nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Былы міністар расейскага ўраду пра цяперашні стан расейскай імперыякратыі

28 лістапада, 2010 | Каментары (1)

10 лістапада г.г. у Маскве ў будынку кнігарні «Бiблiо-глобус» адбылася прэзентацыя кнігі «Улада ў тратылавым эквіваленце. Хроніка цара Барыса» (М., Алгарытм, 2010), якую напісаў былы Першы віцэ-прэм’ер, міністар друку і інфармацыі Расеі М.Палтаранін. Як высьветлілася, кніга ўтрымлівае шэраг палажэньняў, якія апісваюць цяперашні стан расейскай імперыякратыі й якія шмат у чым супадаюць з тым, што мы ўжо даўно самастойна вывелі. Гэта і прыемна, і важна, калі твае знаходкі пазьней пацьвярджаюць вялікія аўтарытэты і адначасна непасрэдныя сьведкі-ўдзельнікі гістарычных падзей. Падаецца паводле http://3rm.info/main/6377-byvshij-ministr-pravitelstva-rf-obvinyaet-lichno.html.

Рэдакцыя.


Як адзначалася на прэзентацыі, Палтаранін – даўні і блізкі паплечнік Ельцына, адзін з найбольш інфармаваных людзей краіны – “стаў першым зь дзеячаў высокага палітычнага рангу, хто сказаў праўду аб становішчы ў Расеі й праўдзівым абліччы яе цяперашняй улады”.

Калі Ельцын быў пераведзены ў Маскву, ён пачаў сьмелую барацьбу зь яе мафіяй і партыйнай бюракратыяй, якая адарвалася ад народу. Аднак затым ён перарадзіўся і лёг пад навасьпечаных расейскіх алігархаў, якія скалацілі велізарныя капіталы на раскраданьні агульнанароднай уласнасьці.

У якасьці прыкладу Палтаранін спаслаўся на Абрамовіча. У гэтага алігарха ва ўласнасьці знаходзяцца шматлікія прадпрыемствы, рудні і шахты, уключаючы самую прыбытковую зь іх у Міжрэчанску. Ёсьць нават цэлы порт Знаходка. Але шматлікія кампаніі алігарха, якія валодаюць усім гэтым, плацяць падаткі са сваіх даходаў па месцы сваёй рэгістрацыі ў Люксембургу. Пуцін, добра ведаючы пра гэта, робіць выгляд, што ўсё ў парадку. Ня дзіўна, што сапраўды так робяць й іншыя расейскія алігархі, якім глыбока напляваць і на свой народ, і на сваю краіну. Яны, як і вышэйшыя ўрадавыя чыноўнікі, даўным-даўно падрыхтавалі сабе «пасадкавыя пляцоўкі» на Захадзе, калі Расея будзе цалкам разбураная і ў ёй стане небяспечна знаходзіцца.

Пуцін зь Мядзведзевым сталі яшчэ большымі, чым Ельцын, прыслужнікамі як расейскай, так і ўсепланетнай алігархіі, якая за імі стаіць. «Разам зь Ельцыным яны стварылі такія парадкі, такога страшнага монстра, зь якім ужо нічога ня могуць зрабіць нават тыя, хто шчыра спрабуе нешта змяніць ў лепшы бок».

Адказваючы на пытаньне аб матывах дзеяньняў кіруючага ў Расеі тандэму, Палтаранін сказаў:

“І прэзідэнт, і прэм’ер трымаюць свае грошы ў заходніх банках … Калі яны прыязджаюць на «васьмёркі» ці «дваццаткі», ім наўпрост і бесцырымонна пагражаюць стратай іх грошай, калі ня стануць рабіць тое, што выгадна Захаду. Пачнуць упарціцца, у Расеі ўсе даведаюцца аб іх банкаўскіх рахунках. А калі і на гэта людзі закрыюць вочы, то тады ім будзе перакрыты выезд за мяжу, увесь сьвет даведаецца аб злоўжываньнях і злачынствах расейскіх кіраўнікоў, іх прыцягнуць да міжнароднага суду – карацей, зробяць тое, што зьдзейсьнілі з Садамам Хусэйнам у Іраку. І расейскія лідэры паддаюцца на гэты ціск…».

У якасьці навочнага прыкладу Палтаранін спаслаўся на праводзімае па загадзе расейскага кіраўніцтва зьнішчэньне асновы абароннага патэнцыялу краіны – ракетных комплексаў «Скальпель» і «Сатана», якіх няма і яшчэ доўга ня будзе ў ЗША: «Амерыканцы баяліся іх, як агню, і дамагліся свайго. Элементарны шантаж, але ён дзейнічае”, – адзначыў Палтаранін.

Ён закрануў таксама і тэму прагучалага ў кнізе намёку на арганізацыю У.Пуціным забойства генерала Л.Рохліна, які рыхтаваў зрынаньне ельцынскага рэжыму і здолеў аб’яднаць у гэтых мэтах многіх афіцэраў і генералаў, у тым ліку тых, якія займалі адказныя пасады ў тагачасных сілавых структурах. «Я не магу сказаць прама, што Пуцін арганізаваў забойства Рохліна, – сказаў Палтаранін, – адразу пададуць у суд і запатрабуюць доказаў. А наўпроставых доказаў, як вы разумееце, у мяне няма. Аднак уся сукупнасьць пэўна ўстаноўленых падзей і фактаў вакол гэтага забойства паказвае, што гэта зусім не мая «здагадка» або вольнае «меркаваньне». Рашэньне аб забойстве, я ведаю дакладна, прымалі на дачы ў сваім вузкім коле чатыры чалавекі – Ельцын, Валошын, Юмашаў і Дзячэнка. Хацелі спачатку даручыць Савасьцьянаву – кіраўніку маскоўскага ФСБ, але затым спыніліся на чэкісьце «з халоднымі рыбінымі вачыма”, які здольны на ўсё … І наўрад ці выпадкова, што фактычна адразу ж пасьля забойства Рохліна, тагачаснага кіраўніка ФСБ Кавалёва ноччу паднялі з ложка і ў сьпешным парадку, усяго на працягу 20 хвілін, прымусілі ў адпаведнасьці з Указам Прэзідэнта перадаць свае паўнамоцтвы зноў прызначанаму У.Пуціну … І гэта тычылася наймагутнай сьпецслужбы ў сьвеце! За якія заслугі? І ці выпадкова ўсё гэта?»

Закранаючы рэакцыю на выхад сваёй кнігі з боку ўладаў і афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі, Палтаранін ахарактарызаваў яе як глухое маўчаньне, што асабіста для яго стала нечаканасьцю. Ён разьлічваў на плынь абвінавачваньняў у «паклёпе» і «экстрэмізме». Абралі, аднак, тактыку «забойства маўчаньнем», што цалкам зразумела. Запярэчыць няма чаго – супраць фактаў не папрэш, а паднімаць шум, прыцягваць залішнюю ўвагу, яшчэ горш – кінуцца кнігу купляць і задаваць непрыемныя для ўладаў пытаньні, на якія яны ня могуць адказаць. Замаўчаць выхад кнігі, аднак, наўрад ці атрымаецца.

Выступаючы на прэзентацыі, Палтаранін падкрэсліў, што напісаў кнігу для таго, каб людзі, нарэшце, задумаліся пра тое, што адбываецца ў Расеі, пра яе будучыню, пра тое, «што мы пакідаем сваім дзецям і ўнукам». Па яго словах, “цяперашняя ўсеагульная абыякавасьць губіць краіну, калі людзі не праявяць актыўнасьці й пратэсту, нам канец”.

“70% (!) расейскай эканомікі ўжо знаходзіцца ў руках замежнікаў, з краіны высмоктваецца і перапампоўваецца за мяжу ўсё каштоўнае і карыснае. Калі так пойдзе, у Расеі застануцца толькі іржавыя трубы, адкіды шкодных вытворчасьцяў, беднасьць, галеча і невыносныя ўмовы жыцьця для большасьці людзей, якіх нахабна падманулі ды абрабавалі і якія даўно ўжо працуюць на чужога дзядзьку”.

(Канец цытаваньня матэрыяла з сайта)


Ад рэдакцыі:

Такім чынам, спадар Палтаранін сфармуляваў і выклаў шэраг палажэньняў, якія характарызуюць актуальны стан расейскай імперыякратыі й якія цалкам адпавядаюць таму, што было адзначана намі раней:

– расейскія алігархі зьяўляюцца адной з ключавых частак расейскай імперыякратыі, яны ў значнай ступені кантралявалі палітыку РФ у часы Ельцына, працягваюць кантраляваць яе і сёньня (пры Пуціне-Мядзьведзеве);

– расейскія алігархі ўтварылі свае капіталы злачынным шляхам;

– расейскія алігархі ў сваю чаргу знаходзяцца пад кантролем глабальнай фінансавай алігархіі; пад кантролем-шантажом апошняй знаходзяцца Пуцін і Мядзьведзеў;

больш за 2/3 расейскай эканомікі ўжо захоплена чужой (глабальнай) фіналігархіяй; гэта прывядзе да галечы і невыносных умоў жыцьця для большасьці людзей;

– як Ельцын, так і Пуцін – гэта людзі, здольныя дзеля сваіх палітычных мэт на забойствы сваіх апанентаў, калі іх не атрымліваецца зьнейтралізаваць праз “забойства замоўчваньнем”.

Каштоўныя думкі вельмі аўтарытэтнага сьведкі. Ці ня праўда?

У тым ліку ня толькі для расейцаў. Для нас яны каштоўныя ня менш…

Каментары (1)

  1. Вершнік кажа:

    гЭТА поўны балдзец для народа. Мы гэта адчуваем, бачым, але такі аналіз і факты выкладзеныя адным з тых хто ведае ўладную расейскую кухню моцна ўражвае і ўводзіць у маркоту. У простага чалавека няма ратунку. Значыць уперадзі нас чакае вельмі змрочны час…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы