nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Тайныя спружыны й урокі сьнежаньскай “рэвалюцыі”

12 лютага, 2011 | 8 каментарыяў

Кастусь  Калiновiч

Нечакана жорсткімі й драматычнымі падзеямі завяршылася чарговая выбарчая “рэвалюцыя” 19 сьнежня ў Менску. Вельмі  стратнымі  вынікі “рэвалюцыі” сталі для ўсіх яе арганізатараў і шматлікіх удзельнікаў. Стратнымі яны сталі й для рэжыму Л. Стратнымі для Беларусі, для Захаду, стратнымі для ўсіх нас. Хто ж выйграў? Чаму так адбылося?

У апошні час зьяўляецца нямала публікацыяў, дзе спрабуецца даць адказ на гэтыя пытаньні. Але большасьць зь іх залішне эмацыйныя ці адлюстроўваюць пэўныя палітычныя інтарэсы, што толькі заблытвае разуменьне сітуацыі. Адначасна, няма публікацыяў, дзе бы сітуацыя аналізавалася з пасьлядоўных патрыятычных пазіцыяў. Што невыпадкова, бо нацыянальна-патрыятычныя сілы ў краіне дэзарганізаваныя й не ўяўляюць самастойнай палітычнай сілы [пакуль. – Рэд.]. Беларускі  Народны Фронт, як нацыянальная сіла, перастаў існаваць яшчэ 10 гадоў таму, пасьля пераўтварэньня яго ў шэраговую і аморфную палітычную партыю. Іншай раўназначнай структуры няма. Няма сілы, якая магла б даць неабходнае вызначэньне сітуацыі.

Але цьвярозыя галасы раздаюцца, паспрабуем іх сфармуляваць.

Найперш, што адбылося?  Заўважым, адбылося тое, што й павінна было адбыцца. Аб магчымасьці падобнай сітуацыі ня раз папярэджвалася. У прыватнасьці, у адной з аналiтычных прац, якая ў свой час была даведзеная да кіраўнікоў  усіх партыяў і аб’яднаньняў. У гэтай працы адзначалася, што выбарчы працэс па заходніх мадэлях ва ўмовах Беларусі служыць толькі ўмацаваньню рэжыму Л. У Беларусі няма ўмоваў для правядзеньня свабодных, дэмакратычных выбараў і для “ружавых рэвалюцыяў”: няма арганізаванага грамадскага супраціву рэжыму, адсутнічаюць уплывовыя патрыятычныя сілы, няма дастатковай падтрымкі гэтых сілаў у грамадстве, няма апоры сярод эліты. У выніку да ўлады ў краіне імкнуцца палітычныя групы ды асобы, якія перасьледуюць вузкагрупавыя і эгаістычныя інтарэсы, і ня здольныя паводзіць сябе адказна перад народам Беларусі, ды й нават перад сваімі прыхільнікамі [як мы ў рэдакцыі лічым, шматмільённая “падтрымка з захаду будучай беларускай дэмакратыі” паўтара дзесяцігоддзя менавіта на гэта і была накіравана… – Рэд.]. Падзеі 19 сьнежня ў Менску засьведчылі: моладзь і безабаронныя людзі ў чарговы раз сталі ахвярамі авантурных “рэвалюцыяў”.

Няма сумневу, падзеі ў Менску старанна і заўчасна рыхтаваліся, але рыхтаваліся не ў партыйных штабах і не ў штабах кандыдатаў. Больш, як заклікаць людзей на плошчу, там не змаглі нічога. Значна больш старанна рыхтаваліся гэтыя падзеі ў іншых штабах, у ціхіх кабінетах беларускіх й расейскіх сьпецслужбаў, якія, як вядома, зьвязаныя. І праца ў іх адна…

Несумненна, не засталася па-за ўвагай сітуацыя ў Беларусі й на вышэйшым узроўні ў Расеі. Усе яшчэ памятаюць надзвычай напружаныя дачыненьні паміж кіраўніцтвам Расеі й Беларусі на працягу апошніх 1,5-2 гадоў. Фактычна, гэта была “халодная вайна”, якая праходзіла на фоне вастрэйшага нафта-газавага, малочнага, цукровага ды іншых канфліктаў. Перакінулася яна і ў  дыпламатычную сьферу (падзеі вакол Абхазіі, Кыргізіі, дачыненьні зь Еўропай), у бязьлітаснаю вайну медыяў і ў міжасабовую вайну. Відавочна, гэта была ня толькі  рэакцыя вядомых топ-персонаў Расеі на нястрыманыя й бестактоўныя паводзіны мясцовага тэрмінатара, але й прадуманая палітыка і дзеяньні Масквы. Бо гульні Л. зь Еўропай насьцярожылі маскоўскіх кіраўнікоў – іх бліжэйшы саўдзельнік усё больш высьлізгваўся зь іх мядзьвежых абдымкаў, даваў небясьпечны прыклад іншым, прэтэндаваў на ролю нейкага новага інтэгратара ў “зоне расейскіх інтарэсаў”. А гэта шкодзіла новым маскоўскім планам па “зьбіраньні зямель”, бурыла іх задумы. Відавочна, што пытаньне трэба было вырашаць і вырашаць неадкладна.

Дарэчная нагода для вырашэньня пытаньня бяз цяжкасьцяў знайшлася – чарговыя выбары прэзідэнта ў Беларусі, у якой іх хаўрусьнік сядзіць ужо 17-ы год. І сядзіць, як вядома, з падтрымкі Масквы. Несумненна, яму аб гэтым патрэбна было нагадаць.

Падзеяў не давялося доўга чакаць. Хутка ў палітычных колах шырока распаўсюдзілася інфармацыя, што Масква вельмі незадаволеная асобай Л. і рыхтуе яго адхіленьне ад пасады прэзідэнта Беларусі, разглядаючы ўсе магчымыя варыянты, аж да фізічнага зьнішчэньня. Зьявіўся “выцек інфармацыі”, што расейскія сілавікі атрымалі адпаведныя даручэньні [укіданьне чутак у апазіцыйныя шэрагі – адзін з галоўных спосабаў кіраваньня апазіцыяй з боку прадстаўнікоў Расеі й прарасейскага рэжыму. – Рэд.].

У той жа час пачалі адбывацца нечаканыя і, як быццам, незразумелыя падзеі ў Беларусі: выбух на тэрыторыі расейскай амбасады, забойства вядомага журналіста ды іншыя. Ні беларускія ўлады, ні апазіцыя, як высьветлілася, ня мелі да іх дачыненьне. Пытаньне: “хто і зь якой мэтай”, – так і павісла ў паветры. Пра часовасьць жа на гэтай зямлі хаўрусьніку ў Менску нагадалі й падзеі пад Смаленскам…

Чарговыя дэталі каварнага плану высьвеціла выбарчая кампанія. Новасьпечаныя, але амбітныя беларускія  кандыдаты на прэзідэнцкі пасад раптам як ніколі былі абласканыя ў Маскве і загаварылі складна па-маскоўску. Упершыню найбольш прыглянуўшыеся зь іх атрымалі й фінансавую падтрымку, а прыхавана, на нейкі час, й іншую.  Ці не ад гэтага пачалі раздавацца гучныя і безадказныя заявы напярэдадні й у час выбараў, якія, разам зь іншым, узарвалі наэлектрызаваную сітуацыю.

Зразумела, усе гэтыя выразныя сігналы з суседняй зямлі, як і дзеяньні зачасьціўшых у яе “рэвалюцыянераў” пільна адсочваліся ў Менску. І чым больш было такіх сігналаў, тым больш станавілася нервовай атмасфера ў доме на К.Маркса. Урэшце, нервы і яго галоўнага насельніка пачалі здаваць.

За паўтара тыдня да выбараў беларускі дыктатар безумоўна падпісвае ўсе пагадненьні з Масквой: аб Адзінай эканамічнай прасторы, аб Мытным саюзе й іншыя, чаго ад яго настойліва чакалі ў крамлёўскіх сьценах. Рыторыка Масквы раптам зьмянілася са стрымана пагрозьлівай на нястрымана хвалебную. На “назіраньне” за выбарамі неадкладна выправілася група наглядальнікаў  Міжпарламенцкай асамблеі СНД (чытай, расейскі спецатрад па прыхаваньні фальсіфікацыяў  выбараў).

Але найбольш важкая задача плану была адваротная – недапушчэньне прызнаньня выбараў у Беларусі з боку заходніх дзяржаваў, якія рыхтаваліся  ўжо віншаваць узурпатара зь “перамогай” дэмакратыі ў яго краіне. Асноўная гульня, такім чынам, толькі пачыналася. “Рэвалюцыянеры” й іх правадыры ў  беларускім паліт-шоў-тэатры выдатна дапамагалі гэтай гульні.  Стараліся і падручныя дыктатара (чытай  расейскія сьпецслужбы), прыносячы ўсё новыя і новыя зьвесткі аб рыхтуемых “рэвалюцыянерамі” змовах і пераваротах. Вельмі  трывожныя зьвесткі  йшлі з Захаду, адкуль у адапведнасьці з рапартамі “падвойных” генералаў, і рыхтавалася гэтая рэвалюцыя, арганізоўвалася яе інфармацыйная ды фінансавая падтрымка, пісаліся планы “рэвалюцыі” (насамрэч, сьпецслужбамі ды сьвядомымі/несьвядомымі памагатымі сьпецслужбаў у шэрагах усё тых жа рэвалюцыянераў”).

Застрашаны, уяўляючы ўжо свой “чорны дзень” дыктатар пачынае мятацца. Краіна рыхтуецца на выбары, як на вайну. Пастаўленыя ў фрунт уся “вертыкаль”, усе структуры, адладжваецца і без таго адладжаная “выбарчая” машына, прадпрымаюцца надзвычайныя меры па падрыхтоўцы і мабілізацыі безгалосага электарату, атрымліваюць жорсткія загады генералы. На вайне, як на вайне. “Перамога” павінна быць поўнай і  безумоўнай.

Нарэшце, наступае час “Х”. Незвычайная дзіўная карціна на выбарчых (ваенных) участках: грамадзяне ірвуцца, каб хутчэй прагаласаваць (аддаць свае душы), кандыдаты зь ледзі й дзецьмі  пазіруюць перад камерамі ў свой апошні  час, нямецкія назіральнікі віншуюць дыктатара з выдатна праведзенай аперацыяй (выбарамі) і перадаюць яму падарункі ад нямецкага народу. Да авацыяў з Захаду і Ўсходу застаецца ўсяго некалькі томных гадзінаў.

Але раптам пачынаюць паступаць нядобрыя зьвесткі. “Рэвалюцыянеры” пачалі чагосьці турбавацца й заклікаць сваіх прыхільнікаў на вуліцу. І насуперак запэўніваньням генералаў іх сабралася там залішне шмат. І які жах – яны ломяцца  ўжо ў Дом ураду. Ад страху ў “пераможцы” здарылася страта розуму. І з прэзідэнцкай дачы пайшлі вар’яцкія загады: “ліквідаваць”, “не шкадаваць”. Драма пачалася…

Чым скончылася гэтая драма – агульнавядома. Як і вядома, чыя гэтая праца, хто рыхтаваў да буйства ўзурпатара, хто правакаваў натоўп і выбіваў шыбы ў Доме  ўраду, хто патаемна кіраваў. Відавочна, іх трэба павіншаваць, яны выдатна выканалі сваю працу. Расея сьвяткуе і не хавае перамогу, ды яшчэ і журыць  дурня “брата”.

Ну, а ў нас пытаньне: хто ж прайграў?

Прайграў дыктатар, хаця меў усю магчымасьць цалкам выйграць: “рэвалюцыянеры” пакрычалі б і разышліся. Мароз і ноч (перад працоўным днём), ды трайное ачапленьне выканалі б сваю справу. І дыктатар быў бы ўжо “прызнаны” і сустракаўся з Кэтрын Эштан ды Абама й атрымліваў іх віншаваньні й дапамогу.

Прайграла Беларусь, у якой хоць і непасьлядоўна, але ўсё ж ішлі працэсы эканамічнай і палітычнай лібералізацыі, нацыянальнага адраджэньня [на конт апошняга – у рэдакцыі вялікія сумневы. – Рэд.]. Краіна паступова ўцягвалася ў еўрапейскія працэсы, станавілася фактарам рэгіянальнага разьвіцьця (Балтыйска-Чарнаморскія ініцыятывы, Усходне-Еўрапейскае партнэрства ды іншыя). Цяпер краіна адкінутая назад, Расея жорстка вяртае да сябе “брата”. Дамовы ў сьферы газу ды нафты і патрабаваньні аб спыненьні альтэрнатыўных паставак – сьведчаньне таму.

Прайграў Захад. Нягледзячы на пэўныя посьпехі яго палітыкі ў дачыненьні да Беларусі ў апошнія гады, цяпер гэтыя посьпехі амаль цалкам страчаныя. Заходнія палітыкі ў роспачы, а іх эмоцыі выдаюць іх разгубленасьць. Але ж гэты вынік быў цалкам прагназаваны.

У адрозьненьне ад посьпехаў у стасунках з дыктатурай Л., у дачыненьнях зь беларускай апазіцыяй у Еўропе і ЗША за апошнія гады нічога не зьмянілася. Захавалася ўся тая ж арыентацыя на ліберальную і далёкую ад патрыятычных мэтаў апазіцыю, на падтрымку бессэнсоўных і шкодных ва ўмовах Беларусі выбарчых кампаніяў і “рэвалюцыяў”, на цынічны бізнэс каляпалітычных заходніх групаў на праблемах Беларусі. Як вядома, менавіта гэта стала адным з чыньнікаў руйнаваньня структураў апазіцыі, яе маргіналізацыі ў беларускім грамадстве, умацаваньня рэжыму Л. Як мы ведаем, гэтая палітыка працягваецца і далей…

Прайграла “апазіцыя” і яе “ружавая рэвалюцыя”. Такога татальнага разгрому яна ня ведала даўно. Запужана і зьнішчана літаральна ўсё.  Машына дыктатуры дабівае апошняе. Ці застанецца хаця б штосьці на яе тле? Ці народзіцца на гэтым тле нешта новае і годнае?


P.S.  Магчыма, гэты матэрыял будзе незавершаны, калі не сказаць хоць колькі  словаў  аб эканамічных і палітычных санкцыях, да якіх сёньня заклікае ледзь ня кожны “рэвалюцыянер”.  Ці прааналізавалі гэтыя спадары, на чый млын яны льюць ваду, перш чым выліваць свае эмоцыі? Расея не асудзіла, але і не падтрымала “брата”, пакінуўшы яго на зьбіцьцё Захаду пасьля ўдалай аперацыі.

Усім нам важна зразумець, што для нас бліжэй: віртуальныя ўяўленьні аб свабодзе і дэмакратыі, ці нашыя асабістыя і нацыянальныя інтарэсы і гарантыі. Куды прывядуць нас неабдуманыя, падштурхоўваемыя зь імперскай краіны санкцыі?

Нам таксама трэба памятаць, што адхіленьне Л. ад улады ў Беларусі для нас не самамэта, бо замест аднаго злодзея можа прыйсьці сонм рабаўнікоў, якія аббяруць народ і ўсю краіну.

Перш чым адхіляць, трэба штосьці добрае падрыхтаваць!

Спрычынімся ж да гэтае работы!


8 каментарыяў

  1. рыгор кажа:

    Вось такімі аріыкуламі трэба выкрываць “рэвалюцыянераў” і паказваць іх сутнасьць.
    Трэба прызнаць сілу й уплывовасьць агентуры Масквы ня толькі ў Беларусі, але й на Захадзе.
    З гэтым трэба лічыцца. Толькі ідыёт можа паверыць у магчымасьць свабоднай працы апазіцыі
    да таталітарнага рэжыму. Хто й чаму ў гэта вe
    раць ні цяжка здагадацца.

  2. Siarhiej кажа:

    “адхіленьне Л. ад улады ў Беларусі для нас не самамэта”

    Мне здаецца, што хто адхіліць, той і будзе кіраваць краінай. Пакуль ёсць толькі два варыянты: 1 – змова, “снайпер”, “няшчасны” выпадак … 2 – народнае паўстанне, вуліца. Для 2-га эканамічныя санкцыі неабходныя.

  3. Шаноўныя чытачы!
    З прычыны, што ў некаторых мейсцах матэрыялу рэдакцыя вырашыла ўнесьці зьмены, стылістыка тэкста дзе-нідзе парушылася.
    На зьмест артыкулу гэта ніяе не паўплывала, але чытаеццп ён, часам, цяжэйю
    Аўтарскі тэкст можна прачытаць тут:
    http://arche.by/by/34/10/4555/Тайныя-спружыны-й-урокі-сьнежаньскай-рэвалюцыі.htm альбо тут
    http://kalinowich.livejournal.com/

  4. Шаноўныя чытачы!
    Тэкст артыкулу напісаны ў вострай публіцыстычнай форме й рэдакцыя ў некаторых мейсцах вырашыла ўнесьці зьмены. На зьмест артыкулу гэта ніяе не паўплывала, але чытаеццп ён, часам, цяжэй.
    Аўтарскі тэкст можна прачытаць тут:
    http://arche.by/by/34/10/4555/Тайныя-спружыны-й-урокі-сьнежаньскай-рэвалюцыі.htm
    альбо тут
    http://kalinowich.livejournal.com/ .

  5. Вершнік кажа:

    22.01.11
    Шаноўныя сябры. Не трэба лічыць ні Захад дурнаватым, ні нашага прэзідэнта слабанярвовым. Падзеі на Плошчы — гэта вынік таргоў паміж Захадам і Расняй, і паміж Расеяй і нашай ўладай. Увесь час разглядаеце адну версію падзей, дзе наш АГЛ — ”крывавы дыктатар”… Але як некалі казаў Дубавец, АГЛ — гэта не самы горшы варыянт. Вось Кебіч у сваёй кніжцы ”Іскушеніе властью” аж стогне аб тым, што ён не паспеў увесці рускі рубаль замест уласных грошай!? Тады б ён выйграў выбары, а Беларусь квітнела? Мабыць і ў Чачне пасьпела б паваяваць… Вось гэта быў бы варыянт для нас горшы…
    Між тым большасьць чамусьці не заўважыла, што на працягу некалькі гадоў паміж Беларусью і Расеяй ішла эканамічная і інфармацыйная вайна. На баку Расеі амаль цалкам была і ёсьць уся нашая вярхушка апазіцыі, дарэчы і ”Народная воля”. Калі Пуцін прыехаў на саміт СНД у Менск, і АГЛ павёз іх у Нацыянальную Бібліятэку ( наіўная шчырая беларуская душа, хацеў пахваліцца) , Пуціна гэта чамусьці вельмі не спадабалася. ”Без яго дазволу, на расейскія грошы, самавольна пабудаваў Бібліятэку”– і зразу расейскія карэспандэнты пачалі траўлю Беларусі, праз дзень ці два Масква ўвяла пошліны на нашы нафтапрадукты? АГЛ пачаў шукаць выйсце… Паехаў у Венесуэлу… Вельмі разлаваў расейскую эліту візіт АГЛ у Вацікан. Пачаўся дрэйф Беларусі ў бок Еўропы. Пасля падзей у Кіргістане, калі на роўным месцы была скінута ўлада Бакіева, што моцна насцярожыла АГЛ і ўсіх думаючых людзей (як лёгка можна зрабіць пераварот у суверэнай краіне) пачалася поўнамаштабная інфармацыйная вайна Расеі з Баларусью. Да апошняга моманту АГЛ у гэтай вайне перамагаў, як на інфармацыйным полі нашай краіны, так і ў Расеі. Але за два тыдні да выбараў, зразумеўшы што АГЛ пераможа на выбарах без дазволу Масквы. Расея рэзка пайшла на суступкі, адмяніўшы пошліны, і ўсе астатнія абмежаванні. Але напэўна Масква паставіла ўмовай : разрыў адносін з Захадам. Таксама, замест заходніка Сідорскага паставіць прэм’ерам русафіла Мясніковіча. Захаду таксама было прапанована не лезці на тэрыторыю інтарэсаў Расеі. Становішча (фінансава-эканамічнае нашай краіны) было складанае ( цяжкае, адсюль мноства крэдытаў) і АГЛ згадзіўся. Фактычна ён перамог!
    … Масква вымушана была абяцаць магутную падтрымку Беларусі. Памніце, як Пуцін увесь час трындзеў пра 4 млр. долараў беларускай выгады, потым мабыць ”пожадничал” і ўсушыў да 1 млр. долар. Але Масква хацела захаваць свой твар… Таму патрэбна была падстава, каб Захад не прызнаў выбары, патрэбен быў скандал, разбітых тры-пяць-дзесяць шыб, сінякі, і пераломы. Наш памяркоўны народ хадзіў з плошчы на плошчу, але ў бойку не лез.. ‘’Папы Гапоны’’ абвесцілі аб фармаванні пераходнага ўрада. І тады на штурм рынуўся ”баявы атрад ” шпегаў, выпадковых людзей у колькасьці 10-15 чалавек, якія нарэшце пачалі біць шыбы. — Ух, — перавялі дух у Маскве і Бруселі, вось ён ”крывавы дыктатар” не падвёў, выканаў , што абяцаў…!
    Тэрыторыі ўплыву паміж Захадам і Усходам вызначаны, нават ЗША маўчыць, а не то Расея прыгразіла, што выйдзе з дамовы аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў… Еўропа ў даным выпадку дзейнічая, як дасведчаная і прафесійная путана. Што застаецца нам, шараговым грамадзянам? Не замбіравацца, мець уласныя глузды, вучыць мову і ўласную гісторыю, развіваць інтэлект… Жадаю паспеху!
    Дарэчы, звярніце ўвагу, 18 лютага Пуцін і Мядзведзяў прыехалі ў Сочы. (Туды, дзе адпачывае наш АГЛ, значыць будуць прасаваць нашага АГЛ, аб далейшай здачы суверынітэту.)

  6. Паважаны сп.Вершнік!
    Вашая грамадзянская пазыцыя не супярэчыць зьместу артыкула, яна добра дапаўняе яго. Надзвычай важна, што сярод патрыятычна настроеных людзей у Беларусі ўсё больш чуюцца палітычна сьпелыя й адказныя галасы, якія гучаць усё сьмялей. Час адкінуць хлусьлівую сарамлівасьць і навязаныя чужыя ўяленьні аб нашым часе й грамадзтве, час браць адказнасьць на сябе, бараніць краіну, а не чужыя йнтарэсы й каштоўнасьці.
    Захад, як і Масква, відаваочна, не дурнаватыя. Захад вядзе прыхаваную й цынічную вайну з Масквою за нашую тэрыторыю І вынік гэтай вайны, калі мы не вызначаем яе правілы, будзе пры любым раскладзе для нас адмоўны.
    Рэжым Л., без сумневу, зусім ня лепшы варыянт для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў. Але нельга ня бачыць, што баронячы свае асабістыя йнтарэсы, сёньняшнія ўлады вымушаныя бараніць і нашую краіну. Так заўсёды было ў гісторыі. Але разам з гэтым к ім прыходзіць усьведамленне неабходнасьці абароны й іншых нашых інтарэсаў. Сымпатычна, што сёньня практычна няма перашкодаў для патрыятычнай працы, калі яна не зьвязаная з барацьбой за ўладу і новы рэвалюцыйны перадзел.
    Але нам і не да перадзелаў. Краіне патрэбна кансалідацыя вакол асноўнага пытаньня, пытаньня незалежнасьці. І калі мы вымушаныя будзем яднацца ў гэтым з рэжымам Л., мы павінны зь ім яднацца, роўна ў той меры, у якой ён гатовы йсьці гэтым шляхам. Уладу й усё іншае будзем дзяліць потым, калі адвядзем пагрозу ад краіны.
    Рэжым Л.,, нягледзячы на яго дэманізацыю, зусім не такі моцны. як здаецца. І ў гэтым, як ня дзіўна, ёсьць адна з сур’ёзных небясьпекаў. Бо паўстае пытаньне, што пасьля яго? На якое няма адказу. Бо няма адказнай палітычнай сілы, якая магла бы пераняць яго
    ўладу.
    Рэжым Л. сёньня загнаны ў расейскі капкан. Але разам зь ім, з-за нашай нацыянальнай слабасьці, у гэтым капкане знаходзімся й усе мы. Падпісаньне перад выбарамі шэрагу пагадненьняў з Масквою гэта не перамога Л, гэта падпісаньне сабе сьмяротнага прысуду з адтэрміноўкай. Час зьдзяйсьненьня якога будзем вырашаць ня мы.
    Каб супрацьстаяць Маскве, рэжыму Л. патрэбныя ня толькі эканамічныя посьпехі, якіх, фактычна, не йснуе, ня толькі ўлада, якая трымаецца на тых жа расейскіх падпорках, ня толькі хлусьлівая прапаганда, але й маральная сіла й актыўная падтрымка ў грамадзтве, якіх няма. Адсюль і гістэрычныя паводзіны й неразумныя вар’яцкія дзеяньні, якія ўскладняюцца асаблівасьцямі псыхікі апошняга дыктатара (скрайняй неўраўнаважанасьцю, маральнай неабцяжаранасьцю й жывёльным страхам за сваё жыцьцё). І вось мы закладнікі ўсяго гэтага садому; сатаны (Лукі), “рэвалюцыянераў”, Захаду й Масквы. Бо, як і раней, мы сдабыя й разьяднаныя.
    Аб гэтым і напісана ў прапанаваным мной артыкуле.
    Кастусь Каліноўскі

  7. Вершнік кажа:

    Шаноўны спадар Кастусь. Я стары рэвалюцыянер, хадзіў на плошчу заўсёды, ужо больш як 20 год. Некалькі рэплік на ваш адказ.
    ”Захад вядзе прыхаваную й цынічную вайну з Масквою за нашую тэрыторыю.” Захад вядзе гандаль! Сёння Захад (ЗША) мабыць перанёс сваю ўвагу на Бліжні Усход, зараз самы спрыяльны момант нанесьці ўдар па ісламскіх краінах…? І па Ірану….
    ”Сымпатычна, што сёньня практычна няма перашкодаў для патрыятычнай працы, калі яна не зьвязаная з барацьбой за ўладу і новы рэвалюцыйны перадзел.”
    22 гады назад у часопісе ”Нява” быў артыкул аб этапах перахода ад таталітарызма да дэмакратыіі, там было ясна патлумачана, што пасля таталітарызму павіна прыйсьці аўтарытарная ўлада, якая дазваляе ўсё, акрамя барацьбы за ўладу. У іншым выпадку да ўлады пад дэмакратычнымі лозунгамі прыходзіць вузкае кала мафіі, якая даводзіць краіну і народ да гаротнага стану… Але ж нашыя дэмакраты-імітатары часопісаў не чыталі, яна і так ”разумныя” таму замест таго каб займацца ”патрыятычнай працай” яны імітыравалі змаганне з ”дыктатарам”.
    ”Уладу й усё іншае будзем дзяліць потым, калі адвядзем пагрозу ад краіны.”
    Хто будзе дзяліць, ці створаны сёння інтэлектуальныя сілы, што могуць хаця б сыстэмна і лагічна выкласьці дзяржаўныя ідэіі развіцця? Стварана псеўдаапазіцыя, якая навязвае думаючым людзям чужыя стэрыятыпы ўспрымання рэчаіснасьці, рэкламуе жупел-налепку ”крывавы-дыктатар”, каб нішчыць легітымнасьць улады ў вачах людзей,як звонку, так і ўнутры краіны, і ў спрыяльны момант улада нібыта натуральна па волі народа пяройдзе ў рукі агентаў уплыву замежных краін.
    Пазаўчор, учора, сёння і заўтра небходна мякка, настойліва і пастаянна шукаць дыялог з уладай. Пэўныя сілы з усіх сіл перашкаджаюць гэтаму. Палітыка — гэта гандаль: мы вам легітымнасьць, вы нам магчымасьць спраўджваць нацыянальныя ідэіі. АГЛ не валодае інфармацыйнай прасторай, ягоныя памагатыя ў гэтай сферы вельмі абмежаваныя, малаграматныя, засмечаны дагматызмам, а пра дыялектыку напэўна нічога не ведаюць. Расія нам нажаль не саюзнік, яна зараз цалкам у руках алігархічнай буржуазіі, з’яўляецца прыдаткам Захаду. Таму толькі апора на Нацыянальную Ідэю, выплываць трэба самастойна. Браць трэба прыклад з Фінляндыі, як яна так непрыкметна прытулілася да Расеіі, смокча з яе, як з той соскі і ўсім добра. На антыбеларушчыне зрабілі свае кар’еры мноства палітолагаў, прыстасванцаў, высокапастаўленых ”бездельніков”, ідыёлагаў… Але іх час прайшоў, АГЛ павінен зразумець, што толькі патрыятычныя, чэсныя, працавітыя, плённыя памогуць захаваць нам нашу дзяржаву…

    ”Бо паўстае пытаньне, што пасьля яго? На якое няма адказу. Бо няма адказнай палітычнай сілы…”
    Калі няма адказнай сілы, то чаму на плошчы крычаць ”далоў дыктатара”?
    ”Рэжым Л. сёньня загнаны ў расейскі капкан”. У расейскай пастцы Літва-Беларусь знаходзіцца ўжо больш як за 200 год. Маскве патрэбна слабая улада ў Беларусі, Лукашэнка з гэтым катэгарычна не згодзен.

    ”Падпісаньне перад выбарамі шэрагу пагадненьняў з Масквою гэта не перамога Л, гэта падпісаньне сабе сьмяротнага прысуду з адтэрміноўкай.”
    А які быў іншы выбар: падпісанне пагадненнеў з Захадам, пасля чаго мы цалкам рабіліся калоніяй Захаду. Лукашэка прымусіў Маскву пайсьці на нейкую згоду, бо іншым варыянтам было экспансія Захаду і Кітая ў Беларусь. Што заставалась бы нам рабіць пасля ўступлення Расеі ў ВТО, паток танных тавараў змёў бы нашу прамысловасьць, сельскую гаспадарку і прывёў бы нашу эканоміку ў каматозны стан.

    Каб супрацьстаяць Маскве, рэжыму Л. патрэбныя ня толькі эканамічныя посьпехі, якіх, фактычна, не йснуе, ня толькі ўлада, якая трымаецца на тых жа расейскіх падпорках, ня толькі хлусьлівая прапаганда, але й маральная сіла й актыўная падтрымка ў грамадзтве, якіх няма. Адсюль і гістэрычныя паводзіны й неразумныя вар’яцкія дзеяньні, якія ўскладняюцца асаблівасьцямі псыхікі апошняга дыктатара (скрайняй неўраўнаважанасьцю, маральнай неабцяжаранасьцю й жывёльным страхам за сваё жыцьцё). І вось мы закладнікі ўсяго гэтага садому; сатаны (Лукі), “рэвалюцыянераў”, Захаду й Масквы. Бо, як і раней, мы сдабыя й разьяднаныя.
    Аб гэтым і напісана ў прапанаваным мной артыкуле.
    Кастусь Каліноўскі

  8. Вершнік кажа:

    Дадатак. ”Эканамічныя поспехі, якіх фактычна не існуе” — а амерыканскія аналітыкі так не лічаць, яны прызнаюць эканамічныя поспехі, але тлумачаць іх высокімі цэнамі на нафту. ”Расейскіх падпорках” — чаму так зняважліва пра саміх сябе. Вунь Партугалія, Ірландыя, Ісландыя і Грэцыя збанкрутавалі на 100 млард. еўра кожная, і цішыня, на чыіх падпорках існуюць гэтыя краіны? Чаму нашыя дэмакратычныя аналітыкі прамінулі гэтыя вельмі знакавыя падзеі… Няздольныя да аналізу? цІ тады не заплоцяць гранты?
    Кожная кіруючая дзейнасьць патрабуе вялізарных маральных, фізычных, духоўных, энергетычных і нярвовых намаганняў. Асабліва калі чалавек чэсны і адказны, такія нагрузкі робяць чалавека нярвовым і часцяком неўраўнаважаным… Страх за сваё жыццё — гэта безумоўны рэфлекс жывой істоты, дэмакрат Зянон Пазьняк з’ехаў за мяжу , як толькі атрымаў звесткі, што ягонаму жыццю пагражае смерць. Чым рухалі ягоныя паводзіны: страх смерці, ці ”жывёльны страх смерці”…? Словы ”гістэрычныя”, ”вар’яцкія”,”неразумныя”, ”скрайняя неўраўнаважанасьць”, ”сатаны ”Лукі”, ” мы слабыя і раз’яднаныя” — гэта ўсё сродкі маніпуляцыіі грамадскай думкай, якую накіроўваць нашы одумы у крытычна-разбуральным накірунку, замест пазітыўных, плённых, стваральных. Гэта шкодная палітычная інфантыльнасьць, бо стварае на пустым месцы ідэю дзівоснага з’яўлення нейкага ідэальнага дэмакрата-бацькі, які зробіць усіх шчаслівымі. тРЭБА пачынаць танчыць ад ВКЛ, ад Статута ВКЛ, ад Адама Міцкевіча, … ад Антона Луцкевіча. Вучыцца мужнасьці, змагарнасьці, самастойнаму розуму, годнасьці і гонару… У Адама Міцкевіча вы нідзе не прачытаеце, ”што мы слабыя і раз’яднаныя”, не сеяў ён гэткія пачуцці… А ягонае жыццё мабыць было значна цяжэйшае, чым наша з вамі. Як сказаў наш сучасны паэт ”мы жывём, мы яшчэ не загінулі, і бяжым не з апошніх сіл!”
    Напрыканцы хачу зазначыць, што ідэі і думкі які выказвае апошнім часам АГЛ, бываюць значна больш патрыятычныя і рэвалюцыйныя, чым нашых апазіцыйных дэмакратаў.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы