nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Цяжка быць чалавекам у часы дыктатуры (+ дадатак)

14 лютага, 2011 | Няма каментараў

Аляксандар Лялікаў

На нашым сайце мы ўжо выстаўлялі матэрыялы, у якіх вядомыя сьнежаньскія падзеі апісваюцца з пазіцыі ўнутраных перажываньняў іх удзельнікаў (гл. https://nashaziamlia.org/2010/12/26/3866/;  https://nashaziamlia.org/2011/01/14/3929/). Матэрыял, які падаецца ніжэй, у тым жа ключы. У ім дацэнт гарадзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы апісвае ўласны досьвед. Перажытыя пачуцьці прымусілі яго напісаць ліст на радыё “Свабода”, які мы падаем і на нашым сайце (узята з http://www.svaboda.org/content/transcript/2304348.html).

Рэдакцыя.


“Прайшло больш за месяц пасьля заканчэньня прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 году, у якой я прымаў непасрэдны ўдзел. За гэты час думкі трохі супакоіліся, і паўстала патрэба падзяліцца атрыманым досьведам. Я вырашыў узнавіць эмацыйную карціну гэтых выбараў, зрабіўшы асноўны ўпор не на вядомых усім голых фактах, а на перажытых мной адчуваньнях.


Дарога на Плошчу

Упершыню цікавасьць да палітыкі зьявілася ў мяне вясной 2006 году. Перадвыбарчы тэлевізійны выступ Мілінкевіча закрануў за жывое. Нечакана ўзьнікла і хутка набрала сілу неспатольная прага пераменаў. Далей на маіх вачах прайшлі фальсіфікацыі, плошча, рэпрэсіі … Усё скончылася. Толькі на душы на многія месяцы наперад засталося нейкае цяжкое панурае адчуваньне. Гэта было пачуцьцё віны. Я адчуваў сябе пасіўным саўдзельнікам злачынстваў, учыненых падчас выбарчай кампаніі.

Увосень 2010 году, напярэдадні наступных выбараў, я запісаўся ў гарадзенскія штабы адразу двух кандыдатаў: Някляева і Кастусёва. На фоне высокай загрузкі асноўнай працай прайшлі збор подпісаў і агітацыйная кампанія. Падчас збору подпісаў я прыйшоў да высновы, што рэальная падтрымка Лукашэнкі вельмі вялікая і можа складаць парадку 30-40 працэнтаў.

Прыходзячы дадому да выбаршчыкаў, я часта сутыкаўся з рознымі праявамі страху. Хтосьці адмаўляўся даць подпіс, прызнаючыся, што баіцца страціць працу або сапсаваць сабе кар’еру. Хтосьці спасылаўся на сваю апалітычнасьць, занятасьць ці недасьведчанасьць, якія, натуральна, у многіх выпадках маглі быць проста шырмай, што маскіруе страх. Часам можна было пачуць, як спалоханы насьцярожаны голас за дзьвярыма казаў, што ўжо аддаў подпіс за свайго кандыдата. Што гэта за кандыдат, заставалася толькі гадаць. Але ўсё ж знайшлося нямала людзей, якія адкрыта і сьмела аддавалі свой подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. Я практычна не сутыкаўся з праявамі хамства. Нават адмаўлялі ў подпісы, як правіла, ветліва.

У бясконцай мітусьні праляцела восень, і наступіў сьнежань. Напярэдадні выбараў усё паказвала на тое, што зноў будуць фальсіфікацыі. Выбарчыя камісіі, як звычайна, фармаваліся без удзелу прадстаўнікоў альтэрнатыўных кандыдатаў. Назіральнікі так і не атрымалі права кантролю над папярэднім галасаваньнем і працэсам падліку галасоў. Такія выбары нельга было прызнаць незалежна ад іх выніку. Голас свой трэба было несьці не ў выбарчую скрыню, а на Плошчу.

Я наведаў некалькі сустрэч з кандыдатамі ў прэзідэнты. Было прыемна слухаць разумныя прамовы гэтых годных і адважных людзей, якія добраахвотна і сьвядома ішлі на велізарную рызыку. На кожную сустрэчу ўлады пасылалі невялікую, але актыўную групу сваіх прадстаўнікоў. Дамогшыся права задаць пытаньне, гэтыя людзі, як правіла, выдавалі цэлую прамову, у якой пералічвалі посьпехі, дасягнутыя, на іх думку, дзейнай уладай. Часта яны проста перакрыквалі выступоўцу – кандыдата ў прэзідэнты. Яны рабілі ўсё магчымае, каб адвесьці размову далей ад такіх важных тэм, як фальсіфікацыі выбараў, і перавесьці яе на якія-небудзь дробныя пытаньні, як правіла, зьвязаныя з эканомікай. Пагардлівы нядобразычлівы тон, зь якім прадстаўнікі ўлады зьвярталіся да кандыдата ў прэзідэнты, красамоўней за любыя словы даваў зразумець: «Прайдзісьвет, хто ты такі і куды ты лезеш?!» Лепш за ўсіх такім спробам сарваць сустрэчу супрацьдзейнічаў Статкевіч. Ён не дазваляў «забалбатаць» сур’ёзныя пытаньні, прымушаючы асабліва актыўных абаронцаў уладнага рэжыму ў літаральным сэнсе выць у бясьсільнай злосьці.

Рашэньне ехаць у Менск на Плошчу я прыняў за дзень да выбараў хутка і ні зь кім не параіўшыся. Не даючы страху і няўпэўненасьці завалодаць маімі думкамі, я хутка сабраўся. Праз гадзіну я ўжо пакідаў свой родны горад Гародню, пазбаўляючы сябе магчымасьці прагаласаваць і, такім чынам, абвяшчаючы асабісты байкот выбараў. У машыне ўсю дарогу працавала радыё, раз-пораз заклікаючы галасаваць за стабільнасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Нейкая песьня настойліва даводзіла да ведама слухача, што Саня застанецца з намі.


Пад сьцягам свабоды

Нарэшце надышоў дзень выбараў, 19 сьнежня 2010 году. Дачакаўшыся вечара, я выправіўся на Кастрычніцкую плошчу. Прайшоўшы па прасьпекце міма цырку і перайшоўшы скрыжаваньне, я абмінуў групу аднолькава апранутых дужых хлопцаў, якія пераступалі з нагі на нагу і аглядалі мінакоў. Неўзабаве я апынуўся на Кастрычніцкай плошчы. Там быў заліты каток, у цэнтры якога стаяла елка. На катку як бы ні ў чым нічога каталіся нейкія маладыя людзі. Не было заўважна ніякіх прыкмет чаканай акцыі, калі не лічыць вельмі характэрнага выгляду супрацоўнікаў сьпецслужбаў у цывільным, якія пахаджвалі вакол катка.

Раптам усе зьмянілася. Зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Людзі сталі хутка прыбываць. Пачаўся мітынг. Эмацыйныя выступы лідэраў час ад часу зьмяняліся гучным «Жыве Беларусь!» Акцыя станавілася па-сапраўднаму масавай. Плошча запоўнілася рознымі сьцягамі, над якімі панаваў бел-чырвона-белы, які ўжо даўно стаў ня проста нацыянальным сымбалем, але сьцягам барацьбы беларусаў за права людзьмі звацца – нашым сьцягам свабоды.

Мітынг на Кастрычніцкай плошчы скончыўся, людзі выйшлі на прасьпект і рушылі да плошчы Незалежнасьці. Колькасьць удзельнікаў мірнай дэманстрацыі проста ўражвала! Як скінуць вокам, прасьпект на ўсю шырыню быў запоўнены людзьмі. Нягледзячы на трывогу, у паветры лунала пачуцьцё свабоды і салідарнасьці. Па прасьпекце прайшла вялізная колькасьць людзей, але я ня стаў сьведкам ніводнай сцэны гвалту або вандалізму, ня ўбачыў ніводнага пабітага акна. Не было відаць і п’яных, бо прыйсьці на Плошчу п’яным можа толькі самагубца або правакатар.

Рака людзей з нацыянальнымі сьцягамі перацякла на плошчу Незалежнасьці. Прайшоў мітынг каля Чырвонага Касьцёла. Пачаўся мітынг ля помніка Леніну. Да таго моманту ўся Плошча запоўнілася людзьмі! Над Плошчай грымела: «Сыходзь!”, “Сыходзь!». Паўсюль луналі сьцягі свабоды. Было такое адчуваньне, што ўвесь беларускі народ прыйшоў і запатрабаваў пераменаў! Мары аб тым, што шматпакутная Беларусь нарэшце набывае свабоду, здаваліся ў той момант цалкам рэальнымі.

Перад Домам ураду адбывалася нейкая дзіўная мітусьня. Чуліся глухія ўдары і звон разьбітага шкла. Людзі ў чорным са шчытамі і дубінкамі то перагароджвалі ўваход, то кудысьці адбягалі. Пасьля пачаўся разгон. Шэраг, які складаўся зь некалькіх радоў выдатна аснашчаных спэцназаўцаў, урэ́заўся ў натоўп і адсек яго перадавую частку, што разьмяшчалася паміж помнікам Леніну і Домам ураду. Там быў і я.

Усьвядоміўшы, што трэба вырвацца з акружэньня, людзі сталі прарываць ланцуг. У месцы прарыву сьпецназаўцы ўтварылі калідор. Людзей, што праходзілі па гэтым калідоры, яны з абодвух бакоў абсыпалі ўдарамі дубінак. Я атрымаў два ўдары па галаве. Адзін разьбіў акуляры і пакінуў крывавую драпіну на лбе. Другі прыйшоўся па патыліцы, і я на імгненьне зьнепрытомнеў. Я ўпаў, але тут жа апрытомнеўшы, ускочыў і адбег на бясьпечную адлегласьць. Верагодна, былі і ўдары па тулаве. Але, аслабленыя слаямі зімовай вопраткі, яны не прыцягнулі маёй увагі. Раз за разам пракручваючы ў памяці гэты эпізод, я ўспамінаю словы нашага вялікага Паэта: «Мы ляжым снапамі на таках. Нас малоціць кожны, хто ў руках мае цэп».

У стане лёгкага шоку я выйшаў з акружэньня. Без акуляраў усё перад вачыма стала размытым і расплывістым. Чуўся стук сотняў дубінак па шчытах. Узмоцнены мэгафонам голас кагосьці зь лідэраў – здаецца, Рымашэўскага – яшчэ спрабаваў кіраваць дэманстрантамі. Але людская хваля ўжо пакацілася на выхад. Праходзячы міма Чырвонага касьцёла, я заўважыў каля яго групу людзей з нацыянальнымі сьцягамі. Яны не зьбіраліся добраахвотна пакідаць Плошчу. Аддаўшы належнае іх адвазе, я далучыўся да асноўнай масы, якая сыходзіла з Плошчы.

Пакінуўшы Плошчу, рака людзей на кожным скрыжаваньні дзялілася на плыні, а потым на дробныя ручайкі з тым, каб незаўважна прасачыцца ў горад. Уражвала панылая цішыня гэтай сцэны. Вялікая колькасьць людзей, галасы якіх яшчэ нядаўна скаланалі Плошчу, ішла цяпер, ня кажучы ні слова. Чуліся толькі мерная іх крокі. Я аддаляўся ад Плошчы, пазьбягаючы прасьпекта і шырокіх вуліц.


Цана свабоды

Пасьля бяссоннай ночы я пасьпяхова вярнуўся дадому ў Гародню. Нягледзячы на тое, што Плошча была ззаду, мяне не адпускала пачуцьцё трывогі. Я быў настолькі маральна выматаны, што нават думка аб Плошчы спрычыняла мне боль. У спробе адцягнуць увагу я з галавой акунуўся ў працу. Так прайшлі панядзелак, аўторак і першая палова серады. Час ад часу да мяне даходзілі жудасныя навіны аб разгорнутых супраць удзельнікаў Плошчы рэпрэсіях, што яшчэ больш вымотвала мяне. Аказалася, што афіцыйная прапаганда падала мышыную валтузьню перад Домам ураду як масавыя непарадкі і пагромы. Адказнасьць была ўскладзена на апазіцыю. Ну хто б сумняваўся?!

Такім чынам, зьявілася падстава, каб апраўдаць разгон мірнай дэманстрацыі, надоўга схаваць найбольш актыўных і пасьлядоўных лідэраў за краты і як сьлед прыстрашыць ворагаў народу крыху ніжэйшага рангу.

Ня ведаю, як мяне вылічылі ў КДБ, але першая размова адбылася ў сераду пасьля абеду ў мяне на працы, куды і наведаўся супрацоўнік усёмагутнай канторы. Гэтая гутарка праходзіла ў адносна добразычлівым тоне. Я ня стаў хаваць, што быў на Плошчы. Далей камітэтчык паабяцаў, што калі я сапраўды ва ўсім прызнаюся, то пры разглядзе маёй справы да мяне паставяцца добразычліва. Бо было б шкада ламаць кар’еру такога маладога і шматабяцальнага сьпецыяліста.

Пасьля гэтага пачалася серыя нібыта зусім нявінных пытаньняў. Я стаў на іх сумленна адказваць. Але з часам пытаньні станавіліся ўсё больш сур’ёзнымі: да мяне прыйшло адчуваньне, што я ўгруз у сваіх паказаньнях, як у балоце. Спробы пажартаваць ветліва, але рашуча перапыняліся. Мне давалі зразумець, што становішча маё вельмі сур’ёзнае і цяпер зусім не да жартаў. Пакуль яшчэ не было прамых пагроз, але з дапамогай недагаворак стваралася атмасьфера гнятлівага страху. Супрацоўнік паступова страчваў цікавасьць да мяне і пераходзіў да роспытаў аб маіх сябрах. Не жадаючы падставіць сяброў, я пачаў марудзіць з адказамі і супраціўляцца, што было вельмі складана, бо прыйшлося мяняць першапачаткова прыняты даверлівы тон гутаркі. Супрацоўнік паведаміў, што ўсё роўна ўсе ва ўсім прызнаюцца. Акрамя таго, камітэту і так усё вядома. Таму для мяне самога будзе лепш, калі я шчыра распавяду ўсё як ёсьць. Сыходзячы, ён сказаў, што мяне яшчэ запросяць на гутарку ў памяшканьні КДБ. Ён таксама папярэдзіў, што кантакты зь сябрамі, пра якіх абавязкова стане вядома камітэту, будуць разглядацца як абцяжаравальная акалічнасьць. Я быў напалоханы, дэмаралізаваны і адрэзаны ад сяброў.

У КДБ мяне запрасілі ўжо на наступны дзень. Знаёмы па ўчорашняй гутарцы супрацоўнік падрыхтаваў паперу з маімі паказаньнямі. Ад мяне патрабаваўся толькі подпіс. Пераадольваючы напружаньне, якое мяне скоўвала, я некалькі разоў уважліва перачытваў паперу і ўносіў туды свае карэктывы. Гэта выклікала незадаволенасьць, якая пакуль яшчэ была адносна ветлівай. Мяне прысьпешвалі, спасылаючыся на недахоп часу. Нарэшце я паставіў подпіс. Як потым аказалася, я ўсё ж прапусьціў адну сьлізкую двухсэнсоўную фразу, якая схавалася ў апошнім абзацы.

Пад канвоем мяне даставілі на выхад, уручылі канфіскаваны на ўваходзе мабільнік, аддалі пашпарт і адпусьцілі дадому. Аднак замест палёгкі я адчуваў стомленую прыгнечанасьць і трывогу. Цяжка было паверыць, што мяне вось так проста пакінуць у спакоі.

І трывога была не дарэмнай. Прыкладна праз гадзіну мяне зноў запрасілі ў КДБ, але ўжо да іншага сьледчага. Мяне пасадзілі на крэсла, якое стаяла сьпінкай да дзьвярэй, і паведамілі, што я выступаю ў якасьці сьведкі крымінальнай справы. Насупраць, за сталом з кампутарам, разьмясьціўся сьледчы. Азнаёміўшы мяне з маімі правамі, ён, нахмурыўшы бровы і ўчапіўшыся ў мяне суворым позіркам, пачаў допыт.

Пытаньні задаваліся напорыстым тонам. Набіраючы пратакол, яго пальцы люта стукалі па клявіятуры, як быццам караючы няшчасную прыладу. Сьледчы высунуўся наперад і шумна дыхаў. Часам ён рабіў рэзкія рухі рукамі. Некалькі разоў ён уставаў і, праходзячы ў мяне за сьпінай, выходзіў з пакоя, каб праз пару хвілін вярнуцца зноў. Час ад часу з-за маёй сьпіны ўзьнікалі іншыя людзі, уваходзілі ў пакой, нешта рабілі і выходзілі. Спачатку я яшчэ сяк-так трымаўся. Гадзіны праз дзьве я папрасіў, каб мне дазволілі патэлефанаваць маці і супакоіць яе, сказаўшы, што са мной усё ў парадку. Просьба была выкананая. Мяне захлынула нечакана моцнае пачуцьцё ўдзячнасьці. У маіх вачах сьледчы стаў сябрам. Допыт працягваўся.

Раптам зусім нечакана ў пакой уварваўся іншы сьледчы і пачаў крычаць, абсыпаючы мяне абвінавачваньнямі і пагрозамі. Я няўпэўнена і бесталкова адбіваўся. Калі ён пайшоў, допыт працягваўся ў звычайным рэжыме. Я пачаў расклейвацца. Маё цела бязвольна размазалася па крэсьле. Сэрца шалёна калацілася, так што было відаць, як трапеча на грудзях швэдар. Далоні пакрыліся халодным потам. У роце перасохла. Адчувалася, што ад мяне ідзе рэзкі пах. Голас стаў дрыготкім і пісклявым. Допыт, які працягваўся каля трох гадзін, завяршаўся. Нарэшце быў раздрукаваны пратакол.

Зь цяжкасьцю разумеючы, я спачатку доўга вычытваў яго, а потым яшчэ даўжэй уносіў удакладненьні. На гэта пайшло яшчэ каля дзьвюх гадзін. На разьвітаньне мне ўручылі позву на наступны дзень і абяцалі пагаварыць са мной па-сапраўднаму, калі я буду далей «ламаць камедыю».

Выйшаўшы на вуліцу, я заўважыў, што не разумею, дзе знаходжуся. Я пайшоў па нейкай вуліцы, але неўзабаве зразумеў, што іду кудысьці не туды. Нарэшце я з’арыентаваўся і неўзабаве быў дома. Я ня п’ю моцных алькагольных напояў без сур’ёзнай падставы, але ў той вечар грунтоўна прыклаўся да гарэлкі. Гэта на нейкі час прывяло мяне да прытомнасьці. Ноч прайшла ў бясконцых пакутлівых роздумах.

Раніцай у пятніцу 24 сьнежня я адчуваў сябе цалкам разьбітым і зламаным. Мая воля стала пластычнай і падатлівай. Такія паняцьці, як гордасьць, гонар і годнасьць, здаваліся далёкімі і нерэальнымі. Кожны рух каштаваў неверагодных высілкаў. Хвалямі ўперамешку з млосьцю навальвалася пачуцьцё поўнай безвыходнасьці. Наперадзе я бачыў толькі катаваньні, турму, жалезную заслону і прадчуваў сустрэчу ня новага 2011 году, а оруэлаўскага 84-га. Жыцьцё страціла ўсякі сэнс. Прыняўшы душ і сабраўшыся зь сіламі, я пацягнуўся на працу. Мабыць, я ўяўляў сабою вартае жалю відовішча, што не схавалася ад увагі маіх калегаў.

Калі я зьявіўся на допыт, на супраціў больш не заставалася ніякіх сіл. Я сказаў тое, што ад мяне хацелі пачуць, пасьля чаго мяне ня сталі больш катаваць. Прачыталі павучальную натацыю, сутнасьць якой зводзілася да таго, як дрэнна ідуць справы з правамі чалавека ў іншых краінах. Раздрукавалі пратакол допыту. Я паставіў свае подпісы ўсюды, дзе хацеў сьледчы, і быў адпушчаны дадому.

Пазьней, аналізуючы ўпэўнены, напорлівы і крыху пагрозьлівы тон натацыі, я прыйшоў да цікавай высновы. Менавіта такім тонам вяшчаюць ісьціну дыктары афіцыйнага беларускага тэлебачаньня.

Тыя Каляды запомняцца мне на ўсё жыцьцё. Прыйшоўшы дадому, я зноў напіўся. Потым, паддаўшыся прыступу панікі, зьнішчыў на сваім кампутары кнігі, фільмы, музыку ды іншую інфармацыю, якая мае дачыненьне да Беларусі. Выкінуў значкі й іншую беларускую сімболіку. Каб хоць чымсьці сябе заняць, упершыню за доўгі час уключыў тэлевізар і спыніўся на канале, дзе сьпявалі калядкі. Я ніколі раней ня слухаў калядак. Але ў той вечар іх спакойная дабрыня была тым бальзамам, якога патрабавала мая змардаваная душа. Уваходная дзьверы кватэры былі зачыненыя на ўсе замкі. Званкі тэлефонаў прымушалі маё сэрца ў жаху сьціскацца. Я чакаў, што ў любы момант магу зноў апынуцца ў пакоі для допытаў. Так, утаропіўшыся ў тэлевізар ашклянелым позіркам, я нерухома прасядзеў да самай ночы.

Наступны месяц прайшоў, як у тумане. Я баяўся выглянуць у акно і выйсьці на вуліцу. На мяне раз-пораз навальваліся прыступы адчаю і страху. У мамы ад напружаньня ўзьняўся ціск. Часам яна плакала.

Вось тады нам прыйшлі на дапамогу нашы старыя сябры. Людзі, якія ніколі ня мелі ніякага дачыненьня да палітыкі, дзяліліся сваім душэўным цяплом. Гэта дало належны эфект. Я пайшоў на папраўку. У мяне ўжо хапала адвагі, каб выйсьці ў інтэрнэт. Адтуль я даведаўся, што праз допыты прайшлі многія беларусы. Я знайшоў і вывучыў усю даступную інфармацыю пра тое, як трэба паводзіць сябе на допытах. Спадзяюся, гэтыя веды дапамогуць, калі я зноў апынуся ў тым пакоі. Па меры паляпшэньня душэўнага стану ўзмацнялася пачуцьцё горычы і сораму за паказаньні, якія я даў падчас апошняга допыту.


Высновы

Ну, як жа цяжка быць чалавекам у несвабоднай краіне! Калі ты нічога ня робіш, то робішся пасіўным саўдзельнікам. Калі спрабуеш нешта зрабіць, то цябе ламаюць і ператвараюць у здрадніка.

Каб пазьбегнуць гэтай долі, неабходныя велізарная сьмеласьць і сіла духу. На жаль, сьмеласьць не ўваходзіць у лік маіх добрых якасьцяў. Мяне зламалі, нягледзячы на тое, што я дарослы мужчына, якому нядаўна стукнула 33 гады. А пры жаданьні яны ж маглі націснуць і мацней… Можна толькі здагадвацца, што перажылі й перажываюць астатнія рэпрэсаваныя. Колькі зь іх зламаліся? Як адчуваюць сябе тыя, хто сядзіць у турме і пазбаўлены маральнай падтрымкі? На гэтыя пытаньні пакуль практычна няма адказаў.

Напрыканцы хачу падзяліцца некаторымі меркаваньнямі. Патрапіўшы на допыт, паведамляйце сьледчаму як мага менш інфармацыі. Не спрабуйце яго ні ў чым пераконваць. Ён – прафесіянал, здольны павярнуць любое сказанае Вамі слова супраць Вас і Вашых сяброў. І ён абавязкова гэта зробіць. Для яго Вы ня сябар, а ўсяго толькі чалавечы матэрыял, які падлягае апрацоўцы. Зрабіце ўсё магчымае, каб не замкнуцца ў сабе. Менавіта гэтага дамагаецца ад Вас сьледства.

Паведаміце сябрам і прадстаўнікам незалежнай прэсы аб будучым допыце. А пасьля допыту знайдзіце ў сабе сьмеласьць, каб сустрэцца зь імі і ўсё абмеркаваць. Гэта дасьць Вам вялізны зарад бадзёрасьці і сіл. Калі Вы далі падпіску аб неразгалошваньні, распавядзіце сябрам пра свае адчуваньні, якія, натуральна, не зьяўляюцца таямніцай сьледства.

На Беларусь прыйшлі трывожныя часы. Напалоханая маштабам апошняй Плошчы ўлада абвясьціла аб спыненьні гульняў у дэмакратыю. Усё больш выразна выяўляюцца вядомыя стагоддзямі прыкметы таталітарызму, які нікуды ня зьнік, а вяртаецца зноў і зноў. Найбольш годныя прадстаўнікі грамадства сядзяць у турмах. Сотні, а можа, і тысячы, нявінных грамадзянаў падвяргаюцца рэпрэсіям. Рупар афіцыйнай прапаганды сее нянавісьць у краіне. Выяўляюцца і выкрываюцца нейкія арганізаваныя з-за мяжы змовы. Выяўляецца нездаровая цікавасьць да крыніц фінансаваньня апазіцыі. Нязгодныя абвяшчаюцца ворагамі народу. У такіх умовах вельмі важна адкласьці ў бок свае амбіцыі, не распыляцца на дробязі і перастаць абвінавачваць адзін аднаго ў розных, як правіла, уяўных, грахах.

Цяпер галоўнае – гэта ўсеагульная салідарнасьць!”



Лялікаў Аляксандар
дацэнт кафедры тэорыі функцый, функцыянальнага аналізу і прыкладной матэматыкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы


– – –

2.

Паважаныя чытачы. Мы вырашылі дапоўніць гэты матэрыял дасланымі на яго каментарамі (гл. тэкст на сайце “Свабоды”).  Лічым, што маса водгукаў – узор маральнай падтрымкі. Акрамя таго, там ёсьць і цікавыя падказкі.

Каб усё гэта не бяссьледна ня зьнікла, мы вырашылі прадубляваць на нашым сайце:


Пушча, Менск

Ну што ж, Аляксандар, гэты досьвед найперш патрэбны Вам самому. Але Вы яшчэ зрабілі намаганьне і напісаць, падзяліцца зь іншымі, і вельмі шчыра, сумленна гэта зрабілі. Маналёг Ваш мне спадабаўся, месцамі крануў, а месцамі — дзесьці ў сярэдзіне тэксту — нават здалося, што я чытаю літаратурны твор. Словам, як тут ні круці — Ваш дэбют. Віншую з пачаткам!

Чытач

Усё гэта мне вядома самаму. Усё гэта было i cа мной, але прайшло крыху часу i я стаў іншым. Мяне многае палохае, але прага да свабоды клiча мяне наперад i не дае мне зламацца. Дзякую аўтару за цiкавы аповяд.

Ананім

Дзякуй. Вы мужны чалавек, бо пераадолелі страх. Смеласць — Ваша добрая рыса.

Ананім

Гэта выклікала ў мяне наймацнейшыя перажываньні: такое ўражаньне, што сам на допыце пабываў! Аўтару – рэспэкт

Alex, Gomel

Спасибо за откровенность, Александр! Вы на верном пути.

Сяргей

Паважаны Аляксандр, вялікі дзякуй за гэты тэкст. Ён – учынак сьмелага чалавека і грамадзяніна.

Siarhiej, Miensk

Аляксандр, гэты досьвед цябе ўмацаваў! Ня вер, ня бойся, не прасі. Ты перамог, пераадолеў страх.

Віктар Наваградскі, Наваградак

Шаноўныя сябры!
прашу падтрамаць маю ініцыятыву:

1. Выдаць травылую бязтэрміновую індульгенцыю ўсім, хто пад псіхічным і фізічным ціскам зрабіў (альбо зробіць) некую памылку на допытах КДБ альбо іншых спецслужбаў. Карацей кажучы паспрабаваць дараваць гэта людзям – прынамсі шэраговым актывістам.

2. Зрабіць грамадскае пагадненне аб бязумоўным, поўным роспуску КДБ і іншых спецслужбаў, з люстрацыяй усіх супрацоўнікаў, якія былі ў штаце гэтах арганізацыў ад 2006 году (з гэтага тэрміну Лукашэнка нелегітымны) – забаронай займаць любыя дзяржаўныя пасады, скасаваннем усіх узнагарод і званняў, скасаваннем льготаў і высокіх пенсій.

Прашу подтрамаць гэтую ініцыятыву.  Са спасылкай на гэты форум.

З павагай, Віктар Наваградскі

Helen, Russia

padtrymlivayu

Ганна

Падтрымліваю.

Кацярына, Менск

Падтрымліваю.

Воля

Вітаю, Аляксандр! Ты малайчына, што падзяліўся…Кожны з нас апынуўся пасля 19 у турме – хто ў турме з мурамі, а хто ў турме з дзяржаўнымі межамі Беларусі…Тое, што троху пракалоўся, будзе яшчэ балець, і лекам – тое, што вось так выклаў у сеціва..
Папраўку трэба толькі адну: прозьвішча следчага перадай праваабаронцам з прыпіскаю: дзе калі і што..

Беларус, Гродна

ЧЕЛОВЕК! Дай бог, чтобы мы все были такими!

kaval

sto pakul pierastali chapac nia znacyc, sto heta kaniec hetaje historyi, jany mohuc pacac iznou kali zauhodna. bols-miens spraktykavany sliedcy pacynaje sa stadyi “sviedki”, kab vas raskrucic na infarmacyju, u stadyju “padazravanaha” mozna i pazniej pierajsci. ja dumaju, sto na dopycie varta jasce miens cym jak minimum infarmacyi davac, napryklad “pryjsou na mitynh, pastajau i sysou; nicoha bols nia bacyu i nia cuu”. niachaj jany svaje bielyja nitki dastajuc cymsia im ich pazycac.

Катя

Александр, Вы смелый и хороший человек, так как нашли в себе мужество рассказать правду о себе. Спасибо Вам.

Беларуска, Беларусь

Лепей майчаць i толькi адказваць на iх пытаннi.
Тых, хто баiцца, яны пачынаюць вербаваць – нiчога не мяняецца у дзейнасці гэтай структуры…

Alex, Minneapolis

Дзякуй.

Инна, Минск

Уважаемый Александр!
Я преподаватель истории. Лет 6 назад мне попалось произведение российской писательницы “Расстрел через повешение”, посвященное женщинам репрессированным в 37-м году прошлого столетия. В нем также рассказывалось и о пытках, которые применялись к их мужьям: в первую очередь моральных. Угрозы и запугивание, прежде всего, гибелью семьи – жены и детей. Очень многие ломались, поверив следователям и оклеветав себя. Однако этой жертвой они не спасли своих родных. Лишь немногие, например секретарь ЦК ВЛКСМ Косарев, избрали тактику молчания, полного и безоговорочного, и таким образом спасли свои семьи, но при этом погибли в процессе страшных избиений.
В Вашем же случае были злой и добрый следователи – это известный прием.
Необходимо нам все же всем побольше читать исторические книги о героях прошлого. Думаю, эти примеры утвердят в нас уверенность в правом деле борьбы за Свободу и гордость за себя и других честных людей.
Другое страшно, что сейчас происходит полная подмена понятий. Так, уже для некоторых герой не К.Калиновский, а его палач – Муравьев-вешатель. (В.Гигин, ” Беларусская думка”)

Антон

Усе, выпрабаванні ў жыцці робяць нас толькі мацнейшымі. А Вы, Аляксандр, атрымалі вялікі досвед, якога ў шмат у каго з нас пакуль няма. Галоўнае зараз, каб хапіла Вам духу і волі адмовіцца да тых паказанняў, якія Вы магчыма далі супраць сваіх сяброў. Зрабіце гэта. Не бойцесь.

А, м

Мужны учынак “слабога” чалавека!
Дзякуй Вам за Вашу шчырасць, смеласць i за Ваш вопыт перададзены тым, хто пойдзе туды заўтра!

Ксения

Хорошо, что нашел в себе мужество написать… многие прочтя задумаются … может быть даже подготовятся морально, что бы не сломаться!

Вольга, Мiнск

Бог заўсёды з Вамі. Памятайце пра гэта і будце з Ім. Жадаю мужнасці і спакою. І дзякуй.

Irishka D , Гродна

Малайчына, Аляксандр! Вы – моцны чалавек! Помніце – вы не адзін.

Сябра, Асіповічы

Нічога не скончылася, а толькі пачалося. Будуць цягаць і надалей, і я сумняюся, што пры наступным уваходзе ў кабінэт гэбэшных пацукоў вы не адчуеце тыя самыя жахі. Нягледзячы на цяперашнюю вашую “адукаванасьць і прасунутасьць”. Ня ведаю, але ніхто нават з тых студэнтаў, што разам са мной сядзелі на Жодзіна так не спалохаліся. Вам, разумнаму чалавеку, трэба было раней звязацца з дасведчанымі людзьмі ў гэтых справах. Тым больш вы ведалі, што смеласць ня ёсць вашай адметнай якасцю. А тое, што вы там падпісалі, яшчэ не аднойчы прымусіць вас чырванець. Вам застаецца толькі дараваць сабе і рабіць смеласьць сваёй галоўнай якасьцю. Фізічныя раны могуць загоіцца, а вось псыхічныя – ніколі. Я гэта ведаю.
Я засынаў і прачынаўся ў турме са словамі : “Ня вер, ня бойся, не прасі!”
Трымайцеся. Калі ты быў на Плошчы – значыць ты жаўнер. І ўвогуле: Каго не было на Плошчы, таго не БЫЛО НАОГУЛ! Ты – быў. Трэба не спыняцца, трэба загартоўвацца. Бо што нас не забіла, не зламала, тое зрабіла нас мацнейшымі!
Жыве Плошча! Жыве Беларусь!!

Лялікаў Аляксандр, Гародня

У адрозненні ад мяне, сапраўдныя героі Плошчы не ўцяклі, калі пачаўся разгон, і патрапілі ў турму. Нажаль, даступна не вельмі шмат інфармацыі пра іх побыт у турме, калі не лічыць бытавыя ўмовы. Было б вельмі цікава, каб Вы падзяліліся сваім вопытам, апісалі сваё затрыманьне, побыт у турме, допыты, а галоўнае – самыя моцныя з перажытых Вамі эмоцый, вашыя думкі.

Ігар, Асіповічы

Аляксандр!  Вось тут усё апісана і пішацца далей:

http://proza.ru/avtor/iharlat

Дакумантальная аповесць “Гербарий Снежинок” . Тамака расейскі варыянт аповесці. На Беларускі варыянт спасылку кіну папазжэй. Ён выпраўляецца.  Гартай старонкі!))))

Люся

Шкада, паважаны аўтар, что Вы не прачыталі, як ходзіць на допыты спадар Пачобут і як трэба там сябе паводзіць. Шмат было такой інфармацыі на сайце “Свабоды”. Цяпер яна знікла, а можа яшчэ каму-небудзь спатрэбіцца.Трэба крыху ведаць свае правы і найменей даваць інфармацыі, бо будуць раскручваць. Галоўнае, што праўда на Вашым баку, а не на іхным. З кім не бывае, што напужаліся. І мой мужык страшна напужаўся, калі вызвалі да следчага ўгалоўнага вышуку, не знаходзіў сабе масца. А я пайшла разам з ім, ды яшчэ скаргу накатала на імя пракурора на дзве старонкі, бо нам павестку прынёс міліцыянт літаральна ўначы, як мы спалі, каля 23 гадзіны. Нервы патрапалі і то як! Дык вось я там разявіла добра рот, бо ўжо на пенсіі і мне няма чаго баяцца, не крычала, толькі скардзілася, сабралася чалавек 6 працаўнікоў, мяне не толькі выслухалі, а нават прыйшоў нейкі начальнік, назваў свой чын і стаў пытацца, чаго б я хацела ад іх. А потым сказаў, што правядзе нараду і дасць указанне так больш не рабіць. А з мужам супрацоўнік пагаварыў вельмі ветліва, прапанаваў ,праўда, у канцы, сфатаграфаваць, дык я зноў на іх, – яшчэ чаго!! Будуць старога чалавека і ў фас, і профіль! Сказала, – адмаўляемся і выперла свайго мужыка за дзверы, а то ён ужо быў і згодны на фота. Дадому ехалі, як людзі, расслабіліся, купілі па дарозе паўлітра, каб зняць стрэс. І спалі спакойна, як пераможцы.

Рыгор

Дзякуй спадару Аляксандру за тое, што ён знайшоў у сябе сілы напісаць артыкул. Не спыняйцеся на гэтым змагайцеся. Асабліва ўдзячны спадарыні Люсі за вашу заўвагу за тое, што вы зрабілі Ваш учынак і ваша рашучасць каштуюць значна болей, чым дзеянні многіх “лідараў“ аппазіцыі Хацелась бы чуць Вашы заўвагі часьцей. А можа будычыня за такімі пенсіянерамі як Вы ?

Лялікаў Аляксандр, Гародня

Дарагія сябры! Ваша падтрымка і салідарнасць да мяне і іншых пацярпелых маюць вялізнае значэньне! Гэта дадае нам сілы і дае вялізны маральны стымул! Дадам яшчэ, што мы жывем у цяжкі, але цікавы час. Гэты час дае нам унікальную магчымасць набыць сапраўдных сяброў, якіх бы мы ніколі не сустрэлі у звычайным сканцэнтраваным на бессэнсоўнам спажываньні жыцьці!

Уладзiмер, Гародня

Аляксандр, ты малайчына! Абяцаю табе ўласную псiхалагiчную i iншую падтрымку! Для пачатку раю праглядзець фiльм грузiнскiх кiнематагрфicтау “Пакаянне”.

Міхась, Таронта

Аляксандр аднойчы мне таксама давялося пераадолець страх. Гэта было ўжо даўно. 1974 год. Сёння я адчуваю сябе добра менавіта таму, што пераадоленне страху, гэта перамога і падмурак да нармалёвага жыцця. А як жа многа людзей існуюць, так і не пераадоліўшы страх. Я ганаруся, што ты мой зямляк.

Кастусёва дачка, Беларусь

шаноўны Аляксандр, дзякуй Вам вялікі за тое, што так напісалі, хаця было цяжка, нават немагчыма ўявіць ЯК ЦЯЖКА. Для тых, каму цікава, раю абавязкова пачытаць ГР. ПАСЬКО. пра тое, Як ТРЭБА ПАВОДЗІЦЬ СЯБЕ Ў ВЯЗЬНІЦЫ, адрас сайту – index.org.ru/mayday/pasko/pryanik/html
назва – ПРЯНІК.

Helen, Russia

My use praishli praz geta…

Инна Ник, Минск

Только сильный человек может признаться в своей слабости. Уважаю.

Наталья

Александр спасибо за ваш рассказ. Он свидетельствует о вашей духовной силе, а не о слабости. Тут пишут, что гэбье может не отстать от вас. Поверьте, что лучшим выходом будет – не отвечать более ни на какие вопросы, а главное – ничего не подписывать. И далее немедленно сообщить о давлении журналистам. Тогда каждый шаг этих негодяев из гб будет под контролем. А они этого очень боятся. Не забудьте запоминать фамилии своих мучителей. Они применили к вам настоящие пытки

Минчанин

Спасибо, что поделились.

А, м

У дапаўненне да ўспаминаў Г. Пасько “Пряник”, “Мы поем глухим” таксама абавязкова карысна прачытать артыкулы:

Владимир Альбрехт “Как быть свидетелем”
http://index.org.ru/ostrova/albreht.html

АЛЕКСАНДР ЕСЕНИН-ВОЛЬПИН. “ПАМЯТКА ДЛЯ ТЕХ, КОМУ ПРЕДСТОЯТ ДОПРОСЫ”
http://index.org.ru/archives/volpin.html

Коллега, Гродно

Уважаемый Александр!
Спасибо Вам за рассказ! Спасибо за Вашу позицию. Время сейчас сложное, сложно выживать всему истинно человеческому. К сожалению… Вы – молодец! И людей, поддерживающих Вас больше, чем кажется!


Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы