Рэдакцыя.
Мы выходзім з-пад чарговай хвалі тэхнічных праблем і плануем патроху пачынаць выконваць тое, што планавалі й павінны рабіць. На гэты раз падаем матэрыял, падрыхтаваны Галінай Абакунчык пра Кастуся Тарасава, які памёр роўна месяц таму (22 сакавіка) на 70-м годзе жыцьця (падаецца паводле www.svaboda.org/content/transcript/1990831).
Кастусь Тарасаў быў вядомым пісьменьнікам, гісторыкам, дзеячам нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі. Ён крыху не дажыў да свайго 70-годдзя. У красавіку 2006 году пісьменьнік перанёс інсульт.
У розныя гады Тарасаў быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі ў выдавецтве «Вышэйшая школа», журналістам і загадчыкам аддзела газеты «Знамя юнацтва», рэдактарам аддзела мастацтва і крытыкі часопіса «Нёман», сьпецыяльным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1990 году — адказны сакратар часопіса «Спадчына». Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у газеце «Свабода».
Тарасаў пісаў на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесьцяў «День рассеяния», «В час Стрельца», «Странствие в тесном кругу», «Погоня на Грунвальд», зборніка гісторыка-літаратурных эсэ «Памяць пра легенды».
Сярод вядомых у Беларусі людзей, хто быў блізка знаёмым і найлепш ведаў Кастуся Тарасава, ёсьць былы галоўны рэдактар часопіса «Спадчына» Вячаслаў Ракіцкі, які дзеліцца сваімі ўспамінамі:
«Мяне лёс зьвёў з Кастусём у самы рамантычны і змагарны перыяд найноўшай гісторыі — пры канцы 1980-х. Кастусь і сам быў рамантыкам, чалавекам, які драматычна перажываў лёс Беларусі. Магчыма, нават ня меней, чым свой асабісты. Мы разам стаялі суткамі перад Домам ураду, патрабуючы свабоды і незалежнасьці краіны. Я з захапленьнем слухаў ягоныя рэзкія прамовы на мітынгах. Я чытаў і перачытваў ягоныя гістарычныя раманы. І ніколі не забуду тыя дыскусіі ў Доме літаратара і рэдакцыі “Літаратуры і мастацтва”, у якіх ягонае слова было ці ня самым аўтарытэтным. Кастусь трызьніў свабодай, верыў у яе і, маючы ці не найглыбейшыя веды па гісторыі краю, разумеў, якім няпростым будзе шлях да Беларусі.
І мы працавалі з Кастусём Тарасавым разам. Самыя лепшыя дні свайго жыцьця я зьвязваю з працай у часопісе “Спадчына” і перадусім з супольнай працай з Кастусём Тарасавым. Было так цікава, так плённа. Вяртаючы згубленую, скрадзеную інтэлектуальную спадчыну беларусаў, мы разумелі, асэнсоўвалі, што робім. Ганарыліся гэтым. Кастусь ня проста ведаў гісторыю Беларусі, ён бачыў яе вобразна, у драматычных калізіях, ён успрымаў яе вельмі нервова. Тое, што “Спадчына” была ня проста пасьпяховым часопісам, але нават культавым, найвялікшая заслуга Кастуся. Зь ім нельга было рабіць часопіс сухі. Ён напаўняў эмоцыямі кожны працоўны дзень, кожны тэкст, які мы рыхтавалі да друку. Часопіс быў жывым, бо ў ім было нервовае, далікатнае, тонкае сэрца Кастуся.
Не магу і не хачу верыць, што яно спынілася…»
Доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч узгадвае Кастуся Тарасава як рупліўца на ніве адраджэньня гісторыі Беларусі:
«Я знаёмы зь ім быў даўно, калі ён быў яшчэ зусім маладым гісторыкам. Ён тады выдаваў кнігу пра Грунвальдскую бітву, 600-годзьдзе якой мы сёлета сьвяткуем. Нягледзячы на яго тэхнічную адукацыю, ён вельмі дасканала разгледзеў усе спрэчныя пытаньні і паказаў менавіта беларускае значэньне гэтай бітвы. Першы сярод маладых гісторыкаў-пісьменьнікаў. У яго таксама ёсьць вельмі добрае выданьне самых асноўных падзеяў у гісторыі Беларусі, пачынаючы ад Полацкага княства і да ХІХ стагоддзя. Прычым, калі ён браўся за штосьці, ён браўся сур’ёзна, грунтоўна. І я, калі пісаў рэцэнзіі наконт выданьня гэтых кніг, заўсёды рэкамэндаваў выдаць, бо яны былі сур’ёзныя, навуковыя і ў той жа час цікавыя».
Як прыязнага чалавека і добрага сябра ўзгадвае Кастуся Тарасава былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне, мовазнаўца Пятро Садоўскі:
«Гэта сябра мой: вясельле маёй дачкі спраўлялі на ягоным лецішчы ў Зялёным, бываў ён у мяне дома часта і я ў яго, новы год сустракалі. Чалавек ён быў мяккі і добры, па-свойму ціхі. Ведаеце, у кожнага чалавека бываюць хвіліны, калі цяжка, калі хочацца з кімсьці пабыць і пагаварыць. Памятаю, што аднойчы ў мяне штосьці не атрымоўвалася ў Менску. Не ў асабістым жыцьці, а ў нейкіх справах. Я памятаю, што паехаў да яго на лецішча, ён таксама быў вельмі рады, што я прыехаў. Дождж ішоў і вось сядзелі мы гэтак размаўлялі, пілі пакрысе штосьці. Проста гэта быў такі чалавек, зь якім мне заўсёды было вельмі добра. Я ніколі не стараўся перад ім падаць сябе як нейкага занадта разумнага, ці дужага, ці яшчэ якога. Зь ім проста адпачывалася душой і ён быў мне вельмі блізкім чалавекам. Цяжка гаварыць — кажу вам па шчырасьці».
Сябра Таварыства беларускай мовы Алена Анісім удзячная Кастусю Тарасаву за ягоную пісьменьніцкую, а таксама і арганізацыйную працу.
«Кастусь Тарасаў — гэта дастаткова самабытны пісьменьнік і вельмі індывідуальны. Яшчэ ніхто, відаць, не займаўся ягонай творчасьцю, як пісьменьніка. І ніхто яшчэ не займаўся ацэнкай той ролі, якую ён выканаў у літаратурным напрамку. У падняцьці з гісторыі, зь нябыту, у пераасэнсаваньні розных выбітных асобаў нашай гісторыі. Цяжка казаць, бо мелася патэлефанаваць яму перад выходнымі і сказаць, як мяне ўразіў артыкул пра Булгарына. Але закруцілася, забылася і вось атрымліваецца, што не пасьпеў — значыць, не пасьпеў: рабі адразу тое, што хочаш. Кастусь Тарасаў вельмі добразычлівы чалавек, а для мяне асабліва. Безь яго, фактычна, газета „Новы час“ і не была б заснаваная. Бо гэта была ягоная ідэя, назва газеты ім прыдуманая. Таму „Новы час“ распачыналася з Кастусём Тарасавым. Гэта ўнікальная асоба».
Рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль перакананы, што адыход Кастуся Тарасава для беларускай гісторыі і літаратуры ёсьць вялікай стратай:
«Я ад гэтай весткі не магу апомніцца — яна дастаткова нечаканая ў тым сэнсе, што рэдакцыя газеты „Новы час“ супрацоўнічала з Косьцем. Ён аднавіў сваю працаздольнасьць, вельмі гарэў працай і мы друкавалі адзін нарыс за другім. У нашай папцы засталіся яшчэ два нарысы Косьці, якія абавязкова будуць надрукаваныя ў наступных нумарах. Бо гэта боль, і спачуваньне, і шкадаваньне, і разгубленасьць. Нам здавалася, што бяда ўжо адступіла і ён яе пераадолеў. І ён гэтаксама лічыў і хацеў толькі аднаго: пісаць, пісаць і пісаць. Завершыць тое, што ён зрабіў.
Косьцю ведаю даўно. Гэта таленавіты чалавек, вельмі адукаваны, дасьведчаны. Апантаны гісторыяй і беларушчынай. Зробленае ім, безумоўна, застанецца, але колькі засталося яшчэ нязробленага. Так што гэта вялікая страта і для беларускай гісторыі і для беларускай літаратуры.
У „Новым часе“ мы зьмясьцілі ягоную аповесьць, як ён і прасіў, у інтэрнэт-вэрсіі, а не ў друкаваным фармаце. Бо ён лічыў, што гэтак больш людзей яе здолеюць прачытаць. Сьпяшаўся, сьпяшаўся, сьпяшаўся. Але, на жаль, не пасьпеў. Гэта трагедыя».
Ад рэдакцыі:
Хочам дадаць некалькі цёплых словаў і мы, паколькі некаторыя зь сябраў рэдакцыі таксама асабіста ведалі спадара Кастуся.
Справа ў тым, што ў 1986-м, калі ў Гародні пачаў дзейнічаць клуб “Паходня”, да нас пару разоў прыязджаў Кастусь Тарасаў, якога запрашалі на паседжаньні Міхась Ткачоў і Мікола Таранда. Вось тады мы і пазнаёміліся з гэтым чалавекам. Найбольшае ж значэньне мела ў тыя часы кніга спадара Кастуся “Памяць пра легенды”. Кніга, на жаль, была на рускай мове, але мела стратэгічнае значэньне для таго, каб адрынуць накінутае нашымі ворагамі ўяўленьне пра беларускі народ, як сялянска-лапатны, і ўбачыць сапраўдную веліч беларусаў-літвінаў, пачаць ганарыцца нашай сапраўднай культурай і гісторыяй.
Няхай шаноўнаму пану Кастусю Тарасаву зямля будзе пухам.
Юнаком узахлёб прачытаў кнігу на рускай мове “Пагоня на Грунвальд”, тады і не ведаў нават хто яе напісаў, але нават і гэта невялічкая кніга паспрыяла далейшай зацікаўленасці да гісторыі Бацькаўшчы. Напэўна я не адзін такі. Вось так маленькае зерне, кінутае ў глебу, нараджае колас.