nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Яскраваму прадстаўніку беларускай нацыянальнай эліты – Барысу Кіту – споўнілася 100 гадоў. Шчыра віншуем юбіляра!

красавік 7, 2010 | 4 каментарыя

Рэдакцыя

d091d09ad196d182


Гэтага выбітнага беларуса – на шчасьце, усё яшчэ нашага сучасьніка – ведаюць асабіста многія беларусы. У тым ліку і гарадзенцы, у тым ліку і мы. Ён прыязджаў у пачатку 1990-х ў Беларусь, быў і ў Гародні. Яшчэ больш беларусаў ведаюць пра яго з кніг, артыкулаў, радыёперадач, зь сеціва. Сапраўды, з нашых сучасьнікаў нароўні зь ім па сваёй грамадскай значнасьці быў бадай што Васіль Быкаў.


Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў беларускай сям’і. Бачыў абедзьве рэвалюцыі. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Пазьней Барыс Кіт скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, затым Наваградскай гімназіі. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны (пад час Другой сусьветнай вайны ледзь ня быў расстраляны немцамі). Каб ня быць зьнішчаным бальшавікамі, у канцы вайны эміграваў у Нямеччыну, а ў 1948 годзе – у ЗША. Там працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амерыканскіх праектах палётаў у космас, у тым ліку на Месяц, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій.

Лідзія Савік аўтарка кніг пра Барыса Кіта «Вяртаньне» і «Космас беларуса» – сьцьвярджае, што больш за ўсё яе ўражвае Кіт-настаўнік, педагог, асьветнік: “Ён заўсёды імкнуўся вучыць дзяцей. Нават калі ён займаўся амерыканскімі касьмічнымі дасьледаваньнямі, ён працягваў працаваць у Вашынгтонскім Мэрылэндзкім унівэрсытэце, выкладаў матэматыку – гэта яго любімы прадмет. На радзіму ён прыехаў у 1992 годзе з ідэяй заснаваць беларускі нацыянальны ўніверсітэт па тыпу Оксфарда ці Кембрыджа. Нават распрацаваў праграму гэтага ўніверсітэту, з запрашэньнем замежных вучоных. Мы ўсе тады марылі, што будзе адкрыты такі ўніверсітэт. Ён ужо і спонсараў пачаў шукаць для такога ўніверсітэту, і знайшоў бы іх… Але ўлада перамянілася. Пасьля таго, як у нас зьмянілася ўсё для беларускай справы ў горшы бок, ён на Беларусь больш не прыяжджаў. Але пачаў рабіць усё магчымае для радзімы: ён заснаваў прэмію для навукоўцаў імя Барыса Кіта, дапамагаў у выданьні кніг, многія нашы студэнты езьдзілі на стажыроўку, ён быў спонсарам рабочай нямецка-беларускай групы, заснаванай пры ўніверсітэце Бэрліну“. І яна ж дадае: “Гэта чалавек-эпоха. Цэлае стагодзьдзе чалавек пражыў і зрабіў столькі, колькі, можа, ня зробяць многія іншыя ўніверсітэты ці ўстановы”.

У сваю чаргу Радзім Гарэцкі, які пазнаёміўся са спадаром Барысам, калі той прыяжджаў на Бацькаўшчыну, сьцьвярджае, што Барыс Кіт яму сам казаў, што яго жыцьцёвае крэда – “Усё, што я рабіў у жыцьці, я рабіў для радзімы і яе славы“.

Спадар Барыс адзначыў стогадовы юбілей разам зь сям’ёй, жонкай Тамарай Казевіч, сынам Віктарам і іншымі сваякамі, якія прыехалі да яго з Амерыкі ў Нямеччыну, дзе ён апошнім часам жыве, у Франфуркце-на-Майне.

Учора, 6 красавіка, у Менску ў перапоўненай зале Палаца мастацтваў прайшла вечарына, прысьвечаня 100-годдзю Барыса Кіта.

Рэдакцыя сайта Нашазямля.орг і аргкамітэт БДР далучаюцца да ўсіх, хто жадае спадару Барысу Кіту здароўя, яшчэ многіх гадоў жыцьця і  радасьці ад посьпехаў блізкіх, ад прыемных зьвестак зь Беларусі. Жадаем спадару Барысу дажыць, як мінімум, да таго часу, калі ён пабачыць перамогу сапраўднай беларускай дэмакратыі на яго Бацькаўшчыне!


P.S.

Усе, хто жадае паглядзець кароткае відэа з Барысам Кітам, можа зрабіць гэта па наступным адрасе: http://www.svaboda.org/content/article/2003011.html


4 каментарыя

  1. Яўген Мурашка кажа:

    Нашы віншаваньні Вялікаму сыну нашай Бацькаўшчыны.
    26.04.-9 года мы сустракаліся са Сп.Барысам і яго верным сябрам і паплечнікм Сп.Тамарай у Франкфурце на Майне. Апошнія 35 гадоў яны ідуць разам па жыцьці.
    Што нас уразіла дык гэта яго жыцьцёрадаснаснасьць, імпэт, рухавасьць. Не кожнаму з нас. такое дадзена у жыцьці
    Ад’яджалі з цяжкімі уражаньнямі ад таго, што гэты чалавек сьвету, 35 гадоў жыве у невялічкім пакоі у гатэлі на пэнсію атрыманую ім ад ураду чужой краіны. Наша ж улада ушчэнт забыла яго, яго заслугі на карысьць навукі, беларускаму народу і яго дзржаве. Усе сваі сродкі ён выдадкаваў на дапамогу беларускаму грамадству і беларускае грамадства удзячна яму за гэта і ніколі не забудзе яго жыцьцёвы подзьвіг. Мы і цяпер падтрымліваем зь ім сувязь, не менш раза на тыдзень абменьваемся з ім навінамі, і думкамі. Толькі вось шкада, што ён жыве далека ад нас.
    Жадаем яму працягваць свой няпросты жыцьцёвы шлях.
    Сваім жыцьцем ён даказаў усім што – і адзін у полі ваяр.
    Дзякуй яму за гэта.
    З павагай.
    Я.Мурашка.

  2. Сп. Барыс Кіт, сапраўды, сваёй працай праславіў беларускі народ. Гэта і ёсць прадстаўнік нацыянальнай эліты Беларусі, жывая легенда. Геніальны чалавек, а ў стасунках такі ж просты, як любы беларус. Нават і не скажаш, што працаў ў НАСА. Дай бог яму здароў’я і яшчэ гадоў жыцця.

  3. Siarhiej кажа:

    Барыс Кіт ажыццявіў амаль усё што хацеў. Але колькі беларусаў перажылі і перажываюць трагэдыю нерэалізаваных магчымасьцяў тут на Беларусі!

  4. Яўген Мурашка кажа:

    Siarhiej
    Так будзе працягвацца пакуль беларускі народ не усьведаміць сябе паўнавартасным гаспадаром на сваёй зямлі.
    Верым, што гэты час не за Цяньшанскім храбтом.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы