nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Загінуў Іван Нікітчанка

21 лістапада, 2010 | 5 каментарыяў

Рэдакцыя.

Учора па сеціву распаўсюдзілася сумная, непрыемная навіна. Пасьля аўтакатастрофы загінуў вядомы дзеяч беларускай апазіцыі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, Іван Нікітчанка. Прадстаўнікі беларускага ДАІ сьцьвярджаюць, што здарэньне адбылося 19 лістапада ў 14.55 на 56-м кіламетры аўтадарогі Менск-Маладзечна-Нарач. Нікітчанка рухаўся ў бок Маладзечна на сваім аўтамабілі “Фольксваген-Бора” (ехаў на лецішча, якое знаходзіцца пад Маладзечнам) і, быццам бы, выехаўшы на сустрэчную паласу, сутыкнуўся зь “ЗІЛам”. Памёр пасьля аварыі 20 лістапада ў 1 гадзіну 50 хвілін ночы.

Іван Нікітчанка нарадзіўся 10 студзеня 1939 года ў Бранскай вобласьці. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут (1960), доктар сельскагаспадарчых навук (1979), прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі (з 1986). Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР (1982). У першай палове 1990-х гадоў уваходзіў у склад ценевага кабінету апазіцыі БНФ у  Вярхоўным Савеце XII скліканьня. Доўгія гады ўваходзіў у арганізацыйныя камітэты для правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”. Крытыкаваў планы пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Прафесар Нікітчанка актыўна змагаўся за адкрыцьцё праўды пра Чарнобыль, даваў прапановы, што трэба рабіць. Ён шмат езьдзіў па чарнобыльскай зоне, зьбіраючы факты. Страціў на гэтым сваё здароўе, атрымаўшы вялікую дозу радыяцыі (многія яго паплечнікі з-за гэтага ўжо даўно памерлі).

Падчас цяпершняй выбарчай кампаніі ўвайшоў у лік давераных асобаў Віталя Рымашэўскага – кандыдата ў прэзідэнты ад партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Гэты крок тлумачыў тым, што Рымашэўскі найбольшую ўвагу ў сваёй праграме аддае пытаньням пераадоленьня наступстваў чарнобыльскай аварыі.

Зянон Пазьняк у сувязі са сьмерцю спадара Нікітчанкі заявіў (http://www.svaboda.org/content/article/2225850.html): “Гэтае здарэньне трэба будзе дасканала дасьледаваць, і ня толькі органам міліцыі – павінна быць створаная грамадзкая камісія, якая гэта кантралявала б і дасьледавала, бо рэжым, які існуе, здатны на забойствы. Першым забітым меў быць я, але ім гэта не ўдалося. Я проста добра ведаю, чым дыхаюць гэтыя людзі. І таму адкрыта кажу: у мяне вялікае падазрэньне, што Нікітчанка загінуў ня проста так. Ён мазоліў вочы: і з атамнай станцыяй, і з Чарнобылем, і з усёй сваёй дзейнасьцю”.

Што ж, кожны, хто здольны дастаткова пільна прыглядацца да падзей у сьвеце, можа пацьвердзіць: усё можа быць у наш час…

Пахаваньне спадара Івана будзе ў панядзелак, 22 лістапада (месца пахаваньня пакуль невядомае). У Нікітчанкі засталіся жонка, два сыны, дачка, чацьвёра ўнукаў і праўнучка.

*

Рэдакцыя сайта “Беларусь – наша зямля” выказвае свае спачуваньні родным, блізкім, паплечнікам спадарам Нікітчанкі й смуткуе разам зь імі.


5 каментарыяў

  1. Яўген Мурашка кажа:

    Што тут казаць.
    Меў гонар быць з ім знаёмым асабіста.
    Спачатку сыходзяць лепшыя, падонкі працягваюць жыць.
    Зямля яму пухам.

  2. з...лы беларус кажа:

    Вечная памяць годнаму навукоўцу і Беларусу!
    А час, месца і здарэнне патрабуюць высвятлення больш дакладнага, чым афіцыйная версія – занадта многа апошнія 16 гадоў Лука-га рэжыму гіне Беларусаў на Бацькаўшчыне… Але мы памятаем іх пайменнна і без тэрміну забвення! “Пагоня” ўжо павяртае на Бацькаўшчыну і мусіць быць шалёнай да ворагаў Беларусі!

  3. pan grot кажа:

    Напэўна,Зянон Станіслававіч мае рацыю…
    Вечная памяць сыну БЕЛАРУСІ !!!

  4. Сапраўдны нацыянальны патрыёт Беларусі. Вечная памяць яму і спачуванні родным і блізкім яго сябрам.

  5. Margarita кажа:

    Шкада губляць лепшых сыноу краiны. Мiр праху яго!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы