Алесь Астроўскі
Кожны раз з нагоды наступленьня сапраўднай вясны і чарговай гадавіны працы рэдакцыі мы апісвалі які-небудзь каляровы аб’ект, які праз свае ўласьцівасьці мадэляваў тую ці іншую зьяву грамадскай рэчаіснасьці. Гэтую ролю ўжо выканалі беларускія шахматы, кубік Рубіка, дзіўны ваўчок. Сёньня пагаворым пра магчымасьць выкарыстаньня кампутарнай гульні “Тральшчык-Сапёр” (англ. “Minesweeper”) як мадэлі працэсу пазнаньня нашай рэчаіснасьці (гэтая гульня ёсьць ці ня ў кожным кампутары, бо ўключана ў стандартны набор праграмаў Windows).
Спачатку зьвернем увагу на адну істотную асаблівасьць нашага сайта. Тое, што ён унікальны ў сваім родзе ў беларускамоўнай (і нават шырэйшай) прасторы сеціва, цяпер, думаем, відавочна многім. Больш за 4 гады таму мы яго задумвалі такім не з-за таго, што мы такія ўжо крутыя адмыслоўцы-ідэолагі, а таму, што ўсьведамлялі ключавую неабходнасьць менавіта такога сайта для вырашэньня праблем нашага беларуска-літвінскага народу (і ня толькі нашага).
Галоўнае, на што мы былі нацэлены ад пачатку (і што можна ўбачыць ад першых публікацый) – гэта імкненьне стварыць вобраз Будучай Беларускай Дзяржавы (максімальна правільнай, гарманічнай, ідэальна ўладкаванай). Гэты вобраз павінен служыць той “палярнай зоркай”, на якую можна ўвесь час арыентавацца і не зьбівацца са шляху ў час удзелу ў грамадска-палітычным жыцьці, у змаганьні за лепшую будучыню нашага народу. З таго часу ўсё, што мы ні робім на сайце, падпарадкавана гэтай мэце.
Па сутнасьці, нам былі патрэбныя Веды на гэтую тэму.
Аднак, у час спробаў рэалізоўваць, здавалася б, такую элементарную, зразумелую і прыгожую рэч, як дасягненьне ведаў аб аптымальным дзяржаўным уладкаваньні, высьветлілася, што на самой справе ўсё гэта ня так проста. З-за гэтага задачу, якую мы зьбіраліся вырашыць за два гады, мы яшчэ ня выканалі й за ўсе чатыры. Вядома, мы наблізіліся да мэты, але на сёньня канкрэтную дату завяршэньня праекта назваць ужо не адважыліся б.
Па-першае, высьветлілася, што патрэбныя нам веды ёсьць тымі, якія нейкімі сіламі ўтойваюцца. Занадта ўжо многім, хто мае ўладу і грошы, ня хочацца, каб людзі ўсьведамлялі, што зь сябе ўяўляе здаровае (і таму паўнавартаснае, радаснае, сэнсоўнае) грамадскае жыцьцё, якое ўзьнікае ў выніку справядлівага ўнутрыграмадскага ўладкаваньня. Стала зразумелым, што прычына крыецца ў тым, што гэтыя сілы толькі тады і атрымліваюць свае соцыяпаразітныя прыбыткі і звышпрыбыткі, калі скажаюць і калечаць людскія жыцьці.
Баронячы свае соцыяпаразітныя інтарэсы, гэтыя злачынныя сілы ня толькі хаваюць неабходныя нам (дый усім іншым людзям) веды, ня толькі шантажуць, падкупляюць, забіваюць тых, хто наважыўся такія веды знайсьці ці іх прапагандаваць, але зашумляюць сапраўдныя грамадазнаўчыя веды масай самых розных псеўда-навуковых ідэалогій, соцыяпаразітны зьмест якіх (калі яго выявіць), як правіла, лёгка выводзіць на адпаведную сілу-заказчыка.
Але, з іншага боку, таксама высьветлілася, што і многія простыя людзі, якія зьяўляюцца аб’ектам паразітаваньня, сьхіляюцца да жыцьця ў сьвеце міфаў, ілюзій – у прынцыпе, часта імкнуцца жыць у хворым, скажоным сьвеце (а дакладней – у сваім скажоным сьветаўяўленьні). Там ім утульней.
Такое імкненьне прадстаўнікоў масы нельга лічыць нармальным. Ня можа чалавек любіць, каб яго эксплуатавалі. Гэтая сітуацыя нагадвае паводзіны наркамана, які цягнецца да сваёй наркаты і адрынае здаровае, паўнавартаснае жыцьцё, хаваючыся ў сьвет мрояў, галюцынацыяў, кайфу… Пры гэтым і яму самаму і ўсім іншым вядома, што закончыць ён сваё існаваньне, ідучы па гэтай вузкай сьцежцы, толькі сьмерцю. Таму дазвол на мазахісцкую эксплуатацыю сябе ёсьць формай сацыяльнай паталогіі. На жаль, вельмі распаўсюджанай.
Даная сітуацыя выдатна паказана ў культавым фільме “Матрыца” (дарэчы, менавіта гэты зьмест фільма, а не галівудскія стралялкі-штурхалкі зрабілі гэты фільм культавым). Памятаеце, у ключавы момант фільма Морфіюс дае галоўнаму герою Нэа на выбар дзьве пілюлі. Калі ён праглыне адну зь іх, ён апынецца ў непрыемнай, але сапраўднай рэчаіснасьці, калі іншую – вернецца ў сьвет мрояў, які яму проста ў мозг уводзіць суперкампутар. Нэа абірае рэчаіснасьць. А гэта значыць – Праўду, Веды, якімі б горкімі яны не былі. І толькі праз гэты шлях становіцца Абраным. А затым, у сваю чаргу, толькі Абраны можа перамагчы зло сацыяльнага паразітызму… (што па кантэксьце фільма зразумела ўсім)
Мы, у рэдакцыі, таксама прыйшлі да высновы, што дапамагчы нашаму народу дасягнуць высокіх мэтаў могуць толькі горкія пілюлі Праўды і Ведаў. І мы ўвесь час імкнемся ісьці гэтым шляхам. Таму мы прынялі, што, нягледзячы ні на якія спакусы, наша мэта нам важней за ўсё. (па сутнасьці, мы выступаем у ролі Морфіюса)
Найчасьцей такі шлях практычна азначае, што ў сітуацыі выбару паміж добрымі ўмовамі руху (напрыклад, вельмі камфортнымі, бо забясьпечанымі матэрыяльна) і правільнай накіраванасьцю руху (затое малакамфортнага), мы заўсёды абіраем другое. Бо першае – гэта заўсёды служба на чужыя інтарэсы, а другое – служба ў імя аб’ектыўных інтарэсаў нашага беларуска-літвінскага народу! І толькі другое мае Сэнс.
Патлумачым пададзенае на сьхеме (гл. зьлева). Уявім сабе, што мы знаходзімся ў месцы сіняй кропкі А (хай яна пазначае сёньняшні стан нашага грамадства), а нам трэба трапіць у бэзавую кропу Б (будучы, практычна аптымальна ўладкаваны стан нашага грамадства). Якія шанцы трапіць у кропку Б ёсьць у тых, хто мае вялікія рэсурсы для грамадска-палітычнай дзейнасьці, але для іх неістотнай ёсьць мэта, сэнс іх дзейнасьці (кропка Б), і таму яны іх ня ведаюць, альбо наўмысна ігнаруюць (інакш грошы не дадуць)? Грамадскі рух такіх сіл (асоб) на сьхеме паказаны чорнымі стрэлкамі. Бачна, што 50% зь іх адразу пойдуць у кірунку, які будзе аддаляць іх ад кропкі Б, а 50% будуць спачатку больш ці менш працяглы час набліжацца да кропкі Б, а затым (па дасягненьні зялёнай кропкі на іх шляху) – таксама аддаляцца. І толькі сілы, якія дакладна скіраваныя на кропку Б (а г.зн. такія сілы, якія ня столькі адмаўляць грошы, як адзін з чыньнікаў грамадска-палітычнай дзейнасьці, колькі ва ўмовах абавязковасьці выбару паміж альбо камфортнасьцю грамадска-палітычнага руху, забясьпечанага грошамі, альбо строгай накіраванасьцю сваёй дзенасьці на сэнсоўную грамадска-палітычную мэту, заўсёды абіраюць такую мэту, адкідаючы іншае), маюць шанец раней ці пазьней яе дасягнуць.
Вось у чым першаснае (а, дакладней, вышэйшае) значэньне адэкватнага і максімальна дакладнага ўяўленьня пра Будучую Беларускую Дзяржаву. Вось чаму горыч Праўды рэчаіснасьці, цяжкасьць здабыцьця неабходных Ведаў, якія стаяць на нашым шляху да высокай беларускай мэты, мы павінны нібы не заўважаць, а спакусы – ігнараваць. Дакладна так, як зрабілі Морфіюс, Нэа ды іншыя станоўчыя героі фільма “Матрыца”.
Такім чынам, на чале ўсяго – веды. Іншага ня дадзена…
А як здабываюцца веды?
Яны здабываюцца праз інтэлектуальную дзейнасьць, накіраваную на пазнаньне рэчаіснасьці, калі невядомае пераўтвараецца ў вядомае. Прыкладна так, як паказана на сьхеме зьлева стрэлкамі. Прычым, пазнаньне гэтае дзеліцца на два этапы: калі невядомае для чалавецтва пераўтвараецца ў вядомае для яго ў асобе хаця б аднаго навукоўца (першы этап) і калі невядомае для нейкай групы людзей, але вядомае для чалавецтва, пераўтварацца ў вядомае для гэтай групы людзей (другі этап). Натуральна, што ў найбольшай ступені наша праца адбываецца па мадэлі другога этапу. Адзінае, што пры гэтым бывае, што тое-сёе мы мусім (з-за вышэй адзначаных абставін) не вычытваць аднекуль, а рэальна адкрываць (хаця б і самі для сябе). Што пры гэтым належыць першаму этапу пазнаньня, а што другому – нам невядома…
І вось тут час распавесьці пра яшчэ адну асаблівасьць здабыцьця ведаў аб нашай рэчаіснасьці, для дэманстрацыі якой якраз і падыходзіць кампутарная гульня “Тральшчык-Сапёр”, пра якую была гаворка ў самым пачатку артыкула. Зьвярніце ўвагу, там дакладна бачны феномен, што новыя веды здабываюцца на перадавой мяжы ўжо існуючых ведаў й на іх грунце (гл. малюнак у пачатку артыкула: шэрае поле невядомага знаходзіцца справа, тое, што стала вядомым, – зьлева; вядомае ўключае веды пра тое, дзе знаходзяцца міны (пазначаны сьцьжкамі), а таксама веды пра тое, дзе могуць знаходзіцца бліжэйшыя міны на полі невядомага, што пазначана лічбамі). Відаць, такі шлях здабыцьця новых ведаў можна назваць тыповым. Гэты шлях найбольш распаўсюджаны.
Калі ж нешта ў невядомым становіцца вядомым амаль бяз сувязі з папярэднімі ведамі, такія моманты пазнаньня можна назваць адкрыцьцямі (яны адбываюцца за кошт інтуітыўных азарэньняў ці з дапамогай новых тэхналагічных рашэньняў). Сімвалічна гэта пазначана адкрытай клеткай зь лічбай “2”, якая знаходзіцца глыбока на полі невядомага.
Калі гульню рабіць на дастаткова вялікім полі (напрыклад, памерам 20 х 30 клетак), можна ўбачыць яшчэ зьявы, якія сімбалізуюць навуковыя рэвалюцыйныя прарывы ў новыя галыны ведаў.
Ну, і натуральна, гульня паказвае, што чакае чалавека, калі ён паспрабуе пахадзіць па полі невядомага без аб’ектыўных ведаў, пад кіраўніцтвам міфаў – г.зн. рызыкне хадзіць па мінным полі, ня ведаючы, дзе знаходзіцца міны.
У гульні “Тральшчык” ёсьць магчымасьць рэгуляваць яе ўмовы. Праз гэта адкрылася яшчэ адна асацыятыўная карысьць гэтай гульні. Аказалася, што чалавеку, як правіла, становіцца нецікава гуляць у гэтую гульню пры двух скрайніх умовах: калі мінаў на полі расстаўлена замала і з-за гэтага разьмінаваньне становіцца вельмі простым (першы скрайні варыянт), і калі мінаў расстаўлена зашмат і з-за гэтага разьмінаваньне ператвараецца альбо ў бесперапынныя падрывы, альбо ў чыстую адгадайку. Тады разьмінаваць усё поле можна толькі, калі шмат разоў запар пашанцуе – паспрыяе лёс (гэта другі скрайні варыянт). Аптымальная ж настройка гульні, як на мой густ, складае 15-20% мін адносна колькасьці клетак, прысутных на дошцы. Тады можна праверыць свае веды-навыкі на фоне аптымальнага ўзроўню рызыкі (дарэчы, неабходнасьць такой рызыкі паказана і на малюнку – ніводную свабодную ад мін клетку на полі невядомага немагчыма прадказаць; пазначана пытальнікамі).
Такім чынам, гульня “Тральшчыка” дадаткова паказавае, што псіхіка чалавека ня любіць як вельмі простых праблем, якія для свайго вырашэньня не патрабуюць амаль ніякіх ведаў і высілкаў (г.зн. такіх сітуацыяй, калі твае асабістыя якасьці нічога ня значаць, бо іх няма да чаго прыкласьці), так і праблем невырашальных (сітуацый, калі ўсё за цябе вырашае лёс – у асноўным негатыўны – а ты зноў, нягледзячы ні на якія свае здольнасьці ды ўменьні, зьяўляешся ўсяго толькі аб’ектам узьдзеяньня нейкіх вышэйшых сіл).
У любой справе псіхічна паўнавартасны чалавек ня любіць стану аб’ектнасьці, ён хоча быць суб’ектам.
Нам, у рэдакцыі, падаецца, што складанасьць дасягненьня нашай беларускай мэты ў цэлым адпавядае сітуацыі неабходнасьці вырашэньня хаця і вялікай, і складанай, але далёка не безнадзейнай для практычнага вырашэньня (з-за сваёй непад’ёмнай цяжкасьці) праблемы. Што колькасьць “мін” на нашым шляху ў сьветлую будучыню не перавышае 15-20%…
Цікава з метадалагічнага боку. Даўно ня веру заімшэлым схемам. Менавіта гульня можа адрозьніваць чалавека, які ўжо духоўна згас і жыве жыцьцём зомбі, ад яшчэ персьпектыўнага, з кім можна нешта такое вясёлае вычварыць. Дарэчы, і ў стане соцыяпаразітаў гэтае дзяленьне актуальнае. У кожнага чалавека ёсьць шанец вярнуцца да сябе, толькі адны спалілі ўжо сабе масты на гэтым шляху, другія не, а трэцім і вяртацца ня трэба – яны ёсьць homo ludens.
З навуковага боку бачу слабое месца. Калі кучка зярнятаў? Філосафы даказалі: калі іх тры. А калі “замала мін”, калі “зашмат”?
Зычу аўтару разьвіваць гэтую метадалогію праз папяровыя публікацыі. Метасістэматалогія, пададзеная проста – гэта нейкі баль розуму.