Яна – легенда беларускай паэзіі, грамадзянка БНР, вязень ГУЛАГу, вольны голас любові да Беларусі й яе народу. У сеціве з нагоды юбілею шмат матэрыялаў пра Геніюш. Нам асабліва спадабалася серыя матэрыялаў Міхася Скоблы ды іншых журналістаў радыё “Свабода” пра яе. На фоне ўсёй значнай і ўрачыстай інфармацыі, якая выстаўляецца пра Геніюш у апошнія дні, асабліва агідліва выглядаюць дзеяньні цяперцаў – усе гэтыя зрываньні шыльдаў, прысьвечаных паэтцы, закрыцьцё Дома культуры, міліцэйскі ціск на беларусаў, асабліва на тых, хто прыходзіў на ўрачыстасьці з нацыянальнымі сьцягамі. Усё гэта нагадвае нам, што ідэйныя (і ня толькі) нашчадкі тых, хто катаваў Геніюш і такіх, як яна, пакуль працягваюць панаваць у Беларусі. Мы вырашылі ўнесьці сваю сьціплую лепту ў адзначэньне вялікага ўбілею славутай беларускі-літвінкі падачай вершаў спадарыні Ларысы, якія прысьвечаны беларускаму народу і якія мы ўзялі зь яе нядаўна выдадзенага зборніка твораў.
Рэдакцыя.
***
Адна ёсць толькі ў свеце Беларусь,
адна ёсць толькі маці ў чалавека,
адно ў нас сэрца, што на часткі рвуць,
і Край адзін, для нашых сэрцаў – Мека!
Адзіны чэсны беларускі твар,
адно ў нас чалавечае сумленне,
адна ёсць праўда і адзін алтар,
народ адзін, і мы ў ім – пакаленне.
Адна ў нас мова, продак што данёс,
адна крыніца, із каторай вышлі,
адна сям’я мы і адзін наш лёс –
ў палацах мы ці зноў на папялішчах.
Адна зямелька – там, дзе продкі спяць,
адна Пагоня, што нам сэрцы будзіць,
адно памкненне – людзям шчасце даць,
адно жыццё – другога ў нас не будзе!
Вось вырасце юнак з цяжкіх нягод,
да вышыні праб’ецца ў свеце нейкай,
і скажуць людзі: пазнаем наш род,
то з нашай беларускае сямейкі!
Наш Караткевіч – скажуць, – наш Клімук,
Купала наш і наш Кастусь харобры,
і Танк, і Брыль, і Быкаў, і Гаўрук,
і наша, толькі наша Вольга Корбут!
Адныя ў пушчы слаўныя зубры,
адзіны толькі ў крывічоў Скарына,
адныя ў нашым сэрцы “Песняры”,
як спеў наш непаўторны і адзіны.
Ратуем мову мы цаной жыцця,
ратуем Край, хоць нам пакутай грозяць.
Той нам не брат, каму наш боль няўцям,
з такімі нам ісці не па дарозе.
Адно ў нас сэрца і адна сям’я,
недарам вораг цэліць нам у сэрца.
Харошая крывіцкая зямля
у рукі злыдням лёгка не даецца!
Нам выстаяць адзін ля аднаго,
нам вытрываць, ад ранаў не упасці,
не адлятаць усім з гнязда свайго,
калі народ зняволены ў няшчасці.
Ці лёгка нам, ці доля – як цяжар,
нам трэба тое памятаць заўсёды,
што наш народ – то наш уласны твар,
і кожны з нас – ёсць твар свайго народа!
Што ж, вырадкі здараюцца, на жаль,
якім чужое больш засмакавала.
Такія браццяў рэжуць без нажа,
ім крыўд зямлі і слёзаў нашых мала.
Такі ў бядзе не ўстане ў цэлы рост
і подласцям чужым не запярэчыць,
ад жалю піскне, падабраўшы хвост –
ні чорту качарга, ні Богу свечка.
Паціху, шэптам, толькі з-за вугла
заные часам пра сваю “народнасць”
без спачування ў сэрцы, без цяпла –
такая вось казённая гаротнасць.
І за такое каецца сто раз
і скажа, што няволя – дасягненне,
і скажа, што прыйшоў “шчаслівы час”,
хоць ён без волі, праўды і сумлення.
Калі наўкола ўсё для нас не так,
і крыўдна, цяжка нашаму народу,
ён ціхенька хіхікне ў кулак,
і тым, і гэтым добранькі заўсёды.
Нат мову родную ён для гасцей
з гарэлкаю падасць у хаце ветла
і адвучацьме ад яе дзяцей –
нявыгадна, хай нос трымаюць з ветрам.
Адказнасць час на нашы плечы ўсклаў.
Турма пакуль за бой наш – нагарода.
І ўсё ж няма для нас вялікшых спраў,
чым лёс і доля нашага народа!
Адзіны чэсны беларускі твар,
адно ў нас чалавечае сумленне.
Адна ёсць праўда і адзін алтар,
адзін народ, і мы ў ім – пакаленне.
***
МЫ – НАРОД
Агонь душы не паканаюць сцюжы.
Марозамі агню не пагасіць.
З цярпенняў – веліч, як на цернях – ружы…
І з болю родзіцца дзіця, каб жыць.
Адважна лёсу камяні ўспрымаю.
Баліць душа, але ў душы спакой.
Пячэ душа агнём, але стрываю,
не перашкодзяць раны выйсці ў бой.
Не быць начы! Няма жыцця без сонца,
яно узыдзе, азарыць акно.
Мана хлуслівых страціць абаронцаў
і волавам апусціцца на дно.
А праўда – то не кліч, штыком падперты,
прыгодны злыдням для нячыстых спраў.
А праўда – з лёсаў, з душ, з народных нетраў,
з цярпення, што народ ператрываў.
Ліхой хлусні бяссільны крык варожы.
Да дзён прыгону страшны паварот.
А праўда ўсё ж жыве і пераможа!
Мы вам не слугаў племя –
мы народ!
****
P.S.
ЯК УЛАДЫ ХАЦЕЛІ ДЭМАНТАВАЦЬ ПОМНІК ЛАРЫСЕ ГЕНІЮШ
Міхась Скобла (паводле http://www.svaboda.org/content/article/2123083.html)
Ідэя ўсталяваць у Зэльве помнік Ларысе Геніюш была ўпершыню агучаная на старонках часопісу «Полацак» у 1996 годзе. Да яе з прыхільнасьцю паставілася беларуская дыяспара, распачаўся збор сродкаў.
Аргкамітэт пісьмова зьвярнуўся ў Зэльвенскі райвыканкам з просьбай вызначыць месца пад помнік, над якім заканчваў працу скульптар Міхась Інькоў — нараджэнец Зэльвы. Неўзабаве прыйшоў адказ: «Раённы выканаўчы камітэт вырашыў дазволіць устаноўку бюста Ларысы Геніюш па вуліцы Савецкай, у сквэры перад будынкам былога пасялковага Савету дэпутатаў за сродкі аргкамітэту».
Перапоўнены радаснымі пачуцьцямі, я паехаў у Зэльву. Разам са старшынём райвыканкаму Віктарам Будрэвічам мы агледзелі вызначанае месца (акурат насупраць хаты, дзе жылі Янка і Ларыса Геніюшы). Памятаю, зь якім энтузіязмам старшыня вымерваў крокамі пляцоўку, прыкідваў, дзе і як разьмясьціць клюмбы, якія словы ад удзячных нашчадкаў напісаць на пастамэнце.
Ня ведаю, наколькі самастойным быў на той час райвыканкам у прыняцьці рашэньняў. Але праз пэўны час я атрымаў з Зэльвы другі ліст, зь якога вынікала, што раённая ўлада «перавырашыла» сваё ж рашэньне і адклала ўзьвядзеньне помніка да прыняцьця адпаведнай пастановы Савету Міністраў.
На гэтым справа з помнікам мела ўсе шанцы завіснуць у паветры да лепшых часоў. І яна ледзь не завісла. Прайшлі гады, і ініцыятыву ўзяў на сябе старшыня менскага клюбу «Спадчына» Анатоль Белы. Ён дамогся аўдыенцыі ў мітрапаліта Філарэта, падаў яму чалабітную і атрымаў на ёй рэзалюцыю Ўладыкі: «Бог благословит доброе начинание. 2.12.2002».
З рэзалюцыяй у кішэні, прыхапіўшы неабходнае начыньне і сам бюст, Анатоль Белы ў той жа дзень паімчаўся ў Зэльву. Празь дзьве гадзіны помнік ужо стаяў на царкоўным цьвінтары. Такіх «буры і націску» мясцовыя ўлады аніяк не чакалі. Раніцай наступнага дня настаяцель зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы айцец Аляксандар быў выкліканы ў райвыканкам. Ва ўльтыматыўнай форме яму было загадана цягам трох дзён дэмантаваць помнік. Сьвятар паказаў чыноўнікам дабраславеньне Філярэта і сказаў, што такога ж дабраславеньня на дэмантаж ня мае. Улады заняліся «вывучэньнем сытуацыі». Асабліва настойвала на зносе помніка тагачасная загадчыца ўпраўленьня культуры Гарадзенскага аблвыканкаму Марыя Бірукова.
Уявіўшы бульдозэр на царкоўным цьвінтары, я факсам перадаў у Зэльву ліст-пратэст, у якім гаварылася, што «разбурэньне асьвечанага па ўсіх праваслаўных канонах помніка станецца беспрэцэндэнтным актам вандалізму і выкліча абурэньне грамадзянаў Беларусі і розгалас па ўсім сьвеце». Сярод іншых ліст падпісалі народныя пісьменьнікі Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі.
Ліст разглядаўся на паседжаньні выканкаму, якім кіраваў ужо другі старшыня — Леанід Эльяшэвіч. Ён не захацеў застацца ў найноўшай гісторыі Беларусі руйнавальнікам помніка Ларысе Геніюш. Скажам за гэта дзякуй і яму, і мітрапаліту Філарэту, які заўсёды з належнай павагай ставіўся да памяці вялікай паэткі і хрысьціянкі.
Помнік і сёньня стаіць у ахоўным полі царквы, нібы прывячае ўсіх вернікаў перад багаслужбай. На правым ягоным крыле — выява Пагоні, а на пастамэнце — тры словы, якія гучалі калісьці ў малітве вязьняў ГУЛАГу: «Божа, барані Беларусь!».
Вельмі моцна сказана. Гэта і ёсць наша нацыянальна-патрычная эліта, пра якую будуць помніць вечна. Натуральна, што здраднікі будуць так псіхаваць. Але здраднікі вядуць народ да пагібелі, а вершы Геніюш – да моцы народа. У каго пасяляецца любоў да Радзімы, у таго ўсяляецца моцная сіла духа. Недарма ж медыцына рэкамендуе знаходзіцца побач з патрыятычнымі людзьмі, бо вакол іх ствараецца імунаўмацоўваючая энергія, якая лечыць хворых людзей.