nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АБШАРЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ ЭЎРОПЫ (частка 1)

жнівень 1, 2010 | 3 каментарыя

Віталь Куплевіч

УВОДЗІНЫ

Прапанаваная праца ўяўляе хутчэй тэзіснае акрэсьленьне новай кнігі, але недахоп часу і магчымасьцяў не дазваляюць давесьці яе да аб’ёму некалькі сотак старонак. Дыскусіі ў Інстытуце Геаграфіі Польскае Акадэміі Навук, на геаграфічным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэта, а, найперш, у Беларускім дыскусійным клюбе пад кіраўніцтвам філёзафа Пётры Рудкоўскага і гісторыка Насты Ільіной з удзелам вядомага гісторыка й палітоляга Паўла Усава навялі на спробы цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі заходняй часткі фізыка-геаграфічнае Эўропы (дзе сфарміравалася ўнікальная цывілізацыя Эўропы), а таксама сыстэматызацыі супольнасьцяў цывілізацыі Эўропы. Закранаюцца іншыя праблемы вакол якіх можа быць дыскус у беларускіх інтэлектуальных колах.

Не лічу сябе а ні цывілізацыйным дэтэрміністым, а ні – нігілістым, хутчэй рэалістым. Ігнараваньне цывілізацыйных чыньнікаў у цывілізацыйна стракатых дзяржавах прыводзіць да сур’ёзных грамадзкіх канфліктаў і, у канчатковым выніку, — да паглыбленьня розьніцы ва ўзроўні эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця дзяржаў. Беларусь цывілізацыйна падзеленая эўрапейская дзяржава.

Праф. Пётр Эбэрхардт зь Інстытуту Геаграфіі Польскае Акадэміі Навук прапанаваў мне апублікаваць працу ў адным з польскіх выданьняў, аднак права першай публікацыі прадстаўляю nashaj ziamli.


1. МЕЖЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЭЎРОПЫ

Цывілізацыйныя межы Эўропы на захадзе, поўначы й поўдні карэлююцца з фізыка-геаграфічнымі межамі, веды аб апошніх набываюцца ў сярэдняй школе.

Аднак абшар цывілізацыйнае Эўропы, ці цывілізацыі Эўропы ўключае толькі каля паловы абшару Эўропы фізыка-геаграфічнай. Сучасныя межы паміж цывілізацыяй Эўропы і цывілізацыяй Эўразіі прыкладна супадаюць зь дзяржаўнымі межамі з аднаго боку Нарвэгіі, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Летувы, Беларусі і Ўкраіны, а зь іншага – Расеі. На захад ад гэтых межаў – цывілізацыя Эўропы, а на ўсход – Эўразіі. Гэта ня гледзячы на тое, што ў Беларусі і ва Ўкраіне жывуць мільёны расейцаў і зрасейшчаных эўразійцаў, а ў Расеі – некалькі мільёнаў цывілізацыйных эўрапейцаў (у асноўным украінцаў і беларусаў). Палітычныя межы паміж Баўгарыяй і Турэччынай, а таксама паміж Грэцыяй і Турэччынай аддзяляюць цывілізацыйную Эўропу ад цывілізацыйнае Азіі (цюрка-мусульманская цывілізацыя), не зважаючы на кампактнае пражываньне ў Эўропе мільёнаў аўтахтонных мусульман ( басьнійцаў і альбанцаў), а таксама імігрантаў (туркаў, арабаў і інш.). Мусульманскія абшары ў Эўропе твораць своеасаблівыя анклявы іслямскае цывілізацыі.


2. КАНСПЭКТЫЎНЫ АГЛЯД ЛІТАРАТУРЫ

Энцыкляпэдыі (беларуская, польская, брытанская, летувіская, славацкая, украінская, расейская) пішуць аб лацінскім генэзісе слова цывілізацыя (civis – грамадзянскі, дзяржаўны). Потым слова “цывілізацыя” перайшло ў французскую мову і ўжыванае ў Францыі і Шатляндыі. Немцы выкарыстоўвалі тэрмін “культура” як сынанімічны “цывілізацыі”.

У Рэчы Паспалітай тэрмін цывілізацыя ўвайшоў ва ўжытак толькі перад яе трэцім падзелам. Прызнаныя ў сьвеце працы аб цывілізацыях напісалі А. Фэргусан, А. Сьміт, П. Бэґбі, Ф. Браўдэль, Дж. Гальтунґ. Навуковая спадчына Арнольда Тойбі прызнаная клясычнай, а палітоляг Самуэль. П. Ґантынґтан – аўтар бадай самай вядомай працы “Сутыкненьне цывілізацый”, што была перакладзена на шмат моў і вытрымала колькі перавыданьняў, але можа быць надзвычай лёгка крытыкаваная.

Адным з нямногіх дасьледчыкаў, які пісаў аб геаграфічным вымярэньні разважаньняў над узьнікненьнем, разьвіцьцём і ўпадкам цывілізацый, быў французскі навукоўца Ф. Браўдэль (1971), канцэпцыі якога ўзьніклі ў сталым кантакце зь геаграфічнымі навукамі. Ён карыстаўся спадчынай французскай геаграфічнай школы, створанай Відаль дэ ля Бляшам, таму ўлічваў ролю прыроднага асяродзьдзя, якое лічыў адным з важнейшых чыньнікаў пры тварэньні культур і цывілізацый. У гістарычным эсэ … Ф. Браўдэль падкрэсьліваў, што дасьледваньні, якія датычаць цывілізацыі павінны мець інтэрдысцыплінарны характар і абымаць сукупнасьць палітычнага, рэлігійнага, этнаграфічнага і гаспадарчага жыцьця (П. Эбэрхардт, 2004).

Польскі гісторыязоф Фэлікс Канэчны ў першай палове ХХ ст. выдзеліў лацінскую цывілізацыю (лічыў самай дасканалай), візантыйскую /бізантыйскую і яе адгалінаваньне – туранскую. Візантыйская цывілізацыя – аналяг эўрапейскай праваслаўнай, а туранская – эўразійскай (расейскай). Ён сфармуляваў комплексную канцэпцыю аб чалавечых цывілізацыях. Яго гісторыязофскія погляды хутчэй не клясычна эўропацэнтрычныя, а лацінацывілізацыйнацэнтрычныя. Працы Ф. Канэчнага вядомы ў Польшчы, але, хіба што, чакаюць свайго беларускага чытача.

У наш час у Польшчы аб цывілізацыях пісалі А. Пісказуб – прафэсар геаграфіі і гісторыі з Гданьску, прафэсары з Інстытуту геаграфіі Польскай Акадэміі Навук П. Эбэргардт, Е. Баньскі, доктар навук ІГ ПАН М. Кавальскі.

Расеец М. Данілеўскі, між іншым, выдзеліў 10 цывілізацый (ці культурна-гістарычных тыпаў супольнасьці): егіпецкую, кітайскую, асірыйска-вавілёнска-фінікійскую, індыйскую, іранскую, жыдоўскую, грэцкую, рымскую, арабскую (новасэміцкую), германска-каманскую (эўрапейскую).

Навуковая спадчына савецкага праф. геаграфіі і гісторыі Льва Гумілёва зь Ленінграду цікавая тым, што ён навукова абгрунтаваў цывілізацыйную эўразійскасьць Расеі, крытычна ставячыся да эўропацэнтрызму. Цікава, што доўгі час працы Гумілёва шырока не публікаваліся, бо хутчэй не адпавядалі афіцыйнай камуністычнай ідэалёгіі. Дасьледчык этнасаў знакаміта ведаў найперш этнічную гісторыю эўразійскіх абшараў Расеі.

Нам, беларусам, варта ведаць і ганарыцца, што аж ў 1921 годзе беларускі філёзаф, асьветнік, паэт і публіцыст (вёў вучнёўскі гурток па геаграфіі ў Віленкай беларускай гімназіі) Ігнат Канчэўскі (1896-1923) напісаў вядомую працу “Адвечным шляхам”, дзе спрабаваў вызначыць месца Беларусі паміж Усходам і Захадам, г. зн. паміж лацінскай і эўразійскай цывілізацыямі. Наш суродзіч ня змог убачыць асобную эўрапейскую праваслаўную цывілізацыю, бо ў той час найперш у палітычнай часапрасторы не існавала пасу эўрапейскіх праваслаўных дзяржаў, а яго веды аб веравызнаўчай і этнічнай стракатасьці, ды гісторыі й геаграфіі Балкан, Румыніі і захаду тагачаснай Расейскай імпэрыі былі недастатковымі дзеля вялікага часапрасторавага сінтэзу.

Аб цывілізацыйнай падзеленасьці беларускага этнасу на эўрапейскую праваслаўную большасьць і лацінскую (каталіцкую) меньшасьць і сувязь цывілізацыйнай дыфэрэнцыяцыі беларусаў з геапалітычнымі арыентацыямі адпаведна на ўсход і захад пісалі многія беларускія адраджэнцы. Вядомы працы Льва Гарошкі, Казіміра Сваяка, Уладзіслва Талочкі, Вацлава Іваноўскага. Леў Акіншэвіч адну з сваіх прац назваў “Пра “цывілізацыйныя асновы” беларускага гістарычнага працэсу”.


3. ПРАБЛЕМАТЫКА ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

Існуюць дзесяткі акрэсьленьняў і дэфініцый цывілізацыі. Прапаную наступнае геаграфічнае акрэсьленьне. Цывілізацыя – абшар, або сукупнасьць абшараў зь гістарычна склаўшыміся традыцыямі найперш ўласнасьці, рэлігійнасьці, этнічнасьці, моўнасьці, культуровасьці насельніцтва, што адлюстравана ў яго гаспадарцы, побыце і культуры.

Цывілізацыйны падзел чалавецтва сфарміраваўся з глыбокай старажытнасьці, г. зн. з узьнікненьнем рэлігій, этнасаў, моў, гаспадаркі, краін. Цывілізацыі нельга атаясамляць толькі з рэлігіямі, этнасамi, краінамі, дзяржавамі, мовамі насельніцтва і з гаспадаркай паасобку. Цывілізацыйныя сувязі больш глыбокія. Яны ўключаюць у сябе наяўнасьць найменьш 2-3 асноўных прыкмет, а ў абсалютнай большасьці выпадкаў – фарміруюць складаную еднасьць 4-5 і больш (да некалькі дзесяткаў) прыкмет . Найпершая прыкмета цывілізацыі – наяўнасьць часапрасторы (абшару, тэрыторыі, акваторыі). Без часапрасторы цывілізацыі віртуальныя.

Сучасны стан навукі аб цывілізацыях характарызуецца адсутнасьцю адзінай дэфініцыі цывілізацыі, адзіных рыс вызначэньня цывілізацый, прысутнасьцю розьніцы ў ацэнцы іх колькасьці (ад 8 па O. Spengleris да 36 па A. Toybee), суб’ектывізмам. Блытаніна ў колькасьці цывілізацый – вынік неразуменьня, або не выразнага разуменьня, што цывілізацыі як і кожная часапрасторавая зьява маюць ўласныя вертыкальную і гарызантальную структуры.


4. ВЕРТЫКАЛЬНАЯ СТРУКТУРА (ГЕРАРХІЯ) ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ

Відавочна, што аб’ектыўна існуе вертыкальная структура, або герархія цывілізацый у якой уласна цывілізацыя зьяўляецца асноўнай адзінкай тыпізацыі цывілізацый.

Цывілізацыі бываюць:

1. Плянэтарныя: юдахрысьціянская, мусульманская, далёкаўсходняя, індуісцкая, будысцкая, афрыканская, сусьветная язычніцкая (паганская) і іншыя.

Афрыкана-эўразіяцкая мусульманская плянэтарная цывілізацыя складаецца з глябальных Афрыканскай і Эўразійскай мусульманскіх. Супольнасьці мусульман Азіі бязумоўна падзяляюцца на цюрка-мусульманскія, араба-мусульманскія,  каўказа-мусульманскія, інда-мусульманскія, перса-мусульманскія, афгана-мусульманскія, інданэзійска-мусульманскія і г. д. Цывілізацыйны падзел Азіі, як Афрыкі і Акіяніі патрабуе дакладных досьледаў.

2. Глябальныя: юдаісцкая, хрысьціянская, на якія падзяляецца юдахрысьціянская плянэтарная цывілізацыя, а далёкаўсходняя падзяляецца на кітайскую, японскую, карэйскую і г. д.

Генэтычныя сувязі хрысьціянства зь юдаізмам даюць нам падставы зьвязаць вызнаўцаў майсеевай веры з хрыстовай у адну цывілізацыю, але можа быць рэалізаваны і іншы падыход, пры якім хрысьціянская цывілізацыя і юдаісцкая трактуюцца як дзьве асобныя і роўназначныя ў герархіі, г. зн. плянэтарныя.

3. Кантынэнтальныя. Цывілізацыя Эўропы, эўразійская (Расеі), паўночнаамэрыканская, лацінаамэрыканская, паўднёваафрыканская, аўстралійская, філіпінская, на якія дыфэрэнцуецца хрысьціянская глябальная цывілізацыя.

Паўночнаамэрыканская кантынэнтальная цывілізацыя падзяляецца на рэгіянальныя ЗША і Канаду. Лацінаамэрыканская кантынэнтальная дыфэрэнцуецца на цэнтральнаамэрыканскую і паўднёваамэрыканскую рэгіянальныя.

Эўразійская (Расеі), як кантынэнтальная цывілізацыя, складаецца з дзьвюх рэгіянальных: эўрапейскай Расеі і азіяцкай Расеі. Эўрапейская Расея заселена расейцамі ў межах першаснага арэала маскоўскага этнасу (урала-славянскага) ды іншымі этнасамі, што падвергліся маскоўскай калянізацыі і расейскай асіміляцыі, а таксама маскоўцамі-мігрантамі на тэрыторыі арэалаў першаснага пражываньня карэнных немаскоўскіх этнасаў. Азіяцкая Расея заселены расейскімі мігрантамі, іх нашчадкамі і рэшткамі карэнных этнасаў, якія не пасьпелі асімілявацца/зрасейшчыцца.

Цывілізацыйнае дасьледаваньне Расеі патрабуе сумяшчэньня падыходаў пры досьледах Эўропы і Амэрыкі, паколькі Эўропа – цывілізацыя панаваньня аўтахтонаў, а Амэрыка – мігрантаў і іх нашчадкаў, то Эўропа Эўразіі заселена пераважна аўтахтонамі: славяна-праваслаўнымі, урала-праваслаўнымі, каўказа-праваслаўнымі, цюрка-мусульманамі, каўказа-мусульманамі, мангола-будыстамі (Хальмг-Танг/Калмыкія), урала-язычнікамі, а Азія Эўразіі – мігрантамі ды іх нашчадкамі.

4. Рэгіянальныя. Напрыклад, з цывілізацыі Эўропы зыходзяць лацінская і постбізантыйская (грэцкая праваслаўная).

Капіталістычная Заходняя Эўропа і сацыялістычная Ўсходняя ў другой палове ХХ ст. былі ўтварэньнямі не цывілізацыйнымі, а ідэалягічнымі. У склад першай уваходзілі разам з традыцыйнымі рамана-, кельта- ды германакаталіцкімі — германапратэстанцкія дзяржавы, і, нават, грэкаправаслаўная Грэцыя. У склад другой разам з рамана- і славянаправаслаўнымі дзяржавамі ўваходзілі славянакаталіцкія, нават вугракаталіцкая Грэцыя, каталіцкія і пратэстанцкія краіны Балтыі ды, нават, — мусульманскія супольнасьці Балкан.

5. Субрэгіянальныя. Каталіцкая лацінская, пратэстанцкая лацінская, грэцкая (поствізантыйская) і вуніяцкая.

Генэтычна ад агульнахрысьціянскага мінулага ў 1054 г. выдзеліліся лацінская, або каталіцкая (заходняга хрысьціянства) і візантыйская, або праваслаўная (усходняга хрысьціянства). Ад агульнакаталіцкага мінулага ў выніку Рэфармацыі дыфэрэнцавалася пратэстанцкая лацінская і, далей захавалася, каталіцкая лацінская. Ад агульнаправаслаўнага мінулага, адпаведна, — адлучылася вуніяцкая цывілізацыя (Берасьцейская вунія, 1596 г.).

6. Лякальныя. Чатыры субрэгіянальныя цывілізацыі Эўропы падзяляюцца на 19 – 21 лякальную. Лацінская каталіцкая на рамана-, германа-, кельта-, славяна-, вугра-, баска-, мальта-, альбана-, балтакаталіцкую. Лацінская пратэстанцкая на германа-, фіна-, балта-, славянапратэстанцкую (частка сорбаў-лужычан). Грэцкая (поствізантыйская), праваслаўная на грэка-, альбана-, цюрка- (гагаузы Малдовы), рамана-, славянаправаслаўную. Вуніяцкая — на славянавуніяцкую ды іншыя этнічныя вуніяцкія суполкі (гл. табліцу).


7. Сублякальныя. Мега- і макрацывілізацыі, за выкл. германа-каталіцкай, дыфэрэнцаваны абшарава на заходнеэўрапейскую, апэнінскую, пірынэйскую (рамана-каталіцкая),  паўночнагерманскую, паўднёвагерманскую, заходнегерманскую (германа-пратэстанцкая), цэнтральнаэўрапейскую, балканскую (славяна-праваслаўная), ўсходнеэўрапейскую,  паўднёваэўрапейскую (славяна-каталіцкая).

Сублякальныя цывілізацыі шчыльна зьвязаны з абшарамі.

а) Пірынэйская рамана-каталіцкая цывілізацыя характэрызуецца: доўгай араба-мусульманскай інвазіяй (адсюль у ібэрыйскіх мовах шмат арабізмаў), лідэрствам у час вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, піянэрскасьцю ў эўрапеідызацыі сьвету, сучаснай сэміпэрыфэрыйнасьцю (акрамя паўночна-усходняй Гішпаніі – часткі эканоміка-палітычнага цэнтру). Уключае Партугалію, Гішпанію, Андору, а таксама Балеарскія востравы.

б) Апэнінская рамана-каталіцкая цывілізацыя. Сфармавалася ў цэнтры былой Рымскай імпэрыі, найбольшым абшары Рэнэсансу. У сярэднявеччы і ў новы час абшар быў палітыка-геаграфічна стракаты і злучыўся ў адну дзяржаву Італію толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. Поўнач Італіі – частка эканоміка-палітычнага цэнтру – а поўдзень паўпэрыфэрыі.

в) Заходнераманская рамана-каталіцкая цывілізацыя. Апрача абшару Францыі і бэльгійскай Валёніі ўключае франка-каталіцкіх швэйцарцаў, а таксама жыхароў Манака. Адзіны ў Эўропе рамана-каталіцкі абшар – суцэльны эканамічна-палітычны цэнтр.

г) Паўночнагерманская германа-пратэстанцкая. Паўночнагерманскія Швэцыя, Нарвэгія, Данія і Ісляндыя бязумоўна ўваходзяць у лік разьвітых дзяржаў сьвету. Толькі поўнач Швэцыі і Нарвэгіі (Ляпляндыя) – частка сусьветнай паўпэрыфэрыі. Утварылася ў выніку пратэстантызацыі паўночнагерманскіх каталікоў у час Рэфармацыі.

д) Паўднёвагерманская германа-пратэстанцкая цывілізацыя. Пратэстанцкая частка Нямеччыны і Галяндыі. Утварылася ў выніку пратэстантызацыі пад час Рэфармацыі, частка палітыка-эканамічнага цэнтру (апрача абшараў былой НДР/ГДР).

е) Заходнегерманская германа-пратэстанская цывілізацыя. Германа-пратэстанты Вялікабрытаніі: ангельцы і шатляндыйцы, а таксама ангельцы і шатляндыйцы з Ольстэру. Эканоміка-палітычны цэнтр.

ж) Сярэднеэўрапейская (цэнтральнаэўрапейская) славяна-каталіцкая цывілізацыя. Палякі разам з кашубамі, частка беларусаў, палякі Летувы, Беларусі і Ўкраіны, чэхі з марвавамі й славакі, частка сорбаў-лужычан. Ад цэнтру (сорбы-лужычаны), праз паўпэрыфэрыю (палякі, чэхі, славакі, да эканамічна-палітычнай пэрыфэрыі (беларусы).

Відавочна дамінацыя Польшчы, таму ў побытавым ужытку на ўсходзе ад этнічнай Польшчы сярэднеэўрапейскі славяна-каталік і, нават, балта-каталік атаясамліваўся як палітычны паляк. Тое гістарычна зьвязана як зь першай Рэччу Паспалітай, так і зь міжваеннай Польшчай.

з) Паўднёваэўрапейская славяна-каталіцкая цывілізацыя. Славенцы і харваты, у т. л. харваты Босьніі і Герцэгавіны. Сэміпэрыфэрыі.

Паводле П. Эбэргардта (2009) славенцы і харваты выступаюць супроць іх  атаясамліваньня ў штодзённай міжнароднай грамадзкай думцы як часткі рэгіёну Балканы, таму назавём балканскае адгалінаваньне славяна-каталіцкай цывілізацыі паўднёваэўрапейскай, а славяна-праваслаўнай  – уласна балланскай. Прынамсі ня чутна галасоў сэрбаў, чарнагорцаў, македонцаў і баўгар супроць іх атаясамліваньня з Балканамі.

і) Славяна-праваслаўная ўсходнеэўрапейская цывілізацыя. Беларусы-праваслаўныя і ўкраінцы-праваслаўныя (акрамя беларусаў і ўкраінцаў рыма-каталікоў, грэка-каталікоў/вуніятаў ды пратэстантаў). Беларусы ды ўкраінцы Малдовы, беларусы Польшчы, частка беларусаў Летувы і г. д. Эўрапейская экан.-паліт. пэрыфэрыя.

Характэрны цывілізацыёнім “рускі” (у спольшчанай вэрсіі русін) паходзіць генэтычна ад цывілізацыйна эўрапейскае Русі ІХ-ХІ стст. да яе падзелу ў час мангола-татарскай экспансіі на ўласна эўрапейскую (заходнюю) і эўразійскую (усходнюю) Русь. Апошняя трансфармавалася ў Расею. На месцы першай узьніклі эўрапейскія нацыі: беларусы і ўкраінцы. Двухсотгадовая палітыка Расейскай імпэрыі і СССР па фактычнаму атаясамліваньню, або сінанімізацыі рускі расеец прывяла да сур’ёзных праблем у цывілізацыйнай ідэнтыфікацыі усходнеэўрапейскіх славяна-праваслаўных, для якіх рускі – эўрапейскі ўсходнеславяна-праваслаўны.

Сталае раздражненьне тутэйшага каляніяльнага навуковага і ідэалягічнага істэблішмэнту з прычыны разрозьніваньня “рускага” і “расейскага” у несавецкай беларускай традыцыі (маўляў гэта супярэчыць гістарычнай відавочнасьці і г. д.) лішні раз паказвае, што атаясамленьне “рускага” і “расейскага” – адна з ключавых стратэгій расейскага каляніялізму ў Беларусі (В. Булгакаў, 2006).

Цывілізацыйна-генэтычныя прыкметы:

1. Постгрэцкія і поствізантыйскія культурова-рэлігійныя карані. Праваслаўная царква як адзін з чыньнікаў індэнтыфікацыі.

2. Доўгае падпарадкаваньне і ўплывы іншых цывілізацый (цюрка-мусульманскай і эўразійскай).

3. Наяўнасьць вялікіх этнічных, канфэсійных, этнаканфэсійных меньшасьцяў як вынік падпарадкаваньняў і ўплываў.

4. Шавінізм (сэрбскі) і вызвольніцтва (баўгарскае, украінскае, беларускае). Чаргаваньне шавінізмаў і вызвольніцтваў у нацыяналізмах, іх камбінаваньне ў розных накірунках і ў розныя часы.

5. Масавае зьмяньшэньне колькасьці насельніцтва (Украіна, Беларусь, Баўгарыя) пасьля падзеньня камунізму.

6. Кволыя парасткі дэмакратыі з прычынаў ня толькі шырокай, але і глыбокай таталітарызацыі супольнасьцяў у час камунізму. Адсюль вялікая папулярнасьць аўтарытарызму, таталітарызму і ізаляцыянізму ды цяга да вышэйпералічанага.

7. Надзвычайная розьніца паміж рэгіёнамі як вынік 2, 3, 4 прычын, а таксама значных уплываў суседніх дзяржаў на памежныя рэгіёны (Украіна, Сэрбія, Беларусь, Македонія).

8. Незвычайныя этнонімы і палітонімы, якія зьмяняліся гістарычна і маюць рознае паходжаньне (Украіна – ускраіна, Беларусь – Белая Русь, Літва, Русь, Македонія – традыцыя з часоў Аляксандра Македонскага, Сэрбія – агульнаславянскае, Чарнагорыя – Чорная гара, Баўгарыя – магчыма ад цюркаў баўгар-балкар).

9. Кірыліца – асноўны алфавіт, лацінка – другі альфабэт (Сэрбія, Беларусь, Украіна).

10. Найменьшыя ў Эўропе традыцыі індывідуалізму, што, верагодна, зьяўляецца адной з прычын найменьшага ў Эўропе дабрабыту. Цяга да дзяржаўнай цэнтралізацыі, ня поўнае аддзяленьне дэ-факта прыватнага права ад публічнага.

Цывілізацыя сфармавалася хутчэй у выніку збліжэньня бізантыйскай эўрапейскай (заходняй) Русі ў складзе ВКЛ з лацінскай Эўропай (перажыла Адраджэньне, Рэфармацыю-Контррэфармацыю, максімальна вэстэрнізавалася ў часы Вуніі, вытрымала расейскую эўразіятызацыю ў ХІХ – ХХ ст. Характэрызуецца запозьненым нацыя- і дзяржаватварэньнем.

к) Балканская славяна-праваслаўная цывілізацыя. Сэрбы, сэрбы Босьніі і Герцэгавіны, Чарнагорыі, Косава, чарнагорцы, македонцы, баўгары (акрамя баўгар-мусульман). Экан.- паліт. пэрыфэрыя Эўропы. Перажыла доўгую цюрка-мусульманскую экспансію, палітычна аформілася пасьля дэасманізацыі (утварыліся Баўгарыя, Сэрбія, Чарнагорыя). Запозьненае нацыятварэньне.

Некаторыя дасьледчыкі выдзяляюць дробныя цывілізацыйныя супольнасьці ў межах дзяржаў.

М. Кавальскі (M. Kowalski, 2004) ў межах сучаснай Польшчы адрозьнівае чатыры цывілізацыйныя макрарэгіёны: — даўнейшая Галіцыя, Гданьскае памор’е і Горная Сілезія – рэгіёны дзе лацінская (заходняя) цывілізацыя падверглася найменьшай эрозіі; — даўнейшая Кангрэсоўка зь Беласточчынай, дзе лацінская цывілізацыя падверглася моцнай эрозіі, пад уплывам Візантыйскай, Туранскай (эўразійскай) і жыдоўскай (габрэйскай) цывілізацый; — заходнія землі, дзе лацінская сыстэма падверглася наймацнейшай эрозіі ў выніку каляктыўнай гаспадаркі на вёсцы, іміграцыі насельніцтва з усходу – таму тут можа паўстаць ацывілізацыйны стан, або бізантыйскападобная цывілізацыйнасьць; Паўднёва-усходняя Белаасточчына, г. зн. праваслаўны рэгіён, цывілізацыйная сыстэма якога ўладкавалася пад уплывам сувязей з Русьсю і (пазьней) Расеяй.

Кіруючыся лёгікай М. Кавальскага, Беларусь можна падзяліць на тры цывілізацыйныя рэгіёны:

— былая БССР да 1939 г., дзе эўрапейская славяна-праваслаўная  цывілізацыя падверглася наймацнейшай эрозіі (эўразіятызацыі);

— заходняе і цэнтральнае Палесьсе (што да 1939 г. знаходзіліся ў складзе міжваеннай Польшчы), дзе славяна-праваслаўная цывілізацыя падверглася меньшай эўразіятызацыі (зрасейшчваньню);

— гістарычная Літва, дзе лацінская і славяна-праваслаўная цывілізацыія падвергліся найменьшай эўразіятызацыі (зрасейшчваньню). На абшарах гістарычнай Літвы сустракаюцца лацінскі, праваслаўны і мяшаны (лацінска-праваслаўны) цывілізацыйныя арэалы.

Вышэй дыфэрэнцаваныя цывілізацыйныя рэгіёны дробныя і найдрабнейшыя, таму сфармаваліся пасьля ўтварэньня дзяржаў, або краін у сучасных межах.

У Беларусі жывуць прадстаўнікі трох цывілізацый:

1. Лацінскай, славяна-каталіцкай, беларусы-каталікі і палякі-каталікі,  найперш паўночнага-захаду Беларусі, а таксама пратэстанты, найперш на Палесьсі і ў местах (каля 2 млн. асоб). Дыскрымінуемая цывілізацыйная супольнасьць. Пражывае ў вёсках, мястэчках і местах на паўночным-захадзе і захадзе Беларусі, а таксама ў Менску. Ізаляваная польска-беларускай, летувіска-беларускай і латыска-беларускай палітычнымі межамі. Выезд у суседнія цывілізацыйна роднасныя дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу практычна немагчымы з-за візавага рэжыму і нізкага матэрыяльнага ўзроўню жыцьця. Разьвіцьцё каталіцкага і праваслаўных касьцёлаў штучна стрымліваецца.

2. Эўрапейскай праваслаўнай, звычайна беларусы-праваслаўныя, асабліва на Палесьсі і ў гістарычнай Літве, магчыма – частка беларусаў-няверуючых (каля 5 млн. асоб). Складае большасьць насельніцтва Палесься, вёсак і мястэчак Падняпроўя, Паазер’я і Сярэдняй Беларусі. Дыскрымінуемая цывілізацыйная супольнасьць, асімілюецца/эўразіятызуецца. Усялякія спробы адраджэньня Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі рэальна незалежнай ад Рускай (фактычна Расейскай) праваслаўнай царквы (РПЦ МП) татальна перасьледуюцца.

Яскравым прыкладам можа быць разбурэньне недабудаванага праваслаўнага храма Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў мястэчку Пагранічны на Гарадзеншчыне (будаванай пад кіраўніцтвам айца Яна Спасюка).

3. Эўразійскай (Расеі), перасяленцы з усходу за часы Расейскай імпэрыі і СССР і іх нашчадкі, пэўная (?) колькасьць эўразіятызаваных (зрасейшчаных) беларусаў (часта беларусы-атэісты, “праваслаўныя атэісты”, частка беларусаў-праваслаўных). Звычайна маюць падвойную беларуска-расейскую цывілізацыйную ідэнтыфікацыю і выказваюцца ў тым духу, што “Беларусь – тое ж самае што і Расея”, або “Беларусь – частка Расеі” (як Краснадарскі край ці Далёкі Ўсход). Налічваецца каля 2-3 млн. асоб. Пануючая цывілізацыя ў Беларусі. Пражываюць у местах, займаючы звычайна вышэйшыя прыступкі службовай (у меньшай ступені сацыяльнай і маёмаснай лесьвіцы). Прымусава (найперш прававая ініцыятыва, навучаньне й выхаваньне ў школах і ВНУ) і дабраахвотна (замбаваньне з дапамогай зманапалізаваных мас-мэдэа), але пасьпяхова навязываюць свае цывілізацыйныя ўзоры й стандарты беларусам іншых цывілізацый (расейская мова, цэзарапапізм, расейскі аўтарытарызм, таталітарызм, шавінізм, фактычная адсутнасьць: дамінацыі прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці, падзелу паміж публічным правам і прыватным, грамадзянскай супольнасьці, і як вынік – мясцовага самакіраваньня. Тое вядзе да азіяцкага дэспатызму, бюракратыі, самаўладзтва шматлікага герархізаванага чынавенства, фактычнай ізаляцыі Беларусі ад цывілізацыі Эўропы і мн. іншага.

Беларускія татары мусульманы і габрэі-юдаістыя нешматлікія, але з улікам мусульманскай і юдаісцкай супольнасьцяў можна канстатаваць наяўнасьць пяці цывілізацыйных супольнасьцяў у межах Беларусі.


5. ГАРЫЗАНТАЛЬНАЯ СТРУКТУРА ЦЫВІЛІЗАЦЫЙ

Гарызантальная структура эўрапейскіх цывілізацый надзвычай стракатая.

У сучаснай цывілізацыйнай Эўропе можна выдзеліць дзьве найвялікшыя мегацывілізацыі: рамана-каталіцкую і германа-пратэстанцкую (з колькасьцю насельніцтва больш 100 млн. чал.), тры вялікія макрацывілізацыі: славяна-праваслаўную, славяна-каталіцкую, германа-каталіцкую (больш за 50 млн. чал.), тры сярэднія мезацывілізацыі:  рамана-праваслаўную, угра-каталіцкую, грэка-праваслаўную (больш за 10 млн. чал.), тры малыя мікрацывілізацыі: фіна-пратэстанцкую, балта-каталіцкую, кельта-каталіцкую (больш 3 млн. чал.) і сем найменьшых нана-супольнасьцяў: балта-пратэстанцкую (Латвія акрамя Латгаліі), славяна-мусульманскую — мусульманы-басьнякі Босьніі і Герцагавіны, нязначная колькасьць мусульман-баўгар, альбана-мусульманскую (альбанцы Альбаніі, Косава, Чарнагорыі), цюрка-мусульманскую (Фракія, Турэччына; Крым ва Ўкраіне), баска-каталіцкую (баскі-каталікі Гішпаніі, Францыі), славяна-пратэстанцкую (частка сорбаў-лужычан) цюрка-праваслаўную (гагаузы Малдовы).

1. Да рамана-каталіцкай мегацывілізацыі адносяцца Швэйцарыя (франка-, італа-, рэтрараманашвэйцарцы), Партугалія, Гішпанія, Італія, Сан-Марына, Францыя, Бэльгія, ды інш. Сярод этнічных супольнасцяў традыцыйныя рамана-каталікі: партугальцы, гішпанцы, галісейцы, каталёнцы, італійцы, сіцылійцы, сардынійцы, карсіканцы, французы, валёны. Гэта цывілізацыя старажытнейшая, бо сфармавалася на аснове культуры Рымскай і Заходне-Рымскай імпэрый. Пасьля распаду імпэрый характэрнымі рысамі насельніцтва пострымскіх тэрыторый былі заходняе хрысціянства (каталіцтва) й латынь, пасьля зьнікненьня якой (як жывой мовы) вышэйзгаданыя супольнасьці запазычылі лацінскі альфабэт і спосаб напісаньня, адаптаваўшы іх да сваіх моўнасьцяў ды сфармаваўшы зь іх літаратурныя мовы. Затым узніклі рамана-каталіцкія дзяржавы. Рамана-каталіцкая цывілізацыя геаграфічна падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (Партугалія, Гішпанія, Італія, Сан-Марына, Мальта) і заходнеэўрапейскую (французы Францыі й валёны Бэльгіі). Большасць рамана-каталікоў жыве ў рэгіёне Паўднёвая Эўропа.

Рамана-каталіцкі сьвет даў Эўропе найстарэйшы й найвялікшы досьвед  перасяленства. Перасяленская Лацінаамэрыканская цывілізацыя цалкам сфарміравалася на аснове рамана-каталіцкага (партугальска і гішпанскага) этнічна-рэлігійнага культуровага субстрату з дадаткамі культур лацінаамэрыканскіх абарыгенаў. Рэлігійна-культуровы ўплыў Францыі ў Цэнтральнай і Сярэдняй Афрыцы стаў дамінуючым, а клясычная лаціна-італійская рэлігійная культура вядома каталікам усяго сьвету.

Нарэшце, пяць раманскіх дзяржаў маюць характэрныя сьцягі-трыкалёры зь вертыкальных пасаў (Францыя, Бэльгія, Італія, Румынія, Малдова).

Паводле велічыні нацыянальнага прадукту брута (НПБ) на 1 асобу (на 2002 г.) эўрапейскія рамана-каталіцкія дзяржавы надзвычай дыфэрэнцаваны: ад < 36 тыс. USD у Швэйцарыі (франка- і італашвэйцарцы, а таксама рэтрараманцы), < 24 тыс. даляраў ЗША у Бэльгіі (валёны), да 12.000 USD у Партугаліі і 9 тыс. – на Мальце. Аднак усе рамана-каталіцкія супольнасьці Старога Сьвету ўваходзяць у лік багатых, заможных і найзаможнейшых (рамана-швэйцарцы).

Нацыянальны даход брута ў плацёжнай сіле валют (НДБ ПСВ) на адну асобу (на 2002 г.) дыфэрэнцуецца ад 28 тыс. IND (у рамана-швэйцарцаў) да 18 тыс. IND у партугальцаў. Рамана-каталіцкія дзяржавы Эўропы – заможныя і багатыя.

Трэці важны паказчык – індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП) ў традыцыйных рамана-каталіцкіх дзяржаў горшы, чым ў германа-пратэстантаў. Аднак валёны Бэльгіі зьяўляюцца выключэньнем, займаючы трэцяе месца ў Эўропе (4-е ў сьвеце). Францыя займае 8-е месца ў Старым Сьвеце (12-е ў сьвеце), а іншыя вялікія супольнасьці (паводле ІРЧП) ўваходзяць ў другую дзясятку дзяржаў Эўропы.

2. Да германа-пратэстанцкай цывілізацыі належаць: Нямеччына (акрамя каталіцкай часткі – найперш Баварыі і інш.), Вялікая Брытанія (акрамя ірляндыйцаў каталікоў), Нідэрлянды, Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя. Большасьць германскіх этнасаў – традыцыйныя пратэстанты: паўночныя немцы, галяндыйцы, ангельцы, шатляндыйцы, даччаны, швэды, нарвэгійцы, ісляндыйцы. Вядома, што германа-пратэстанцкая цывілізацыя сфармавалася гістарычна пазьней як вынік працэсу Рэфармацыі ў Эўропе. Ад агульнакаталіцкага рамана-германскага мінулага пераняла лацінку, а таксама агульны спосаб напісаньня. Геаграфічна і этнічна германа-пратэстанцкая цывілізацыя падзяляецца на паўночнаэўрапейскую (Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Ісляндыя) і цэнтральнаэўрапейскую (паўночныя і ўсходнія немцы, галяндыйцы, ангельцы, шатляндыйцы і інш.). Як бачым, большасьць германа-пратэстантаў жыве ў Сярэдняй Эўропе.

Германа-пратэстанты далі сьвету традыцыі індывідуалізму, рацыяналізму, пунктуальнасьці, пратэстанцкую працоўную этыку. Гістарычна больш позьні і ўдалы досьвед перасяленства прывёў да стварэнья пасу найбагацейшых на плянэце дзяржаў ад Канады й ЗША, да Швэцыі й Нямеччыны. З вынікамі германа-пратэстанцкага ўзьдзеяньня ў час эўрапеідызацыі сьвету зьвязаны высокі ўзровень разьвіцьця ПАР у Афрыцы. Аўстралія і Новая Зэляндыя цалкам пабудаваны на англасаксонскім дзяржаўніцка-этнарэлігійным падмурку. Адсюль няма дзіва, што ў сваіх рэгіёнах гэтыя дзяржавы – лідэры паводле ўзроўню разьвіцьця.

Характэрныя сьцягі паўночнаэўрапейскіх краін, у т. л. Ангельшчыны і Шатляндыі, складаюцца з маленькіх пасаў перакрыжаваных на агульным фоне іншага колеру.

Германа-пратэстанты маюць найвялікшы ў Эўропе і сьвеце НПБ на 1 асобу (2002 г.): ад 41 тыс. USD за год у Нарвэгіі, да 24 тыс. USD у Нямеччыне, таму традыцыйныя германа-пратэстанцкія дзяржавы ўваходзяць у шэраг выключна заможных і найзаможнейшых.

Як правіла, толькі германа-пратэстанцкія дзяржавы, цешацца найвялікшымі  НДБ ПСВ на 1 асобу (на 2002 г.): ад  36.000 ІND (Нарвэгія), да 25.000 IND (Швэцыя).

Паводле ІРЧП Швэцыя і Нарвэгія ў пачатку ХХІ ст. займалі першае-другое месцы як у Эўропе, так і на плянэце, а 3-5-е месцы ў Эўропе – германа-пратэстанцкія Бэльгія (пераважна), Ісляндыя і Нідэрлянды. Найменьшыя ІРЧП ў Эўропе мела пераважна германа-пратэстанцкая ФРН, таму займала аж … 13 (!) месца (17 у сьвеце). Сярод першай дзесяткі эўрапейскіх краін з найвышэйшымі ІРЧП – 8 германа-пратэстанцкія, або пераважна германа-пратэстанцкія.

3. Славяна-каталіцкая цывілізацыя ўключае ў сябе Польшчу, Чэхію, Славаччыну, а таксама Харватыю ды Славенію і традыцыйна зьяўляецца лацінскай цывілізацыяй, ня гледзячы на тое, што доўгі час чэхі, славакі, харваты і славенцы знаходзіліся ў складзе Аўстра-Вугорскай імпэрыі й падвергліся значнаму германскаму культуроваму ды цывілізацыйнаму ўплыву.

На левабярэжжы Лужыцкай Нысы жывуць сорбы-лужычаны, частка якіх спавядае каталіцтва, г. зн. уваходзіць у славяна-каталіцкі сьвет. Сорбы-лужычаны разам з анямечанымі палабскімі славянамі адносяцца да заходнеславянскай групы.

Акрамя каталіцтва, характэрнай рысай зьяўляецца лацінка (нацыянальныя альфабэты сфармаваліся на аснове лацінскага) з традыцыйнымі польскім і чэскім спосабамі пісьма. Аналягічна, паводле геаграфічнасьці й этнічнасьці, — падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (Харватыя, Славенія) і сярэдняэўрапейскую (Польшча, Чэхія, Славаччына). Пераканаўчая большасьць славян-каталікоў жыве ў Сярэдняй Эўропе.

Сярод дзяржаў Усходняй Эўропы славяна-каталіцкія дзяржавы першымі вызваліліся ад камунізму. Тут раней распачаліся рэформы, таму дасягнуты самы высокі ўзровень жыцьця ў рэгіёне. Чатыры зь пяці славяна-каталіцкіх дзяржаў – сябры Эўрапейскага Зьвязу.

Вядома доўгачасовая экспансія славяна-каталіцкай Польшчы на ўсход і ўзьдзеяньне традыцыйнай польскай культуры на культуры Летувы, Беларусі ды Ўкраіны.

Славяна-каталіцкая еднасьць своеасабліва праяўляецца ў гарызантальных пасах бела-сіне-чырвоных колераў на нацыянальных сьцягох.

Нацыянальны прадукт брута (НПБ) на 1 асобу за год у славяна-каталікоў меньшы, чым ў германа-пратэстантаў і рамана-каталікоў. Ён складае ўсяго ад 7 тыс. USD ў Чэхіі (2002 г.), — да 4 тыс. USD ў Славаччыне. Таму славяна-каталіцкія гаспадарствы – сярэднеразьвітыя. Толькі Славенія мае НПБ на 1 асобу за год (2002) амаль 11 тыс. USD (уваходзіць разам зь іншымі міжземнаморскімі краінамі у лік багатых дзяржаў Эўропы).

Значная розьніца ў даходах паміж чэхамі і славакамі – адна зь істотнейшых прычын мірнага падзелу былой Чэхаславаччыны, які быў матэрыяльна выгадны для чэхаў (пазбавіліся ад фінансаваньня бяднейшай Славаччыны).

НДБ ПСВ на 1 асобу за 2002 г. у славяна-каталіцкіх дзяржавах вагаецца ад 15 тыс. IND у Чэхіі, да 10 тыс. у Славакіі (група сярэдніх прыбыткаў). Выключэньне складае Славенія, якая пасьля камунізму ўвайшла ў шэраг багатых дзяржаў зь сярэднім даходам славенцаў 18.000 IND.

Лідэр славяна-каталіцкага сьвету – Славенія займае 20-е месца ў Эўропе (29-е ў сьвеце) паводле ІРЧП. Астатнія супольнасьці – у трэцяй эўрапейскай дзесятцы (22-25 месцы).

4. Вялікая частка германцаў не падверглася пратэстантызацыі ў час Рэфармацыі, таму захавала традыцыйнае каталіцтва. Гэта паўднёвыя й заходнія немцы, аўстрыйцы, частка германа-швэйцарцаў, частка галяндыйцаў, флямандыйцы, люксэмбуржцы і іншыя. У традыцыйна каталіцкай частцы Нямеччыны вёскі характэрызуюцца меншым ўзроўнем матэрыяльнага дабрабыту, у сем’ях большая колькасьць дзяцей, іншая працоўная этыка й г. д. Да германа-каталіцкага сьвету аднясём Нямеччыну (Баварыя і інш.), Аўстрыю, Бэльгію, частку Швэйцарыі (германа-швэйцарцы), частку Нідэрляндаў. Агульная колькасьць германа-каталікоў – больш за 50 млн. чал., таму можна выдзеліць асобную германа-каталіцкую макрацывілізацыю.

Германа-каталіцкі Люксэмбург паводле НПБ на адну асобу (за 2002 г.) займае першае месца ў Эўропе (44 тыс. USD), Галяндыя і Аўстрыя на 9 – 10 месцах, а Бэльгія і Нямеччына – 12-13.

Люксэмбург – абсалютовы лідэр Эўропы паводле сярэдняга НДБ ПСВ на адну асобу – 55 тыс ІND (2002 г.), а Аўстрыя, Нідэрлянды, Бэльгія й Нямеччына займаюць адпаведна 6, 8-10 месцы.

Паводле ІРЧП лідэры германа-каталіцкае Эўропы – Бэльгія і Нідэрлянды  (3 і 5 месцы, 4 і 8 ў сьвеце). Аўстрыя, Люксэмбург і Нямеччына адчыняюць другую дзесятку эўрапейскіх лідэраў (знаходзячыся ў сярэдзіне другой дзясяткі сусьветнага рэйтынгу).

5. Нарэшце, эўрапейская славяна-праваслаўная цывілізацыя (акрамя сваяго грэка-бізантыйскага генэзісу й тысячагадовай гісторыі) зьяўляецца самабытнай і найбольш ізаляванай часткай Эўропы, з насельніцтвам каля 80  млн. чал. Да эўрапейскай славяна-праваслаўнай цывілізацыі можна аднесьці Баўгарыю, Сэрбію, Чарнагорыю, Македонію, Украіну і Беларусь. Геаграфічна й этнічна падзяляецца на паўднёваэўрапейскую (паўднёвыя славяны Баўгарыі, Сэрбіі, Чарнагорыі, Македоніі, сэрбская праваслаўная супольнасьць Босьніі і Герцэгавіны) і сярэдняэўрапейскую (усходнія славяны Ўкраіны й Беларусі). Большасьць эўрапейскіх славяна-праваслаўных жыве ў Сярэдняй Эўропе, а большасьць славяна-праваслаўных этнасаў і дзяржаў (сэрбская частка Босьніі і Герцагавіны) знаходзяцца ў Паўднёвай Эўропе (на Балканах). Нацыятварэньні ў славян-праваслаўных гістарычна некалькі запозьненыя, што, між іншым, тлумачыцца доўгімі ўплывамі турэцкай (Балгарыя і іншыя балканскія краіны), польскай і расейскай экспансій. У мэнтальнасьці найменшая ў Эўропе вага каштоўнасьці індывідуалізму асобы, ды найбольшая — абавязкаў індывіду перад герархізаванымі супольнасьцямі.

Акрамя нацыянальных альфабэтаў, усталяваных на аснове кірыліцы, характэрнай рысай славяна-праваслаўных краін зьяўляецца пражываньне разам з традыцыйнымі супольнасьцямі шматлікіх меньшасьцяў. На Балканах такімі зьяўляюцца рэлігійна-этнічныя (мусульманы-туркі ў Балгарыі, мусульманы-альбанцы ў Косаве і Чарнагорыі). Ва Ўкраіне і Беларусі — рэлігійныя ды этнічныя супольнасьці.

Грэка-каталікі (вуніяты) Заходняй Украіны і рыма-каталікі Заходняй Беларусі складаюць асобныя ўсходнеславяна-каталіцкія супольнасьці. Іх можна разглядаць як найдрабнейшыя  (сунана-) цывілізацыі.

Сярод пяці найвялікшых паводле колькасьці насельніцтва цывілізацый Эўропы славяна-праваслаўныя маюць, увогуле, найменьшы дабрабыт.

Паводле НПБ на 1 асобу ў год (у далярах ЗША) славяна-праваслаўныя дзяржавы ўваходзяць у чацьвёртую дзесятку, таму зьяўляюцца аднымі з найбяднейшых у Эўропе (усяго ад > 1.400 да > 800 USD у 2002 г.).

НДБ ПСВ на 1 сярэднестатыстычную асобу на 2002 г. у славяна-праваслаўных дзяржавах складае ад 7.000 – да 4.800 (у IND), таму славяна-праваслаўныя дзяржавы займаюць месцы ў апошняй чацьвёртай дзесятцы дзяржаў Старога Сьвету.

Адсюль, ІРЧП традыцыйна славяна-праваслаўных краін меншы, чым у іншых вялікіх эўрапейскіх цывілізацыйных супольнасьцяў. Беларусь – лідэр славяна-праваслаўнага сьвету паводле ІРЧП, бо знаходзіцца на ганаровым 30-м месцы ў Эўропе (у 2002 г.). Астатнія супольнасьці ўваходзяць у 4-ю дзесятку эўрапейскіх дзяржаў.

Наступныя тры цывілізацыі лякалізаваны ва Ўсходняй Эўропе і Міжземнамор’і, а старажытнейшыя  вугорцы й грэкі маюць параўнальную колькасьць насельніцтва.

6. Традыцыйныя рамана-праваслаўныя румыны і малдаваны маюць пасьлярымскія этнічныя карані, аднак іх доўгае пражываньне побач з вугорцамі й славянамі-праваслаўнымі наклала адбітак на рэлігійнасьць і менталітэт у пляне памяньшэньня ролі індывілуалізму й павялічэньня вагі супольнасных абавязкаў асобы. Раманы-праваслаўныя карысталіся кірыліцай (да 1960 года Румынія, да 1990 года Малдова), але пасьля ліквідацыі таталітарызму ды расейскага імпэрскага ўплыву гістарычная нацыянальная лацінка тут вернута ва ўжытак разам з традыцыйным трыкалёрам (сіне-жоўта-чырвоным сьцягам).

7. Угра-каталіцкая цывілізацыя рэпрэзэнтавана вугорцамі Вугоршчыны, а таксама Румыніі й Сэрбіі (буйная нацменшасьць у Сямігорадзе, супольнасьць у Ваяводзіне). Вугорцы традыцыйныя рыма-каталікі лацінскай культуры з арыгінальнай лацінкавай пісьмовасьцю. Былі другім пануючым этнасам у стракатай Аўстра-Вугорскай імпэрыі, якая выбудавалася на панаваньні германа-каталіцкага элементу з дадаткам вугра-каталіцкага.

8. Нарэшце грэка-праваслаўная цывілізацыя мае найстаражытнейшыя культурова-этнічныя карані ва ўсёй Эўропе, бо кожны эўрапеец культурова паходзіць з старажытнай Грэцыі, а праваслаўе часта называюць грэцкаю вераю.

Сучасныя грэкі, акрамя Грэцыі, жывуць на Кіпры (грэцкая частка Кіпру ўвайшла ў Эўрапейскі Зьвяз) ды складаюць уплывовыя меншасьці ў іншых дзяржавах, карыстаюцца арыгінальнай новагрэцкаю моваю і ўласнымі альфабэтам ды пісьмовасьцю.

Старажытнейшыя рэліктавыя этнасы складаюць тры паўночна-эўрапейскія мікрацывілізацыі.

9. Фіна-пратэстанцкі сьвет ўключае фінаў ды эстонцаў, якія гістарычна спазналі вялікія заходнегерманскі (Эстонія) і паўночнагаерманскі (Фінляндыя), а таксама, у меньшай ступені, — расейскі ўплывы. Мясцовая ўральская этнічнасьць пераплялася з пратэстанцкай традыцыяй (акрамя праваслаўных эстонцаў-сету), таму тут адбылося фармаваньне літаратурнай мовы і пісьмовай традыцыі (лацінкі), а паўстаньне незалежных дзяржаў зрабіла незваротным фармаваньне сучасных этнасацыяльных арганізмаў – нацый. Фінляндыя – высокаразьвітая дзяржава, а Эстонія ня гледзячы на паўстагодзьдзе савецкай акупацыі – самая разьвітая дзяржава ў межах былой савецкай імпэрыі (сябра ЭЗ/EU).

10. Балта-каталіцкі сьвет уключае Летуву і Латгалію (усходнюю частку Латвіі) населеную балтамі-каталікамі з агульнай колькасьцю каля чатырох мільёнаў носьбітаў цывілізацыйнасьці. Балты традыцыйна пішуць лацінкай з вялікай колькасьцю значкоў над і пад літарамі. Гістарычна ўваходзілі ў склад ВКЛ (Летува), падвергліся славянскай (беларусізацыі, зпальшчэньню, зрасейшчваньню), а таксама германскай асіміляцыі (Латвія, Балтыйскае ўзьбярэжжа Летувы). Сучасныя Летува і Латвія перадольваюць наступствы савецкай акупацыі і хутка разьвіваюцца ў складзе ЭЗ.

11. Рэштка найстаражытнейшага насельніцтва Эўропы, што не асімілявалася – кельты. Утвараюць кельта-каталіцкі цывілізацыйны сьвет. Кельты: ірляндыйцы, паўночныя ірляндыйцы, гэлы, брэтонцы –  характэрызуюцца невялікай колькасьцю насельніцтва, высокім ўзроўнем моўнай асіміляцыі (брэтонцы ў побыце франкамоўныя, астатнія – ангельскамоўныя), акрамя часткі заходніх ірляндыйцаў, што карыстаюцца ірляндыйскаю моваю, этнавызначаючай роляй каталіцтва (насуперак заходнегерманцам-пратэстантам ангельцам і шатляндыйцам), доўгай гісторыяй барацьбы за незалежнасьць, традыцыяй масавай эміграцыі ў Амэрыку, багатай духоўнай культурай, а таксама высокім ўзроўнем жыцьця (аднак некалькі ніжэйшым, чым у ангельцаў, французаў і шатляндыйцаў). На палітычнай мапе Эўропы існуе толькі адна кельтская дзяржава – Ірляндыя.

Іншыя аўтахтонныя цывілізацыйныя супольнасьці або нетрадыцыйныя для Эўропы: славяна-мусульманская (мусліманы-басьнякі), альбана-мусульманская, цюрка-мусульманская (крымскія татары), або надзвычай малалікія: баска-каталіцкая, балта-пратэстанцкая (латышы, акрамя латгалаў), славяна-пратэстанцкая (частка сорбаў-лужычан Нямеччыны), цюрка-праваслаўная (гагаузы Малдовы), урала-праваслаўная (эстонцы-сету), альбана-каталіцкая, альбана-праваслаўная.

Цікава, што этнічныя альбанцы праваслаўнага веравызнаньня нацыянальна ідэнтыфікуюць сябе як грэкі. Розьніца паміж аб’ектыўнай этнічнай належнасьцю і нацыянальнай ідэнтыфікацыяй у сьвеце зьява нярэдкая, але ў дадным выпадку альбанцы гістарычна раней праваславінізаваліся (да іслямізацыі). Доўгая традыцыя праваслаўя зьвязаная з грэцкай традыцыяй (грэцкая вера) плюс вышэйшы ўзровень матэрыяльнага жыцьця ў Грэцыі перадвызначылі стварэньне незвычайнай нацыянальнай сьвядомасьці. У Грэцыі этнічныя грэкі выдатна адрозьніваюць этнічных альбанцаў (у побыце міжсобку тыя размаўляюць па-альбанску, паводзяць сябе інакш, чым грэкі), але нацыянальна індэтныфікуюць сябе адназначна – як грэкі (P. Eberhardt, 2009).


Цывілізацыі разьвіваюцца не ізалявана, а кантактуюць паміж сабой, паколькі ўключаюць у сябе ня толькі агульныя традыцыйныя рэлігійнасьць і этнічнасьць, але й моўнасьці-этналекты (гаворкі, дыялекты, літаратурныя мовы), дзяржаўніцкія традыцыі, асаблівасьці гісторыі адлюстраваныя ў мэнталітэце.

У эўрапейскай частцы Расеі і ў эўрап. частцы Казахстану, акрамя дамінуючых славяна-праваслаўнай (расейцы) і цюрка-мусульманскай (татары, башкіры, казахі) існуюць аўтахтонныя ўрала-праваслаўныя (карэлы, комі, марыйцы, мардва, удмурты), цюрка-праваслаўная (чувашы), мангола-будысцкая (калмыкі) супольнасьці. Многія зь іх надзвычай малалікія і хутка асімілююцца (зрасейшчваюцца). Таму можна канстатаваць наяўнасьць (разам з цюрка-мусульманскай супольнасьцю турэцкай эўрапейскай Фракіі) больш двух дзясяткаў аўтэнтычных супольнасьцяў Эўропы ад Атлянтыкі да Уралу.

Стракаты малюнак аўтахтонных цывілізацый ўскладняюць шматлікія супольнасьці неасіміляваных мігрантаў і іх нашчадкаў у першых пакаленьнях, што сканцэнтраваны ў буйных местах Эўропы (Францыя, Нямеччына, Бэльгія, Гішпанія, Італія). Заходнеэўрапейскія імігранты пераважна паходзяць з Усходу (палякі, сэрбы, альбанцы, басьнякі, украінцы) або маюць неэўрапейскі генэзіс (арабы, туркі, негры). Галоўныя праблема – інтэграцыя мігрантаў у заходнеэўрапейскія і эўрапейскія цывілізацыйныя супольнасьці. Хуткасьць інтэграцыі залежыць ад блізкасьці цывілізацый.

Бязладзьдзі ў эмігранскіх кварталах французскіх і нямеціх местаў сьведчаць, што эмігранты негры і мусульманы, – найменьш інтэгруемыя супольнасьці, паколькі паходзяць зь іншых плянэтарных цывілізацый.

Своеасаблівыя групы насельніцтва ўтвараюць прадстаўнікі карэнных этнасаў Эўропы нетрадыцыйных рэлігійных перакананьняў і іншых арыентацый, аднак іх нельга называць традыцыйна цывілізацыйнымі. Напрыклад ангельцы-мусульманы інтэграваны ў ангельскае хрысьціянскае грамадзтва, і, акрамя рэлігіі зь яе сьветаглядам, — ня маюць нічога агульнага з мусульманамі Афрыкі або Азіі.

Такая гарызантальная структура цывілізацый, yключае ў сябе шматгранную стракатасьць, у якой разам з найвялікшымі цывілізацыямі суіснуюць маленькія рэліктавыя і нетрадыцыйныя найноўшых імігрантаў.


3 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    У мастацкім фільме “Апошні імпэратар”, які быў паказаны Белсатам, бачна абсурдная сістэма кіравання Кітаем, перад прыходам камуністаў. Імпэратар “кіраваў” Кітаем у атачэнні 2000 еўнухаў і 300 прыдворных пані з ізаляванага “закрытага гораду”. Вар’яцкая камуністычная сістэма ў параўнанні была больш “прагрэсіўная”. Нешта падобнае было ў царскай Расеі дзе бальшавікі лёгка абрынулі не паспеўшую рэфармавацца царскую сістэму. Каль б Сталыпінскія рэформы не былі спыненыя, бальшавікі не мелі б шансаў.
    Сёння ў Беларусі мы маем нешта падобнае: абсурдную дыктатуру. І гэта вельмі небяспечна, Лу-ка максімальна знізіў “выжываемасць” дзяржавы. Нават расейскі крымінальна-гэбіскі капіталізм можа падацца больш “прагрэсіўным”. Улада “валяецца пад нагамі”, трымаецца толькі на адным чалавеку.

  2. Лу-ка максімальна знізіў “выжываемасць” дзяржавы. Вельмі дакладна сфармуляваў сп. Сяргей становішча Беларусі. У даны момант падрываецца фінансавая бяспека краіны. За што не вазьміся ўсё робіцца на згубу беларускага народа. Выпадкова на днях прагледзела фільм з “Беларусьфільма”. Божа мой, там такая чарнуха і парнуха, што мне стала жутка. Гэта такі сорам і ганьба для беларускай нацыі, што няма нават слоў абурыцца. Я не разумею куды глядзелі лукашэнкаўскія маралісты тыпу Пяткевіч. А куды глядзіць вялікі супрацоўнік бяспекі Паддубскі? Ён што не разумею, што гэта падрыў аўтарытэту беларусаў? Карацей, Замяталіну патрэбна заработаць грошаў, то ён не саромеецца “апусціць” беларускі народ да узроўня Садома і Гаморы. Вось гэтая парнуха і чарнуха не толькі падрывае аўтарытэт беларусаў, але і ўбіваецца маладому пакаленню. Замест высокай культуры нашым дзецям падсовываецца разбешчаннасць, крывавыя разборкі, бандытызм. Як можна такое цярпець? Сп. міністр культуры, калі ласка, не пазорце нашу краіну і не разбешчывайце нашых дзяцей.

  3. Беларус кажа:

    Жадаецца крыху пракамэнтаваць табліцу “Лякальныя цывілізацыі Эўропы”
    Пытаньне аб “уніяцкае” (як рэлігійна, так і ў выглядзе “славяна”) вельмі супярэчлівае. Бо калі пад гэтым разумець упрылыў цывілізацыйны і рэлігійны (як узаемнае пранікненьне, утвораньне Усходняе Царквы свайго права ў рамках КЦ), то патрэбна дадаваць і Румынію (уж дакладна не славяне); італійскіх грэкаў (таксама асобны “грота фэрацкі” рэгіён).
    Але ж і Кіеўская Праваслаўная Царква 15 – 17 ст.ст. у сваёй абрадавай і літургійнае практыцы таксама фармавалася як узаемнае пранікненьне. Гл. багаслоўскі разгляд Трэбніка сьвяціцеля Пятра Магілы і беларускія праваслаўныя выданьня канца 16 – сярэдзіны 17 ст.ст.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы