nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Хто і за што забівае расейскіх перабежчыкаў

23 лістапада, 2010 | 4 каментарыя

Руслан Гаравы (http://versia.ru/articles/2010/oct/04/rossiyskie_shpiony)

Працягваем вывучаць забойчыя ўласьцівасьці расейскай імперыякратыі. Наша цікавасьць да гэтай тэмы зьвязаная з тым, што трэба канчаткова разбурыць міф, што, маўляў, “цяпер Расея не забівае сваіх апанентаў” (забівае і сёньня, ды яшчэ як), а таксама з тым, што размовы пра “інтэграцыю” з гэтай імперыяй усё яшчэ не спыненыя… На гэты раз гаворка пойдзе пра забойствы расейскіх перабежчыкаў на Захад.

Рэдакцыя.


Гучны скандал, зьвязаны з гібельлю ў ЗША ў чэрвені гэтага года былога супрацоўніка Службы зьнешняй выведкі Сяргея Трацьцякова (на фота справа), які 10 гадоў таму стаў перабежчыкам, працягвае абрастаць падрабязнасьцямі. Яшчэ нядаўна яго сьмерць зьвязвалі з выкрыцьцём сьпецслужбамі ЗША цэлай групы расейскіх выведнікаў, а цяпер называюць й іншую магчымую прычыну. А менавіта выкрыцьцё фінансавых махінацый, якія нібыта праводзіліся расейскімі дыпламатамі пад «дахам» ААН. Нядаўняя ня менш дзіўная сьмерць іншага перабежчыка, Яўгена Торапава, нейкім таямнічым чынам наогул не прыцягнула да сябе ўвагі прэсы – ні айчыннай, ні заходняй. Між тым Торапаў, як і Трацьцякоў, быў афіцэрам СВР і да сваёй апошняй камандзіроўкі ў Канаду працаваў ва Ўпраўленьні зьнешняй контрвыведкі СВР і курыраваў пытаньні, зьвязаныя з ААН. Падобна на тое, што сьведак, якія занадта шмат ведалі, папросту ліквідуюць, хаця ўжо гадоў 30, як падобны падыход [афіцыйна] не практыкуецца. Ці перад намі выпадковыя супадзеньні, ці наступствы спланаванай расправы – разьбіраўся карэспандэнт «Нашай Версіі».

***

Трацьцякоў памёр у сябе дома: калі верыць афіцыйнай версіі, ён смачна і сытна абедаў і выпадкова падавіўся кавалкам мяса. Што ж, у жыцьці бывае ўсялякае, і фатальныя выпадковасьці ў тым ліку. Можа быць, Трацьцякову проста не пашанцавала? У перыяд з 1995 па 2000 год ён займаў пасаду намесьніка кіраўніка разьведвальнай місіі Расеі пры Арганізацыі аб’яднаных нацый, якую называў не інакш, як «міжнароднае шпіёнскае гняздо». Ня цалкам зразумела, калі яго завербавалі – кажуць, яшчэ да амерыканскай паездкі. У 2000-м у СВР правялі праверку шэрагу нашых дыпламатычных работнікаў у Канадзе і ЗША, і Трацьцякоў, адчуўшы пах смажанага, разам з жонкай і дачкой папрасіў у ЗША прытулак. Доўгія гады ён жыў параўнальна спакойна, адмысловай цікавасьці да яго ніхто не выяўляў. Хто ведае, магчыма, шпіён быў бы жывы да гэтага часу, калі б два гады таму не рызыкнуў выступіць з сенсацыйным выкрыцьцём.

У 1992 годзе на Захад сышлі чыцьвёра асабліва інфармаваных супрацоўнікаў сакрэтных службаў – страты, нанесеныя гэтымі здраднікамі, лічацца найбольш істотнымі. Хадзілі чуткі, што ўсіх іх павінна была ліквідаваць нейкая «асаблівая каманда» ГРУ, але нібыта ўмяшаўся Барыс Ельцын і катэгарычна забараніў праводзіць “акты помсты”.

Трацьцякоў зьбег у кастрычніку, а ў сьнежні таго ж года ў Канаду перабег іншы кадравы супрацоўнік СВР і па сумяшчальніцтве афіцэр бясьпекі расейскай амбасады ў Атаве – Яўген Торапаў. Торапаў таксама папрасіў прытулку разам з жонкай і дзіцём. Але калі аб сыходзе Трацьцякова ўсе даведаліся амаль адразу ж, па гарачых сьлядах, то першая інфармацыя аб яго калезе зьявілася ў прэсе толькі праз тры месяцы. Торапаў, які працаваў ва Ўпраўленьні зьнешняй контрвыведкі СВР, уяўляў велізарную каштоўнасьць для патэнцыйнага праціўніка.

На гэтым падабенства ў справах Трацьцякова і Торапава часова сканчаецца. Першы робіць афіцыйную заяву: «Мой сыход у адстаўку (так ён назваў свае ўцёкі. – Рэд.) не нанясе шкоды інтарэсам краіны», – купляе дом у Фларыдзе за паўмільёна даляраў і жыве ў ім, не хаваючыся. Дачка Ксенія тым часам сканчае магістратуру аднаго з прэстыжных універсітэтаў так званай «Лігі плюшчу» на Ўсходнім узьбярэжжы Амерыкі. А вось другі … Другі не проста залёг на дно: ён і яго сям’я літаральна распусьціліся, зьніклі бясьследна. МЗС РФ некалькі разоў зьвярталася ў МЗС Канады з просьбай ўстанавіць месца знаходжаньня Торапавых – пры ўцёках сям’я кінула ўсю сваю маёмасьць у Атаве, а таксама кватэру ў Маскве (па чутках, там была знойдзеная немалая грашовая сума, нешта парадку 200 тыс. даляраў) – але канадцы так і не адказалі расейскім калегам.

Кажуць, што Трацьцякоў выдаў амерыканцам шматлікіх расейскіх агентаў. Магчыма, гэта і так. У студзені 2008 года ў ЗША выйшла кніга “Comrade J.” (Таварыш Жан – агентурная мянушка Трацьцякова) аб нераскрытых сакрэтах нібыта “галоўнага шпіёна Расеі ў Амерыцы”. Аўтар кнігі Піт Эрлі (на фота ўверсе зьлева) сьцьвярджаў, што ў яе аснову пакладзены матэрыялы гутарак з Трацьцяковым. Тыя ж супрацоўнікі СВР, зь якімі аўтару гэтага матэрыялу давялося пагутарыць падчас працы над тэкстам, запэўніваюць: да нядаўняга часу Трацьцякоў сапраўды трымаў язык за зубамі. Да кнігі ён ня меў практычна ніякага дачыненьня. Але менавіта з-за гэтай злашчаснай кнігі ўсё і пачалося.

Пасьля выхаду кнігі Эрлі прэс-служба СВР робіць афіцыйную заяву: «Пакідаючы на сумленьні Трацьцякова зробленыя ім у кнізе так званыя выкрыцьці, хацелі б падкрэсьліць, што ва ўсіх сьпецслужбах сьвету «піяр на здрадзе» заўсёды лічыўся агіднай дзеяй, а сама здрада – крымінальна каральнай». Трацьцякоў расцаніў гэтыя словы як непасрэдную пагрозу для свайго жыцьця. У доме зьявілася ахова ад ФБР, а Трацьцякоў раптам … загаварыў! Праз 8 гадоў пасьля сваіх уцёкаў!

Да гэтага Трацьцякоў даваў інтэрвю толькі аднойчы, каментуючы выхад злашчаснай кнігі. Тады ён не сказаў нічога істотнага, затое ладна пазьдзекваўся з  рэпарцёраў. Напрыклад, распавёў амерыканцам аб нейкім расейскім бізнэсмэне, які займеў ядзерную бомбу і захоўваў яе ў пуні на сваёй падмаскоўнай дачы. Праходзіць некалькі месяцаў, і Траццякоў робіць сапраўды сенсацыйныя заявы.

Па-першае, распавядае аб праграме ААН “Нафта наўзамен за харчаваньне”: маўляў, завербаваныя ім высокапастаўленыя супрацоўнікі міжнароднай арганізацыі дапамаглі прадстаўнікам ўраду Расеі выкрасьці каля 500 млн. даляраў з фонду праграмы. Праграма мела мэтай палегчыць жыцьцё простым іракцам, якія пакутавалі ад санкцый, уведзеных ААН пасьля ўварваньня Хусэйна ў Кувейт у 1990 годзе. Яна дазваляла Іраку гандляваць нафтай пры ўмове, што асноўная частка выручкі пойдзе на закупку ежы, медыкаментаў ды іншых гуманітарных тавараў, а таксама выплату рэпарацый.

Па-другое, Трацьцякоў паведамляе, што асабіста кіраваў аперацыяй, якая дазволіла былому ірацкаму лідару Садаму Хусэйну маніпуляваць цэнамі на прадаваную ў рамках праграмы нафту, а Маскве – здабываць з гэтага прыбытак. Трацьцякоў называў прозьвішчы чыноўнікаў, і некаторыя зь іх дагэтуль больш чым на слыху. Рассьледаваньне фактаў карупцыі вакол праграмы «Нафта наўзамен за харчаваньне” ўзначаліў былы кіраўнік Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША Пол Волкер. Яно цягнулася амаль два гады і дасягнула кульмінацыі ў кастрычніку 2005-га, калі быў апублікаваны даклад, у якім вылучаліся абвінавачваньні ў змове з рэжымам Садама Хусэйна ў дачыненьні да больш чым 2200 кампаній з 40 краін, і гаворка ішла аб крадзяжы са сродкаў ірацкай гуманітарнай праграмы 1,8 млрд. даляраў. Здавалася б, жарсьці ледзь суцішыліся. А тут новыя выкрыцьці. Трацьцякоў называе свайго самага высокапастаўленага «кантакцёра» ў Дзярждэпартаменце – гэта ні многа ні мала намеснік кіраўніка Дзярждэпу ЗША Строуб Тэлботт – і сьцьвярджае, што на яго «можна было ўплываць».

Навошта Трацьцякоў загаварыў? Магчыма, ён палічыў, што так будзе бясьпечней, занадта спалохаўся рэакцыі былых таварышаў па службе ў сувязі з выхадам кнігі. Але ёсьць і іншае тлумачэньне: у 2008 годзе канадскія сьпецслужбы падрыхтавалі разгорнуты даклад аб дзейнасьці СВР ў міжнародных арганізацыях і дыпламатычных прадстаўніцтвах уплывовых краін Захаду. Адным са складальнікаў дакладу быў ня хто іншы, як Яўген Торапаў.

У дакладзе, суаўтарам якога выступіў Торапаў, таксама ішла размова аб “агентах ўплыву” Расеі ў ААН (згадвалася, дарэчы, і пра тое, што палкоўнік Трацьцякоў у якасьці ню-ёркскага рэзідэнта СВР кіраваў прыкладна 60 агентамі, многія зь якіх да гэтага часу застаюцца на дыпламатычнай службе ў ЗША). Так ці інакш, да канца 2008 года паднаготная некаторых непрыемных як для Расеі, так і для ЗША гісторый, зьвязаных зь дзейнасьцю ААН, выплюхнулася ў СМІ не без удзелу двух былых калегаў – Сяргея Трацьцякова і Яўгена Торапава.

Калі ўжо зайшла гаворка аб Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, мае сэнс успомніць яшчэ адну не такую даўнюю гісторыю. Перабежчыкаў спынілі ліквідаваць у канцы 1970-х – лічыцца, што апошнім забітым быў «укалоты парасонам» у Лондане ў 1978 годзе балгарскі дысідэнт Георгій Маркаў. Але ў 1998 годзе ў Ню-Ёрку пайшоў з жыцьця яшчэ адзін перабежчык – былы першы намесьнік генеральнага сакратара ААН па палітычных пытаньнях Аркадзь Шаўчэнка. Было яму 67 гадоў, але экс-дыпламат быў бадзёрым квітнеючым мужчынам – ён нават у трэці раз ажаніўся на параўнальна маладой жанчыне. Ходзяць чуткі, што памерці яму дапамаглі, а прычынай, якая выклікала раптоўную гібель Шаўчэнкі, стала яго кніга, якая рыхтавалася да друку. Чарнавікі ўбачыў выдавец (мабыць, і ня толькі ён), а праз чатыры дні Шаўчэнку знаходзяць мёртвым. У рукапісу ішла гаворка пра тое, як савецкія (а пазней і расейскія) сьпецслужбы выкарыстоўвалі ААН ня толькі ў якасьці інструмента прыкрыцьця, але і ў ролі дойнай каровы, з дапамогай якой ствараліся вялізныя капіталы. Называліся прозьвішчы людзей, якія і дагэтуль знаходзяцца на дзяржаўнай службе ў нашай краіне.

Дзіўная справа: спакойна разгульваюць на свабодзе ў Вялікабрытаніі ды ЗША Алег Гардзіеўскі і Алег Калугін, а разам зь імі яшчэ каля трох дзесяткаў нашых перабежчыкаў. А вось тыя, хто меў дачыненьне да не цалкам легальнай дзейнасьці ў рамках ААН, дзіўным чынам гінуць.

Вось і Яўген Торапаў: у красавіку гэтага года ў некалькіх канадскіх газетах зьявіліся непрыкметныя некралогі. Маўляў, памёр «навуковы дзеяч», «сацыёлаг» і былы расейскі дыпламат. Аб акалічнасьцях сьмерці – ні слова. Па чутках, было так: былы афіцэр СВР прымаў ванну і схапіўся рукой – цалкам выпадкова, як вы разумееце – за нейкі электрапрыбор… Не кавалак мяса, але вельмі падобна, пагадзіцеся.

Зрэшты, людзі, якія займаюцца нашымі перабежчыкамі, так бы мовіць, па роду службы, адзначаюць, што ў апошнія гады гінулі ня толькі здраднікі, якія былі зьвязаныя з ААН.

«Ёсьць пэўныя правілы гульні, – падзяліўся з карэспандэнтам «Нашай Версіі» на правах ананімнасьці высокапастаўлены супрацоўнік сьпецслужбаў. – Калі перабежчык прытрымліваецца іх, яго пакідаюць у спакоі. Правілы простыя: называць агентурныя імёны, а не рэальныя. Паведамляць інфармацыю без згадваньня датычнасьці вышэйшага кіраўніцтва краіны да тых ці іншых двухсэнсоўных інцыдэнтаў. Калі гэтыя правілы выконваюцца, ніхто ня будзе паляваць за здраднікам. Узяць таго ж Калугіна: ім многія пагарджаюць, яго ненавідзяць, але сэнсу ліквідаваць яго няма наогул. Ён кажа шмат, выдае мноства таямніц, але аб галоўным памоўквае – таму і жывы».

Але яшчэ двое былых супрацоўнікаў сьпецслужбаў напярэдадні свайго сыходу з жыцьця дазволілі сабе разгаварыцца. У 2008-м разгаварыўся Юры Насенка, а чатырма гадамі раней – Васіль Мітрохін. І неяк так супала, што ні адзін, ні другі не затрымаліся на гэтым сьвеце пасьля таго, як адкрылі раты. Маёр Юры Насенка – асоба сапраўды легендарная: сярод уцекачоў ён быў свайго роду «патрыярхам», 81 год як-ніяк. На Захад ён сышоў яшчэ ў лютым 1964-га, зьяўляючыся на той момант намесьнікам начальніка 7-га аддзела Другога галоўнага ўпраўленьня КДБ (праца па замежніках, у асноўным турыстах, якія наведвалі СССР). Паехаў у службовую камандзіроўку ў Швайцарыю і не вярнуўся. У ЗША яму быў прадастаўлены палітычны прытулак. Праз чатыры месяцы пасьля ўцёкаў Вайсковая калегіяй Вярхоўнага суду СССР завочна прысудзіла Насенка за здраду Радзіме да расстрэлу.

У свой час Насенка асабіста працаваў зь Лі Харві Освальдам падчас знаходжаньня таго ў Савецкім Саюзе з 1959 па 1962 год. Дарэчы, калі Освальда ў 1963 годзе абвінавацілі ў забойстве Кэнэдзі, Насенка запэўніваў, што КДБ проста ня мог даверыць такую важную місію Лі Харві Освальду, які пражыў у СССР ўсяго тры гады, з-за яго неўраўнаважанасьці й непадрыхтаванасьці … Спачатку ЦРУ не паверыла ў шчырасьць пераходу Насенка на службу ЗША, і тры гады яго падвяргалі допытам і катаваньням. Але затым Насенка ўсё ж стаў афіцыйным кансультантам ЦРУ і здаў амерыканцам шматлікіх савецкіх агентаў, у прыватнасьці, аднаго з лепшых рэзідэнтаў КДБ у Скандынавіі знакамітую Грэту – Гунвар Ховік.

У апошнія гады Насенка пачаў зьбіраць вакол сябе былых савецкіх выведнікаў, такіх як палкоўнік ГРУ Сяргей Бохан, які зьбег на Захад у 1985 годзе, Сяргей Іларыёнаў, супрацоўнік ПГУ КДБ, які апынуўся ў ЗША ў 1991-м, і Алег Агранянц – супрацоўнік МЗС СССР, які ўцёк у Амерыку ў 86-м. Гэтыя людзі займаліся тым, што, сустракаючыся з высокапастаўленымі расейскімі грамадзянамі, гасьцючымі на тэрыторыі ЗША і Канады, зьбіралі інфармацыю аб сувязях расейскіх чыноўнікаў зь міжнароднай злачыннасьцю, аб карупцыі ў органах улады Расеі. У 2007 годзе «група Насенкі» апублікавала даклад на гэтую тэму. У ім, дарэчы, таксама згадвалася дзейнасьць шэрагу чыноўнікаў у рамках ААН – ці выпадкова? Ну, і праз паўгады пасьля выхаду даклада Насенка, будучы ўжо ў шаноўным узросьце, памірае. Што характэрна: пра тое, што сьмерць была гвалтоўнай, паведамілі толькі ў траўні гэтага года – праз два гады пасьля сьмерці.

Вяртаючыся да гісторыі з гібельлю Трацьцякова і да той самай злашчаснай кнігі, зь якой усё і пачалося: аказваецца, роля Піта Эрлі ў адбылым сапраўды магла быць вырашальнай. Справа ў тым, што сёньня у ЗША адбываецца вельмі падобная гісторыя. Кніжку выпусьціў падпалкоўнік арміі ЗША Энтані Шаффер, завецца яна «Аперацыя «Цёмнае сэрца»: шпіянаж і сьпецаперацыі на перадавой у Афганістане і шлях да перамогі», і размова ў ёй вядзецца… аб непрывабнай ролі ААН у амерыканскіх прыгодах ў Афганістане й Іраку. Згадваецца і вышэй апісаная “афёра Хусэйна”, удзел у якой прымалі намесьнік дзяржсакратара ЗША Строўб Тэлбат і высокапастаўленыя супрацоўнікі ААН.

Пентагон адрэагаваў неадкладна, але даволі дзіўна: міністэрства абароны ЗША выкупіла і зьнішчыла 9,5 тыс. асобнікаў кнігі – увесь першы тыраж. Па словах афіцыйнага прадстаўніка ведамства, Пентагон спрабуе абараніць такім спосабам дзяржаўную таямніцу. Па іншых зьвестках – абяліць сябе, а зараз і працуючых у ААН людзей, прозьвішчы якіх раней былі агучаны Торапавым і Трацьцяковым.


Даведка

Прыкладна зь сярэдзіны 1970-х за мяжу сыходзілі ў асноўным незанадта інфармаваныя супрацоўнікі сьпецслужбаў. Такія, да прыкладу, як прыдбаўшы пазьней шырокую вядомасьць Віктар Сувораў (сапраўднае імя – Уладзімір Рэзун). Аўтар нашумелых кніг «Ледакол» і «Акварыум», які зьбег разам з жонкай і сынам, ніякіх асабліва каштоўных дадзеных ня выдаў. Сэнсу распраўляцца з такімі здраднікамі ў нашых выведнікаў не было.

Калі ўспамінаць тых, хто нанёс нашай краіне найбольшыя страты, і каго тэарэтычна быў сэнс ліквідаваць, то такіх людзей наўрад ці набярэцца з дзесятак. Найперш гэта былы супрацоўнік 8-га Галоўнага ўпраўленьня КДБ СССР маёр Віктар Шеймаў. З 1971 года ён займаўся шыфравальнымі сістэмамі выведкі й контрвыведкі, а ў 1979 года ў Варшаве выйшаў на кантакт з агентамі ЦРУ. У 1980-м яго таемна вывезьлі ў ЗША, а ў СССР палічылі, што Шеймаў зьнік бязь весткі. Толькі ў 1985 годзе стала вядома, што ён зьбег на Захад. І ўсе гэтыя пяць гадоў сістэмы шыфраваньня ў КДБ не мяняліся. У Амерыцы Шеймава ўзнагародзілі медалём.

У 1992 годзе на Захад сышлі чацвёра асабліва інфармаваных супрацоўнікаў сакрэтных службаў – страты, нанесены гэтымі здраднікамі, лічацца найбольш істотнымі. Хадзілі чуткі, што ўсіх іх павінна была ліквідаваць нейкая «асаблівая каманда» ГРУ, але нібыта ўмяшаўся Барыс Ельцын і катэгарычна забараніў праводзіць “акты помсты” – пра гэта аўтару ў 1995 годзе распавёў былы віцэ-прэзідэнт Расеі Аляксандр Руцкі. Вось гэтая чацьвёрка: супрацоўнік рэзідэнтуры ГРУ Станіслаў Лунёў, палкоўнік рэзідэнтуры СВР Віктар Ошчанка, палкоўнік ГРУ Фізрэт Джабезаў і архівіст КДБ Васіль Мітрохін. Усе, акрамя Мітрохіна, працавалі ў Вялікабрытаніі, але былі шырока інфармаваныя і аб сваіх амерыканскіх калегах. Мітрохін жа валодаў самай разнастайнай інфармацыяй датычнай нашай агентурнай базы ў Еўропе і Амерыцы.

Выдаўшы ў 1992 годзе ангельцам велізарны аб’ём сакрэтнай інфармацыі, Мітрохін часова заціх, але, як высветлілася, не назусім. Прыкладна ў 2002-03 гадах ён пачаў шчыльна супрацоўнічаць з амерыканскай выведкай, якая раней адмовілася ад яго паслуг. Для амерыканцаў ён зьбярог шмат такога, пра што раней ангельцам не паведамляў. Кажуць, за 10 гадоў гэтая інфармацыя зусім ня страціла актуальнасьці й разгалашэньне яе каштавала Мітрохіну жыцьця – у 2004 годзе яго ня стала. Хто стаяў за ліквідацыяй Мітрохіна – расейскія, ангельскія ці амерыканскія сьпецслужбы – сказаць складана.

Немалыя страты нанесьлі й іншыя перабежчыкі, але ня столькі выдаючы асабліва сакрэтную інфармацыю, колькі дапамагаючы амерыканцам знаходзіць тых, хто такой інфармацыяй валодаў. Найперш гэта тыя, хто ўваходзіў у так званую групу Юрыя Насенкі: былы супрацоўнік вайсковай выведкі палкоўнік Сяргей Бохан, які з 1976 года працаваў на амерыканцаў і здаў знакамітага агента КДБ у ЦРУ Ўільяма Кампалайса, і супрацоўнік рэзідэнтуры зьнешняй выведкі па навукова-тэхнічнай лініі Сяргей Іларыёнаў, які распавёў ЦРУшнікам аб 28 агентах КДБ у Італіі й атрымаў пазней палітычны прытулак у ЗША. І Бохан, й Іларыёнаў цалкам маглі б паўтарыць лёс свайго шэфа Юрыя Насенкі, які загінуў два гады таму пры загадкавых абставінах.


4 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Цікава! Лепш разумееш “рухаючыя сілы” развіцця чалавецтва, да якіх адносіцца ААН.

  2. Siarhiej кажа:

    На сайце “версіі” ёсць іншы цікавы артыкул пра Расею – http://versia.ru/articles/nov/22/kushchevskaya_tragediya

  3. Міхaсёк кажа:

    Астроўскі дастаў сваімі каментамі падзеў РФ. Расказваў бы лепш пра белаpускую разведку.

  4. abdul кажа:

    “Астроўскі дастаў сваімі каментамі падзеў РФ.”

    Міхаську, выражовывайся ясьней.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы