэнтра стратэгічных ацэнак ЦРУ і Нацыянальнай рады па выведцы, асноўнага сьпецыяліста ЦРУ па СССР і Расеі) і турэцкімі сьпецслужбамі (праз сваякоў у Нацыянальнай выведчай арганізацыі MIT). У 1990-96 гг. па запрашэньні будучага намесьніка міністра абароны і сакратара Рады бясьпекі РФ Андрэя Какошына працаваў у Інстытуце ЗША і Канады АН СССР. У студзені 1991 г. удзельнічаў у арганізацыі віленскай правакацыі. Разам са сваімі ГРУшна-мафіёзнымі “калегамі” Уладзімірам Філіным ітоўчанка) і Русланам Саідавым “курыраваў” практычна ўсе ўзброеныя канфлікты на тэрыторыі былога СССР, карпатліва працаваў у Нагорным Карабаху, Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Таджыкістане, Чачэніі. Кіраваў пастаўкамі зброі ў Афганістан, Паўночную Афрыку і Нагорны Карабах. Падчас вайны ў Абхазіі адказваў за дыверсійную работу і падрыхтоўку кадраў у абхазскай арміі; пасьля заканчэньня вайны кіраваў зьнішчэньнем удзельнікаў мясцовых казачых вайсковых фармаваньняў, а таксама ліквідацыяй старшыні Рускай абшчыны Абхазіі гісторыка-археолага Юрыя Воранава. У 1994-95 гг. – навуковы супрацоўнік Дэпартамента абаронных дасьледаваньняў (дзецішча брытанскай выведкі) Каралеўскага каледжа Лонданскага ўніверсітэта; тады ж пачалося супрацоўніцтва з МІ-6 і Савудаўскімі сьпецслужбамі.

У 1994-96 гг. – намесьнік гендырэктара Інстытута абаронных дасьледаваньняў (рус. ИНОБИС). У 1998-99 гг. – памочнік першага віцэ-прэм’ера РФ Юрыя Маслюкова. Тады ж прэм’ер-міністр Яўген Прымакоў прапанаваў Сурыкаву ўзначаліць дзяржаўную кампанію «Росвооружение», але прызначэньне ў апошні момант не адбылося. Шчыльна кантактаваў з Басаевым (некалі Сурыкаў асабіста вербаваў яго ад імя ГРУ) [чачэнцы катэгарычна раяць ня верыць гэтай інфармацыі ФСБ. – Рэд.]. Быў аўтарам знакамітай правакацыі са “змовай ў Ніцы”. У 1999-2000 гг. – дарадца гендырэктара і генканструктара “МИГа”. У 2002-07 гг. – выканаўчы дырэктар Асацыяцыі аператараў расейскага рынку мяса птушкі, якая манапалізавала рынак збыту “ножак Буша”. З 2002 г. – вядучы супрацоўнік Інстытута праблем глабалізацыі (рус. ИПРОГ) Міхаіл Дзялягіна, у 2006-08 гг. – дырэктар Цэнтра даследаваньня канфліктаў ИПРОГ.

У 2002-03 гг. разам з Аляксеем Кандауравым (даверанай асобай Хадаркоўскага і Неўзліна) арганізаваў фінансаваньне КПРФ акцыянерамі ЮКОСа і асобамі, датычнымі да “Фарвесту”, на агульную суму да 15 млн. даляраў. Прымаў удзел у арганізацыі “памаранчавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне.

З 2005 г. – старшыня рэдрады сайта “Правда.инфо”, у 2005-08 гг. – член рэдрады сайта “Форум.мск”. З 2006 – сузаснавальнік (разам з Анатолем Баранавым) фонду “Чырвоны інтэрнэт”.затым стаў мядзьведзеўцам. У 2006-07 гг. кіраваў кампаніяй па дыскрэдытацыі міністра абароны Сяргея Іванова (“справа шараговага Сычова” ды інш.), быў адной з найважнейшых фігур ў мядзьведзеўскай камандзе. У 2007 г. кааптаваны ў склад гіпатэтычнага ценявога ўраду “нязгодных” у якасці кіраўніка Федэральнага агенцтва па атамнай энергетыцы і прамысловасьці ў рангу міністра. З 2008 г. – член Рады Левага фронту (ЛФ), член аргкамітэту, камісар па міжнародных сувязях і член ідэалагічнай камісіі Левай партыі “Расеі – разумны сэнс”, раіс (начальнік) Мухабарата (камітэта бясьпекі) нацыянал-сепаратысцкага Чаркескага кангрэсу, суадміністратар антырускага [так у аўтара. – Рэд.] ЖЧ-блога “Фарвэст: Паняволеныя народы супраць сталінізму, рускага фашызму і чэкізму”. У пачатку 2009 года пры падтрымцы асяроддзя прэзідэнта Мядзьведзева рыхтаваўся заняць пост начальніка ГРУ, але сутыкнуўся з моцным процідзеяньнем (у выніку ГРУ ўзначаліў генерал-лейтэнант Аляксандр Шляхтураў). З траўня 2009 г. – член кіраўніцтва русафобскага [так у аўтара. – Рэд.]“Руху паняволеных народаў”. Спрабаваў раскручваць экс-прэм’ера Міхаіла Касьянава,

Генерал-маёр запасу. Дзяржаўны раднік РФ I класа. Сапраўдны член Акадэміі касманаўтыкі. Мільянер. Пражываў напераменку ў Маскве і Швайцарыі. Жонка (ужо ўдава) – габрэйка Эстэр Сурыкава.

Непасрэдна на Сурыкава-Натхоева працавалі такія расейскія грамадска-палітычныя дзеячы і публіцысты, як Гары Каспараў (Вайнштэйн), Міхаіл Дзялягін, Аляксандр Праханаў, Гейдар Джэмаль, Міхаіл Касьянаў, Сяргей Глазьеў, Ілья Панамароў, Анатоль Баранаў, Уладзімір Мілавай, Сяргей Кургінян, Уладзімір Ліндэрман (Абэль), Юлія Латыніна, Андрэй Піянткоўскі, Аляксей Падбярозкін, Алег Шэін, Карын Клеман, Марына Літвіновіч, Іван Старыкаў, Аляксандр Нагорны, Канстанцін Мярзлікін, Аляксей Кунгур, Канстанцін Бакулеў, Дзмітрый Чорны, Канстанцін Міхайлюк ды інш. Левый Фронт, Левая партыя і Чаркескі кангрэс, па сутнасьці – асабістыя праекты Сурыкава. Курыраваў ён і апазыцыйную ліберастна-лявацкую Нацыянальную асамблею. Спансіраваў газету “Заўтра”. Адміністрацыі двух суб’ектаў федэрацыі – Краснаярскага краю Хлапоніна і Удмуртыі Волкава – былі зарыентаваныя на Сурыкава.

Сурыкаў з’яўляўся адным зь кіраўнікоў міжнароднай мафіёзна-палітычнай супольнасьці “Фарвэст” (FarWest, LLC), быў сябрам яго рады дырэктараў, яго ідэолагам (нататка: у руках “Фарвэста”, па даных з розных крыніц, засяроджаныя пастаўкі 70% афганскага гераіну ў Еўропу і 80-90% Калумбійскага какаіну ў Расію). Лічыўся лепшым ва Ўсходняй Еўропе сьпецыялістам па збройным ды сумежных рынках. Яго імя называлася ў сувязі з шэрагам гучных заказных забойстваў.

Ідэя-фікс Сурыкаў-Натхоева – праект “Вялікай Чаркесіі”, які прадугледжвае гвалтоўнае аддзяленьне ад Расеі раёнаў Паўночнага Каўказу, населеных адыгамі (чаркесамі), а таксама сумежных вобласьцяў. У далейшым “Вялікая Чаркесія” стала б часткай панцюркісцкага “Вялікага Турана”. 13.12.2004 г. ў Адыгеі на сустрэчы з групай вернікаў, якія вызнаюць суфійскі іслам, ён казаў: «Увесь гэты час мы былі супраць ахл-ад-дала (заблукалых) з арабскімі грашыма. Мы казалі, што з Расеі выходзіць нельга. Але цяпер Расея знаходзіцца на мяжы распаду і хаосу. Таму выходзіць будзем разам з усімі мусульманамі Каўказу. Пры гэтым новая дзяржава павінна быць створана на нашых гістарычных землях ад Псоў і Чорнага мора да Лабы і Кубані».

30.12.2004 г. па турэцкім прыватным тэлеканале паказалі рэпартаж аб сустрэчы членаў чаркескай дыяспары Стамбула (уключаючы старэйшых афіцэраў і генералаў турэцкай арміі) з наведаўшым Стамбул Сурыкавым. Турэцкіх чаркесаў цікавіла, «калі радзіма адыгаў (г.зн. чаркесаў) будзе вызваленая ад рускіх акупантаў». На гэта «амір Хаджы-Мансур» (так яны называлі Сурыкава-Натхоева) на дзікай сумесі дрэннай адыгейскай і дрэннай турэцкай моваў сказаў, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі гадоў, да прыняцьця Турцыі ў Еўразьвяз. Ён сцьвярджаў, што цяпер выступленьне супраць Расеі заўчаснае, таму што «гяўры зноў зробяць нам генацыд». Аднак хутка, «вежы Крамля ўпадуць», «фашыстоўскі рэжым” будзе нібыта «зрынуты» «чачэнскімі братамі» і «памаранчавай рэвалюцыяй». Тады, па яго словах, «Крамлю будзе не да адыгаў і мы павінны ня ўпусьціць гэты гістарычны шанец». Далей «амір Хаджы-Мансур» выклаў план захопу тэрыторыі “па ўсім левым беразе Кубані, усім узьбярэжжы Чорнага мора ад Псоў да Тамані», а таксама Кабарды, Маздока і Пяцігорска. Па яго словах, 50 тысяч «адыгаў-маджахедаў» гатовыя гэта зрабіць, калі паступіць загад. Пры гэтым «нашы браты з Турцыі, Сірыі ды Ярданіі» павінны будуць даслаць «нам на дапамогу» яшчэ 50 тысяч «суайчыньнікаў-маджахедаў», якіх трэба тэрмінова навучыць рускай мове, бо «мову ненавіснага ворага трэба ведаць». Па яго словах, калі Масква не ўмяшаецца, «мы хутка ачысьцім нашу зямлю ад карнавальных казакаў, каб ні адзін нашчадак царскіх катаў яе не апаганьваў». Цікава, што гэта гаварылася цалкам адкрыта і паказвалася па ТБ у Стамбуле і Эдырне (Адрыянопалі). Пры гэтым каля сотні дзеючых турэцкіх вайскоўцаў у форме стоячы віталі Сурыкава-Натхоева і гарлапанілі «Аллах-Акбар».

З выступу двухмесяцовай даўніны на нарадзе “Руху паняволеных народаў” у Данецку: “Габрэі ўсяго сьвету пасьля 2000 гадоў выгнаньня сабраліся ў Палестыне і стварылі Ізраіль, які аказаўся жыцьцяздольным у варожым асяроддзі. Чым горш чаркесы? Чаму яны праз 145 або праз 160 гадоў пасьля генацыду і выгнаньня ня могуць зрабіць тое ж самае – сабрацца на сваіх землях і аднавіць Чаркесію ад Сочы да Анапы і да Маздока? Менавіта ў гэтым заключаецца наша канчатковая мэта…”.

У цэлым, суперкруты чалавек з суперкрутымі намерамі ды магчымасьцямі. І раптам нечакана памёр. Не сумняюся, што Сурыкава-Натхоева ліквідавалі.

Ёсьць тры варыянты. Альбо гэта адбылося з прычыны ўнутрыфарвэстаўскай барацьбы за кантроль над пэўнымі ценявым сьферамі. Альбо куратары з заходніх сьпецслужбаў палічылі Сурыкава “маўрам, якія зрабіў сваю справу”, да таго ж даволі засьвечаным. Альбо да таямнічай сьмерці Мансура-Алі прыклалі руку некаторыя айчынныя колы, якія некалі не дапусьцілі яго прызначэньня кіраўніком “РасУзбраеньняў” і начальнікам ГРУ. Я сьхіляюся да трэцяга варыянту.

Вядома, што “Фарвэст” рыхтаваўся даць “апошні й рашучы бой”, выкарыстоўваючы свой уплыў у атачэньні Мядзьведзева, у сечынскім, маскоўскім і падмаскоўным кланах, у левай, ліберальнай і “нацыяналістычнай” апазыцыі. У верасьні 2009 г. Сурыкаў сказаў: “Калі гэта здарыцца [мелася на ўвазе выдаленьне Пуціна і вызваленьне Хадаркоўскага – заўв.], пачнецца перабудова-2 і нярускім народам РФ трэба рыхтавацца да незалежнасьці. Калі ня здарыцца – яшчэ 10-15 гадоў працягнецца гніеньне ў фармаце «прымітыўнай сыравіннай эканомікі», а народам РФ і былога СССР трэба рыхтавацца да вайны. Трэцяга ня дадзена“.

“Фарвэст” ў паскораным рэжыме заняўся падрыхтоўкай “перабудовы-2”, пераходзячай у “каляровую рэвалюцыю” з максімальна хуткім развалам Расеі. Аднак … Супраць лому няма прыёму, акрамя іншага лому. Ідзе вайна на зьнішчэньне [ну, вось, тое, што ў Расеі ідзе вайна, становіцца ўжо агульным месцам. – Рэд.]. Зьявілася слабая надзея, што нехта будзе ўсімі сіламі перашкаджаць антырасейскім [антыімперскім. – Рэд.] планам. Акрамя ліквідацыі Сурыкава, на гэта паказвае яшчэ адзін факт – вызваленьне генерала Аляксандра Бульбава, які паплаціўся за рассьледаваньне дзейнасьці “Фарвэста”.

Я не зьбіраюся зларадстваваць з нагоды сьмерці Сурыкава-Натхоева. Але, у цэлым, дзяржаўна-патрыятычныя [імперскія. – Рэд.] сілы маюць права адчуць пачуцьцё задавальненьня. Адным найнебясьпечным ворагам у Расеі стала менш.

P.S.
… Даволі цікава, дарэчы, што за пару дзён да сьмерці Сурыкаў сустракаўся з Аляксеем Дымоўскім. Цяпер становіцца зразумела, хто стаіць за раскруткай экс-маёра [міліцыі] …”.

(канец паведамленьня).


Дадаткова «генерал Іваноў» (Аляксей) выставіў у сеціве сьпіс “яшчэ не ліквідаваных”, як ён піша, “Ворагаў Расеі зь вялікай літары” (гл. http://mml-2001.livejournal.com/372589.html). У прыватнасьці, ён сьцьвярджае, што:

“Міжнародная супольнасьць “Фарвэст” мае два найважнейшых, шмат у чым перасякаемых напрамкі сваёй дзейнасьці – чыста крымінальны (наркотыкі, зброя, алмазы, фінансавыя сьпекуляцыі ды інш.) і крымінальна-палітычны (“каляровыя рэвалюцыі”, сепаратызм, палітычны тэрарызм). Кіраўнікі “Фарвэста” адносна роўныя па сваім уплыве, але сьферы іх дзейнасьці розьняцца.

На расейскім і ваколрасейскім (дакладней, антырасейскім) напрамку лідзіруюць Уладзімір Філін (Літоўчанка) і чачэнец-акінец Руслан Саідаў (Садулаеў). Яшчэ некалькі дзён таму трэцім быў Антон Сурыкаў (Мансур-Алі Натхоеў).

Сурыкаў “акучваў” унутрырасейскую палітпрастору (плюс Грузію – разам зь Філіным – Абхазію, Паўднёвую Асецію і Арменію), таму быў у нас больш бачным і нярэдка выходзіў з ценю. Таксама ён адказваў за шлях наркатрафіку па тэрыторыі Расеі (з Сярэдняй Азіі праз Іжэўск ў Наварасейскі порт), разам зь менш значнай Натальляй Роевай (Валіахметавай).

Філін, які афіцыйна мае ў дадзены момант званьне генерала ГУВ Украіны, адказвае (разам зь яшчэ адным фарвэстаўскім кіраўніком, таксама генералам ГУВ Аляксеем Ліхвінцавым (Каласоўскім), які ўсё ж больш засяроджаны на чыстым крымінале) за Маларосію, Грузію і Малдову, зьяўляецца “шэрым кардыналам” ўкраінскіх аранжыстаў-нэабандэраўцаў, адным зь ініцыятараў уварваньня Грузіі ў Паўднёвую Асецію [так у тэксьце. – Рэд.] і аўтарам ідэі аб непазьбежнасьці ды неабходнасьці расейска-украінскай вайны.

Саідаў адказвае за Каўказ і Сярэднюю Азію, курыруе Кадырава і ўсіх паўночнакаўказскіх баевікоў (так- так, адначасна), кіраваў забойствамі Ямадаева і Байсарава, зьяўляецца сувязным вязьмом паміж пэўнымі коламі ўнутры Расеі, кадыраўцамі Рамзанчэга і Дземільханава, разнастайнымі “шарыятаўцамі”, турэцкімі, Савудаўскімі й ААЭшнымі сьпецслужбамі, “сочыць” за наркатрафікам з Афганістана праз Таджыкістан, Узбекістан і Казахстан, і з Наварасійска праз Турцыю ў Косава.

Крыху ніжэй па ранзе Аўдрус Буткявічюс, які курыруе Прыбалтыку, і Валеры Лунёў, які курыруе Беларусь”.

(канец паведамленьня).


Дадатковыя цікавыя і ўдакладняючыя зьвесткі пра забітага генерала ГРУ падалі таксама чачэнцы (kavkazcenter.com/russ/content/2009/11/28/69414).

Яны настойваюць, што Сурыкаў-Натхоеў быў генералам расейскага ГРУ, што яго ліквідавала (атруціла) ФСБ таму, што чэкісты лічылі яго кіраўніком плануемай вайсковай змовы [!!! – Рэд.].

Акрамя таго, зьвярніце ўвагу, што “Заклік да рускага народу, да афіцэраў арміі й флоту…”, пра які мы паведамлялі раней, быў абнародаваны19 лістапада 2009 г., а праз 4 дні быў атручаны Сурыкаў.

Па паведамленьні ўсё тых жа чачэнцаў, разьвітаньне з забітым генералам ГРУ адбылося 27 лістапада. На пахаваньні прысутнічалі «людзі з ураду РФ, з Дзярждумы, РасУзбраненьняў, калегі-сьпецслужбісты, прамыслоўцы і абароншчыкі, камуністы і журналісты».

Сурыкаўцы вырашылі не падымаць вэрхалу вакол забойства і афіцыйна сьпісалі забойства на «сэрца»…


2.

У сваю чаргу 16 сьнежня 2009 г. па інфармацыйных рэсурсах прайшло паведамленьне аб сьмерці Ягора Гайдара. Напрыклад, паведамленьне Ленты.ру было наступным (www.lenta.ru/news/2009/12/16/gaidar):

“На 54-м годзе жыцьця памёр эканаміст Ягор Гайдар.

Па папярэдніх даных, прычынай сьмерці Гайдара стаў тромб.

Ягор Гайдар лічыцца адным з галоўных ідэолагаў эканамічных рэформаў у Расеі. Ён займаў ключавыя пасады ва ўрадзе Расеі ў 1990-х гадах: быў першым міністрам фінансаў Расейскай Федэрацыі, першым намесьнікам, а затым выконваючым абавязкі старшыні ўрау. Пад кіраўніцтвам Гайдара ў першай палове 1990-х гадоў у Расеі праводзіліся рэформы, накіраваныя на стварэньне рынкавай эканомікі, у прыватнасьці, пры ім пачаўся працэс прыватызацыі.

Гайдар нарадзіўся 16 сакавіка 1956 года. Пасьля заканчэньня эканамічнага факультэта МДУ Гайдар працягнуў навучаньне ў асьпірантуры; у 1980 годзе ён стаў кандыдатам, а ў 1990-м – доктарам эканамічных навук. Да прыходу ва ўрад Гайдар працаваў у некалькіх навуковых інстытутах, а таксама пісаў на эканамічныя тэмы ў часопісе “Камуніст” і газеце “Праўда”.

Пасьля сыходу з ураду Гайдар з 1994 па 2001 год узначальваў партыю “Дэмакратычны выбар Расеі”, а ў 2001-03 гадах уваходзіў у склад кіраўніцтва партыі СПС, членам якой ён заставаўся да кастрычніка 2008 года.

У лістападзе 2006 г. Ягор Гайдар, які знаходзіўся ў Ірландыі на канферэнцыі, быў шпіталізаваны з прыкметамі атручаньня. Пасьля Гайдар заявіў, што яго спрабавалі атруціць праціўнікі расейскіх уладаў“.

Да такога і аналагічных паведамленьняў варта дадаць пару дэталяў.

Па-першае, далёка ня ўсе эканамісты станоўча ацэньваюць дзейнасьць Гайдара. Так, па некаторых зьвестках, небезьвядомы Іларыёнаў заявіў, што для дыскрэдытацыі лібералізму ніхто не зрабіў больш, чым Гайрад разам са сваім калегай і сябрам Чубайсам.

Гэта значыць, што стварэньне сапраўднай рынкавай эканомікі ў Расеі не было мэтай Ягора Гайдара. Найвідавочней, мэтай была – менавіта алігархічная прыхватызацыя.

Па-другое, праз суткі дачка пана Гайдара заявіла, што на самой справе ён сканаў з-за ацёку лёгкіх, прычынай якога быў сардэчны прыстып (www.pravda.ru/news/society/17-12-2009/1004726-0/).

Зьвестак пра тое, што стала прычынай сардэчнага прыступу, мы не знайшлі.  Але мы ведаем, што забойства праз атручаньне, якое хаваецца пад розныя натуральныя прычыны сьмерці – даўняя традыцыя бальшавіцкай Расеі. У пацьверджаньне гэтага фрагмент яшчэ аднаго артыкула (у дадатак да тых, што ўжо ёсьць на сайце). Яго назва “Як атруцілі Фёдара Шаляпіна” (www.e-vid.ru/index-m-192-p-63-article-31793).

“Адной зь першых савецкіх таксікалагічнай лабараторый асобага прызначэньня, у задачу якой уваходзіла выраб, распрацоўка і даследаваньне дзеяньняў атрутных і наркатычных рэчываў на арганізм чалавека, стала лабараторыя, арганізаваная па прапанове старшыні Саўнаркама Ўладзіміра Леніна яшчэ ў 1921 годзе, якая атрымала кансьпіратыўную назву “Сьпецыяльны кабінет”. Арганізаваць яго Ленін мог даручыць толькі праверанаму чалавеку. Ім стаў Аляксандр Бах (партыйны псеўданім Кашчэй Бессьмяротны) – член УЦВК, народаволец, палітычны эмігрант зь вялікім партыйным стажам. Як хімік ён вырабляў для “Народнай волі” выбухоўку. У 1921 Кашчэй Несьмяротны кіраваў адразу дзьвюма дасьледчымі інстытутамі: біяхімічным Наркомздароўя і Фізіка-хімічным імя Карпава. “Сьпецыяльны кабінет”, а пазьней – “Лабараторыя Х”, да 1937 года зь ведама Палітбюро ВКП (б) спраўна выконвала заказы на выраб ядаў і псіхатропных прэпаратаў для сакрэтных аперацый ВЧК, ОГПУ, НКВД.

Першай ахвярай “Кабінета”, па ўсім відаць, можна лічыць Аляксандра Блока, які летам 1921 загадкава і ціха паміраў пад пільным даглядам медыцынскіх “сьвяцілаў” таго часу. Блока так і не выпусьцілі за мяжу для лячэньня, хоць перад Палітбюро і Леніным асабіста за яго прасілі нарком асьветы Луначарскі і Максім Горкі. Выслухаўшы сімптаматыку хваробы паэта, акадэмік Акадэміі медыцынскіх навук СССР, галоўны хірург Інстытута імя Скліфасоўскага, прафесар Барыс Пятроў, сказаў: “Ня ведаю, што думаюць вашыя літаратуразнаўцы. Больш за ўсё гэта падобна на яд. Яго атруцілі”.

У 1926 годзе па распараджэньні наркома Менжынскага ў ОГПУ пачала дзейнічаць лабараторыя па выкарыстаньні ядаў і наркотыкаў. Яна была ўключана ў склад сакрэтнай групы Якава Серабранскага, якая займалася правядзеньнем тэрарыстычных акцый за мяжой. З прыходам новага наркама – Лаўрэнція Берыя гэта “навуковае падраздзяленьне” было вырашана мадэрнізаваць. У Наркамаце стварылі дзве новыя лабараторыі. Адну зь іх, бактэрыялагічную, узначаліў прафесар С.Мурамцаў, іншую – Г.Майраноўскі. Задачу перад імі кіраўніцтва НКВД паставіла дакладную: стварыць яды, якія б “маскавалі” сваё гібельнае дзеяньне пад натуральныя прычыны сьмерці або хваробы чалавека.

Сур’ёзным пацьверджаньнем дзейнасьці НКВД па выкарыстаньні ядаў можна лічыць раптоўную сьмерць Максіма Горкага. Яго здароўе сур’ёзна пахіснулася пасьля атрыманьня ад Генрыха Ягоды падарунка – вялізнай каробкі любімых Аляксеем Максімавічам цукерак. Праз тры дні пасьля атрыманьня падарунка Горкі памёр, а каробка з цукеркамі зьнікла. У 1948 годзе ў прыватнай гутарцы з нямецкай камуністкай Бертай Герланд ў адным з варкуцінскіх лагераў прысуджаны да 25 гадоў пазбаўленьня волі прафесар медыцыны Плятнёў паведаміў: “Сьмерць магла наступіць толькі ад цукерак, якія Аляксею Максімавічу даслаў Сталін”.

Любоў да салодкага згубіла і Надзею Канстанцінаўну Крупскую – удаву правадыра сусьветнага пралетарыяту. 26 лютага 1939 г ў афіцыйнай прэсе яе віншавалі з 70-годдзем, у Дом ветэранаў рэвалюцыі, дзе пражывала Крупская, прыбыў пасланец, які, па адной з версій, даставіў Надзеі Канстанцінаўне віншаваньне і торт “Суніцы зь вяршкамі” ад самога Сталіна. Вечарам таго ж дня Крупская страціла прытомнасьць ад болі ў вобласьці жывата. Раніцай 27 лютага ня стала вернай сяброўкі Леніна, якая зьбіралася 10 сакавіка выступіць на чарговым зьездзе ВКП(б) з разгромнай заявай супраць Сталіна.

Такім жа чынам быў забіты вядомы псіхіятр Уладзімір Бехцераў, які паставіў 22 сьнежня 1927 г. Сталіну дыягназ: псіхапат.

Для ліквідацыі непажаданых асоб выкарыстоўваліся розныя яды, часьцей – якія ўводзяць у арганізм зь ежай. Рабіліся і ўколы. Працавалі лабараторыі й над удасканаленьнем метадаў увядзеньня ядаў праз органы дыханьня.

Нядаўна сталі вядомыя факты выкарыстаньня для гэтых мэтаў радыёактыўных матэрыялаў. У прыватнасьці, алімпійскі чэмпіён штангіст Юры Ўласаў у сваёй кнізе “Аповесьць пра бацьку” распавядае аб таямнічай сьмерці бацькі, выведчыка Уладзімірава. Як піша Уласаў, восеньню 1951 Берыя запрасіў выведчыка да сябе і прапанаваў зрабіць “прышчэпку ад раку“. У таго шмат гадоў хварэў страўнік, ён сапраўды баяўся гэтай хваробы і пагадзіўся. Потым зразумеў: якія тут могуць быць прышчэпкі? Тыдзень пасьля ўколу ён ляжаў з высокай тэмпературай. Потым ўсё быццам бы мінула. Але праз два гады, у верасьні 1953 года, ён памёр ад… раку лёгкіх.

У 1958 годзе за адмову забіць лідэра Народна-працоўнага саюзу Георгія Акаловіча і за невяртаньне на Радзіму быў атручаны таліем былы савецкі выведнік Мікалай Хахлоў“.

(канец цытаваньня).


3.

Падсумуем вядомую цяпер нізку фактаў:

– некалькі гадоў таму Дзерыпаска агучвае планы ўсіх “расейскіх” алігархаў канчаткова “разабрацца з арміяй”, маўляў, толькі адтуль для іх яшчэ можа быць небясьпека;

– за прайшоўшыя гады ФСБ, зьвязанае з алігархамі, здымае з пасад і забівае шэраг палкоўнікаў ды генералаў расейскай арміі, якія крытычна настроеныя да расейскай постельцынскай алігархіі;

– у сярэдзіне лістапада 2009 г. выходзіць вядомы “Заклік…” групы высокіх армейскіх афіцэраў забіваць габрэйскіх алігархаў і асоб, якія падтрымліваюць умацаваньне іх улады;

– праз 4 дні сьмяротна атручваюць пана Сурыкава, які можа стаць кіраўніком плануемай змовы вайскоўцаў, “моладзі”, камуністаў і незадаволенай часткі РПЦ;

– прыз тры тыдні ад нейкай прычыны, якую спачатку PR-аўскі імкнуцца заглушыць ілжывай інфармацыяй, гіне бліжэйшы паплечніх ненавіснага для “вайскоўцаў” Чубайса і галоўны выканаўца сіянісцка-алігархічнай прыхватызацыі ў Расеі Ягор Гайдар;

– апошняга ўжо нехта спрабаваў атруціць пару гадоў таму;

– Расея мае багатую гісторыю забойстваў вядомых людзей шляхам атручваньня.

Якая ж гіпотэза атрымліваецца з данага шэрагу ўскосных фактаў?

Яна такая: магчыма, што сьмерць Ягора Гайдара не была натуральнай. Ён, верагодна, ёсьць ахвярай аб’яўленай групай расейскіх вайскойцаў вайны. Прычым, першай ахвярай з… алігархічна-ФСБшнага боку.



Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы