nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

На “Свабоде” блакуецца абмен думкамі, пошук ісьціны, затое свабода для ліберастычна-дэгенератыўнага сьцёба (частка 1)

17 лістапада, 2010 | 5 каментарыяў

Алесь Астроўскі

Нечаканым пабочным прадуктам аналізу тэмы магчымага вайсковага перавароту ў Расеі (гл. папярэднія матэрыялы) стала для мяне і сябраў рэдакцыі канчатковае перакананьне ў тым, што радыё “Свабода” (прынамсі, яго беларуская служба) на справе не зацікаўленае ў “пашырэньні інфармацыі й ідэяў”, добрым “інфармаваньні грамадства”, якому даюцца “альтэрнатыўная інфармацыя”,  “незалежныя і прафесійныя” веды, у павелічэньні “ўзаемаразуменьня паміж народамі” – г.зн. усяго таго, пра што гаворыцца ў місіі радыё (гл. http://www.svaboda.org/section/About+us/65.html). Заява пра такую “мі́сію”, фанабэрыстыя спасылкі на яе аказаліся чарговым банальным блефам, так распаўсюджаным сёньня. На справе радыё “Свабода” сярод іншага займаецца нечым супрацьлеглым – накіданьнем беларускім грамадзянам сьветаўяўленьняў, выгадных цьмяным сілам, якія за ім стаяць. Такое больш характэрна не для рэсурса, прызначанага праўдзіва інфармаваць грамадства аб падзеях у сьвеце, а для органа прапаганды – таго, што вядомае многім з нас яшчэ з савецкіх часоў, і ад чаго мы – беларусы-літвіны – хочам адысьці як найдалей. Але спачатку факты.


1.

На сайце радыё “Свабода” нядаўна зьявіўся матэрыял вядомага хаатызатара сьветагляду людзей, які падае сябе пад нікам “Будзімір” (гл. фота у пачатку артыкула; у свой час я нават прапанаваў яму абраць нік, які больш адпавядае зьместу яго дзейнасьці “Разбурымір” ці “Забісьвет” – гл. каментары да матэрыяла http://www.svaboda.org/content/transcript/1941289.html; думаю, многім будзе цікава і тое-сёе дадаткова прасьвятліцца). “Будзімір” склаў матэрыял, які я вымушаны паўтарыць цалкам ніжэй (заранёў выбачаюся за вялікія цытаты, але для ісьціны, каб потым не было ніякіх пытаньняў, так трэба).


ЛУКАШЭНКУ ЎЦЯГВАЮЦЬ У ВАЕННЫ ПЕРАВАРОТ?

Будзімір, 05.11.2010 (http://www.svaboda.org/content/article/2211495.html)

Даўнютка я не пісаў пра падзеі ў блогасфэры нашых усходніх суседзяў дый не зазіраў туды, забыўшыся пра яе існаваньне за нашымі хатнімі клопатамі. Нядаўна зазірнуў, а там – «гордо реет буревестнік чёрной молніі подобный». У суседзяў ходзіць чутка пра ваенны пераварот, які мае адбыцца 7 лістапада. Чутка для кагосьці трывожная, для кагосьці абнадзейлівая, шмат для каго залішне кансьпіралягічная і таму бздурная, але, ва ўсялякім разе, упартая. Як гэта часьцей за ўсё бывае, беларускія блогеры не заўважылі сумятні за віртуальнай ўсходняй мяжой [выдзяленьні тоўстым мае. – А.А.]. Што можа аднолькава сьведчыць пра: а) бестурботную неабачлівасьць; б) неразьвітую фантазію; в) няўменьне мысьліць размашыстымі катэгорыямі; г) здаровы клёк; д) адсутнасьць шчыльных сувязяў з расейскай блогасфэрай. Напэўна, усяго патроху, але я б асабліва падкрэсьліў пункт «в».

Юлія Чарняўская, якая правяла культуралягічнае дасьледаваньне на тэму «рэпрэзэнтацыі адносінаў беларусаў і расейцаў у беларускай блогасфэры», нядаўна апублікаванае ў «РЖ» (заўважце: у Расеі ўзьнік попыт на беларусаў як на інакшых), цытуе блогерку rysyache, якая, у сваю чаргу, цытуе Юрыя Шаўцова, ён жа guralyuk: «Сапраўды, рускім чалавекам быць у Беларусі нельга. Звычайныя, самыя нявінныя філязофскія разважаньні ў рускім духу ставяць чалавека ў Беларусі перад пагрозай поўнай неадэкватнасьці». Нягледзячы на тое, што спадар Шаўцоў яўна гіпэртрафуе і пераносіць на астатніх асабісты досьвед, гучыць цалкам праўдападобна.

Такім чынам, беларускія блогеры ў асноўным праігнаравалі нявінныя разважаньні ў рускім духу пра меркаваны ваенны пераварот. Аднак я лічу патрэбным пра яго распавесьці, пагатоў раз-пораз у гэтых нявінных разважаньнях усплывала імя Аляксандра Лукашэнкі – як магчымага ідэйнага натхняльніка або спонсара перавароту [!!! – А.А.].

Цяпер ужо цяжка знайсьці канцы пагалоскі. Спускавым кручком, мусібыць, паслужыў вядомы скандал, калі расейскі міністар абароны Анатоль Сердзюкоў (былы дырэктар мэблевай крамы, для вайскоўцаў – «табурэтачны генэрал», «штафірка») абмацюкаў пры падначаленых начальніка Разанскай Паветрана-дэсантнай вучэльні, Героя Расеі, гвардыі палкоўніка Андрэя Красава. Быў той скандал ці не (абодва фігуранты адмаўляліся ад яго), ён трапіў у СМІ і выклікаў хвалю абурэньня.

Яшчэ 14 кастрычніка, па гарачых сьлядах скандалу, блогер spbchel напісаў паведамленьне пад загалоўкам «За Сердзюковым будзе Чавэс». Уга Чавэс, лепшы сябра беларускага народу, тады падпалкоўнік паветрана-дэсантных войскаў, узначаліў у 1992 годзе няўдалую спробу ваеннага перавароту. Блогер зыходзіць з таго, што ад «лацінаамэрыканскіх сцэнараў» (бесьперапынныя ваенныя перавароты, інтэрвэнцыі, голад) Расею дасюль засьцерагала толькі багацьце прыродных рэсурсаў. Але заўважае, што «калі іх не было дваццаць гадоў, гэта зусім не азначае, нібыта іх ня можа быць у прынцыпе». На ягоную думку, сытуацыя, якая робіць ваенную хунту магчымай, у Расеі ўжо склалася. Учынак Сердзюкова стаў ці можа стаць апошняй кропляй, выклікаўшы рэзкую незадаволенасьць генэралітэту.

Блогер лічыць, што Мядзьведзеў з Пуціным знаходзяцца ў патавай сытуацыі: «Пастаў на чале арміі прафэсіянала, сапраўднага вайскоўца – і ён неадкладна пачне дзейнічаць у інтарэсах арміі. Абараняць асабовы склад. Патрабаваць тэхніку. Выбіваць грошы на кватэры, ваенныя пэнсіі і дапамогу сем’ям. У выніку – набываць папулярнасьць і станавіцца патэнцыйным Чавэсам. Значыць – трэба ставіць “свайго”, цывільнага, бесталковага, але адданага. Але такі міністар будзе выклікаць моцную незадаволенасьць, што і адбываецца зь Сердзюковым – і тут ужо патэнцыйныя чавэсы зьяўляюцца на ўзроўні камандзіраў дывізіяў. Замкнёнае кола».

Гэта былі тэарэтычныя разважаньні, пазьней гаворка пра пераварот стала больш прадметнай, калі ў мэрыю Масквы былым камандуючым ВПС СССР генэралам Уладзіславам Ачалавым была пададзеная заяўка на правядзеньне акцыі пратэсту «Саюзам дэсантнікаў Расеі» зь меркаваным лікам удзельнікаў каля 10 тысячаў чалавек.

«У мэрыю Масквы пададзеныя заявачныя дакумэнты на правядзеньне ваеннага перавароту ў Расеі», – гэтак расшыфраваў сытуацыю блогер felbert.

Сам ініцыятар мітынгу генэрал Ачалаў, у інтэрвію Tver13.ru заявіў, што ніякага ваеннага перавароту ня будзе, гэта «ўкінутая правакацыя, прыём псыхалягічнай вайны». Як быццам ён мог заявіць штосьці іншае.

Алею ў агонь чутак падліла аварыя па віне сустрэчнага самазвала (камэнтуючы навіну, многія згадвалі гібель Машэрава), у якую трапілі камандуючы ВПС Расеі генэрал-лейтэнант Уладзімер Шаманаў і камандзір Тульскай дывізіі ВПС палкоўнік Аляксей Навумец. «Нешта дзіўнае адбываецца… звычайна так па-ціхаму імкнуцца ваенныя перавароты прадухіліць», – напісаў blue_olusha. «Не сумняваюся, што гэта замах. Каму выгодна? Таму ж, хто вельмі занепакоены мітынгам дэсантнікаў. Чужая ўлада зьнішчае ў Расеі ўсё жывое і дзеяздольнае. Нашая задача зьнішчыць гэтую ўладу і ўсталяваць сваю – сувэрэнную, незалежную ад нашых замежных ворагаў і “пятай калёны”», – пракамэнтаваў навіну пра аварыю былы дэпутат Дзярждумы, старшыня партыі «Вялікая Расея» Андрэй Савельеў.

Блогер fritzmorgen нагадаў, што гэта ўжо пятае трагічнае здарэньне з удзелам расейскіх генэралаў з канца жніўня.

«Простыя намеры высунуць патрабаваньні пра збавеньне Мінабароны ад тоўстых сьцёгнаў мэбельшчыка прывялі да мачылава, і крымінальнікі з ЧК разьвязалі беспрадзел. І менавіта гэта больш за ўсё кажа аб тым, што ваенны пераварот – цалкам рэальная рэч», – выказаўся runo_lj. «У мяне неяк неспакойна на душы», – піша fritzmorgen. – «Я на месцы нашага Гаранта мітынг на Паклоннай гары забараніў бы і яшчэ сьцягнуў бы, для падстрахоўкі, танкі да Крамля. Чыста на ўсялякі выпадак».

Некаторыя ня вераць у здольнасьць сёньняшніх генэралаў да арганізацыі паўнавартаснага перавароту:

«Канечне, хацелася б верыць у генэралаў, якія рыхтуюць “ваенны пераварот”», – піша блогер vlad47. – «Але няма такіх. Уся сыстэма кар’ернага росту ў Савецкай арміі і Расейскіх Узброеных Сілах была пабудаваная па прынцыпе адбору найболей адданых і няздольных да самастойных дзеяньняў людзей… Так што ня веру я ні ў якія генэральскія змовы. Гэта падобна да надзеяў белаэміграцыі ў 30-ыя гады на Тухачэўскага. Зразумела, што былы гвардзейскі паручнік ніякіх напалеонаўскіх змоваў ня ладзіў. Але на ўсялякі выпадак Джугашвілі па мянушцы “Сталін” вырашыў яго ліквідаваць. Тое ж самае мы бачым сёньня ў гісторыі з Шаманавым».

Папулярным варыянтам інтэрпрэтацыі падзеяў стала вэрсія «рукі Крамля». Гэтак, блогерка blackicon у суполцы ru_nazdem выказала меркаваньне, што ўлада проста вынайшла новы спосаб абясшкоджваньня пратэстаў – іх імітацыю:

«7 лістапада паветрана-дэсантныя войскі выводзяць на мітынг пратэсту на Паклонную гару. Пратэставаць супраць міністра Сердзюкова. Нават ня сьмешна. Уявіце – зьбіраюцца вайскоўцы-мужыкі і пачынаюць жаліцца на заўхоза Таляна. “Ой, ой, Талян нас не паважае, абражае нас, бедных салдацікаў-афіцэрыкаў”. Сьлязу пусьціць скупую і пайсьці выпіць пасьля мітынгу за савецкае войска. Гэта праграма максымум. Складзеная, заўважым, нават не самімі дэсантнікамі, а для іх. Кім? Пытаньне дзіцячае. Тым жа заўхозам Талянам. Літаральна, ведамства міністра Сердзюкова на ўсякі выпадак мае ў запасе шэраг мэтадаў гашэньня пратэстаў. Адзін зь іх – арганізацыя гучных публічных “пратэстаў”. З наступным нулявым вынікам. Для распальваньня ажыятажу ўкінуць чуткі пра падрыхтоўку перавароту – гэта клясыка. Так цяпер і паступаюць. Разводка для дзяцей ясельнага ўзросту. І для дэсантнікаў. І наогул для сучасных вайсковых афіцэраў…»

У падобным ключы выказаўся і блогер ibigdan, адзінае што ён ня быў упэўнены наконт мэтаў падобнай інсцэніроўкі:

«Вы сур’ёзна верыце ў гэтую камэдыю? Верыце ў тое, што ў краіне, дзе сотню “нязгодных” на пляцы лічаць пагрозай для ўлады, проста так дазволяць пратэст з 10 тысячаў здаравенных дэсантнікаў? 🙂 Не, мітынг безумоўна адбудзецца і дэсантнікі прыйдуць самыя сапраўдныя. Праўда, іх будзе ня 10 тысячаў, а ў 2-3 разы меней (плюс спачуваючыя грамадзяне), але вам не здаецца, што яны ўсяго толькі нічога не падазраваючая масоўка ў спэктаклі “Добры цар карае злога баярына”? Тыпу, “гэта ня я вырашыў, народ патрабуе!”. Ці вы думаеце, што вось гэты аскепак ГКЧП з паперкай – сапраўды правадыр дэсантнікаў? Яму ж тэкст у Крамлі пісалі. Усё гэта – шытае белымі ніткамі крамлёўскае шоў. І дай бог, каб яго мэтай было ўсяго толькі здыманьне Сердзюкова».

Ня сумняваецца, што гэта крамлёўская інсцэніроўка і ведае яе сапраўдныя мэты блогер golishev. На ягоны погляд, гэта задума прэзыдэнта Мядзьведзева, якая мае на мэце адстаўку Пуціна:

«Там на месцы адмыслова заточаныя пад гэтую справу людзі справакуюць які-небудзь “паход на Крэмль”, ці хаця б проста бойку зь мянтамі. “Контррэвалюцыйны мяцеж” будзе пасьпяхова задушаны. Пуціна пад гэткую справу можна будзе адправіць у адстаўку… Неабавязкова ўсё будзе менавіта так, але неяк так – дакладна. “І в жолтых окнах засмеются, что этіх ніщіх провелі”».

«Чаму гэтая імітацыя спатрэбілася менавіта цяпер?» – пытаецца ў блогера georgescouthon. – «Як можна на фоне гэтага “мяцяжу” адправіць Пуціна ў адстаўку? На якой падставе? Нельга ж, урэшце, абвінаваціць нацлідэра ў арганізацыі перавароту?»

Той адказвае:

«Таму што любая “перабудова” павінна мець “ворагаў”, якіх мусіць перамагчы. Мядзьведзеўская “мадэрнізацыя” – не выключэньне. Таму што патрэбная нагода “утылізаваць” Пуціна, які ўжо – палітычны труп (а ніякі не “нацлідэр”). Пуцін сёньня – цесьць карэйца на “Каліне” колеру мачы, зь бітай рожай і б**дзкім каляндарыкам, які жыве ў “хрушчобе” з тоўстай жонкай ды гімнасткай-палюбоўніцай і замінае прагрэсу».

Вы запытаецеся, якім бокам тут Лукашэнка? А такім, што па некаторых дадзеных беларускі прэзыдэнт у канцы кастрычніка сустракаўся з палкоўнікам Квачковым, лідэрам НАМП («Народнага Апалчэньня імя Мініна і Пажарскага», якое ставіць за мэту «падрыхтоўку да ўзброенага адпору варожым рускаму народу сілам»), які зьяўляецца адным з арганізатараў мітынгу на Паклоннай гары, ці меркаванага «ваеннага перавароту».

Абодва фігуранты адмаўляюць факт сустрэчы, але ў Беларусі ён дакладна быў разам з групай вэтэранаў ВПС Расеі, выступаў у Саюзе афіцэраў Беларусі і даваў інтэрвію дзяржаўнай прэсе. У якіх, апроч іншага, казаў:

«Абсалютнай большасьці карэнных народаў Расеі становяцца відавочнымі наступствы 20-летняга лібэральна-нацысцкага акупацыйнага кіраваньня сусьветнай закулісы: духоўны сьвет Расеі падвергнуты гвалту, краіна разрозьненая, золатавалютныя запасы вывезеныя на Захад, разбураны нацыянальная прамысловасьць, сельская гаспадарка, войска… З кожным годам амаль на мільён расейцаў становіцца меней, затое павялічваецца колькасьць дзяцей-беспрытульнікаў, якія змушаны зарабляць сабе на жыцьцё жабраваньнем і прастытуцыяй.

Мы стварылі Ўсерасійскі грамадзкі рух «Народнае апалчэньне імя К.Мініна і Д.Пажарскага», таму што моўчкі назіраць за ўсім гэтым больш не ўяўляецца магчымым. Мы адразу заявілі, што будзем змагацца не за абястлушчаны кефір [намёк на Ліпковіча?! – Будзімір], санаторна-курортныя пуцёўкі і камунальныя палёгкі, а за зьмену палітычнага курсу і палітычнай сыстэмы ў Расеі».

Чалавек і лібэрал v_novoselov задаецца пытаньнем: «Лука даў Квачкову грошы на падрыўную дзейнасьць у Расеі?»

Блогер kosarex лічыць, што Квачкоў сапраўды езьдзіў у Беларусь, каб «выманіць грошы або абяцаньне дапамогі пры дзяржперавароце». І нагадвае, што гэта ўжо ня першы выпадак – генэрал Рохлін калісьці зьвяртаўся да яго з такой самай мэтай. Прынамсі, удава генэрала, абвінавачваная ў яго забойстве, сьцьвярджала, быццам беларускі прэзыдэнт празь яе мужа фінансаваў масавае пратэстнае выступленьне сілавікоў у Расеі.

Тым часам блогер v_miron прапануе «правесьці агульнанацыяльны рэфэрэндум па пытаньні стварэньня паўнавартаснай Саюзнай дзяржавы Расея-Беларусь і абраць прэзыдэнтам Саюзу А.Р. Лукашэнку» [!!! – А.А.].

На што блогер hard_box адказаў: «Рэальны шанец убачыць Лукашэнку ў Крамлі – гэта ваенны пераварот».

Сочым за разьвіцьцём падзеяў.

(канец цытаваньня ўсяго матэрыялу)


1а.

А цяпер давайце паглядзім, што рабілася з каментарамі на гэты матэрыял “Разбурысьвета”:

Мікола, БССР, 05.11.2010 12:55

Рыгоравіч не прадасьць беларускі народ, ён яго будзе да поўнага выміраньня гнаіці, а расейцы і без яго выміраюць па 1,5 млн галоў кожны год.

Яўген Мурашка, 05.11.2010 15:14

Паважаны, сп. веб-радактар.
Дзе мой каментар?
З павагай.

Вэб-рэдактар.

05.11.2010 15:23

Паважаны сп. Мурашка, у Вашым камэнтары зьмешчаны лінк на сайт, дзе зьмяшчаюцца выказваньні несумяшчальныя з нашай місіяй i правіламі форумаў.

Яўген Мурашка

05.11.2010 21:04

Паважаная, рэдакцыя, нагадаю аб місіі радыё Свабода:
Місія Радыё Свабода – “..падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам пашырэньня інфармацыі і ідэяў…”
Як жа тады зразмець, калі ролік tut.by на тэму “Беларусы – славяне ці балты” вы разьмясьцілі, хаця яго зьмест, згодна каментароў, не выклікаў захапленьня у наведвальнікаў, а маю спасылку на сайт “Беларусь – наша зямля” (https://nashaziamlia.org/), вы лічыце “не сумяшчальнай”. Што пошук праўдзівай інфармацыі – гэта і ёсьць “несумяшчальнасьць? Мяркую, чытач, сам вызначыцца наконт інфармацыі, якая там выкладзена. Тым больш, што пошук і распаўсюджаньне інфармацыі, незалежна ад дзяржаўных межаў, як раз і дэклярыруецца у Канвенцыі аб правах чалавека. З павагай.

Бенедзікт

05.11.2010 22:09

Не трэба дэмагогіі, гэта “РС”, а не паседжаньне пад вашым кіраўніцтвам Гомельскай рады ў 1999 г. …

Ваш сайт набрыняў ксэнафобіяй, псэўданавуковай фразэалёгіяй і проста глупствам – “змагары з польскім імпэрыялізмам, сусьветным сіянізмам і г.д.”.

Вы выступаеце за распаўсюд падобнай “інфармацыі”? Пэўная публіка гэта знойдзе і так, як кажуць людзі – “Свіньня гразь знойдзе”.

(канец цытаваньня каментароў)


1б.

Пасьля такой рэакцыі “Бенедзікта” і вэб-рэдактара “Свабоды” я вырашыў падаць свой каментар. Вось яго тэкст:

“Вы, спадар Бенедзікт, паднялі шэраг пытаньняў. Можа, вам яны і ня бачныя, таму паспрабую патлумачыць, як сітуацыя выглядаеце збоку.

1. Спадар Яўген Мурашка – добра вядомы (асабліва на Гомельшчыне і ў БНФ) і вельмі заслужаны беларус-літвін. Ён вельмі шмат зрабіў і многім асабіста ахвяраваў для дэмакратыі ў Беларусі. У адказ за сваю дзейнасьць ён вельмі пацярпеў ад рэжыму, нават вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну. Але ён і сёньня не спыняе сваёй дэмакратычнай працы, актыўна (і адкрыта!) выступае ў сеціве.

2. А хто ёсьць вы? Нейкая інтэрнэтаўская здань пад нікам “Бенедзікт”? Гэта значыць, што, можа, і ёсьць нейкі рэальны трохі дзіўнаваты менскі дзядзька, якога, магчыма, клічуць “Дзікі Беня”, а, можа, і няма. А на справе сядзіць нейкі прапаршчык у Маскве ці Хайфе, корчыць зь сябе прыхільніка Пазьняка і аблівае сапраўдных беларускіх дэмакратаў брудам (такіх, як Яўген Мурашка).

3. Нягледзячы на тое, што мы ня ведаем, хто вы ёсьць у рэчаіснасьці, нам ужо вядома, што вы на самай справе агент ці то польскага імперыялізму, ці то глабалісцкага сіянізму. Невядома толькі, што з гэтага для вас галоўнае, а што прыкрыцьцё.

4. Таксама вядома тэхналогія вашай дзейнасьці – любога чалавека, які жадае разабрацца ў грамадскай рэчаіснасьці і ў сваіх уяўленьнях абапірацца на сапраўдныя веды пра яе, абзываць “сьвіньнёй”…

5. Таксама цяпер вядома, што сайт https://nashaziamlia.org, які працуе пад лозунгам “Беларусь – наша зямля”, вам не падабаецца. Вы заяўляеце, што ён “набрыняў ксэнафобіяй, псэўданавуковай фразэалёгіяй і проста глупствам”. Між тым, сайт працуе, зыходзячы з АБ’ЕКТЫЎНЫХ ІНТАРЭСАЎ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ. Аб’ектыўных – гэта значыць законных, легітымных, праўдзівых, справядлівых, абмежаваных інтарэсамі іншых народаў. На гэтым грунце на сайце фармуецца Беларуская дактрына і кожны можа зь ёй пазнаёміцца.

Што ж, у гэтай сітуацыі застаецца толькі дзьве рэчы:

– я раю кожнаму беларусу пазнаёміцца з матэрыяламі нашага сайта і скласьці сваё ўражаньне пра яго;

– а ад спадара пад нікам “Бенедзікт” мы чакаем спасылкі на сайт, які ў большай ступені адлюстроўвае АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ беларускага народу на яго ўласнай зямлі, больш адкрыты, навуковы, менш “глупы” і г.д.

Калі спадар пад нікам “Бенедзікт” ухіліцца ад канкрэтнага адказу, гэта будзе азначаць, што ўсё пададзенае вышэй (і пра здань, і пра агента, і пра дыскрэдытацыю сапраўдных беларускіх дэмакратаў) ёсьць Праўдай…”.

(канец цытаваньня каментара)

Аднак гэты каментар “свабодаўцы” так і ня выставілі. І гэта нягледзячы на тое, што я высылаў яго тройчы!

Тады я даслаў наступны тэкст:

“Ай да радыё “Свабода”. Інсінуацыі й абразы нейкага цьмянага “Бенедзікта” ў адрас вельмі паважаных людзей і ўсіх прыстойных беларусаў вы выстаўляеце, а мае цалкам карэктныя адказы гэтаму “Бенедзікту” – блакуеце. А такія факты, між тым, накопліваюцца…”. (канец цытаваньня)

Тады адбылося тое, чаго яшчэ, відаць, ніколі не было – на матэрыял “Будзіміра” не былі выстаўленыя ня толькі мае каментары, але і некаторыя з тых, што былі выстаўленыя раней, былі… выдаленыя!

У выніку каментары да артыкула цяпер выглядаюць так:

Мікола, БССР, 05.11.2010 12:55

Рыгоравіч не прадасьць беларускі народ, ён яго будзе да поўнага выміраньня гнаіці, а расейцы і без яго выміраюць па 1,5 млн галоў кожны год.

Яўген Мурашка, 05.11.2010 15:14

Паважаны, сп. веб-радактар.
Дзе мой каментар?
З павагай.

Вэб-рэдактар, 05.11.2010 15:23

Паважаны сп. Мурашка, у Вашым камэнтары зьмешчаны лінк на сайт, дзе зьмяшчаюцца выказваньні несумяшчальныя з нашай місіяй i правіламі форумаў.

(канец цытаваньня каментароў)


1в.

Паколькі ў адмове вэб-рэдактара ёсьць спасылка на місію радыё “Свабода” і правілы форумаў, падаю і іх:


МІСІЯ РАДЫЁ СВАБОДА (http://www.svaboda.org/section/About+us/65.html)

Місія Радыё Свабода – падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам пашырэньня інфармацыі і ідэяў.

Ад Цэнтральнай Эўропы да Ціхага акіяну, ад Балтыкі да Чорнага мора, ад Расеі да Цэнтральнай Азіі і Пэрсыдзкай затокі, народы вядуць змаганьне супраць аўтакратычных уладаў, парушэньняў правоў чалавека, цэнтралізаванай эканомікі, этнічнай і рэлігійнай варажнечы, рэгіянальных канфліктаў і кантролю над сродкамі масавай інфармацыі.

Стабільнасьць ва ўсім гэтым рэгіёне – заснаваная на прынцыпах дэмакратыі і свабоднага рынку – мае ключавое значэньня для міру ва ўсім сьвеце. Грунтуючыся на перакананьні, што першая неабходная ўмова дэмакратыі – гэта добра інфармаванае грамадзтва, і маючы за сабой паўстагодзьдзя традыцыі альтэрнатыўнага вяшчаньня на згаданы рэгіён:

1. РС перадае аб’ектыўныя навіны, аналітыку і дыскусіі на мясцовыя і рэгіянальныя тэмы, важныя для посьпеху дэмакратычных і рынкавых пераўтварэньняў.

2. РС умацоўвае грамадзянскую супольнасьць, пашыраючы дэмакратычныя каштоўнасьці.

3. РС змагаецца супраць этнічнай і рэлігійнай нецярпімасьці і пашырае ўзаемаразуменьне паміж народамі.

4. РС падае прыклад мясцовым сродкам масавай інфармацыі, дапамагае ў падрыхтоўцы журналістаў для павышэньня іх прафэсіяналізму і незалежнасьці і разьвівае партнэрскія сувязі зь мясцовымі інфармацыйнымі арганізацыямі.

5. РС спрыяе разьвіцьцю цясьнейшых сувязяў паміж краінамі рэгіёну і краінамі з глыбокімі дэмакратычнымі традыцыямі.


ПРАВІЛЫ ФОРУМАЎ І ДЫСКУСІЯЎ (http://www.svaboda.org/section/forum_rules/78.html)

Запрашаем вас удзельнічаць у нашых форумах і дыскусіях.

Мы ня маем намеру абмяжоўваць свабоду вашых выказваньняў, аднак просім вас быць ляканічнымі, не адхіляцца ад тэмы, устрымацца ад дасылкі меркаваньняў, якія ўтрымліваюць наступныя элемэнты або лінкі на сайты з гэткімі элемэнтамі:

– паклёп
– пагрозы
– запалохваньні
– нецэнзурныя выразы
тролінг
– абразы, як асабістыя, гэтак і на этнічнай, рэлігійнай або сацыяльнай глебе
– заклікі да злачынстваў, гвалту і распальваньня варажнечы
– камэрцыйную рэкляму
– піяр палітычных, грамадзкіх, рэлігійных і да т.п. акцый, ініцыятываў
– празьмерна доўгія цытаты
– спам, у тым ліку шматразовае паўтарэньне таго самага камэнтара
– парушэньні аўтарскіх правоў
– выкарыстаньне ў полі ”Імя” рэальнага імя іншай асобы

Нашы форумы, дыскусіі і онлайн-канфэрэнцыі працуюць паводле прынцыпу прэмадэрацыі – усе дасланыя меркаваньні папярэдне праглядаюцца мадэратарам і, калі ў іх няма пералічаных вышэй недазволеных элемэнтаў, выстаўляюцца на сайт.

Ад 1 верасьня ўсе допісы павінны быць па-беларуску.

Камэнтары ня правяцца, не рэдагуюцца і выстаўляюцца (у залежнасьці ад наяўнасьці або адсутнасьці парушэньняў правілаў) паводле прынцыпу “або ўсё, або нічога”.

(канец цытаваньня місіі й правілаў радыё “Свабода”).


1г.

А цяпер падвядзем прамежкавы вынік.

Спадар “Будзімір-Разбурысьвет” у сваім матэрыяле зрабіў закід ў бок беларускіх блогераў, якія “не заўважылі сумятні за віртуальнай ўсходняй мяжой”, што сьведчыла на яго думку найбольш пра “няўменьне мысьліць размашыстымі катэгорыямі”.

На гэты закідон аўтара (які, дарэчы, пра наш сайт добра ведае), паважаны спадар Яўген Мурашка карэктна заўважыў, што на сайце https://nashaziamlia.org ужо даўно ідзе падрабязны аналіз якраз гэтага пытаньня. А гэта значыць, што “Будзімір-Разбурысьвет” хлусіць.

Вэб-рэдактар “Свабоды” гэты каментар спадара Яўгена заблакаваў, а свае дзеяньні патлумачыў тым, што, маўляў, у каментары “зьмешчаны лінк на сайт, дзе зьмяшчаюцца выказваньні несумяшчальныя з нашай місіяй i правіламі форумаў” (зьвяртаю ўвагу, гаворка ішла пра сайт, матэрыял якога вы цяпер чытаеце!).

Адначасна рэдактар “Свабоды” зьмяшчае каментар нейкага “Бенедзікта” – адкрытага прыхільнака сіянізму і польскага імперыялізму – які абражае вельмі заслужаных беларускіх людзей, хлусіць пра нейкую “ксенафобію”, “глупства” на нашым сайце, а пад канец фактычна называе ўсіх беларусаў, якія імкнуцца разабрацца ў рэчаіснасьці, “сьвіньнямі”…

У сувязі з такім паваротам справы пачаў дасылаць свае каментары і я. Але іх не выстаўлялі ўжо без ніякіх тлумачэньняў (гэта – першае), а пазьней без тлумачэньняў і прабачэньняў паздымалі яшчэ і каметары Мурашкі й Бенедзікта, якія былі выстаўлены раней (другое). Сярод каментароў, якія засталіся, па-ранейшаму прысутнічаюць публічныя, агульныя (без канкрэтыкі) абвінавачваньні ў адрас нашага сайта з боку радыё “Свабода” – маўляў, нешта ў нас не сумяшчаецца зь яго “місіяй і правіламі” (гэта  трэцяе, галоўнае!). Высьвятліць, што канкрэтна ў нас зь імі не сумяшчаецца, немагчыма – рэдакцыя на мае каментары-звароты не адказвае, яна іх проста ігнаруе, робячы іх для ўсіх іншых наведвальнікаў сайта “Свабоды” неіснуючымі… (чацьвертае).

Вось гэта да… Такога яшчэ не было – рэдакцыі нашага сайта і мне, як рэдактару, з боку беларускай службы радыё “Свабода” аб’яўлена анафема і блакада!

Што ж, мы ў рэдакцыі, як людзі прыстойныя, вырашылі выклік прыняць… У нас проста няма іншага выйсьця.

Паважаныя чытачы.

Многія з вас добра ведаюць наш сайт і могуць пацьвердзіць, што нічога незаконнага і непрыстойнага на ім няма – усё ў ім накіравана толькі на пошук Праўды ў імя аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, чалавецтва, Сьвету. Вышэй я выставіў мае каментары на артыкул, як і тэкст “місіі” радыё “Свабода” й правілаў форуму. Павінен сказаць, што ў мяне не атрымалася знайсьці адказ на пытаньне: дык у чым жа наш сайт і мае каментары не адпавядаюць “місіі” гэтага радыё?

Гэта дазваляе западозрыць, што справа ня ў місіі, а ў іншым. Можа, імкненьне радыё “Свабода” заткнуць рот людзям (удумайцеся, гаворка ідзе пра ідэалагічную паліцэйшчыну з боку радыё “Свабода”!), якія спрабуюць разабрацца ў рэчаіснасьці й дапамагчы свайму народу, абумоўлена зусім іншымі прычынамі – напрыклад, нейкімі дадатковымі таемнымі і больш важнымі “правіламі”, пра якія адкрыта не гаворыцца, а кожны павінен здагадацца сам?..

Давайце разьбярэмся, бо гэта ня толькі цікава, але і вельмі важна для нас, беларусаў.

І каб разабрацца было лягчэй, у наступнай частцы гэтага матэрыялу я распавяду пра яшчэ некалькі аналагічных апісанаму вышэй выпадкаў. Прааналізаваўшы іх разам, думаю, мы тое-сёе прасьвятлім.


5 каментарыяў

  1. Калі казаць ўсю праўду пра радыё “Свабоду”, то трэба сказаць, што шматлікія беларусы вераць гэтаму радыё як свайму сэрцу і думаюць, што гэта беларускія незалежныя СМІ.
    Асабіста я ўжо так не думаю. Вельмі часта і мае каментары таксама блакуюцца, хаця трэба адзначыць, што на “Свабодзе” існуе мой абаронца, які гэтага не робіць. Я яго асабіста не ведаю, але выказваю яму вялікую падзяку. Тым не менш, такія людзі не могуць закрыць сабой сутнасць сапраўднай місіі гэтага радыё.
    Чамусьці складваецца ўсё больш і больш уражанне, што гэта не беларускае радыё, і адстойвае яно інтарэсы зусім не беларускія. Гэта – рупар сусветных ліберастаў, які адстойвае інтарэсы ліберастычнай вярхушкі сусвету, прапагандуе тое, што ім кажуць, па прынцыпу, хто плаціць, той і музыку заказвае, спрыяючы такім чынам эканамічнай каланізацыі народаў свету, у тым ліку і беларусаў. Гэта радыё не прасоўвае дэмакратыю і справядлівасць на гэтыя землі. На ім, беларускай службе, працуюць нават зацятыя антыбеларусы і, нават, не хаваюць гэтага. Іх бачна, як кажуць неўзброеным вокам.
    Акрамя таго, без ўсялякіх перабольшванняў, можна сказаць, што радыё “Свабода” не вельмі жалуе прадстаўнікоў беларускай нацыянальна-патрыятычнай эліты і не вельмі любіць казаць аб уціску законных нацыянальных інтарэсаў беларускага народа. Такое уражанне, што правы тытульнай нацыі, г. зн. беларусаў, зусім не тэма для радыё, а любая спроба абараніць правы, годнасць, гонар нашага народу, ёсць “махровы нацыяналізм, несумяшчальны з місіяй радыё”. Нават даць праўдзівыя веды аб навакольным сьвеце, каб народ мог абараніць сябе ад рабства, як гэта робіць сайт “Беларусь – наша зямля”, лічыцца нечым ганебным. Калі б гэта было не так, то сп. Астроўскі даўно б стаў штатным аналітыкам радыё “Свабода”.
    Толькі зусім нядаўна да радыё дапусцілі сп. З.Пазняка, але не таму што радыё змянілася, а таму, што сам З. Пазняк прагнуўся перад ліберастамі. Аб гэтым кажуць абразлівыя, поўныя нянавісці каментары кэхэпоўцаў, якія выстаўляюцца на сайце радыё “Свабодзе”, калі ты толькі ўздумаеш не пагадзіцца ў нечым са сп. Пазняком.
    Яшчэ больш радыё “Свабода” раскрывае сваю сутнасць, калі дае зялёнае святло каментарам антыбеларускай накіраванасці пад нікамі “Дзімыч”, “Манро” і г.д. Гэта не ёсць справядлівая разнастайнасць і шырата поглядаў, а гэта ўжо адкрытая прапаганда, скіраваная супраць аб’яднання беларусаў і абуджэння беларускай свядомасці. Я разумею разнастайнасць поглядаў, каб нічога не ўпусціць дзеля з’яднання нацыі, а вось калі друкуюцца погляды ворагаў аб’яднання і кансалідацыі народа, гэта ужо дэструктыўная дзейнасць, скіраваная супраць народа.
    Маё папярэджаньне такое: будзем мы яшчэ доўга блукаць ў цёмры, вядомыя абаронцамі чужых інтарэсаў, гібець у рабстве, пінаемыя як смецце, абражаемыя да болю ў сэрцы, апушчаныя да агідлівасці, і лізаць новаспечаным гаспадам усе часткі цела, пакуль не з’явіцца свой рупар сапраўднай Свабоды, беларускі, які павядзе за сабой наш народ да праўды, справядлівасці, да свабоды, да сонца.

  2. Уладзімер кажа:

    Насамрэч у Беларусі ды паза межамі няма амаль ніводнай газэты ці сродка інфармацыі, якая б абараняла інтарэсы ды годнасьць Беларусі ды беларусаў (вынятак – “Секретные исследования” В. Дзеружынскага). Няхай гэта была б прыкладам дзяржаўная газэта, якая б падтрымлівала б нават гэты дыктатарскі лад сучаснага існаваньня Беларусі, але ж з беларусацэнтрычнай пазіцыі. Як прыкладам ва Украіне, алігархі, бандыты, карупцыянэры і г.д. але ж свае – украінскія.
    А пра “Радыё Свабода” нават гаварыць няма чаго – гэта антыбеларуская станцыя, якая “акучвае бабкі” спонсараў, ды удзельнічае ў гульні – “паразважай пра што – кольвек у Беларусі”.
    Беларусь для беларусаў не патрэбная анікому, апроч купкі патрыётаў, якіх сур’ёзна ніхто не ўспрымае.

    Паразважайце: навошта гэта Польшчы, Жамойці, маскалям?
    Таму й “распыляюць” намаганьні й ідэі праз усялякія “Свабоды”, Саньнікавых з Мілінкевічамі.

  3. Яўген Мурашка кажа:

    Спадарства.
    Шчыра кажучы, надакучыла змагацца з рэдакцыяй радыё “Свабода”.
    50 гадоў назад, я начамі праседжваў каля першага набытага прымача, слухаючы – “Бі-бі-сі”, “Голас Амерыкі з Вашынгтону”, “Радыё Свабода”, “Нямецкую хвалю”
    У той час гэта, менавіта, была нейкая адтуліна. Не магу казаць пра аб’ектыўнасьць іх матэрыялаў, але там паведамляліся такія рэчы, якія ставілі пад сумнеў, дзяржаўную ідэалёгію.
    Відаць, пад уплывам гэтых перадач, і фарміраваўся мой сьветапогляд. Назапашваўся нейкі пратэстны дух. Ішоў час і стала відавочным, што так жыць, як жывем мы (у СССР) немагчыма.
    І гэта вызначыла мой лес.Быў камсоргам цэха на Гомельскім вагона-рамонтным заводе, але у 1962 годзе адмовіўся уступаць у КПСС, Ужо у 1967 годзе аднёс у райкам камсамольскі квіток. На працы заўседы спрачаўся з кіраўніцтвам, калі яно імкнулася мяне , ці іншага прыніжаць ці зьдзеквацца.
    І як вынік, на адным месцы я доўга не затрымліваўся (было зроблена выснова што я “лятун”) так называлі тых, хто часта мяняў працу падставы, пры гэтым, не паведамляліся.
    Запытаеце, да чаго гэта я?
    А да таго, СМІ маюць вялікі уплыў на сьвядомасьць чалавека. А што мы маем у нашым выпадку? Хто фарміруе светапогляд беларускага грамадства? Пра дзяржаўныя СМІ, тут размова не ідзе. А тыя, хто імкнецца паказаць сваю прыналежнасьць да дэмакратычных і незалежных, не вытрымліваюць ніякай крытыкі.
    Бо дэмакратыяй і незалежнасцю, там і не пахне. Кожны рэсурс існуе за кошт нейкіх спонсараў, якія і “заказваюць” музыку. Пра партыйныя сайты я не кажу.
    Адна з “незалежных” – “Наша ніва”, мае жоўтае адценьне і нейкай не вызначаннай арыентацыі.Яны знішчылі імідж, першай беларускай газэты, якой, менавіта больш за сто. Цяперашняй рэдакцыі НН трэба мяняць назоў, бо яна ганьбяць імя беларускай Нашай Нівы. Там можна прачытаць і пра геяў, і пра “гаротных” габрэяў і інш.а вось з каментарамі туды нечага і імкнуцца.
    На радыё Свабода, ёсьць месца усім… акрамя тых хто імкнецца данесьці іншую кропку гледжаньня. Калі на яе хвалях, усхваляюць Мілінкевіча, не дай Бог сказаць нешта сваё, калі там Пазьняк, упасі Божа нават паспрабаваць яго скрытыкаваць (выльюць вядро дзярма)а рэдакцыя радыё накіроўве струмень дзярма на пэўнага апанэнта. Але там няма месца для матэрыялаў – Г.Арцёменкі, А.Астроўскага, Я. Мурашкі і, відаць, шмат каму яшчэ
    І нарэшце.
    У мяне пытаньне да кіраўніка рэдакцыі радыё Свабода сп.А.Лукашука.
    Спадар Лукашук, якую і чыю ідэалогію Вы праводзіце. Тое, што рэдакцыя адышла ад сваіх жа прынцыпаў, гэта відавочна. Толькі незразумела, хто благаславіў Вас на гэта. Калі гэта Ваша пазыцыя гэта адзін падыход. Калі ж гэта пазіцыя Вашынгтона, які вас утрымлівае, гэта іншая справа. У гэтым выпадку мы маем справу з падвоеннымі стандартамі ЗША. З аднаго боку “Акт аб дэмакратыі”, з другога боку заплюшчваюць вочы ( а не кантраляваць працу спансіруемай праграмы яны ня могуць)на працу радыё, якая абслугоўвае пэўныя карпаратыўныя інтарэсы. Які сьветапогляд гарамадства Вы фармуеце? Для мяне асабіста відавочна, што Вы абслугоўваеце інтарэсы каго заўгодна, акрамя аб’ектыўных інтарэсаў беларускай нацыі. А гэта, не робіць, асабіста Вам гонару, калі не сказаць больш, а радыё Свабода пераўтварылася у прапагандысцкі рупар невядома каго.
    З павагай

    • abdul кажа:

      “… а радыё Свабода пераўтварылася у прапагандысцкі рупар невядома каго.”

      Dy nie, nia pieraŭtvaryłasia. Radyja “Svaboda” zastajecca ruparam tych samych siłaŭ, jakim jana pracavała i za savieckim časam. Heta abstaviny ŭ śviecie źmianilisia, a nie Svaboda. Dla tych siłaŭ, na jakija pracuje Svaboda, Rasieja bolej nia jość vorah, jak kaliści Saviety. A voś nacyjanalizm tym siłam zaminaje. I šukać praŭdy na Svabodzie jość marnavańniem času j siłaŭ. Nia praŭdy tam šukać treba, ale ofisy jichnija palić.

  4. Мікола кажа:

    не для друку. Спадар Мурашка, прапаную слова ” благаславіў” замяніць на беларускае слова “дабраславіў”, калі Вы менавіта адпаведны сэнс мелі на ўвазе. Ня можа беларускае слова “блага” мець два супрацьлеглых сэнса. Мы павінны клапаціцца самі за чысьціню сваёй мовы, бо прамаскоўскія і прапольскія святары за нашу нацыянальную мову клапаціцца ня будуць .

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы