nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Альбо расейская імперыя, альбо рускі народ (Д пр-п 87а)

красавік 4, 2010 | 2 каментарыя

Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў

d0a8d18bd180d0b0d0bfd0b0d0b5d19e-2Давайце падсумуем кароткую серыю матэрыялаў, прэзентуючых думкі й спадзевы тых, хто называе сябе рускімі нацыяналістамі ды рускімі нацыянал-дэмакратамі. Нагадаем, гэта ўсе тыя, хто ва ўмовах выбару, які агучаны ў загалоўку, абірае другое.  Мы шмат гадоў сочым за трыма асобамі, якія ня толькі далучаюць сябе да рускага народу, а і зьяўляюцца выбітнымі (у тым сэнсе, што яны выпінаюцца над іншымі) ідэалогамі  рускага нацыяналізму (гл. фота: зьлева – Аляксей Шырапаеў, уверсе – Пётар Хамякоў, унізе – Уладзіслаў Карабанаў). Тры папярэднія артыкулы, выстаўленыя на сайце, паказалі сёньняшнія думкі даных асоб. Час і нам іх прааналізаваць, зыходзячы, натуральна, з нашай – беларуска-літвінскай, гуманістычнай – сістэмы каштоўнасьцяў.


Каб падкласьці адпаведны зыходны фон, спачатку нагадаем альтэрнатыву – сімвалічна пакажам сьветабачаньне тых “рускіх”, хто па-ранейшаму сядзіць на імперскай наркатычна-прапагандысцкай ігле, лічачы “Россию” “вялікай дзяржавай” і важнейшай асабістай каштоўнасьцю. Сьветабачаньне тых, у каго імперская прапаганда цалкам пракампасьціравала мазгі,  добра ілюструе пададзены ніжэй малюнак. Як кажуць, атрымайце асалоду з нагоды таго, што вы да імперастаў не належыце.

karta-rossii

Расейцы, якім прысьвечаны гэты артыкул, такога нахабна-крывавага і адначасна сьмешнага сьветагляду ў той ці іншай ступені пазбаўленыя. У цэлым яны ўсьведамляюць (хаця бывае – ня цалкам і не заўсёды), што працяг існаваньня расейскай імперыі ў любой форме – гэта сьмерць рускага народу. Як рускія і як нацыяналісты яны гэтага дапусьціць не жадаюць, што іх і аб’ядноўвае.

1.

Многія кажуць, што ў сапраўдных дэмакратаў на прасторах СНД няма сёньня ні людскіх, ні фінансавых рэсурсаў, каб дасягаць сваіх мэт.

Зь першай часткай гэтага цьверджаньня ў цэлым можна пагадзіцца. З другой – на конт персьпектывы дасягненьня мэт – наўрад ці.

Магчыма, пра гэта мы ўжо пісалі, тады паўтарым. Пры ўсёй слабасьці палітычнай пазіцыі нацыянал-дэмакратаў у іх прапановах ёсьць адзін істотны момант прагрэсіўны зьмест. Бо іх “непапулярныя” праекты – гэта адзінае, што сапраўды можа палепшыць жыцьцё людзей, народаў, уладкаваць стан дзяржаў і ўзаемаадносіны паміж імі. І наадварот: у тых, хто гатовы на ўсё, абы, напрыклад,  “захавалася адзінства Расеі”, можа быць многае, але ня будзе галоўнага. Іх любыя прапановы і дзеяньні ня будуць мець прагрэсіўнага сэнсу. БО РАСЕЯ і ДАЛЕЙ У ВЫГЛЯДЗЕ ІМПЕРЫІ – ГЭТА ЎЖО ЦАЛКАМ БЕСПЕРСЬПЕКТЫЎНЫ і ТОЛЬКІ ДЭГРАДАТЫЎНА-ТРАГІЧНЫ ПРАЕКТ!!!

Ну, і колькі могуць каштаваць усе гэтыя арміі, сьпецслужбы, рэсурсы (прыродныя, фінансавыя, людскія) і г.д., калі ўсё гэта наскрозь зьедзена карозіяй бессэнсовіцы? Які кошт усяму пералічанаму, калі яго выкарыстаньне здольна прывесьці толькі да яшчэ большага пагаршэньня жыцьця людзей і народаў, а таксама экалагічнай абстаноўкі на 1/6 частцы паверхні Зямлі?

Як на нашыя ацэнкі, кошт усяго гэтага ня проста нулявы, а адмоўны…

Затое прагрэсіўны кірунак разьвіцьця і Расеі, і ўсёй людскай цывілізацыі зьяўляецца аб’ектыўна недыскрэдытуемым, бо… адзіна сэнсоўным. А гэта значыць, што тыя, хто настойвае на ім, раней ці пазьней, але абавязкова выіграюць, перамогуць (!). Якімі б слабымі яны ні падаваліся ў даны час…

2.

Асноўныя этапы пачатку грамадскага дзеяньня для дасягненьня азначанага вышэй прагрэсіўнага зьместу на тэрыторыях, прылеглых да нашай Беларусі, назваць нескладана. Гэта:

– вычляненьне і самаарганізацыя ў кожнага народу (сярод беларусаў, украінцаў, рускіх, эстонцаў, фінаў, латышоў, летувісаў, татараў, башкіраў, марыйцаў, якутаў, казакаў і г.д.) групы асоб, якія зьяўляюцца сапраўднай нацыянальнай элітай данага народу;

– аб’яднаньне гэтых людзей й іх груп у нешта сістэмнае, што ўжо даўно запрапанвана назваць Форумам (Інтэрнацыяналам) нацыянальных эліт (запрапанавана тут: nashaziamlia.org/2007/10/24/957; хаця, натуральна, назва ў гэтай справе мае другаснае значэньне);

– абмеркаваньне, складаньне і ўзгадненьне дакладнага плану, у якім будуць пазначаны тэрыторыі будучых нацыянальна-дэмакратычных дзяржаў на месцы цяперашняй расейскай імперыі й СНД (нагадаем, уся Смаленшчына, поўдзень Пскоўшчыны і захад Браншчыны, а таксама большая частка былой Усходняй Прусіі павінны ўвайсьці ў склад будучай Вялікай Літвы-Беларусі);

– узгадненьне прынцыпаў узаемаадносін паміж нацыямі й іх дзяржавамі ў новай, больш прагрэсіўнай інтэгратыўнай сістэме-садружнасьці.

Натуральна, што для таго, каб такія працэсы пачалі рэальна адбывацца, вельмі істотным ёсьць вычляненьне сапраўдных этнічна рускіх нацыянал-дэмакратаў.

Вось і давайце пагаворым пра адпаведнасьць гэтым умовам трох названых асоб.

3.

Вынікі шматгадовых (хутка 10-гадовых) назіраньняў за панам Карабанавым і яго сайтам ari.ru дазваляюць лічыць яго самым нізкапробным прыкладам “рускага нацыяналіста”.

Фактычна ён і яго бліжэйшыя паплечнікі – гэта ня рускія нацыяналісты, а тыповыя рускія шавіністы:

– яны ня лічаць украінцаў і беларусаў асобнымі ад рускага народамі;

– яны прадэманстравалі негатыўнае стаўленьне да ўкраінскай “памаранчавай” 2004-05 гг. рэвалюцыі, да ўкраінцаў і Ўкраіны (гэта – “тэрыторыя U” па іх тэрміналогіі), падтрымалі Пуціна ў яго агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 годзе;

– з вышэй патлумачанай неабходнасьці падзелу “Расеі” ў іх прысутнічае толькі ідэя пажаданасьці аддзяленьня Чачні, Інгушэціі й Дагестана ад Расеі;

– у Карабанава і яго бліжэйшых калег фактычна адсутнічае пазітыўная праграма. Дзясятак абагульняючых меркаваньняў – гэта толькі яе зародак, але ніяк не  праграма (гл. nashaziamlia.org/2007/06/26/731; nashaziamlia.org/2007/06/27/732).

Таму яшчэ тры гады таму мы давалі апошні шанец “арыйцам”, каб папрацаваць над памылкамі й паспрабаваць схіліцца ў бок нацыянал-дэмакратызму (гл. Д пр-п 63) . Аднак яны ня вытрымалі  нават элементарнага выпрабаваньня, за што мы іх пазьней пракласіфікавалі як рускіх шавіністаў  (адлюстравана ў якасьці Д пр-пу 63а). Па сутнасьці, адзінае, што яшчэ прымушае разглядаць “арыйцаў” сярод рускіх нацыянал-дэмакратаў – гэта тое, што яны самі ўпарта працягваюць называць сябе нацыяналістамі.

Пададзены намі адзін з апошніх артыкулаў Карабанава і яго калегі дэманструе (гл. https://nashaziamlia.org/2010/03/26/3195), як іх шматгадовыя заклікі да рускіх аб’ядноўвацца і арганізоўвацца забясьпечылі ім… поўнае фіяска. Ад адчаю і безвыходнасьці яны апошнія пару гадоў усё больш адхіляюцца ў містыку і нават УФАлогію.

Так выглядае пакараньне за… схаваны шавінізм.

Нашмат больш цікавай асобай, на наша меркаваньне, зьяўляецца пан Пётр Хамякоў.

Ён вельмі аўтарытэтная асоба ў колах рускіх нацыяналістаў,  да таго ж актыўная. На нашым сайце ёсьць некалькі ягоных артыкулаў (гл. тут: nashaziamlia.org/2007/08/19/857; nashaziamlia.org/2007/10/01/913; nashaziamlia.org/2007/12/25/1104). Самы вядомы твор пана Пятра – праграма НОРНА (дэшыфруецца як “Нацыянальнае вызваленьне рускага народу”; гл. www.velesova-sloboda.org/right/norna.html), якую мы яшчэ, калі дазволіць час, будзем аналізаваць. Інфармацыю пра апошнія яго дзеяньні мы падалі тут nashaziamlia.org/2010/03/30/3202.

Аднак у нас выклікае засьцярогу некалькі момантаў:

– Хамякоў шчыльна кантактуе з вядомымі расейскімі імперыялістамі;

– ва Ўкраіне ў кампаньёны ён узяў пана Карчынскага – вельмі падазроную асобу, якая, па пэўных зьвестках, мае кантакты з Партыяй рэгіёнаў Януковіча;

– яго некаторыя заявы патыхаюць таннай піяраўшчынай і папулізмам;

– абяцаны Міжнародны антыімперскі з’езд ён так і не правёў (адмяніў).

У выніку атрымліваецца, што нягледзячы на тое, што пан Хамякоў значна вышэй узьняўся па драбіне пазітыўных антыімперскіх дзеяньняў, каротка апісанай намі ў раздзеле 2 данага артыкула, стаўленьне ў нас да яго застаецца досыць насьцярожаным.

Такое ж стаўленьне мы раім мець і нашым чытачам. На ўсялякі выпадак…

Найбольш прасунутым рускім нацыянал-дэмакратам (хаця, на наша меркаваньне, таксама не без шчарбінкі) мы лічым спадара Аляксея Шырапаева. Яго погляды эвалюцыянавалі ад манархісцкіх і праваслаўных пазіцый да нацыяналізму, нэапаганства і антыімперыялізму. Ён аўтар кнігі “Турма народу: Рускі погляд на Расею” (М., 2001), у якой супрацьпастаўляе “аўтарытарнай Масковіі” “дэмакратычную Наўгародскую рэспубліку”.

Хто жадае пазнаёміцца зь сёньняшнімі поглядамі Шырапаева, можа пачытаць матэрыялы, выстаўленыя, напрыклад, тут: http://lj.rossia.org/users/shiropaev; http://shiropaev.livejournal.com; www.velesova-sloboda.org/rhall/shiropaev-mogila-neizvestnogo-nasilnika). На нашым сайце таксама ёсьць зь дзесятак яго артыкулаў (каб іх знайсьці, у акенцы пошуку набярыце “Шырапаеў“).

Пан Аляксей таксама разумее, што Расею трэба дзяліць на нацыянальныя дзяржавы, пажадана – мірным шляхам. І да гэтага трэба рыхтавацца. Натуральна, ён клапоціцца пра тое, каб і ў рускіх была свая дзяржава, разьмешчаная ў еўрапейскай частцы сучаснай Расеі. Што зразумела…

Зыходзячы з усяго адзначанага, на сёньня атрымліваецца, што найбольш падыходзячай кандыдатурай з рускага народу для перамоваў з намі – зьмястоўнымі беларускімі дэмакратамі – і такімі, як мы прадстаўнікамі іншых суседніх народаў зьяўляецца спадар Шырапаеў (фіксуем як Д пр-п 87а).

Вядома, што далейшыя падзеі могуць зьмяніць данае меркаваньне. Аднак на сёньняшнім этапе аналізу ўзьнятай праблемы мы прапануем менавіта такі варыянт…


2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    “нагадаем, уся Смаленшчына, поўдзень Пскоўшчыны і захад Браншчыны, а таксама большая частка былой Усходняй Прусіі павінны ўвайсьці ў склад будучай Вялікай Літвы-Беларусі”

    Гэта спрэчнае сьцверджаньне. Маем шмат праблем з сёняшнімі грамадзянамі, а з беларусамі з захаду Расеі, якія лічаць сябе рускімі…

  2. Рэдакцыя кажа:

    Спадар Сяргей.
    Мы для таго і фармулюем прынцыпы Беларускай дактрыны, каб разабраўшы ўсебакова (на грунце нацыянальнай і сацыяльнай СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ!!!) чарговае актуальные для беларускага народу пытаньне, прыняць прынцыповае рашэньне і потым на гэтае рашэньне АБАПІРАЦЦА, а не пераглядаць пытаньне зноў і зноў па 10 разоў. Бо інакш мы ні да чаго не прыйдзем.
    Акрамя таго, нагадаем, дактрынальныя прынцыпы вызначаюць кірунак руху. Г.зн., што ў пытаньні пра будучую дзяржаўную прыналежнасьць Браншчыны, Смаленшчыны, Пскоўшчыны, Калінінградчыны гаворка ідзе пра СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ, якая раней ці пазьней мусіць быць адноўлена, інакш добрага жыцьця нам не дачакацца…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы