nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Зварот беларускай грамадзкасьці да Еўрапарлямэнту

12 студзеня, 2011 | 2 каментарыя


Шэраг апазіцыйных палітыкаў, а таксама сваякі арыштаваных за акцыю ў дзень 19 сьнежня 2010 г., прынялі зварот да дэпутатаў Эўрапейскага Парлямэнту ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі. Падаем тэкст гэтага звароту, узяты з www.svaboda.org/content/article/2273303.html. Найбольш істотнае на наш погляд мы выдзелілі тоўстым.

Рэдакцыя.


“Ужо 16 гадоў як у Беларусі пануе дыктатарскі рэжым. 19 сьнежня 2010 году ў Беларусі адбываліся гэтак званыя выбары прэзыдэнта. Колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, якім дазволілі ўвайсьці ў склад участковых выбарчых камісіяў, склала 0,25% ад агульнай колькасьці сяброў камісіяў. Незалежных назіральнікаў не дапусьцілі да маніторынгу падліку галасоў. На нешматлікіх участках для галасаваньня, дзе незалежным назіральнікам удалося прадухіліць падмену або ўкід бюлетэняў, аддадзеных у дзень галасаваньня, і дамагчыся іх публічнага падліку, Аляксандар Лукашэнка меў ад 32 да 45% падтрымкі ў дзень галасаваньня 19 сьнежня. Падобныя вынікі далі таксама незалежныя экзыт-полы. Такім чынам, ёсьць абгрунтаваныя сумневы ў тым, што Лукашэнка набраў неабходную для перамогі ў першым туры большую за 50% колькасьць галасоў.

Яшчэ да завяршэньня галасаваньня і падліку галасоў сілавыя структуры ўлады пачалі фізычна распраўляцца з палітычнымі апанэнтамі Лукашэнкі.

19 сьнежня мірныя пратэсты дзясяткаў тысячаў грамадзянаў супраць фальшаваньня вынікаў выбараў у Менску былі жорстка падаўленыя спецыяльнымі сіламі міліцыі. Сотні людзей зьбітыя да крыві, пакалечаныя. Сямёра кандыдатаў у прэзыдэнты былі кінутыя ў турму КГБ яшчэ да афіцыйнага абвешчаньня вынікаў выбараў. Больш за 600 мірных дэманстрантаў былі адміністрацыйна арыштаваныя. У адказ на мірныя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў улады пачалі масавыя акцыі запалохваньня.

Людзей выкідаюць з працы і вучобы. Штодня КГБ праводзіць допыты палітычных і грамадзкіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, ператрусы і канфіскацыі тэхнікі ў офісах і прыватных кватэрах. У краіне адбываецца палітычны тэрор. Лукашэнка і гэтым разам сілай імкнецца утрымацца пры ўладзе, на якую страціў як юрыдычнае, так і маральнае права. Паводле зьвестак цалкам падкантрольнай Лукашэнку ЦВК, ён нібыта атрымаў 79,65% галасоў выбарнікаў. Але ў завяршальным Пратаколе назіральнай місіі АБСЭ зафіксаваная неадпаведнасьць працэсу выбараў дэмакратычным прынцыпам і нормам, выбары прызнаныя несвабоднымі і недэмакратычнымі. Да такіх самых высноваў прыйшлі і ўнутраныя незалежныя назіральнікі.

Мы — выбаршчыкі, што вылучалі дэмакратычных кандыдатаў, сябры іхных ініцыятыўных групаў, назіральнікі на выбарах, палітычныя вязьні ды іхныя родзічы — заклікаем Эўрапейскі Парлямэнт, усе нацыянальныя і міжнародныя інстытуты дэмакратычных краінаў Эўропы праявіць волю ў адстойваньні каштоўнасьцяў, на якіх заснаваная эўрапейская супольнасьць, уступіцца за неад’емныя дэмакратычныя правы і свабоды беларусаў як аднаго з эўрапейскіх народаў. Мы ўсе пераканаліся чарговы раз: антыдэмакратычны рэжым у Беларусі ня здольны перавыхавацца, эвалюцыянаваць, зьмяніць сутнасьць. Дыктатарская ўлада у Беларусі — пагроза незалежнасьці Беларусі і стабільнасьці ў Эўропе.


МЫ ПРАПАНУЕМ:

1. Не лічыць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі, справядлівымі, дэмакратычнымі, адпаведнымі стандартам АБСЭ і, адпаведна, не прызнаваць абвешчаных вынікаў легітымным выразам волі беларускага народу. Падтрымліваем заклік Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (гістарычнай пераемніцы дэмакратычнай беларускай дзяржаўнасьці ў вольным сьвеце) і арганізацыяў беларускай дыяспары да дэмакратычных урадаў не ўжываць азначэньне «прэзыдэнт Беларусі» ў дачыненьні да ініцыятара рэпрэсіяў Лукашэнкі.

2. Рашуча запатрабаваць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязьняў і спыніць хвалю палітычнага тэрору ў краіне. Не дапусьціць магчымасьці для Лукашэнкі выкарыстоўваць вязьняў як палітычных закладнікаў для гандлю ў вырашэньні сваіх праблемаў у міжнародных дачыненьнях.

3. Ініцыяваць стварэньне міжнароднай камісіі з дэпутатаў Эўрапейскага Парлямэнту і нацыянальных парлямэнтаў краінаў Эўразьвязу для расьсьледаваньня фактаў масавага зьбіцьця і рэпрэсіяў у Беларусі 19 сьнежня 2010 г. і ў наступны пэрыяд.

4. Спыніць любыя палітычныя кантакты з уладамі ў Менску да вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў і поўнага спыненьня перасьледу па палітычных матывах.

5. Абмежаваць мінімальна неабходныя кантакты з уладамі тэхнічным узроўнем. Спыніць кантакты зь міністэрствамі і сілавымі структурамі, прадстаўнікі якіх непасрэдна ўдзельнічалі і ўдзельнічаюць у выбарчых фальсыфікацыях і палітычных рэпрэсіях.

6. Аднавіць і пашырыць практыку забароны на ўезд у дэмакратычныя краіны Эўропы для ўсіх службовых асобаў, непасрэдна ці апасродкавана далучаных да выбарчых фальсыфікацыяў і палітычных рэпрэсіяў. З улікам папярэдняга досьведу вызваленьня палітычных вязьняў скарыстаць усе магчымасьці адрасных санкцыяў, скіраваных на такіх асобаў і падкантрольныя ім структуры.

7. Вярнуцца да пытаньня ўдзелу Беларусі ў міжпарлямэнцкай праграме «Эўранэст» пасьля правядзеньня справядлівых выбараў.

8. Спыніць удзел Беларусі ў міжурадавых праграмах, падтрыманых у рамках «Усходняга партнэрства», да выкананьня чатырох умоваў Эўразьвязу ў галіне дэмакратызацыі ў Беларусі.

9. Кампэнсаваць абмежаваньне кантактаў з антыдэмакратычнай уладай істотным пашырэньнем дапамогі беларускаму народу і грамадзянскай супольнасьці краіны:

— скасаваць плату за шэнгенскія візы для грамадзянаў Беларусі;

— інстытуцыянальна падтрымаць незалежныя мас-мэдыя Беларусі ды мас-мэдыя для беларускай аўдыторыі зь іншых краінаў Эўропы (ТВ Белсат, Радыё Рацыя, Эўрапейскае радыё для Беларусі і г.д.), а таксама дзейнасьць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку ў рамках Усходняга партнэрства;

— палітычна падтрымліваць партыі, рухі ды грамадзянскія ініцыятывы, якія стаяць на грунце дэмакратыі ды правоў чалавека і знаходзяцца ў апазыцыі да рэжыму;

— распаўсюдзіць на беларускіх грамадзянаў праграмы падтрымкі вышэйшай адукацыі ў ЭЗ;

— выпрацаваць схему падтрымкі малога бізнэсу ў Беларусі, якая выключыць удзел і ўзьдзеяньне ўладаў;

— актывізаваць усе іншыя формы дапамогі непасрэдна беларускаму грамадзтву ды ахвярам палітычных рэпрэсіяў у краіне.

Пасьля 19 сьнежня Беларусь стала іншай. Перамога дэмакратыі ў Беларусі — справа саміх беларусаў, ніхто нам не прынясе свабоду, акрамя нас саміх. Ваша салідарнасьць і падтрымка у гэтыя цяжкія дні дапаможа нашаму народу дайсьці хутчэй да дэмакратыі і свабоды”.

– – –

Зварот падпісалі:

Багданава Ірына, сястра палітычнага вязьня Андрэя Саньнікава
Бакур Юрка, сябра ініцыятыўнай групы, удзельнік Плошчы, рэпрэсаваны
Бандарэнка Зінаіда, Народная артыстка Беларусі
Бародка Зьміцер, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты А. Саньнікава
Бяляцкі Алесь, праваабаронца
Вольскі Лявон, рок-музыкант, назіральнік
Вячорка Вінцук, сустаршыня Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, назіральнік
Дабравольскі Аляксандар, дэпутат ВС 12-га скліканьня, сябра Нацыянальнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Івашкевіч Віктар, старшыня Менскай арганізацыі Партыі БНФ
Каляда Натальля, дырэктар «Свабоднага тэатру», рэпрэсаваная
Канюс Ганна, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ў. Някляева
Лаўроўская Ірына, доктар архітэктуры
Марголін Леў, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі
Маслоўскі Ігар, старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі
Мех Алесь, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 2008 г.
Міхнюк Зінаіда, кіраўнік Берасьцейскага аддзяленьня прафсаюзу работнікаў РЭП
Панасюк-Шарэнда Паліна, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты А. Саньнікава
Петрусевіч Фёдар, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты Саньнікава
Плячко Зьміцер, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, удзельнік Плошчы
Пук Валянцін. бацька палітычнага вязьня Натальлі Радзінай
Пук Надзея, маці палітычнага вязьня Натальлі Радзінай
Садоўскі Пётра, дэпутат ВС 12-га скліканьня, Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар
Сьвяцкая Валянціна, назіральнік у Менскай гарадзкой выбарчай камісіі
Сямдзянава Галіна, дэпутат ВС 12-га скліканьня, сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі
Хадыка Юры, прафэсар, доктар ф.-м. навук
Халезін Мікалай, арт-дырэктар «Свабоднага тэатру»
Халіп Уладзімір, беларускі кінарэжысэр, бацька палітычнага вязьня журналісткі Ірыны Халіп
Шарэнда Андрэй, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, рэпрэсаваны
Шурхай Зьміцер, сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзыдэнты В. Рымашэўскага, удзельнік Плошчы, рэпрэсаваны

2 каментарыя

  1. Siarhiej кажа:

    Тое, што Лука набраў каля 33% галасоў, трэба давесьці да ўсіх грамадзян Беларусі любымі сродкамі. Гэта найважнейшая задача.

  2. Яўген Мурашка кажа:

    Спадарства.
    Хаця, цягнік ужо пайшоў, Зварот ужо пабачыў сьвет, тым не менш, неабходна зрабіць пэўныя заувагі, па яе зьместу.
    Здзіўляе танальнасьць гэтага дакумэнта.
    Мне ён нагадвае “ніжайшае” хадатайніцтва халопа да пана. Да каго яны зьвяртаюцца?
    Да тых, дзякуючы каму, мы маем злачыны рэжым. Палітыка дыялогу Эўропы з рэжымам, пацярпела сакрушальную паразу. Тут не утрымліваецца аналіза узьдзеяньня акупацыйнай палітыкі Расеі. Нічога няма і аб стасунках Эўропы з Расеяй. У выніку_ гэтай дзьвухсэнсоўнай палітыкі ахвярамі і закладнікамі , засталася беларуская нацыя.
    Дык чаму мы павінны “прасіць” ці” прапаноўваць”?
    У нас ёсьць юрыдычнае і маральнае права “патрабаваць”
    Тут ёсьць яшчэ пытаньні да складальнікаў гэтай паперы.
    Напрыклад:
    8. “…Спыніць удзел Беларусі ў міжурадавых праграмах, падтрыманых у рамках «Усходняга партнэрства», да выкананьня чатырох умоваў Эўразьвязу ў галіне дэмакратызацыі ў Беларусі..”
    Тут няма пярэчаньняў, акрамя таго – чаму толькі чатырох? Гэта такое ж патрабаваньне Зьвязу Беларусаў Нямеччыны, якое мы выказалі у Празе, пад час прэзентацыі гэтай праграмы, 7.05,09г.
    А ужо у 9-м пункце утрымліваюцца іншыя акцэнты
    9.”…інстытуцыянальна падтрымаць……. таксама дзейнасьць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку ў рамках Усходняга партнэрства;…”
    Дык на якім варыянце яны настойваюць – у 8 ці 9 ?
    І увогуле, што яны ведаюць аб гэтай праграме? Відаць нічога. Інакш была б першая палова 8- га пункта ( 8. “…Спыніць удзел Беларусі ў міжурадавых праграмах, падтрыманых у рамках «Усходняга партнэрства»…”)
    Далей:
    -“..— выпрацаваць схему падтрымкі малога бізнэсу ў Беларусі, якая выключыць удзел і ўзьдзеяньне ўладаў…”
    Ну, а як яны сабе уяўляюць выкананьне гэтага падпункта?
    Апошняе
    Гэтыя “заўвагі”, я пішу не дзеля “заўваг”, а дзеля таго каб “звароты” прымалі не дзеля “зваротаў” а і дамагаліся іх выкананьня, інакш навошта страсаць паветра?
    З павагай.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы