Матэрыял, які пададзены ніжэй, узяты зь сёньняшняга сайта радыё “Свабода” (http://www.svaboda.org/content/article/2106049.html). Мы верым: калісьці ўсе этнацыдчыкі па поўнай адкажуць за свае злачынствы, зьдзейсьненыя супраць нашага народу…
Рэдакцыя.
У гэтыя дні школы Беларусі вызначаюць колькасьць навучэнцаў, якія маюць жаданьне вучыцца па-беларуску. Паводле айчыннага заканадаўства, нават пры наяўнасьці адной заявы на гэта адміністрацыя навучальнай установы мусіць ісьці насустрач жаданьням бацькоў і дзяцей і арганізоўваць беларускамоўнае навучаньне. А як выглядае справа на практыцы?
БЕРАСЬЦЕ
На Берасьцейшчыне ў буйных гарадах, за выключэньнем абласнога цэнтра, зусім няма беларускамоўных школ або класаў. У вёсках сітуацыя іншая — прыкладна 50% школ цалкам беларускамоўныя.
Сьпецыялісты гарадскога аддзелу адукацыі Берасьця кажуць, што для стварэньня беларускамоўнага класу дастаткова толькі заявы бацькоў. Калі дзіця паступае ў школу, бацькі, афармляючы дакументы, пазначаюць, на якой мове жадаюць навучаць сваё дзіця. І такая заява павінна быць задаволеная.
Удакладняе супрацоўніца Берасьцейскага гарана: “У любым класе: першым, сёмым, паводле заявы бацькоў мы можам весьці адукацыю дзяцей на пажаданай мове. Але за апошнія 7 гадоў да нас не паступіла ніводнай заявы”.
Пры гэтым у Берасьці існуе гімназія, дзе навучаньне вядзецца выключна на беларускай мове. Навучальная ўстанова ня ведае праблемаў з вучнямі. Беларускамоўныя класы, як адзначаюць сьпецыялісты гарадскога аддзелу адукацыі, цалкам укамплектаваныя: “У 3-й гімназіі навучаньне вядзецца цалкам на беларускай мове. Праўда, такая навучальная ўстанова ў нас у горадзе адзіная”.
У Пінску некалькі гадоў таму існавала беларускамоўная школа, паведаміў сьпецыяліст аддзелу адукацыі горада: “Раней існавала 17-я школа зь беларускай мовай навучаньня. Але апошнія некалькі гадоў у нашым горадзе не існуе наагул нават класаў зь беларускай мовай навучаньня“.
У раённым аддзеле адукацыі Пінскага райвыканкаму кажуць, што ў раёне, зрэшты, як і па ўсёй вобласьці, беларускамоўныя школы і класы засталіся толькі ў вёсках: “На сёньня ў нашым раёне існуе прыкладна палова расейскамоўных і палова беларускамоўных школ”.
Старшыня баранавіцкай рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Віктар Сырыцабольш за 70% гараджан назвалі сваёй роднай мовай беларускую, сітуацыя ў адукацыі выглядае зусім па-іншаму. Віктар Сырыца адзначае, што ў горадзе высілкамі арганізацыі распачата стварэньне класа з роднай мовай навучаньня: “У Баранавічах няма ні школ, ні нават класаў зь беларускай мовай навучаньня. А яшчэ чатыры гады таму існавала ў нас чатыры класы. А цяпер усё гэта зьнікла. У гэтым навучальным годзе маем надзею на стварэньне класа з 10—12 дзетак. Цяпер чакаем, што будуць напісаныя заявы ў аддзел адукацыі”. канстатуе, што, нягледзячы на вынікі перапісу насельніцтва, паводле якога
МАГІЛЁЎ
У Магілёве пакуль толькі трое першакласьнікаў гатовыя вучыцца па-беларуску. У аддзеле адукацыі гарвыканкаму заяўляюць, што такой колькасьці вучняў недастаткова для адкрыцьця асобнага класа.
Усяго ў аддзел адукацыі гарвыканкаму пісьмова зьвярнуліся па беларускамоўнае навучаньне для сваіх дзяцей пяцёра бацькоў. Двум дзеткам, аднак, давядзецца пачакаць школы яшчэ год, бо яны замалыя.
“У іх жа будзе пустая класа. Толькі трое чалавек будзе сядзець. А школы ў нас перагружаныя. Можа, яшчэ нехта захоча з бацькоў. Усё, што мы павінны былі зрабіць — мы зрабілі. І сходы праводзілі, і на сайце аб’яву вывесілі, у школах гэта было ўсё агаворана і ў садах размаўлялі зь дзецьмі і бацькамі”, — зазначае супрацоўніца аддзелу адукацыі.
Паводле начальніка аддзелу адукацыі Сяргея Казлова, каб стварыць у Магілёве беларускамоўны клас, неабходна 14-15 чалавек. Фармаваньне класа з трох вучняў — немэтазгодна.
Бацькам пэўнага адказу на пытаньне, ці будзе сёлета беларускамоўны клас у Магілёве, чыноўнікі не даюць: “Я дапытвалася, у якой школе яна будзе, бо для нас гэта вельмі важна. Намесьніца Казлова адказала: мы ня ведаем. Павінны ж яны неяк вызначыцца. Трэба ж падрыхтаваць клас, настаўнікаў — матэрыялы ўсе. Нічога ня робіцца”, — зазначае маці будучай першаклясьніцы Надзея Салаўёва.
ВІЦЕБШЧЫНА
У Віцебску нават у гімназіі №1, якая мае статус нацыянальнай, ужо тры гады не набіраюць вучняў у першыя класы зь беларускай мовай навучаньня.
У гэтай навучальнай установе, якая лічыцца адной з самых прэстыжных у горадзе, і раней беларускамоўнай была толькі пачатковая школа. Цяпер тут цалкам перайшлі на выкладаньне па-расейску, а на роднай мове — толькі гісторыя Беларусі.
Самы апошні набор у класы зь беларускай мовай навучаньня быў у сярэдняй школе № 40. Вось што распавяла сакратарка навучальнай установы, якая цяпер займаецца прыёмам дакументаў: “Такога класу ў нас ня будзе. Раней быў, але ўжо летась не набіралі, і цяпер ня будзе. Ну, раней у нас была настаўніца-энтузіястка, Бурда Сьвятлана Ёсіфаўна. Але цяпер яна працуе загадчыцай дзіцячага садку ў Кастрычніцкім раёне, яе больш у нас няма. А раней да нас езьдзілі дзеці з усяго гораду“.
Беларускамоўны клас трымаўся выключна на ініцыятыве настаўніцы. Бо цяпер у школе бацькам першакласьнікаў хіба толькі паведамляюць, што гіпатэтычна стварэньне класа з роднай мовай выкладаньня магчымае. Але насамрэч гэта дастаткова складаная бюракратычная працэдура, кажа сакратарка:
“Мы заўжды кажам на бацькоўскіх сходах, і каб былі ахвотныя, то і клас быў бы. Але павінна быць ня менш як 15 чалавек. І то, калі нават заявы будуць, гэта ж ня я вырашаю, я толькі сакратарка, а рашае дырэктар школы разам з загадчыкам раённага аддзелу адукацыі. А потым выканкам павінен зацьвердзіць, гэта ж ня проста так!”
Бадай што адзіны рэгіён у вобласьці, дзе можна атрымаць адукацыю на беларускай мове — гэта Глыбоччына.
У сярэдняй школе № 3 і сёлета будуць беларускамоўныя пачатковыя класы. Яны фармуюцца з пэўнай перспектывай — большасьць вучняў потым ідзе вучыцца ў зноў-такі беларускамоўную глыбоцкую гімназію. Тут вучацца зь пятага класа, у іх якраз ідзе набор вучняў. І толькі адзінкі зь ліку бацькоў час ад часу патрабуюць, каб перавесьці навучаньне на расейскую мову.
Распавяла намесьніца дырэктара навучальнай установы: “Было такое. У нас ёсьць адзін тата, ён былы “аўганец”, дык вось два гады запар ён уздымаў гэтае пытаньне, але большасьцю галасоў бацькоў класы было вырашана, каб на беларускай мове займацца. Гэтае пытаньне ў нас паўставала сёлета, і яно штогод паўстае. Але, я лічу, гэта цудоўна, што ў нас навучаюцца на беларускай мове”.
МЕНСК
Сёлета ў менскай гімназіі № 23 набраныя два беларускамоўныя класы. Аднак, перш, чым патрапіць у сьпісы, бацькам і дзецям давялося пахвалявацца. Бацька першакласьніка Зьміцер Саўка расказвае, што на пачатку году адміністрацыя гімназіі абяцала задаволіць усе заявы на беларускамоўнае навучаньне, затое пасьля… “Адміністрацыя зьмяніла сваё стаўленьне на 180 градусаў. Таму мы былі змушаныя зьвяртацца ў Менгарвыканкам і даводзіць уладам пра невыкананьне адпаведнага заканадаўства. Пярэчаньня не сустрэлі. Школе быў аддадзены загад прыняць усіх дзяцей, якіх мы заяўлялі як першакласьнікаў. Таму 1-га чэрвеня ўжо ніякіх перашкодаў нам у гімназіі не стваралі”.
Зьміцер Саўка лічыць, што больш трывалыя, чым у рэгіёнах, пазыцыі беларускамоўнага навучаньня ў Менску захоўваюцца дзякуючы большай рашучасьці бацькоў: “Звычайна бацькі дзяцей у беларускамоўных сем’ях — гэта актыўныя людзі. Яны — згуртаваныя, згрупаваныя і ўмеюць дамагацца свайго. Практычна штодзень яны змагаюцца за права беларускай мовы гучаць у Беларусі. І спалохаць іх перашкодамі, як гэта было ў сталічнай гімназіі № 23, ніяк не выпадае”.
У Міністэрстве адукацыі пакуль сітуацыю ў беларускамоўным навучаньні камэнтаваць адмаўляюцца.
Паводле статыстыкі, беларускамоўных школ у краіне — амаль 1.900. Але пераважным чынам яны знаходзяцца ў вёсках, таму на роднай мове ў папярэднім годзе навучаліся толькі 18,6% школьнікаў.
Ад рэдакцыі:
З рэпартажу “Свабоды”, як вы бачыце, выпалі Гомельшчына і Гарадзеншчына.
Мы ня ведаем, як выглядаюць справы на Гомельшчыне (наўрад ці лепш, чым па ўсёй Беларусі), але ў Гародні ўжо даўно няма ня тое што беларускай школы, але няма ніводнага класа зь беларускай мовай навучаньня, ні дзіцячага садку, ні нават групы ў дзіцячым садку.
Уся барацьба, спадарове-беларусы, за нашы правы на ўласнай зямлі наперадзе…
“Мова ахоўвае тэрыторыю краіны лепш за жаўнераў” – здаецца так сказаў В.Юшчанка.
Мы – безабаронныя?
Прывітаньне з Украіны!
Трымайцеся! Змагайцеся за свае правы, сваю мову! Мы назіраем тое, што робіцца ў вас, каб ведаць, да чаго нам цяпер самім рыхтавацца. Мы таксама гатовыя біцца да апошняга. Разам мы пераможам, ды адновім дзяржаўнасць нашых паняволяных народаў!
Дзякуй, Dmyt, за словы падтрымкі.
І вы трымайцеся, браты-украіны!