Напярэдадні выбараў у Беларусі мы працягваем сачыць за падзеямі й некаторымі знакавымі асобамі ў Расеі. Бо не сакрэт, што палітычныя сілы гэтай імперыі (а яны далёка не аднастайныя) будуць уплываць на хаду выбараў у нашай дзяржаве. У сувязі з гэтым мы вырашылі выставіць і на нашым сайце артыкул, надрукаваны ва ўрадавай (!) газеце “Рэспубліка”. Там было пададзена інтэрвю небезьвядомага “замахоўца на Чубайса” палкоўніка Квачкова, які, хутчэй за ўсё, належыць да групы вайскоўцаў – аўтараў вядомага “Закліку да рускага народу, афіцэраў арміі й флоту…” (гл. https://nashaziamlia.org/2010/03/11/3142/). Гэтая падзея яўна не выпадковая і будзе мець працяг у будучыні. Каб не дазваляць расейскай імперскай прапагандзе (а Квачкоў – тыповы расейскі тэрытарыяльны імперыяліст) хоць трохі зачапіцца за душы беларусаў, шэраг найбольш адыёзных выказваньняў гэтага “таварыша” мы каментавалі адразу па ходу тэкста (узята з сайта “Нашай Нівы”, http://nn.by/?c=ar&i=45028, і трохі падпраўлена).
Рэдакцыя.
Чалавек, які пабываў у гасьцях у газеты «Рэспублiка», безь перабольшаньняў, асоба — выдатны сем’янін і патрыёт сваёй Айчыны. Ён ня дзеліць народы Беларусі, Расіі й Украіны па нацыянальнай прыкмеце [такія заявы – тыповая рыса кожнага расейскага імперца. – Рэд.], не падладжваецца пад імгненную палітычную кан’юнктуру. Ён прафесійны вайсковец, палкоўнік Узброеных сіл Расеі ў адстаўцы. Гэты чалавек быў на перадавой падчас афганскай і чачэнскай войнаў, у Карабаху і Таджыкістане. Пра гэта сьведчаць дзяржаўныя ўзнагароды — два ордэны Мужнасьці і Чырвонай Зоркі, 13 савецкіх, расейскіх і замежных медалёў. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Квачкова, імя якога стала вядомае шырокай публіцы пасьля нашумелай крымінальнай справы аб замаху на расейскага алігарха Анатоля Чубайса. Пад яго аўтамабілем была падарваная міна, а машына аховы алігарха была абстраляная з аўтаматычнай зброі. 19 сакавіка 2005 Уладзімір Квачкоў быў затрыманы па падазрэньні ў арганізацыі гэтага замаху, некалькі гадоў правёў за кратамі, але судовым рашэньнем быў апраўданы і адпушчаны на волю.
Чаму «шылі» справу Чубайса?
Усё-ткі я былы камандзір 15-й брыгады сьпецназу, адзін з кіраўнікоў многіх сьпецаперацый узброеных сілаў. Маё лецішча за 12 кіламетраў ад лецішча Чубайса. Калі ж мая машына была заўважаная ў раёне замаху (трапіла ў поле зроку службы бясьпекі Чубайса), то яны «прабілі» яе па ўсіх магчымых каналах. Пасьля чаго высьветлілі, хто я, і што я, мякка кажучы, не сімпатызую людзям тыпу Чубайса. Гэта стала для іх сапраўднай знаходкай. У дзень замаху мая машына праязджала ў гэтым раёне. Такім чынам, злачынства было «раскрытае». Потым яшчэ знайшлі ў маім гаражы пісталет і патроны, якія мне не належалі… Усё! 80 экспертыз правялі! Ніякіх доказаў маёй віны, сьведак не знайшлі. Затое здарылася ўдалае супадзеньне.
Два склады суда вынесьлі па справе апраўдальны вердыкт. Але другі апраўдальны вердыкт некалькі дзён таму апратэставала пракуратура. Па законе ёсьць адна падстава для скасаваньня апраўдальнага прысуду: калі ў ходзе судовай вытворчасьці Крымінальна-працэсуальны кодэкс парушаны настолькі, што гэта не дазволіла абвінавачваньню прадставіць доказы або абмежавала магчымасьці па прадстаўленьні доказаў. Гэта значыць, кажучы людскай мовай, нібыта суддзя так вяла працэс, што пракуратура не змагла прадставіць доказы. У гэтае трызьненьне чалавек у здаровым розуме паверыць ня можа. Больш за дзевяць месяцаў доўжыўся працэс, але ў лютым мяне выдалілі з залы суда і да жніўня туды не пускалі. Мяне пазбавілі фізічнай магчымасьці ў ім удзельнічаць. Гэта неверагодна! Вось такі суд у нас.
Мяне часта пытаюць: ці была ў мяне з Чубайсам размова сам на сам? Не было. Аднак у нас зь ім адбылася такая цікавая сцэнка. Я з «клеткі» ў судзе сказаў: «Чубайс, ваша месца вось тут, бо вы не дзяржаўны, а антыдзяржаўны дзеяч».
Я праходзіў па артыкуле аб замаху на жыцьцё дзяржаўнага дзеяча. Цалкам абгрунтавана яго спытаў: «Ці адносіцца разбурэньне расейскай эканомікі да вашай дзяржаўнай дзейнасьці?»
Пасьля пяці-сямі такіх пытаньняў суддзя папярэдзіў, што выдаліць мяне з залы. Вось так, седзячы ў клетцы, я зь ім і меў зносіны, а апошнім разам мяне нават не пусьцілі ў залу. Згодна з Еўрапейскай хартыяй па правах чалавека, абвінавачваны мае неад’емнае права задаваць пытаньні сьведкам, якія яго вінавацяць. Я тады сказаў суддзі, што гэта парушэньне міжнародных нормаў — пазбаўленьне мяне права на асабістую абарону. Але гэта не дапамагло. Вось такая ў нас дэмакратыя…
У адной камеры з Хадаркоўскім
Гэта быў сюрпрыз для мяне. Па мяне прыйшлі ў камеру і сказалі: «З рэчамі на выхад». У гэты момант ты ня ведаеш, пераводзяць цябе ў іншую камеру або ў іншую турму. У калідорах я не сустракаў ні аднаго арыштанта. Там жорсткая сістэма ізаляцыі, ты заўсёды ідзеш па пустых калідорах.
Мяне завялі ў іншую камеру — там я ўбачыў Хадаркоўскага. Чыё гэта было рашэньне — нас «сумясьціць»? Ня ведаю, але я адразу падумаў, што гэта правакацыя.
Спачатку мы прыглядаліся адзін да аднаго, потым пачалі размаўляць і нават дыскутаваць. Але толькі на «вы». Адзін раз мы праспрачаліся 18 гадзін.
Асноўная тэма — уся гэтая лібералізацыя, шлях Расеі і г.д. На некаторыя рэчы мне ўдалося зьмяніць яго погляды. Напрыклад, на пытаньні ўвядзеньня кантрактнай арміі.
Чалавек настолькі быў ня ў курсе сітуацыі ў расейскай арміі, што калі даведаўся, што ў салдацкіх казармах няма элементарных душавых і гарачай вады, быў у шоку. Салдаты мыюцца ў лазьні раз на тыдзень. Памыць анучы і шкарпэткі элементарна няма дзе. Расейскі салдат у пятроўскай арміі замест лапцяў атрымліваў боты, замест рызьзя — кашулю, кіцель. Хадаркоўскі быў шчыра зьдзіўлены, даведаўшыся ўсё гэта.
Ня ведаюць расейскія алігархі рэальнага становішча спраў у Расеі, а хутчэй, ведаць ня хочуць. Мяне часта пытаюцца: справядліва, што Хадаркоўскі сядзіць? Я адказваю: «Несправядліва ня тое, што Хадаркоўскі сядзіць, а тое, што не сядзяць побач астатнія. Ну, прозвішчы вы ведаеце…»
Сёньня пытаньне, пасадзіць чалавека ці не, вырашаецца ў Расеі не паводле ступені яго правапарушэньняў, а паводле эканамічнай мэтазгоднасьці для яго праціўнікаў.
Нявыгадны фон
Я пяць гадоў ня быў у Беларусі. Прыехаў і пераканаўся, наколькі далёка ад Расеі сышла Беларусь у сваім эканамічным, сацыяльным і наогул у дзяржаўным будаўніцтве.
Пасьля развалу СССР мы пачалі з аднаго зыходнага пункту. Але ў Беларусі пачалі мэтанакіравана будаваць і адраджаць сваю дзяржаўнасьць [з дапамогай этнацыду і кансервацыі саўковай сістэмы?.. – Рэд.], а ў Расеі развал працягваецца і пагаршаецца да гэтага часу. І цяпер вынік разрыву гэтых двух курсаў вельмі прыкметны.
Першае ўражанне ад візіту ў Беларусь: на вашым фоне тое, што адбываецца ў Расеі — нацыянальная катастрофа. Людзі ў Беларусі жывуць працай, у грамадстве захоўваюцца людскія адносіны.
У доме ёсьць клапатлівы гаспадар, і гэта адчуваецца. Мы пакуль можам пра гэта толькі марыць.
Вось колькі, напрыклад, Расея пабудавала нафтаперапрацоўчых заводаў за апошнія 20 гадоў? Бо прыбыткі ад нафта- і газаздабычы велізарныя… Адказ — ніводнага.
А “бацька” за маржу, атрыманую ад перапрацоўкі нафты ды продажу нафтапрадуктаў на Захад, пабудаваў сучасны нафтаперапрацоўчы комплекс і цяпер, атрымліваючы з трубы сырую нафту, перапрацоўвае і прадае яе з выгадай для эканомікі дзяржавы. Чаму ў Расеі ўсё наадварот — зразумела: алігархі разумеюць, што нафтаперапрацоўчы заводзік з сабой на Захад самалётам не зьвязеш. Затое можна вывезьці «бабло», атрыманае ад сырой нафты.
Вялікаросы, беларусы і маларосы — гэтае трыадзінства і ёсьць рускі народ [зноў паўтор тыповага расейска-імперскага міфу. – Рэд.]. У нас адзін агульны корань… [ва ўсіх людзей на сьвеце “адзін агульны корань”; але пасьля таго, як адзін народ забівае, зьнішчае, рабуе іншы народ, пра нейкае адзінства казаць недарэчна! – Рэд.] Але каб перамагчы гэты вялікі народ, яго трэба раз’яднаць. І гэта пасьпяхова робіцца цягам апошніх 20 гадоў. Размываюць наша адзінства пад любымі прэтэкстамі, у тым ліку і на падставе так званага прагматызму. А мы, калі можна так сказаць, тры сястры, якія пайшлі ад адных бацькоў. У сям’і, як вядома, дзеці розныя, але мы родныя. [па-першае, толькі частка “рускіх”, дый тое, меншая, у пэўнай ступені зьяўляецца генетычна нашымі братамі-славянамі; па-другое, пасьля ўсіх гэтых “рускіх” іванаўгрозных, пятроўпершых, суворавых, мураўёвых, леніных, сталіных, ельцыных, пуціных і тысяч усіх іншых “рускіх”, якія ім дапамагалі ўціскаць і зьнішчаць беларусаў-літвінаў, прыйшоўшы на нашу зямлю, ніякай гаворкі пра сястрынства-братэрства паміж намі ды маскалямі й блізка быць ня можа! – Рэд.]
Цяпер вялікаросы ў духоўным плане — мёртвы народ [вось гэта – так. Даўно вядома: ня можа быць свабодным народ, які ўціскае іншыя народы! – Рэд.]. Гэта вынік той палітыкі, якая насаджаецца нам усе гэтыя гады. Яна антыхрысьціянская, таму што ў яе аснове ідэалогія нажывы і асабістага ўзбагачэньня. У расейскай гісторыі былі перыяды і горшыя ў матэрыяльным плане, але такога бязвер’я, засмучэньня і бязвольля руская зямля яшчэ, мабыць, ня бачыла.
Беларуска-расейскія дачыненьні
Складана наладзіць адносіны паміж кіраўнікамі краін, якія цалкам па-рознаму ставяцца да сваіх народаў і ў цэлым да саюзнага будаўніцтва.
Ведаеце, ёсьць рэжым расейскі, а ёсьць народ расейскі [“расейскі рэжым”, а больш дакладна расейская імперыякратыя ў Расеі ёсьць, але “расейскага народу” няма; ёсьць альбо расейскае грамадства, у якое ўваходзяць усе грамадзяне Расеі, альбо прадстаўнікі некалькі вельмі далёкіх народаў, якія аб’яўляюць сябе “рускімі людзьмі”, кажуць, што яны “рускія”; акрамя таго, у Расеі ёсьць значная доля тых (прычым гэтая доля апошнія гады хутка расьце), хто ня лічыць сябе расейцам. – Рэд.]. Хачу, каб браты-беларусы разумелі розніцу [як бачна, мы гэтую розьніцу разумеем лепш за Квачкова. – Рэд.]. Я сюды прыехаў, а мне кажуць: «Навошта вы там, у Расеі, на нас наязджаеце?» А я кажу: «Гэта ня мы ў Расеі, а алігархічныя колы, якія расцягнулі Расію, а цяпер хочуць гэта зрабіць і з Беларусьсю!» [Расейскія алігархі, як мы ўжо паказалі й зафіксавалі на нашым сайце – гэта неад’емная частка сёньняшняй расейскай імперыякратыі. – Рэд.].
Вядомыя сілы ў Расеі цяпер злыя і ўстрывожаныя. Яны бачаць, што ў Беларусі людзі пасьпяхова працуюць, ствараюцца і працуюць прадпрыемствы, адраджаецца вёска. Усё гэта прынадны кавалак, але ён пакуль ня іхны… [а, вось гэта, на жаль, так. – Рэд.] Яны разумеюць, што, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ім не прысабечыць ні МАЗ, ні БелАЗ, ні «Беларуськалій», ні газаправод, ні іншыя каштоўнасьці. Вось сапраўдная прычына нібыта некаторых эканамічных рознагалосьсяў…
Вядома, яны мараць пра зьмену палітычнага і эканамічнага курсу ў Беларусі, але я вельмі спадзяюся, што гэтага не адбудзецца [ты на гэта спадзяешся, а мы змагаемся за тое, каб беларуская ўласнасьць перайшла ў рукі беларусаў. – Рэд.].
Як далей у гэтых умовах Беларусі будаваць стасункі з Расеяй? Толькі на ўзроўні народаў, асобных рэгіёнаў, прадпрыемстваў і г.д.
Асноўная маса расейцаў бачыць і разумее, што адбываецца ў вашай краіне. Акрамя таго, абудзіць антыпатыю да беларусаў у расійцаў на генетычным узроўні немагчыма. Усе ведаюць, што менавіта беларусы прынесьлі ў ахвяру траціну сваіх землякоў дзеля вызвалення Еўропы і Расеі ад гітлераўскага прыгнёту. Аднак паколькі ў сьвядомасьць маіх суграмадзян метадычна ўводзіцца інфармацыйная атрута, некаторыя ўжо пасьпелі прыняць «версію», што нібыта Расея корміць беларусаў. Маўляў, «мы беларусам нешта дарма даем…» Ведаеце, такі таленавіты нягоднік, як Гёбельс, казаў, што хлусьня, сказаная тысячу разоў, робіцца праўдай. А калі хлусьня з тэлеэкрана гучыць суткамі, тыднямі ды месяцамі, то людзі робяцца няздольнымі да крытычнага асэнсаваньня рэчаіснасьці. Аднак такія настроі назіраюцца ў той частцы насельніцтва Расеі, якой уласьцівая спажывецкая псіхалогія [г.зн. у большасьці. – Рэд.].
Асобна хацеў бы сказаць пра ўсе гэтыя агідныя фільмы пра вашага прэзідэнта. Навошта іх лепяць? Відавочна: такім чынам расейская ўлада спрабуе адцягнуць увагу расейцаў ад надзённых і самых вострых праблем унутры ўласнай краіны. Шматканальная хлусьня не спыняецца ўжо некалькі гадоў, а ў апошнія месяцы набыла нябачаны напал. Алігархі ня дурні й разумеюць, што яны на фоне Лукашэнкі паўстаюць ў вельмі нявыгадным сьвятле. Тут адраджаецца і разьвіваецца дзяржава і грамадства, а ў Расеі пануе алігархічны бандытызм. Сталі бачныя прыкметныя сацыяльныя і сацыяльна-псіхалагічныя разыходжаньні й наступствы гэтых двух курсаў. Гэта іх раздражняе. Вось і пачалі думаць, як абліць брудам кіраўніцтва Беларусі, як асабіста зьняважыць вашага прэзідэнта.
Безумоўна, і ваша кіраўніцтва памыляецца — бо ўсе жывыя людзі. Памылкі ў дзяржаўным будаўніцтве, прычым ня ў самых простых умовах, якія актыўна ствараюцца звонку, непазьбежныя. Але ў галоўным вы тысячу разоў маеце рацыю. У Беларусі захавана ня толькі эканоміка, захаваны і ўмацоўваецца дух нацыі [ну, пра што ён трыньдзіць?! Ну, як можа ўмацоўвацца дух нацыі ва ўмовах ЭТНАЦЫДУ?! – Рэд.].
Працэс «наездаў» і «накатаў» з боку пэўных расейскіх сіл, я ўпэўнены, не бясконцы. А пакуль Бацьку [так у аўтарскім варыянце – зь вялікай літары і без дзьвюкосьсяў… – Рэд.] трэба набрацца вытрымкі і трываць усю гэтую поскудзь, дзеля будучыні нашых народаў.
Фарпост
Нярэдка даводзіцца чуць меркаваньні расейскіх «стратэгаў»: маўляў, вялікай розьніцы, дзе стаяць войскам СПА — у Брэсьце ці пад Смаленскам, — няма. Я да гэтага часу зьяўляюся галоўным навуковым супрацоўнікам Цэнтра ваенна-стратэгічных дасьледаваньняў Генштабу Ўзброеных сіл Расеі. У свой час працаваў у складзе працоўнай групы камісіі саюзнага парламенту па ўніфікацыі заканадаўстваў Беларусі й Расеі ў вайсковай сьферы. І магу сказаць: толькі той, хто зусім нічога не разумее ў ваеннай стратэгіі, здольны сцьвярджаць, што калі мы перавядзем групоўку ў Смаленск, то ад гэтага нічога ня зьменіцца [пераводзьце за Вязьму; Смаленшчына – беларуская зямля. – Рэд.]. Ваенна-стратэгічнае значэньне Беларусі нават ня ў тым, дзе стаіць групоўка, а ў мэтанакіраваным адсячэньні ад Расеі беларусаў. «Рускае тулава» цяпер стаіць на адной беларускай назе, а другая (Украіна) ужо падкурчаная, замест яе крук. Калі цяпер выбіваецца «беларуская нага», то Расія становіцца на калені [а, можа, так і трэба гэтай “Расеі” за ўсё, што яна зрабіла ў дачыненьні да беларуска-літвінскага народу?! Можа, гэта настае час расплаты? – Рэд.].
Разглядаць саюзную групоўку войскаў у адрыве ад стратэгічнай тэрыторыі Беларусі было б проста недальнабачна. Тым ня менш, расейскі бок адмовіўся ўключаць у саюзную дамову нават артыкул, які рэгламентуе сумесную вайсковую арганізацыю саюзнай дзяржавы [ну, і слава Богу. – Рэд.].
Значэньне ўзброенай групоўкі наўмысна будзе апускацца ўсё ніжэй, каб пасьля прыбраць нават згадку аб ваенным супрацоўніцтве. Чужы алігархічны лад Расеі ў цэлым спрабуе ператварыць саюзныя інстытуты ў аморфныя, безжыцьцёвыя ўтварэньні [перакладзем на нармальную мову: алігархічныя колы расейскай імперыякратыі не жадаюць узмацненьня ваенных колаў расейскай імперыякратыі й ставяць апошнім палкі ў колы; што, дарэчы, ня блага… – Рэд.].
У той жа час, казаць аб баяздольнасьці сучаснай расейскай арміі можна зь вялікай нацяжкай.
Таму фарпост Расеі, гарант яе ваеннай бясьпекі — Беларусь [а ты запытаўся ў гаспадара Беларусі – беларускага народу – ці хоча ён быць “фарпостам-гарантам” усходняй імперыі?! – Рэд.].
Мы ж прыйшлі да ідэі стварэньня «народнага апалчэньня» яшчэ і таму, што цяперашняя расейская ваенная машына ня ў стане забясьпечыць бясьпеку краіны. Хлопчыкі-прызыўнікі, што праслужылі па годзе, на заржавелых танках, Расею абараніць ня змогуць.
Народнае апалчэньне імя Мініна і Пажарскага
Абсалютнай большасьці карэнных народаў Расеі [ну, вось, цяпер выкарыстаны адэкватны выраз. – Рэд.] становяцца відавочнымі наступствы 20-гадовага ліберальна-нацысцкага акупацыйнага кіраваньня сусьветнай закулісы: духоўны сьвет Расеі падвергнуты гвалту, краіна разрозьненая, золатавалютныя запасы вывезеныя на Захад, разбураныя нацыянальная прамысловасьць, сельская гаспадарка, войска… З кожным годам амаль на мільён расейцаў становіцца менш, затое павялічваецца колькасьць дзяцей-беспрытульнікаў, якія вымушаны зарабляць сабе на жыцьцё жабраваньнем і прастытуцыяй.
Мы стварылі Ўсерасейскі грамадскі рух «Народнае апалчэньне імя К.Мініна і Д.Пажарскага», таму што моўчкі глядзець на ўсё гэта больш немагчыма.
Павінен быў адбыцца з’езд нашага руху, створанага па ініцыятыве Ўсерасейскага афіцэрскага сходу, на якім у мінулым годзе я быў абраны начальнікам штабу. Мы адразу заявілі, што будзем змагацца не за абястлушчаны кефір, санаторна-курортныя пуцёўкі й камунальныя ільготы, а за зьмену палітычнага курсу і палітычнай сістэмы ў Расеі. Большасьць ветэранскіх арганізацый сышлі ад палітычных патрабаваньняў, таму мы арыентуемся на больш думаючы пласт расейцаў — маладых людзей 20–35 гадоў, якія складаюць аснову нашага руху. Гэтым мы выгадна адрозьніваемся ад многіх іншых структур. Так, на «Рускі марш» у мінулым годзе выйшлі 10 тысяч маладых хлопцаў. Чаму многія зь іх блытаюцца са скінхэдамі і рознымі нацыстамі? Яны разумеюць, што краіна гіне і трэба неяк яе ратаваць. Але ня ведаюць, як.
На гэта ў мяне заўсёды была вельмі негатыўная рэакцыя. Я ваяваў у Афганістане, і мой батальён складаўся таксама з туркменаў, узбекаў, таджыкаў, якія аднолькава рызыкавалі жыцьцём за нацыянальныя інтарэсы нашай краіны [не за “нацыянальныя” інтарэсы, а за “імперскія”. – Рэд.].
Не азіяты і каўказцы вінаватыя ў расейскіх бедах… [а хто? Чаму ня кажаш? – Рэд.]
Яго сям’я — яго багацьце
У мяне чацьвёра дзяцей і двое ўнукаў. Старэйшы сын па «справе Чубайса» ў вышуку ўжо 6-ы год, а малодшы толькі што скончыў філасофскае аддзяленьне ўніверсітэта. Я ня так даўно патэлефанаваў камандзіру брыгады спецназу і кажу: «Трэба аднаго масквіча ўзяць у брыгаду шарагоўцам». Ён шчыра адказаў, што любы масквіч, ды яшчэ пасьля ўніверсітэта, у вайсковым сьпецназе — гнілы матэрыял. Я потым ужо прызнаўся, што гэты масквіч — мой малодшы сын. Тады ён сказаў: добра, аднаго масквіча ў брыгадзе як-небудзь сьцерпім. А ваенкам наогул шчыра зьдзівіўся: «Уладзімір Васільевіч, звычайна палкоўнікі просяць мяне, каб я іх сыноў адмазаў ад войска, а вы, наадварот, просіце яго забраць». Праўда, давялося яго службу на паўгода ўсё роўна адкласьці з-за перанесенай нядаўна аперацыі.
Я веру, што ён стане сьпецназаўцам і гонарам Расеі.
Старэйшая дачка — кандыдат медыцынскіх навук, працуе ў адной з прэстыжных клінік у Маскве. Малодшая дачушка таксама разумніца — скончыла інстытут, працуе, хоць у яе ДЦП і яна прыкавана да інваліднай каляскі. Ёсьць яшчэ ўнук Іван і ўнучка Мар’я, я іх люблю проста бясконца. Мая жонка — мой гонар. Мы зь ёй бралі шлюб у турме. Было відавочна, што мяне будуць саджаць і паабяцалі пажыцьцёвае зьняволеньне. Тады жонка прыняла рашэньне браць шлюб загадзя, бо пры пажыцьцёвым прысудзе зрабіць гэта немагчыма.
Вось такі ў мяне быў турэмны шлюб.
Філасофія расейскага вайскоўца
Я вымушаны стаць у сваёй краіне грамадска-палітычным дзеячам. Перафразуючы Маякоўскага, тым і цікавы людзям.
Не так даўно перачытаў Дастаеўскага, у прыватнасьці «Бесаў», якія не ўваходзілі за савецкай сістэмай у праграму для абавязковага вывучэньня. Гэты твор унікальны, бо дае зразумець, што з намі робяць сёньня нашы ворагі: менавіта тое, што стварыў сатана з рускай зямлёй. Але я абсалютна перакананы, што нас ня змогуць разьвесьці па розных «клетках» і канчаткова перасварыць.
Я малюся за саюз Вялікай, Малой і Белай Русі, якому Бог абавязкова дапаможа адрадзіцца [а мы марым, каб як мага далей адарвацца ад крывавай, гнюснай імперыі. – Рэд.].
Гэты Квачкоў бачыць пагрозу з Захаду і ня бачыць пагрозу з Усходу (Кітай) і Поўдня (іслам), але для нас ён больш небяспечны, чым “алігархі”.
Іслам ёсьць пагрозаю толькі тым, хто не жадае падпарадкоўвацца БОГУ.
Усе рэлігійныя міфы складзены людзьмі. Прымаючы іх, чалавек ва ўсіх выпадках павінен прыняць два дапушчэньні: “людская душа аддзяляецца ад цела і жыве вечна” (1-е); “Бог існуе вечна і асобна ад Сьвета” (2-е). Далей рэлігіі адрозьніваюцца толькі нюансамі.
На самай справе душа чалавека ня можа існаваць па-за яго целам.
Бог таксама неаддзельны ад Сьвета. Таму сапраўднае імя Бога – Бог-Сьвет. Бог-Сьвет існуе, зьмяняецца, разьвіваецца заўсёды цэласна, як адзіная існасьць-рэчаіснасьць.
Бог – гэта зьмест і мэта існаваньня Сьвета (мэта Сьвета – гэта неіснуючы, але дасягальны ў будучыні, больш высокі ўзровень разьвіцьця Сьвета; зьмест Сьвета – гэта ўся сістэма заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць існаваньне і прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвета).
Сапраднымі Бібліяй, Каранам, Ведамі й г.д. зьяўляецца толькі сам Сьвет (гл. прынцыпы Сьветагляднай дактрыны і адпаведныя артыкулы).
нашае цела цалкам зьмяняецца працягам 3-4-х месяцау (адмиранне и нараджэнне клетак), але сьвядомасьць и асоба застаецца.
Квачкову дзякуй за шчырасьць.
Тое, што Расеи капец – адчуваюць и сами расейцы. Трэба трымацца якмага далей ад яе, каб не пацягнула на дно.
Рэдакцыи: трэба биць у набат бо идзе вяликае ашуканства – беларусам прапануюць илюзию выбару памиж 2-ма фсб-шными марыянэтками: някляевым и санникавым.
“Усе рэлігійныя міфы складзены людзьмі.”
Prośba da Redakcyji kab jana dała prykład jakoha kolek isłamskaha mita.
“На самай справе душа чалавека ня можа існаваць па-за яго целам. Бог таксама неаддзельны ад Сьвета.”
Ničym nie abhruntavanyja śćvierdžańni. Kali łaska hetyja śćvierdžańni abhruntavać navukova. Nakšyja aproč navukovych abhruntavańni kali łaska nie davać bo Redakcyja sama šmat razoŭ śćviardžała što svoj śvietahlad jana pierad usim hruntuje na navukovych faktach.
“Бог-Сьвет існуе, зьмяняецца, разьвіваецца заўсёды цэласна, як адзіная існасьць-рэчаіснасьць. Бог – гэта зьмест і мэта існаваньня Сьвета (мэта Сьвета – гэта неіснуючы, але дасягальны ў будучыні, больш высокі ўзровень разьвіцьця Сьвета; зьмест Сьвета – гэта ўся сістэма заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць існаваньне і прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвета).”
Koratka śvietahlad Redakcyji možna vyrazić słovami: “Pryroda – voś moj Boh!” Ničoha novaha, staroje idałapakłonstva, pakłanieńnie tak zvanym siłam Pryrody. Śvietahlad Redakcyji maje vielmi vialiki niedachop, bo anijak nie tłumača čamu, dziela čaho isnuje Śviet i jak hety Śviet źjaviŭsia, što było pryčynaj Śvietu. Raniejšaje pahanstva było bolš daskanałym śvietahladam bo davała niejkaje tłumačeńnie na hetyja pytańni.
“мэта Сьвета – гэта неіснуючы, але дасягальны ў будучыні, больш высокі ўзровень разьвіцьця Сьвета”
A skul hetaja meta źjaviłasia? Chto hetamu Śvietu zadaŭ tuju metu?
Aj, i jašče pytańnie. Redakcyja chiba navučyłasia zahladać u budyčyniu?
Затое ў Квачкова і такіх, як ён, ёсьць адна станоўчая рыса: яны хаця б бываюць шчырымі…
abdul піша: Іслам ёсьць пагрозаю толькі тым, хто не жадае падпарадкоўвацца БОГУ.
Ага, мула ці аятала будуць вызначаць волю Бога? А можа ксёнз ці поп? Хто вызначае жадае ці не жадае чалавек падпарадкоўвацца? І як падпарадкоўвацца?
Ня трэба пераводзіць размову ў пусты накірунак.
“Ага, мула ці аятала будуць вызначаць волю Бога? А можа ксёнз ці поп?”
Svaju volu BOH vyznačaje sam. Pry čym tut muła ajatała pop ksiondz? Kali muła zmienić što kolek u Śviatym Kuranie, dyk pavodle Šaryjatu takomu mule treba bašku adrezać.
“Хто вызначае жадае ці не жадае чалавек падпарадкоўвацца?”
Nia ŭpeŭnieny što dobra razumieju hetaje pytańnie, ale pasprabuju adkazać na jaho adpaviedna tamu jak pytańnie sfarmulavana. Čałaviek sam vyznačaje ci padparadkoŭvacca, ci nie.
“І як падпарадкоўвацца?”
U čym sprava, Siarhieju? Biary Sviaty Kuran i čytaj. U Śviatym Kuranie BOH vielmi jasna skazaŭ što ludziam rabić i što nie rabić, što BOHU da spadoby a što nie.