nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ці варта беларусу-літвіну размаўляць з заходнімі дыпламатамі – 2

Ліпень 22, 2010 | 3 каментарыя

Алесь Астроўскі

Як напэўна вядома нашым сталым чытачым, я зьяўляюся прадстаўніком рэдакцыі сайта, які адкрыта ўдзельнічае ў дыскусіях з прадстаўнікамі розных грамадска-палітычных сіл. Досыць паказальнае кантактаваньне ў мяне адбылося паўгады таму з кіраўніком шведскай амбасады ў Беларусі панам Стэфанам Эрыксанам (гл. https://nashaziamlia.org/2009/12/21/2848/#more-2848). Ужо тады стала зразумелым, што такія адкрытыя кантакты маюць сэнс.

За прайшоўчы час мяне даводзілася задаваць пытаньні таксама і кіраўнікам амбасады ЗША ў Беларусі – былым і цяперашнім. У межах той лініі, якую працягвае асьвятляць наша рэдакцыя, хачу пазнаёміць нашых чытачоў з вынікамі  такога кантактаваньня.

1.

Дэйвід Суорц (гл. фота ўверсе зьлева) – у 1992-94 годзе – першы амбасадар Злучаных Штатаў Амерыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Быў адным з арганізатараў візыту прэзідэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь у студзені 1994 году. На працягу 29 гадоў працаваў дыпламатам у Дзяржаўным дэпартаменце ЗША. Займаў розныя дыпламатычныя пасады ў амерыканскіх місіях у Варшаве, Лондане і ў Маскве. У савецкі час быў ў Кіеве кіраўніком групы па адкрыцьці Генеральнага кансуляту. Быў Генеральным консулам у Цюрыху (Швайцарыя) і ў Калгары (Канада). Таксама быў першым кіраўніком Вашынгтонскага Цэнтру па зьмяншэньні ядзернай небясьпекі. Пасьля выхаду на пенсію ў 1995 годзе д-р Дэйвід Суорц – прафесар універсітэту Лорэнс, штат Вісконсін. У 2001-02 гг. – кіраўнік місіі АБСЭ ў Малдове. У цяперашні час д-р Суорц – адзін з выканаўчых дырэктараў Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Паўднёва-заходняга ўніверсітэту, штат Канзас. Жанаты, мае двух дзяцей.

19 студзеня 2010 г. сп-р Д.Суорц адказаў на пытаньні наведвальнікаў сайта радыё “Свабода” (http://www.svaboda.org/discussion/1/119402.html).  Прывяду частку зь іх (у т.л. і маё) і паспрабую прааналізаваць.


Імя:: Алесь

Ці зьмянілася, на вашую думку, палітыка ЗША да Беларусі за апошні год?

Імя:: Госьць

Я лічу, што двухбаковы палітычны кансэнсус ў Злучаных Штатах наконт амэрыканскай палітыкі датычна Беларусі захоўваецца, нягледзячы на зьмены адміністрацый у Вашынгтоне. Таму гэта значыць, што палітыка прэзыдэнта Абамы і ягонай каманды працягвае ранейшыя намаганьні ЗША, у шчыльнай каардынацыі з Эўразьвязам, падтрымаць дэмакратызацыю і абарону правоў чалавека ў Беларусі і, агулам, паўнавартасны ўдзел Беларусі ў міжнароднай супольнасьці як адказнага партнэра. Акрамя таго ў апошні год ЗША вывучалі магчымасьці нармалізацыі дыпляматычных адносінаў, замарожаных два гады таму з ініцыятывы Менску – у кантэксьце гэтых, шырэйшых, прынцыпаў.


Імя:: Рэй

Амерыканскія дыпламаты заўсёды казалі, што ЗША і Еўрасаюз маюць агульную пазіцыю па Беларусі. Ці так гэта цяпер і ці падтрымлівае ЗША ідэю супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі, нібы та каб адцягнуць яго ад Расіі?

Імя:: Госьць

ЗША і Эўразьвяз падзяляюць агульныя мэты аднаўленьня дэмакратыі і поўнай павагі да ўсеагульна прызнаных правоў чалавека ў Беларусі, а таксама заахвочваньне – і дзе магчыма падтрымкі – ролі Беларусі як адказнага партнэра ў сэрцы Эўропы. Вядома ж, Эўразьвяз, які мае доўгую агульную мяжу зь Беларусьсю, можа мець нюансы ў сваім падыходзе да Беларусі, што адлюстроўвае іх большую геаграфічную блізкасьць. Што тычыцца беларуска-расейскіх адносінаў, дык урад Беларусі сам вырашыць, у якой ступені іх дынаміка павінна ці можа ўплываць на яго адносіны з найбліжэйшымі суседзямі і са Злучанымі Штатамі.


Імя:: Рэй

Ці верыце Вы ў так званую “лібералізацыю” беларускага рэжыма?

Імя:: Госьць

Выглядае, што Беларусь апынулася ў даволі складанай геапалітычнай сытуацыі, калі ізаляцыя ад Захаду можа быць контрапрадуктыўнай для ўласных фундамэнтальных нацыянальных інтарэсаў краіны. У такіх абставінах можна чакаць некаторых зьменаў у беларускай палітыцы датычна Захаду. Аднак калі спрабаваць мінімалісцкія падыходы з псэўда-лібэралізацыяй, яны верагодна будуць контрапрадуктыўнымі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.


Імя:: Dorothy

Спадар амбасадар, вы – адзін з кіраўнікоў Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе. Што цікавага плянуе цэнтар сёлета?

Імя:: Госьць

Місія нашага Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў – спрыяць адраджэньню беларускай нацыі праз вышэйшую адукацыю. Запрашаю вас наведаць наш вэб-сайт www.belarusiancenter.org, каб даведацца падрабязнасьці нашай працы. Але дазвольце мне згадаць тут пару рэчаў. Па-першае, у мінулым кастрычніку мы наладзілі вялікі сымпозіюм на тэму “Вышэйшая адукацыя і грамадзянская супольнасьць у Беларусі”. У выніку ўдзельнікі адзінагалосна прынялі план дзеяньняў на 2010 год. У гэтым плане розныя складнікі, але яго агульная мэта – спрыяць вышэйшай адукацыі ў Беларусі ў кантэксьце шырэйшай міжнароднай супольнасьці. Акрамя таго мы сёлета зноў прапануем аднаму зь маладых беларускіх навукоўцаў правесьці год у нашым Цэнтры ў Канзасе. Інфармацыю можна знайсьці на нашым сайце. Нарэшце нядаўна мы прынялі двух беларускіх ўнівэрсытэцкіх выпускнікоў на магістарскую праграму лідэрства ў Паўднёва-заходнім унівэрсытэце, дзе базуецца наш цэнтар.


Імя:: Гуд

Вы былі паслом ў Беларусі на пачатку 1990-х. Што па вашаму інакш павінны былі зрабіць беларусы, каб не было прыходу Лукашэнкі і савецкага рэваншу? Ці маглі ў гэтым беларусам дапамагчы Злучаныя Штаты?

Імя:: Госьць

Хоць у мяне вядома ж ёсьць свае меркаваньні пра палітычную сцэну Беларусі на пачатку 1990-х, я спадзяюся, вы пагодзіцеся са мной, што рэтраспэктыўны аналіз мае абмежаваную каштоўнасьць у сучасным кантэксьце. Што ёсьць, тое ёсьць. Але я скажу, што ЗША – з двума выняткамі – рабілі ўсё магчымае, каб спрыяць пасьпяховаму пераходу Беларусі ад савецкай сытуацыі да пост-савецкіх рэаліяў. Гэтыя выняткі тычацца адсутнасьці падтрымкі прыватнай вышэйшай адукацыі ў той час, калі гэта магло адыграць вырашальную ролю, а таксама няпоўнага разуменьня эканамічных патрэбаў, найбольш важных у той час для звычайнага беларуса, асабліва працоўных месцаў і матэрыяльнай бясьпекі.


Імя:: Паэт

Ці адчувеце Вы небясьпеку для Беларусі, яе разьвіцьця як самастойнай эўрапейскай дзяржавы ў экспансіі расейскай культуры?

Імя:: Госьць

Я думаю, што расейская культура не такая вялікая праблема, як расейская realpolitik, калі заяўляецца пра нейкія спэцыяльныя палітычныя, эканамічныя і нават ваенныя правы Масквы ў рэгіёнах, якія раней былі часткай Савецкага Саюзу. Гэта стварае асабліва складаныя сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне шмат зь якіх прычынаў, і адна зь іх тое, што нафта- і газаправоды ідуць транзытам праз гэтыя краіны з расейскіх радовішчаў да спажыўцоў у Заходняй Эўропе.


Імя:: Павел Горад:: Свая хата

Чаму Амерыка хоча “зьесьці” увесь сьвет? Яе палітыка і сродкі нас у гэтым і не толькі нас Беларусаў пераконваюць. Ці, прабачце, у Амерыканскай Улады ці палітыкаў ёсьць мазгі кампрамізму?

Імя:: Госьць

Дзякуй за шчырае пытаньне, спадзяюся, вы не пакрыўдзіцеся на адказ. Каго пакуль што зьела Амэрыка? Расею? Кітай, Заходнюю Эўропу? Калі ў Менску ёсьць МакДоналдз (ці ёсьць ён яшчэ?), дык гэта не таму, што Амэрыка “зьела” Беларусь, але таму што самі беларусы гэтага пажадалі. Калі амэрыканскія фільмы папулярныя паўсюль (у тым ліку ў Беларусі), дык ці таму што драпежная амэрыканская культура “зьела” канкурэнтную кінаіндустрыю? Не, гэта таму, што звычайным людзям падабаюцца амэрыканскія фільмы. І калі Амэрыка такая кепская, дык чаму столькі людзей намагаюцца сюды прыехаць? Чаму ў нас цяпер 11 мільёнаў нелегальных імігрантаў у ЗША? І калі ў Амэрыкі цяпер дзесяць тысяч вайскоўцаў на Гаіці, дык ці таму, што ЗША хочуць “зьесьці” Гаіці? Не, яны там, каб уратаваць чалавечыя жыцьці. Пры ўсёй маёй павазе, мой кароткі адказ у тым, што Амэрыка – самая альтруістычная краіна ў сьвеце.


Імя:: Dim Горад:: Mensk

Кастро, Кадаффи, Ким Чен Ир, Бен Ладан…Лукашенко… У США не получается перевоспитать этих, мягко говоря, больных людей. Ни кнутом не пряником. Их патологическая любовь к власти – безгранична. Что же делать в этой ситуации?

Імя:: Госьць

Часткова адказ ёсьць у самім вашым пытаньні. Кадафі значна зьмяніўся ў параўнаньні з тым, кім ён быў (ці прынамсі як ён сябе паводзіў) 21 год таму, калі ён паслаў сваіх агентаў узарваць самалёт амэрыканскай кампаніі Pan Am над Шатляндыяй. Да гэтага выніку прывяла камбінацыя бізуна і перніка ад міжнароднай супольнасьці. Што тычыцца прэзыдэнта Лукашэнкі, дык я б не паставіў яго ў адну катэгорыю з тымі людзьмі, якіх вы назвалі перад ім. Агулам я б сказаў, што каб мець найлепшы шанец выклікаць зьмены ў недэмакратычных урадах, міжнародная супольнасьць павінна дзейнічаць разам для гэтай мэты. На жаль, у выпадку Беларусі існуюць радыкальна адрозныя меркаваньні сярод некаторых элемэнтаў міжнароднай супольнасьці наконт вашай краіны і наконт яе месца ў шырэйшым геапалітычным і геастратэгічным кантэксьце.


Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня

Паважаны спадар Дэйвід.
1) Калі глядзець на падзеі ў сёньняшняй РБ з пазіцыі аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народа, дык немагчыма не заўважыць шэраг негатыўных працэсаў: ЭТНАЦЫД – наўмыснае вынішчэньне беларускай мовы, культуры, гістарычнай памяці нашага народа, нацыянальных сімвалаў і г.д.; ЦІХІ ГЕНАЦЫД – штучна арганізаванае паступовае фізічнае выміраньне беларускага народа; паўсюдная ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ беларусаў; тэндэнцыя да ЗАХОПУ НАШАЙ УЛАСНАСЬЦІ й УЛАДЫ чужынцамі, у т.л. неграмадзянамі РБ; і да т.п. негатыўныя зьявы. Аднак, калі праблемы ў Беларусі называюць “заходнікі”, у т.л. тыя, хто заяўляе аб сваёй дапамозе нам у “змаганьні за дэмакратыю”, яны чамусьці гавораць толькі пра другараднае – напрыклад, пра абстрактныя правы абстрактнага чалавека. Ці не маглі б Вы патлумачыць, у чым прычына такога дзіўнага парадокса?
2) Ці не маглі б вы распавесьці пра кірункі дзейнасьці ўзначальваемага Вамі Цэнтру, якія адпавядаюць аб’ектыўным інтарэсам беларускага народа і, такім чынам, сапраўды спрыяюць змаганьню за дэмакратыю ў Беларусі.
Заранёў дзякую за адказы.

Імя:: Госьць

Я не магу пагадзіцца, што “барацьба за дэмакратыю”, як вы гэта падаеце, гэта “другараднае”. А калі вы лічыце, што “абстрактныя правы абстрактнага чалавека” гэта няважна, дык можа вы падумаеце, як бы вы сябе адчувалі на месцы тых “абстрактных людзей”, чые абстрактныя правы” парушаюцца. Факт у тым, што ўсе нэгатыўныя працэсы, пра якія вы пішаце, адбываліся і адбываюцца менавіта і ВЫКЛЮЧНА з-за адсутнасьці дэмакратыі. Там, дзе дэмакратыя дзейнічае адэкватна, нашмат больш шанцаў, што нэгатыўныя сацыяльныя зьявы будуць пераадоленыя, чым там, дзе зусім няма дэмакратыі. Што тычыцца вашага другога пытаньня, дык глядзіце адказ на аналагічнае пытаньне вышэй.


Імя:: Siarhiej Горад:: Miensk

Я таксама хачу задаць пытанне пра этнацыд беларусаў у Беларусі, але мяне апярэдзілі Паэт і А. Астроўскі. Хачу толькі падкрэсліць важнасць гэтага пытання для нашай будучыні і стасункаў з ЗША. Пабудаваць нармальную краіну мы можам толькі на грунце нашай культуры (мовы, гісторыі…), а яна як раз і вынішчаецца.

Імя:: Госьць

У адным з ранейшых адказаў я сказаў, што адно з адрозьненьняў паміж ЗША і Беларусьсю гэта тое, што беларускае грамадзтва ў значнай ступені аднароднае і што беларусы – усходнія славяне. Гэта ня значыць, што я ня бачу адрозьненьняў, культурных і этнічных, у трох усходнеславянскіх краінах – Беларусі, Украіне і Расеі. Я жыў ува ўсіх трох краінах і мне абсалютна відавочна, што кожнае з гэтых грамадзтваў мае свае ўнікальныя рысы. Асабліва ў выпадку Беларусі, якая найменшая з іх трох, заўсёды трэба актыўна змагацца зь ціскам і спробамі ператварыць яе ў нешта аднароднае з сабой з боку адной з іншых трох краінаў, якую я ня буду тут называць… Таму ў гэтым я б пагадзіўся з аўтарам пытаньня.


Імя:: andy

США за последнее столетие развязали ни одну войну, сбросили атомные бомбы на Японию (и до сих пор не извинились), открыли по всему миру секретные тюрьмы, до сих пор применяют смертную казнь. С чего вдруг США решили что могут кого то учить демократии и правам человека?

Імя:: Госьць

Я адказваў на падобнае пытаньне вышэй, але што тычыцца атамных бомбаў гісторыкі пагаджаюцца, што гэтым былі ўратаваныя сотні тысячаў, калі не мільёны, жыцьцяў, бо неадкладна была спыненая Другая Ўсясьветная вайна. Інакш бы гэтага не адбылося. Я асабліва не абараняю выкарыстаньне атамнай бомбы, але ў гэтым была прычына тагачасных падзеяў, і такім быў вынік іх выкарыстаньня. Што тычыцца навучаньня дэмакратыі, вы відаць маеце рацыю, бо асабліва ў адміністрацыі мінулага прэзыдэнта Буша ідэя пашырэньня дэмакратыі без яснага вызначэньня гэтага тэрміну было адной з галоўных мэтаў замежнай палітыкі. Але шлях кожнай краіны да дэмакратыі розны, бо ён базуецца на яе культурным, этнічным і расавым складзе грамадзтва, як я ўжо казаў. Таму мы ня можам казаць, што амэрыканская мадэль дэмакратыі пасуе напрыклад Пакістану ці Ўзбэкістану, ці нейкай іншай краіне. Калі мы гаворым пра дэмакратыю, мы павінны разумець, што кожная краіна павінна сама будаваць свае дэмакратычныя інстытуты. Тым ня менш, я лічу, што ідэя дэмакратыі ўнівэрсальная, бо інакш зьяўляюцца злоўжываньні, пра якія мы ведаем з розных краінаў сьвету. Акрамя таго, у выпадку амэрыканскай палітыкі інтарэсы дэмакратызацыі ігнараваліся, калі пад пагрозай былі інтарэсы нацыянальнай бясьпекі. У змаганьні з тэрарызмам, напрыклад, пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году былі створаныя амэрыканскія ваенныя базы ва Ўзбэкістане, каб змагацца з Талібанам у Аўганістане, і гэтак далей. Выглядае крывадушным, калі мы гаворым, што хочам дэмакратыі паўсюль і адначасова супрацоўнічаем з урадам, які відавочна недэмакратычны. Таму трэба асьцярожна ставіцца да выказваньняў пра пашырэньне дэмакратыі на ўвесь сьвет.


Імя:: Ігар Горад:: Пінск

Трэба зьвяртаць увагу З.Ш.А. на БЕЛАРУСКУЮ МОВУ, якая памірае!!!

Імя:: Госьць

Што тычыцца падтрымкі беларускай мовы і культуры, дык менавіта гэтым і займаецца наш Цэнтар беларускіх дасьледаваньняў. Нашая мэта – падтрымліваць разьвіцьцё беларускай культуры праз вышэйшую адукацыю. Мы лічым, што менавіта адукацыя можа зьмяняць грамадзтвы. Нельга проста шчоўкнуць пальцамі і сказаць, што грамадзтва адразу стане дэмакратычным ці эканоміка рынкавай. Трэба гадаваць каштоўнасьці, ідэі праз працэс адукацыі. Падтрымка беларускай мовы і культуры – сярод галоўных мэтаў нашага цэнтру.

(канец адказаў на пытаньні)

Ня ведаю, як іншыя, а я заўважыў наступныя моманты:

Спадар Д.Суорц, як завядзёны, некалькі разоў заявіў, што ён ледзь не жыцьцё гатовы аддаць да дэмакратыю ў Беларусі. Аднак, што такое беларуская дэмакратыя ў яго разуменьні  – ён канкрэтна так і не сказаў. Дарэчы, як я заўважыў – гэта тыповая сітуацыя, калі ў заходнікаў сутнасьць разуменьня імі дэмакратыі вытрасьці немагчыма. Прычына відавочная: калі пачалася б адкрытая спрэчка паміж сапраўдным (зьмястоўным) дэмакратам (дый хаця б мной) і любым ліберастызатарам, які толькі прыкрываецца словам “дэмакратыя”, адразу б выявілася злачынная сутнасьць такіх “дэмакратаў”.  Гэта тая ж сітуацыя, пра якую казаў Букоўскі: “Калі б я зь імі спрачаўся, я б разабраўся зь імі за некалькі хвілін. Але хто ж мне дазволіць?

Нягледзячы на гэты нюанс, усё роўна ў чарговы раз стала відавочным, што ў разуменьне спадаром Суорцам “змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі” не ўваходзяць такія рэчы, як спыненьне этнацыду і генацыду беларускага народу, спыненьне дыскрымінацыі беларусаў на іх уласнай зямлі, спыненьне захопу нашай уласнасьці, нашай улады й да т.п. рэчы. І толькі пасьля шматразовага ўзгадваньня беларусамі пра стан беларускай мовы і культуры (Паэт, Астроўскі, Сяргей, Ігар) аказалася, што яго Цэнтр якраз займаецца іх абаронай “праз вышэйшую адукацыю”.

У адказ заяўляю: ня веру! Я 9 гадоў (з 1996 па 2005 г. – часу прымусовай ліквідацыі) кіраваў такой арганізацыяй, як Таварыства беларускай вышэйшай школы (ТБВШ). Галоўная мэта гэтай арганізацыі заключалася ў падтрымцы беларускамоўных выкладчыкаў і беларускамоўнага выкладаньня ў ВНУ Беларусі. Назапашаны вялікі досьвед у гэтай дзейнасьці, ёсьць шмат ідэй. Як у нікога. Але спадару Суорцу ўсё гэта не патрэбна. Усе суорцы самі добра ведаюць, як будаваць “дэмакратыю” ў Беларусі…

У цэлым гэтае інтэрвю пакінула ў мяне непрыемнае ўражаньне. Чаго вартае адно толькі перакручваньне сутнасьці майго пытаньня.


2.

30 чэрвеня на пытаньні наведнікаў сайта “Свабоды” адказваў Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан (http://www.svaboda.org/discussion/1/158823.html#relatedInfoContainer).

Майкл Скэнлан (гл. фота ўверсе справа) узначальвае амбасаду ЗША ў Менску з 30 чэрвеня 2009 году. Пачаў дыпламатычную службу ў 1991 годзе ў амбасадзе ЗША ў Лондане. З 1993 па 1995 год узначальваў палітыка-эканамічны аддзел амбасады ЗША ў Бішкеку, а з 1995 па 1996 год працаваў на такой жа пасадзе ў Ерэване. З 1996 па 1998 год Майкл Скэнлан быў прыкамандзіраваны да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дзе займаў пасаду спецыяльнага дарадцы Кіраўніка па грамадзянскіх зносінах пераходнай адміністрацыі ААН ва Ўсходняй Славоніі (UNTAES), Харватыя. З 1998 па 2000 г. працаваў у якасьці кіраўніка палітыка-эканамічнага аддзелу консульства ЗША ва Ўладзівастоку. З 2000 па 2002 год узначальваў аддзяленьне амбасады ЗША ў Баня-Луцы (Босьнія і Герцагавіна), а з 2002 па 2004 год у Дзярждэпартамэнце ЗША займаў пасаду спецыяльнага дарадцы па пытаньнях Украіны, Малдовы і Беларусі ў офісе каардынатара амерыканскай дапамогі краінам Эўропы і Эўразіі. Апошнім прызначэньнем Майкла Скэнлана перад прыездам у Беларусь была пасада кіраўніка аддзелу тэхнічнай дапамогі органам правапарадку і правасудзьдзя ў амбасадзе ЗША ў Кіеве, якую ён займаў з 2004 па 2008 год.

Майкл Скэнлан валодае басьнійскай, сербскай і расейскай мовамі. Вывучае беларускую.

Вось частка пытаньняў і адказаў на іх.

Імя:: Усевлад Горад:: Менск

У гэтым годзе Абама заявіў, што мае намер весьці дыялёг зь Беларусьсю. І нашае кіраўніцтва адказала, што гатова яго весьці па канструктыўных і прынцыповых пытаньнях. Але санкцыі зь некаторых асоб краіны па ўезьдзе ў ЗША так і не былі перапыненыя, і дагэтуль ня чуецца анічога “канструктыўнага”. Дыялёг памёр, не пачаўшыся? Калі ласка, пралійце сьвет на двухбаковыя адносіны нашых з Вамі краін.

Імя:: Госьць

Мы заўсёды былі адкрытыя да дыялёгу з Беларусьсю. І сапраўды гэта была яшчэ падкрэсьлена памочнікам дзяржсакратара па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Філам Горданам, калі ён наведваў Менск у жніўні 2009 года. Мы шматразова рабілі прапановы беларускаму ўраду, але ўрад вырашыў не адказваць на іх, не кажучы пра тое, каб весьці дыялёг. Ваша пытаньне добрае і лягічнае, але лепш яго накіраваць вашаму ўраду.


Імя:: Павал

26.06.2010 13:39

Спадар Амбасадар, калі Вы зразумееце, што Беларусы свой розум маюць і не хочуць карыстаць з Вашага?

Імя:: Госьць

Я вітаю ваш пункт гледжаньня як пункт, зь якога можна распачаць дыскусію, ці адчуваюць беларусы, што яны могуць свабодна выказваць сваю думку і ці маюць яны ўплыў на працэс прыняцьця рашэньняў у гэтай краіне. Вы маеце рацыю: кожны беларус мае свой пункт гледжаньня, і гэта тычыцца ўсіх.


Імя:: Антось

Шаноўны спадар амбасадар, 11 сакавіка 2009 году амэрыканскі Сэнат прыняў Рэзалюцыю зь віншаваньнямі народу Летувы з нагоды 1000-годзьдзя першай згадкі пра Літву. Магчыма Вы ня ведаеце, але ў Квэдлінбурскай кроніцы, дзе месьціцца гэтая згадка, была гаворка не пра Летуву, але пра Літву. Кажучы словамі кн. Мацея Радзівіла “цэнтр Вялікага княства – гэта Беларусь”, з чаго вынікае, што менавіта Беларусь ёсьць наўпроставым нашчадкам ВКЛ. Чаму такая непрадуманая, нават абразьвлівая і зьняважлівая для Беларускай нацыі заява амэрыканскага Сэнату наагул зьявілася? Ці ня лічыце Вы, што такім непаважлівым стаўленьнем да беларускай гісторыі Вы адштурхоўваеце тую частку беларускага грамадзтва, якая жадае дэмакратыі, і што такога кшталту рэзалюцыі нэгатыўна ўплываюць на стаўленьне шараговых беларусаў да Амэрыкі і яе палітыкі?

Імя:: Госьць

Я хацеў бы быць экспэртам у гісторыі і разьбірацца ў гэтым пытаньні на вашым узроўні. У вас вельмі багатыя гістарычныя веды ў гэтай галіне. Хачу вас запэўніць, што за той час, які я правёў у Беларусі, я ўсё больш даведваюся пра гісторыю Беларусі. Я быў вельмі ўражаны багатай гісторыяй Беларусі, якая цесна зьвязана з Эўропай. Кожны горад, якія я наведваў, меў некалі Магдэбурскае права. Гісторыя рэлігійнай і этнічнай талерантнасьці, якую можна толькі ўхваляць. Гісторыя прыватнага гандлю, камэрцыі, рамёстваў, прамысловасьці, якая паказвае талент і вынаходлівасьць беларусаў. Я вельмі спачуваю беларусам, іх гісторыі, якая тычыцца пакутаў, зьвязаных з войнамі, што прайшлі празь яе тэрыторыю. Але гэта толькі падкрэсьлівае тое, пра што мы толькі што гаварылі – неабходнасьць існаваньня амбасады, якая б магла выдаваць візы, якая мела б магчымасьць прасоўваць і спрыяць двухбаковым культурным кантактам.


Імя:: Anatol Горад:: Минск

Какие мероприятия в области культурного обмена с Вашей страной можно ожидать в этом году?

Імя:: Госьць

Як я ўжо казаў, амэрыканскі гурт будзе выступаць на “Басовішчы”. Марк Сміт, амэрыканскі слэмер, удзельнік Бітвы паэтаў, прыедзе ў кастрычніку. Мы таксама запрашаем выканаўцаў сьпірычуэлсаў. Плянуем іншыя праекты ўвосень. Цяпер у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыта фотавыстава “Амэрыка вачыма беларусаў” і мы спадзяемся, што яе пабачаць і іншыя гарады Беларусі. Гэта сапраўды ўражвае, калі ты бачыш, як уяўляюць Амэрыку іншыя людзі, не амэрыканцы. Гэта адлюстроўвае іншы і больш сьвежы погляд на ЗША. Гэта нагадвае пра рэчы, якія для нас звычайныя. Гэта адчуваньне вялікасьці Нью-Ёрка з ягонымі высокімі будынкамі, ці прасторы нашых раўнінаў, ці Скалістыя горы. Але больш за ўсё мне спадабаліся моманты з штодзённага жыцьця, якія былі злоўлены на фотакамэру. Людзі злавілі характар і лад жыцьця амэрыканцаў. Этнічная разнастайнасьць, культурная разнастайнасьць, рэлігійная разнастайнасьць нагадвае мне, што Злучаныя Штаты сапраўды плавільны кацёл. Таму я выражаю падзяку беларусам, якія нагадалі мне Амэрыку


Імя:: Уладзімір Горад:: Мінск

Шматшаноўны Майкл Скэнлан, хачу шчыра падзякаваць Вас і весь свабодалюбівы амэрыканскі народ за сталую патрымку беларускай дэмакратыі і за ўвагу да беларускай культуры! Няхай і надалей крэпнуць сувязі паміх нашымі народамі і культурамі!


Імя:: achbeta Горад:: belarus

Паважаны спадар Майкл Скэнлан! Пад час прэзідэнцкіх выбараў у ЗША я прачытала ў інтэрнэце каментар адной русскай жанчыны, пражываючай у ЗША: “Пока мы здесь (т.е.русские имеется в виду) таких, как Маккейн в президентах не будет”. Я была здзіўлена. Адкажыце, калі ласка, няўжо такі вялікі ўплыў русскай дыяспары на выбары прэзідэнта Злучаных Штатаў, ці магчыма гэта мелася на ўвазе работа спецслужбаў Расеі?

Імя:: Госьць

Я не знаёмы непасрэдна з гэтым камэнтаром ці са зьместам яго, але я думаю, што ён падкрэсьлівае, што народ ЗША можа мець сваё меркаваньне і свабодна яго выказваць. Прэзыдэнцкая кампанія ЗША ў 2008 годзе шырока асьвятлялася, была адкрытай і празрыстай. Яна адлюстравала, што кожны можа ўдзельнічаць у гэтым працэсе, выказваць сваю думку. Мы ўпэўненыя ў тым, што ўсе дзяржаўныя працэсы павінны ўключаць у сябе іншых, а не выключаць.


Імя:: Irina

Добры дзень! Пан Амбасадар, на Вашу думку, якiя праблемы у адносiнах нашых дзяржау патрабуюць безадкладнага вырашэння? Цi даводзiлася Вам раней бываць на Беларусi?  Якiя галоўныя памылкi робяць на беларускiм накiрунку амерыканскiя палiтыкi i эксперты, якiя нiколi не працавалi у Беларусi? Дзякуй. I усяго найлепшага!

Імя:: Госьць

Найбольшая перашкода, якая блякуе нашы стасункі, гэта сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Мы ўпэўнены, што беларускія ўлады павінны выконваць тыя абавязкі, якія краіна ўзяла на сябе ў межах АБСЭ. Калі беларускі ўрад будзе выконваць абавязкі, узятыя на сябе, гэта паспрыяе паляпшэньню двухбаковых стасункаў паміж ЗША і Беларусьсю. Як я ўжо казаў, мы заўсёды адкрыты для дыялёгу, абменьваемся меркаваньнямі, як паскорыць гэты працэс. Але калі іншы бок не жадае садзіцца за стол перамоваў, мы ня можам зрабіць многага. Я езьдзіў па СССР і па былым СССР, але Беларусь я ўпершыню наведаў у 2008 годзе. Я рады, што я тут, і вельмі спадзяюся, што ў мяне будзе магчымасьць даведацца больш, але ўжо сёньня я бачу багатую эўрапейскую гісторыю Беларусі.


Імя:: РИН Горад:: Минск

Дзень добры! Шаноўны спадар Скэнлан, якi галоўны iнтарэс Злучаных Штатаў Амерыкi да сённяшняй Беларусi?

Імя:: Госьць

Як зь любой іншай краінай, мы шукаем магчымасьці супрацоўнічаць зь Беларусьсю з мэтай пабудаваць прадуктыўныя стасункі, якія базуюцца на дэмакратычных прынцыпах і каштоўнасьцях. Тут у нас ёсьць фундамэнтальная розьніца, але заўсёды ёсьць вобласьці, дзе мы можам знайсьці агульныя асновы, асабліва калі краіна адкрыта для шчырага дыялёгу. Мы можам супрацоўнічаць, зыходзячы з нашага агульнага інтарэсу, але гэта супрацоўніцтва павінна грунтавацца на прынцыповых каштоўнасьцях.


Імя:: кінік Горад:: Менск

Шаноўны сп. Амбасадар, Калі афіцыйны Менск усё ж не падпіша пагадненьне адносна свайго ўступленьня ў Мытны саюз, ці будзе гэта азначаць для ЗША, што ўзровень стасункаў з Беларусьсю мусіць быць падвышаны? Ці лічыце Вы, што мяжа НАТА ў пэўнай аддаленай перспектыве, натуральна, гэта ўсё ж усходняя мяжа Беларусі з Расеяй? Дзякуй за адказы.

Імя:: Госьць

Стасункі ЗША і Беларусі – гэта толькі стасункі ЗША і Беларусі. Гэта ніякім чынам не абмяжоўвае стасункі Беларусі зь іншымі краінамі. На нашу думку, беларусы павінны прымаць удзел у працэсе прыняцьця рашэньняў у Беларусі. Што тычыцца ўсходняй мяжы НАТА, гэта больш геаграфічнае пытаньне, а не пытаньне палітыкі, эканомікі і бясьпекі. НАТА – гэта аб’яднаньне краінаў, якія злучыліся на асновах прынцыпаў і каштоўнасьцяў дэмакратыі. Іх жаданьне і адданасьць супрацоўнічаць для дасягненьня агульнай бясьпекі – гэта не альянс супраць кагосьці, у тым ліку яго суседзяў. Праз праграму “Партнэрства дзеля міру” усталяваліся сталыя стасункі з краінамі Эўропы, які не ўваходзяць у альянс. Гэта і канал дыялёгу з Расеяй


Імя:: Моисей Горад:: Нью-Йорк

Уважаемый м-р Скенан! За время правления Александра Лукашенко власть неоднократно демонстрировала антисемитский характер: решения судебной системы и Генеральной прокуратуры государства по книге “Война по законам подлости”, уничтожение зданий синагог, разрушение еврейских кладбищ и т.д. Последний по времени факт – установка “памятного знака” на месте самосожжения мозырских евреев (апрель 2010г.). Об этом писала “Комсомольская правда в Беларуси”, другие средства массовой информации. В прошлом году на еврейской кладбище в Мозыре велись земляные работы. Уничтожена синагога в Любани, где работал раввин Моше Файнштей – один из самых выдающихся раввинов ХХ века, который жил с конца 1930-х годов и умер в 1986 г. в Нью-Йорке.

Мы платим налоги дяде Сэму, в том числе и за то, чтобы посольство в Минске, Госдепартамент заботились о сохранении могил наших предков, нашего историческо наследия, памяти о жертвах Холокоста в Беларуси.

Вы, я надеюсь, знаете слова Бруно Ясенского о равнодушных. К сожалению, посольство США в Беларуси, Госдепартамент своим молчанием разделяют вину с властями Беларуси.

Хотелось бы надеяться, что факты государственного антисемитизма получат заслуженную реакцию со стороны США.

Буду благодарен за Ваши комментарии и конкретные действия.

Імя:: Госьць

Пытаньне антысэмітызму і свабоды сумленьня, веравызнаньня, якім урад ЗША ня толькі ў Беларусі, але і глябальна па ўсім сьвеце надае вялікую важнасьць. Урад ЗША штогод выдае справаздачу па пытаньнях свабоды веравызнаньня. Што тычыцца гэтага пытаньня, наведайце, калі ласка, нашу вэб-старонку, дзе вы пабачыце нашы справаздачы і заявы ЗША, якія паказваюць нашу пазыцыю па гэтым пытаньнях. Мы вельмі ганарымся праграмай грантаў, якая існуе ў нашай амбасадзе, якая прапануе гранты зарэгістраваным недзяржаўным арганізацыям на захаваньне культурнай спадчыны, у тым ліку і габрэйскага народу ў Беларусі.


Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня

Заўвага: гэтае маё пытаньне “свабодаўцы” ўсё ж вырашылі выставіць пасьля наступнага майго папярэджаньне: “Гэта 4-я і апошняя спроба задаць пытаньне на радыё, якое па недарэчнасьці завецца “Свабода!”.

Падаю апошнюю версію пытаньня, адказ на якое так і ня быў дадзены.

Паважаны павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Маю да вас адно пытаньне. Але для таго, каб яго задаць, спачатку апішу сітуацыю.

1. Дэмакратыя, як вядома, гэта такая арганізацыя дзяржаўнай улады, пры якой яна нацэлена найперш на зьдзяйсьненьне АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ КАРЭННАГА НАРОДУ (у нашым выпадку беларускага).

2. Апошнія 16 гадоў мы ў Беларусі назіраем нешта цалкам супрацьлеглае. У нас адбываюцца ЭТНАЦЫД (вынішчэньне нацыянальнай культуры і мовы, гістарычнай памяці, нацыянальных сімвалаў), ЦІХІ ГЕНАЦЫД (выміраньне народу), ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ўсіх сьвядомых беларусаў у самых розных сьферах грамадскага жыцьця, ЗАХОП УЛАСНАСЬЦІ беларускага народу і г.д. Прычына гэтых зьяў выдавочная – у нас больш за паўтара дзесяцігоддзі пануе каланіяльны рэжым, падпарадкаваны расейскай імперыякратыі й яе злачынным інтарэсам.

3. Тое ж адбываецца і на беларускай Беласточчыне ў Польшчы, але там ужо аналагічна дзейнічае польскі імперыялізм.

4. Аднак за апошнія 16 гадоў прадстаўнікі Захаду НІКОЛІ не ўпікалі ўлады Беларусі і Польшчы за гэтыя злачынствы супраць беларускага народу. Г.зн., што пералічаныя вышэй праблемы яны праблемамі ня лічаць

5. Больш за тое, Захад (у тым ліку і ЗША) арганізацыйна і фінансава пераважна падтрымлівае ў Беларусі тых прадстаўнікоў апазіцыі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, ніяк не з’арыентаваныя на іх, а гэта значыць, ня маюць ніякага дачыненьня да будучай сапраўднай беларускай дэмакратыі. У праграмах, планах, заявах гэтых людзей няма ня толькі слоў “АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ беларускага народу на яго ўласнай зямлі”, а і самаго паняцьця “БЕЛАРУСКІ НАРОД” (пачытайце адпаведныя праекты АГП ці АДС).

6. У нікога з апазіцыі, каго апошнія паўтара дзесяцігоддзі падтрымлівае Захад, вы ня знойдзеце заяваў, што, напрыклад, у выніку будучай прыватызацыі 90% уласнасьці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, павінна апынуцца ў руках беларусаў;  што зьместам дэмакратыі ёсьць ня проста перыядычныя выбары з дакладным падлікам галасоў, а абраньне на вышэйшыя дзяржаўныя пасады найлепшых прадстаўнікоў беларускага народу – найбольш сумленных, разумных, дасьведчаных.

7. Натуральна, што пры такой  “падтрымцы” Захадам барацьбы беларускага народу за дэмакратыю з апазіцыі НІКОЛІ НЯ ВЫЛУЧЫЦЦА СІЛА, здольная стаць у вачах нашага народу сапраўднай альтэрнатывай дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі.

8. Адсюль і вынікі будучых прэзідэнцкіх “выбараў” 2011 года ў Беларусі ўжо сёньня можна дакладна прадказаць: пры ўладзе застанецца стаўленік Масквы – Лукашэнка.

9. У цэлым складаецца ўражаньне, што Захад ніколі ня ставіў за мэту ўсталяваньне дэмакратыі ў Беларусі. Яму таксама выгадны Лукашэнка і яго рэжым, паколькі апошнія несьвядома ствараюць у Беларусі сітуцыю (праводзячы этнацыдна-генацыдна-дыскрымінацыйную палітыку), спрыяльную для будучага захопу нашай уласнасьці заходнімі фінансавымі алігархамі й для будучай “лібералізацыі”. Такім чынам, нягеглая “падтрымка” беларускай апазіцыі – гэта ўсяго толькі прыкрыцьцё Захадам яго сапраўднай палітыкі захаваньня пры ўладзе беларусафобскага этнацыднага рэжыму Лукашэнкі.

Адсюль пытаньне:  паважаны кіраўнік амбасады ЗША Скэнлан, я разумею, што вы хутчэй за ўсё не пагодзіцеся з маім бачаньнем сітуацыі. У вас такая праца…

Таму адкажыце, з чым вы ня згодныя і чаму?

(канец адказаў на пытаньні)

Гэтае інтэрвю яшчэ больш важнае для нас, чым папярэдняе – інтэрвю даваў не былы, а дзеючы амбасадар ЗША.

Што тут кідаецца ў вочы?

Па-першае, як і Суорц, Скэнлан клянецца-бажыцца ў адданасьці “дэмакратыі й правам чалавека”. Усё паўтараецца… Гэта не было б так сьмешна, калі б даных двух асоб не падзяляў час у… два дзесяцігоддзі працы ў Беларусі.

Яшчэ кідаецца ў вочы, што Скэнлан таксама адкрываў Беларусь для сябе: аказваецца, тут боршч ня лапцямі хлябаюць, аказваецца, Беларусь – еўрапейская краіна, Магдэбургскае права і ўсё такое… Сьмешна тут тое, што кожны чарговы амбасадар прыязджае ў Беларусь і паўтараецца адна і тая ж гісторыя – ён зноў адкрывае Беларусь для сябе, а пасьля зьнікае… І так ужо разоў 10 ці каля таго. Прычына простая. Яна асабліва добра бачная зь біяграфіі пана Скэнлана – кар’ернага дыпламата амерыканцы перакідваюць кожныя 2 гады на новае месца. Пакуль чалавек з’арыентуецца ў сітуацыі, трэба ехаць кудысьці яшчэ. Хутка, калі чарговыя амерыканцы будуць зноў адкрываць для сябе “еўрапейскасьць Беларусі”, мы, беларусы-літвіны, будзем у адказ толькі громка рагатаць…

Кіраўніцтву ЗША трэба, каб дыпламат жорстка выконваў функцыю ліберастызатара. А што, калі ён сумленны чалавек і праз пэўны час пачне прафесійна разьбірацца ў сітуацыі? Тады ён можа пачаць пярэчыць палітыцы сапраўдных уладароў ЗША. Каб гэтага не было, Дзярждэп рэгулярна і перакідвае чалавека на новае месца.

Маё ўражаньне ад спадара Скэнлана засталося яшчэ горшым, чым ад Суорца. Апошні толькі перакручваў сутнасьць майго пытаньня, а Скэнлан і ўвогуле на пытаньне не адказаў. Гэта, вядома ж, нахабства. Я яго ацаніў і запомніў. Але для мяне больш істотным было іншае. Паўтарылася тая ж сітуацыя, пра якую я ўжо казаў на прыкладзе Суорца: ліберастызатары ня могуць весьці шчырых і адкрытых дыскусій з сапраўднымі дэмакратымі, здольныя толькі альбо на круцельства, альбо ўвогуле на замоўчваньне-ігнараваньне.

Відавочна, што амерыканцы не дапамагалі й ня будуць дапамагаць нам – беларусам-літвінам – змагацца з этнацыдам, дыскрымінацыяй, захопам нашай уласнасьці й г.д., ня будуць дапамагаць нам будаваць у Беларусі сапраўдную дэмакратыю. І грошы на гэта выдаткоўваць ня будуць.

А на што яны выдаткоўвалі й будуць выдаткоўваюць грошы? Гэта дапамог выдатна паказаць наведвальнік (дарэчы, узорны сіяніст) пад нікам Маісей. Грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў будуць выдатковацца ў Беларусі на тое, каб ахоўваць габрэйскія могілкі й сінагогі.

Такога роду дзейнасьць і будзе называцца амерыканцамі “падтрымкай дэмакратыі ў Беларусі”!

Толькі па-сапраўднаму – гэта нешта цалкам іншае…

У выніку разважаньняў пра ўсе гэта ўзьнікае неабходнасьць падвесьці баланс беларуска-амерыканскім адносінам.

З нашага боку для ЗША было:

– беларус Андрэй-Тадэвуш Касьцюшка змагаўся за незалежнасьць Злучаных Штатаў дый так, што стаў нацыянальным героем;

– беларусы Барыс Кіт і яго сын удзельнічалі ў разьвіцьці NASA, у зьдзяйсьненьні яе важнейшых праграм;

– у час Другой сусьветнай вайны ў агульным змаганьні з нацызмам загінуў кожны чацьвёрты беларус (25%), з жыхароў ЗША – відаць, менш за 1%;

– дый увогуле сотні тысяч, калі не мільёны беларусаў, за час існаваньня Злучаных Штатаў удзельнічалі ў стварэньні таго, чым цяпер зьяўляецца гэтая краіна і гэтая нацыя;

– у 1994 годзе Беларусь пад абяцаньне ЗША быць гарантам незалежнасьці пазбавілася ад адзернай зброі.

З боку ЗША для нас было і ёсьць:

– да гэтай пары Штаты так і не дапамаглі нам пазбавіцца ад прарасейскай дыктатуры. З-за гэтага Беларусь усё больш вяртаецца ў стан каланіяльнай залежнасьці ад расейскай імперыі (АДКБ, агульная паветраная прастора, Саюзная дзяржава, Агульная мытная прастора, Інтэграцыя і г.д.) і можа страціць незалежнасьць;

– рэальныя праблемы, якія мае беларускі народ – этнацыд, генацыд, дыскрымінацыя, захоп беларускай уласнасьці й г.д. – амерыканскіх палітыкаў не хвалююць. Яны лічаць, што ў Беларусі можа быць “дэмакратыя”, калі ўсё гэта захаваецца;

– тыя сродкі амерыканскіх падаткаплатнікаў, якія ідуць на “змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі”, трапляюць у рукі тых, хто ня толькі не накіраваны на аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу, але нават і слоў “беларускі народ” ня здольны вымавіць. Тым жа, хто сапраўды змагаецца за беларускую свабоду і дэмакратыю, не трапляе практычна і цэнта.

Нейкі крывы баланс атрымліваецца.


Паколькі нашы ідэалагічныя пазіцыі ў змаганьні за беларускую дэмакратыю вельмі моцныя, заклікаю ўсіх наведвальнікаў сайта актыўней удзельнічаць у аналагічных спрэчках з прадстаўнікамі “цывілізаванага Захаду”.

Усяго лепшага, сябры.

Жыве Беларусь – Наша Зямля!




3 каментарыя

  1. Вельмі шкада, што так цяжка адкрываецца праўда ў палітыцы.
    Можна абурацца палітыкай ЗША, Еўразвязу, Расеі, Польшы, сіаністаў, але гэта іх палітыка і робяць яны яе дзеля сваіх інтарэсаў. А пытанне стаіць аб інтарэсах беларусаў. У першую чаргу аб інтарэсах народа павінна клапаціцца ўлада і кандыдат на ўладу – апазыцыя. Калі ўлада і апазыцыя думаюць аб інтарэсах народа, то павінны быць кропкі супрацоўніцтва, але іх няма. Чаму такіх кропак не існуе? Думаю, што ў гэтых двух бакоў не стаяць на мэце аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народа. У іх якія заўгодна мэты, але не інтарэсы нацыі. Не спрабуйце каму-небудзь вешаць лапшу на вушы, што гэта не так. Усе вы знаходзіцеся на віду і няма такога панцыра, які б схаваў вашы думкі і мэты.
    Нядаўна Савет бяспекі Беларусі агучыў новую ідэалагічную дактрыну: абарона нацыянальных інтарэсаў беларусаў. Але ці дастаткова добра ўсведамляе гэты Савет бяспекі, што такое інтарэсы беларускага народа? І ці не блытае гэты савет інтарэсы беларускага народа з інтарэсамі клана Лукашэнкі? Пасля гэтых заяў улада зрабіла крокі ў адносінах да народа:
    1. Вяртаньне ва ўжытак забруджаных радыяцыяй раёнаў
    2. Новы крымінальны закон супраць бізнесоўцаў
    3. Падрыхтоўка да прыватызацыі фінансаваабяспечваючых краіну прадпрыемстваў
    4. Знішчэнне найстаражытнейшых курганоў пад Гомелем і г.д.
    Вось глядзіце, што ні крок, то на знішчэнне беларускага народа, і фізічна, і духоўна.
    Ну, добра, няхай Лукашэнка ідыёт (хаця справа не ў ідыятызме Лукашэнкі, а ў працы іншаземных спецслужбаў), а вось ўсе астатнія таксама ідыёты? Не, яны не ідыёты. Гэта або здраднікі, або чужынцы. Саміх чужынцаў я не асуждаю, бо яны сыны і дочкі свайго народа.
    Але дзе знаходзіцца розум у беларусаў – у галаве, ці ў нейкім іншым месцы, калі яны дазваляюць кіраваць сабою чужынцам? А вось здраднікі сярод свайго народа – гэта ужо эпідэмія. Людзі здаюць свой народ і краіну за грошы і без грошаў. Некаторыя кажуць: насра…. мне на гэты народ. Што, не праўду кажу? Па-нармалёваму такога не можа быць. Але калі такое існуе, то ёсць на гэта нейкія важкія прычыны. Гэта гаворыць аб убогай ідэалагічнай дактрыне ў дзяржаве і поўнай амаральнасці ўлады.
    Такім жа недугам хварэе і апазыцыя. Калі б гэта было не так, не было б такой з’явы ў краіне. Улада без маралі спарадзіла недавер у чалавека і гэтым самым падарвала бяспеку краіны.
    Нельга так жыць: думаць адно, казаць – другое, а рабіць – трэцяе. Каб краіна была моцнай, трывалай, а народ быў свабодным і заможным, улада павінна думаць, казаць і рабіць адно і тое ж – і ўсё на карысць свайго народа.
    Калі людзі хочуць быць свабоднымі і заможнымі, то яны павінна не толькі аб гэтым казаць, але і думаць пра гэта і рабіць гэта. Калі б людзі імкнуліся рабіць краіну свабоднай і заможнай, то ў іх не была б такой недзеяздольнай апазыцыя і такая дэгенерацкай улада.
    Няма лідара, няма ідэі? Ды залатым пяском у вас ўсё гэта ляжыць пад нагамі. Проста хочаце быць хітрэйшымі за ўсіх. Але праз гэтыя хітрыкі самі застанецеся з ярмом рабства на шыі…

  2. Siarhiej кажа:

    Раю прачытаць. Узор маскоўскай прапаганды. Хаця і не ў гэту тэму.
    http://politoboz.com/content/na-voine-kak-na-voine#comments

  3. Мазынскі В. кажа:

    “…Няма лідара, няма ідэі? Ды залатым пяском у вас ўсё гэта ляжыць пад нагамі.” Спадарыня Галіна, трэба канкрэтызаваць гэты”пясок” і як мага прасьцей. І не баяцца, што ня ў першы ўжо раз. Тысяча і адзін раз пра галоўнае!!! А так усё слушна.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы