nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Сіле кулака супрацьпаставім сілу духу! (слова колішняга партызана-заслонаўца)

23 снежня, 2010 | 5 каментарыяў


Ніжэй пададзены тэкст належыць Мікалаю Крукоўскаму. Ён – доктар філасофскіх, кандыдат філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі навук “Еўразія”, член-карэспандэнт Акадэміі адукацыі РБ, сябра Саюзу мастакоў Беларусі, былы старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Беларусі, былы прэзідэнт Беларускай эстэтычнай асацыяцыі, былы начштаба атрада 2-й Заслонаўскай партызанскай брыгады, інвалід 2-й сусьветнай вайны.

–  –  –

19-га снежня гісторыя паставіла перад намі, беларусамі, і ўсімі сумленнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь (і паставіла ў каторы ўжо раз) найважнейшае для ўсіх нас пытанне: або захаваць сваю чалавечую годнасць і ў далейшым жыць па-людску, або канчаткова ператварыцца ў напаўгалоднае быдла, якое церпіць любыя здзекі і баіцца нават звычайнай міліцэйскай дубінкі.

Ужо больш 16 гадоў улада пад кіраўніцтвам Лукашэнкі  якраз і імкнулася трымаць нас у гэткім мала пачцівым, напаўгалодным стане, здзекуючыся над нашай нацыянальнай самасвядомасцю і нават дазваляючы сабе публічна перадражніваць нашу родную беларускую мову. Перад намі гісторыя не так даўно ўжо ставіла такое пытанне, але тады беларускі народ паказаў, што трымаць яго ў гэткім стане вечна не атрымаецца.

Я маю на ўвазе мінулую вайну, калі ў такое ж быдлячае стойла нас паспрабавалі было загнаць нямецка-фашысцкія захопнікі. Але тады мы, беларусы, аказаліся на ўзроўні нармальнага народу, які любіць і паважае свабоду ды чалавечую годнасць і які арганізаваў тады магутнае партызанскае супраціўленне, мацнейшае нават, чым французская Рэзістанс, назву якой французы і сёння пішуць з вялікай літары (што яно ў нас было, быццам бы, арганізавана маскоўскімі энкавэдыстамі – гэта цынічная брахня, распаўсюжваная цяперашнімі маскоўскімі ж кадэбістамі, каб прынізіць нашу беларускую незалежнасць – брахня прыйманая, на жаль, нават некаторымі нашымі апазіцыянерамі).

Пан Бог даў мне доўгае жыццё, і я меў шчасце асабіста ў гэтым супраціўленні ўдзельнічаць. Меў шчасце, нават нягледзячы на тое, што давялося і самому нямала праліць сваёй маладой і гарачай тады крыві. Меў шчасце, бо адчуў, можа, цалкам таго і не ўсвядомліваючы, што я ўсё-такі частка самастойнага і смелага народу, што ніколі не дазволіць біць сябе кованым ботам пад зад ні ў прамым, ні ў пераносным сэнсе слова. Ужо ў тыя часы мы, маладыя беларускія хлапцы (вельмі хацелася б, каб і цяперашнія нашы маладзёны сталі такімі ж), пачыналі здагадвацца, што гэта была вайна менавіта за нашу нацыянальную свабоду і незалежнасць, асабліва калі прыходзілася супрацьстаяць атрадам уласаўцаў, што тады ўжо пад цяперашнім расійскім трыкалёрам палілі беларускія вёскі і забівалі беларусаў з асаблівай зласлівасцю, у адрозненне ад звычайных нямецкіх салдатаў (факт, звычайна замоўчваны і расейскімі, і нашымі афіцыйнымі СМІ).

І разгарэлася беларускае партызанскае супраціўленне. Толькі ўжо з пачатку 1943 г., калі беларусы зразумелі, што ніякага вызвалення ад бальшавікоў нямецкія фашысты ім не нясуць, а імкнуцца проста зністожыць нас як самастойны народ. Атрады ж, арганізаваныя савецкімі ўладамі, як толькі прыйшлі немцы, у большасці сваёй паразбягаліся, а то і пайшлі да немцаў у так званыя калабаранты.

Гэта была вайна, і вайна на зністажэнне беларусаў менавіта як самастойнага народу. Прычым вайна супраць варожай арміі, якая шматразова пераўзыходзіла нас, беларускіх партызан, па ўзбраенні і прафесійнаму вопыту. У нас жа былі толькі іржавыя вінтоўкі ды кулямёты, знятыя з кінутых збегшымі бальшавікамі танкаў.

Але мы змаглі самі змабілізавацца, і, арганізаваўшы 360.000-ую партызанскую армію, трымаць свабоднай ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ажно 60 адсоткаў сваёй роднай беларускай зямлі.

І калі я, ўспамінаючы часы сваёй партызанскай маладосці, пачынаю раздумваць аб тым, што ж нам дало тады такую сілу, адразу ж прыходзіць у галаву адказ: гэта была сіла маральнага духу.

Тая сіла, што 5 снежня 1943 году пад вёскай Галавачы ля Нямойты на Аршаншчыне кінула мяне насустрач кулямётнай віхуры, каб выцягнуць з-пад куль параненага Колю Гарнака, і я быў цяжка паранены, а Коля, пухам зямля яму, загінуў. Сіла духу, якая дае магчымасць выстаяць не толькі ў асабістай самаабароне (тут спрацуе і інстынкт), але і ў абароне свайго таварыша і свайго народу.

Крымінальнае права, як вядома, дазваляе ўжыцце сілы нават ў стане звычайнай бытавой, інстыктыўнай самаабароны. Абарона ж народу кіруецца самым высокім маральным духам, які дае яму маральнае ж апраўданне яго дзеянням, а ўслед за гэтым, тым болей, і апраўданне юрыдычнае. У аснове права заўсёды ляжыць мараль, і толькі дыктатура абапіраецца на закон без маралі. Толькі амаральная ўлада дыктатара аб’яўляе дыктатуру закона, а не сумлення (як зрабіў некалі, будучы яшчэ расейскім прэзідэнтам, былы кадэбіст Пуцін, а яшчэ нашмат даўней — Гітлер. Тое ж працягвае рабіць зараз і нанова спечаны 19 снежня “прэзідэнт” Лукашэнка, які апраўдвае зверствы свайго спецназу з паскуднымі яго правакацыямі і збіраецца помсціць сваім палітычным праціўнікам крымінальным абвінавачаннем, хоць помста юрыдычна на цэлым свеце таксама лічыцца абцяжарваючай віну абставінай).

З маральнымі прынцыпамі пана Лукашэнкі ўвогуле даўно не ўсё ў парадку. Не кранаючы ўжо яго маральнага аблічча ў асабістым жыцці, мы ўсе добра памятаем і фізічнае знішчэнне сваіх палітычных праціўнікаў, і здрадлівую прэзідэнцкую прысягу аб вернасці суверэнітэту пад бел-чырвона-белым беларускім дзяржаўным сцягам, і рваннё на шматкі гэтага сцяга на даху сваёй рэзідэнцыі, і публічнае аб’яўленне таго ж суверэнітэту “чепухой”, і поўнасцю крымінальнае, а для яго, як для прэзідэнта, дык і з абцяжарваючымі віну абставінамі жаданне далучыць Беларусь да Расіі, каб пралезці такім шляхам у Крэмль і пакамандваць побач з тамашнімі алігархамі ўжо і ўсёй Расіяй, адабраўшы яшчэ і іхнія крадзеныя мільярды. Ды й шмат што яшчэ іншае. Дзе ж яму зразумець маральнасць імкненняў і патрабаванняў супрацьстаячай яму апазіцыі, што жадае свабоды і незалежнасці свайму народу і патрабуе павагі да яго нацыянальнай культуры, мовы і годнасці. Толькі і застаецца кулак, міліцэйская дубінка ды паскудна баязлівыя, чыста гэбісцкія правакацыі. Нездарма ж ён яшчэ ў самым пачатку сваёй прэзідэнцкай кар’еры адкрыта выказваў сваё захапленне перад парадкам у гітлераўскай Германіі. Калі сам ён такі, дык што ж тады чакаць ад ягоных сілавікоў і паплечнікаў?

Але, як пісаў яшчэ знакаміты ангельскі гісторык Тойнбі, гісторыя рухаецца па закону выкліку і адказу. На матэрыяльна-сілавыя выклікі розных дыктатараў і заваёўнікаў народы адказвалі ўзмацненнем свайго духоўнага супраціву і заўсёды дамагаліся перамогі не сілай, а проста масавасцю духоўна аб’яднаных адзінай ідэяй людзей, ідэяй свабоды і незалежнасці. Успомнім, як пасля той жа вайны гандысты дамагліся незалежнасці Індыі ад каланіяльна-імперскай Англіі, хоць яе чыноўнікі і расстрэльвалі некалі паўстанцаў-сіпаеў, прывязваючы іх непасрэдна да руляў гармат.

Калі гэткі выклік пагражае ўжо і знішчэнню поўнасцю ўсяго нашага народу (а Лукашэнка заяўляе, што мы толькі частка рускага народу, думае, што нас, беларусаў, дык і ўвогуле зараз ужо не існуе), у гэтым выпадку мы маем права, і права не толькі маральнае, але і юрыдычнае, на самаабарону. Гэткае ж права, якое мелі мы – беларускія партызаны, калі змагаліся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія таксама не прызнавалі беларусаў за самастойны і незалежны народ.

Гэта Аляксандру Рыгоравічу і ягоным, так бы мовіць, калабарантам варта заўсёды памятаць.



5 каментарыяў

  1. Паважаныя сябры, будзьце уважлівы к каментару: ў інтарнэце з’явілася інфармацыя, што ў Расеі арыштавалі Клачкова, які зусім нядаўна прыезжаў да Лу-кі і які разам з генераламі рыхтаваў на 7 лістапада пераварот ў Расеі. Яго арыштавалі за падрыхтоўку пераварота. Гэтую ж групу Лу-ка фінансаваў з беларускага бюджэта, а калі карацей, то фінансаваў пераварот ў Расеі. Я думаю што гэтага Расея не прабачыць. Гэта вельмі добры антыкампрамат супраць заўтрашняга шальмавання апазыці. Рыхтуецца вельмі вялікі выпуск газеты “Советская Белорусь”. Не дайце сябе абпляваць перад народам.
    Яшчэ адзін праведзены бліц-аналіз: вертыкаль ходзіць ўся засмучаная. Гэта назіраецца па Гродна і Гомелю. Прыгледзьцеся і ў іншых месцах. Дайце інфармацыю што там у вас. Яна засмучаная не ад таго, што іх заела совесць за народ, а думаю, што мае інфармацыю аб сапраўднай замене Лукі. Вось цяпер і баіцца народнага суда. Складывайце спісы выбарчых камісій. Уважліва сачыце за сітуацыяй і імгненна інфармуйце насельніцтва праз інтарнэт. Бейце ў пысу все разам адным кулаком, а не растапыранымі пальцамі.

  2. Siarhiej кажа:

    Сп. Арцёменка,
    Ніякіх ілюзій не павінна быць. Банда Лукі кантралюе Беларусь. Масква будзе яго падтрымліваць, бо лепшага для яе няма. Лука атрымаў ярлык на ханства ад Маскоўскай арды.
    Бандыты разумеюць толькі сілу.
    МВФ даў Луке 3,5 млрд даляраў і дасьць яшчэ. Заходнія палітыкі патрындзяць і перастануць, ім дыктатура не замінае.

  3. Паважаны сп.Siarhiej , калі ласка, не сейце упаднічаскіх настрояў, не давайце сваімі словамі надзеі халуям Лу-кі, што ён будзе яшчэ сядзець доўга і што можна і надалей чыніць гвалт над воляй народа. Аналіз патрэбна рабіць і карэктаваць імгненна свае дзеянні, каб ліквідаваць памылкі. А на ўсякі выпадак зніміце свае ўклады ў банках, каб яны не згарэлі, як у савецкі час, а то хто можа гарантаваць што будзе так, як хоча зграя.

  4. Siarhiej кажа:

    Шаноўная сп. Арцёменка, парада наконт укладаў слушная. Кепскага настрою ў мяне няма, таму што вынік “выбараў” быў прагназуемы і Рэд. не памылялася. Халуі не спадзяюцца на Луку, а “косяць капусту” бо толькі “капуста” іх адзіная надзея. І аналіз трэба рабіць не палітычны, а крымінальны.

  5. Seybit кажа:

    Сіла Духу… Гэта тое, што робіць любую супольнасьць зкансалідаванай, жыцьцяздольнай, непераможнай. Вызначаецца сіла духу і асобнага чалавека, і супольнасьці не агрэсіяй і нянавісьцю, а як і ва ўсе вякі: Вераю Богу, Надзеяй на Ягоную ласку, Любоўю да Госпада і да дадзенага Богам жыцьця, народа, краіны.
    Мо гэтага нам яшчэ бракуе?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы