nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Калядныя пасланьні ад Беларускіх Аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў

студзень 6, 2011 | 11 каментарыяў


Зьлева япіскап Сявятаслаў, справа архіяпіскап Ёван.

Рэдакцыя.


1.

КАЛЯДНАЕ АРХІПАСТЫРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ КІРАЎНІКА БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ, ЯПІСКАПА НАВАГРАДЗКАГА І ПАЎНОЧНА-АМЭРЫКАНСКАГА СЬВЯТАСЛАВА ЛОГІНА

(падаецца паводле http://www.svaboda.org/content/article/2268534.html).


Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце!

Ужо болей за дзьве тысячы гадоў, як з волі Госпада, Сын Божы прыняў чалавечае цела і нарадзіўся ад Прачыстае Дзевы. Гэты прыход Мэсіі, прадказаны прарокамі, людзі чакалі стагодзьдзі. Але адразу пасьля нараджэньня, Ісус сустрэўся зь нянавісьцяй і небясьпекай. Цар Ірад, каб пагубіць нованароджанага нябеснага Ўладара, загадаў забіць тысячы малых дзетак у Бэтлееме з-за боязі страціць уладу над Палестынаю, якою кіраваў. Гэтая крывавая падзея ўспамінаецца ў Сьвятым Дабравесьці дзеля таго, каб мы разумелі бязьлітаснасьць граху, дзеля перамогі над якім і прыйшоў на зямлю Сын Божы.
У часы ганеньняў нашае веры хрысьціянаў катавалі прылюдна, каб іншыя баяліся прымаць праўдзівую веру, якая робіць чалавека вольным ад улады граху над ім.

Але Хрысьціянства вытрымала цяжкія пакуты, бо яно прынесла ў сьвет нябачную раней любоў паміж людзьмі, якая ёсьць падмуркам цяперашніх законаў маральных і дзяржаўных. Але жорсткасьць нашага сьвету й дагэтуль не спынілася. І ў наш час існуюць ірады, якія кіруючы дзяржавамі, не карыстаюцца Божымі запаветамі.

Вернікі, якія прынялі ў сваё сэрца Хрыстовае вучэньне, павінны разумець, што ёсьць ад Бога, а што – ад нячыстага. Ці можа Хрысьціянская Ўлада ваяваць з уласным народам, што тое самае, што ваяваць з Богам? І ці можа Хрысьціянская Царква віншаваць Ірада з чарговай крывавай перамогай над сваім народам?

Самая падзея выкупленьня Збаўцам чалавецтва адбылася празь некалькі дзесяцігодзьдзяў пасьля Ягонага нараджэньня. Таму гэтае сьвята – сьвята надзеі, зьдзяйсьненьне якой яшчэ адбудзецца ў будучыні, чаму й нават у часы найбольшага ліхалецьця ў Беларусі, народ радасна сустракаў Каляды з надзеяй на лепшую долю.

Дык разам паднясем малітву да Ўсявышняга за нашых блізкіх, за вернікаў розных Хрысьціянскіх Цэркваў, за Змагароў, што йдуць пад сьцягам Хрыста і за тых, хто яшчэ супраць Яго, за зьняволеных і пакутуючых, за Маці-Беларусь і ўсіх беларусаў-ліцьвіноў, што жывуць на Бацькаўшчыне і ў замежжы, каб Калядная зорка ўказвала нам шлях да нацыянальнае згоды і да Ўладарства Божага.

І каб каляднікі прыходзілі да кожнага беларускага памешканьня, віншуючы ўсіх.

Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!


2.

КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СТАРШЫНІ СЬВЯТОГА СЫНОДУ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ АРХІЯПІСКАПА ЁВАНА

(падаецца паводле http://baocinfo.blogspot.com/2011/01/blog-post_2583.html)


Упадабаныя архіпастыры, пастыры і вернікі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дзеці зямлі Беларускай!

Сёньня зазьзяла Калядная Зорка над нашай Сьвятой Беларусьсю, над усім сусьветам зазьзяла, і мы, як старажытныя мудрацы, крочым да ясьляў Нованароджанага Хрыста. Што прынясем мы ў дарунак Яму ў гэты сьвяты дзень? “Золата, ладан і сьмірну” (Мц. 2:11) – прынесьлі яму мудрацы. У чым жа ёсьць “золата, ладан і сьмірна” нашага дарунка?

Найпершым нашым дарункам будзе вера. Тая вера, праз якую аддаём усяго сябе ў рукі Госпада. Вера ў Праўду Хрыстову і Вялікую перамогу гэтай Сьвятой Праўды, за якую незьлічоныя мучанікі, вядомыя і невядомыя, пайшлі на пакуту і сьмерць… І сёньня для беларусаў гэта не толькі словы. Зь верай у Праўду Хрыстову і на змаганьне з “князем сьвету гэтага” выйшлі дзесяткі сыноў і дачок беларускага народу на вуліцы Менска, дзе ўласную кроў і пакуты мучанікаў Праўды прынесьлі як найкаштоўны дарунак да ясьляў Немаўля Хрыста. Гэтым сьведчаньнем веры нашых новых спавядальнікаў жывіцца Дрэва Жыцьця і Вольнасьці нашага Беларускага народу. Дык прынясём да Бэтлеемскае пячоры каштоўны дарунак нашай праваслаўнае веры, каб кожны зь нас мог пераймаць  Багародзіцы і ў час пакліканьня адказаць Хрысту: “Вось, слуга Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго” (Лк. 1:38).

Другім каштоўным дарункам будзе выкананьне запавету Любові, бо казаў Хрыстос: “Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою” (Ян. 13:35). Любоў да Бога, да нашай, Богам дадзенай Радзімы – Сьвятой Беларусі; любоў да бліжняга свайго… Мелі мы ў мінаючым годзе вялікі прыклад сапраўднае Хрыстовай любові ў нашым беларускім народзе, калі ў адзінай малітве, адзіным парыве дапамогі зьяднаўся люд беларускі, каб дапамагчы ўсім зьняволеным, пацярпеўшым, параненым… І гэты парыў любові да блізкіх працягваецца і, як мы ўсе спадзяемся, будзе бясконцым. Калі ў нашых сэрцах і душах канчаткова запануе Любоў, дык павернецца да лепшага і пакутлівая доля нашага народу.

І нарэшце трэцім дарункам хай будзе еднасьць беларускага народу. У той час, калі наша краіна, наш народ церпяць сапраўдны генацыд, калі надышоў адказны час змаганьня за жыцьцё не толькі Беларускай дзяржавы, а і самога беларускага народу, мусім пачуць словы сьвятога Апостала Паўла: “Малю вас хадзіць годна званьня, у якое вы закліканы, з усёй пакорлівай мудрасьцю і лагоднасьцю і доўгай цярплівасьцю, у любові трываючы адзін аднаго, імкнучыся захоўваць адзінства Духа ў саюзе міру”  (Эф. 4:1–3). Гэтыя словы датычацца не толькі палітычных партый і рухаў, яны датычацца кожнага з нас. Нават наша Сьвятая Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ў гэты адказны для Айчыны момант апынулася падзеленая… Падзелена не праз багаслоўскія праблемы, а праз асабісты грэх гонару асобных людзей. Будзем маліцца, каб Гасподзь дапамог усім нам пазбавіцца гэтага граху і ў надыходзячым годзе наша Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква зьядналася ў Таямніцах і малітвах, зрабілася здольная несьці праўду Сьвятога Праваслаўя “нават па край зямлі” (Дзеі. 1:8). Бо менавіта да адзінства заклікаў нас Нарадзіўшыся ў Бэтлееме Ісус Хрыстос.

Мы вітаем Вас са сьвятам Нараджэньня Хрыстовага, дзеці Сьвятой Беларусі, віншуем усіх і молімся за ўсіх. Хай Бэтлеемская Зорка заўсёды асьвячае душы і сэрцы нашы, дае сілы і вытрываласьць крочыць па цяжкаму шляху Хрыстоваму. Бо Хрыстос дае нам здароўе, мір, моц духоўную. Ён заўсёды з намі ў час змаганьня за Праўду і вядзе нас да Перамогі – Уваскрэсеньня.

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста ды будзе са ўсімі намі! Амін.


11 каментарыяў

  1. Голаc зь вёскі кажа:

    Што адзін, што другі – абoдва прайдзісветы.

  2. Yanka кажа:

    Інфармацыя для тых, хто быў на Плошчы.
    Усім, чый тэлефон быў у зоне плошчы Незалежнсці 19-га снежня трэба ўважліва сачыць за ўваходнымі нумарамі. Верагодна КДБ будзе тэлефанаваць амаль усім. У першую чаргу гэта тычыцца абанентаў МТС. Ня ведаю, колькі розных нумароў яны выкарыстоўваюць, але вось нумар па якім увечары ужо тэлефанавалі: (+375 017) 200-73-85.

  3. Яўген Мурашка кажа:

    Спадарства.
    Як кажуць – “Кесару – кесарава, слесару – слесарава”
    Таму пойдзем далей.
    ПАЛІТЫКА
    Створаная Нацыянальная каардынацыйная Рада апазыцыі

    09.01.2011 13:19
    Сёньня ў Менску на нарадзе прадстаўнікоў апазыцыі ў сядзібе БНФ была прынятая дэклярацыя аб сытуацыі ў Беларусі і рашэньне аб стварэньні Нацыянальнай каардынацыйнай Рады дэмакратычнай апазыцыі.
    Рада будзе дамагацца “вызваленьня арыштаваных па палітычных матывах людзей, інфармаваньнем грамадзянаў Беларусі і міжнароднай супольнасьці, дамагацца вяртаньня Беларусі на шлях законнасьці і дэмакратыі, а таксама ствараць умовы для правядзеньня ў краіне свабодных і дэмакратычных выбараў”.

    Пад Дэклярацыяй падпісаліся практычна ўсе арганізацыі дэмакратычнай апазыцыі: Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (А.Ярашук), беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) (М.Грыб), БСДГ (С.Шушкевіч), партыя левых “Справядлівы сьвет” (С.Калякін), АГП (С.Багданкевіч), аб’яднаньне “Гавары праўду” (А.Дзьмітрыеў), рух “За Свабоду” (А.Мілінкевіч), “Малады Фронт” (М.Дземідзенка), “Эўрапейская Беларусь” (В.Івашкевіч), аргкамітэт беларускай партыі жанчын “Надзея” (А.Яськова), аргкамітэт беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада (С.Кулевіч), БНФ (А.Янукевіч), аргкамітэт беларускай партыі працоўных (А.Бухвостаў), аргкамітэт БХД (Д.Садоўскі), аргкамітэт партыі Свабоды і прагрэсу (У.Навасяд), Рада беларускай інтэлігенцыі (У.Колас), экс-кандыдат у прэзыдэнты РБ, былы палітвязень А.Казулін.

    ”Апазыцыя пачынае кансалідавацца і каардынаваць сваю дзейнасьць для таго, каб выправіць сёньняшні стан рэчаў на Беларусі. У Каардынацыйнай Радзе ня будзе кіраўніцтва, яна прадугледжвае, што структур, якія ў яе ўваходзяць – самастойныя, і яны будуць прымаць рашэньне па кожнаму пытаньню, сыходзячы са сваіх статутаў. Мы не ствараем надпартыйную структуру,” – распавёў Свабодзе кіраўнік партыі левых “Справядлівы Сьвет” Сяргей Калякін.
    http://www.svaboda.org/content/article/2270889.html

    Як бачым, толькі на гарызонце пачалі маячыць грошы, адразу сбегліся усе, негледзячы на розныя сьветапоглядныя дактрыны.
    Не памылюся калі скажу.
    12.01.11г у Бруселі грамадзянін А.Мілінкевіч будзе ужо казаць, ад імя гэта піквікскага клюба.
    Спадарства, а што думаеце – Вы?

    • Мазынскі В. кажа:

      Калі не змаглі мы з Вамі, то ўжо няхай лепш яны.(ЁН) Ці давайце грызьціся далей! Думаю, што хоць на гэтым сайце трэба абыходзіцца без абразаў.

  4. Яўген Мурашка кажа:

    Мазынскі В. піша
    “…Калі не змаглі мы з Вамі, то ўжо няхай лепш яны.(ЁН) Ці давайце грызьціся далей! Думаю, што хоць на гэтым сайце трэба абыходзіцца без абразаў….”
    Паважаны, Сп.Мазынскі
    Гэта мой каментар на Свабодзе

    Імя:: Яўген Мурашка
    10.01.2011 19:52
    Спадарства.
    Аб якім “нацыянальнам” камітэце можа ісьці размова?
    У іх столькі нацыянальнага, як у мяне святога.
    На мой погляд, імі рухае жаданьне, не сыйсьці у нібыцьцё, працягваць боўтацца на паверхні, чакаць магчымасьці, пры добрым раскладзе, апынуцца ва уладзе.
    Можна пагадзіцца з іх пазіцыяй, але навошта уцягваць у сваі брудныя гульні дзяўчынку -Эву Някляеву? Навошта браць яе у закладнікі, як у свой час Вольгу Казуліну? Гэта настолькі цынічна, што няма слоў.
    Яе выкарыстоўваюць як пропуск у Эўропу, дзе яны ужо досыць надакучылі.
    Дык ці можна паважаць такіх людзей, верыць ім і ісьці за імі? ”

    Сп. Мазынскі
    Выбачайце, але Вы не палітык, Вы мастацкі дзеяч, таму Вы бачыце усё павярхоўна. Як толькі Польшча заявіла аб жаданьні павялічыць фінансаваньне беларускай грамадскай супольнасьць,тут жа імгнена “нарысаваліся” гэтыя “нацыяналісты” і ужо рушылі у турнэ па грошы.
    Яны ужо адмеціліся у Вільне, Варшаве, цяпер сядзяць у Празе, а далей Брусель.Імі рухае не боль за беларускую нацыю, а жаданьне перахапіць Мілінкевіча на ганку Эўрапарлямента (бо ён ужозапрошаны на паседжаньне) пасі Божа, каб фінансы не трапілі толькі да яго, маўляў, і мы пахалі.
    Дык на што здольны гэтыя людзі, наскрозь прапітанныя нафталінам, каб моль іх не з’ела.
    Выбачайце, але каб у мяне былі грошы, я б з задавальненьнем аддаў бы іх Вам, каб Вы рухалі да грамадства, праз свой талент, пачуцьце нацыянальнай сьвядомасьці і гонару.
    А наконт “абразы” сказаў бы так:
    Ісьціна – заўсёды канкрэтна.
    З павагай.

  5. Добры дзень, паважаны сп. Мазынскі. Бачу, што вы ўступілі ў палеміку с Мурашкай. Сёння склалася трагічная для людзей, але і вельмі добрая для узнікнення нацыянальна-патрыятычнага руху, сітуацыя. Справа ў тым, што ліберальныя каштоўнасці для нашага народу нічога не значаць, а нават і раздражняюць. Ліберальны рух слабы для змагання. Каб перамагчы дыктатуру патрэбен нацыянальна-патрыятычны рух. То што ліберальныя сілы пацярпелі паразу, то гэта і павінна было так адбыцца. Мне вельмі шкада людзей. Яны не зрабілі ніякага злачынства – гэта “сто пудоў”. Але яны не маглі у шулераў выйграць гульню, г. зн. выбары. Сёння павінна была б быць іншая Рада. Па-першае, павінна ісці актыўная праца ў інтарнэце. Ў інтарнэце мы павінны выкладываць сваю пазыцыю аб сітуацыі. Мы павінны асудзіць брутальны гандаль паміж ЕЗ і Расеяй за спіной беларускага народа. Мы павінны працягваць працу па выяўленню ўсіх дэталей брутальнай спецаперацыі спецслужбаў. Паставіць пытанне на увесь свет аб брутальнай палітыцы Расеі да беларусаў. Мы павінны зрабіць заяву, што больш мы не будзем мірыцца з брутальнымі метадамі паводзінаў, што нас падштурхоўваюць да самых крайніх мер і вядуць да дэстабілізацыі становішча ў рэгіёне. Асабіста я не бачу, не то што дзеянняў з боку гэтай Рады, але і слоў не чую патрэбных ў гэтай сітуацыі. Я магу дакладна сказаць, што судзя па склаўшайся сітуацыі пасля 19 снежня і высунуўшыхся асобаў, якія едуць ў Брусель, Лу-ка будзе сядзець не толькі гэты тэрмін, але яшчэ і наступны, а ўсю беларускую маёмасць прыхвацяць чужынцы. Ў маіх прагнозах можаце не сумнявацца. Вось калі такую дэлегацыю узначаліць сп. Астроўскі, ды яшчэ ўсе будуць выконваць яго даручэнні, тады можаце разлічваць на поспех. Справа ў тым, што вось цяпер павінен складывацца новы моцны нацыянальны рух, а ён не складываецца. Гэта ж відавочна. А раз не складываецца патрэбны рух, то будзе зноў параза.
    З павагай да вас Галіна Арцёменка.

  6. Беларус кажа:

    А вось прыклад культурніцкага гэнацыду супраць беларусаў, які праводзіць “новы сьветач беларускай літаратуры” Хадановіч – апынаецца, у Беларусі ёсьць “рускамоўная беларуская літаратура”:
    http://news.tut.by/society/210900.html
    Малат нам русіфікацыі?

  7. Яўген Мурашка кажа:

    змяніць памер | даслаць каментар (0) версія да друку | перашліце гэты артыкул

    Уладзімір Роўда: Мілінкевіч нясе адказнасць за тое, што ўвёў Еўропу ў зман
    17:33 11.01.11

    Еўрарадыё

    Палітолаг Уладзімір Роўда крытычна ацэньвае перспектывы “беларускіх слуханняў” у Еўрапарламенце 12 студзеня. Пра гэта ён распавёў у жыым эфіры Еўрарадыё.

    Нагадаем, з дакладам ад Беларусі выступяць кіраўнік руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і прадстаўнік БАЖ Андрэй Аляксандраў. Таксама на слуханнях будзе прысутнічаць дэлегацыя, у якую ўваходзяць Станіслаў Шушкевіч, Аляксандр Казулін, дачка Уладзіміра Някляева Ева, Сяргей Калякін і інш.

    На думку Роўды, для паляпшэння палітычнай сітуацыі ў Беларусі Еўрасаюз мусіў бы аказаць моцны ціск. І гэта ні ў якім разе не размовы пра лібералізацыю да інтэграцыю ў Еўропу. Гэта магло б быць эмбарга — ад эканамічнага да палітычнага. Еўропа мусіла б запатрабаваць не проста вызвалення палітвязняў, а змены заканадаўства і правядзення свабодных выбараў. Аднак, кажа эксперт, пазіцыя краінаў Еўрасаюзу наконт “беларускага пытання” не супадае.

    З гэтага гледзішча Роўда негатыўна ацэньвае тое, што Беларусь прадстаўляе Мілінкевіч. Па словах палітолага, менавіта Мілінкевіч дэзінфармаваў Еўропу: ён казаў, што патрэбны дыялог з беларускім рэжымам, трэба заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Роўда лічыць, што ў падзеях апошняга месяца ёсць віна Мілінкевіча, бо той даў Еўропе неадэкватную інфармацыю.

  8. Margarita кажа:

    Незразумела – чаму менавiта Мiлiнкевiч прадстaўляе Беларусь у ЕЗ? Хто яго ўпаўнаважваў?

  9. Актывіст кажа:

    Таксама да аналізу:

    КРЫВАДУШНАЯ ЗАЯВА
    Радыё Свабода амаль штодня дае слова “экс-кандыдату” Р. Кастусёву, які выступае па розных пытаньнях сучаснага жыцьця, духоўнасьці, палітычнай маралі, дае камэнтары нядаўнім падзеям. Ёсьць у гэтым нешта штучнае. Драматычныя падзеі 19 сьнежня і наступных дзён засьведчылі сапраўдныя палітычныя і грамадзянскія парамэтры гэтай асобы са Шклова: дробныя і хісткія.

    7 студзеня сп. Кастусёў зрабіў заяву, ён зьвярнуўся да кіраўніка РПЦ ў РБ мітрапаліта Філарэта. Заява тычылася рэпрэсіяў, якія разгарнуліся ў краіне пасьля 19 сьнежня: “У гэтым годзе сьветлы дзень Раства ў Беларусі азмрочаны ўжо 20 днямі гвалту дзяржавы супраць грамадзянаў…” Цытуем далей, самае цікавае: “Упэўнены, што Вы, як пастыр, таксама падзяляеце гэтую занепакоенасьць, і таму я прашу Вас узьняць свой голас у абарону справядлівасьці і маральнасьці, заклікаць улады да вызваленьня ўсіх зьняволеных паводле палітычных матываў і да спыненьня ўсялякіх рэпрэсіяў”.

    Да каго ж гэта ён зьвяртаецца? Нагадваем да каго. Мітрапаліт РПЦ Філарэт выступіў на неканстытуцыйным “всебелорусском народном собраніі”, якое адбылося 7 сьнежня 2010 г., і “благословіл” Лукашэнку “на новые свершенія”. Адным з першых Філарэт павіншаваў узурпатара прэзыдэнцкай улады з “перамогай на выбарах”. Цытуем ягоныя словы паводле афіцыйнага сайту “презідента РБ”: “Доверие избирателей, к нашей общей радости, стало закономерным следствием усилий государства, которые были предприняты под Вашим руководством в течение предыдущего периода президентского правления” (крыніца: http://www.president.gov.by/press27929.html#doc).

    7 студзеня сёлета Філарэт сустрэўся з Лукашэнкам, пра што паведаміў афіцыйны сайт “нашей православной організаціі”, як называе Лукашэнка РПЦ у РБ. Цытуем з паведамленьня: “Президент Беларуси поблагодарил Митрополита Филарета и священнослужителей за сохранение духовного наследия. Митрополит Филарет благословил Александра Лукашенко на дальнейшее служение белорусскому народу” (крыніца: http://www.church.by/resource/Dir0301/Page3177.html).

    Як кажуць у такіх выпадках дасьціпныя палякі: амэн і кропка. Філарэт “занепакоенасьць не падзяляе”, а свой голас узьнімае не за вызваленьне палітзьняволеных, а “к нашей обшчей радості” “благословляет” Лукашэнку “на дальнейшее служеніе”.

    У штабе Янукевіча-Кастусёва ня ведаюць пра сапраўдную дзейнасьць РПЦ у нашай краіне, пра іхныя “вернападданьніцкія пачуцьці” у адносінах да антыбеларускага рэжыму? (Пэўна ведаюць?). Гэтыя “пачуцьці” і гэтая антыбеларуская палітыка РПЦ існуюць у нашым грамадзкім жыцьці ня першы год. Многія людзі адэкватна ацанілі такую пазыцыю РПЦ і даўно ўжо ня ходзяць туды. Многія з агідай адвярнуліся ад РПЦ пасьля 19 сьнежня, убачыўшы крывадушнасьць гэтых “пастыраў”. Шмат якія беларусы заяўляюць пра жаданьне пакінуць “православную організацію” і шукаць рэлігійнага і духоўнага жыцьця ў іншых хрысьціянскіх канфэсіях. Праўда, РПЦ гэта не хвалюе, для іх важней падтрымаць крывавую дыктатуру. Ім ня трэба слухаць голас людзей. І часта, калі да РПЦ зьвяртаюцца з заявамі, то ведаюць да каго, але ж разыгрываюць камэдыю.

    Янка Базыль

    http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/00–20110110–01

  10. Яўген Мурашка кажа:

    Сп. Маргарыта.
    Чаму Мілінкевіч?
    Таму, што ужо існуюць схемы прасоўваньня грошай ад Х да Y.
    Таму мяняць схемы няма сэнсу.
    Толькі вось, узьнікла недарэчнасьць – у Брусель рухаецца ” апазыцыйны” абоз.
    А яны, таксама хочуць есьці.
    З павагай

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы