nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чаму “Расея” і “Захад” надалей пакінуць нам Лукашэнку (частка 1: чаму “Расея”)

жнівень 30, 2010 | Каментары (1)

Рэдакцыя

Пасьля публічнага пагаршэньня ўзаемаадносін паміж Лу-кам і сёньняшнімі кіраўнікамі Расеі, сімвалічным апафеозам чаго можна лічыць шматсерыйны фільм “Хросны Бацька”, многія “беларускія” афіцыйныя апазіцыянеры пачалі бегаць, скакаць і крычаць, што нарэшце ў гэтых выбарах “Расея дапаможа ім скінуць Лу-ку”. Мы прааналізавалі сітуацыю і першымі заявілі, што “Расея” ўсяго толькі выкарыстоўвае перадвыбарчую слабасьць Лу-кі – у чарговы раз цісьне на яго, каб той перад сваім “пераабраньнем” пабольш здаў “Расеі” каштоўнасьцяў нашага народу (якія яму не належаць), але скідаць яго не зьбіраецца (https://nashaziamlia.org/2010/08/25/3554/#more-3554). Лу-ка расейскай імперыякратыі патрэбны тут як яе ж каштоўны агент. Прыкладна тое ж мы даўно кажам і пра ўзаемадзеяньне “Расеі” і “Захаду” па пытаньні стаўленьня да лёсу Беларусі (гл., напрыклад,  https://nashaziamlia.org/2009/01/26/1747).

У расейскай інфармацыйнай прасторы ад нядаўняга часу пачалі з’яўляцца матэрыялы, якія ўсё больш адкрыта пішуць пра сёньняшнюю перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі й пра магчымы яе вынік. Падаем прыклады двух такіх артыкулаў.

1.

ПЕРАМОЎНЫ РАЗЛАД

Канстанцін Гаазе, Міхаіл Зыгар, Мікіта Фёдараў (падаецца паводле http://www.runewsweek.ru/globus/35935/)

У мінулую пятніцу ў Ерэване адбыўся, відаць, самы дзіўны саміт АДКБ у гісторыі гэтай арганізацыі. Прэзідэнты, якія прыехалі на сустрэчу, размаўлялі адзін з адным выбарачна – і ўсё з-за канфлікту паміж Расеяй і Беларусьсю. Дзьмітры Мядзьведзеў адмовіўся ад двухбаковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. І ня ён адзін. Ігнараваў беларускага лідэра і прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Пры гэтым прэзідэнты ўсё-ткі прымусілі Лукашэнку прыняць старшынства ў АДКБ у будучым сьнежні. Беларусь павінна была ўзначаліць арганізацыю яшчэ год таму, аднак тады Лукашэнка адмовіўся прыехаць на саміт у Маскву з-за «малочнай вайны» паміж дзьвюма краінамі. Цяпер жа Лукашэнка паабяцаў прыехаць у расійскую сталіцу. «Прэзідэнт Беларусі выказаў гатоўнасьць прыняць [старшынства]. Нас гэта вельмі радуе”, – іранічна заўважыў Мядзьведзеў.

Расея і Беларусь ужо амаль паўтара месяцы вядуць вайну нерваў, і да сьнежня яна ня скончыцца. Першая атака была праведзена з Масквы: 4 ліпеня тэлеканал НТВ паказаў дакументальны фільм «Хросны бацька». На наступны дзень Мядзьведзеў і Лукашэнка прыляцелі ў Астану на саміт ЕўрАзЭС і заадно павіншаваць Назарбаева з днём нараджэньня. І тут адбыўся канчатковы разрыў. У асабістай гутарцы з Назарбаевым, успамінае блізкая да МЗСу крыніца, моцна пакрыўджаны Лукашэнка сказаў нешта абразьлівае ў адрас расейскага прэзідэнта. Назарбаеў тут жа ўсё перадаў Мядзьведзеву, а сам з тых часоў з Лукашэнкам не размаўляе. У Маскве таксама вырашылі: гэта апошняя кропля.

Пачалася вайна на зьнішчэньне. Крыніца ў Крамлі распавядае, што на адной з нарадаў Мядзьведзеў сфармуляваў новы падыход да Лукашэнкі прыкладна так: “Зь ім цяпер будзем, як з Юшчанкам». Год таму Мядзьведзеў публічна аб’явіў Віктару Юшчанка байкот, таму што той праводзіць антырасейскую палітыку. Да прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне заставалася ўсяго паўгады, і Юшчанка ня меў ні найменшых шанцаў пераабрацца.

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца каля паўгода. Скрайні тэрмін – 6 лютага, але апазіцыя ўпэўненая, што Лукашэнка прызначыць іх на сьнежань. І, верагодна, правільна зробіць: са студзеня яго чакае эканамічная блакада з боку Масквы. У Крамлі ня могуць не разумець, што на гэтых выбарах у Лукашэнкі пазіцыі значна трывалей: беларуская апазіцыя максімальна раздробленая, адзінага кандыдата ў прэзідэнты хутчэй за ўсё ня будзе. Рэйтынг любога з супернікаў Лукашэнкі не перавышае 5%. Аднак і ў Крамлі, і ў Белым доме [маецца на ўвазе расейскі “Белы дом” – урад. – Рэд.] ўпэўнены, што калі не адразу цяпер, дык заўтра цяжкая эканамічная сітуацыя ўсё роўна не дазволіць Лукашэнку ўтрымацца.

Лукашэнку афіцыйна не абвясьцілі персонай нон грата, як Юшчанку. Затое да «Хроснага бацькі» дадаліся яшчэ дзьве серыі телекампрамату, а Мядзьведзеў заявіў, што Лукашэнка яшчэ ў 2008 годзе пры сьведках абяцаў прызнаць незалежнасьць Абхазіі й Паўднёвай Асеціі, а потым падмануў. Затым памочнік Мядзьведзева Сяргей Прыходзька прыгразіў апублікаваць пацьвярджаючую гэта стэнаграму.

Спачатку Лукашэнка спрабаваў дзейнічаць праз Уладзіміра Пуціна. Ён яму патэлефанаваў пасьля першай серыі «Хроснага бацькі», – распавядае крыніца ў Крамлі. Пуцін нібыта адказаў, што ў Расеі свабода слова, а НТВ – прыватны тэлеканал і паўплываць на яго ўлады ня могуць. У Пуціна зь Мядзьведзевым ўзгодненая пазіцыя па Беларусі.

Першыя дзьве серыі «Хроснага» выклікалі ў Менску балючую рэакцыю, распавядаюць крыніцы ў атачэньні беларускага прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, а апошняя, паказаная 15 жніўня, аб палюбоўніцах і пазашлюбных дзецях Лукашэнкі, у Менску была расцэненая ўжо як наўпроставая абраза. У гэтым жа фільме яму ставяць дыягназ «мазаічная псіхапатыя». Але скардзіцца ў Маскве было ўжо няма каму.

Кампраметуючыя стэнаграмы Крэмль, мабыць, публікаваць ня будзе. Акрамя абяцаньня прызнаць Абхазію з Асеціяй, у Крамля ёсьць, напрыклад, запісы з аднаго з самітаў АДКБ, на якіх Лукашэнка разважае пра сіянісцкую змову і габрэйскі капітал [гэта цікава… – Рэд.], – кажа блізкая да МЗСу крыніца, але публікацыя такіх шчырасьцяў была б парушэньнем Венскай канвенцыі аб таямніцы дыпламатычных перамоў.

Барацьба зь беларускім лідарам, мяркуючы па ўсім, пойдзе па звыклым сцэнары. У ноч на 1 студзеня 2011 года заканчваецца чарговы газавы кантракт паміж Масквой і Менскам, а значыць, зноў пачнецца газавая вайна. У Белым доме, распавядае крыніца ва ўрадзе, палічылі: Беларусь ніяк ня зможа закрыць дзірку ў сваім бюджэце, якая ўтворыцца ўжо ў першым квартале 2011 года. І тут – пра гэта нібыта міністр фінансаў Аляксей Кудрын ўжо даклаў прэзідэнту на адной з нарад – трэба будзе проста не паддавацца на просьбы даць пазыку, а за транзіт плаціць маленькімі порцыямі і з затрымкай.

У Менску, калі йшлі на канфлікт з Расеяй, разьлічвалі на пастаўкі нафты з Венесуэлы, кажа суразмоўца, блізкая да ўраду Беларусі. Аднак заменай таннай бяспошліннай расейскай нафты яна ўсё роўна ня стане. У ліпені гэтага года Белстат раскрыў кошт майскай партыі венесуэльскай нафты для Беларусі – $ 656 за тону. Для параўнаньня, пакуль Беларусь мела магчымасьць купляць расейскую нафту бяз пошліны, ёй даводзілася плаціць усяго $ 398 за тону. З улікам пошліны тона расейскай нафты ў траўні абышлася б у $ 682, то бок крыху больш, чым тона венесуэльскай. Такім чынам, аддаючы перавагу Каракасу перад Масквой, Аляксандр Лукашэнка зрабіў толькі прыгожы жэст, паказаўшы, што можа абысьціся і без Расеі. Але беларускую эканоміку брацкая дапамога Уга Чавеса зусім ня выратуе.

Акрамя таго, сур’ёзныя праблемы ў Беларусі ўзьнікаюць і з маршрутамі дастаўкі. Ужо шэсьць венесуэльскіх танкераў былі разгружаны ў порце Адэсы, адтуль нафта дастаўляецца ў Беларусь па чыгунцы. Па падліках Фонду нацыянальнай энергетычнай бясьпекі, толькі дастаўка тоны нафты танкерамі ў Адэсу каштуе Беларусі  $ 76,24, да гэтага трэба дадаць дастаўку па чыгунцы ад Адэсы да Мазыра і транзіт. Да таго ж у траўні ўкраінскі Мінтранс ўстанавіў кошт транзіту на 30% вышэй, чым для ўнутраных спажыўцоў. Выхадам са становішча мог бы стаць запуск нафтаправода Адэса-Броды ў аверсным кірунку, але супраць гэтага выступае Расея. І адміністрацыя Януковіча дакладна ня будзе настойваць.

Беларускія ўлады на працягу года спрабавалі знайсьці альтэрнатыўны маршрут праз краіны Балтыі. Самы зручны і блізкі порт – літоўская Клайпеда, але ў гарадской адміністрацыі нам распавялі, што пра такія перамовы ім нічога невядома. Іншы варыянт – літоўская Буцінге. Але ў Міністэрстве транспарту Літвы таксама нічога ня ведаюць аб перамовах зь Літоўскай чыгункай, без якой транзіт нафты немагчымы.

Адзін танкер з нафтай для Беларусі разгрузіўся на мінулым тыдні ў эстонскім порце Муўга. Але ня факт, што гэта будзе рэгулярная практыка: сумнеўныя пакуль выгады ад транзіту нафты ў Беларусь паставяць пад пытаньне бедную, але стабільную плынь грузаў з Расеі. Напрыклад, для порта Муўга штодзённы прыход саставу з мазутам зь Кірышскага НПЗ – гэта гарантаваны прыбытак.

Лукашэнка сапраўды ў цяжкім становішчы, тым больш што сёньня Еўразвяз не на яго баку. У мінулым годзе ў Брусэлі спрабавалі наладзіць дыялог зь Менскам, але гэтая палітыка ўжо прызнана непрадуктыўнай [цікавая навіна, ці ня так?! – Рэд.]. Кіраўнік Еўрапарламенту Ежы Бузэк заявіў нядаўна, што менавіта з-за Беларусі сарвалася праграма дапамогі постсавецкім краінам «Усходняе партнёрства», на якую ў Еўропе ўскладалі вялікія спадзевы.

У кастрычніку Еўрапарламент плануе правесьці сьпецыяльную сесію, прысьвечаную праблемам Беларусі. Праграму рыхтуе дэпутат ад Нідэрландаў Ёханэс ван Баален. У траўні гэтага году ён заявіў у інтэрв’ю EUHerald.net, што «Беларусь нездарма называюць апошняй дыктатурай Еўропы, а самога Лукашэнку можна параўнаць са Сталіным і Гітлерам».

Упершыню за ўвесь час прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі Расея і еўрапейскія інстытуты гатовыя аб’яднацца ў барацьбе зь ім [аб’яднацца яны гатовыя, але не для барацьбу з Лу-кам (вынікі гэтай 16-гадовай “барацьбы” з дыктатурай мы бачым выразна), а для захопу і прысабечваньня беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў! Калі ведаць гэты нюанс, раскрываюцца многія сакрэты сучаснай палітыкі. – Рэд.]. У апошнія гады Расея нязьменна крытыкавала працу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ – органа, які займаецца маніторынгам выбараў ва Ўсходняй Еўропе, – адмаўляючы яго прадстаўнікам ў праве назіраць за расейскімі выбарамі. Цяпер Крэмль ўпершыню гатовы да супрацоўніцтва з даўнім супернікам [Лу-ка аб’яднаў двух супернікаў. Гэта цікава… У свой час аналігчна Гітлеру атрымалася аб’яднаць Захад са Сталіным. Цырк! – Рэд.]. Паводле інфармацыі з адміністрацыі прэзідэнта Расеі, Сяргей Прыходзька ўжо даў распараджэньне пачаць перамовы з Бюро аб сумесным маніторынгу маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Але гэта не значыць, што Лукашэнка гэтыя выбары прайграе [!!! вось яно, ключавое… – Рэд.]. З аднаго боку, пад ціскам Расеі і Еўразвязу розныя групы ў атачэньні Лукашэнкі адклалі спрэчкі паміж сабой і кансалідаваліся, – кажуць крыніцы ў апараце прэм’ера Сідорскага. Зь іншага боку, беларуская апазіцыя так і ня можа выпрацаваць адзіную стратэгію [дзякуючы актыўнай заходняй “дапамозе”. – Рэд.]. Лідэр руху «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў заявіў нам, што апазіцыянеры вядуць кансультацыі, аднак «адзіны кандыдат ад апазіцыі не патрэбны» [калісьці ідэя пра “адзінага” з падачы “Захада” лічылася аксіёматычнай… – Рэд.].

Польская газета Rzeczpospolita ў пачатку жніўня абвясьціла галоўным супернікам Лукашэнкі беларускага эканаміста Яраслава Раманчука [Яшчэ б! Польскія імперыялісты будуць імкнуцца пішчом прапіхнуць свайго агента на “адзінага” ад “беларускай апазіцыі”! – Рэд.]. Польскія палітолагі лічаць яго кампраміснай фігурай для Варшавы і Масквы [Ну, вядома… – Рэд.]. У пачатку жніўня Раманчук быў у Маскве, і, па нашай інфармацыі, яго прынялі памочнікі прэзідэнта Сяргей Прыходзька і Аркадзь Дварковіч. Зрэшты, кажа крыніца, гэта яшчэ не кастынг: прыглядацца да апазіцыянераў Крэмль будзе бліжэй да выбараў [і, вядома, Крэмль у першую чаргу ўлічыць інтарэсы беларусаў-літвінаў на іх уласнай зямлі… – Рэд.].

У апараце беларускага прэм’ера сцвярджаюць, што на пазачарговым пасяджэньні парламенту ў пачатку верасьня Лукашэнка ў праграмнай прамове падвядзе вынікі свайго чарговага тэрміну і папросіць прызначыць выбары на сьнежань гэтага года. Яраслаў Раманчук таксама лічыць, што выбары пройдуць 12 снежня [вось так лепяць новага апазіцыйнага “героя” для беларусаў. – Рэд.].

На 30 жніўня лідары беларускай апазіцыі прызначылі сустрэчу ў Маскве, каб абмеркаваць, каму з іх балатавацца ў прэзідэнты [а дзе ж яшчэ такой “апазіцыі” прызначаць сустрэчу па такім пытаньні?.. – Рэд.]. Акрамя Раманчука і Саньнікава, у прэзідэнцкіх амбіцыях прызнаваліся яшчэ каля дзесяці чалавек. Для Лукашэнкі гэта добрая нагода выканаць адно са сваіх абяцаньняў – вясной ён заявіў, што зможа даказаць: уся беларуская апазіцыя, а ня толькі асобныя партыі, трывала зьвязана з Масквой.

Лукашэнка, вядома, разумее, што лёгка захавае ўладу на выбарах [!!! Вось яно – галоўнае, яшчэ раз. – Рэд.], але вымушаны думаць, што яму рабіць далей – і ўжо вельмі хутка, калі з-за эканамічнай блакады ў Беларусі наступіць сапраўдны эканамічны крызіс [з-за чаго наступіць? З-за блакады з боку “Брацкай Расеі”? Гэта цікава… – Рэд.]. Крыніца ў Менску распавяла, што брытанскі кансультант Лукашэнкі Тымаці Бэл ужо раіць яму самому ажыцьцявіць аперацыю «пераемнік» – напрыклад, перадаць уладу сыну Віктару, сябру Рады бясьпекі Беларусі й памочніку прэзідэнта па нацыянальнай бясьпецы.

(канец артыкула)

2.

НЯ ЧАС ДЛЯ ВЫБАРУ

Уладзіслаў Іназемцаў (гл. фота ў левым верхнім кутку ў пачатку матэрыяла; падаецца паводле http://www.vedomosti.ru/newspaper/article/244123/ne_vremya_vybora)

У канцы гэтага года адбудзецца падзея, якая наўрад ці магла разьлічваць на ўвагу расейцаў – выбары прэзідэнта Беларусі. Усе апошнія 15 гадоў мы ведалі, хто ім стане: Аляксандр Лукашэнка, саюзьнік Расеі, які раней за сваіх маскоўскіх калегаў укараніў у краіне “кіруемую дэмакратыю” і да пары вельмі ўмела канвертаваў палітычную блізкасьць да расейскага кіраўніцтва ў эканамічныя прэферэнцыі.

Сёньня ўсё ня так відавочна. Масква і Менск пасварыліся – і, відаць, сур’ёзна. Некалькі нафтавых і газавых войнаў, канфлікты вакол паставак малака і шэрагу іншых спажывецкіх тавараў, складанасьці з АДКБ і Мытным саюзам, пазіцыя Менска па Паўднёвай Асеціі й Абхазіі – гэта няпоўны сьпіс падстаў да ўзаемнай незадаволенасьці. У Расеі папаўзлі ўпартыя чуткі, што Крэмль перастаў рабіць стаўку на Лукашэнку.

Між тым, сітуацыю, у якую трапіла Расея, нельга назваць простай. Так, Маскве дорага даводзілася плаціць Менску за імітацыю Саюзнай дзяржавы. Але гэта быў яе ўласны выбар – а сёньня стасункі не такія ўжо і «спонсарскія»: Беларусь у бягучым квартале плаціць за газ па $ 193 за 1000 м3, хаця спотавыя кошты ў Брытаніі ў першым паўгоддзі склалі $ 208, а ў ЗША ў ліпені – $ 156; ільготныя кошты на нафту дзейнічаюць толькі для таго яе аб’ёму, які спажываецца ў рэспубліцы (імпарт Беларусьсю з Расеі нафты ў першым паўгоддзі, дарэчы, зьнізіўся на 49,8%). У такіх умовах сталы ціск ня столькі спараджае недавер да Лукашэнкі, колькі памяншае колькасць прыхільнікаў зьбліжэньня з Расіяй.

Яшчэ ў мінулым годзе 40% апытаных беларусаў былі згодныя на тое, каб іх краіна ўвайшла ў склад ЕС, і менш за 15% гатовыя былі на аб’яднаньне з Расеяй у адзіную дзяржаву. Беларускі экспарт таксама арыентаваны на Захад, а не на Усход: у 2009 г. тавараў на $ 9,1 млрд. пайшло ў ЕЗ і на $ 6,7 – у Расею. Па выніках мінулага года, дарэчы, у Брусэлі Беларусь назвалі самым актыўным і дысцыплінаваным сябрам еўрапейскай праграмы Усходняга партнёрства [гэтая тэза пра “Ўсходняе партнёрства” цалкам пярэчыць таму, што было пададзена ў папярэднім матэрыяле на грунце апытаньня ЕЗ-скіх палякаў. – Рэд.]. Так, Беларусь залежыць ад Расеі, але тых, ад каго залежаць, часта баяцца, але рэдка любяць.

Як бы ў Маскве ні падкрэсьлівалі датацыйную сутнасьць беларускай эканомікі, яна больш мадэрнізаваная, чым расейская. Прамысловасьць і будаўніцтва забясьпечваюць 36% ВУП, маленькая рэспубліка вырабляе больш трактароў і экскаватараў, чым вялізная Расея. Па паказчыках аб’ёму вытворчасьці прадукцыі лёгкай і харчовай прамысловасьці на душу насельніцтва абыходзіць нас у 2-3 разы, а па аб’ёме жыльлёвага будаўніцтва – у 2,1 разы. Аддаючы ўсяго толькі 0,4% ВУП на дарожную інфраструктуру, краіна трымае яе ў значна лепшым стане, чым Расея. Энергаёмістасць ВУП ніжэй расейскай амаль на 30%.

Пры гэтым улады пачынаюць рабіць практычныя крокі па пазбаўленьні ад залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў: ужо ідуць здабыча і закупкі нафты ў Венесуэле, а на балтыйскім ўзьбярэжжы Літвы можа быць пабудаваны рэгазафікацыйны тэрмінал для пастаўкі СПГ. І калі перад насельніцтвам Беларусі гэтай восеньню будзе пастаўлены рэальны выбар, то гэта будзе выбар паміж Лукашэнкам і менш прарасейскі настроеным кандыдатам. Таму што персьпектываў па мадэрнізацыі й разьвіцьці ні з Расеяй, ні з Мытным саюзам ў Беларусі не зьвязваюць.

У той жа час для Расеі спроба падтрымаць на выбарах дэмакратычнага кандыдата або абвясьціць аб тым, што яны прайшлі не ў адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі, нясе ў сабе значныя праблемы.

Па-першае, невідавочна, што заўтра, 24 жніўня, у Менску лідары апазіцыйных сілаў сапраўды дамовяцца аб скаардынаваных дзеяньнях, і калі Масква вырашыць падтрымаць аднаго зь іх, то абраньніку цяжка будзе захаваць у Беларусі неангажаванае аблічча – а быць правадніком інтарэсаў Расеі там цяпер ня надта папулярна.

Па-другое, усе апазіцыйныя кандыдаты – гэта сумленныя людзі, прыхільнікі дэмакратыі і эканамічнага лібералізму [ня ўсе сумленныя, а меншасьць; акрамя таго, быць сумленным чалавекам і прыхільнікам эканамічнага лібералізму – гэта рэчы ўзаемавыключныя. – Рэд.], і разьмяняць падтрымку на абяцаньні прадаць расейскаму алігархату беларускую прамысловасьць яны наўрад ці захочуць [аўтар прагаварыўся, што менавіта гэтае злачынства і зьяўляецца мэтай прыхільніка Расеі й адначасна лібералаў; больш за тое, яны (Раманчук ды іншыя) пра гэта адкрыта кажуць . – Рэд.], а ўжо прызнаць каўказскія псеўдадзяржавы ім і зусім не прыйдзе ў галаву [баліць маскалям ціхае “фе”, якое ўвесь сьвет ім паказвае ў сувязі з агрэсіяй на Грузію. – Рэд.].

І нарэшце, па-трэцяе, агітацыя Крамля за справядлівыя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі напярэдадні выбарнага цыкла 2011-12 гг. у самой Расеі, у якім ўладзе патрэбныя прадказальныя вынікі, можа справакаваць цалкам непатрэбныя ёй тэндэнцыі да мадэрнізацыі палітычнай сістэмы.

І таму Маскве, мабыць, давядзецца і надалей сябраваць з тым, каго яна выпеставала [сказана дакладна і адкрыта! І пра тое, адкуль узяўся маскоўскі Пястун (маскалі дакладна ведаюць, пры якіх абставінах ён у Беларусі ўзяўся вось ужо на 16,5 гадоў), і пра тое, што з Лу-кам нават “Масква” прымушае сябе сябраваць. – АА] – знайсьці вінаватых за паказ абразьлівых фільмаў, зьнізіць кошты на газ і ў адзіночку «актывізаваць адносіны» з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй.

Але Час канчатковага выбару яшчэ не надышоў.

(канец артыкула)

Ад рэдакцыі:

Такім чынам, што мы маем у сухім астатку?

1. Маскалі дакладна ведаюць (і ўжо не саромеюцца казаць), што Лу-ка – гэта іх агент.

2. Расейскія палітолагі альбо ня ўпэўненыя, што Лу-ку, які марае імідж Расеі на Захадзе сваёй сувязьзю зь ёй, варта мяняць на бліжэйшых выбарах, альбо ўпэўненыя, што мяняць ня варта.

3. Тыя, хто за тое, каб Лу-ку пакінуць прэзідэнтам РБ, тлумачаць прычыну: сярод сёньняшніх афіцыйных “апазіцыянераў” ім наўрад ці знайсьці чалавека, якія б быў такім жа здраднікам беларускіх інтарэсаў, як і Лу-ка.

4. Каб зьменшыць расчараваньне беларускага народу ад сваіх такіх паводзін, расейцы накідаюць адуважвальную тэму: “як цяжка будзе Лу-ку адразу пасьля выбараў”…

Выснова: расейская імперыякратыя на чарговых (ужо 4-х) выбарах Лу-ку плануе падтрымаць.


Каментары (1)

  1. Журфак кажа:

    А ці не час нам пагаварыць аб тым, што (і як) будзем рабіць з нашым электаратам, які ой як”разьвернецца” (калі пераможа дэмакратыя) у сваёй тутэйшасьці : нелюбоў (непавага) да свайго ж беларуса, прага скрасьці чужое, абсалютнае няўменьне, адсюль і нежаданьне ,жыць у прававой сыстэме… ну і гэтак далей.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы